pexels-elif-aygun-2154749682-37422009

Дацкая мадэль. Культура – частка сацыяльнай палітыкі і фактар грамадзянскага ўдзелу

Падчас працоўнай вандроўкі ў Капенгаген прадстаўнікі Беларускай Рады культуры пазнаёміліся з досведам дацкіх арганізацый, якія працуюць на сутыку культуры, даследаванняў, адвакатавання, абароны правоў творцаў і развіцця культурніцкіх інстытуцый. Гэтыя сустрэчы паказалі, як у Даніі выбудоўваецца сістэма ўзаемадзеяння паміж дзяржавай, незалежнымі арганізацыямі, прафесійнымі супольнасцямі, прыватнымі фондамі і культурніцкімі ўстановамі.

Асабліва важным для беларускага культурніцкага сектара падаецца досвед трох арганізацый: Інстытута культурніцкай аналітыкі, Дацкай рады артыстаў і пляцоўкі “Дацкае культурнае жыццё”. Кожная з іх працуе ў сваёй нішы, але разам яны дэманструюць, як культура можа быць не толькі сферай творчасці, але і часткай дэмакратычнай устойлівасці, сацыяльнай палітыкі, эканомікі і грамадзянскага ўдзелу.

1. Інстытут культурніцкай аналітыкі / Kulturens Analyseinstitut

Падчас сустрэчы ў Інстытуце культурніцкай аналітыкі: кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, дырэктар Інстытута культурніцкай аналітыкі Эсбэн Даніэльсэн (Esben Danielsen) і дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая

Інстытут культурніцкай аналітыкі быў створаны дзяржавай у 2020 годзе, падчас пандэміі COVID-19, калі ў Даніі асабліва выразна стала бачна, што культура – не проста забава або спосаб бавіць вольны час, а важны шлях падтрыманя сувязяў паміж людзьмі, умацавання грамадства і ўплыву на якасць жыцця.

Фармальна рада дырэктараў інстытута прызначаецца Міністэрствам культуры, аднак сама арганізацыя працуе паводле прынцыпу «выцягнутай рукі». Гэта азначае, што дзяржава і незалежная арганізацыя існуюць у полі ўзаемнага даверу: дзяржава стварае ўмовы і падтрымлівае інстытуцыю, але не ўмешваецца непасрэдна ў яе даследчую і аналітычную працу. 

Галоўная задача інстытута – даследаваць уплыў культуры на грамадства. Яны глядзяць на культуру не толькі як на галіну эканомікі, а як на фактар, які ўплывае на здароўе, сацыяльныя сувязі, дэмакратычныя каштоўнасці, удзел у палітычным і грамадскім жыцці, а таксама на эканамічнае развіццё.

Асноўная выснова, з якой працуе інстытут: культурнае жыццё павінна быць разнастайным і якасным. Менавіта гэтыя дзве характарыстыкі – разнастайнасць і якасць – у арганізацыі лічаць ключавымі для таго, каб культура сапраўды працавала на грамадства.

Даследаванні дзяцей, культуры і бар’ераў доступу

Адзін з прыярытэтаў інстытута на наступны год – культурніцкая прапанова для дзяцей. Даследчыкі звярнулі ўвагу, што ў Даніі вельмі невялікі працэнт дзяцей уцягнуты ў заняткі культурай, асабліва ў параўнанні са спортам. Паводле іх назіранняў, музыкай займаецца толькі каля 7–8% дзяцей, у той час як спортам – каля 82%, пры тым што абедзве сферы субсідуюцца. Гэта выклікала пытанне: чаму пры падобнай падтрымцы дзяржавы культура прайграе спорту ў масавым удзеле дзяцей?

Сярод магчымых бар’ераў называюцца фінансавыя прычыны: напрыклад, футболам займацца танней, чым музыкай. Ёсць і іншы бар’ер – уваход у некаторыя культурніцкія практыкі часта звязаны з адборам паводле здольнасцяў або таленту. Калі дзіця хоча займацца музыкай, яно можа сутыкнуцца з адчуваннем, што трэба ўжо мець пэўныя задаткі. Гэта робіць культуру менш даступнай для тых, хто проста хоча паспрабаваць.

Бібліятэкі як прастора далучэння дзяцей

Асобна інстытут працуе з бібліятэкамі, якія ў Даніі разглядаюцца як важныя пляцоўкі для далучэння дзяцей да культуры. Адна з праблем, якую даследуюць, – як заахвоціць дзяцей чытаць у вольны час.

Дацкія бібліятэкі пачалі актыўна змяняць сваю прастору і падыход да чытачоў. Яны адышлі ад традыцыйнага ўяўлення пра бібліятэку як месца, дзе трэба абавязкова захоўваць цішыню. У некаторых бібліятэках прыбралі жорсткі падзел на групы, дазволілі дзецям размаўляць, рухацца, паводзіць сябе больш свабодна. У выніку сем’і сталі часцей прыходзіць у бібліятэкі.

Змяніўся і спосаб прадстаўлення кніг. Замест таго каб ставіць кнігі толькі карэньчыкамі да чытача, бібліятэкі пачалі паказваць іх вокладкамі, выкарыстоўваючы маркетынгавыя даследаванні пра тое, якія вокладкі і фарматы прыцягваюць увагу дзяцей. Гэта дало практычны вынік: працэнт кніг, якія дзеці бяруць пачытаць, пачаў расці.

Культура як палітычны аргумент

Інстытут культурніцкай аналітыкі прапануе прынцыпова глядзець на культуру не толькі праз эканамічную выгаду. Іх пазіцыя ў тым, што карысць культуры не вымяраецца толькі грашыма. Культура можа ўплываць на здароўе, давер, салідарнасць, устойлівасць грамадства, удзел людзей у дэмакратычных працэсах.

Гэтую ідэю спрабуюць даносіць на палітычны ўзровень. На мясцовым узроўні ў Даніі ўплыў культуры ўжо даволі добра разумеюць. На нацыянальным – гэтае разуменне таксама паступова ўзмацняецца. Так, падчас апошняй перадвыбарнай кампаніі прэм’ер-міністарка ўпершыню выразна сказала, што калі Даніі патрэбная моцная дэмакратыя, грамадства павінна быць здольным супрацьстаяць выклікам, а гэта патрабуе актыўнага культурнага жыцця. На федэральным узроўні каля 7–8% дзяржаўнага бюджэту ідзе на культуру. На мясцовым – на культуру выдаткоўваецца яшчэ больш, і гэтая доля працягвае расці.

Уласная метадалогія замест гатовых адказаў

Адна з праблем, з якой сутыкнуўся інстытут, – адсутнасць гатовай метадалогіі для вымярэння культурнага жыцця. Дацкае статыстычнае бюро раней не займалася культурай у патрэбным для інстытута маштабе, таму даследчыкам давялося самастойна распрацоўваць падыходы.

Яны пачалі з тэатральнай сферы: узяліся апісаць усе аспекты працы тэатра ў краіне, наладзілі кантакты з арганізацыямі сектара, пачалі збіраць інфармацыю, ператвараць яе ў аналітыку і прэзентаваць вынікі. Гэта дазволіла не проста зладзіць даследаванне, а стварыць веды, якія могуць уплываць на палітычныя рашэнні. Адзін з прыкладаў такога ўплыву – распрацоўка законапраекта пра тэатр. Упершыню пры падрыхтоўцы такога важнага дакумента.

Другі прыклад – мясцовыя выбары. У 20 камунах са 100 культура стала часткай перадвыбарнай дыскусіі, а ў 11 з гэтых 20 камун яна была прыкметнай тэмай палітычнай барацьбы.

Фінансаванне, мецэнацтва і прыватныя фонды

Гадавы бюджэт Інстытута культурніцкай аналітыкі – каля 16 млн дацкіх крон (каля 2,1 млн еўраў): 9 млн крон на год арганізацыя атрымлівае ад дзяржавы, яшчэ 7 млн крон – ад фондаў.

Для даследчай арганізацыі, якая працуе з дзяржаўнай падтрымкай і ўплывае на культурную палітыку, празрыстасць дадзеных, метадалогіі і высноў мае прынцыповае значэнне.

Інстытут працуе на нацыянальным узроўні, але цяпер зацікаўлены ў міжнародным развіцці і партнёрстве, у тым ліку з беларускімі арганізацыямі.

Падчас размовы таксама абмяркоўвалася, наколькі ў Даніі развітая культура мецэнацтва. Сапраўды, тут бізнес і заможныя людзі актыўна ўдзельнічаюць у падтрымцы сферы культуры. Важную ролю адыгрываюць падатковыя палёгкі, а таксама сістэма прыватных фондаў, якія могуць быць заснаваныя на сродках кампаній, але існуюць як самастойныя структуры. У банкаўскай сістэме ёсць абавязак займацца філантропіяй. У выніку каля паловы сродкаў на культуру ў Даніі паступае з прыватных фондаў.

2. Дацкая рада артыстаў / Dansk Kunstnerråd

На фота: cтаршыня Дацкай рады артыстаў Сёрэн Банг Енсэн (Søren Bang Jensen), менеджарка адукацыйнага кірунку ArtPower Belarus Вольга Кавальская, дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая і праектная менеджарка Дацкага інстытута культуры Фрэдэрыке Торнінг Якабсэн (Frederikke Thorning Jacobsen).

Danish Council of Artists, або Dansk Kunstnerråd, – некамерцыйная парасонавая арганізацыя, створаная ў 1971 годзе. Яна аб’ядноўвае прафесійныя арганізацыі мастакоў і творцаў у Даніі і працуе дзеля ўмацавання мастацкага, эканамічнага і сацыяльнага становішча творцаў у грамадстве.

Рада прадстаўляе каля 22–24 арганізацый-сябраў, якія ахопліваюць усе віды мастацтва. Такім чынам Dansk Kunstnerråd прадстаўляе каля 18 000 чалавек – прыкладна 75% усіх дацкіх прафесійных творцаў. Кіруе арганізацыяй рада з 9 чалавек.

Галоўная місія –  прасоўваць агульныя інтарэсы прафесійных творцаў у розных сферах: палітычнай, прававой, эканамічнай і сацыяльнай. Рада працуе з урадам Даніі, удзельнічае ў дыскусіях пра культуріцкую палітыку і імкнецца ўплываць на рашэнні, якія закранаюць становішча творцаў і мастацкага сектара.

Чаму ўзнікла патрэба ў парасонавай арганізацыі

Многія невялікія прафесійныя арганізацыі ўзнікалі з патрэбы аб’яднацца, каб быць мацнейшымі. Асобная супольнасць мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, акцёраў або іншых творцаў можа мець абмежаваныя рэсурсы і слабы палітычны голас. Але калі гэтыя арганізацыі выступаюць разам, яны могуць больш эфектыўна ўплываць на палітыку, дамаўляцца з дзяржавай і абараняць агульныя інтарэсы.

На сустрэчы прадстаўнікі Рады артыстаў падкрэслілі, што раней яны спрабавалі займацца ўсімі пытаннямі адначасова. Гэта не працавала, таму што рэсурсы абмежаваныя, а праблем у культурніцкім полі шмат. Цяпер арганізацыя значна больш сфакусаваная. Сярод ключавых прынцыпаў – праца з дадзенымі, арганізацыйная дэмакратыя і дакладнае прыярытэтаванне абмежаваных рэсурсаў.

Палітыкі і важныя тэмы

Арганізацыя працуе з рознымі ўзроўнямі культурніцкай палітыкі – ад нацыянальнай да глабальнай. 

Сярод важных тэм:

  • дэцэнтралізацыя культурнага жыцця;
  • права інтэлектуальнай уласнасці;
  • рэгуляванне штучнага інтэлекту;
  • сацыяльная абарона творцаў;
  • падаткаабкладанне;
  • умовы працы.

Асобна Рада распрацоўвае і рэкамендуе выкарыстоўваць guidelines – прынцыпы і рэкамендацыі для сектара. Сярод іх: справядлівая аплата, устойлівыя ўмовы працы, разнастайнасць, празрыстасць і давер.

Адзін з асобных фокусаў Рады – дадзеныя і аналіз. Тут адзначаюць, што ў грамадстве часта не хапае ведаў пра рэальны рынак працы творцаў.

Фінансаванне

Гадавы бюджэт Danish Council of Artists складае каля 150 000–200 000 еўраў. Прыкладна 40% фінансавання паступае ад дзяржавы – з так званых gambling money, сродкаў, звязаных з азартнымі гульнямі. Каля 60% бюджэту забяспечваюць сяброўскія ўнёскі. Таксама арганізацыя можа атрымліваць партнёрскія сродкі і падтрымку прыватных фондаў.

Гэтая структура фінансавання паказвае змяшаную мадэль устойлівасці: арганізацыя не цалкам залежыць ад дзяржавы, але і не існуе толькі за кошт сяброўскіх унёскаў. Для беларускіх арганізацый гэта можа быць карысным прыкладам дыверсіфікацыі: частка сродкаў ад супольнасці, частка ад інстытуцыйнай падтрымкі, частка ад партнёраў і фондаў.

3. Дацкае культурнае жыццё / Dansk Kulturliv

На фота: намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая, галоўная кансультантка Dansk Kulturliv Мары Нёрскаў Бэрэнтсэн (Marie Nørskov Bærentsen), дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін

Dansk Kulturliv – аб’яднанне, што прадстаўляе агульныя інтарэсы культурніцкіх арганізацый і больш чым 1100 дацкіх культурніцкіх установаў і прадпрыемстваў. Пляцоўка адвакатуе культуру на палітычным узроўні і аб’ядноўвае шырокі культурніцкі сектар вакол супольных пазіцый. Разам сябры Dansk Kulturliv штогод прыцягваюць больш за 60 мільёнаў наведвальнікаў. Гэта робіць арганізацыю найбуйнейшай у Даніі супольнасцю для абмену досведам, грамадзянскай адукацыі і дэмакратычнага ўдзелу праз культуру.

Dansk Kulturliv зыходзіць з таго, што культура і мастацтва маюць фундаментальнае значэнне для грамадства. Яны ўмацоўваюць дэмакратыю ў турбулентным свеце і павінны быць даступныя ўсім жыхарам Даніі незалежна ад сацыяльнага паходжання, месца жыхарства або паштовага індэкса.

Культуру тут разглядаюць не як дадатак да «сапраўднай» палітыкі, а як адну з асноў моцнай дэмакратыі. 

Палітычнае адвакатаванне

Адна з галоўных функцый Dansk Kulturliv – быць адзіным палітычным голасам для культурніцкага сектара. Арганізацыя публікуе палітычныя пазіцыі, бюджэтныя прапановы, у тым ліку прапанову для нацыянальнага бюджэту на 2026 год, і агульныя прынцыпы для сваіх членаў.

Пляцоўка таксама актыўна працуе з тэмай мастацкай свабоды. Нядаўняе апытанне сярод кіраўнікоў дацкіх культурніцкіх устаноў паказала, што прынцып «выцягнутай рукі» ў Даніі захоўваецца, але ціск на сектар культуры ўзмацняецца. Для арганізацыі гэта стала асобнай сферай маніторынгу і адвакатавання. Яны адсочваюць, дзе і як можа ўзнікаць ціск на незалежнасць культурніцкіх інстытуцый, і ператвараюць вынікі маніторынгу ў палітычны наратыў. 

Яшчэ адзін важны кірунак працы Dansk Kulturliv – доступ дзяцей і моладзі да культуры. Арганізацыя распрацавала сумесную прапанову з чатырма ініцыятывамі, якія павінны пашырыць кантакт дзяцей і маладых людзей з мастацтвам і культурай. Гэты аспект працы перагукаецца з даследаваннямі Інстытута культурніцкай аналітыкі. Абедзве арганізацыі фактычна паказваюць, што дзіцячая і моладзевая аўдыторыі не павінны разглядацца як другасныя. Наадварот, менавіта ранні досвед удзелу ў культурным жыцці можа ўплываць на далейшую сувязь чалавека з культурай, супольнасцю і дэмакратыяй.

Устойлівасць, бяспека і турызм

Dansk Kulturliv таксама працуе з тэмай культурніцкай устойлівасці і бяспекі. Арганізацыя распрацавала прапановы па ўмацаванні сістэмы падрыхтоўкі да надзвычайных сітуацый для культурнага жыцця Даніі.

Гэта асабліва рэзаніруе з беларускім кантэкстам, дзе культурныя арганізацыі ўжо некалькі гадоў працуюць у стане крызісу, вымушанай міграцыі, рэпрэсій, фінансавай нестабільнасці і інстытуцыйнай уразлівасці. Дацкі досвед паказвае, што бяспека культурніцкага сектара можа і павінна быць прадметам асобнай палітыкі: як захоўваць інстытуцыі, архівы, людзей, кампетэнцыі, сувязі і культурную спадчыну ў моманты крызісу.

Сярод напрамкаў працы арганізацыі ёсць і культурніцкі турызм. Пляцоўка прапанавала меры па развіцці культурніцкага турызму ў Даніі, падкрэсліваючы, што краіна мае значны нявыкарыстаны патэнцыял, асабліва за межамі найбуйнейшых гарадоў.

Як дзейнічае Dansk Kulturliv

Dansk Kulturliv стварае каштоўнасць праз некалькі асноўных механізмаў:

  • палітычнае лабіяванне;
  • назапашванне ведаў праз аналіз і дадзеныя;
  • стварэнне міжсектаральных альянсаў;
  • каардынацыя супольных ініцыятыў;
  • выпрацоўка агульных прынцыпаў і пазіцый;
  • прадстаўніцтва культурніцкага сектара ў дыялогу з палітыкамі і грамадствам.

Ключавая логіка іх працы ў тым, што разам члены могуць дасягнуць большага, чым паасобку. Dansk Kulturliv функцыянуе адначасова як палітычнае лобі, сетка падтрымкі і пляцоўка для фармулявання агульнага бачання развіцця культуры.

4. Яшчэ больш сустрэч і лекцыя 

Падчас паездкі ў Капенгаген прадстаўнікі Беларускай Рады культуры ўзялі ўдзел у мностве іншых сустрэч, размоў і прэзентацый, прысвечаных становішчу беларускай культуры, міжнароднай падтрымцы і магчымым напрамкам далейшага супрацоўніцтва з дацкімі калегамі. Гэтыя нават вельмі кароткія спатканні дазволілі не толькі прадставіць працу нашай арганізацыі, але і яшчэ раз падкрэсліць, што беларуская культура сёння існуе ў складаным полі паміж рэпрэсіямі, русіфікацыяй, вымушанай эміграцыяй культурных дзеячаў і неабходнасцю захоўваць цэласнасць беларускай культурнай прасторы.

У гэтых умовах асабліва важнай стала стратэгічная сустрэча з нашымі партнёрамі па праграме ArtPower Belarus – Дацкім істытутам культуры. Падчас асабістай размовы мы абмеркавалі перспектывы развіцця праграмы, яе ролю ў падтрымцы незалежных культурніцкіх актараў і важныя вектары далейшай супрацы, скіраваныя на ўмацаванне ўсяго беларускага культурніцкага поля. Для нас гэтая сустрэча стала магчымасцю паглядзець на ArtPower Belarus не толькі як на асобную праграму падтрымкі, але і як на частку больш шырокай працы па захаванні, развіцці і перазборцы экасістэмы беларускай культуры ўнутры краіны і ў эміграцыі. 

Асобнай, вельмі важнай часткай вандроўкі стала лекцыя прадстаўніц Беларускай Рады культуры ва Універсітэце Капенгагена, прысвечаная посткаланіяльнаму і дэканіяльнаму погляду на сённяшнюю Беларусь. Падчас сустрэчы з магістрантамі праграмы ўсходнееўрапейскіх даследаванняў гаворка ішла пра беларускі кантэкст каланіялізму, статус беларускай мовы, русіфікацыю, разбурэнне нацыянальнай памяці, замену нацыянальных сімвалаў і палітыку інтэграцыі з Расіяй, якая стала асабліва інтэнсіўнай пасля 2020 года. У лекцыі мы таксама паказалі, як у беларускім выпадку культура адначасова можа быць інструментам дамінавання і прасторай супраціву. З аднаго боку, незалежнае выказванне крыміналізуецца, культурніцкія падзеі патрабуюць дзяржаўнага дазволу, сімвалы, колеры і мова могуць трактавацца як «экстрэмізм», а русіфікацыя працуе як геапалітычны праект. З іншага боку, літаратура, тэатр, музыка і незалежныя медыя фармулююць альтэрнатыўнае бачанне грамадства, захоўваюць дэмакратычныя каштоўнасці і дапамагаюць вяртаць тое, што было выцесненае або забароненае. У гэтым сэнсе барацьба за беларускую культуру была прадстаўленая як частка барацьбы за суверэнітэт, дэмакратыю і права самім вызначаць сваю гісторыю, ідэнтычнасць і будучыню.

На фота: дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая падчас лекцыі ва Універсітэце Капенгагена і прадстаўнікі Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры з магістрантамі і выкладчыцай праграмы ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэта Капенгагена

Акрамя таго, сустрэчы адбыліся: 

  • У Міністэрстве замежных спраў Даніі. Тут заўсёды актыўна працавалі і працуюць з краінамі Усходняга партнёрства, успрымаюць наш рэгіён як стратэгічна важны, таму традыцыйна Міністэрства спрыяе ўмацаванню супольнасцяў. Тут прадстаўнікі Беларускай Рады культуры распавялі пра сваю працу, пра становішча незалежнай культуры ў Беларусі і пра важнасць таго, каб пытанне падтрымкі беларускай культуры гучала на міжнародным узроўні, у тым ліку на сустрэчах у Брусэлі. Агучылі патрэбу звяртаць увагу на Беларусь праз працу з незалежнымі інстытуцыямі. Прыярытэтам для грамадзянскай супольнасці Беларусі на сёння з’яўляецца ўключэнне нашай краіны і культуры ў еўрапейскую прастору і Nordic-Baltic таварыства.  
  • У Аб’яднанні сяброў Беларусі Talaka. Для нашай арганізацыі гэта была магчымасць лепш зразумець, як працуюць беларускія ініцыятывы ў міжнародным асяроддзі, якія фарматы супольнай працы выкарыстоўваюцца і дзе могуць з’яўляцца кропкі судакранання для будучых кантактаў.

Асобна варта згадаць сустрэчу ў Nordic Council of Ministers, дзе Беларуская Рада культуры прадставіла сваю дзейнасць і праграму ArtPower Belarus. Асноўнае пытанне, якое прагучала падчас размовы, тычылася далейшай перспектывы працы нашай арганізацыі. 

У адказ прадстаўнікі БРК акрэслілі некалькі прыярытэтаў

  • развіццё беларуска-ўкраінскіх культурніцкіх праектаў, якія маглі б спрыяць паразуменню паміж нацыямі праз культуру; 
  • дасяжнасць культурніцкіх прадуктаў для беларусаў ва ўсім свеце; 
  • падтрымка медыйных праектаў у сферы культуры; 
  • развіццё крэатыўных індустрый і навучанне актараў, якія працуюць у гэтай сферы.

Асаблівую цікавасць у прадстаўнікоў Nordic Council of Ministers выклікала тэма культурніцкіх медыяпраектаў, бо арганізацыя ўжо актыўна падтрымлівае медыйны сектар, у тым ліку асобныя праекты, звязаныя з культурай. Для нас гэта можа стаць важным працягам дыялогу, бо культурніцкія медыі сёння з’яўляюцца не толькі каналам камунікацыі, але і інструментам захавання сувязі з аўдыторыяй унутры краіны, падтрымкі беларускай мовы, бачнасці незалежнай культуры і супрацьдзеяння інфармацыйнай ізаляцыі.

Агульныя высновы 

Сустрэчы ў Капенгагене паказалі, што дацкі культурніцкі сектар моцны не толькі праз фінансаванне, але і праз інстытуцыйную архітэктуру. У ім ёсць арганізацыі, якія даследуюць культуру, арганізацыі, якія прадстаўляюць прафесійныя інтарэсы творцаў, і арганізацыі, якія выступаюць агульным палітычным голасам культурнага жыцця.

Для беларускага культурніцкага сектара гэты досвед можа быць карысны ў некалькіх напрамках.

  1. Культура патрабуе дадзеных. Без даследаванняў, статыстыкі, апісання рынку працы, аналізу аўдыторый і вымярэння ўплыву культура застаецца ўразлівай у палітычных і фінансавых дыскусіях. Досвед Kulturens Analyseinstitut паказвае, што нават калі гатовай метадалогіі няма, яе можна распрацоўваць самастойна, пачынаючы з асобных сектараў, напрыклад тэатра, музыкі, бібліятэк або дзіцячых праграм.
  2. Творцам патрэбнае не толькі натхненне, але і абарона іх правоў. Danish Council of Artists паказвае, як прафесійныя арганізацыі могуць аб’ядноўвацца, каб на розных узроўнях прамаўляць важнасць справядлівай аплаты, казаць пра падаткі, сацыяльную абарону, інтэлектуальную ўласнасць, рэгуляванне штучнага інтэлекту і гендарны разрыў у даходах.
  3. Культурніцкаму сектару патрэбны агульны палітычны голас. Dansk Kulturliv паказвае, як арганізацыя можа аб’ядноўваць больш за 1100 культурных устаноў і прадпрыемстваў, прадстаўляць іх інтарэсы, фармуляваць бюджэтныя прапановы, абараняць мастацкую свабоду і прасоўваць культуру як аснову дэмакратыі.
  4. Доступ да культуры трэба разглядаць як пытанне роўнасці. І дацкія даследчыкі, і культурніцкія адвакаты шмат увагі надаюць дзецям, моладзі, рэгіёнам, сем’ям, людзям з розным сацыяльным паходжаннем. Для беларускага сектара гэта можа быць важным арыенцірам пры распрацоўцы праграм у дыяспары, анлайн-праектаў, адукацыйных ініцыятыў і будучых праграм унутры Беларусі.
  5. Культура мусіць быць уключаная ў размову пра бяспеку і ўстойлівасць. Дацкі досвед паказвае, што культурнае жыццё трэба рыхтаваць да крызісаў гэтак жа сур’ёзна, як іншыя сферы грамадства. Для беларусаў гэтая тэма асабліва актуальная: захаванне спецыялістаў у прафесіі, інстытуцый, архіваў, памяці, сувязяў і культурнай прысутнасці ўжо стала часткай штодзённай працы сектара.
  6. Фінансаванне культуры можа быць змяшаным. У Даніі значную ролю адыгрываюць не толькі дзяржаўныя сродкі, але і прыватныя фонды, сяброўскія ўнёскі, партнёрскія грошы, філантропія і ўдзел бізнесу. Прыклад Інстытута культурніцкай аналітыкі з бюджэтам 9 млн крон ад дзяржавы і 7 млн крон ад фондаў, а таксама прыклад Danish Council of Artists, дзе 40% фінансавання складаюць дзяржаўныя сродкі, а 60% – сяброўскія ўнёскі, паказваюць, што ўстойлівасць часта будуецца праз некалькі крыніц падтрымкі.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Справа кніганошы вымагае адвагі Кіно: Ананімы і прапаганда Тэатр: Завяршэнне кадравай рэвалюцыі і скандалы ў сталічных калектывах Музыка: Вяртанне канцэртаў у …

Паводле рашэння № 4/41-76 Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ад 09.04.2026 Беларуская Рада культуры, а таксама праграма ArtPower Belarus, праект “Беларускія магістраты” …