#FREEIRDORATH

Беларуская Рада культуры абвясціла кампанію ў падтрымку музыкаў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath і іх сяброў, затрыманых 2 жніўня на лецішчы пад Мінскам. У дачыненні да сямі чалавек распачатыя крымінальныя справы, пры гэтым пяцёра з іх прызнаныя палітзняволенымі. Паводле праваабаронцаў, удзельнікаў гурта і іх сябра-дудара абвінавачваюць па арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Бо гралі на вуліцах год таму, падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года.
На жаль, сёння ў Беларусі кожны, хто займаецца музыкай, выступае на сцэне ў тэатры, піша вершы ці малюе карціны, можа апынуцца за кратамі. Арышт філосафа Уладзіміра Мацкевіча, ліквідацыя Беларускага ПЭН-цэнтра, справа гурта Irdorath -- толькі апошнія прыклады рэпрэсій, што адбываюцца ў краіне ў дачыненні да дзеячаў культуры. Цягам апошніх тыдняў у Беларусі знішчылі ўсе некамерцыйныя арганізацыі, штодзень арыштоўваюць творцаў, многія з іх з’язджаюць з краіны. Рэжым вядзе планамерную працу па знішчэнні беларускай культуры і – разам з ёй – нацыі.

Наша салідарнасць можа дапамагчы перажыць гэтыя змрочныя часы. Толькі разам, выказваючы сваю супольную падрымку, мы можам супрацьстаяць магутнай машыне рэжыму.

Музыкі з гурта Irdorath і іх паплечнікі ў жніўні 2020 года падтрымлівалі пратэстоўцаў на мірных маршах. Менавіта за такую актыўнасць іх, нібы тэрарыстаў, затрымалі падкрэслена брутальна, нават з выкарыстаннем зброі. Пры гэтым грамадскасці вядома, што і абвінавачванні, і крымінальныя справы сфабрыкаваныя.
Чаму гэта важна?
Cкрыншот з відэа МУС
Мы ўпэўненыя, што ўсе без выключэння затрыманыя творцы па самым хуткім часе будуць на волі і парадуюць нас сваёй музыкай, вершамі і песнямі, а сабраныя сродкі дапамогуць ім і іх сем’ям ўстаць на ногі, вызваліцца ад цяжару прынамсі фінансавых пытанняў.

З гэтай нагоды Беларуская Рада культуры распачала збор ахвяраванняў для гурта Irdorath і іх сяброў. Зрабіць свой унёсак можна тут.

Усе сабраныя сродкі будуць перададзены на падтрымку і рэабілітацыю зняволеных музыкаў.

Таксама заклікаем дзяліцца публікацыямі ў сацсетках пад хэштэгам #freeIrdorath, каб распавесці не толькі беларусам, але і ўсяму свету пра тыя несправядлівасці, што адбываюцца на беларускай зямлі сёння. Толькі разам станем мацнейшымі і пераможам.
Што мы робім?