Пры падтрымцы ArtPower Belarus развіваецца ZOLAK — беларуская культурная мікрарэзідэнцыя ў Вільнюсе, якая з 2025 года аб’ядноўвае мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, кінематаграфістаў і прадстаўнікоў культурніцкіх ініцыятыў.
ZOLAK працуе як шматфункцыянальная прастора для творчасці, прафесійнага супрацоўніцтва і культурнага дыялогу. Тут праходзяць выставы, кінапаказы, канцэрты, лекцыі, літаратурныя прэзентацыі і сустрэчы творчых супольнасцяў. Прастора таксама даступная для рэпетыцый, майстэрняў, дакументальных здымак і працы над новымі мастацкімі праектамі.
Дзякуючы гранту ArtPower Belarus каманда развівае рэгулярную культурную праграму, якая прадугледжвае каля дзесяці публічных падзей штомесяц. Сярод пастаянных фарматаў — паказы беларускага кіно «БЕЛ.КІНО Ў ЗОЛАК», джазавыя і эксперыментальныя джэм-сэйшны FR3AK FLAG, выставы беларускіх мастакоў, лекцыі, дыскусіі і літаратурныя сустрэчы.
Асаблівае значэнне мае магчымасць выкарыстоўваць прастору па-за публічнымі мерапрыемствамі. ZOLAK забяспечвае беларускім творцам месца для рэалізацыі ўласных ідэй, супольнай працы і развіцця новых ініцыятыў.