Frame 504

Беларуская культура: агляд (студзень – сакавік 2026)

Літаратура: Справа кніганошы вымагае адвагі

Кіно: Ананімы і прапаганда

Тэатр: Завяршэнне кадравай рэвалюцыі і скандалы ў сталічных калектывах

Музыка: Вяртанне канцэртаў у Беларусь і міжнародныя поспехі.

Арт: Сусветныя перамогі і страты на месцах

 


Літаратура: Справа кніганошы вымагае адвагі

Пачатак 2026 года прынёс беларускай кніжнай супольнасці чарговыя выпрабаванні: страты, затрыманні і новыя абмежаванні змянілі ландшафт літаратурнага жыцця. Кніга тут ужо не толькі матэрыял для чытання і роздуму, але і азнака рызыкі, якую яна нясе пісьменніку, выдаўцу, распаўсюджвальніку і чытачу. На гэтым фоне асабліва выразна бачна, як падзяляюцца афіцыйная і незалежная літаратурныя прасторы Беларусі. Але не ўсё так сумна. Новыя выданні працягваюць друкавацца, а беларускія аўтары заваёўваюць прызнанне, у тым ліку міжнароднае.

Кніжны кірмаш на фоне стратаў і рэпрэсій

Для беларускага літаратурнага жыцця пачатак 2026 года быў вельмі балючы: 10 лютага не стала выдаўца і паэта Рамана Цымберава. Яго смерць пацягнула за сабой і знікненне выдавецтва «Цымбераў», якое Раману ўдалося легалізаваць у Беларусі, што цяпер даволі няпроста, і закрыццё кніжных павільёнаў 41 і 42 у ГЦ «Купалаўскі» – важнай кропкі незалежнай беларускай культуры на мапе Мінска (такіх месцаў засталося вобмаль). Раман – кніганоша, які звязваў літаратурныя сусветы ўнутры і звонку Беларусі, цяпер гэты канал сувязі адсечаны.

У той жа дзень, 10 лютага, сілавікі прыйшлі ў арт-прастору Парасон. На цяперашні момант некалькі чалавек з арганізатараў «Парасона» за кратамі, таксама дапытваюць лектараў. Праз некалькі дзён былі затрыманыя кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха, кіраўнік выдавецтва «Зміцер Колас» (ліквідаванае ў 2023) і Вацлаў Багдановіч, кіраўнік выдавецтва «Тэхналогія» – найстарэйшага прыватнага выдавецтва ў Беларусі. 21 лютага «Тэхналогія» спыніла працу. Па стане на сярэдзіну красавіка Зміцер Колас застаецца за кратамі. У гэты перыяд быў затрыманы, а пасля вызвалены Зміцер Санько, рэдактар «Тэхналогіі».

Адначасова з рэпрэсіямі супраць выдаўцоў адбываліся падрыхтоўка і правядзенне XXXIII Мінскай кніжнай выставы-кірмашу, якая ладзілася 17–22 сакавіка ў БелЭкспа, дзе ані «Цымберава», ані «Тэхналогіі» ўжо быць не магло. Цэнтральныя тэмы падзеі сёлета – «35-годдзе СНД» і «Год беларускай жанчыны». Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» прадставіла кнігу «Я смогла»: 27 гісторый беларускіх жанчын – ад Еўфрасінні Полацкай і Рагнеды да Іды Разенталь і Ларысы Александроўскай. Узгадалі ў выданні дастаткова лаяльных уладам сучасніц – Дар’ю Домрачаву і Арыну Сабаленку. У дзяржаўным выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». У першыя дні кірмашу, 17 і 18 сакавіка, быў арганізаваны «паэтычны аўтобус» ад Нямігі да БелЭкспа, дзе аўтары дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі чыталі ўласныя жыццесцвярджальныя тэксты, кшталту: «Есть надёжное плечо – ты его почувствуй, коль сегодня хорошо – завтра будет лучше» (аўт. Таццяна Шурынава). З замежных краін на кніжнай выставе найбольш была прадстаўленая Расія, з найбольш вядомых яе пісьменнікаў – жанравікі кшталту аўтара маскулінна-«патрыятычных» раманаў Андрэя Рубанава ці дэтэктыўшчыцы Дар’і Данцовай. З далёкага і досыць экзатычнага для Мінска свету – стэнды Венесуэлы, Палестыны і КНДР (зрэшты, стэнд Венесуэлы быў і летась). Таксама ўпершыню на кніжнай выставе ў Мінску з’явіўся стэнд выдавецтва “Чорная сотня”, што досыць парадаксальна ў краіне, якая на дзяржаўным ўзроўні актыўна дэкларыруе барацьбу з фашызмам.

Фотафакт з Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Крыніца: https://www.sb.by/

З кніжных падзей унутры Беларусі варта адзначыць і фестываль Review, які адбыўся ў Мінску ў лютым. З выступаў – лекцыя пра стварэнне бестселера ад аўтаркі кнігі «К себе нежно» Вольгі Прымачэнкі, выступ Сяргея Лескеця, прысвечаны нон-фікшну пра беларускіх шаптух, Вікторыя Кляўко апавядала пра тое, як стварыць кніжны клуб. Праз месяц, 24 сакавіка, распачало сезон паэтычнае шоу «Эшафот», добра вядомае ў Мінску канца 2010-х.

Гронка фэстаў і група экстрэмістаў

Тым часам Стральцоўскі фэст «Вершы на асфальце», які быў запачаткаваны ў 2012 у Мінску і з 2022 года адбываўся ў Вільні, сёлета пераехаў у Варшаву. Фестываль захоўвае міжнародны фармат: апрача беларускіх паэтаў, сёлета тут можна было пачуць Олэну Стэпанэнка (Буча), Крыстыну Дамброўску (Варшава), Анну Юліян Мендлік (Берлін) – на фестывалі гаварылі пра пераклад яе кнігі «Плэйбокс Пандоры» на беларускую (лонданскае выдавецтва Skaryna Press). Паэтка і перакладчыца Марына Хоббель зладзіла прэзентацыю-анонс анталогіі сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на нарвежскую мову «Час унутры нас». Нарэшце адбылася прэзентацыя зборніка Паўла Капанскага «Акрамя» (выйшаў у 2024 годзе) і кнігі вершаў Ігара Кулікова «Нетутэйшая далечыня» (2025 год), а таксама зусім свежай кнігі выбранай паэзіі Насты Кудасавай. З’явіліся новыя выданні ў берлінскага hochroth Minsk: «Надзейны сродак ад прывідаў» Ганны Янкуты і «Свята жыцця» Фрыдрыха Самотнага. Традыцыйна Стральцоўскі фэст завершыўся «Ноччу паэзіі» – паэтычным слэмам: але, на жаль, збольшага ўдзельнікі слэму чыталі свае старыя тэксты.

Рэпартаж з фестывалю “Вершы на асфальце”
Скрыншот старонкі: https://bellit.info/roznaje/fotarepartazh-z-paetychnaha-fjestyvalju-vjershy-na-asfalcje.html

Выдавецтва hochroth Minsk можам павіншаваць з удалым Ляйпцыгскім кніжным кірмашом: кніга Віктара Жыбуля «Аранжавы» раскупілася адразу пасля ягонага выступу. На той жа Buchmesse ў Ляйпцыгу адбываліся сустрэчы з Сашам Філіпенкам, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам. Пасля вызвалення Максіма Знака з калоніі Беларускі ПЭН узняў важную тэму яшчэ аднаго віду рэпрэсій: у палітычных зняволеных пры вызваленні ці пры дэпартацыі адбіраюць усе рукапісы. Максім Знак за пяць гадоў і тры месяцы ў зняволенні напісаў 18 твораў, але толькі «Закамерон» дайшоў да чытача. 3 сакавіка 2026 года Беларускі ПЭН выпусціў заяву аб сістэматычнай канфіскацыі і знікненні аўтарскіх рукапісаў. Таксама варта адзначыць, што 27 лютага 2026 года Беларускі ПЭН быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

13 сакавіка экстрэмісцкі статус атрымала кніга Паўла Анціпава «‎Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» – аўтафікшн-раман пра беларускія нулявыя і пачатак дзясятых і літаратурнае жыццё паміж Мінскам, Кіевам, Масквой і Варшавай.

Напэўна, самай гучнай падзеяй за аглядны перыяд сталася прызнанне 3 сакавіка «экстрэмісцкім фарміраваннем» так званай «кааліцыі выдавецтваў і кнігараспаўсюднікаў». «Кааліцыя» была выдуманая ў самім рашэнні КДБ як нагода для пераследу, у абмеркаваннях гэтага факту ў сацсетках праводзяцца паралелі са справай «Саюзу вызвалення Беларусі» 1930 года. У склад «кааліцыі» ўключаныя фонд Kamunikat, выдавецтвы Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing. За два тыдні да гэтага «экстрэмісцкім фармаваннем» было прызнанае выдавецтва Gutenberg Publisher. Як унутры краіны, так і звонку для беларускае кніжнае справы гэтае «прызнанне» відавочна мае цяжкія наступствы. У першую чаргу гэта спрыяе правядзенню мяжы паміж «тымі, хто з’ехаў» і «тымі, хто застаўся» – добра, што ў нас была магчымасць чытаць адны і тыя ж кнігі, якія акумулююць і пераасэнсоўваюць досвед апошніх пяці гадоў, і кепска, што гэтая магчымасць падаўляецца. Унутры Беларусі мы бачым наступствы гэтага рашэння ўжо цяпер. У першую чаргу яно працуе на запалохванне: людзі перабіраюць хатнія бібліятэкі, каб адвезці «небяспечныя» кнігі ў вёску ці на лецішча. У пенітэнцыярных установах у Беларусі кнігі з бібліятэк гэтай зімой палілі – праўда, што гэта за кнігі і лагатыпы якіх выдавецтваў на іх стаяць, нам невядома. Адметным з’яўляецца сам той факт, што намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі даў на СТБ каментар, датычны таго, што рабіць з забароненымі кнігамі. Калі каротка – захоўваць можна, распаўсюджваць (прадаваць, даваць пачытаць, дарыць) нельга.

У бліжэйшыя месяцы ў Беларусі чакаецца літаратурнае сцішванне: змяншэнне актыўнасці кніжных клубаў, пазбаўленне ад «экстрэмісцкіх» кніг ці іх прыхоўванне (тлумачэнне намесніка міністра нікога не заспакоіла). Хутчэй за ўсё людзі будуць куды ў меншай колькасці прывозіць з-за мяжы кнігі нават «неэкстрэмісцкіх» выдавецтваў: кніжка па-беларуску ў заплечніку пры пераходзе мяжы выклікае пачуццё трывогі, роля кніганошы  вымагае адвагі. Праз некалькі месяцаў пасля сцішвання хвалі рэпрэсій, калі градус напружання спадзе, сітуацыя выраўняецца, але новыя папяровыя асобнікі вышэйзгаданых выдавецтваў наўрад ці трапяць у краіну.

Па-за межамі Беларусі наступствы новых рэпрэсіўных захадаў адчуваюцца ўжо цяпер: гэта і псіхалагічны ціск на выдаўцоў (апрача саміх выдавецтваў, экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя старонкі ў сацыяльных сетках некаторых з іх), і немагчымасць дастаўкі кніг у Беларусь. Але ўсе “ягадкі” беларускія выдавецтвы за мяжой збяруць усё ж у другой палове года. Выдавецкі бізнес досыць інерцыйны, адпаведна, на дадзены момант выходзіць і прадаецца тое, што было падрыхтаванае ў 2025, а вось колькасць выдадзеных беларускіх кніг і праектаў у 2026 годзе зменшыцца праз скасаванне шэрагу кантрактаў акурат гэтай вясной.

Напрыканцы 2025 года Gutenberg Publisher ладзіў апытанне сярод «цёплай» аўдыторыі. З важных высноваў: беларуская кніга за мяжой цяпер даволі часта купляецца з салідарнасці, але паступова чытач будзе ўсё больш арыентавацца на ўласны густ. Таму асабліва важная колькасць і разнастайнасць прапаноў, з чым, як падаецца, беларускія выдавецтвы за мяжой спраўляюцца. Вынікі апытання можна паглядзець вось тут.

Асмелімся зрабіць і ў пэўнай ступені аптымістычны прагноз: у эміграцыі ўзрастае запыт на нацыянальную ідэнтычнасць, а кніга па-беларуску дома робіцца яе важным маркерам. Некаторая колькасць людзей у эміграцыі ўжо набыла ці набывае ўласнае жытло, адпаведна, з’яўляецца месца, дзе можна на стала захоўваць кнігі. Дбайна сабраная беларуская кніжная палічка ці шафа як сімвал дому гэты наратыў можа зрабіцца актуальным у перспектыве бліжэйшых некалькіх гадоў.

Цяпер пра навінкі

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла па-беларуску «Вяртанне ў Астрог» Сашы Філіпенкі, а таксама ў друк пайшоў пераклад культавай «Дом, у якім» Марыям Петрасян – старт продажаў плануецца ў красавіку. Таксама на самым пачатку года ў серыі «Акно ў прозу» ў продажы з’явілася перавыданне кнігі Евы Вежнавец «Шлях дробнай сволачы». Варта адзначыць, што Ева Вежнавец зрабілася адной з найважнейшых стваральніц і транслятарак сэнсаў для беларусаў замежжа: на сустрэчах з ёй не бывае вольных месцаў і прывезеныя кнігі цалкам раскупаюцца наведвальнікамі. У лютым 2026 аповесць «Па што ідзеш, воўча?» выйшла па-літоўску ў перакладзе паэткі Юргіты Яспаніце. Такім чынам кніга ўжо перакладзеная на сем еўрапейскіх моў. Ko ateini, vilke? была вельмі цёпла прынятая на Віленскім кніжным кірмашы, наклад (700 асобнікаў) распрададзены цалкам, робіцца дадрук. Цяпер у выдавецтве Gutenberg Publisher рыхтуецца выданне новай кнігі Евы Вежнавец – «Гаючая нянавісць». Першае тытульнае апавяданне нядаўна з’явілася на SoundCloud у агучцы самой аўтаркі.

Нарэшце можна набыць трэці і чацвёрты тамы «Silva rerum» (пражскае выдавецтва «Вясна») Крысціны Сабаляўскайце – самага паспяховага літоўскага літаратурнага праекта XXI стагоддзя, на думку яго перакладчыка Сяргея Шупы. 1 сакавіка ў Вільні адбылася прэзентацыя ўсёй тэтралогіі з удзелам аўтаркі.

Фота: Падчас прэзэнтацыі перакладу кнігі Silva Rerum, сустрэча з аўтаркай Крысьцінай Сабаляўскайце і перакладчыкам Сяргеем Шупам у Вільні. Крыніца: https://www.svaboda.org

Перакладамі ў снежні 2025 таксама цешыла выдавецтва «Янушкевіч»: два тамы Борхеса ў перакладзе Сяргея Шупы, «Прэпарацыя памяці» Марэка Торчыка – пераклад Сяргея Сматрычэнкі, «Нядзеянне» Зоф’і Залескай – пераклад Кацярыны Маціеўскай. Таксама «Елаўфэйс» Рэбекі Кван з’явіўся ў электронным фармаце, купіць яго можна на сайце  «Кнігаўкі».

Новыя пераклады ёсць і ў флагмана інтэлектуальнай літаратуры выдавецтва «Пфляўмбаўм». У продажы з’явілася выдадзеная напрыканцы 2025 найлепшая эстонская кніга 2010-х «Шкляное дзіця» Маар’і Кангро і ўжо сёлетні пераклад кнігі Ханны Арэнт «Пра чалавечнасць у цёмныя часы». З навінак выдавецтва — анталогія «Іду да вас, людзі» з эсэ васямнаццаці сучасных беларускіх аўтарак: тых, якія застаюцца ў Беларусі і тыя, каму давялося выехаць і жыць за яе межамі.

Выдавецтва «Мяне няма» заняло нішу беларускага аўтафікшна, за 2026 год тут ужо паспелі выйсці кнігі «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска» Алены Пятровіч, «На углу Незалежнасці» тоні лашдэн і анансаваная на Стральцоўскім фэсце кніга Дзмітрыя Строцава «Как выглядит смерть». Цяпер для «Мяне няма» кнігу піша Сяргей Пукст.

У выдавецтве «Полацкія лабірынты» з новага – «Свабода як біяграфія»: зборнік гутарак з людзьмі, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі перамен у Беларусі апошняга паўстагоддзя. Выдавецтва «Камунікат» напрыканцы 2025 перавыдала «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Пра Уладзіміра Караткевіча выйшаў выпуск на youtube-канале «Загляне сонца»: добра, што канал будзе існаваць і напаўняцца дзякуючы Сашу Івуліну, які вырашыў працягваць асветніцкую справу Мікіты Мелказёрава. 

Апошняе з літаратурнай часткі агляду: у Беларусь прывезлі арыгінальнае выданне Статута ВКЛ. Цяпер выкуплены статут будзе захоўвацца ў парку «Вялікае княства Сула». Таксама з’явілася навіна пра тое, што даследчыца Вольга Шутава знайшла ў Веймары невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», выдадзенага Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Кніга хавалася ў фондах пад памылковым апісаннем. Сёння ў краінах Заходняй Еўропы вядомыя толькі чатыры падобныя асобнікі – Веймарскі стаў пятым.

 


Кіно: Ананімы і прапаганда

Беларускае кінамастацтва замацавалася ў еўрапейскай кінасупольнасці праз кінематаграфістаў у дыяспары. Рэжым у Беларусі хоча карыстацца кіно выключна як прапагандай і займаецца рэпрэсіямі. Малыя формы беларускага кінапрацэсу набываюць большы ўплыў.

Berlinale Again

Сусветны кінематаграфічны сезон пачынаецца, як вядома, у лютым на Берлінале. Менавіта тут беларуская прысутнасць апошнія гады адчуваецца мацней за ўсё. Мінулым годам у паралельнай праграме «Форум» на МКФ у Берліне адбылася міжнародная прэмера стужкі Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Гэтым разам такіх гучных прарываў не адбылося. Тым не менш, беларускія кінематаграфісты бралі ўдзел у адным з трох самых вядомых кінафэстаў свету.

Сталы жыхар Нямеччыны рэжысёр Аляксей Палуян быў адабраны для ўдзелу ў платформе Berlinale Talents Lab са сваім ігравым праектам INCUBATOR. Сюжэт будучай стужкі наўпрост завязаны з найноўшымі падзеямі – рэпрэсіямі ў Беларусі і вайной ва Украіне. Прэстыжная міжнародная Berlinale Talents Lab прайшла сёлета ўпершыню. Яна прызначаная для 20 удзельнікаў папярэдніх Berlinale Talents, праграмы падтрымкі і творчай лабараторыі для маладых кінематаграфістаў, якая праходзіць штогод у рамках Берлінскага кінафестывалю. Berlinale Talents Lab уключала кансультацыі пад кіраўніцтвам індывідуальных ментараў, групавыя сесіі і публічную прэзентацыю праектаў перад прафесійнай аўдыторыяй.

Чатыры гады таму Аляксей Палуян удзельнічаў у праграме Berlinale Talents са сваім папярэднім запланаваным праектам – поўнаметражным ігравым дэбютам «Спадчына». Апошні, як чакаецца, неўзабаве нарэшце павінен пайсці ў вытворчасць. А ў 2021 годзе па-за конкурсам Берлінале быў паказаны поўнаметражны фільм Аляксея Палуяна «Смеласць», прысвечаны дзейнасці Беларускага Свабоднага тэатра і падзеям 2020 году.

Павел Мажар, таксама сталы рэзідэнт Германіі, трапіў у праграму кароткаметражнага кіно Berlinale Shorts са сваёй новай дакументальнай карцінай «З найлепшымі пажаданнямі». У адрозненне ад папярэдніх стужак, тэмамі якіх былі падзеі ў Беларусі і Украіне, на гэты раз аўтар звярнуўся да найноўшай гісторыі ФРГ і праблем дэіндустрыялізацыі ў сучасным грамадстве.

Фота: Каманда кароткаметражкі “З найлепшымі пажаданнямі” падчас Berlinale Shorts. Крыніца: https://www.berlinale.de

Імёны іншых беларусаў прагучалі падчас індустрыяльнай праграмы Берлінале-2026. З дапамогай Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA) 14 лютага адбыўся пітчынг трох ігравых і трох дакументальных праектаў беларускіх кінематаграфістаў у рознай стадыі вытворчасці. Пад эгідай BIFA падчас кінарынку Берлінале-2026 у гатэлі Marriott працаваў адмысловы стэнд, дзе можна было даведацца пра дзейнасць Акадэміі і сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай незалежнай кінасупольнасці.

Ананімнасць як рыса часу

Паказальна, што сярод удзельнікаў пітчынгу BIFA было два праекты, аўтары якіх вырашылі быць ананімнымі. Адзін з аўтараў не апублічваў нават назву і тэму свайго праекту.

Ананімнай вырашыла быць і беларуская частка журы прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» – прыкладна палова ад агульнага складу. Тое самае тычыцца кароткага спісу кінапрэміі. Сярод назваў і імёнаў лаўрэатаў таксама было некалькі ананімных.

Прэмія «Чырвоны верас», якую заснавалі кінакрытыкі і культурніцкія дзеячы Тарас Тарналіцкі і Ірэна Кацяловіч, уручаецца раз на два гады. Узнагароджанне пераможцаў пятнаццаці намінацый трэцяй эдыцыі «Чырвонага вераса» адбылося 28 лютага ў варшаўскім кінатэатры Luna. У конкурсе ўдзельнічалі стужкі і тэлепраграмы беларускіх аўтараў вытворчасці 2023-2024 гадоў. Сярод уладальнікаў узнагарод у галоўных намінацыях прадказальна прысутнічаюць «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі, «Працэсы» Андрэя Кашперскага. У намінацыі «Адкрыццё года» перамог зноў-такі ананімны аўтар.

Трэба адзначыць, узнагароджваліся не самыя новыя стужкі. Але шмат якія з іх большасць беларусаў, што ў краіне, што за яе межамі, яшчэ не бачыла. (Тыя, што можна пабачыць онлайн, пералічаныя тут). Нейкія атрымалі вялікую аўдыторыю ў нацыянальнай праграме фестывалю «Паўночнае ззянне». Фэст ужо каторы год адбываецца ў гібрыдным фармаце, онлайн і ў кінатэатрах розных еўрапейскіх краін.

У сярэдзіне сакавіка камітэт дзяржбяспекі РБ прызнаў кінафестываль “Паўночнае ззянне” «экстрэмісцкім фармаваннем». Крыху раней, 19 студзеня, віцебскі суд занёс сайт «Паўночнага ззяння» і сацсеткі заснавальніцы і дырэктаркі фэсту Волі Чайкоўскай у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Магчыма, гэта своеасаблівая помста ад рэжыму вядомай прадзюсарцы і рэжысёрцы за яе поўнаметражную дакументальную стужку «Не створаныя для палітыкі». Адной з гераінь фільма зяўляецца Святлана Ціханоўская. Прэмера стужкі, што распавядае пра палітычны выклік беларускіх жанчын патрыярхальнаму рэжыму, адбылася восенню мінулага году на кінафестывалях у Таліне і Любеку.

Акно ў Еўропу

Шмат для каго з беларусаў фестываль «Паўночнае ззянне» першапачаткова быў сапраўдным кінаакном у Еўропу. Бо пачынаўся фэст менавіта з праграмы стужак краін Паўночнай Еўропы і балтыйскіх суседак Беларусі.

Цяпер мноства з колішніх беларускіх наведвальнікаў «Паўночнага ззяння» самі жывуць за мяжой, а нацыянальная праграма фестывалю стала магчымасцю падтрымліваць уласную ідэнтычнасць. А для кагосьці фэст наогул становіцца стартавай пляцоўкай для асабістай кінакареры. 

Эміграцыя дае беларускаму незалежнаму кіно і пазітыўныя вынікі. Яшчэ ніколі беларускія кінематаграфісты не былі так шчыльна інтэграваныя з міжнароднымі, прынамсі, еўрапейскімі кінаструктурамі, не мелі магчымасцяў наведваць індустрыяльныя мерапрыемствы, удзельнічаць у пітчынгах, знаходзіць еўрапейскіх прадзюсараў і дыстрыбютараў. У пэўным сэнсе беларуская кінематаграфія пакрысе становіцца натуральнай часткай еўрапейскай кінапрасторы.

На тэрыторыі ЕС адбываюцца цяпер і прафесійныя імпрэзы. 13-15 сакавіка ў Варшаве прайшоў трэці BarCamp+ ад Belarusian Filmmakers’ Network (BFN), падтрыманы праграмай ArtPower Belarus пры фінансаванні ЕС. Парадак дня тут вылучалі самі ўдзельнікі. Падчас працы баркэмпа ладзіліся сустрэчы і лекцыі прафесіяналаў, пачаткоўцы маглі атрымаць карысную інфармацыю наконт рэалізацыі ўласных праектаў. Як сцвярджаецца, менавіта ў межах інкубатара малабюджэтных праектаў BFN у свой час нарадзіўся фільм Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», а зараз рыхтуюцца яшчэ два поўнаметражныя праекты.

На тэрыторыю ЕС з Мінску перасунуўся і добра вядомы беларускім прыхільнікам DIY-творчасці фестываль «Нефільтраванае кіно». Яго дванаццатая эдыцыя адбывалася з 28 сакавіка па 25 красавіка. «Нефільтраванае» прапанавала некалькі дзясяткаў стужак, абяднаных у некалькі фестывальных праграм. Прыкметна, што большую частку праграмы цяперака складаюць фільмы беларускіх аўтараў.

Здзяйсненне Мары

Пакуль поспехі беларусаў у Еўропе досыць сціплыя. З прыкладаў добрай інтэграцыі ў еўрапейскі кінематограф можна найперш узгадаць Мару Тамковіч і яе фільм «Пад шэрым небам». Прататып галоўнай гераіні стужкі, беларуская журналістка Кацярына Андрэева 19 сакавіка была вызваленая з калоніі і вывезеная за межы Беларусі. Фільм Мары Тамковіч, безумоўна, шмат у чым пасадзейнічаў розгаласу гісторыі Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша (на канец сакавіка ён застаецца за кратамі). «Пад шэрым небам» браў удзел у намінацыі за прыз Еўрапейскай кінаакадэміі, фільм працягваюць паказваць на кінафэстах, яго можна паглядзець на стрымінгах.

Сама Мара Тамковіч перайшла ў шэраг публічных асобаў, прынамсі, у Польшчы. Напрыканцы лютага ў адным з культурных цэнтраў Варшавы адбылася публічная дыскусія аўтаркі з сусветнавядомай рэжысёркай Агнешкай Холанд на тэму «Культурная рэвалюцыя. Ці патрэбнае Польшчы палітычнае кіно». А 28 сакавіка «Пад шэрым небам» і яго стваральніца сталі лаўрэатамі Script Fiesta 2026 – польскага фестывалю кінасцэнарыяў у намінацыі «Найлепшы рэалізаваны сцэнарый».

З іншых кінападзей пачатку году трэба адзначыць поспех новай стужкі «Назаўсёды разам» дакументалісткі Анастасіі Мірашнічэнкі ў праграме фестывалю Артдокфэст у Рызе, што адбыўся ў пачатку сакавіка. Фільм, які летась атрымаў галоўны прыз прэстыжнага фестывалю ў Шэфілдзе, на Артдокфэсце быў ушанаваны спецыяльнай узгадкай (Special Mention) журы.

Мы буксуем?

Пры ўсіх адносна сціплых поспехах незалежных кінематаграфістаў за мяжой, іх дзейнасць выглядае даволі плённай на фоне дзяржаўнай кінематаграфічнай машыны ў Беларусі, якая прабуксоўвае. За першыя тры месяцы 2026 году ў краіне не выпушчана аніводнай новай поўнаметражнай ігравой стужкі нацыянальнай вытворчасці. Дзяржпрапагандзе даводзілася ізноў і ізноў звяртацца да эфемерных трыумфаў мінулагодніх прэмераў «Беларусьфільма» – «Класная» і «Пераломны момант». Запаўненне заляў на сеансах апошніх дасягалася з дапамогай дабраахвотна-прымусова «арганізаваных» масаў бюджэтнікаў ды навучэнцаў.

Сучасны беларускі рэжым бачыць у кінамастацтве выключна сродак прапаганды. Зрэшты, тое новае ад «Беларусьфільма», што ўсё-ткі зяўлялася на экранах унутры краіны, цалкам адпавядае гэтаму азначэнню.

Ці не самай сімвалічнай падзеяй агляданага перыяду стала прэмера фільма фрык-караля тэлевізійнага дзяржэфіру Рыгора Азаронка «Душа абаронцы». Прысвечанае сілавікам прапагандысцкае відэа тэлевізійнай якасці з помпай прэзентавалі ў галоўных кінатэатрах краіны. Гледачамі фільм Азаронка забяспечвалі па той самай «арганізаванай» схеме. Яе важным элементам зяўляецца абавязковая фотасправаздача ашчасліўленых гледачоў у сацсетках навучальнай установы або арганізацыі.

Зрэшты, такім самым чынам забяспечваліся глядацкія аўдыторыі на абсалютна ўсіх паказах іншых новых стужак нацыянальнай кінастудыі. Дакументальна-ігравая прапагандысцкая «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь», анімацыйная дыдактыка «Простыя правілы» – фільмы з назвамі, якія гавораць самі за сябе, таксама далёкія ад запытаў сучаснага гледача.

На фоне такіх красамоўных прэмер «Беларусьфільм» абявіў пра чарговы конкурс сцэнарыяў. Тэмы конкурсу таксама красамоўныя – сярод іншых «сельскіх дэтэктываў» тут і «жыццё і праца ў аграгарадках», і «шматдзетныя семі», і, зразумела, «героі беларускага спорту». Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў паралельна нечакана анансаваў «24-серыйны серыял да 110-годдзя беларускай міліцыі» (2027). Натхненнем для планаванага суперпраекту відавочна зяўляецца савецкі міліцэйскі серыял «Народжаная рэвалюцыяй». Пакуль невядома, ці будзе новая эпапея стварацца на базе Нацыянальнай кінастудыі, або ёю зоймецца адна з беларускіх тэлекампаній. Кіраўніцтва апошніх даўно прагне атрымаць бюджэтнае фінансаванне на стварэнне кіно.

Кінаапэндыкс імперыі

Тым часам сказаць, што беларусы актыўна ходзяць у кінатэатры на стужкі іншых вытворцаў, таксама нельга. Сціплы рэпертуар беларускіх кінатэатраў на 100% залежыць ад маскоўскіх дыстрыбютараў, што ў асноўным імкнуцца прасоўваць сваё кіно. У той час калі асноўную касу ў беларускім пракаце заўсёды збіралі рэлізы галівудскіх мэйджараў, якія рэзка скарацілі сваю актыўнасць на рускамоўным рынку пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

На гэтым фоне перанос расійскімі дыстрыбютарамі прэмеры трэцяй часткі «Аватара» Джэймса Кэмерона «Полымя і попел» з канца снежня 2025 на сярэдзіну студзеня 2026 мог бы стаць для нашых пракатчыкаў і гледачоў вельмі непрыемным сюрпрызам. Тыя расійскія «блакбастэры», што прапанаваліся беларусам наўзамен, відавочна, асаблівага імпэту ў нашай краіне не выклікалі. У выніку «Полымя і попел» усё ж удалося запусціць у Беларусі з першага студзеня, у той час, калі ў РФ фільм выйшаў толькі пасля заканчэння калядных канікулаў.

Больш сумным сюжэтам стала спроба пракату галівудскай гістарычнай стужкі з гучнай назвай «Нюрнберг». У РФ яе дыстрыбютар прадказальна не атрымаў пракатнага пасведчання. У Беларусі паказ ніхто спачатку не адмяняў, у сацсетках мінскага гарадскога кінапракату стужку нават рэкламавалі з фармуліроўкай «Забаронена ў пракаце ў РФ». Але бліжэй да даты прэмеры 19 сакавіка «Нюрнберг» без асобнага шуму паціху знік з рэкламы і ўсіх абвестак беларускіх кінатэатраў.

Але найбольш пацярпела нават не галівудскае кіно. Скарачэнне сеансаў сусветнага арт-хаусу, фільмаў з арыгінальным гукам і субтытрамі ў беларускіх кінатэатрах стала прамым вынікам не толькі беднага рэпертуару, але і моцнага скарачэння адпаведнай аўдыторыі. Сегмент так званага фестывальнага кіно ў беларускіх кінатэатрах на пачатку 2026 году як нейкая цэльная зява фактычна адсутнічаў. Каб прывабіць гледача, дыстрыбютары прапануюць добра вядомыя раскручаныя класічныя стужкі, запісы тэатральных паказаў. Каб завабіць салідную публіку, якая думае, прыватныя кінасеткі ладзяць тэматычныя паказы з выступленнямі псіхолагаў, «коучаў», экспертаў у розных сферах. Тым часам у дзяржаўным кінапракаце амаль кожны дзень ідуць лекторыі і сустрэчы для школьнікаў. Шмат такіх сустрэч прысвячаецца той самай прапагандзе.

Як тая ж прапаганда, праўда ўжо расійская, успрымаецца і новы фільм «Дранікі», зняты мінчанінам Максімам Максімавым, раней больш за ўсё вядомым як прадзюсар стужкі «Забароненая зона». Яркі прыклад каланіяльнага мыслення, зняты ў Беларусі з расійскімі акцёрамі і расійскімі рэаліямі (кшталту адпаведных аўтамабільных нумароў) фільм, быў гучна прэзентаваны напрыканцы лютага, але асаблівай цікаўнасці ды прыязнасці публікі не знайшоў ні па той, ні па гэты бок беларуска-расійскай мяжы.

А вось што выклікала сапраўды вялікую цікаўнасць беларусаў, і не толькі ў сталіцы, дык гэта аўтарская версія агучкі «Уладара пярсцёнкаў». Трэнд на нацыянальнае, які добра бачны цяпер па ажыятажы ў сталічных тэатрах, яскрава пацвердзіўся і ў кінапракаце. Цікаўнасць беларусаў да кантэнту на сваёй мове адзначае і рэжым. Літаральна паралельна пракату фільма Пітэра Джэксана ў Мінску арыштавалі аўтара вядомай ініцыятывы «Кінаконг» Андрэя Кіма.

Тэорыя малых залаў

Самае цікавае ў, прынамсі, сталічным асяродку адбываецца цяпер у малых, часам практычна нерэкламаваных для аўдыторыі. Беларускія кінаманы збіраюцца вузкім колам на нефармальныя прагляды нестандартнага аўтарскага кіно, якое цяпер вельмі рэдка трапляе на вялікія экраны звычайных кінатэатраў. Часам такія прагляды не рэкламуюцца нават у сацсетках. У невялічкіх, у асноўным прыватных культурніцкіх прасторах ладзяцца гутаркі, саматужныя кінаклубы, камерныя адукацыйныя сустрэчы, прысвечаныя гісторыі і практыцы кіно, у якіх удзельнічаюць і дзейныя прафесіяналы.

Асобным доўгачаканым падарункам для мінскай публікі стаў пачатак сезону кінапаказаў «Кінамеханіка» ад ініцыятывы «Сінемаскоп» у музеі-майстэрні Заіра Азгура.

Любыя адукацыйныя мерапрыемствы ў сферы кіно па-ранейшаму ўспрымаюцца з вялікім энтузіязмам. Паступова падрастае новая генерацыя беларускіх кінематаграфістаў, іх першыя спробы часам прабіваюцца і на вялікі экран. Так, 6 лютага ў мінскім «Піянеры» адбылася прэмера поўнаметражнай стужкі «Рэха» энтузіяста жанру хорар Андрэя Ягорава. Пры адсутнасці фармальнай кінаадукацыі малады рэжысёр здымае фільмы, якія ніяк не абвінаваціш у аматарскім бачанні.

У студзені-лютым у тым самым «Піянеры» ў межах праекту «49» адбыліся паказы кароткіх метраў выпускнікоў кінафакультэту Беларускай акадэміі мастацтваў.

Страта

17 студзеня не стала Анатоля Забалоцкага, аператара адных з найлепшых класічных беларускіх стужак – «Альпійскай балады» Барыса Сцяпанава, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Бычкова, «Праз могілкі» Віктара Турава. Анатоль Забалоцкі як аператар зняў адзін з самых папулярных савецкіх фільмаў «Каліна чырвоная» Васіля Шукшына.

 


Тэатр: Завяршэнне кадравай рэвалюцыі і скандалы ў сталічных калектывах

Пачатак 2026 года стаў для беларускага тэатра кантрастным. На адной шалі вагаў – рэпрэсіі, якім няма канца, і скандалы, што псуюць рэпутацыю Купалаўскага і Опернага (зрэшты, ілюзій адносна іх ужо даўно няма). Затое на другой – выданне тэматычных кніг, адраджэнне сталічнага калектыву і эмігранцкага Інстытута тэатра, а таксама новыя прэм’еры ў замежжы. 

«Апошнія» звальненні

У сярэдзіне 2024-га, у адным з папярэдніх аглядаў, мы падлічылі, у якіх тэатрах за папярэднія чатыры гады не змянілася кіраўніцтва. Цяпер абнавілі гэтую статыстыку – і яшчэ больш засмуціліся.

У айчынных калектывах – усяго іх 28 – у якіх працуюць дырэктары, а таксама мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры (у нейкіх тэатрах ёсць адна з пасадаў, у іншых – абедзве). Раней тэатраў, дзе не змяніўся ніхто з кіраўніцтва, было пяць, цяпер – усяго тры: Гродзенскі лялечны, Слонімскі і Палескі, што працуе ў Пінску.

Калі казаць асобна паводле катэгорыяў, то толькі ў васьмі тэатрах на сваіх пасадах засталіся ранейшыя дырэктары (у 2024-м іх было 12). Прычым пяцёра з іх кіруюць калектывамі ў раённых цэнтрах, дзе знайсці спецыяліста такога ўзроўню надзвычай складана.

Творчыя лідары – мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры – не змяніліся толькі ў сямі калектывах (мінулы раз іх было дзевяць). Відавочна, што неўзабаве можа зменшыцца і іх колькасць. Напрыклад, мастацкаму кіраўніку Музычнага Адаму Мурзічу сёлета спаўняецца 85 гадоў, галоўнаму рэжысёру таго ж калектыву Міхаілу Кавальчыку – 83. З адмыслоўцам у такім паважаным узросце кантракт у нейкі момант могуць не працягнуць.

З новых звальненняў найбольш засмучае сыход галоўнага рэжысёра Брэсцкага тэатра драмы Цімафея Ільеўскага, які дапрацаваў на сваёй пасадзе да апошніх дзён 2025-га. Самабытны творца, які быў у штаце з пачатку нулявых, ён паставіў у сваім калектыве 30 спектакляў. На пачатку 2020-х у Мінску паказвалі яго «Алесю». Дзеянне аднайменнай аповесці Аляксандра Купрына адбывалася на Палессі, што ўдала абыграў Ільеўскі: жыхары вёскі, куды прыязджаў галоўны герой, размаўлялі на палескай гаворцы. Гэта дазваляла далёка не адыходзіць ад дзяржаўнага курса на рускую класіку, але адначасова паказваць аўтэнтычнасць рэгіёна.

Ільеўскі ўспрымаў пасаду галоўнага рэжысёра так, як рабілі раней: у адрозненне ад большасці калег, працаваў на адной, брэсцкай пляцоўцы, не спакушаючыся іншымі прапановамі, і – наколькі гэта магчыма ў цяперашніх умовах – трымаў узровень трупы. Ён застаўся адным з апошніх кіраўнікоў буйных тэатраў, што захоўвалі сваю пасаду з “дарэвалюцыйных” часоў. Лаяльных традыцыяналістаў Сяргея Кавальчыка з Аляксандрам Яфрэмавым (і згаданых кіраўнікоў Музычнага) вынесем за дужкі. Таму ці не адзінае выключэнне з правілаў – Алег Жугжда, які, зрэшты, паралельна з працай у Гродне знаходзіцца ў штаце і ў расійскім Разанскім тэатры лялек.

Сыход Ільеўскага – не адзіная рэзанансная змена. Дырэктаркай Новага драматычнага стала Наталля Башава. Яе прызначэнне адпавядае адразу дзвюм тэндэнцыям.

Першая – прызначаць на такія пасады жанчын. З 28 айчынных тэатраў толькі ў сямі дырэктарамі працуюць мужчыны. Але ў «год жанчыны», аб’яўлены сёлета ў Беларусі, святкаваць не выпадае. Такая статыстыка толькі сведчыць, што культура (і тэатр у прыватнасці) фінансуецца кепска. Гэта прымушае мужчын, ад якіх у Беларусі традыцыйна чакаюць фінансавага забеспячэння сям’і, сыходзіць у іншыя сферы (зрэшты, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў сістэме адукацыі).

Другая – сумяшчаць пасады, як гэта ўласціва і сучаснай Расіі (перад вачыма багата прыкладаў: ад Валерыя Гергіева да Сяргея Бязрукава). Вось і Наталля Башава – мастацкі кіраўнік уласнага Камернага драматычнага тэатра – не стала адмаўляцца ад гэтай пасады. У Беларусі ўжо здаралася аналагічная гісторыя. Але Вера Палякова выйшла з яе проста: фактычна далучыла да Тэатра юнага гледача, які ўзначаліла, свой прыватны ТрыТэфармаТ; увяла акцёраў апошняга ў склад ТЮГаўскай трупы, а свае спектаклі – у афішу ТЮГа. Таму вынік чарговага сумяшчэння пасадаў можна будзе зразумець толькі ў будучыні.

Калі вярнуцца да звальненняў, то, натуральна, не ўсе прыклады звязаныя з палітыкаю. Хтосьці паміраў, выходзіў на пенсію праз стан здароўя і г. д. Але глабальна за шэсць гадоў у тэатральным свеце адбылася кадравая рэвалюцыя, якая амаль цалкам завяршылася. Большасць актыўных гульцоў на тэатральным полі аказалася выкінутай з яго (адныя эмігравалі на Захад, другія сталі працаваць на Усходзе, трэція сышлі з прафесіі).

На папялішчы засталася меншасць. Натуральна, вынесем за дужкі Яўгена Карняга – у мінулым ён не меў адміністрацыйнай пасады, але ўваходзіў у першы рэжысёрскі эшалон. Пасля мінулагодняй забароны яго пастаноўкі «Сёстры Грым» творца выпусціў новы спектакль, гэтым разам дзіцячы – «Чароўнае падарожжа» па матывах «Блакітнай стралы» Джані Радары. Як і папярэднія карнягаўскія прэм’еры, ён збірае аншлагі.

Фота: Сцэна са спектакля Яўгена Карняга “Чароўнае падарожжа”. Крыніца: https://www.sb.by/

Аднак, калі мы кажам пра тэатр у Беларусі, гаворка ідзе пераважна пра творцаў, якія раней знаходзіліся ў другім ці нават трэцім эшалоне, а цяпер праз вымушанае «знікненне» калег-канкурэнтаў атрымалі шанец на рэалізацыю. Дарэчы, нічога новага ў гэтым няма. Менавіта па такім жа механізме адбывалася замяшчэнне людзей на пасадах падчас эпохі сталінскага Вялікага тэрору ў СССР.

Зрэшты, такой магчымасцю не асабліва скарысталіся: пакуль не чуваць, каб айчынныя пастаноўкі мелі розгалас і прызнанне хаця б у суседніх краінах (запрашэнне РТБД на фестываль у Кітай – хутчэй, выключэнне). Натуральна, можна згадаць, напрыклад, запрашэнне спектакля «Жаніцьба. Фантасмагорыя» Магілёўскага драмтэатра на піцерскі форум «Сустрэчы ў Расіі». Але канцэпцыя апошняга прадугледжвае, што ў афішы будзе прадстаўленая прадукцыя кожнай пастсавецкай рэспублікі.

Натуральна, у прафесію прыходзяць і новыя рэжысёры: жыццё ж не спыняецца. Але яны вымушаныя арыентавацца на існы ўзровень (або ў лепшым выпадку спрабуюць пераўзысці яго), а не той, што існаваў яшчэ ў 2019-м. Такія ўмовы не спрыяюць адкрыццю чагосьці новага.

Скандалы ў Купалаўскім…

Не забывае нагадваць пра сябе Купалаўскі тэатр, трапляючы ў скандалы. Спачатку акцёр Ілья Крук, што родам з Брэста, пахваліўся ў сацсетках, што ўжо пяць гадоў грае ў «знаменитой „Паўлінке“». Між тым правільна казаць «Паўлінцы»: бачым яшчэ адно сведчанне, што беларускай мовай не валодаюць добра не толькі запрошаныя расійскія акцёры, але і штрэйкбрэхеры-беларусы. Пасля стала вядома, што ў Купалаўскім пакажуць антрэпрызу «Урокі для Монікі». Раней на гэтай пляцоўцы ўжо праходзілі гастролі або фестывальныя паказы, аднак танныя антрэпрызныя камедыі яшчэ не “гаспадарылі”.

Але найбольшы скандал выклікала прызначэнне мастацкім кіраўніком калектыву расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава, які ўжо ставіў у Купалаўскім спектаклі «Дзядзечкаў сон» і «А зоры тут ціхія». Цікава, што яшчэ ў сярэдзіне лютага актрыса Тамара Міронава прызнавала дзве праблемы ў інтэрв’ю. Правал па сярэднім пакаленні акцёраў («не можам ставіць класіку, дзе ўсё напісана пра гэты ўзрост – 50+»), а таксама «кадравы рэжысёрскі голад»: «наш мастацкі кіраўнік Вольга Няфёдава ўсім усю кроў выпіла (у арыгінале „всем плешь проела“. — Заўв. аўтара), дайце галоўнага рэжысёра. Не могуць знайсці».

Такім чынам, Няфёдава шукала чалавека, які б заняўся пастаноўкай спектакляў: сама яна як актрыса гэта рабіць не ўмела. У выніку такога чалавека знайшлі, але ён заняў яе пасаду.

У мінулым Купалаўскі пэўны час узначальвалі творцы з Расіі. Але цяпер у нашай краіне ёсць уласныя годныя рэжысёры, існуе свая школа. Ніякай патрэбы ў запрашэнні «варага» няма. Тым больш, яшчэ адносна нядаўна наш нацыянальны тэатр не проста выпускаў спектаклі, але і ствараў новыя беларускія сэнсы, працягваючы такім чынам стогадовую традыцыю. Гэта дазваляла глядзець на свет вачыма беларусаў і вучыла гледачоў мысліць на нашай мове. Дзмітрый Акімаў апошняй не ведае, у Беларусі не жыў. Гэта чалавек, чужы для беларускай культуры, ён не разумее нашага кантэксту і рэалій. Ды яшчэ і прыходзіць на папялішча – звальненне амаль усёй трупы ў 2020-м добра трымаецца ў памяці.

Невялікі плюс хіба ў тым, што дагэтуль тэатрам кіравала Вольга Няфёдава – актрыса, а не рэжысёрка, якая не мела рэлевантнага досведу. Акімаў – усё ж такі прафесійны рэжысёр, які можа лепш арганізаваць працэс і прынамсі запрасіць сваіх калег з Расіі (з іншых да нас наўрад ці паедуць). Але беларускага погляду на п’есы, тэатр і жыццё ў яго не будзе. Хутчэй наадварот. «Мы павінны зразумець, якім ён (Купалаўскі. – Заўв. аўтара) мусіць быць па ўсіх паказчыках: творчым, эканамічным і грамадска-палітычным», – адзначыў Акімаў падчас прызначэння. Мяркуючы па яго цытаце, можам зрабіць выснову: ён дакладна разумее, чаго ад яго чакаюць працадаўцы, і збіраецца працягваць ствараць ідэалагічна вытрыманы калектыў.

… і ў Оперным

Без скандалаў не абышоўся і Оперны. Яго кіраўніцтва абвінавацілі ў плагіяце. Расійскі танцоўшчык і харэограф Алег Габышаў прапанаваў ідэю балета пра Марка Шагала. Пасля размовы з гендырэктаркай Кацярынай Дулавай і галоўным харэографам Ігарам Калбом яму прапанавалі дэталёва распісаць лібрэта. Ён адправіў у Мінск тэкст, а таксама візуальныя прапановы для сцэнаграфіі. Праз пэўны час прэм’еру анансавалі, але ставіць яе будзе Колб.

Пасля Габышава сваю гісторыю ў сацсетках расказала і харэографка Ксенія Зверава. Яна задумала паставіць у Мінску балет, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Зверавай прапанавалі распрацаваць эскізы сцэнаграфіі, касцюмаў, відэакантэнту і святла. Праца была ў разгары, але Дулава перастала выходзіць на сувязь і ўрэшце заблакіравала пастаноўку (афіцыйна супраць прагаласавала мастацкая рада).

Нарэшце, трэцяй выказалася харэографка Вольга Костэль. Высветлілася, што яшчэ папярэдняе кіраўніцтва Опернага замовіла ёй пастаноўку балета «Ідыёт» на музыку Малера. Прэм’ера ў 2022-м не адбылася, яе дату штораз пераносілі. У выніку праз тры гады Колб заявіў, што прэм’еры не будзе, паколькі спектакль з такой назвай ідзе ў Горкаўскім (між тым, супадзенне назваў – цалкам нармалёвая сітуацыя для Мінска, багатага на гледачоў), а саму Костэль ніхто не ведае. У рэальнасці пастаноўкі гэтай харэографкі «Метамарфозы» і «Любоў і смерць» паспяхова ішлі ў мінскім Оперным. А вось «Шчаўкунок» Калба аказаўся правальным – пасля адмоўнай рэакцыі гледачоў кіраўніцтва закрыла каментары ў афіцыйных сацсетках калектыву.

У адказ Дулава дала інтэрв’ю аднаму з дзяржСМІ, дзе няўцямна адказала на гэтыя абвінавачванні, не сказаўшы нічога па сутнасці і не назваўшы прозвішча ніводнага з трох харэографаў. Такім чынам, пад кіраўніцтвам гэтай дырэктаркі Оперны страціў тры патэнцыйна цікавыя харэаграфічныя прэм’еры. Сама ж Дулава прымушае сваіх падначаленых публікаваць у сацсетках тэатра свае фотаздымкі, відавочна апрацаваныя ці то праз фоташоп, ці то з дапамогай штучнага інтэлекту.

Аднаўленне «Альфа-тэатра» і новыя кнігі

Іншыя падзеі ўнутры Беларусі згадаем больш сцісла.

З пасады дырэктаркі сталічнага Тэатра лялек сышла Таццяна Тоўсцік, якая кіравала калектывам з 2024-га. Пазней там пракаментавалі, што Тоўсцік вырашыла вярнуцца да выкладчыцкай працы ў Акадэміі мастацтваў. У такую версію верыцца з цяжкасцю, але іншай пакуль няма. На момант напісання гэтага агляду яе пераемнік пакуль не прызначаны.

У апошнія дні снежня мінулага года ў РТБД адбылася прэм’ера «Ладдзі Роспачы» паводле твора Караткевіча (рэжысёрка Святлана Навуменка). Яе найбольшы плюс – эфектныя касцюмы (мастачка Таццяна Лісавенка). Зрэшты, ідэі, закладзеныя пісьменнікам, пераважна засталіся без зменаў. А вось у містычным мюзікле «Майстар і Маргарыта», пастаўленым у Моладзевым тэатры эстрады, рэжысёрка Уладзіслава Арцюкоўская змяніла канцэпцыю да непазнавальнасці. «Мне хацелася, каб перамога дабра была больш адназначнай, таму ў нашым спектаклі перада мной стаяла задача павярнуць сюжэт так, каб у фінале мы ўсе прыйшлі да бога», – заявіла яна.

Фота: Сцэна са спектаклю РТБД “Ладдзя Роспачы”. Крыніца: https://rtbd.by

У Магілёве адбыўся чарговы Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.контакт». У яго праграму ўвайшло 17 спектакляў – адзін з іх з Казахстана, астатнія – з Беларусі і Расіі. Тыповая сітуацыя для цяперашняга часу. Характэрна, што разам з запатрабаваным сярод гледачоў карнягаўскім “Хутарам” у афішу трапіла “Пікавая дама” Алега Жугжды – шыкоўны спектакль, які аднак паставілі яшчэ 16 гадоў таму і з таго часу неаднаразова паказвалі на фестывалях (у тым ліку беларускіх). Відавочна, што вялікага выбару ў арганізатараў не было.

А цяпер да пазітыўных навінаў. Пасля паўзы аднавіў сваю дзейнасць сталічны «Альфа-тэатр» – у наш няпросты час лішняя камедыя (менавіта на гэтым жанры спецыялізуецца калектыў) не зашкодзіць. Свайго сайта «Альфа-тэатр» не мае, але згадкі пра наведванне яго спектакляў цяпер можна сустрэць у сеціве.

Але галоўнае, што да чытачоў дайшлі адразу тры новыя выданні.

Алена Мальчэўская напісала кнігу «10 пытанняў пра тэатр». Выданне адрасаванае дзецям, а для гэтай узроставай аўдыторыі такі прадукт — рэдкасць.

Ірына Лапо выпусціла даследаванне «Wolni Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu». Гэта першая вялікая праца, прысвечаная трупе «Вольныя Купалаўцы». Тэкст напісаны па-польску, што робіць яго даступным спецыялістам з гэтай краіны.

У Настассі Панкратавай выйшла кніга «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015−2025. Выбраныя старонкі». У ёй аўтарка сабрала свае найлепшыя тэксты, якія друкаваліся цягам дзесяці гадоў, а таксама напісала для кнігі грунтоўныя абагульняльныя артыкулы. Гэта дазваляе скласці ўяўленне пра тэатральны працэс у азначанае дзесяцігоддзе, а таксама вярнуць выкрасленыя з гісторыі імёны.

Спектакль па базе даносаў у КДБ і жанчыны-драматургі

У замежжы айчынныя творцы застаюцца верныя дзвюм стратэгіям: самастойнага развіцця ці калабарацыі з замежнымі інстытутамі.

З першай традыцыйна асацыююцца «Вольныя Купалаўцы». Напрыканцы сакавіка ў Варшаве адбылася прэм’ера спектакля «Мінскае мора» (рэжысёр Войцэх Урбаньскі). Яе асновай стала база даносаў у КДБ, апублікаваная ў 2024-м «Кіберпартызанамі». Таксама трупа працягвае паказы іншых спектакляў. «Зэкамерон» гастраляваў ва Уроцлаве і Кракаве. «Валізку» паказвалі ў Варшаве.

Фота: Валянціна Гарцуева і Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Менскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Крыніца: https://belsat.eu/91913264/kupalautsy-pakazhuts-spektakl-pra-danoschykau

Феноменам эмігранцкага тэатра стала стварэнне трох непалітычных спектакляў, якія з’явіліся ў Вільнюсе. Восенню мінулага года –  камедыя «Пойдзем да мяне» (рэжысёрка Эмілія Пранскутэ), у лютым – казка для дарослых «Чортава дачка» (Сяргей Здаранкоў), у сакавіку – камедыя «Поўны вэрхал» (Уладзімір Ушакоў; калісьці ён ставіў яе ў сталічным СХТ). Прэм’ера апошняй распачала дзейнасць калектыву Baltas teatras. Але можна казаць пра агульны касцяк у дачыненні да ўсіх пастановак: у трох занятыя экс-акцёры сталічных тэатраў Марына Здаранкова (экс-РТБД) і Дзмітрый Рачкоўскі (экс-Лялечны), у двух – Сяргей Тоўсцікаў (экс-Новы драматычны). Камедыі ідуць па-руску (казка – па-беларуску), што дазваляе прыцягваць як шырокую эмігранцкую аўдыторыю, так і мясцовых рускамоўных жыхароў.

З іншых паказаў згадаем «Казкі з Замка» – гэты спектакль Андрусь Praha прыдумаў і ўпершыню сыграў для сваіх сукамернікаў у следчым ізалятары на Валадарцы. Лялькі былі створаныя са сшыткаў у клетачку, дэкарацыі – са скрынак ад пральнага парашку, іх атрымалася вынесці з СІЗА. Пасля вызвалення творцы «Казкі» паказалі ў віленскім Музеі акупацыі і барацьбы за свабоду.

Беларускі інстытут тэатра, які больш чым на год браў паўзу ў сваёй актыўнасці, вярнуўся з конкурсам айчыннай драматургіі Dramatyzacyja. У ім узялі ўдзел 66 п’ес, з якіх 10 трапілі ў лонг-, пяць – у шорт-ліст. У апошнім выпадку гаворка пра творы «Рыжая белка» Хасі Корневай, «Лімб» Рэнаты Талан, «Настоящее» Ксеніі Шталенкавай, «Последний свидетель [старого Гродно]» Amalia Riznich і «Любое месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч (дарэчы, па п’есе Рызніч ужо створаны спектакль). У красавіку гэтыя п’есы прадставяць у фармаце перфарматыўных чытанняў на фестывалі ў Варшаве. Цікава, што і ў шорт, і ў лонг-ліст трапілі выключна аўтаркі-жанчыны. Зрэшты, гэта, на жаль, цалкам укладаецца ў трэнд, пра які мы казалі вышэй.

Беларусы працягваюць адаптавацца да замежных рэалій праз калабарацыю з мясцовымі інстытутамі. Летась фонд BY Teatr правёў у Люблінскім культурным цэнтры лабараторыю. Па выніках яе працы паўстаў спектакль «Moja miłość» («Маё каханне»; рэжысёр Мацей Гарчынскі), прысвечаны сітуацыі ў квір-супольнасці Беларусі і стаўленню да яе ўладаў.

Рэжысёр Мікіта Ільінчык паставіў у Драматычным тэатры ў Варшаве спектакль «Лялька» паводле Баляслава Пруса. А актрыса Алена Зуй-Вайцяхоўская прыйшла суфлёрам у варшаўскі тэатр Syrena. Па яе словах, аплата залежыць ад колькасці гадзін і на рукі яна атрымлівае мінімальны па мясцовых мерках заробак. Але гэта ўсё роўна больш, чым ёй плацілі ў Беларусі. Затое цяпер Зуй-Вайцяхоўская мае досвед супрацы з польскімі творцамі і гіпатэтычную магчымасць у будучыні перайсці на пазіцыю актрысы.

Фота: Сцэна са спектакля Мікіты Ільінчыка “Лялька”. Крыніца: https://teatrdramatyczny.pl

Прыемна, што дзейнасць беларусаў належна адзначаецца ў свеце. Беларускі Свабодны тэатр адзначаны брытанскай прэміяй OffWestEnd «Offies» Awards 2026. Пастаноўка KS6: Small Forward, у якой выступае экс-баскетбалістка Кацярына Сныціна, стала адной з шасці пераможцаў у намінацыі Creation.

 


Музыка: Вяртанне канцэртаў у Беларусь і міжнародныя поспехі

Беларуская музыка вельмі бадзёра стартанула ў пачатку года. Макс Корж працягвае заваёўваць стадыённую Еўропу, Molchat Doma ўзялі “золата” ў ЗША за сваё “Судно”, а ўнутры краіны адзін за адным пачалі праходзіць крутыя канцэрты.

Міжнародныя поспехі ў заходнім кірунку

Беларуская музыка ў 2026 годзе працягвае пашыраць свае геаграфічныя межы. Самыя вядомыя беларускамоўныя пост-панкеры Nurnberg з’ездзілі ў еўрапейскі тур па 17 гарадах. У ім музыкі прэзентавалі новы EP “Razlad”.

Еўрапейскі тур прайшоў і ў гурта “Союз”, які прэзентаваў свой апошні альбом “Крок”. Таксама гурт выступіў жыўцом падчас эфіру на BBC Radio 6 Music. Туды іх запрасіў уплывовы брытанскі дыджэй Жыль Пітэрсэн. Аўдыторыя радыё – каля 2,7 мільёна слухачоў на тыдзень.

Фота: Беларускі гурт “Союз” выступае жыўцом у эфіры BBC Radio 6 Music. Крыніца: https://www.instagram.com/gruppasoyuz/

Беларускі фолк зайграў у лонданскай краме вінілавых кружэлак. Польскі даб артыст Violinbwoy па-свойму пераасэнсаваў беларускую песню «Што й па мору» ў выкананні жаночага праекта Laboratorium Pieśni. І яна загучала ў краме LionVibes, якая спецыялізуецца на продажы вінілавых даб і рэгі кружэлак.

Рэпер Kepskey удзельнічае ў творчым кэмпе казахскага выканаўцы Скрыптаніта. Дзякуючы яму хлопец пачаў пісаць па 10 трэкаў за дзень і атрымаў рэспект ад вядомага артыста.

Гурт Dlina Volny падпісаў publishing-здзелку з брытанскай TRO Essex Music Group. Кампанія будзе прадстаўляць правы на ўвесь каталог гурта. TRO Essex – адзін з самых вядомых незалежных паблішэраў, у каталогу якога песні Pink Floyd і Black Sabbath. Для Dlina Volny гэта азначае больш магчымасцяў для з’яўлення іх музыкі ў кіно і рэкламе.

Molchat Doma атрымалі залаты дыск за “Судно”. Гэта азначае, што беларусы прадалі 500 тысяч копій свайго трэку ў ЗША. І гэта першы кейс, калі беларускі гурт атрымаў сертыфікацыю RIAA у якасці асноўнага артыста.

Беларуска-аўстралійскае трыа Kapela Kotra выпусціла дэбютны альбом “Zialony Haj” і адразу адправілася з ім у еўрапейскі тур.

У еўрапейскі тур з’ездзілі і ветэраны айчыннага металу Gods Tower. Ён стаў своеасаблівым для музыкаў, бо вакаліста і лідара гурта Лэслі Найфа не прапусцілі ў самалёт на Кіпр. Прыйшлося выкручвацца і граць незвычайны канцэрт. У выніку артыст знаходзіўся ў Варшаве і спяваў онлайн, у той час як музыкі жыўцом выступалі на кіпрскай сцэне.

Фонк-выканаўца ANDROMEDA стаў самым праслухоўваным беларусам у Польшчы ў Spotify. Музыка прабіў адзнаку ў 6 мільёнаў праслухоўванняў.

Макс Корж працягвае свае стадыённыя падарожжы па свеце. Артыст анансаваў на гэты год яшчэ два канцэрты: у Стамбуле 6 чэрвеня і ў Дзюсельдорфе 26 чэрвеня.

Былы ўдзельнік ЛСП Пётр Клюеў запісаў сумесны трэк з народным артыстам Украіны Аляксеем Гарбуновым.

Абуджэнне канцэртнага жыцця і крызісы

Беларускае музычнае жыццё ўнутры краіны па-ранейшаму ідзе паралельным ходам. З аднаго боку афіцыйная частка, з іншага – андэрграўндная, незалежная. У пачатку года ў Берасці прайшоў фестываль “Берестейские сани”, хэдлайнерам якога стаў Аляксандр Саладуха.

Гурт “Дразды” выпусціў сумесны трэк з расійскім гуртом “Балаган Лимитед”, пакусіўшыся на святое – дранікі. Таксама Віталь Карпанаў аб’явіў пра еўрапейскі тур калектыва. Гурт плануе выступіць у Чарнагорыі, Малдове і Чэхіі.

У канцэртным жыцці краіны па-ранейшаму дамінуюць расейскія артысты. Канцэрты Вані Дзмітрыенкі выклікалі ажыятаж сярод беларусаў. Спявак праедзе з турам па Беларусі, квіткі на які разышліся літаральна за некалькі дзён.

Нягледзячы на гэта, беларускае канцэртнае жыццё таксама прачнулася. Пасля крызісу ўзнавіў працу культавы мінскі клуб “Рэактар”. Першым буйным і паспяховым канцэртам у клубе стаў сумесны выступ “Куклы”, “Бронепаровоз” і Torf.

У канцы сакавіка поўны клуб сабрала “Metal Mania”, хэдлайнерам якой сталі Extermination Dismemberment – самыя вядомыя на сёння беларускія металісты ў свеце. 

Свае сольнікі анансавалі і іншыя беларускія артысты. Так, рэпер Лайтовы прэзентаваў новы альбом. Артыст прадставіў новую праграму, якую больш не плануе паўтараць.

Гурт “Барысаўскі Тракт” адыграў свой першы сольнік у Re:public. У гэты ж дзень у Берасці ўпершыню выступілі Zvonku, мясцовыя рокеры “Сразу Май”, Воўка Плюмбум і Negative Zero

Адной з самых яскравых падзей унутры краіны стала з’яўленне гурта “Нержавейка”, які складаецца з падлеткаў. Хлопцы доўгі час знаходзяцца ў пошуках вакаліста і часова ім стаў журналіст і музычны блогер Саша Маніту.

Фота: Падчас рэпетыцыі падлеткавага гурта “Нержавейка”. Крыніца: https://people.onliner.by

Але не ўсё так вясёлкава ў канцэртным і тусовачным жыцці Беларусі. Блогер Diana Advocat выпусціў відэа, у якім распавёў пра крызіс начнога жыцця ў Мінску. Прычынамі сталі адсутнасць прывозаў добрых выканаўцаў, эканамічны складнік і магчымасць забароны мерапрыемства ў дзень яго правядзення. 

Некаторыя ўстановы працягваюць літаральна змагацца за выжыванне. Так, знакаміты мінскі клуб TNT паведаміў пра цяжкі стан. Клуб цяпер не можа працаваць пасля 23:00 і просіць аб дапамозе.

Балючыя страты, гучныя канфлікты і новыя выклікі

На жаль, у першым квартале 2026 года не абышлося і без стратаў. Выбітнаму беларускаму фолк-музыку Алегу Хаменку прысудзілі 3 гады калоніі за судзеянне “экстрэмісцкай” дзейнасці. Акрамя гэтага артыста аштрафавалі на 20 тысяч рублёў.

Ва ўзросце 57 гадоў памерла прадзюсарка Дзядзі Вані Іна Радаева. 

Беларускую музыку працягваюць прызнаваць па-за законам. Суд Лельчыцкага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” песню гурта “Крамбамбуля” “Я страляў у міліцыянта”. 

Акрамя гэтага ў Беларусі абнавілі чорны спіс музыкаў, чые песні нельга спяваць у караоке. Туды трапілі NaviBand, “Ляпіс Трубяцкі”, “Лепрыконсы”, Litesound і г.д. 

Закранула беларусаў і расейская цэнзура. Пасля ўвядзення новага закона пра прапаганду наркотыкаў, Раскамнагляд пачаў блакіроўку песень пра забароненыя рэчывы. Частка артыстаў паддалася цэнзуры і выдаліла кавалкі ці цэлыя песні, што не адпавядаюць новаму закону. Беларускі рэп-гурт УННВ не стаў гэтага рабіць, і яго трэкі пачалі знікаць з расійскіх стрымінгаў.

Не абыйшлося ў беларускай музыцы без канфліктаў, а пасля і стратаў. Блогерка і артыстка Лера Яскевіч не змагла паразумецца са сваёй менеджаркай Ганнай Навіцкай. Канфлікт вырашыўся радыкальна: выдаленнем усіх трэкаў і альбомаў са стрымінгаў. Пасля артыстка пачала вяртаць некаторыя свае рэлізы самастойна, а супраца з менеджаркай скончылася.

Страты панесла і фестывальнае жыццё Беларусі. Сёлета не адбудзецца Lidbeer. Летась на фэсце выступілі “Барысаўскі Тракт”, Police in Paris, Parade of Planets. Мінус яшчэ адзін буйны фэст і для Мінску. Арганізатары Festiwow, які два гады запар праходзіў на стадыёне “Дынама”, афіцыйна абвясцілі, што ў 2026 годзе фестываль не адбудзецца. Прычына – немагчымасць атрымаць гастрольнае пасведчанне, хаця падрыхтоўка да падзеі ўжо была амаль завершаная. 

Пасля распаду “Пятлі Прыхільнасці” вакаліст гурта Ілля Чарапко-Самахвалаў вярнуўся да сваіх іншых праектаў. Разам з гуртом Polyn ён рыхтуе новы альбом. Таксама ідзе праца з “Касіяпеяй”. Яшчэ артыст задумаў сольны праект, які думае рэалізаваць цягам 2027 года. 

Беларускія электроншчыкі Intelligency вярнуліся дадому з ЗША і ў 2026 годзе задумалі зарэлізіць альбом на беларускай мове.

Рэпер Nkeeei стаў настаўнікам вакальнага конкурсу “ФакторBY”. На гэтым жа конкурсе беларуская дзяўчынка выканала песню на ўкраінскай мове. 

Вынікі

Беларуская музыка вельмі бадзёра сябе праявіла ў першым квартале 2026 года. Выйшла адразу некалькі моцных і вартых увагі рэлізаў. Новым альбомам “Ramantyzm” парадавалі піянеры беларускага пост-металу Relikt. Яшчэ адныя піянеры, на гэты раз язычніцкага металу Znich таксама выпусцілі новы рэліз “Hramnicy”. Песня артыста Domsun прагучала ў рэкламе Adidas.

Сітуацыя з канцэртамі таксама выглядае няблага, улічваючы ўмовы, у якіх беларускім музыкам даводзіцца існаваць. Нягледзячы на дамінаванне расійскіх зорак і поўную адсутнасць заходніх прывозаў беларускія артысты не адчайваюцца і працягваюць ладзіць выступы. І гэта дае свой плён.

Напрыклад, гамельчукі Torf пасля свайго феерычнага выступу ў Мінску вырашылі парадаваць і землякоў. Хлопцы зайгралі ў гарадскім цэнтры культуры, іранічна абыграўшы свой гурт як вакальна-інструментальны ансамбль. Музыкі нават арганізавалі чырвоную дарожку перад выступам. 

У першай чвэрці года з’явілася зусім невялікае адчуванне паслаблення. Музыкі, якім раней забаранялі выступаць у Беларусі, усё ж змаглі гэта зрабіць. У краіне па-ранейшаму існуюць чорныя спісы і нават лаяльныя гурты кшталту “Дроздов” ці “Без Билета” не могуць зладзіць канцэрт у Мінску.

Тым не менш, нечаканых зрываў канцэртаў стала менш, і гэта не можа не радаваць.

 


Арт: Сусветныя перамогі і страты на месцах

Пачатак 2026 года паказвае беларускую арт-сцэну як прастору выразных кантрастаў. З аднаго боку, беларускія мастакі, куратары і праекты атрымліваюць усё большую міжнародную бачнасць і ўключаюцца ў ключавыя культурніцкія  падзеі. З іншага – унутры краіны мастацкае поле сутыкаецца з інстытуцыйнымі абмежаваннямі, стратамі і ўзмацненнем палітычнага ціску. Гэтае спалучэнне поспехаў і ўразлівасці вызначае бягучы стан і напрамак развіцця мастацкай супольнасці.

Усплёск міжнароднай увагі 

Пачатак 2026 года для беларускага выяўленчага мастацтва адзначыўся шырокай міжнароднай увагай. Некалькі беларускіх групавых і індывідуальных праектаў адразу трапілі ў фокус буйных міжнародных інстытуцый.

Адзін з самых прыкметных выпадкаў – выстава Sense of Safety. Праект, арганізаваны «Амбасадай культуры», Antiwarcoalition.art і харкаўскім YermilovCentre, стаў адным з чатырох фіналістаў Шаўчэнкаўскай прэміі – галоўнай культурнай узнагароды Украіны. Гэтае прызнанне падкрэслівае значнасць супольных намаганняў беларусаў і ўкраінцаў.

У сферы фатаграфіі асабліва прыкметныя асобныя дасягненні аўтараў. Беларуская дакументальная фатографка і кінематаграфістка Ксенія Галубовіч трапіла ў лік 20 пераможцаў міжнароднага конкурсу Female in Focus, арганізаванага The British Journal of Photography. Яе работа «Адлюстраванне мінулага», знятая ў прыфрантавым Харкаве, стала адным з самых моцных мастацкіх выказванняў на тэму «На мяжы».

Сярод яркіх імёнаў – фатографка Саша Вялічка. З пачатку года яе афіцыйна прадстаўляе галерэя Jednostka ў Варшаве, а сама мастачка стала пераможцай міжнароднага конкурсу Foam Talent. Неўзабаве яе праект пра палітзняволеных жанчын пакажуць у Амстэрдамскім музеі фатаграфіі.

Выданне беларускай мастачкі Лесі Пчолкі Descent into the Marsh увайшло ў шорт-ліст прэміі аўтарытэтнага Фонду Анры Карцье-Брэсона. Фотакніга беларускі параўноўвае тактыкі супраціву ў Ганконгу і Беларусі, разглядаючы іх як прыклады гарызантальных рэвалюцый новага часу. 

Інсталяцыі і новыя медыя таксама не саступаюць фатаграфіі. У Берліне беларускі мастак Уладзімір Грамовіч трапіў у лік намінантаў прэміі Neuköllner Kunstpreis з інсталяцыяй «Людзі солі», у межах якой ён асвятляе тэму беларускіх паўстанняў праз сучасную мастацкую форму. Ва Уроцлаве праца Алы Савашэвіч «Прывід» увайшла ў калекцыю Нацыянальнага музея. А ў музеі сучаснага мастацтва ў аўстрыйскім Грацы паказалі 225 кг беларускай глебы – у праекце Цемры «Ziamliačka».

Мастачка Цемра працуе над інтэрвенцыяй «Ziamliačka» / аўтар фота Kunsthaus Graz/J.J. Kucek. Крыніца: https://www.museum-joanneum.at

Беларускія куратары таксама адзначаюцца міжнароднымі поспехамі. Напрыклад, ювелір і куратарка Алена Карпілава ўзяла ўдзел у галоўнай падзеі ювелірнага свету – Мюнхенскім ювелірным тыдні – як спікерка лекторыя ад галоўнага ювелірнага часопіса свету Art Jewelry Forum. 

Сярод падзей, якія толькі нядаўна былі абвешчаныя, але ўжо на этапе анонсу маюць вялікае значэнне для беларускай арт-супольнасці, можна вылучыць, напрыклад, ўдзел Марыны Напрушкінай у афіцыйнай праграме Manifesta’16 – адной з самых важных падзей у сучасным мастацтве, што сёлета адбудзецца адразу ў некалькіх гарадах Рурскага рэгіёна Германіі. Адначасова з гэтым незалежная група беларускіх творцаў з праектам Official. Unofficial. Belarus (куратары – Беларускі Свабодны тэатр) возьме ўдзел у паралельнай праграме Венецыянскай біенале. І восенню мы пабачым выставу пад куратарствам Аляксея Барысёнка для спецпраекта The Path / Takas («Шлях») у межах міжнароднага кірмашу сучаснага мастацтва ArtVilnius’26.

Вялікія вяртанні і вялікія страты 

Паралельна з міжнароднай актывізацыяй у беларускім мастацтве ўсё больш выразна праяўляецца праца з культурнай памяццю. Ва ўмовах інстытуцыйнай нестабільнасці і абмежаваных рэсурсаў асаблівую ролю набываюць асобныя ініцыятывы і падзеі. У гэтым кантэксце за першыя месяцы 2026 года вылучыліся адразу два важныя працэсы.

Адной з першых важных падзей году стала частковае аднаўленне вэб-архіва Photoscope.by, доступ да якога быў страчаны пасля смерці фатографа Уладзіміра Парфянка. У 2000–2010-я гады гэты рэсурс адыгрываў значную ролю ў фарміраванні крытычнага дыскурсу вакол фатаграфіі як мастацтва і застаецца важнай часткай прафесійнай памяці.

Скрыншот старонкі https://collections.photounion.by/photoscope

Другі прыклад вяртання культурнай спадчыны звязаны з ініцыятывай MALDZIS. Нядаўна каманда выкупіла 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды. Гэтыя працы, што адлюстроўваюць пейзажы з тэрыторый Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, ужо былі прадстаўленыя ў Музеі Вольнай Беларусі.

Разам з гэтым агляданы перыяд адзначыўся і адчувальнымі стратамі. Пайшлі з жыцця некалькі значных фігур беларускага мастацтва: мастацтвазнаўца, заснавальнік прасторы Хаіма Суціна ў Смілавічах Юры Абдурахманаў, мастак і адзін з пачынальнікаў віцебскай школы акварэлі Фелікс Гумен і знакаміты прадстаўнік беларускага авангарду, мастак Уладзімір Акулаў

Адначасова ўзмацняецца і ціск на выяўленчае мастацтва. Адным з найбольш рэзанансных выпадкаў стала прызнанне выдуманай краіны «Вейшнорыя» «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ўключэнне ў яго склад Алега Ларычава – арганізатара буйнога стрыт-арт-фестывалю Urban Myths, мастака. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА. Акрамя Ларычава пад хвалю затрыманняў трапілі мастачка Вікторыя Багдановіч і фатограф Андрэй Лянкевіч. Вікторыя была адной з тых, каго затрымалі падчас аблавы беларускіх кніганошаў. На момант напісання тэксту яна вызваленая. Таксама важна адзначыць затрыманні ў культурніцкай прасторы “Парасон”, якая таксама ладзіць імпрэзы пра беларускае выяўленчае мастацтва.

Асобнай тэмай застаюцца продажы карцін з прыватнай калекцыі Віктара Бабарыкі. У агляданы перыяд улады зноў спрабавалі выставіць творы на аўкцыён, але цяпер ужо з “вялікай зніжкай”. На дзяржаўным сайце прапаноўвалі творы Яўгена Зака, Міхаіла Кікоіна і Восіпа Любіча. Прадаць атрымалася толькі жывапіс апошняга і тое без дадатковых ставак. На пляцоўцы па продажы арыштаванай маёмасці пазначана, што на карціну прэтэндаваў толькі адзін пакупнік. Хто ён ці яна – невядома.  

Супярэчлівая дынаміка мастацкіх інстытуцый: інклюзія, пашырэнне, але і татальная русіфікацыя

На фоне агульнай трансфармацыі арт-супольнасці дзяржаўныя інстытуцыі таксама працягваюць удзельнічаць у культурным працэсе. Так, Нацыянальны мастацкі музей развівае адукацыйныя і інклюзіўныя праекты – ад лекцый па гісторыі мастацтва да праграмы «Паслухай мастацтва» для людзей з парушэннямі зроку. Больш за тое, музей спрабуе шукаць новыя кропкі судакранання з рознай аўдыторыяй праз дзіцячыя гайды па залах і «ажыўленыя карціны» проста ў цэнтры Мінска. Такім жа важным крокам выглядае і запланаваная рэканструкцыя з развіццём музейнага квартала, што можа адкрыць новыя магчымасці для працы.

З іншага боку, гэтыя ініцыятывы суіснуюць з агульнай тэндэнцыяй на актыўную русіфікацыю нацыянальнай культуры. Прычым гаворка ідзе ўжо не пра асобныя выпадкі, а пра ўстойлівы працэс, у якім расійскі культурны наратыў займае ўсё больш месца ў дзяржаўных інстытуцыях.

Адным з найбольш паказальных прыкладаў стала выстава «Сяргей Ясенін. Бясконцая легенда» ў Нацыянальным мастацкім музеі, арганізаваная пры ўдзеле расійскіх партнёраў. Праект уключаў не толькі экспазіцыю, але і шырокую публічную праграму з удзелам афіцыйных дэлегацый. Нават у межах святкавання Дня роднай мовы цэнтральная ўвага галоўнага мастацкага музея краіны была аддадзена тэме “паэтычнага батлу” расійскіх творцаў – Ясеніна і Маякоўскага.

Фота: Падчас выстаўкі “Сяргей Ясенін. Бясконцая легенда” ў Мінску. Крыніца: https://minsknews.by

Паралельна выставам назіраецца і глабальнае збліжэнне з Расіяй на інстытуцыйным узроўні. З пачатку 2026 года беларускія культурніцкія інстытуцыі актыўна праводзяць сумесныя праекты з расійскімі калегамі і падпісваюць новыя афіцыйныя пагадненні аб супрацы з інстытуцыямі. У выніку русіфікацыя праяўляецца не толькі ў тэматыцы выстаў і імпрэзаў, але і ў больш шырокім разуменні культурнай сістэмы.

Вынікі

Такім чынам, у першым квартале 2026 года беларускае мастацтва працягвае развівацца ў некалькіх кірунках. Найбольш дынамічная частка поля звязаная з міжнароднай сцэнай. Па-за межамі краіны беларускія аўтары і ініцыятывы ўсё больш умацоўваюць свой голас і пазіцыі, атрымліваюць прызнанне і магчымасці для развіцця, нават нягледзячы на велізарны недахоп рэсурсаў і ўнутраныя канфлікты.

Унутры краіны сітуацыя выглядае больш супярэчлівай. З аднаго боку, захоўваюцца і нават часткова развіваюцца інстытуцыі, з’яўляюцца адукацыйныя і інклюзіўныя практыкі, адбываюцца спробы мадэрнізацыі інфраструктуры. З іншага – гэтыя працэсы не суправаджаюцца істотным абнаўленнем зместу і не ствараюць умоў для паўнавартаснага развіцця мастацтва.

Дадатковым фактарам у мастацтве цяпер становіцца праца з памяццю, якая набывае ўсё большую значнасць на фоне стратаў. Адраджэнне архіваў і вяртанне культурных каштоўнасцяў адбываюцца паралельна з сыходам ключавых фігур, распадам сувязяў паміж людзьмі. Адначасова ўзмацняецца ціск на культурную сферу і пашыраецца практыка крыміналізацыі мастацкіх ініцыятыў. Разам з гэтым усё больш выразнай і паўсядзённай становіцца тэндэнцыя да русіфікацыі, якая праяўляецца як у выставачнай палітыцы, так і ў інстытуцыйным супрацоўніцтве. Усё гэта робіць працу па актуалізацыі і папулярызацыі незалежных культурных напрацовак асабліва неабходнай ужо сёння.

Вокладка:

Сцэна са спектакля Мікіты Ільінчыка “Лялька”. Крыніца: https://teatrdramatyczny.pl

Агляды падрыхтаваныя пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Справа кніганошы вымагае адвагі Кіно: Ананімы і прапаганда Тэатр: Завяршэнне кадравай рэвалюцыі і скандалы ў сталічных калектывах Музыка: Вяртанне канцэртаў у …

Паводле рашэння № 4/41-76 Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ад 09.04.2026 Беларуская Рада культуры, а таксама праграма ArtPower Belarus, праект “Беларускія магістраты” …