26. 06. 02 Forum Kościuszkowskie_Fot Grzegorz Mehring (17)

Трыумф культуры як палітычнага чынніка. Пасляслоўе да Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску

Прадстаўнічы палітычны форум міжнароднага маштабу, дзе ў ліку раўнапраўных ўдзельнікаў поруч з афіцыйнымі асобамі кіроўных структур Еўразвязу, Польшчы, Украіны – прадстаўнікі беларускіх незалежных арганізацый культуры, беларускія творцы і даследчыкі, журналісты. Пляцоўка, дзе беларуская мова гучыць нароўні з польскай і англійскай, а праграма падзеі ўключае дыскусіі пра будучыню беларускай культуры як адказу на палітычны застой і неспрыяльныя ўмовы ва Усходняй Еўропе. Форум, дзе культура – на першым месцы, а не ў апошніх пунктах праграмы, да якіх “дажываюць” толькі адзінкі. Канферэнцыя, што завяршаецца мастацкім перфомансам, які адбываецца пры поўнай залі. 

Падчас круглага стала “Культура не маўчыць. Поспехі беларускай культуры ў Еўропе. Удзельнікі дыскусіі (злева направа): сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, мастачка Ала Савашэвіч, мастачка Руфіна Базлова, дырыжор Віталь Алексяёнак, кінарэжысёр Аляксей Палуян, музычны прадзюсар Аляксандр Багданаў і мадэратар Яцэк Колтан. Фота: S. Pelesa / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

Яшчэ колькі гадоў таму мы б апісвалі такі івэнт як “падзею мары”. Але сёння можам канстатаваць: мара здзейснілася і Беларуская Рада культуры поруч з Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднага пераходнага кабінета Беларусі спрычыніліся да яе ператварэння ў жыццё (мы былі кансультантамі падчас фармавання праграмы падзеі). Касцюшкаўскі форум у Гданьску, зладжаны сёлета Еўрапейскім Цэнтрам Салідарнасці і Міністэрствам замежных спраў Польшчы пад дэвізам “Культура як сіла дэмакратыі”, стаўся важным крокам да прызнання беларускай культуры і актараў, што яе ствараюць, паўнавартаснымі ўдзельнікамі палітычнага, эканамічнага і, вядома, культурнага жыцця рэгіёна. 

Што найбольш уразіла арганізатараў 

  • тэма беларускай культуры аказалася цікавай не толькі беларусам
  • форум перакладаўся на 4 мовы, і нават гэтага было недастаткова
  • колькасць удзельнікаў перавысіла ўсе чаканні
  • 120 гасцей зарэгістраваліся ў першыя 5 дзён пасля атрымання запрашэння
  • агулам 12 гадзін запар правялі разам удзельнікі форуму, абмяркоўваючы пытанні беларускай культуры 

На пляцоўках форуму і ў кулуарах прагучала шмат моцных прамоваў, было сказана шмат добрых словаў на адрас беларускай культуры і людзей, якія яе ствараюць, мы ж у пасляслоўі да падзеі паразважаем, якія масткі ў будучыню пачалі будавацца падчас гэтага івэнту і якія смелыя мары для беларушчыны мы можам мець ужо цяпер. Думаецца, сёлетні Касцюшкаўскі форум мае ўсе шанцы ўплыву на ўдакладненне прынцыпаў фінансавання галіны Еўразвязам, а таксама станоўча паўплывае на становішча беларускіх творцаў у Польшчы і іншых краінах Еўропы. 

Для беларускіх культурніцкіх актараў (арганізацый і творцаў)

Форум стаў знакам: новую беларускую культурніцкую інфраструктуру, што склалася пасля 2020 года, успрымаюць як самастойную, жыццяздольную. З беларусамі можна весці дыялог і нас важна падтрымліваць. Культура, якая сталася асобным прыярытэтам падтрымкі Еўразвязу, і надалей застанецца важным чыннікам уплыву на працэсы фармавання новай грамадзянскай супольнасці. Знакам таму – запланаваныя на пачатак снежня брусэльскія Belarusian Days з моцным культурніцкім складнікам, а таксама разуменне важнасці праграмы ArtPower Belarus не толькі як механізму фінансавання творчых праектаў, але і як штуршка да фармавання культурніцкай экасістэмы. 

Больш за тое, беларускіх творцаў, якія на форуме мелі магчымасць не толькі распавесці пра свае міжнародныя поспехі, але і падзяліцца ўласнымі праблемамі, страхамі і перасцярогамі, бачаць як рэсурс, у які варта ўкладацца і які можа ўласнымі галасамі дапаўняць шырокі еўрапейскі і лакальны (напрыклад, польскі, літоўскі) творчы ланшафт. А цікавасць да беларускіх творчых здабыткаў мае ўжо не толькі спарадычны, асабісты, але і сістэмны характар. Прыкладам таму – мапінг беларускай культуры ў Польшчы, прадстаўлены Цэнтрам дыялогу імя Мерашэўскага.

Каломб дэ Мэрсэ, кіраўніца сектара Беларусі ў Генеральнай дырэкцыі Еўрапейскай камісіі ў справах пашырэння і Усходняга партнёрства:

Каломб дэ Мерсэ, кіраўніца сектара Беларусі ў Генеральнай дырэкцыі Еўрапейскай камісіі ў справах пашырэння і Усходняга партнёрства. Фота: Grzegorz Mehring / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

“Праз культуру беларуская грамадзянская супольнасць захоўваецца, умацоўваецца і пастаянна аднаўляецца. Культурніцкія ініцыятывы ствараюць прасторы для дыялогу, даверу, салідарнасці і грамадзянскага ўдзелу, дапамагаючы захоўваць асновы дэмакратычнага і ўстойлівага грамадства.

Многія выбітныя прадстаўнікі беларускай культуры дасягаюць значных поспехаў на міжнародным узроўні. Яны ўзбагачаюць культурны ландшафт Еўропы, выбудоўваюць новыя партнёрствы і адкрываюць беларускія гісторыі для новых аўдыторый. Мне прыемна бачыць многіх з іх сёння ў гэтай зале. Іх праца не толькі ўмацоўвае сувязі з міжнароднай аўдыторыяй, але і працягвае дасягаць людзей унутры Беларусі. Захаванне гэтых культурных абменаў мае істотнае значэнне. Такія ініцыятывы забяспечваюць значную міжнародную бачнасць беларускай культуры, што пацвярджаюць праекты, падтрыманыя праграмай ArtPower Belarus, у тым ліку Беларускі павільён на Венецыянскай біенале Official. Unofficial. Belarus і фільм, прысвечаны Алесю Бяляцкаму, Unbroken”.

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, – удзельніца дэбатаў “Чаму культура – адказ на палітычны застой?” У дыскусіі бяруць удзел (злева направа): прадстаўнік Офіса Рады Еўропы ў Варшаве Ежы Баурскі, дакладчыца Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Бэлінда Гатардзі, кіраўніца сектара Беларусі ў Генеральнай дырэкцыі Еўрапейскай камісіі ў справах пашырэння і Усходняга партнёрства Каломб дэ Мерсэ, праваабаронца, лаўрэат нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Артур Харазім, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў справах нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі і мадэратар, кіраўнік Калегіі Усходняй Еўропы Лаўрынас Вайчунас. Фота: Grzegorz Mehring / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі:

“Чаму падтрымка беларускай культуры, культурных сувязяў, нацыянальнай ідэнтычнасці мае такое значэнне цяпер?

Па-першае, культура служыць мостам паміж беларусамі па абодва бакі мяжы. Калі сотні тысячаў апынуліся ў выгнанні, праз мову, літаратуру, музыку, тэатр, супольную памяць мы захоўваем сувязь адно з адным.

Па-другое, нацыянальная ідэнтычнасць – найважнейшы інструмент супраціву “рускаму міру”. Нездарма Расія праводзіць гвалтоўную русіфікацыю як у Беларусі, так і на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Па-трэцяе, культура – гэта таксама элемент бяспекі. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць робіць грамадства больш устойлівым да прапаганды і спробаў знешняга кантролю.

І, нарэшце, культура – гэта тое, што яднае нас з Еўропай. Беларусь гістарычна была часткай еўрапейскай культурнай прасторы і агульнаеўрапейскай спадчыны. І падтрымліваючы культуру, мы ўзмацняем еўрапейскасць беларускага грамадства. 

Мне здаецца, што ў Еўрапейскім Саюзе з’явілася дакладнае разуменне таго, што культура з’яўляецца цэнтральным элементам бяспекі. Дзякуй Швецыі, Нідэрландам, Ірландыі, Германіі, а таксама краінам Паўночнай Еўропы і Балтыі, якія падтрымліваюць культурніцкія праекты і ініцыятывы ”.

Для еўрапейскіх культурніцкіх актараў (арганізацый і творцаў)

Беларускія культурніцкія арганізацыі і творцы – ужо сёння паўнавартасныя партнёры для еўрапейскіх калегаў, а таксама крыніца новага досведу, ведаў і паплечнікі ў пошуку адказаў на складаныя пытанні нашага часу. У іх ліку – адно з найважнейшых на сёння: “чаму культура – краевугольны камень дэмакратыі і грамадскай устойлівасці?” 

Абмежаванасць рэсурсаў і крыніц фінансавання, высокая канкурэнцыя, досвед культурніцкай міграцыі і патрэбы інтэграцыі ў новыя супольнасці (або наадварот – інтэгравання новых членаў грамадства ў існыя культурніцкія і сацыяльныя колы) – рэчасінасць, у якой жывём не толькі мы, беларусы, але і еўрапейскія актары. І для іх культура – сфера жыцця, якая найчасцей становіцца ахвярай зменаў у палітычным, эканамічным жыцці, а таксама бачыцца моцнымі гэтага свету сіламі як нешта збыткоўнае і апцыянальнае. 

Задача паставіць культуру ў цэнтр развагаў пра нацыянальную бяспеку – крызісны план беларусаў на часы турбулентнасці і адсутнасці падтрымкі з боку дзяржавы – аказваецца актуальнай і для еўрапейцаў. Сюды дадаецца таксама наш багаты досвед выжывання, захавання ўласнай культуры поруч з дзяржавай-імперцам, супрацьстаяння культурнай каланізацыі і адбудовы новай незалежнай культурніцкай інфраструктуры ва ўмовах пастаяннага ўжо амаль 6-гадовага крызісу і рэпрэсій. 

Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт, рэгіянальная дырэктарка па дзейнасці Дацкага інстытута культуры ў краінах Усходняга партнёрства:

Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт, рэгіянальная дырэктарка па дзейнасці Дацкага інстытута культуры ў краінах Усходняга партнёрства. Фота: S. Pelesa / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

“У Даніі культуру толькі нядаўна пачалі разумець у больш шырокім сэнсе — як важную для дэмакратычнай устойлівасці і бяспекі. Цягам многіх гадоў публічныя дыскусіі пра культуру зводзіліся толькі да мастацтваў. Сёння, аднак, фармуецца новы наратыў пра ўсеахопную прыроду культуры, і я ганаруся тым, што магу далучацца да гэтых дыскусій, прыносячы ў іх перспектывы, прыклады і адкрыцці з нашага цеснага супрацоўніцтва з партнёрам праграмы ArtPower Belarus — Беларускай Радай культуры — і з іншымі партнёрамі з краін Усходняга партнёрства.

Напрыклад, для большасці датчанаў сляпой зонай застаецца тое, што краіны рэгіёна Усходняга партнёрства знаходзіліся пад уплывам каланіяльнай культурнай палітыкі свайго вялікага суседа. У той жа час цягам многіх дзесяцігоддзяў ніхто не ставіў пад пытанне, чаму пры вывучэнні Усходняй Еўропы праграмы дацкіх універсітэтаў засяроджваліся толькі на рускай культуры і рускай мове, а ў кнігарнях стаялі цэлыя паліцы перакладаў рускай класікі на дацкую мову. Толькі праз супрацоўніцтва з калегамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і іншых краін мы пачынаем бачыць зусім іншыя перспектывы ў пошуку адказаў на такія складаныя пытанні. І з гэтым новым досведам мы можам пачаць уплываць на грамадскі дыялог пра культуру ў сваёй краіне”.

Для еўрапейскіх донараў і палітычных структураў 

Навошта мы Еўропе і навошта Еўразвязу падтрымліваць беларускую культуру? Гэта ці не самае частае пытанне, што гучала падчас форуму. Знайсці пераканальныя адказы на яго – задача з зорачкай. Аднак у сваіх прамовах прадстаўнікі структур Еўразвязу неаднойчы давалі падказкі. 

Усё проста і складана адначасова: “Еўропа няпоўная без дэмакратычнай Беларусі. Еўрапейская Беларусь, якую прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць, з’яўляецца неад’емнай часткай агульнага еўрапейскага дому”. Іншымі словамі, мы – абарона еўрапейскай прасторы ад захопніцкага расійскага наратыву. Захаваць беларусаў беларусамі, выгадаваць і выхаваць у беларускім грамадстве лідараў супольнасцяў, актараў дэмакратычных зменаў – стратэгічная задача і для Еўразвязу. На сёння культура застаецца ці не адзінай сферай, дзе гэтыя змены могуць быць заўважнымі, уплывовымі і вымяральнымі. У тым ліку ў кантэксце развагаў пра беларускую культурную прастору як адзіную для тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. 

Бэлінда Гатардзі, дакладчыца Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы:

Бэлінда Гатардзі, дакладчыца Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Фота: www.bologna24ore.it

У сітуацыі палітычнага тупіку аўтарытарныя рэжымы спрабуюць перапісаць гісторыю, сцерці ідэнтычнасць і манапалізаваць наратыў. У адказ жывая дэмакратычная культура становіцца і шчытом, і стратэгіяй. Яна захоўвае гістарычную праўду, умацоўвае салідарнасць супольнасцяў і каардынуе мірны супраціў. Для беларусаў адзначаць сваю багатую культурную спадчыну, сваю мову і сваю еўрапейскую ідэнтычнасць – акт непадпарадкавання. Гэта заява пра тое, што Беларусь належыць да еўрапейскай сям’і каштоўнасцяў.

Цяпер мы рыхтуем даклад пра ролю мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і беларусаў у выгнанні. Гэты даклад прапануе практычныя рэкамендацыі, якія дапамогуць мясцовым і рэгіянальным уладам па ўсёй Еўропе адаптаваць так званыя “Люксембургскія рашэнні” да мясцовага ўзроўню, каб адказаць на шматлікія выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні. Наша мэта – узмацніць магчымасці еўрапейскіх муніцыпалітэтаў абараняць беларускую дыяспару ад транснацыянальных рэпрэсій, спрашчаць яе прававы статус і забяспечваць доступ да мясцовых паслуг.

Такім чынам, мы хочам дамагчыся таго, каб беларусы ў выгнанні былі не проста пасіўнымі атрымальнікамі дапамогі, а актыўнымі ўдзельнікамі грамадзянскага жыцця супольнасцяў, якія іх прымаюць”. 

Для бачнасці Беларусі і беларускай культуры ў свеце

Асобная частка дыскусіі была прысвечаная пытанню бачнасці Беларусі. Аднак размова пра бачнасць непазбежна прыводзіць і да больш складаных пытанняў: што перашкаджае беларусам быць часткай еўрапейскай культурнай прасторы і якія рашэнні могуць змяніць сітуацыю. Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін падчас тэматычнай панэлі паспрабаваў наўмысна перавесці дыскусію з агульных тэзісаў пра значнасць беларускай культуры да канкрэтных выклікаў, якія сёння стаяць перад беларускімі творцамі, даследчыкамі і культурніцкімі менеджарамі.

Паўнамоцны прадстаўнік міністра замежных спраў Польшчы для супрацы з беларускім дэмакратычнымі коламі Адам Халаціньскі, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін – у ліку ўдзельнікаў круглага стала “Беларуская культура 404”. Фота: Grzegorz Mehring / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

“Калі мы гаворым пра будучыню Беларусі, трэба памятаць, што сёння ідзе змаганне не толькі за межы, але і за людзей. Падчас дыскусіі я спытаў у залі, ці ведае хто-небудзь, колькі каштуе квіток на самалёт Мінск – Санкт-Пецярбург туды-назад. Адказ быў – каля 50 еўра. І гэта вельмі сімвалічная сума. Бо пакуль Еўропа зачыняецца для многіх беларусаў праз візавыя і бюракратычныя бар’еры, Расія застаецца адкрытай. Мы ўжо цяпер губляем людзей, якія маглі б удзельнічаць у еўрапейскай культурнай і прафесійнай прасторы, але ўсё мацней уцягваюцца ў расійскую. Таму пытанне мабільнасці беларусаў – гэта пытанне нашай незалежнасці, еўрапейскай бяспекі і будучыні ўсяго рэгіёна, тут справа не ў камфорце і не ў турызме”. 

Кіраўнік Беларускай Рады культуры таксама зазначыў, што беларусы зацікаўленыя ў незалежнай Беларусі. Украіна і краіны Еўразвязу таксама зацікаўленыя тым, каб паміж імі была незалежная Беларусь, а не тэрыторыя, кантраляваная Расіяй. Таму нам патрэбная не толькі сімвалічная падтрымка беларускай культуры, але і больш сумесных праграм, рэзідэнцый, адукацыйных магчымасцяў, прафесійных абменаў, паездак і жывых сустрэч. Нам патрэбны якасны культурны кантэнт, які будзе адцягваць аўдыторыю ад імперскага цэнтра прыцягнення і дапамагаць будаваць альтэрнатыўную прастору супрацоўніцтва. Бо супрацьстаяць “рускаму свету” можна не толькі санкцыямі і дэкларацыямі, але і праз культуру, чалавечыя сувязі і супольны досвед”, – зазначыў кіраўнік Беларускай Рады культуры. 

Высновы 

  1. Беларуская культура – моцны палітычны фактор

    Касцюшкаўскі форум паказаў, што беларуская культура стала асобнай мовай дэмакратычнага прадстаўніцтва, спосабам гаварыць пра Беларусь у Еўропе і інструментам уплыву на будучыню краіны і – шырэй – усяго рэгіёна. Як культуры заўсёды ёсць месца ў палітычным дыялогу, так і палітыкам заўсёды ёсць пра што паразважаць падчас культурніцкіх івэнтаў. І ў гэтай сінергіі намаганняў могуць нараджацца прыгожыя, годныя справы.

  2. Беларускія культурніцкія актары прызнаныя паўнавартаснымі партнёрамі

    Форум замацаваў важную змену: беларускія незалежныя арганізацыі, творцы, даследчыкі і культурніцкія ініцыятывы ўспрымаюцца не як маўклівыя рэцыпіенты дапамогі, а як самастойныя ўдзельнікі рэгіянальнага дыялогу. З імі можна і трэба будаваць доўгатэрміновыя партнёрствы.

  3. Культура можа стаць асновай новай рэгіянальнай салідарнасці

    Беларускі досвед рэпрэсій, культурнай міграцыі, супрацьдзеяння імперскім наратывам і адбудовы незалежнай інфраструктуры важны не толькі для беларусаў. Ён можа быць карысным для Польшчы, Украіны, Літвы і іншых еўрапейскіх краін у пошуку адказаў на пытанні бяспекі, ідэнтычнасці і грамадскай устойлівасці. 

  4. Падтрымка беларускай культуры – стратэгічная інвестыцыя ў дэмакратычную Беларусь

    Захаванне і развіццё беларускай культуры спрыяе фармаванню супольнасцяў, выхаванню лідараў, выбудове даверу і сувязяў паміж тымі, хто застаўся ў Беларусі, і тымі, хто апынуўся ў выгнанні. Менавіта ў культуры сёння захоўваецца прастора для будучых дэмакратычных зменаў.

  5. Культура можа адкрыць новы канал беларуска-ўкраінскага дыялогу

    Менавіта праз культуру можна пачынаць размову там, дзе палітычны дыялог часта застаецца складаным або абмежаваным. Сумесныя праграмы, даследаванні, пераклады, адукацыйныя і медыйныя праекты могуць стаць не толькі формай узаемнай падтрымкі, але і моцным інструментам супрацьдзеяння расійскаму імперыялізму. Такая супраца дазволіць беларусам і ўкраінцам разам асэнсоўваць досвед каланіяльнага ціску, абараняць уласныя культуры і будаваць агульную антыімперскую салідарнасць. 

  6. Важна перайсці ад прызнання да сістэмных рашэнняў

    Галоўны напамін пасля Гданьска: сімвалічнай падтрымкі ўжо недастаткова. Патрэбныя доўгатэрміновыя праграмы, устойлівыя механізмы фінансавання, даследаванні, мапінгі, міжнародныя партнёрствы і палітычныя рашэнні, якія дазволяць беларускай культуры не проста выжываць, а развівацца і ўплываць на рэгіён і будучыню Беларусі.

Фрагменты танцавальнага перфомансу Агнэтэ Лісічкінайтэ і Ігара Шугалеева Clap & Slap, якім завяршыўся форум. Фота: Grzegorz Mehring / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

Форум імя Касцюшкі ў Гданьску – гэта міжнародная платформа для дыялогу паміж прадстаўнікамі культуры, грамадзянскай супольнасці, экспертнага асяроддзя і дэмакратычных інстытуцый Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы і іншых еўрапейскіх краін. Сёлета ладзіўся Еўрапейскім цэнтрам Салідарнасці і Міністэрствам замежных справаў Польшчы ўжо другі раз і стаў прасторай для абмеркавання ролі культуры ў грамадскіх трансфармацыях, умацаванні дэмакратыі, захаванні гістарычнай памяці і развіцці рэгіянальнай салідарнасці.

Фота на галоўнай: Grzegorz Mehring / архіў Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці

Таксама паглядзіце

У новым конкурсным коле па Трэку 1 «Арганізацыйнае развіццё» праграмы ArtPower Belarus падтрымку атрымалі 14 праектаў. Гэты кірунак падтрымлівае беларускія культурніцкія арганізацыі …

Тры месяцы таму, у пачатку лютага 2026 года, Беларуская Рада культуры аб’явіла збор на падтрымку беларускага даследчыка і грамадскага дзеяча Юрася Юркевіча. …