Аўтар фота: Marko Marjanovic

Удзел у сетцы Reset! – новыя магчымасці для адвакатавання 

Беларуская Рада культуры адвакатуе правы беларускіх творцаў ў новай працоўнай групе міжнароднай сеткі Reset!, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў і прадстаўніц незалежных культурніцкіх ініцыятыў з розных краін Еўропы. Сетка працуе па 16 напрамках: аўдыявізуальнае мастацтва, дыгітальная культура, кіно, літаратура, музыка і іншых.

На вялікім з’ездзе, які сёлета ладзіўся ў Скоп’і (Паўночная Македонія) нашую арганізацыю прадстаўляла Марыя А. Па вяртанні яна падзялілася сваімі назіраннямі пра магчымасці ўдзелу ў сетцы і актуальныя праблемы беларускай і еўрапейскай культур.

Наша ўстанова далучылася да Reset! у пачатку 2025 года. Сетка не толькі аналізуе стан незалежнай культуры, але і распрацоўвае практычныя рэкамендацыі для яе падтрымкі на ўзроўні кіраўніцтва Еўразвяза.

Аўтар фота: Marko Marjanovic

Якія магчымасці дае ўдзел у Reset!?

“Па-першае, мы можам убачыць, як працуюць іншыя, зразумець іх патрэбы і праблемы, а таксама пазнаёміцца з іх досведам вырашэння  выклікаў, падобных на нашыя”, — адзначыла Марыя А.

Па яе словах, праблемы беларускай культуры ўнікальныя, але часткова супадаюць з агульнаеўрапейскімі:

“Так, у нас ёсць рэпрэсіі, і гэты фактар застанецца з намі. Але палітычная нестабільнасць, адсутнасць сталага фінансавання, пошукі новых аўдыторый, небходнасць камерцыялізацыі і залежнасць ад сусветных падзей актуальныя для многіх. Істотна, што ў беларускіх дзеячаў культуры цяпер ёсць пляцоўка, дзе мы можам агучваць свае патрэбы, і іх падтрымае ўся сетка”.

Адзін з вынікаў сустрэчы — стварэнне тэматычных працоўных груп. Беларуская Рада культуры далучылася да групы “Нееўрапейскія галасы ў Reset!” (The Reset! Non-EU Voices), яе мэта — даць голас тым сябрам сеткі, якія падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці і геаграфічна працуюць у Еўропе, але з розных прычынаў не могуць карыстацца магчымасцямі для рэалізацыі ўласных праектаў, якія прапануе Еўразвяз. Для беларусаў тут заўсёды балюча гучаць пытанні  візавай падтрымкі для творцаў, удзелу ў міжнародных праграмах, магчымасці доступу да фінансавання і абмену досведам.

Аўтар фота: Marko Marjanovic

“Мы прапануем разглядаць творцаў у выгнанні не як ахвяр, якім трэба падтрымка, бо яны страцілі дом, а як моцны рэсурс: гэта прафесіяналы высокага класу. Таму разам з патрэбай распрацоўкі спецыялізаваных праграм падтрымкі беларускай культуры кажам пра важнасць забеспячэння для беларусаў роўнага доступу да еўрапейскіх грантавых конкурсаў. Тут можна казаць таксама і пра культурніцкую інтэграцыю на ўзроўні творчых супольнасцяў”, – падкрэсліла Марыя. 

Reset! дае магчымасць не толькі агучваць гэтыя і іншыя праблемы, але і вучыцца ў дасведчаных калег. Падчас з’езду ўдзельнікі ладзілі майстар-класы для калегаў, дзяліліся досведам, шчыра казалі пра болі і цяжкасці, але разам з тым — дзяліліся гісторыямі поспеху. 

Працоўныя групы будуць сустракацца  як онлайн, так і офлайн.  Па выніках іх дзейнасці плануецца распрацоўка і публікацыя сумесных адвакацыйных дакументаў, што будуць мець практычную значнасць.

Аўтар фота: Marko Marjanovic

Якія тэмы ўзняла Беларуская Рада культуры ў групе?

  • Забеспячэнне візавай падтрымкі для беларускіх творцаў, якія без візы не могуць удзельнічаць у праграмах мабільнасці (нават распрацаваных для іх жа), рэалізоўваць сумесныя праекты з замежнымі калегамі.
  • Пашырэнне доступу да мясцовых бюджэтаў на культуру ў краінах ЕЗ для творцаў, што жывуць у выгнанні.
  • Пераасэнсаванне падтрымкі: варта ацэньваць творцаў не толькі як асобаў у экзайле, але і як паўнавартасных прафесіяналаў, рэсурс для краіны і культуры-рэцыпіента.
Аўтар фота: Marko Marjanovic

Для Беларускай Рады культуры ўдзел у Reset! — гэта яшчэ адна магчымасць распавесці пра тое, што адбываецца з беларускай культурай, асабліва важна казаць пра падзеі ў Беларусі.  Нават адмыслоўцы ў культуры, поруч з якімі мы працуем у сетцы, недастаткова ведаюць пра сітуацыю ўнутры краіны.

“Даводзілася не раз тлумачыць, што мы прадстаўляем не дзяржаўныя, а незалежныя структуры. Тлумачыць, што мы працуем дзеля творцаў і развіцця беларускай культуры, а не дзеля рэжыму”, — падкрэсліла прадстаўніца Рады.

Працоўная група “Нееўрапейскія галасы ў Reset!” — адна з найбуйнейшых у сетцы, што сведчыць пра высокую цікавасць да праблем культурніцкіх супольнасцяў, якія працуюць на перыферыі асноўнай палітыкі  Еўразвяза.

Удзел у Reset! адкрывае для дзеячаў беларускай культуры новыя магчымасці для абароны правоў творцаў, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах выгнання.

Таксама паглядзіце

Беларуская Рада культуры адвакатуе правы беларускіх творцаў ў новай працоўнай групе міжнароднай сеткі Reset!, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў і прадстаўніц незалежных культурніцкіх ініцыятыў …

Гісторыя Надзі Букі — гэта гісторыя артысткі, якая праз мастацтва не толькі захоўвае сувязь з роднай культурай, але і фарміруе новыя маршруты …