Пры падтрымцы ArtPower Belarus беларускі артыст і рэжысёр Аляксей Стукін, заснавальнік Living Statue Academy Vilnius, рэалізуе творча-адукацыйны праект FROM PERFORMER TO MENTOR, накіраваны на развіццё мастацтва жывой скульптуры, прафесійную адаптацыю творцы і перадачу яго досведу новым выканаўцам.
У межах праекта ў Вільнюсе была запушчана трохмесячная эксперыментальная лабараторыя Living Statue Academy, дзе ўдзельнікі вывучаюць асновы стварэння і выканання вулічных перформансаў. Да першай групы далучыліся чатыры чалавекі.
Навучальная праграма ахоплівае працу з целам, балансам і статычнымі позамі, распрацоўку сцэнічных персанажаў, касцюмаў і грыму, а таксама ўзаемадзеянне з гледачамі і імправізацыю. Асобная ўвага надаецца стварэнню паўнавартасных мастацкіх вобразаў, якія ўдзельнікі змогуць прадставіць у гарадской прасторы.