Праграма ArtPower Belarus абвяшчае старт новага конкурснага кола па Трэку 2. Творчыя праекты. Прыём заявак адкрываецца 24 верасня 2026 года і працягнецца да 29 кастрычніка 2026 года, 15:00 па мінскім часе (GMT+3). Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя не пазней за 28 снежня 2026 года.
Трэк 2 накіраваны на падтрымку стварэння культурніцкіх прадуктаў і ініцыятыў, якія спрыяюць свабодзе выказвання, развіццю жывой і разнастайнай беларускай культуры і яе даступнасці для шырокай аўдыторыі. Падтрымку могуць атрымаць розныя фарматы — ад мастацкіх праектаў, фільмаў, кніг і музычных альбомаў да адукацыйных і даследчых праграм, фестываляў, перформансаў, майстар-класаў і іншых культурніцкіх ініцыятыў.
У новым коле па-ранейшаму даступныя два фарматы падтрымкі — Міні і Мідзі, аднак для Мідзі змяніліся максімальная сума гранта і тэрміны рэалізацыі праектаў.
Міні-гранты:
- сума гранта — ад 3 000 да 10 000 еўра;
- працягласць праекта — ад 1 да 6 месяцаў.
Мідзі-гранты:
- сума гранта — ад 10 000 да 35 000 еўра;
- у выпадках, якія адпавядаюць дадатковым умовам, могуць быць разгледжаныя заяўкі на суму да 50 000 еўра;
- працягласць праекта — ад 3 да 8 месяцаў.
Рэалізацыя праектаў, адабраных у гэтым коле, можа пачацца не раней за 1 лютага 2027 года і павінна завяршыцца не пазней за 30 верасня 2027 года.
Як падаць заяўку
Заяўкі прымаюцца праз грантавую сістэму ArtPower Belarus, там жа знаходзіцца і поўная дакументацыя.
Перад падачай варта азнаёміцца з поўнымі ўмовамі конкурсу, праверыць адпаведнасць праекта прыярытэтам праграмы і патрабаванням абранага фармату падтрымкі.
Дадатковая інфармацыя даступная на старонцы праграмы ArtPower Belarus.
Працягваецца прыём заявак па Трэку 3
ArtPower Belarus працягвае прымаць заяўкі і па Трэку 3. Праекты ў асаблівых абставінах. Ён прызначаны для беларускіх дзеячаў культуры і ініцыятыў, якія сутыкнуліся са складанымі або непрадбачанымі жыццёвымі і прафесійнымі абставінамі і маюць патрэбу ў падтрымцы для рэалізацыі культурніцкага праекта.
Заяўкі па Трэку 3 прымаюцца на сталай аснове. Сума гранта складае ад 1 000 да 5 000 еўра, а ў выключных выпадках — да 10 000 еўра. Адбор адбываецца 1–2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці заявак, а рэалізацыя праекта павінна завяршыцца не пазней за 31 жніўня 2027 года.
Падтрымка можа быць выкарыстана для невялікіх культурніцкіх праектаў, тэрміновых дзеянняў і мабільнасцяў, удзелу ў міжнародных падзеях, рэзідэнцыях, адукацыйных праграмах і даследаваннях, а таксама для завяршэння праектаў, рэалізацыя якіх апынулася пад пагрозай.
Падрабязныя крытэрыі ўдзелу, патрабаванні да заявак і ўмовы фінансавання па Трэку 3 таксама размешчаныя на старонцы ArtPower Belarus.
Пытанні па конкурсах можна дасылаць на электронную пошту: info@artpowergrants.org.