Пры падтрымцы ArtPower Belarus Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) рэалізавала адукацыйны праект, накіраваны на захаванне беларускай мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці сярод дзяцей, якія жывуць за межамі Беларусі. У межах гранта была падтрымана прафесійная дзейнасць настаўнікаў, якія зазналі рэпрэсіі.
З лістапада 2025 года па травень 2026 года ў Варшаве і Гданьску праходзілі заняткі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, творчыя майстэрні, заняткі па батлейцы, традыцыйных спевах і танцах. Дзеці знаёміліся з беларускімі народнымі гульнямі, святамі і каляндарнымі абрадамі, атрымліваючы магчымасць вывучаць родную культуру праз непасрэдны ўдзел і супольную творчасць.
Беларуская школа ў Варшаве дзейнічае з 2022 года як анлайн- і афлайн-прастора для дзяцей, якія апынуліся ў Польшчы і іншых краінах пасля падзей у Беларусі. За гэты час частка яе аддзяленняў ператварылася ў самастойныя адукацыйныя ініцыятывы, а сама школа працягвае падтрымліваць сувязі паміж беларускімі сем’ямі і педагогамі ў розных краінах.