“
У снежні 2022 года ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прыйшоў былы кіраўнік Палацу дзяцей і моладзі «Золак» Зміцер Сямёнаў. Пасля гэтага на працягу 2023 года ідуць звальненні: з тэатру выціснулі мастачку-пастаноўшчыцу Людмілу Скітовіч (такіх спецыялістаў на краіну ўсяго некалькі чалавек), вядучую акторку Святлану Цімохіну, галоўнага рэжысёра Аляксея Ляляўскага – культавага пастаноўшчыка, які вырасціў не адно пакаленне актораў і рэжысёраў, а таксама вывеў мастацтва беларускага тэатру лялек на міжнародны ўзровень. Услед за імі тэатр пакінула шмат спецыялістаў, сярод якіх як акторы, гэтак і тыя, хто не навідавоку ў публікі.
Рэжысёрцы Настассі Грыненцы перасталі выдаваць пракатныя пасведчанні для спектакляў ейнага прыватнага тэатру «Тэрыторыя мюзіклу». Пасля паўтара года прастою ў Беларусі спадарыня Грыненка з’ехала ў Іркуцк, дзе заняла пасаду галоўнага рэжысёра Іркуцкага абласнога музычнага тэатру. Разам з ёю пераехаў харэограф-пастаноўшчык мюзіклаў Зміцер Якубовіч. Праз гэты ад’езд у Беларусі больш не засталося прафесіянала, які вышкталцона ведае гэтую сферу мастацтва, бо менавіта дзякуючы спадарыні Грыненцы ў Беларусь прывозіліся сусветныя мюзіклы. Напрыклад, дзякуючы легальна набытым аўтарскім правам выконвалася класічная «Ўэстсайдская гісторыя» і сучасны «Непадалёк ад нормы». Апошні ў 2018 годзе атрымаў нацыянальную тэатральную прэмію як найлепшы музычны спектакль (адзіны раз у гісторыі, калі ў намінацыі дзяржаўным опернаму і музычнаму давялося спаборнічаць з прыватным тэатрам).
У верасні 2022 года ў Варшаве прайшла сустрэча беларускіх тэатральных дзеячаў, падчас якой абвесцілі мемарандум аб заснаванні Беларускага інстытуту тэатру. Аднак гэта толькі заява пра намеры. Ніякай інфармацыі пра завяршэнне працэсу стварэння інстытуцыі дасюль не з’явілася, пра яго функцыянаванне не чуваць на публічных пляцоўках. Аднак ідэя добрая: тэатральная супольнасць зацікаўленая ў з’яўленні нейкага цэнтру, які дапамагаў бы наладжваць гарызантальныя сувязі паміж тэатральнымі дзеячамі, раскіданымі па розных краінах свету, а яшчэ спрыяў бы захаванню спадчыны, якая сёння актыўна выкрэсліваецца ў краіне.
Радуе, што падчас канферэнцыі для абмеркавання Беларускага інстытуту тэатру я пабачыла дзясяткі людзей, якія гараць ідэямі і гатовыя ствараць беларускія тэатры ды спектаклі.
У ліку тэндэнцыяў зазначу, што беларускія дзеячы мастацтва пачалі ўлівацца ў культурніцкую прастору тых краінаў, куды пераехалі. Гэта вельмі неабходная рэч, каб беларуская культура не замыкалася ў бурбалку. Каб пра беларусаў даведваліся ў свеце і ўспрымалі як роўных, трэба ўлівацца ў еўрапейскі арт-рынак. І першыя крокі на гэтым шляху робяць шмат якія айчынныя дзеячы. Напрыклад, Уладзімір Ушакоў ставіць спектаклі супольна з фінскімі акторамі ці бярэ ўдзел у Нарвежскай тэатральнай лабараторыі. Паліна Дабравольская ставіць спектаклі ў Чэхіі, Юрый Дзівакоў – свой на польскіх падмостках, а Мікалай Халезін паставіў оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Лондане.
Аднак засмучае, што Беларусь губляе тэатральных крытыкаў як прафесію. Старэйшыя пакаленні крытыкаў жорстка падзеленыя на тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто з’ехаў. Першыя шмат якія тэмы абыходзяць, часта не могуць выказваць шчырых думак, а то і проста «забываюцца» пра тых дзеячаў, хто рабіў тэатральную гісторыю, але цяпер апынуўся з другога боку барыкадаў. Другія вымушаныя прыстасоўвацца да новых умоваў жыцця ў эміграцыі: прафесія тэатральнага крытыка не можа пракарміць у выгнанні (часта няма дзе друкавацца), таму яны ці пераходзяць у іншую сферу ці пішуць надзвычай рэдка.
Да ўсяго гэтага маладое пакаленне крытыкаў у Беларусі прыходзіць, што называецца, з чыстага аркуша: яны могуць у 2023 годзе прапанаваць паглядзець пераможцу колішняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі – спектакль «Рэвізор» купалаўцаў з удзелам Манаева, хоць са зразумелых прычынаў у сённяшнім Тэатры імя Янкі Купалы той пастаноўкі пабачыць немагчыма. За мяжою новае пакаленне крытыкаў наўрад ці знойдзе пляцоўку, каб стала публікавацца, таму, хутчэй за ўсё, ці перакваліфікуецца, ці пойдзе працаваць у замежныя медыі. Адпаведна, і пісаць пра замежную культурніцкую плынь.
Ужо надышоў час прыняць, што нельга чакаць з’яўлення ўмоўнага міністэрства культуры ў выгнанні. Як цудоўна сказала Крысціна Дробыш, «людзі выязджаюць і ствараюць адзіную зразумелую сістэму каардынатаў існавання каманды – дыктатуру, якая ім вядомая». Замест таго каб чакаць, што нехта дасць грошай, пляцоўку, раскажа, як і што рабіць, лепш было зразумець, што цяпер усе мы ва ўмовах еўрапейскага арт-рынку. Таму трэба не толькі ствараць спектакль/перформанс/імпрэзу, але і вучыцца прасоўваць, шукаць выхады да замежных калегаў, спрабаваць разам прабівацца секцыяй беларускага тэатру на міжнародных тэатральных фестывалях. Тады беларускае тэатральнае мастацтва будзе не толькі захоўваць тое, што ўжо і так ёсць, але і развівацца.