Беларуская Рада культуры — "экстрэмісцкае фармаванне"

7 чэрвеня 2022 г. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла нас, наш сайт і сацыяльныя сеткі ў спіс арганізацый, датычных экстрэмісцкай дзейнасці.
Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, так пракаментаваў сітуацыю:

"Змагацца з культурай, гэта тое самае, як змагацца, напрыклад, з наступленнем вясны. Ты хочаш вечнай зімы, але так не будзе, нават калі ты выдзярэш са свайго календара ўсе іншыя месяцы. Вясна прыйдзе.

Унясеннем у дзівосную табліцу ў пірацкім вордзе пад п.64 нашыя канкрэтныя ініцыятывы па захаванню, далейшаму існаванню і развіццю беларускай культуры можна толькі паспрыяць іх хутчэйшаму разгортванню. Гэта значыць, што курс узяты правільны, ён цалкам супярэчыць цяперашняй акупацыйнай палітыцы ў тым ліку ў сферы культуры, якая палягае ў татальным кантролі, ідэалагічным абслугоўванні, русіфікацыі і мілітарызацыі сферы культуры на фоне штодзённых рэпрэсій. Мы працягнем працу ў адваротным ад акупантаў кірунку - на тую Беларусь, у якой мы і нашы дзеці будуць жыць неўзабаве.

У сувязі з такім статусам працаваць на тэрыторыі Беларусі нам відавочна будзе больш складана. Але нас натхняюць усе папярэднія прыклады гісторыі, якія перадае фраза з верша Алесь Дудар: "Сіл такіх няма, каб нас перадушыць". Нас шматкроць намагаліся знішчыць, але беларусы выжывалі і захоўвалі сваю культуру. Мы са свайго боку надалей будзем клапаціцца пра бяспеку нашых людзей, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, спрыяць у рэалізацыі класных творчых ідэй.

Беларуская культура будзе жыць!
100%".

Беларуская Рада культуры — першая культурніцкая арганізацыя, якая атрымала статус "экстрэмісцкага фармавання".

Мы з яшчэ большым імпэтам будзем працаваць дзеля развіцця беларускай культуры. Бо новая Беларусь — наш супольны арт-праект!

Калі вы ў бяспецы, падпісвайцеся на нашыя каналы: