Вынікі базавага даследавання Перад вамі – даследчая работа. Навуковы тэкст, у цэнтры ўвагі якога – асноўныя арганізацыі, дзеячы беларускае культуры ў краіне …
Больш як культура
маніфест беларускага культурніцкага поля
Навошта ўкладвацца ў культуру? Бо камунізм забілі Beatles, джынсы і кока-кола. І ў гэтай формуле больш праўды, чымся можа здавацца на першы погляд.
Сутнасць пытання – у разуменні, як працуе культура і навошта яна патрэбная.
У трох банальных яе трактоўках – музей, забава, агіт-рэсурс – ёсць агульнае: успрыманне культуры як інструменту кіравання масамі. У гэтым выпадку культура першапачаткова неістотная і другасная. Яна прылада ўлады і мае сэнс толькі як дадатак да палітыкі з эканомікай: як сэрвіснае абслугоўванне ўладных інтарэсаў, пазбаўленае самастойнай вагі і асобнай гісторыі.
З такога гледзішча стратэгічна ўкладвацца ў культуру сапраўды смешна. Прасцей укладвацца ў палітыкаў і суб’екты эканамічнага поля.
Але менавіта праз недаацэньванне сэнсу і ролі культурніцкай працы Беларусь ператварылася ў калгасную дыктатуру з неразвітою палітычнай альтэрнатываю, запалоханым электаратам, аварыйнаю міграцыяй крэатыўных элітаў і культурніцкім тэрорам у якасці галоўнага рэсурсу выхавання лаяльнасці. І, на жаль, такая пагроза можа сёння датычыць не толькі постсавецкай Беларусі, але і любой іншай краіны, якая не выбудавала абарончых рэдутаў ад таталітарызму і аўтарытарызму, што атакуюць свет.
Службова-інструментальнае трактаванне культуры ўяўляецца глыбока памылковым. Бо выкрэслівае з функцыяналу культурніцкага поля вельмі важны элемент – яго шматстайную і неадназначную крэатыўнасць, штодзённую працу нацыі ў пошуках самой сябе. Здольнасць дзеяць незалежна ад дэкрэтаў і ўказаў. Дар ствараць новыя культурніцкія матрыцы, практыкі і каштоўнасныя ўстаноўкі.
Важна зразумець: няма ніякай «асобнай» культуры з выразнымі ды яснымі межамі. Любы факт нашай рэальнасці – ад прыватнай кавярні да авангарднага балету – мае культурніцкае вымярэнне. Любое дзеянне мае культурніцкую вагу.
Культура ўва ўсёй яе разнастайнасці – гэта не проста блок пасланняў, пакет тэкстаў, набор каштоўнасцяў, жыццёвыя стандарты і калекцыя артэфактаў. Гэта формы сацыяльнага дзеяння, з дапамогай якіх нацыя занятая сваім самавызначэннем. І, што яшчэ важней, рэсурс самаарганізацыі. Тое, якімі і кім мы дазваляем сабе быць.
Культура нацыі ёсць наборам практыкаванняў у ідэнтычнасці. Таму абарона культуры – гэта больш за падтрыманне адукацыі ды культурніцкай індустрыі. Гэта абарона нацыянальнага суверэнітэту і ментальнай незалежнасці.
Для посткаланіяльнай «малой» нацыі падтрыманне культуры – гэта, у існасці, пытанне жыцця і смерці. Бо поп-культурніцкія, медыйныя ды інтэлектуальныя інтэрвенцыі «русского мира» пры адсутнасці супрацьдзеяння актыўна ператвараюць фармальна незалежную дзяржаву ў правінцыю суседняй імперыі.
Нармальная экасістэма культуры дзеіць у рэжыме сталага канцэптуальнага пошуку, крытычнай экспертызы, ратацыі кадраў, узаемадзеяння розных паверхаў культурніцкай вытворчасці, барацьбы за спажыўца, гульні з кантэкстам і сэнсавага абнаўлення. Але сёння гэта ўжо не пра Беларусь.
Сучасная беларуская культурніцкая сітуацыя – гібрыд татальнай бюракратызацыі дзяржаўных інстытуцыяў, сілавой зачысткі культурніцкага поля, дзяржаўнага культурніцкага тэрору і крызісна-аварыйнага рэжыму працы крэатыўных элітаў. Беларуская культура фактычна жыве на абломках ранейшага культурніцкага парадку і функцыянуе як набор яго аскепкаў. А гэта ўжо, у існасці, першая прыкмета гуманітарнай катастрофы.
Бо адтуль, дзе не працуе культура, рана ці позна прыходзяць танкі.
Не можа быць здаровай культуры ў хворым грамадстве. Але і з хвораю культураю грамадству не быць здаровым. А ў звязку з тым, што беларуская культура апынулася ва ўнікальнай сітуацыі фактычнага выгнання з краіны, яна вымушаная карэктаваць як сваю стратэгію і тактыку, гэтак і сваю місію.
Відавочна, што сёння беларуская культура і мастацтва, размеркаваўшыся як у Беларусі, гэтак і за яе межамі, выйшлі за межы проста стварэння культурніцкіх прадуктаў. На іх лягла адказнасць за захаванне цэласнасці беларускага культурніцкага поля, няхай і падзеленага геаграфічна. Пры гэтым, выявіўшы сябе за апошнія гады ў якасці «цэменту», які яднае і змацоўвае розныя суб’екты палітычнага поля ды грамадзянскай супольнасці, беларуская культура прыняла на сябе статус больш як культуры.
Укладаючыся ў культуру, мы падтрымліваем сацыяльную адказнасць і грамадзянскі актывізм.
Мы разбураем банальнае дзяленне на «стваральнікаў» і «спажыўцоў». Мы ўкладаемся ў права на крэатыўнае самавызначэнне і роўныя магчымасці на асабісты рост. Мы атрымліваем права на жыццё, на выбар будучыні і свабоду творчасці.
Гаворка пра рэанімацыю нацыі. Гэта больш як культура.
Як працаваць з творчым рэсурсам, які застаўся на акупаванай рэжымам тэрыторыі? З выразным разуменнем надзвычайнасці сітуацыі ды абмежаваных магчымасцяў дэманстрацыі іншадумства на тэрыторыі краіны. Праз распрацоўванне сістэмы крэатыўнай мабільнасці (калабарацыяў і выязных праектаў), уладкаванне прасторы новага культурніцкага падполля ды інтэлектуальнага партызанінгу. З выразным усведамленнем таго, што калектыўная бяспека вышэйшая за ўсё, а чалавечае жыццё – безумоўны прыярытэт.
Фактычна мы атрымліваем два ключавыя вымярэнні новай адзінай беларускай культуры: легальны публічны выязны крэатыў і таемны культурніцкі супраціў
у самой краіне. Задача найбліжэйшай будучыні – пашыць абодва гэтыя трэнды
ў агульнае поле віртуальна-мабільнага белкульту.
Геапалітычныя расклады пазамінулага і мінулага стагоддзяў ужо не адпавядаюць рэаліям новага інфармацыйнага ды культурніцкага парадку. Сеткавая камунікацыя працуе па-над межамі і цэнзурнымі бар’ерамі. Значна важнейшы не ідэалагічны, а якасны разрыў – сэнсавы і функцыйны падзел на інерцыйна-другасны самапаўтор (незалежна ад лакацыі і выбару палітычнай пазіцыі), актыўна інавацыйны культурніцкі актывізм новых еўрапейцаў.
Дзе перспектыва? Не будаваць нішавай пляцоўкі для «вечна пакрыўджаных», а гадаваць адкрытых, дынамічных, незашораных і здольных стаць канверсоўнымі. Не культурніцкіх бюракратаў, а новых актараў глабальнага культурніцкага рынку.
У што ўкладацца? У агульную лепшую будучыню.
Стратэгічная мэта: пераадолець падвойнае тармажэнне – лукашысцкую інерцыйную «стабільнасць» і культурніцкі шок «прайгранай рэвалюцыі». Абедзве гэтыя культурніцкія сітуацыі сябе вычарпалі.
Агульная задача: не ратаваць, а дазволіць развівацца, ствараючы ўмовы для сталага росту. Не пунктавыя датацыі і прымусовае адміністраванне, а перазапуск культурніцкай дынамікі, яна ж – падмурак самаарганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Прынцыпова важная адмова ад патэрналісцкага і спажывецкага падыходу да культурніцкіх працэсаў. Гаворка мае весціся пра стварэнне не «новых міністэрстваў», а новых правілаў існавання – асяроддзя, спрыяльнага для самаарганізацыі крэатыўных супольнасцяў. Не вертыкалі ўладнага падпарадкавання, а гарызантальнай сеткі праектавых структураў і творчых альянсаў.
Задача – стварыць новы цыкл, які існуе ў культурна развітых краінах, але да гэтага часу не развіўся з аб’ектыўных прычынаў у Беларусі. Рыхтаванне і перападрыхтаванне артыстаў / выхаванне публікі / публічная прамоцыя / сістэмная экспертыза і г. д. Але з адною важнай асаблівасцю, абумоўленай унікальным станам беларускага культурніцкага поля: з нарастальным уплывам на сумежныя палі – палітычнае, грамадскае, эканамічнае.
Адпаведна, для гэтага неабходны шэраг абнаўленняў.
1. Дыягностыка
Сталая і рэгулярная экспертная ацэнка наяўнага стану беларускага культурніцкага поля на ўсіх узроўнях – ад стратэгічнага да сітуацыйна-тактычнага: кадры, канцэпты, каналы, вектары развіцця.
Ператварэнне вынікаў у публічныя матэрыялы, навучальныя курсы і даследчыя тэксты / манаграфіі / сеткавыя рэсурсы.
2. Новыя фільтры сэнсаў і якасці
Міжнародны пул экспертаў з рэгулярнаю працаю на конкурсах, тэндарах, пітчынгах і г. д. для беларускіх спаборнікаў.
3. Стратэгічнае праектнае падтрыманне
Сістэмныя доўгатэрміновыя інвестыцыі ў культурніцкае будаўніцтва без жорсткіх тэрмінаў і хуткіх вынікаў (г. зв. доўгія грошы): падтрыманне інфраструктуры культурніцкай экасістэмы: фондаў, інстытутаў, сойму, крэатыўных пляцовак, галіновых супольнасцяў.
4. Селекцыя
Конкурснае фінансаванне кароткатэрміновых праектаў рознай вагі і ўзроўню (г. зв. хуткія грошы): пабудова канкурэнтнага асяроддзя з жорсткімі дэдлайнамі, яснымі вынікамі, дакладнаю сістэмай адбору і адсевам нізкапробнага прадукту.
5. Адукацыя
Кадравае развіццё, стажыяванні, семінары, рэзідэнцыі – з абавязковаю працаю на пралічаны і годны вынік. Курс на акселерацыю: вырошчванне праектаў праз спрыянне іх доступу да экспертаў, калабарацыяў, фінансаў.
6. Новыя сувязі
Лінейка міжнародных і міждысцыплінарных калабарацыяў. Актыўнае выкарыстанне экспертных рэсурсаў дыяспараў.
7. Новы канон
Стварэнне планкі якасці шляхам топ-конкурсу ўва ўсіх асноўных сегментах культурніцкага поля – укладанне ў новыя знакавыя ды флагманскія прадукты і этапныя тэксты.
Прынцыповая асаблівасць беларускай сітуацыі – краіна без краіны: праца ў рэжыме дэцэнтралізаванага мігранцкага крэатыву.
Асноўныя сэнсаўтваральныя культурніцкія структуры – тэатры, выдавецтвы, музычныя супольнасці, медыйныя праекты, аналітычныя групы – сёння дзеюць па-за дзяржаўнымі межамі. Але раскіданасць чалавечых і тэхнічных рэсурсаў па краінах і кантынентах – гэта толькі дадатковы аргумент на карысць адмовы ад шаблонных крокаў і ўчорашніх рашэнняў.
Няма краіны – значыць, фармуем не стацыянарнае культурнае асяроддзе, а каманду мабільных транснацыянальных гульцоў, якія ўмеюць працаваць з чужымі лакальнымі культурніцкімі палямі. Робім транзітыўны крэатыў – не абмежаваныя эмігранцкія зоны, а сетку дынамічных дыяспараў з добрым рэсурсам росту.
Не разрывы, а мантажныя склейкі. Не рэчы, а сэнсы і магчымасці.
Белкульт незваротна ператвараецца ў міжнароднае прадпрыемства і глабальны праект. Краіна – гэта мы. Краіна там, дзе мы.
Будаваць Беларусь можна ўсюды, дзе ёсць беларусы: не замыкацца ў лакальных гета, а выходзіць на міжнародныя калабарацыі.
Што будуем? Не настальгічна прыпылены Брайтан-Біч, а жывое канкурэнтнае асяроддзе – працоўны сегмент глабальнага поля, зону еўрапейскіх камунікацыяў і супольных крэатыўных праектаў, мабільную беларускасць, гнуткую ідэнтычнасць.
Быць рознымі – нармальна. І спрэчкі – гэта важна. І быць нязгоднымі – добра. І барацьба за рэсурсы – гэта натуральна. І беларус – гэта не алібі і не знак якасці.
Галоўны вораг не там, дзе народ яго памылкова ўяўляў некалькі дзесяцігоддзяў, гэта не «кардонны» рэжым Лукашэнкі, а ўласная інерцыя, звычка да моцнай рукі і гарачая любоў да вертыкалі ўлады.
Новая культура скончыцца там і тады, дзе і калі яе камусьці ўдасца ўзначаліць.
Больш як культура – гэта сацыяльны актывізм праз крэатыўныя практыкі: дызайн посттаталітарнай нацыі.
Таксама паглядзіце
Увесну 2025 года ArtPower Belarus, маштабная праграма, што фінансуецца Еўразвязам, працягне працу па спрыянні захаванню і развіццю незалежнай беларускай культуры. Абапіраючыся на …