За два гады працы Беларуская Рада культуры падтрымала больш за 130 культурніцкіх праектаў і зарганізавала рэзідэнцыі для 37 чалавек. На ўсё гэта з дапамогаю партнёраў было выдаткавана прыкладна 275 тысяч еўраў.
Ва ўмоўны топ-5 падтрыманых праектаў мы для сябе залучылі выставу плакатаў Уладзіміра Цэслера
“Hitlerkaputin”; 24-гадзінны онлайн-марафон беларускай мовы
MOVA24; прысвечаны “расстрэльнай ночы” 1937 года спектакль
“За што?” Тэатру жніўня; акцыя ў Лодзі
“Палітзняволеная беларуская літаратура”, прысвечаная турэмнаму мастацтву; дзея
“Батлейка Шагал” ад Аляксандра Ждановіча. Шмат пра якія праекты мы не можам казаць праз свой “экстрэмісцкі” статус.
Мы паспяхова правялі 18 дабрачынных аўкцыёнаў, на якіх сабралі каля 25 тысяч еўраў на падтрымку датычных да культуры беларускіх палітвязняў. Адмыслова для аўкцыёнаў маляваліся карціны, быў выпушчаны ў свет адзіны асобнік кнігі Альгерда Бахарэвіча. Мы правялі каля 30 кампаніяў збору грошай для беларускіх творцаў і сабралі такім чынам каля 86 тысяч еўраў: амаль 28 тысячаў з гэтай сумы былі сабраныя толькі для затрыманых музыкаў з гурта
Irdorath. Агулам за два гады Рада пры падтрыманні данатараў і партнёраў скіравала на дапамогу рэпрэсаваным беларускім творцам больш за 130 тысяч еўраў.
Гэта Рада лабіявала справу выключэння Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу і дыскваліфікацыі прадстаўнікоў Беларусі на “Еўрабачанні” 2021 года. Разам з беларускімі спецыялістамі ў сферы кіно мы
дамагліся пазбаўлення Менскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” акрэдытацыі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF).
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне мы былі сярод рэалізатараў інфармацыйнай кампаніі адвакацыі
#BelarusWithUkraine, якую можна лічыць дакументацыяй гісторыі дапамогі, падтрымання, супрацы беларусаў і ўкраінцаў.
У праекце
“Артысты перамогі” мы апублікавалі больш за 60 гісторыяў, больш за 20 лайваў і дакументальны міні-серыял – на падтрыманне музыкаў, актораў, мастакоў, літаратараў, якія, нягледзячы на рэпрэсіі ды тэрор, ствараюць культуру новай Беларусі. Нашая
“Аналітыка культуры” – гэта разбор экспертамі дэфармацыяў і трансфармацыяў культурніцкага поля, дыягностыка сітуацыі і асэнсаванне тэндэнцыяў, што маюць месца тут і цяпер.
У верасні гэтага года Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры пры падтрыманні
Imaguru Startup HUB Vilnius зладзіў першы хакатон digital-праектаў для беларускай культуры
“Культурны код”. Мы пабачылі, што запыт на распрацоўку лічбавых праектаў, звязаных з беларускаю культураю, пераўзыходзіць межы адной падзеі: на хакатон былі зарэгістраваныя некалькі дзясяткаў ідэяў.
Ужо хутка Беларуская Рада культуры рыхтуецца абвясціць супольную працу з Еўракамісіяй і расказаць, што гэта будзе значыць для беларускіх творцаў.
Новая Беларусь – наш супольны арт-праект!