“Беларуская тэатральная крытыка заставалася ў перманентным крызісе яшчэ ў мірны час. Крытыкаў заўжды можна было пералічыць па пальцах. Амаль не было спецыялізаваных выданняў (аддзел тэатру быў толькі ў газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”). За напісанне рэцэнзіяў было немагчыма пражыць. Заставаліся два выйсці: навука або тэатральная журналістыка. Але фінансаванне першай увесь час пагаршалася, а другая была не надта запатрабаваная медыямі. Пасля 2020 года і гэтая не самая спрыяльная сітуацыя рэзка пагоршылася. Частка крытыкаў эмігравала. Незалежныя выданні закрыліся або пераехалі за мяжу і атрымалі статус “экстрэмісцкіх”. Апошняе зрабіла амаль немагчымаю публікацыю тэкстаў з Беларусі (той, хто з’ехаў, не можа зрабіць гэта фізічна, таму, хто застаўся, рабіць гэта небяспечна). Самае галоўнае – пад вялікім ударам апынуўся сам айчынны тэатр: звальненні, забароны спектакляў, цэнзура...
Гэта істотна адбілася на тэатральнай крытыцы ў краіне. Калі вынесці за дужкі заўжды станоўчыя водгукі Валянціна Пепяляева ў “СБ. Беларусь сегодня” (назваць іх крытыкаю не падымаецца рука), то застаюцца хіба некалькі аўтараў. Гэта Настасся Васілевіч, рэдактарка часопісу “Мастацтва”, і Яўгенія Бачыла, якая супрацоўнічае з гэтым выданнем. На жаль, яно перастала выкладваць тэксты онлайн.
Гэта рэдакцыя Instagram-старонкі “Кантровы падкаст”, што часам змяшчае рэцэнзіі.
А таксама Надзея Бунцэвіч, якая працягвае працу ў газеце “Культура”. Новая рэальнасць дыктуе фармат станоўчых тэкстаў. Праблема хіба ў тым, што непрафесіянал рызыкуе прыняць агульную станоўчую ацэнку за чыстую манету.
Аднак аналітыка, у фармаце якой без самацэнзуры можна адкрыта вылучыць як плюсы, так і мінусы пэўнага спектаклю, фестывалю і наагул тэатральнага працэсу (не баючыся наступстваў), у Беларусі знікла цалкам.
Крытыкі і спецыялісты за мяжой апынуліся ў складанай сітуацыі. Ім даступная прадукцыя эміграцыйнага тэатру, але з калектываў, што працуюць у краіне, толькі адзінкавыя (РТБД, адзін раз Оперны) ладзяць онлайн-трансляцыі. Час ад часу асобныя спектаклі запісваюцца, іх можна ўбачыць на тэлебачанні або YouTube. Некаторыя адмыслоўцы пішуць не толькі пра тэатр у эміграцыі (Настасся Панкратава, Дзяніс Марціновіч, Ксенія Князева), але і пра замежны (польскі, малдаўскі і г. д. – Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі). У выпадку ж выдання “Нарысаў пра сучасны беларускі тэатр” у перакладзе на польскую аўтары тэкстаў пазначаныя псеўданімамі.
Незалежныя медыі таксама не надта актыўна звяртаюцца да тэатральных тэмаў. У параўнанні з іншымі незалежнымі выданнямі больш увагу на культуру звяртае Reform (і асобны
тэлеграм-канал праекту, прысвечаны культуры), працуе сайт art-context.com пра культуру (ёсць
раздзел пра тэатр), перыядычна тэксты пра тэатр выходзяць і ў іншых незалежных медыях. Асаблівасць тэкстаў – у ананімнасці аўтараў”.