Увосень 2020 года, калі незалежны культурніцкі сектар сутыкнуўся з рэпрэсіямі, стратай інстытуцый і рэсурсаў, вымушанай эміграцыяй, была заснаваная Беларуская Рада культуры. З таго часу, за гэтыя кароткія і доўгія 6 гадоў, мы падтрымалі сотні творцаў ды іх праектаў, рэалізавалі дзясяткі ўласных ініцыятыў, але разам з тым спрычыніліся да больш значных зрухаў. Гаворка пра адбудову інфраструктуры незалежнай беларускай культуры, а таксама пазіцыянаванне, міжнародныя сувязі і доступ творцаў да рэсурсаў.
Вось шэсць зменаў, якія сёння ўжо ўспрымаюцца як нешта звыклае і заканамернае, але да якіх, як мы лічым, спрычынілася і Беларуская Рада культуры.
1. Культура – асобны прыярытэт міжнароднай падтрымкі Беларусі
Яшчэ ў 2020 годзе культура ў міжнародных праграмах падтрымкі Беларусі заставалася дадаткам да іншых сфер. Яе значнасць даводзілася тлумачыць асобна і шматкроць, а патрэбы культурніцкага сектара – уключаць у больш шырокія праграмы грамадзянскай супольнасці, правоў чалавека або дэмакратычных трансфармацый.
Сёння ж культура ўсё часцей разглядаецца як самастойны кірунак падтрымкі – са сваімі патрэбамі, экспертызай і асобнымі інструментамі фінансавання. Яна стала больш прыкметнай не толькі ў міжнародным парадку дня, але і ўнутры беларускай грамадзянскай супольнасці і дыскусій пра будучыню краіны.

Дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая:
Гэты зрух не адбыўся сам па сабе. На працягу шасці гадоў мы сістэмна даследавалі патрэбы культурніцкага сектара, распрацоўвалі стратэгіі, удзельнічалі ў міжнародных кансультацыях і сустрэчах, адвакатавалі культуру там, дзе прымаліся рашэнні пра падтрымку Беларусі. Часта гэтая праца пачыналася яшчэ да таго, як для яе існавалі асобныя праграмы і фінансаванне.
Цяпер культура прысутнічае ў праграмах Еўрапейскага Саюза і шэрагу нацыянальных донараў і партнёраў, у тым ліку Швецыі, Даніі і Германіі. Створаныя і спецыяльныя інструменты падтрымкі беларускай культуры, напрыклад, ArtPower Belarus (у межах гэтай праграмы ўжо падтрыманыя больш як 200 праектаў беларускіх творцаў). Тэма культуры ўсё часцей становіцца асобнай часткай міжнародных форумаў, канферэнцый і размоў пра Беларусь.
Сёння ўжо не трэба кожны раз пачынаць размову з тлумачэння, навошта ўвогуле падтрымліваць культуру. Пачаткам дыялогу ўжо ёсць іншае пытанне: якая падтрымка беларускай культуры патрэбная і як зрабіць яе больш устойлівай і эфектыўнай?
2. Сектар незалежнай культуры мае інфраструктуру
Крызіс пасля падзей 2020 года прымусіў большасць культурніцкіх ініцыятыў думаць найперш пра выжыванне: як захаваць каманду, знайсці фінансаванне і рэалізаваць наступны праект. На гэтым фоне стварэнне прафесійных сетак, асацыяцый і новых інстытуцый магло падавацца другаснай задачай, а новыя аб’яднанні маглі ўспрымацца як прэтэндэнты на абмежаваныя рэсурсы.
Сёння поле выглядае інакш. За шэсць гадоў не менш за 20 прафесійных сетак, асацыяцый і інстытуцый атрымалі ад Беларускай Рады культуры фінансавую, праектную, адукацыйную або ментарскую падтрымку. Але важна тое, што многія з іх цяпер развіваюцца самастойна: шукаюць фінансаванне, аб’ядноўваюць прафесійныя супольнасці, запускаюць партнёрскія праекты, выходзяць на міжнародны ўзровень і прадстаўляюць інтарэсы сваіх сфераў.
З’явіліся і механізмы каардынацыі паміж арганізацыямі. Форум культурніцкіх арганізацый сёння аб’ядноўвае больш за 30 удзельнікаў, якія рэгулярна сустракаюцца, абменьваюцца інфармацыяй, абмяркоўваюць стан сектара і разам працуюць над агульнымі задачамі.

Намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая:
Гэтую змену цяжка звесці да аднаго паказчыка. Яна бачная ў тым, як працуе само прафесійнае поле: арганізацыі часцей дзеляцца рэсурсамі і інфармацыяй, задумваюць і робяць сумесныя праекты, разам даследуюць патрэбы сектара і рыхтуюць адвакацыйныя дакументы. Там, дзе шэсць гадоў таму пераважалі асобныя праекты і барацьба за ўласнае выжыванне, сёння паступова фармуецца сетка ўзаемазвязаных інстытуцый і прафесійных супольнасцяў.
3. Беларуская культура – бачная частка еўрапейскай культурнай прасторы
Прысутнасць беларускай культуры ў Еўропе стала больш заўважнай і сістэмнай. Гаворка ўжо не пра асобныя гастролі, выставы ці поспехі канкрэтных творцаў, але пра рэгулярны ўдзел у прафесійных сетках, фестывалях, міжнародных праграмах і культурных дыскусіях.
Так, беларускі складнік закладзены ў падрыхтоўку праграмы Lublin European Capital of Culture 2029. Беларускія праекты і творцы атрымліваюць узнагароды і прэміі, удзельнічаюць у «Берлінале», Венецыянскай біенале, Авіньёнскім тэатральным фестывалі і іншых міжнародных падзеях. Праз праграмы мабільнасці сотні беларускіх дзеячаў культуры трапілі на фестывалі і прафесійныя сустрэчы, знайшлі новых партнёраў і ўвайшлі ў міжнародныя сеткі.
Але пойдзем далей: міжнародныя сувязі ўжо не будуюцца выключна з ініцыятывы беларускага боку. Да нас звяртаюцца замежныя медыя, даследчыкі і культурніцкія арганізацыі – са Швецыі, Даніі, Італіі, Фінляндыі, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін, калі шукаюць экспертызу, партнёраў або кантэкст пра Беларусь.

Беларуская культура паступова перастае быць «белай плямай», якую кожны раз трэба прадстаўляць з самага пачатку. Яна ўсё часцей прысутнічае ў міжнароднай размове як пазнавальны і самастойны ўдзельнік, цікавы і важны далёка за межамі беларускага кантэксту.
4. Аналітыка культуры ўплывае на праграмы падтрымкі
Сістэмных дадзеных пра незалежную беларускую культуру доўгі час не хапала: пра стан сектара, яго патрэбы і змены даводзілася меркаваць па асобных даследаваннях, назіраннях і досведзе саміх культурніцкіх актараў. Рэгулярная аналітыка дазволіла гэта змяніць. З году ў год мы даследуем незалежную беларускую культуру, таму сёння можам бачыць дынаміку, параўноўваць перыяды і заўважаць новыя тэндэнцыі.

Каардынатарка аналітыкі Марыя А.:
Але галоўная змена ў тым, што аналітыка ўсё часцей выходзіць за межы саміх публікацый і ўплывае на практычныя рашэнні. Высновы прац нашых экспертаў выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых праграм падтрымкі і карэкціроўцы ўжо існых механізмаў, яны становяцца асновай для адвакацыйных пазіцый, дакладаў і міжнародных дыскусій.
Вакол даследаванняў мы ладзім медыябрыфінгі і экспертныя сустрэчы, дзе вынікі аналітычных дакументаў становяцца падставай для размовы паміж даследчыкамі, культурніцкімі актарамі, журналістамі, донарамі і міжнароднымі партнёрамі.
У выніку аналітыка становіцца працоўным інструментам, які дапамагае лепш разумець стан незалежнай беларускай культуры і настройваць праграмы падтрымкі на яе рэальныя патрэбы.
5. Падтрымка для творцаў = магчымасць працягваць прафесійную працу
За шэсць гадоў праз кірунак дапамогі Беларускай Рады культуры прайшлі больш як тры тысячы зваротаў ад дзеячаў культуры, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, вымушанай эміграцыяй, стратай працы або магчымасці працягваць прафесійную дзейнасць.
Менеджарка кірунка дапамогі Алена Д.:
Спачатку такая падтрымка найчасцей была адказам на востры крызіс: дапамагчы ў складанай сітуацыі, пракансультаваць, знайсці неабходныя рэсурсы. З часам змянілася сама логіка гэтай працы, бо недастаткова дапамагчы чалавеку перажыць крызіс – важна не даць яму выпасці з прафесіі, страціць сувязі з культурніцкай супольнасцю і магчымасць ствараць далей.
Таму побач з персанальнай дапамогай з’явіліся механізмы праектнай падтрымкі ў асаблівых абставінах. Яны даюць магчымасць дзеячам культуры пасля рэпрэсій, турмы, вымушанай эміграцыі або страты рэсурсаў вярнуцца да прафесійнай працы, рэалізаваць новы праект і зноў уключыцца ў творчае жыццё. За першы год працы Трэка 3 у межах праграмы ArtPower Belarus (праекты ў складаных абставінах) падтрымку атрымалі 36 творчых задумак, з іх 23 ажыццяўляюцца рэпрэсаванымі дзеячамі культуры, у тым ліку 12 былымі палітзняволенымі, што былі змушаныя пакінуць Беларусь пасля вызвалення.
Так захоўваецца прафесійны досвед і творчы шлях асобнага аўтара, а таксама ўзбагачаецца патэнцыял усяго культурніцкага сектара.
6. Культурніцкія актары сталі больш самастойныя ў пошуку магчымасцяў
Фінансаванне дапамагае рэалізаваць канкрэтны праект, але само па сабе не робіць сектар больш устойлівым. Таму з часам усё большую частку нашай працы пачалі займаць адукацыя, ментарства і нетворкінг – тое, што дапамагае творцам і камандам самастойна знаходзіць магчымасці, будаваць партнёрствы і выходзіць да новых рэсурсаў.
Мы ствараем магчымасці для развіцця прафесійных уменняў і абмену досведам, дапамагаем наладжваць сувязі з бізнесам, міжнароднымі партнёрамі і іншымі культурніцкімі арганізацыямі. Бывае, што заяўка не атрымлівае падтрымку ў межах нашай праграмы, але сам праект усё роўна рэалізуецца – дзякуючы іншаму фінансаванню, новым партнёрам або мадэлі, якую каманда здолела знайсці самастойна.
Для нас гэта і ёсць адна з галоўных зменаў: падтрымка мусіць не ўзмацняць залежнасць творцаў ад донараў або асобнай арганізацыі, а наадварот – развіваць іх здольнасць дзейнічаць самастойна і знаходзіць уласныя шляхі для рэалізацыі ідэй.

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін:
Нашая роля – ствараць і падсілкоўваць экасістэму, у якой беларуская культура можа расці і развівацца. Мы дапамагаем фармаваць асяроддзе, дзе культурніцкі сектар можа знаходзіць неабходныя рэсурсы – фінансаванне, веды, аналітыку, сувязі, партнёрствы і міжнародныя магчымасці. Калі тое, што яшчэ некалькі гадоў таму патрабавала асобных высілкаў, адвакатавання і барацьбы за рэсурсы, сёння пачынае ўспрымацца як нешта натуральнае, – значыць, асяроддзе сапраўды змянілася і стала больш спрыяльным для захавання і развіцця беларускай культуры. Для нас гэта найлепшы вынік.