Frame 5089 (1)

Беларуская культура: агляд (ліпень – верасень 2026)

Літаратура: Паміж «тут» і «там»

Кіно: Два люстэркі для нацыі

Тэатр: Вымушаны курс на Усход

Музыка: Замежныя зоркі на фэсце ў Мінску і нашыя ў ЗША

Арт: захаванне і інтэрпрэтацыя беларускай культурнай спадчыны

 


Літаратура: Паміж «тут» і «там»

Гэтым летам мы зазналі вялікую страту для Беларусі і для беларускай літаратуры: не стала Святланы Курс (вядомай пад творчым псеўданімам Ева Вежнавец), аўтаркі адной з наймацнейшых кніг апошняга дзесяцігоддзя – аповесці «Па што ідзеш, воўча?» Асобна варта адзначыць інтэрв’ю Святланы і яе сустрэчы з чытачамі, падчас якіх яна прагаворвала неабходныя і важныя для нашага грамадства рэчы. 9 жніўня ў Варшаве адбыўся кніжны маркет, прысвечаны яе памяці. Таксама ў гонар Святланы беларуская кніжная супольнасць заснавала Прэмію імя Евы Вежнавец для беларускіх пісьменніц.

Святлана Курс. Фота: Яўген Канаплёў & Юлія Лейдзік

Глыбіня падземных пераходаў

У беларускіх выдавецтвах за мяжой гэтым летам выходзілі ў асноўным эсэістыка і пераклады. У верасні апублікаванае інтэрв’ю літаратуразнаўцы Ціхана Чарнякевіча «Нашай Ніве», якое даволі моцна рэзануе з нашым мінулым аглядам. Эксперт адзначае, што грунтоўных мастацкіх кніг менавіта пра 2020-2022 гады і тое, што адбывалася пасля, сапраўды пакуль не хапае, для якаснага асэнсавання гэтых падзей трэба пэўная часавая адлегласць і «завершанасць» гісторыі. Пакуль пра «часы ліхалецця» маем у асноўным аўтафікшн і постфікшн, з якім актыўна працуюць выдавецтвы «Мяне няма» і RozUM Media. Пры гэтым у верасні і напрыканцы жніўня выйшлі два раманы ад самых знаных беларускіх аўтараў: «Глыбіня» Віктара Марціновіча, які жыве ў Беларусі і мае магчымасць назіраць за тым, што адбываецца ўнутры краіны, і «Падземныя пераходы» Альгерда Бахарэвіча, напісаны ў эміграцыі і ў значнай ступені пра эміграцыю. Для абедзвюх кніг важная і балючая тэма падзелу беларускага жыцця на «тут» і «там».

Новая кніга Альгерда Бахарэвіча “Падземныя пераходы”. Крыніца: https://www.facebook.com/alhierd.bacharevic

Эсэ, пераклады, аўтафікшн

За межамі Беларусі цяпер працуе больш за дзесяць незалежных выдавецтваў, а таксама сёлета была створаная Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў. Прытым да гэтага архіпелага дадаюцца яшчэ меншыя выспы і рыфы – выдавецкія ініцыятывы, а таксама з’яўляюцца кнігі, выдадзеныя аўтарам ці аўтаркай цалкам самастойна, кшталту нашумелага ў фэйсбучных дыскусіях «Носи с собой» Насты Рагатко. Нядаўна зборнік апавяданняў Рагатко быў перакладзены на беларускую (абвестка пра гэта з’явілася на сайце выдавецтва «Логвінаў»). Варта адзначыць, што ў распаўсюдзе гэтай кніжкі і ў стратэгіі «выдавацца без выдавецтва» вялікую ролю граюць сацыяльны капітал і неабходныя для гэтага навыкі піяру самой аўтаркі. 

«Мяне няма» можна павіншаваць з іх першым перакладам – раманам «Нашы зіхоткія целы» беларуска-французскай пісьменніцы Алены Глухавай. Таксама Сяргеем Шупам зроблены пераклад з ідыша мемуараў Марка Шагала. Цяпер на сайце «Мяне няма» дзейнічае папярэдні заказ, наклад чакаецца напрыканцы кастрычніка. Яркім аўтафікшнам гэтага ж выдавецтва сталася кніга Юлі Арцёмавай «Пока я искала слова», а выдавецтва «Пфляўмбаўм» прадало ліцэнзію на першую кнігу гэтай аўтаркі «Я и есть революция». У ліпені яна выйшла па-нямецку пад назвай «Ich bin die Revolution» у веймарскім выдавецтве Mauke Verlag, пераклаў кнігу Якаб Вундэрвальд. 

Гэтым жа летам з’явіўся пераклад «Сабак Еўропы» на польскую мову, зроблены Яанай Бернатовіч. Гэтае выданне можна было ў верасні пабачыць на галоўных вітрынах польскіх кнігарняў. У выдавецтве «Пфляўмбаўм» таксама выйшла эсэ Таццяны Арцімовіч «Маніфест гародніцы»: кніга пра перазбіранне сябе нанова і гадаванне саду «на ўскрайку свету і гісторыі». У лонданскім Skaryna Press пабачыла свет «Вельмі лагодная смерць» Сімоны дэ Бавуар у беларускім перакладзе, а таксама зборнік «Сымона дэ Бавуар і Беларусь» – дэкаланіялісцкія і фемінісцкія эсэ Уладзіслава Гарбацкага пра складанасці дыялогу паміж Беларуссю і Францыяй. Сёлета заснаванае варшаўскае выдавецтва Bukinist:ka Press выдала зборнік сучаснай смешнай прозы «Хіханькі-хаханькі», які быў створаны ў межах пісьменніцкай лабараторыі, арганізаванай праектам «Расцяжэнне». У кракаўскім выдавецтве Gutenberg Publisher выйшлі двухмоўны паэтычны зборнік «Вуліца Шарлатанаў» Канстанты Ільдэфанса Галчынскага (пераклад на беларускую зрабіў Андрэй Хадановіч) і кніжка для дзяцей «Ліс&Сын Хвастары» Пэдзі Донэлі ў перакладзе Касі Тышкевіч. Выдавецтва «Янушкевіч» парадавала доўгачаканым летнім перакладам «Віна з дзьмухаўцоў» Рэя Брэдберы. Не менш доўгачаканая «Адысея» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага выйшла ў выдавецтве «Полацкія лабірынты». Гэта ўнікальнае выданне, у якім спадар Лявон падрыхтаваў два пераклады – прозай і гекзаметрам – аднаго з найважнейшых тэкстаў сусветнай літаратуры. Першы пераклад «Адысеі» на беларускую, зроблены Юльянам Дрэйзінам і Міхайлам Грамыкам у 1920-я гады, лічыцца страчаным. Таксама выйшаў беларускі пераклад «Літоўскіх карцін» Адама Кіркора: гэтаму спрыяў Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Найбольш актыўным гэтым летам было выдавецтва «Камунікат»: «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ» Міколы Статкевіча; раман «Вяртанне Эльзы» Аляксея Дзікавіцкага; зборнік вершаў «#Каб не ср@лі галубы» Змітра Дзядзенкі; перавыданне «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава; «Кніга некралёгаў», падрыхтаваная даследчыкамі гісторыі беларускай эміграцыі Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам; пераклад кнігі Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша». Апрача гэтага, у Беластоку ў верасні адкрылася кнігарня Kamunikat.shop. Гэта другая офлайнавая кніжная крама выдавецтва, першая створаная ў красавіку ў Варшаве. 

У ліпені выдавецтва «Янушкевіч» і кнігарня «Кнігаўка» прапанавалі стварыць франшызу кніжных клубаў. Нагодай стаў выхад рамана «Падземныя пераходы», які маглі б прачытаць ўдзельнікі кніжных клубаў яшчэ да афіцыйнай прэзентацыі. Аднак, на жаль, гэтая ініцыятыва не была рэалізаваная да канца, а некаторыя кніжныя клубы атрымалі раман усяго за некалькі дзён да прэзентацыі – магчыма, летнія адпачынкі друкарняў таму прычынай. У любым выпадку, гэта карысная задумка, што адпавядае міжнароднаму трэнду на кніжныя клубы, які не можа не цешыць. Пажадаем «Кнігаўцы» поспеху ў рэалізацыі гэтай задумы.

Восень абяцае быць насычанай на падзеі. Наперадзе «Прадмова», якая сёлета ахоплівае пляцоўкі ва Уроцлаве, Вільні, Празе і Варшаве, і ўручэнне літаратурных прэмій. Таксама ў мінулым аглядзе мы пісалі пра літаратурную прэмію Angelus: варта адзначыць, што кніга Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам» (перакладчык Богдан Задура) трапляе ў фінал, за выданне можна галасаваць на сайце прэміі.

Кніга Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам» у перакладзе на польскую мову – у доўгім спісе прэміі Angelus. Крыніца: angelus.com.pl

Кніжныя фэсты і новыя выданні ў Беларусі

У выдавецкай ініцыятыве «Полацкае Ляда» выйшаў зборнік паэзіі Віктара Слінкі «Ліставанне». Да 90-годдзя Генадзя Бураўкіна перавыдалі апошнюю прыжыццёвую кнігу паэта «Нагаварыцца з зоркамі», якую ўклаў Сяргей Шапран. Таксама Сяргей Шапран выдаў кнігу «Быкаў. [Пра] мастацтва», у якой змешчана больш за 500 ілюстрацый, зробленых Васілём Быкавым. У выдавецтве «Сувіг» тым часам выйшла дапоўненае перавыданне рамана-біяграфіі Уладзіміра Дубоўкі «Круг», які напісаў Алесь Пашкевіч. Таксама звернем увагу на супольнасць беларускіх фантастаў «Шуфлядка», якая год таму выдала зборнік маладых аўтараў «Нячысты Мінск», а сёлета прэзентавала кнігу «Хтонь за ваколіцай». 

Адной з самых цікавых кніжных падзей у Беларусі можна назваць фэст «Рэв’ю», які адбыўся напрыканцы верасня ў Мінску. У межах фестывалю праводзіліся лекцыі, майстар-класы, кніжны маркет і кінапаказы «Гары Потэра». З 4 па 25 верасня ў бібліятэцы імя Якуба Коласа ладзілася выстава «Дзень беларускага пісьменства», прысвечаная гісторыі рукапіснага і друкаванага слова. У асноўным там былі матэрыялы, якія знаёмілі з сучаснымі даследаваннямі спадчыны беларускіх рэлігійна-асветніцкіх дзеячаў: Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага.

22 жніўня ў Кушлянах прайшоў традыцыйны для гэтага месца «Кушлянскі фэст». Апрача экскурсіі па музеі Францішка Багушэвіча, сустрэч з літаратарамі і майстар-класаў, у абвестцы пра фэст паведамляецца, што “на цэнтральнай музычнай пляцоўцы загучаць беларускія традыцыйныя інструменты: дуда і колавая ліра… А таксама гасцей свята чакае магчымасць авалодаць майстэрствам беларускіх традыцыйных танцаў і пачуць народныя спевы”. 

Унутры Беларусі немагчымай з’яўляецца публічная незалежная рэфлексія над сучаснасцю, таму тыя культурныя падзеі і кнігі, якія выдаюцца ў краіне, спрабуюць асэнсоўваць гісторыю і лёсы гістарычных персанажаў. Таксама важна адзначыць, што не ўпершыню ў гістарычнай перспектыве беларуская культура ў крызісныя часы заглыбляецца ў этнаграфію: пра тое, што гэта адбываецца і цяпер, сведчыць папулярнасць у сучаснай Беларусі народных свят, гурткоў традыцыйных танцаў, абрадаў, курсаў народных рамёстваў. Дуда і колавая ліра робяцца часткова «дазволенымі» і адначасова прытоенымі маніфестацыямі ідэнтычнасці. 

Ну і добрая навіна. Кнігавыдавец і перакладчык Зміцер Колас на волі. Ён аказаўся сярод 25 палітычных вязняў, якія па вызваленні былі вывезеныя ў Вільню 16 верасня.

 


Кіно: Два люстэркі для нацыі

Беларускае кіно як культурная з’ява пасля падзей 2020 фактычна падзялілася на два аўтаномныя светы, якія развіваюцца ў абсалютна розных вымярэннях: дзяржаўны кінематограф унутры краіны, падпарадкаваны цэнзуры і ідэалагічнаму кантролю, і незалежнае кіно ў эміграцыі, якое змагаецца за фінансаванне, увагу еўрапейскага гледача і права захаваць уласную ідэнтычнасць.

Перыяд ліпеня – верасня 2026 яшчэ раз засведчыў: прорва паміж гэтымі двума светамі толькі пашыраецца.

Экспарт траўмы і міжнародны трыумф: Феномен «Лістоў»

Галоўнай геапалітычнай і культурнай падзеяй для беларускага незалежнага кіно ў 2026 годзе стаў выхад поўнаметражнай дакументальнай стужкі Андрэя Куцілы «Лісты» (міжнародная назва — Letters from the Silenced Country «Лісты з маўклівай краіны»). Прэм’ера фільма на 83-м Венецыянскім кінафестывалі ў пазаконкурснай праграме Venice Open стала гістарычным прарывам. Гэта першае маштабнае з’яўленне новага постсавецкага беларускага аўтара на адным з самых уплывовых фестываляў свету. Важнасці падзеі дадае і тое, што Венецыянскі кінафэст у першую чаргу прызначаны для ігравых стужак. І дакументальны фільм беларускага рэжысёра тут сам па сабе – адметная з’ява.

Поспех фільма Куцілы, які атрымаў у Венецыі прэстыжную ўзнагароду пазаконкурснага журы Impact Golden Globes за моцны грамадскі ўплыў, дэманструе запатрабаванасць беларускай тэматыкі ў свеце праз прызму грамадска-палітычнай траўмы. «Лісты» — гэта гібрыдная дакументальна-анімацыйная стужка, пабудаваная на гісторыях палітвязняў і іх сем’яў (у прыватнасці, загінулага ў зняволенні Вітольда Ашурка, студэнткі Касі Будзько і былога следчага Андрэя Астаповіча).

Андрэй Куціла, які з 2021 году жыве і працуе ў польскай Лодзі, ствараў гэты фільм разам з інтэрнацыянальнай камандай на працягу апошніх пяці гадоў у капрадукцыі прадзюсараў і кампаній з Польшчы, Літвы і Германіі. «Лісты», фактычна, адкрылі новую плынь – беларускае нацыянальнае кіно пра беларусаў і Беларусь пасля 2020 года. Выкарыстанне анімацыі і чытання лістоў за кадрам дазволіла аўтару пераадолець візуальны дэфіцыт (немагчымасць здымаць унутры сучасных беларускіх турмаў) і стварыць метафару адсутнасці свабоды.

Замежныя крытыкі пабачылі ў стужцы не проста рэгіянальную хроніку, а ўніверсальную перасцярогу: дэмакратычны свет лёгка забывае тых, хто пацярпеў у барацьбе з тыраніяй.

Тым не менш, шырокі еўрапейскі пракат фільма (дзякуючы дыстрыб’ютару Filmotor і партнёрству з ZDF, Arte, Deutsche Welle) актуалізуе перад беларускімі творцамі складанае пытанне: ці здольнае наша незалежнае кіно прапанаваць свету нешта акрамя рэфлексіі над уласным болем і рэпрэсіямі?

Таксама важным момантам стала тое, што фільм Андрэя Куцілы адабраны ў праграму ўплывовага фестывалю дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме, што пройдзе з 12 па 22 лістапада гэтага году. Для Андрэя Куцілы ўдзел у IDFA стане ўжо трэцім па ліку. У 2018 годзе ён атрымаў узнагароду фэсту як найлепшы рэжысёр за фільм «SUMMA» у конкурснай праграме сярэднеметражных стужак.

Праекты ды прэм’еры

Яшчэ адной беларускай прэм’ерай на Венецыянскім кінафестывалі сёлета можна лічыць пазаконкурсны паказ новай стужкі Imperium ураджэнца Баранавічаў ды этнічнага беларуса Сяргея Лазніцы. Рэжысёр з пачатку двухтысячных стала жыве ў Нямеччыне, але ягоная дзейнасць неаднойчы была звязаная з Беларуссю. «Imperium» – таксама дакументальная, цалкам мантажная работа супольнай вытворчасці некалькіх еўрапейскіх краін. Яна створаная на аснове матэрыялаў, знятых у СССР замежнымі журналістамі ў 1970-я.

Кадр з фільма Сяргея Лазніцы Imperuim. Крыніца: www.labiennale.org

Беларуска Аляксандра «Саша» Куцэн атрымала спецыяльны прыз кароткаметражнага конкурсу прэстыжнага пяцьдзясят першага кінафестывалю польскіх фільмаў у Гдыні (21-26 верасня) за чатырнаццаціхвілінную стужку «Wszystkie miały na imię Anżelika» («Усіх іх клікалі Анжаліка»). Гэта другая стужка Аляксандры Куцэн як рэжысёркі ды сцэнарысткі.

Іншай значнай падзеяй стаў лічбавы рэліз дакументальнага фільма Not Made for Politics («Не створаныя для палітыкі») Волі Чайкоўскай на стрымінгавай платформе HBO MAX. Платформа выступіла таксама супрадусарам праекта, і стужка выйшла пад лэйблам HBO Original для еўрапейскага рэгіёна. Фільм распавядае некалькі гісторый жанчын-актывістак, якія сталі ўдзельніцамі падзей 2020 года. Сусветная кінапрэм’ера гэтага кіно адбылася восенню 2025 года на фестывалі Black Nights у Таліне.

Апалагет гіпераўтарскага кіно і штатны аўтар АФИША.РУ Мікіта Лаўрэцкі выклаў у сеціва свой новы серыял «ФИЛЬМТЕЛЕКТ».

У больш аддаленай перспектыве наспявае шэраг прац ад аўтараў ігравога кіно.

Рэжысёрка Мара Тамковіч працуе над псіхалагічнай драмай «Паўночнае ззянне» (Northern Lights) пра беларускую эмігрантку па сцэнарыі Юліі Паграбняк. Праект увайшоў у склад міжнароднай MIDPOINT Feature Launch 2026, якая прайшла 1–8 ліпеня ў межах індустрыяльнай праграмы кінафэсту ў Карлавых Варах. Фільм ствараецца ў капрадукцыі Фінляндыі, Польшчы і Харватыі. Планаваны бюджэт — два мільёны трыста тысяч еўра.

Паралельна рэжысёрка працуе над стужкай «Jestem jego matką» («Я ягоная маці»), дзе выступае пастаноўшчыцай і сцэнарысткай. Праект быў дафінансаваны ў межах другой сесіі развіцця ігравых праектаў Польскага кінаінстытута за 2026 год і атрымаў дапамогу ў памеры 200 тысяч злотых (прыкладна 46 тысяч еўра). Агульны бюджэт праекта складае 334 тысячы злотых.

Стваральніца драмы «Крышталь» Дар’я Жук працуе над экранізацыяй прозы Таццяны Заміроўскай «Менавіта тое, чым падаецца» і дакументальнай стужкай «Грудзі наша зброя: Гісторыя руху Femen». Аляксей Палуян, падтрыманы нямецкімі і польскімі кінаінстытуцыямі, распрацоўвае два амбітныя поўнаметражныя праекты «Спадчына» і «Інкубатар», прысвечаныя актуальным падзеям у Беларусі і Украіне. Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй атрымалі фінансаванне ад Польскага кінаінстытута на поўнаметражны праект «Суд памерлых». З дапамогай краўдфандынгу збірае сродкі на новую стужку «Эфект Джона Косміка» дакументаліст Максім Швед.

Рэжысёр Юрый Сямашка шукае акцёраў для свайго новага фільма «Бессэнсоўныя людзі», а яго «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» нарэшце атрымала паўнавартасны кінапракат у Літве.

Тэхналогіі захавання ідэнтычнасці

Побач з беларускімі фестывальнымі поспехамі першай велічыні, у замежжы адбываецца працэс сістэматычнага з’яўлення альтэрнатыўных пляцовак. Прыкладам таму – другі фэст нямога кіно «Нямая ліхаманка» (куратарка – кінакрытыца Ірэна Кацяловіч), які прайшоў у верасні 2026 года ў Варшаве на базе Музея Вольнай Беларусі.

Крыніца: www.instagram.com/niema_goraczka

Гэтая ініцыятыва важная з пункту гледжання культурнай інтэграцыі і гістарычнай пераемнасці. Паказы класічных сусветных шэдэўраў нямога кіно («Кінааператар» Бастэра Кітана, «Пакуты Жанны Д’Арк» Карла Тэадора Дрэера, «Кабінет доктара Калігары» Роберта Вінэ) у суправаджэнні жывой музыкі беларускіх і польскіх кампазітараў ды кампазітарак (Канстанціна Гарачага, Канстанціна Яськова, Вольгі Падгайскай, Аляксандры Хмялеўскай) выконваюць функцыю «навядзення мастоў».

Вялікім сімвалічным крокам стала ўключэнне ў праграму савецкай беларускай стужкі «Суд павінен працягвацца» Яфіма Дзігана і Барыса Шрэйбера (1930, «Белдзяржкіно»). Гэта спроба незалежных крытыкаў і куратараў пераасэнсаваць і вярнуць у сучасны кантэкст беларускую спадчыну, якая ўнутры самой Беларусі сёння часта падаецца альбо скажона, альбо ігнаруецца. Нават тэхнічныя выклікі фэсту — неабходнасць усталявання сапраўднага аргана ў дворыку на вуліцы Фоксал і барацьба з вераснёўскімі дажджамі – падкрэсліваюць «ліхаманкавы», але жывы характар існавання культуры ў выгнанні.

Яшчэ адным важным кірункам з’яўляюцца праекты накшталт перадачы «Наша кіно» ад выдання Belarus Tomorrow. Разбор такіх знакавых карцін, як «Крышталь» Дар’і Жук ды «Кастусь Каліноўскі» Уладзіміра Гардзіна, сведчыць пра фармаванне экспертнага дыскурсу, які спрабуе асэнсаваць гісторыю Беларусі праз кінамову.

Аналізаваць наша кіно з дапамогай беларускіх даследчыкаў спрабуе і міжнародная навуковая супольнасць. Нямецкі акадэмічны часопіс Apparatus, прысвечаны кіно, медыя і лічбавым культурам Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы, выдаў нумар, у фокусе якога беларускае кіно і пратэсты 2020 года, – Belarusian Cinema and the Protests of 2020: Cinema in Exile. У выпуск увайшлі артыкулы, інтэрв’ю, рэцэнзіі і даследаванні пра беларускае кіно ва ўмовах выгнання, цэнзуры і палітычных пераменаў.

Дэградацыя інстытутаў ды ідэалагічны тупік

На гэтым фоне працэсы ўнутры афіцыйнага кінематографа Беларусі дэманструюць прыкметы глыбокага сістэмнага крызісу і творчай імпатэнцыі. Сыход эпохі выбітных майстроў падкрэсліваецца фізічнымі стратамі.

23 ліпеня памёр рэжысёр-дакументаліст Юрый Хашчавацкі, сярод мноства іншых прац аўтар культавага фільма-памфлету «Звычайны прэзідэнт». 20 верасня пайшла з жыцця легендарная аператарка «Беларусьфільма» Таццяна Логінава, якая здымала такія вядомыя стужкі, як «Дзікае паляванне караля Стаха», «Вянок санетаў», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды». Сучасная дзяржаўная сістэма кінавытворчасці замяніць спачылых творцаў падобнага маштабу не здольная.

Адбываецца канчатковае ператварэнне кінастудыі «Беларусьфільм» у інструмент прамой тэлевізійнай прапаганды. Запуск у вытворчасць дакументальнага фільма пра беларускіх настаўнікаў пад кіраўніцтвам Наталлі Ждановіч – рэжысёркі тэлеканала АНТ, вядомай сваімі ідэалагічнымі шоу («Марков. Ничего личного», «Пропаганда»), – яркае таму пацвярджэнне. Дзяржаўнае кіно больш не спрабуе быць мастацтвам; яно выконвае функцыю дзяржаўнага заказу па фарміраванні лаяльнасці.

Яшчэ адзін яркі прыклад – пачатак здымак серыяла «Слова афіцэра» пра беларускую міліцыю, канцэптуальна падобнага на савецкі ідэалагічны серыял 1970-х «Народжаная рэвалюцыяй». Рэжысёрка праекта Агата Мацко здымае па сцэнарыі Валянціна Залужнага. Фільм ствараецца «ў супрацы Міністэрства культуры і Міністэрства ўнутраных спраў».

Парадаксальна, але нават у такіх жорсткіх рамках дзяржструктуры дэманструюць неэфектыўнасць. Нават сярод лаяльных аўтараў назіраецца дэфіцыт якасных ідэй, здольных задаволіць запыты міністэрскіх чыноўнікаў. Пасяджэнне журы Міністэрства культуры па конкурсе сцэнароў да 110-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь скончылася тым, што пры наяўнасці 19 заявак пераможца наогул не быў вызначаны. Тры сцэнарыі былі адпраўленыя на дапрацоўку да кастрычніка 2026 года.

Іншы конкурс, які ладзіла Нацыянальная кінастудыя, скончыўся перамогай Аляксандры Шышовай і яе сцэнарыя «По стопам Белой молнии». Апошні ды яшчэ тры іншыя сцэнарыі, як заяўляецца, «атрымалі рэкамендацыі для далейшай распрацоўкі» і маюць шанец быць прынятымі да пастаноўкі ў 2027-2028 гадах.

Адзінай альтэрнатывай унутры краіны застаецца нізавое аматарскае кіно, якое існуе насуперак сістэме. Яркі прыклад – з’яўленне ў сеціве мікрабюджэтнага жахавіка «Эхо» Андрэя Ягорава. У пачатку 2026 года фільм нават меў абмежаваны мінскі пракат, і гэта паказвае, што прага да стварэння кіно ў Беларусі па-ранейшаму жывая.

Кадр з фільма Андрэя Ягорава «Эхо». Крыніца: https://www.youtube.com/@andru_side

Між тым, любыя грамадскія, не звязаныя з дзяржавай ініцыятывы ў сферы кіно і іх удзельнікі падвяргаюцца рэпрэсіям і пераследу. 22 ліпеня ў Мінску ў кватэру рэжысёра і заснавальніка прыватнай кінаініцыятывы «Кінакалайдэр» і праекта «Хранатоп» Андрэя Кудзіненкі ўварваліся супрацоўнікі КДБ і АМАП. Андрэй Кудзіненка быў падвергнуты бесперапыннаму шматгадзіннаму допыту, у яго кватэры і офісе «Кінакалайдэра» прайшлі вобшукі. Рэжысёр быў абвінавачаны ў «экстрэмізме» і некалькіх крымінальных злачынствах. У выніку Андрэю Кудзіненку ўдалося пакінуць межы Беларусі, а яго ініцыятыва «Кінакалайдэр», у межах якой існавала кінашкола, праходзілі лекцыі ды кінапаказы, спыніла сваю працу.

У атмасферы татальнага тэрору публічная дзейнасць арганізатараў кінапаказаў, фэстаў незалежнага кіно ў Беларусі фактычна стала немагчымай.

Застарэлая залежнасць

Індустрыяльная залежнасць Беларусі ад Расійскай Федэрацыі не змяншаецца. Апрача моцнай занятасці беларусаў ў расійскай кінавытворчасці ды здымак на тэрыторыі краіны, яна распаўсюджваецца і на кінапракат. Менавіта з-за пераносу датаў пірацкіх рэлізаў у Расіі быў затрыманы выхад на беларускія кінаэкраны сусветных блакбастараў «Адысея» Крыстафера Нолана ды стужкі «Чалавек-павук: Новы дзень», на касавы поспех якіх вельмі разлічваюць сёлета беларускія пракатчыкі. У копіі апошняй стужкі расійскімі дыстрыб’ютарамі з мэтай адпавядаць цэнзуры ў РФ былі зробленыя яшчэ і грубыя купюры.

Між тым, далёка не ўсе фільмы расійскай вытворчасці даспадобы наведвальнікам беларускіх кінатэатраў. У адрозненне ад гледачоў у РФ беларусы аддаюць перавагу найперш галівудскаму рэпертуару. І далёка не ўсе расійскія касавыя хіты наогул выходзяць у Беларусі.

Перавагай у рэпертуары стужак расійскай вытворчасці занепакоеныя нават улады. У сярэдзіне верасня ў межах «XII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага форуму аб’яднаных культур» прайшла сесія «Механізмы стварэння адзінай кінапрасторы краін СНД». Прадстаўнік Беларусі, намеснік міністра культуры РБ Сяргей Саракач у сваёй прамове на форуме прапанаваў «перайсці ад асобных капрадукцый да сістэмы ўзаемнага пракату». У якасці аднаго з механізмаў пашырэння супрацоўніцтва Сяргей Саракач прапанаваў «парытэтны прынцып: пэўная колькасць сеансаў для фільмаў краіны-партнёра ў абмен на супастаўны аб’ём паказаў уласнага кіно».

Высновы і перспектывы

  • Страта манаполіі дзяржавы на брэнд «Беларусь»: Поспех незалежных аўтараў на такіх пляцоўках, як Венецыянскі кінафестываль, канчаткова замацоўвае статус замежных творчых суполак як галоўных прэзентатараў беларускай кінакультуры ў свеце. Афіцыйны Мінск губляе магчымасць уплываць на міжнародны парадак дня праз кінематограф.
  • Праблема «кароткага дыхання» рэфлексіі: Незалежнае кіно пакуль што трымаецца на рэсурсе траўмы (падзеі 2020 года і іх наступствы). Рэжысёр Андрэй Куціла справядліва адзначае, што даваць прагнозы ці стала ўдзельнічаць у дыскусіях пра будучыню – марная справа; трэба «назапашваць досвед і атрымліваць адукацыю». Галоўны выклік для эміграцыі – перайсці ад фіксацыі болю да стварэння новых сэнсаў і шырокіх мастацкіх формаў.
  • Ідэалагічнае выгаранне ўнутры краіны: Бюракратызацыя і цэнзура прывялі да таго, што дзяржаўны апарат сутыкнуўся з кадравым і творчым голадам. «Беларусьфільм» ды нешматлікія прыватныя студыі ператвараюцца ў вытворцаў кароткатэрміновага кантэнту, які не застанецца ў гісторыі мастацтва.

Беларускі кінематограф у 2026 годзе даказвае: мастацтва можа існаваць ва ўмовах цэнзуры і фінансавых абмежаванняў, але кошт гэтага існавання – поўны разрыў адзінай культурнай прасторы. Нацыя атрымала два розныя люстэркі: адно спрабуе зафіксаваць трагедыю чалавечага духу ў няволі, другое — сканструяваць штучную ідэалагічную карціну.

 


Тэатр: Вымушаны курс на Усход

Знайсці беларускае ў Беларусі становіцца ўсё складаней. Айчынных драматургаў рэдка пускаюць на сцэну. Нават у беларускамоўных калектывах спрабуюць праштурхнуць прадукцыю па-руску. Ды і глабальна ўвесь тэатр ва ўмовах напаўжалезнай заслоны вымушаны глядзець выключна на Усход. Што з гэтага атрымліваецца на практыцы – у нашым чарговым аглядзе.

Рускія – рэпертуар і мова

На пачатку восені 2026 года ў РТБД прайшоў Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі «Канцэнтрацыя», які ладзіў Цэнтр Беларускай Драматургіі. Акрамя некалькіх рэпертуарных спектакляў, у яго межах адбыліся сцэнічныя чытанні трох п’ес: «Ма-Сін-Сін» Улады Альхоўскай (гісторыя пра і для падлеткаў), «Чаму гэта важна» Юліі Млевы (гісторыя, у якой жанчыны спрабуюць пераадолець адзіноту) і «Самсон за дзвярыма» Аляксандра Савухі (абсурдысцкі тэкст пра лася, які пачаў размаўляць). Апошнія дзве п’есы былі напісаныя летась падчас XIV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі ЦБД. Гэта, дарэчы, нячасты прыклад таго, як сучасныя айчынныя п’есы ўвасабляюцца ў выніку на сцэне. Хай сабе пакуль і ў фармаце чытак. Таксама ў фармаце Тыдня перад паказам спектакля «Хам» прайшла лекцыя «Беларуская драматургія ХХ стагоддзя і Эліза Ажэшка», якую чыталі тэатразнаўцы Анастасія Васілевіч і Яўгенія Бачыла – таксама нячасты прыклад таго, што павінна быць нормай.

Прасоўванне айчынных творцаў асабліва істотнае на фоне працэсаў у іншых тэатрах. Напрыклад, Новы драматычны анансаваў пастаноўку «Бесаў» паводле Фёдара Дастаеўскага, якая пазіцыянуецца як «імерсіўны» спектакль. З іншых прэм’ер – казка паводле Валянціна Катаева, п’еса Надзеі Птушкінай і інтэрпрэтацыя лермантаўскага «Героя нашага часу». Як вы здагадаліся, усе аўтары з Расіі. 

Аналагічная ці блізкая да яе рэпертуарная палітыка і ў большасці астатніх калектываў. Да прыкладу, у Гродзенскім драмтэатры анансаваная прэм’ера спектакля «Дзяніс Давыдаў. Гісторыя пра Гродна». Хоць гэты рускі паэт мае вельмі ўскоснае дачыненне да горада: атрад Давыдава захапіў яго напрыканцы 1812 года падчас вайны з Напалеонам. Такім чынам, працягваецца традыцыя праслаўлення чужых герояў і ўвядзенне іх у айчынны «іканастас». З іншых прэм’ер – «Ноч Земфіры» паводле «Цыганаў» Аляксандра Пушкіна –  гаворка зноў пра рускі матэрыял (зрэшты, назва цалкам сабе клікбэйтная, бо выклікае асацыяцыю з папулярнай расійскай спявачкай). Цікава, што інсцэніроўку ствараў неназваны айчынны драматург. Такім чынам, тэатр пра яго існаванне ведае, але ставіць яго ўласную п’есу не спяшаецца. Сімвалічна, што адзінай рэжысёркай у штаце з’яўляецца Аліна Сарокіна з Расіі. 

Аднак не трэба ілюзій: сваім – як беларускім матэрыялам, так і мовай – грэбуюць і нашыя суайчыннікі. Напрыклад, РТБД разам з пастаноўкай аднаго з твораў Івана Шамякіна (у версіі расіяніна Юрыя Пахомава)  анансаваў спектакль на рускай мове –  «Маленькія трагедыі» паводле аднайменнага твора ўсюдыснага Пушкіна. Паставіць яго ў снежні 2026 года дырэктарка тэатра Святлана Навуменка. Летась яна называла ў якасці меркаванай прэм’еры «Пацанскія апавяданні» расійскага пісьменніка і прапагандыста Захара Прылепіна. На шчасце, тая спроба не ажыццявілася. Але настойлівая дырэктарка ўсё роўна дасягнула сваёй мэты. У кулуарах згадвалі, што паставіць у гэтым калектыве рускамоўны спектакль яна спрабавала яшчэ тады, калі не была на кіроўнай пасадзе. Таму цалкам магчыма, што ідэя не спушчаная зверху. Мяркуем, што прасунула яе менавіта Навуменка: ці то каб выслужыцца, ці то зарабіць больш на квітках, ці то спадзеючыся на гастролі ў Расіі, а можа – усё разам. Хоць паспяховыя гастролі спектакля «Вечар» у Кітаі паказваюць, што незразумелая замежным гледачам мова – не праблема.

Зараз з 28 прафесійных айчынных тэатраў выключна на роднай мове працуюць Купалаўскі, Коласаўскі і РТБД, у дадатак у віцебскай «Ляльцы» па-беларуску ідзе большасць спектакляў. Пасля рэалізацыі ідэі Навуменкі выключна беларскамоўных калектываў застанецца ўсяго два. І тады – вось яна, жахлівая іронія – Купалаўскі з яго расійскімі акцёрамі будзе адным з захавальнікаў беларускай мовы.

Новы курс Купалаўскага?

Тым часам у найстарэйшым айчынным калектыве таксама (як і ў РТБД) звярнуліся да творчасці Шамякіна: на пачатак кастрычніка была запланаваная прэм’ера спектакля «Сэрца на далоні» па аднайменным рамане творцы (рэжысёр Дзмітрый Акімаў). Гэтага пісьменніка ў тэатры не згадвалі ўжо даўно, таму сінхронны зварот да яго адразу на дзвюх пляцоўках наўрад ці выпадковы. Натуральна, ва ўмовах, калі сучасная драматургія сістэмна ігнаруецца, выбар матэрыялу не надта вялікі. Аднак п’есы Шамякіна мастацкай удачай не сталі, яго ж проза – класічны прыклад сацрэалізму.

Афіша спектаклю Купалаўскага «Сэрца на далоні». Крыніца: kupalauski.by

Наогул жа з прыходам у Купалаўскі Акімава (мастацкім кіраўніком ён стаў у сакавіку 2026 года) калектыў стаў куды больш актыўным і заўважным. Адзін з доказўз апошняму – праект «Купала. Лабараторыя», у межах якога тры расійскія рэжысёры рыхтавалі спектаклі па творах беларускай класікі (гэта далёка не адзіны прыклад фінансавання з боку РФ: па праграме «Вялікія гастролі» праходзяць паездкі айчынных тэатраў у Расію). Аднак і ён, мяркуючы па ўсім, сутыкнуўся з цэнзурай. Першапачаткова планавалася, што 30 жніўня ў тэатры пакажуць тры эскізы: па «Мудрамеры» Мікалая Матукоўскага, «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы і «Чорту і бабе» Францішка Аляхновіча. Аднак у гэты дзень Купалаўскі паведаміў пра адмену апошняга паказу з фармулёўкай “наш эскіз патрабуе дадатковай драматургічнай дапрацоўкі”. Аднак гаворка ішла пра даўно напісаную п’есу. Відавочна, што, калі б праблемы былі, іх заўважылі б загадзя. Не будзем забывацца, што імя Аляхновіча – ахвяры сталінскіх рэпрэсій –  у доўгі час было пад забаронай. У выніку згадку пра эскіз па Аляхновічу выдалілі з сайта «Звязды». Тэкст «СБ. Беларусь сегодня» са згадкай пра тры эскізы наогул прыбралі, цяпер ён даступны толькі ў web-archive. Таму мяркуем, што ў апошні момант адбылося ўмяшальніцтва зверху.

Знаходзяцца грошы на запрашэнне новых акцёраў з-за мяжы. Сярод іншых да Купалаўскага далучылася Крысціна Андрэева, якая дагэтуль працавала ў расійскім Казанскім тэатры. Мяркуючы па ўсім, беларускай мовай, на якой ідуць спектаклі, яна не валодае. Прынамсі, раней у нашай краіне яна не жыла, пра карані ці нейкія сувязі з ёй не казала. Тым не менш ёй 30 гадоў, а гэта тая ўзроставая катэгорыя, што надта патрэбная трупе. Маладых недасведчаных акцёраў з Акадэміі мастацтваў удосталь, ёсць сталыя творцы (тыя, якія ў 2020-м засталіся), а вось выканаўцаў сярэдняга ўзросту надзвычай не хапае – ніхто з акцёраў з іменем да Купалаўскага за апошнія гады не далучыўся. Таму на няведанне беларускай мовы заплюшчваюць вочы. 

Пакуль жа сапраўдныя купалаўцы, якія ведаюць мову выкшталцона, працягваюць сыходзіць у іншы свет. У жніўні памёр акцёр Мікалай Кучыц, якому было 73 гады, у чэрвені – Іван Кушнярук, якому было ўсяго 34. З улікам спачылага раней Георгія Маляўскага ўжо трое акцёраў ніколі не вернуцца на родную сцэну.

Запрашэнне Андрэевай выглядае яшчэ больш цынічна на фоне кадравага дэфіцыту, з якім сутыкаюцца рэгіянальныя калектывы. Напрыклад, Гомельскі драмтэатр аб’явіў пра пошук акцёраў. “Спецыяльная адукацыя вітаецца, але самае галоўнае – гэта вашы здольнасці і жаданне”, – гаворыцца ў абвестцы. Гэта выклікала эмацыйную рэакцыю ў прэсе, але насамрэч з такой праблемай сутыкаюцца яшчэ як мінімум з 2010-х. Слабое фінансаванне не вабіць на сцэну навічкоў, а ўзровень адукацыі – не натхняе. Напрыклад, на факультэце кіно, тэатра і тэлебачання Акадэміі мастацтваў цяпер нават няма практыкі навучання ў майстроў на адмысловых курсах. Гаворка пра базавы элемент савецкай і постсавецкай адукацыі. Натуральна, гэта не найлепшая практыка і не ісціна ў апошняй інстанцыі, але альтэрнатыву ёй ніхто не прапаноўвае.

Лялькі над Нёманам, Мінскам і не толькі

У цэнтры ўвагі апошнім часам традыцыйна застаецца тэатр лялек. У Гродна прайшоў ужо пяты фестываль «Лялькі над Нёманам». Сёлета ў ім бралі ўдзел спектаклі з Беларусі, Расіі (у тым ліку з Татарстана і Дагестана), Узбекістана і Кітая. Апошні прывёз тэатр марыянетак. Ва ўмовах, калі сталічны форум тэатраў лялек фактычна пастаўлены на паўзу, гродзенскі застаецца адзіным такога кшталту ў Беларусі. Шмат у чым ён трымаецца на асобе мастацкага кіраўніка тэатра Алега Жугджы – аднаго з нешматлікіх творцаў, які застаўся на сваёй пасадзе з мінулага дзесяцігоддзя. Сярод запрошаных спектакляў – «Сон у летнюю ноч», які ён ставіў у расійскай Разані.

Тэатр марыянетак з Кітая – удзельнік фестывалю «Лялькі над Нёманам». Крыніца: Belta.by

Банальна такому радавацца, аднак добра, што гаворка прынамсі ідзе пра свежыя спектаклі. Бо на «Белую Вежу» ў Брэст сёлета прывезлі «Чорную панну Нясвіжа» – не самую лепшую пастаноўку вялікага Валерыя Раеўскага, якая ў дадатак яшчэ і ўвасобленая на сцэне ў далёкім 2000 годзе. Калі кіравацца такой логікай, дык можна смела вывозіць на ўсе форумы легендарную «Паўлінку».

Аднак вернемся да лялек. Мінскі калектыў працягвае заставацца самым запатрабаваным у Беларусі. Квіткі разлятаюцца імгненна, да касы выстройваюцца чэргі, у сацсетках тыя гледачы, якія засталіся без квіткоў, дзеляцца крыўдамі. Галоўны рэжысёр Яўген Карняг пражывае тут і цяпер сваё найлепшае тэатральнае жыццё. Яго назвалі мінчуком года ў намінацыі «Культура». У цяперашніх рэаліях для тэатра гэта можа быць своеасаблівай ахоўнай граматай. А вось для самога Карняга сказаць адназначна складана. Прызнанне патрэбнае любому творцу, але выпрабаванне меднымі трубамі ніхто не адмяняў.

Пакуль жа запатрабаванасць Карняга перакрочвае межы Беларусі. Адбылася першая пастаноўка рэжысёра ў Маскве – у тэатры «Шалом» ён увасобіў спектакль «Магда» пра апошнія дні Трэцяга Рэйха. У Тэатры Маякоўскага з таго ж горада напрыканцы сезона анансаваная яго пастаноўка паводле «Адысеі» Гамера. Цікава, што яшчэ да вайны Карняг ставіў у кіеўскім Тэатры драмы і камедыі на левым беразе спектакль «Адысей, вяртайся дадому». Але толькі ў будучыні будзе зразумела, убачым мы новы спектакль ці (частковы) перанос старога. Таксама Карняга прызналі найлепшым рэжысёрам (за піцерскі спектакль «Пясочніца») на екацерынбургскім фестывалі «Пятрушка Вялікі» (цікава, што гран-пры атрымала даўняя пастаноўка Ігара Казакова «Сіняя-сіняя» ў Магілёўскім тэатры лялек, а ў журы працавала айчынны крытык Анастасія Васілевіч). Тая перамога надзвычай прэстыжная. У адрозненне ад яе гран-пры за спектакль «Жэня + Таня = Каханне» сталічнага ТЮГа на Cairo International Festival for Experimental Theatre успрымаецца па-іншаму: хутчэй як магчымасць для акцёраў, якія ў дзясятыя гады амаль не выязджалі на гастролі, убачыць свет. Бо саму пастаноўку Таццяны Самбук наватарскай не назавеш. 

Сцэна са спектаклю Яўгена Карняга «Магда». Крыніца: oteatre.info

Кадравы дэфіцыт і навіны музычнага тэатра

Галоўны балетмайстар сталічнага Опернага Ігар Колб прызнаўся, што за чатыры гады трупа змянілася на 95%. Фактычна, гаворка пра зусім іншы калектыў. Між тым, прадукцыя Калба выклікае крытыку, сам харэограф нават скардзіўся на хейт. Аднак падчас гастроляў у Маскве яго пастаноўку «Баядэркі» разграмілі. “Мінская «Баядэрка» — з яе маршчыністымі намаляванымі дэкарацыямі, мізэрным сцэнічным скарбам і падслепаватай цюлевай заслонай, што замуціла ўвесь танец кардэбалета «ценяў», — выглядае бедна. Мастачка Любоў Сідэльнікава, імкнучыся кампенсаваць убоства афармлення бляскам касцюмаў, усыпала іх «каштоўнасцямі», што прывяло толькі да канфузу: аскетычныя храмавыя танцоўшчыцы на чале з Нікіяй выглядалі заможнымі дзяўчатамі па выкліку”, – адзначала ў рэцэнзіі Таццяна Кузняцова. У Мінску прачытаць такія ацэнкі, якія, на жаль сведчаць пра нашую правінцыйнасць, апрыёры немагчыма. Крытыка фактычна знішчаная і загнаная пад прэс цэнзуры і самацэнзуры. Але каго гэта цікавіць, калі кіраўніцтва рапартуе пра выкананне задач, пастаўленых зверху. Дырэктарка Опернага Кацярына Дулава з гонарам заявіла, што задача раўнадолевага фінансавання выкананая: летась установа змагла зарабіць 51 % свайго бюджэту.

Тым часам балетная трупа Музычнага прадставіла чарговую прэм’еру Сяргея Мікеля – балет-казку «Салавей» паводле аднайменнай оперы Ігара Стравінскага. У цяперашніх умовах надзвычай істотна, што ў Калба і яго трупы ў Мінску ёсць альтэрнатыва. 

Айчынныя творцы працягваюць будаваць сваю кар’еру на Захадзе. Барытон Ілля Сільчукоў дэбютаваў у Boston Lyric Opera ў пастаноўцы «Вільгельм Тэль». Аркестрам на цырымоніі адкрыцця прэстыжнага Зальцбургскага фестывалю кіраваў дырыжор Віталь Алексяёнак. А драматург, пісьменнік, рэжысёр і перакладчык Дзмітрый Плакс, які, зрэшты, даўно жыве ў Швецыі, адзначаны Ганаровай прэміяй у межах прэстыжнай тэатральнай узнагароды Bennypriset 2026.

Ілля Сільчукоў у ролі Лойтхольда (справа) на сцэне Boston Lyric Opera (пастаноўка «Вільгельм Тэль»).
Фота: Nile Hawver / Nile Scott Studios. Крыніца: blo.org

Прэм’еры спектакляў і чыткі ў замежжы

У замежжы адбываюцца прэм’еры беларускіх спектакляў. У Беластоку тэатр «Прыехалі» (рэжысёр Аляксандр Енджаеўскі) ўпершыню паказаў пастаноўку «Чырвоны Крыж» паводле аднайменнага рамана Сашы Філіпенкі. Яго калега Жэня Давідзенка паставіла ў Сопаце спектакль «LITHOPEDION II». Гаворка пра феномен «каменнага дзіцяці» – мёртвы імбрыён, які застаецца ў целе гадамі. 

Прэм’ера спектакля Наталлі Ляванавай «Пчала ў горле» прайшла ў Познані на чарговым фестывалі «Другая спроба» (яго ладзіць каманда на чале Валянцінай Мароз). Адбывалася яна па-польску. На гэтай жа мове ў фармаце форуму праходзіла і чытка п’есы «Рыжая Вавёрка» (аўтарка – Хася Корніева, рэжысёрка – Вікторыя Ягорава). Ды і наогул з дзесятка сцэнічных паказаў па-беларуску была толькі чытка «Як пазбавіцца сораму» (аўтарка – Жэня Давідзенка, рэжысёрка – Юлія Шаўчук). Ды і тое там быў адзін рускамоўны персанаж. “Сітуацыя цалкам лагічная: форум ладзіцца ў Польшчы, рэжысёры хочуць, каб іх праца мела доўгае сцэнічнае жыццё, а таму трэба выходзіць з эмігранцкай бурбалкі і звяртацца да мясцовай публікі”, – адзначае крытык Настасся Панкратава. Яна справядліва заўважае, што толькі час пакажа, які кірунак для беларускага тэатра ў эміграцыі будзе больш плённы: захоўваць беларускамоўную аўдыторыю ці ўсё ж пераключацца на мясцовую мову. Аднак правільнага адказу на гэтае пытанне не існуе.

З іншых навінаў згадаем выхад адмысловага нумара польскага тэатральнага часопіса «Raptularz», прысвечанага беларускаму тэатру. Гастрольны тур па польскіх гарадах спектакляў «Радзіва Прудок», «Шэпт» і «Па што ідзеш, воўча?», які спрадусавала ініцыятыва INEXKULT, а таксама адкрыццё ў Вільнюсе новай тэатральнай прасторы, у якой будуць выступаць айчынныя акцёры-эмігранты, што аб’ядналіся ў Baltas Teatras.

 


Музыка: Замежныя зоркі на фэсце ў Мінску і нашыя ў ЗША

Лета ў Беларусі выдалася традыцыйна фестывальным. У замежжы прайшлі буйныя беларускія фэсты кшталту Graj і Tutaka, а Беларусь акрамя традыцыйных расійскіх зорак пабачыла некаторых замежных. З ліпеня па верасень мы сустракалі на волі музыкаў з Tor Band, радаваліся поспехам Dymna Lotva і працягвалі з сумам назіраць за абмежаваннямі, з якімі сутыкаюцца беларускія артысты.

Фестывальнае лета ў Беларусі і за мяжой

Трэці квартал запомніўся у першую чаргу фестывалямі як унутры краіны, так і за яе межамі. Акрамя ўжо сталых гульцоў кшталту Lidbeer і Viva Braslav, з’явіліся новыя. Напрыклад, у канцы жніўня ў Мінску прайшоў бясплатны музычны пікнік Utka Day. На ім выступілі беларускія артысты Loukii, «минимаркет», Postoyanno, Saint Wenz, Alexey Krivdin і Wasssup.

Традыцыйны Viva Braslav прайшоў з 24 па 26 ліпеня. Сярод гасцей – Дзіма Білан і МОТ, а беларусы былі прадстаўленыя калектывамі «Давай на ты», LYRIQ, ROOMEE і іншымі.

Падчас фестывалю Viva Braslav. Крыніца: https://t.me/vivabraslav_official

Адбыўся ў гэтым годзе і Lidbeer, арганізатарам якога першапачаткова адмовілі ў правядзенні фестывалю. Сёлета на фэсце выступілі актыўныя прыхільнікі вайны ва Украіне. Напрыклад, Сяргей Бабунец і «Комната Культуры». З апошнімі, дарэчы, адбыўся скандал. Гурт спазняўся і не мог своечасова выйсці на сцэну, арганізатары да апошняга не ведалі, ці адбудзецца сэт увогуле. У выніку музыкі выступілі ўжо ноччу, шмат слухачоў сышло, а некаторых проста не прапусцілі назад на пляцоўку ахоўнікі. У выніку арганізатары вымушаныя былі зрабіць антыкрызісныя захады і прапанавалі публіцы бясплатнае наведванне музея Лідскага бровара.

У канцы жніўня прайшоў чарговы Poima Fest у Віцебску, дзе выступілі Лайтовы, Nevika, Reallowly Pluto і іншыя беларускія артысты. Яшчэ адзін фэст, на якім можна было пабачыць беларускіх артыстаў, – Vulitsa Ezha, дзе на адной сцэне выступілі Лайтовы і Пазнякс.

Серыял з перанесеным тэхна-рэйвам у Белавежскай пушчы працягнуўся і дайшоў да свайго лагічнага фіналу. Фестываль адмянілі, а замест яго зрабілі «Зубр-фэст», які адбыўся ў апошнія выхадныя верасня. Фэст вынеслі за межы запаведніка, для падзеі пабудавалі адмысловую пляцоўку, на якую паклалі асфальт. Хэдлайнеры – зноў расійскія зоркі: Люся Чеботина, Антоха МС і г.д.

Фота: Новая пляцоўка для правядзення «Зубр-фэста» ў Белавежскай пушчы. Крыніца: #1регион.

Адзіны фестываль у краіне, які змог прыцягнуць замежных зорак, хай і мінулых часоў, – гэта «Прайм Эра» на стадыёне «Дынама». Тут выступілі Morandi, Mr. President, Cappella і г.д. Зноў жа на «Дынама» 16 жніўня адбыўся грыбны фестываль ад Lay’s, дзе выступілі беларусы Police in Paris, Parade of Planets, Wassup, «Барысаўскі Тракт» і іншыя.

Для імпрэзаў задзейнічалі і нетрывіяльныя пляцоўкі. У ліпені на даху Нацыянальнай бібліятэкі прайшла вечарынка з відам на Мінск. У Берасці канцэрты адбыліся ў касцёле і на даху лялечнага тэатра. 

Беларускае замежжа адзначылася правядзеннем шостага фестывалю Tutaka. Упершыню за сваю гісторыю фэст стаў платным. На ім выступілі рэпер Vinsent, «Разбітае сэрца пацана», Dzieciuki, Анастасія Рыдлеўская і Chornabrova.

У верасні адбыўся традыцыйны фестываль Graj, які прайшоў з солдаўтам і сабраў 700 чалавек. 12 верасня ў Сопаце прайшоў MARA FEST з удзелам Intelligency.

Калі казаць пра міжнародныя фестывальныя поспехі, то mnogolun упершыню выступіла на Burning Man. Там яна выканала свае беларускамоўныя песні.

Рэпрэсіі, абмежаванні і вызваленне музыкаў

Не абыйшлося ў беларускім музычным жыцці за апошнія тры месяцы без рэпрэсіяў і абмежаванняў. У жніўні Мінгарсуд завочна прысудзіў лідару «Ляпіс Трубяцкога» і Brutto чатыры гады калоніі за абразу прэзідэнта і распальванне варожасці.

24 жніўня суд Новапалоцка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» песню ЛСП «Номера».

Ёсць і добрыя навіны. На свабоду выйшаў бубнач Аляксей Санчук. Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года разам з іншымі музыкамі, а ў ліпені 2026 года ён выйшаў на волю пасля шасці гадоў зняволення. 

16 верасня на свабоду выйшлі 25 палітвязняў, сярод іх – музыкі гурта Tor Band (Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчык) і Алесь Чумакоў са «Старога Ольсы». Усіх вывезлі ў Літву. Чумакова асудзілі паводле артыкула 361-1 за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні», а ў абвінавачванні, паводле яго слоў, гучала, што ён граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэснае ядро.

Міжнародная ізаляцыя Беларусі сказалася і на музыках. Металісты Extermination Dismemberment не паспелі своечасова атрымаць шэнгенскія візы, што прывяло да страты еўрапейскай часткі тура. Зараз калектыў знаходзіцца ў вялікім туры па ЗША з культавымі металістамі All Shall Perish.

Беларускія музыкі ў замежжы працягваюць сутыкацца з бюракратычнымі абмежаваннямі. Напрыклад, NaviBand не могуць гастраляваць па свеце, пакуль чакаюць віды на жыхарства. Тэрміны разгляду дакументаў падаўжаюцца, і музыкі застаюцца без галоўнай часткі свайго даходу.

Гурт «Дразды» перадумаў спыняць сваю дзейнасць і працягвае выступаць з канцэртамі па Беларусі. У канцы ліпеня калектыў выступіў на Дні горада ў Брэсце. 

Між тым канцэртнае жыццё ў Беларусі працягвае быць нестабільным. Літаральна ў дзень канцэрту адмянілі сумесны выступ гуртоў Vihilia і Dreamless.

Не абышлося і без стратаў. 6 ліпеня памёр адзін з заснавальнікаў «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч. Яму быў 81 год. 

Гучныя рэлізы і новыя праекты

Нягледзячы на тое, што лета – не самы ўраджайны на рэлізы сезон, беларускія музыкі працягвалі выпускаць якасны матэрыял, які быў адзначаны не толькі беларусамі. 

7 жніўня Dymna Lotva на нямецкім лэйбле Prophecy Productions выпусціла альбом VYRAJ, які ўвайшоў у спіс найлепшых рэлізаў 2026 года паводле Metal Hammer. На гэтым рэлізе ёсць сумесны трэк з Ааранам Стэйнтарпам – экс-вакалістам My Dying Bride, які заспяваў на беларускай мове. 

17 ліпеня Антон Анішчанка прадставіў эмбіент-рэліз «Hłybokaje / Čarbamysła». Гэта альбом імерсіўных палявых запісаў, створаны ў дзікіх лясах на самай поўначы Беларусі. Праект запісваўся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 года на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Глыбокае – Вялікае Астравіта» (Полацкі раён) і каля возера Чарбамысла. Альбом складаецца з 8 трэкаў, дзе гучаць галасы больш як 30 відаў птушак (ад звычайных зязюль да рэдкіх чорнаваллёвых гагар), а таксама жаб і насякомых.

Артыст Domsun пачаў выдавацца на Warner Music Poland. Рэдкі выпадак, калі на мэйджар-лэйбле выходзіць беларускамоўны трэк. Таксама беларусы засвяціліся ў кіно. Хлопцы з беларускага мужчынскага хору Kasary зняліся ў другой серыі трэцяга сезона «1670» – сатырычнага польскага мак’юментары пра шляхту XVII стагоддзя.

14 жніўня выйшаў сумесны альбом .К (Яўген Кучмейна) і Святланы Бень «Карова белая». Ідэя складанкі з’явілася пасля невялікага сумеснага еўрапейскага тура музыкаў вясной 2025 года. Сам альбом быў створаны ў Малых Азяранах на Падляшшы, недалёка ад беларускай мяжы.

Новымі альбомамі парадавалі слухачоў Анастасія Рыдлеўская і Бакей. З ценю выйшаў вакаліст Akute Стас Мытнік з аднайменным праектам. Музыка спявае на расійскай мове і ўжо паспеў выступіць у двары Lidbeer. Вярнуўся на сцэну і Apsent. Летам ён выступіў на пікніку LTCŃ у Кракаве, а таксама зладзіў онлайн-канцэрт.

Intelligency працягваюць праграваць аўдыторыю перад рэлізам свайго беларускамоўнага альбома. 19 верасня музыкі прэзентавалі кавер на хіт «Песняроў» «Добры вечар, дзяўчыначка!»

Гучнымі рэлізамі адзначыліся ажно два знакавыя метал-гурты. Rise in Rage праз шэсць гадоў вярнуўся з сінглам «Мертвый груз», а Exist-M – з беларускамоўным трэкам «Шлях».

Бадзёра ўварваліся ў прастору і маладзёны-металісты Set To Hate з сінглам The Pit. За 10 дзён іх кліп набраў 28 тысяч праглядаў, а профіль у Facebook проста вырас ледзь не з нуля ажно да 16 тысяч падпісантаў.

На музычным полі з’явіліся і новыя медыяпраекты. Напрыклад, К6 аб’ядналіся з дакументальным праектам «Твары». Першай іх працай стаў дакументальны фільм пра музыканта Мікіту Арлова (Applepicker, Союз).

Рэпер Nkeei закалабіўся з Mark Formelle. Разам яны прадставілі лімітаваную калекцыю адзення ў стылі гламуру нулявых.

Стартап Graj, заснаваны беларусамі, набыў платформу сацыяльнага праслухоўвання Hangout, якую стварылі аўтары сэрвіса Turntable.fm.

На жаль, не абышлося без выгаранняў у медыяполі. Стваральніца тэлеграм-канала пра метал Mayhem F&Q Соф’я Сітнік абвясціла, што закрывае праект.

 


Арт: захаванне і інтэрпрэтацыя беларускай культурнай спадчыны

Трэці квартал 2026 года паглыбіў тэндэнцыі, якія вызначылі беларускую культурную прастору ў першай палове года. Ліквідацыя Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (НЦСМ), пераразмеркаванне яго фондаў і будынкаў, а таксама новыя абмежаванні незалежнай культурніцкай дзейнасці сведчаць пра далейшае звужэнне прасторы для аўтаномных ініцыятыў унутры краіны. У той жа час за мяжой беларуская культурніцкая супольнасць умацоўвае свае пазіцыі праз удзел мастакоў у міжнародных выставах і фестывалях, развіццё незалежных музейных і даследчых праектаў, працу з нацыянальнай спадчынай і калектыўнай памяццю. 

Звужэнне культурнай прасторы

Калі ў папярэднім аглядзе галоўным інстытуцыйным зрухам стала фактычнае спыненне дзейнасці Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, то ў трэцім квартале гэты працэс быў фармалізаваны і завершаны. У пачатку жніўня Савет Міністраў прыняў пастанову № 391 аб ліквідацыі НЦСМ. Бюджэтныя сродкі, прызначаныя на фінансаванне цэнтра, размяркоўваюцца паміж Нацыянальным мастацкім музеем і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, а яго будынкі і фонды пераходзяць да іншых дзяржаўных устаноў.

Пры гэтым ліквідацыя адбывалася не толькі на ўзроўні адміністрацыйных рашэнняў. Апошнюю выставу НЦСМ «Выбранае» закрылі раней за запланаваны тэрмін, а будынак на праспекце Незалежнасці перадалі Нацыянальнаму мастацкаму музею. Так, ранейшая тэндэнцыя да згортвання аўтаномных культурных прастораў перайшла ў стадыю пераразмеркавання іх рэсурсаў і функцый. Фізічная выставачная прастора захоўваецца, але змяняецца яе інстытуцыйная прыналежнасць. Гэта не азначае аўтаматычнага знікнення ўсіх твораў або практык, звязаных з НЦСМ, аднак ставіць пытанне пра будучыню куратарскай самастойнасці, праграмнай разнастайнасці і месца сучаснага мастацтва ў дзяржаўнай сістэме культуры.

Паралельна працягваецца ціск на незалежную культурніцкую дзейнасць. У Беларусі забаранілі публічныя творчыя сустрэчы і лекцыі мастака, пісьменніка і даследчыка гарадской культуры Сяргея Філіпава, які на працягу года развіваў асветніцкі праект на шасці пляцоўках і арганізаваў каля двух дзясяткаў імпрэзаў. Гэты выпадак працягвае тэндэнцыю, пазначаную ў папярэднім аглядзе: абмежаванні закранаюць не толькі асобных творцаў, але і прасторы, якія забяспечваюць публічны абмен ведамі, культурніцкую адукацыю і дыскусію.

Асобным эпізодам для гэтага квартала стала прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнта Chrysalis Mag – незалежнага онлайн-часопіса пра сучаснае беларускае мастацтва. Заснаваны ў 2018 годзе праект расказвае пра мастакоў з Беларусі, аналізуе актуальныя візуальныя трэнды, а таксама збірае інфармацыю пра аўтараў і іх працы. Гэты выпадак пашырае карціну ціску. Цяпер звужаецца не толькі магчымасць незалежнага выказвання, але і прастора (у тым ліку віртуальная), у якой фармуецца веданне пра беларускую культуру і выбудоўваюцца сувязі паміж аўтарамі, даследчыкамі і аўдыторыяй.

Культурная спадчына: зноў паміж дзяржаўным кантролем і грамадскімі ініцыятывамі

У ліпені на аўкцыёнах былі прададзеныя тры старадаўнія абразы, канфіскаваныя ў каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, які быў вызвалены ў лістападзе 2025 года і выехаў у Рым. Сярод іх – абраз XVIII стагоддзя «Паўстанне Хрыста ад гробу», а таксама дзве іконы канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Паводле апублікаванай інфармацыі, на кожны аўкцыён быў дапушчаны толькі адзін удзельнік, які атрымаў права набыць маёмасць па цане, на 5% вышэйшай за стартавую. Цяпер канфіскаваныя прадметы мастацтва становяцца аб’ектам рэпрэсій і продажу, а іх далейшы лёс вызначаецца без публічнага абмеркавання іх гістарычнай, мастацкай і рэлігійнай каштоўнасці.

На гэтым фоне зноў прыкметная дзейнасць ініцыятыў, якія працуюць з культурнай спадчынай як з агульным грамадскім рэсурсам. У перыяд, ахоплены гэтым аглядам, можна зноў вылучыць ініцыятыву MALDZIS. У жніўні яе прадстаўнікі набылі рэдкую гравюру «Горад і замак Берасце Літоўскае», выдадзеную ў Нюрнбергу ў 1696 годзе. Гэтая праца лічыцца адзінай дэталёвай выявай старога Берасця – горада, які быў знішчаны ў XIX стагоддзі падчас будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. У будучыні гравюру плануюць перадаць у Музей гісторыі горада Берасця як грамадскі падарунак.

Гравюра “Горад і замак Берасце Літоўскае” (арыгінальная назва “Urbs et Castellum Brestzie Litewski”), выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Крыніца: maldzis.world

Яшчэ адзін прыклад вяртання спадчыны зафіксаваны ўжо ўнутры краіны. Тры графічныя творы Восіпа Цадкіна, ураджэнца Віцебска і прадстаўніка Парыжскай школы, папоўнілі калекцыю Музея Марка Шагала ў Віцебску. Як распавяла дырэктарка музея Ірына Воранава, калекцыю перадаў апякун музея, які пажадаў застацца невядомым. Гэта першыя працы мастака ў фондах установы. 

Беларускае за мяжой

У трэцім квартале беларусы замежжа працягваюць узмацняць пазіцыі ў культурніцкіх колах. Адным з прыкладаў стала перамога мультыдысцыплінарнай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай на мастацкім аглядзе SURVIVAL ва Уроцлаве. Яе інсталяцыя «Дэзінтэграцыя» атрымала прыз глядацкіх сімпатый паводле вынікаў галасавання 1565 наведвальнікаў. Узнагарода прадугледжвае фінансавую прэмію і магчымасць зладзіць персанальную выставу ў галерэі Mieszkanie Geppertów. Праект быў прадстаўлены ў прасторы былога гарадскога шпіталя, што дадало яму новае канцэптуальнае вымярэнне.

Іншы прыклад – персанальная выстава беларускага мастака Юры Шуста «Жывіца* Сонечнае спляценне» ў Нацыянальнай галерэі мастацтваў Zachęta ў Варшаве. Праект, які працаваў з ліпеня да канца верасня, даследаваў сувязі паміж духоўнасцю, прыродай і сучаснымі тэхналогіямі. Цэнтральным вобразам стала Белавежская пушча – адначасова сакральная прастора, месца гістарычнага перасячэння культур і тэрыторыя, звязаная з ваеннымі тэхналогіямі, сачэннем і кантролем. У праекце таксама быў задзейнічаны перформанс з удзелам беларускіх мігрантаў.

Працы Юры Шуста, прадстаўленыя ў межах яго персанальнай выставы «Жывіца* Сонечнае спляценне». Крыніца: https://www.instagram.com/art.viewer/
Працы Юры Шуста, прадстаўленыя ў межах яго персанальнай выставы «Жывіца* Сонечнае спляценне». Крыніца: https://www.instagram.com/art.viewer/

Беларускія аўтары працягваюць з’яўляцца і ў праграмах міжнародных падзей, прысвечаных даследаванню калектыўнай памяці. Фатографка і даследчыца Вольга Бубіч увайшла ў куратарскую групу міжнароднай мастацкай праграмы ў Буэнас-Айрасе, арганізаванай у межах канферэнцыі Memory Studies Association. Гэта важны прыклад пашырэння геаграфіі беларускай культурнай прысутнасці: ад еўрапейскіх пляцовак да міжнародных даследчых і мастацкіх супольнасцяў у іншых частках свету.

Памяць, міграцыя і салідарнасць: мастацтва як спосаб захаваць сувязі

Яшчэ адна выразная тэндэнцыя агляданага перыяду – праекты, у якіх мастацтва становіцца інструментам працы з досведам рэпрэсій, вымушанай эміграцыі і разрыву з домам. У папярэднім аглядзе ўжо фіксаваліся выставы і перформансы, прысвечаныя Чарнобылю, палітычнаму пераследу і бюракратычным цяжкасцям легалізацыі. Цяпер гэты тэматычны спектр пашыраецца ў бок прыватнай памяці, жалобы і калектыўнай салідарнасці.

У Познані ў верасні адкрылася выстава «POGRZEB.MP4. Utrata i żałoba na emigracji politycznej», прысвечаная перажыванню страты ў колах палітычнай эміграцыі. Для многіх беларусаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца дадому, відэазапіс або анлайн-трансляцыя пахавання становяцца адзіным спосабам развітацца з блізкімі. Выстава, заснаваная на інтэрв’ю і прыватных архівах беларусаў і беларусак, ператварае гэты асабісты і часта нябачны досвед у прадмет публічнай размовы.

Гаворка ідзе пра фізічную адлегласць паміж людзьмі, а таксама немагчымасць удзельнічаць у рытуалах, праз якія супольнасці захоўваюць памяць пра памерлых. У гэтым сэнсе выстава працягвае больш шырокую лінію сучаснага беларускага мастацтва, якое працуе з наступствамі палітычных падзей праз індывідуальныя гісторыі і прыватныя архівы.

Іншы маштаб – але блізкая логіка – у перформансе A Percussion Piece, які адбыўся 19 верасня ў Амстэрдаме. Каля 1200 удзельнікаў у кардонных масках з выявамі беларускіх палітвязняў стварылі супольную гукавую кампазіцыю з дапамогай звычайных побытавых прадметаў. Праект, ініцыяваны міжнароднай камандай беларускіх і ўкраінскіх культурніцкіх дзеячаў, аб’яднаў людзей розных нацыянальнасцяў у знак салідарнасці з тымі, хто застаецца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах.

Падчас перфомансу A Percussion Piece у Амстэрдаме. Фота: Koen Suidgeest

Калі выстава ў Познані звяртаецца да інтымнага досведу страты, то амстэрдамскі перформанс ператварае індывідуальныя галасы ў калектыўнае выказванне. Абодва праекты, аднак, працуюць з адной праблемай: як зрабіць бачнымі і чутнымі людзей, чые гісторыі ў звычайных абставінах застаюцца па-за публічнай прасторай або наўмысна замоўчваюцца.

Высновы: дзве мадэлі развіцця

У першай палове 2026 года акрэслілася структурнае размежаванне паміж афіцыйнай і незалежнай культурнымі прасторамі, а трэці квартал паказаў, як гэтыя дзве мадэлі развіваюцца далей. Унутры краіны дзяржава пераразмяркоўвае інстытуцыйныя рэсурсы і звужае магчымасці для незалежнай дзейнасці. За мяжой беларуская культурная супольнасць стварае ўласныя пляцоўкі, падтрымлівае сувязі з міжнароднымі інстытуцыямі і працягвае працаваць з нацыянальнай спадчынай, нягледзячы на перашкоды.

Агляды падрыхтаваныя пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Паміж «тут» і «там» Кіно: Два люстэркі для нацыі Тэатр: Вымушаны курс на Усход Музыка: Замежныя зоркі на фэсце ў Мінску …

Увосень 2020 года, калі незалежны культурніцкі сектар сутыкнуўся з рэпрэсіямі, стратай інстытуцый і рэсурсаў, вымушанай эміграцыяй, была заснаваная Беларуская Рада культуры. З …