Блукаючы заламі замежных музеяў і галерэй, мы таксама раз-пораз сустракаем аб’екты і творы мастацтва, так ці іначай звязаныя з беларускімі землямі. Але вельмі часта музейныя апісанні абмінаюць якую-кольвек іх прыналежнасць да Беларусі.
Суцін — “Russian”, Шагал — “born in Russia”: тыповыя надпісы на музейных шыльдах.
Мы шануем сваё і хочам, каб за мяжой ведалі пра тое, што гэтыя творцы — паходзяць з Беларусі. Каб іх імёны асацыяваліся ў наведнікаў музеяў калі не найперш, то ў тым ліку з нашай краінай.
Марк Шагал — беларускі мастак! І мы можам разам патлумачыць гэта свету.
На здымку — подпіс да карціны “Любоўнікі”, які быў заўважаны нашай чытачкай у музеі мастацтваў LACMA ў Лос-Анджэлесе. “Born in Russia” як прысуд. У апісанні — “казачныя дэталі расійскага горада праз акно пакоя ў Віцебску”. Яно паўтарае тэкстоўку Метраполітан-музея, калекцыі якога “Любоўнікі” належаць.
Тут аргументацыя ад мастацтвазнаўцы, чаму Марк Шагал — беларускі мастак. Тут можна спампаваць шаблон ліста, каб ад сябе, суполкі ці дыяспары накіраваць у музей з просьбай перагледзець подпіс да твора.
Надзея Хадасевіч-Лежэ — французская мастачка беларускага паходжання. Заклікаем падкрэсліваць паходжанне знакамітай беларускі!
Вы можаце сустрэць апісанне яе як французскай і расейскай мастачкі — такі подпіс не будзе карэктным. Месцам нараджэння могуць пазначаць Russia — гэта акурат тое, на што мы заклікаем рэагаваць і што аспрэчваць.
Надзея нарадзілася і свае першыя 14 гадоў пражыла ў беларускай сялянскай сям’і ў Асецішчах (сёння — Віцебская вобласць). Цягам усяго жыцця захоўвала сувязь з Беларуссю.
“Лагічна і карэктна называць яе французскаю мастачкаю беларускага паходжання, чыя творчасць і грамадская дзейнасць паўплывала на фармаванне мастацкай культуры Беларусі, а таксама, ускосна, Польшчы міжваеннага перыяду”, — пішуць мастацтвазнаўцы.
Прапануем беларусам свету, нашым суполкам і дыяспарам аргументацыю і шаблон ліста, з якімі можна звяртацца да замежных пляцовак з просьбаю карэктна падпісаць работы і паходжанне Надзеі Хадасевіч-Лежэ.
Ян Хруцкі – беларускі мастак, бо і паводле паходжання, і паводле месца нараджэння ён быў беларусам.
У сваёй сядзібе Захарнічы на роднай Полаччыне Ян Хруцкі пражыў амаль усё жыццё.
Тут вы можаце пачытаць аргументацыю ад мастацтвазнаўцы, чаму з Хруцкім усё досыць адназначна. А тут — шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс да твораў мастака.
Фэрдынанда Рушчыца часта называюць польскім і толькі польскім мастаком, але мы, беларусы, мусім з гэтым спрачацца!
Рушчыца карэктней называць беларускім мастаком, звязаным з мастацкаю традыцыяй Польшчы, Літвы і Расіі. Давайце разам даводзіць гэта свету!
Фэрдынанд Рушчыц нарадзіўся ў родавым фальварку Багданаў недалёка ад Валожына, дзяцінства і юнацтва правёў у Мінску, а на сваіх палотнах паказваў беларускія краявіды ды адлюстроўваў жыццё і побыт народа. Большая частка біяграфіі ды творчасці мастака звязаная менавіта з Беларуссю.
Сам Рушчыц сапраўды не адрываў сябе ад польскае культурнае традыцыі, але што да самаідэнтыфікацыі, то, паводле дачкі мастака Яніны, лічыў сябе “тутэйшым” і падкрэсліваў свае беларускія карані.
Тут мы прыводзім аргументацыю экспертаў, чаму Рушчыц — беларускі мастак. Тут знойдзеце шаблон ліста, які можна накіраваць выставачнай пляцоўцы, дзе ёсць некарэктны подпіс спадчыны Рушчыца.
Хаім Суцін, аўтар знакамітай “Евы”, сімвала беларускіх пратэстаў 2020-га
“Russian” — вельмі частая пазнака ля палотнаў нашага земляка ў замежных музеях. Але мастацтвазнаўцы ўпэўненыя, што Суціна справядліва называць французскім і беларускім мастаком.
Хаім Суцін нарадзіўся ў Беларусі, дзе жылі пакаленні ягоных продкаў, любіў гэты край і часта згадваў пра яго, тут атрымаў сваю першую мастацкую адукацыю і пакінуў краіну ўжо ў дарослым веку. У ягоных родных Смілавічах ёсць музейная экспазіцыя, а тры карціны мастака (у тым ліку “Ева”) улучаныя ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Тут чытайце аргументацыю, чаму Хаім Суцін — і беларускі мастак таксама. А тут знойдзеце шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс да твораў ці месца паходжання мастака.
“Sluck”, “Sluciae”, “Mefecit Slutiae” — такімі меткамі пазначаліся слуцкія паясы, папулярныя ў 2-й палове XVIII ст. элементы шляхецкага строю, што вырабляліся на тэрыторыі Беларусі.
Пачаткова яны зваліся “персідскімі” і месца іх вытворчасці называлася “персіярня”. У другой палове XVIII ст. тып “слуцкага пояса” канчаткова сфармаваўся, матывы мясцовай, беларускай, флоры цалкам выцеснілі персідскую арнаментыку.
Вырабленыя ў Слуцку паясы істотна паўплывалі на стылістыку вытворчасці падобных паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і Еўропы. Гэта дало падставу ўжываць тэрмін “слуцкія паясы” для агульнай назвы паясоў такога тыпу, не зважаючы на месца іх вытворчасці.
Сёння ў Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты паясоў, а большая іх частка знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.
Вось поўная аргументацыя паходжання вырабаў. Тут – шаблон ліста, які можна накіраваць музеям.
Восіп Цадкін – скульптар, але таксама ствараў карціны і літаграфіі, вучыўся ў Юдэля Пэна і сябраваў з Шагалам.
Восіп Цадкін нарадзіўся 28 студзеня 1888 г. як Ёсель Аронавіч Цадкін у Віцебску ў Беларусі, што была тады ў Расійскай імперыі. Атрымаў спецыяльнасць токара і сталяра, што прыдалося яму ў творчасці, і пачаў прафесійную мастацкую адукацыю ў майстэрні Пэна.
У 15 гадоў бацька выправіў Ёселя ў Сандэрленд у Шатландыі. Пасля ён пераехаў у Лондан, а потым пасяліўся ў Парыжы, дзе далучыўся да кубістычнага руху, а пазней выпрацаваў уласны стыль. Да 1911 г. Восіп наведваў Віцебск, а потым атрымаў французскае грамадзянства, жыў у Парыжы, выкладаў скульптуру. На тэрыторыі сучаснай Расіі ён наогул ніколі не быў.
Мастацтвазнаўцы ўпэўненыя, што Цадкіна справядліва называць французскім і беларускім мастаком.
Вось аргументацыя паходжання скульптара. Шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс прац Цадкіна.
Пітэр Блум – славуты амерыканскі мастак і скульптар беларускага паходжання.
Блум нарадзіўся ў Смаргоні, у габрэйскай сям’і, якая эмігравала ў Нью-Ёрк, калі будучаму мастаку было 6 гадоў. Уражанні ранняга дзяцінства адлюстраваліся ў некаторых творах Пітэра.
Пасля школы ён вывучаў мастацтва ў Адукацыйным альянсе і Інстытуце дызайну Beaux-Arts, стварыў студыю ў Нью-Ёрку, працаваў год у Італіі. У 1948-м стаў членам Нацыянальнай акадэміі дызайну. Таксама працаваў у Міністэрстве фінансаў ЗША і стварыў некалькі скульптурных твораў.
Беларускі радавод Блума вымагае вывучэння. Як і ўплыў на ягоную творчасць уражанняў ад гадоў, праведзеных на радзіме. Але застаецца фактам, што творца нарадзіўся ў тутэйшай габрэйскай сям’і і правёў сваё дзяцінства ў Беларусі.
Вось аргументацыя паходжання творцы. Шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс яго прац.
Абрам Багданаў – амерыканскі мастак-манументаліст, жывапісец і дызайнер беларускага паходжання.
Ён нарадзіўся ў Менску ў верасні 1888-га. Першыя 12 гадоў жыцця прайшлі ў Беларусі, тут Абрам пачаў маляваць і вучыцца, а дзіцячыя ўражанні засталіся з ім на ўсё далейшае жыццё. Потым сям’я мастака перабралася ў Нью-Ёрк.
У гады навучання ў школе Купэр-Юньён, Лізе студэнтаў-мастакоў, Нацакадэміі дызайну ды Архітэктурнай школе пры Калумбійскім універсітэце, Багданаў маляваў рэкламу для нью-ёркскіх часопісаў. Атрымліваў прызы на выставах, напісаў фрэскі для шэрагу навучальных установаў Нью-Ёрку.
Працы Багданава захоўваюцца ў музеях і галерэях ЗША ды Еўропы.
Тут чытайце аргументацыю, чаму Абрам Багданаў — і беларускі мастак таксама. А тут знойдзеце шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс да твораў ці месца паходжання творцы.
Сафія Федаровіч – сцэнографка, мастачка, адна з заснавальніц сцэнічных традыцыяў сучаснага брытанскага балету.
Сафія Федаровіч нарадзілася ў 1893 годзе ў Мінску ў інтэлігентнай каталіцкай сям’і. У сталіцы Беларусі прайшло ейнае дзяцінства, тут закончыла жаночую гімназію, дзе пачала займацца мастацтвам. У 1922 годзе Сафія пераехала ў Парыж: удзень займалася мастацтвам, а начамі працавала таксоўцай — яна адна з першых у Еўропе шафёрак.
Сусветную вядомасць Сафія здабыла як дызайнерка сцэнічных касцюмаў і тэатральная мастачка. Была мастачкаю першае сталае англійскае трупы Ballet Club, дзякуючы чаму атрымала прызнанне як адна з заснавальніц сцэнічных традыцыяў сучаснага брытанскага балету. Шматлікія яе эскізы і праекты захоўваюцца цяпер у калекцыі брытанскага Музею Віктор’і і Элбэрта.
Тут чытайце аргументацыю паходжання мастачкі. Шаблон ліста, які можна накіраваць пляцоўкам, дзе вы заўважылі некарэктны подпіс прац Сафіі Федаровіч.