photo_2025-05-08 14.48.40

«Свабодны горад — гэта горад, дзе людзі танцуюць на вуліцах». Як Аляксей Сяленка вярнуўся да музыкі пасля турмы

Працягваем серыю гісторый пра праекты, падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.

Да затрымання Аляксей Сяленка сумяшчаў працу ў галіне архітэктуры і захапленне музыкай, ён выступаў у беларускіх гуртах, выкладаў і разам з сябрамі развіваў уласную студыю гуказапісу ў Мінску. Пасля зняволення ён страціў амаль усё, што ствараў гадамі: гурт, студыю, інструменты і магчымасць рэгулярна граць.

Пасля вызвалення Аляксей апынуўся ў Літве і мусіў нанова вызначаць, чым займацца і як вярнуцца ў прафесію. Падтрымка ў межах Трэка 3. Праекты ў асаблівых абставінах дапамагла яму набыць барабанную ўстаноўку, аднавіць тэхніку гры на музычным інструменце пасля двухгадовага перапынку і пачаць рыхтаваць праграму вулічных выступаў.

Пра тое, як музыка вяртае адчуванне свабоды, чаму вулічны перформанс становіцца «прамой ін’екцыяй культуры» і як адзін грант можа дапамагчы чалавеку не выпасці з прафесіі пасля турмы, мы пагаварылі з музыкам Аляксеем Сяленкам.

Музыка, якая пачалася ў чатырнаццаць

Аляксей пачаў граць на ўдарных у чатырнаццаць гадоў і з таго часу музыка доўгі час існавала паралельна з яго асноўнай прафесіяй — архітэктурай. Абодва кірункі прыносілі даход і былі паўнавартаснай часткай яго жыцця.

«Да моманту затрымання ў мяне быў вельмі добры гурт, з якім намячаліся цікавыя перспектывы. Мы рабілі музыку, якая нам сапраўды падабалася, купілі студыю, мелі добрую апаратуру, дапамагалі запісвацца іншым музыкам і былі гатовыя да выступаў. Але пасля затрымання ўсё гэта, вядома, скончылася», — расказвае Аляксей.

Падчас зняволення Аляксей два гады не мог граць, упершыню за ўсё сваё дарослае жыццё.

«Гэта быў перапынак, якога ў мяне раней ніколі не было. Калі два гады не дакранаешся да інструмента, гэта вельмі моцна б’е па тэхніцы. Даводзіцца фактычна вучыць сябе зноў».

Выйсці на волю, але не вярнуцца дадому

Пасля вызвалення Аляксей апынуўся ў Літве. Разам са свабодай прыйшла неабходнасць пачынаць жыццё нанова.

«У Беларусі ўсё было знаёма і зразумела. У мяне была кватэра, сям’я, праца, музыка, студыя — усё было кампактна арганізавана. Тут раптам трэба было выбіраць: працаваць па спецыяльнасці ці спрабаваць заставацца ў музыцы. І пры гэтым ты не разумееш, ці зможаш наогул гэтым зарабляць у іншай краіне».

Спачатку ён вырашыў зноў сумяшчаць два кірункі: знайшоў працу ў архітэктуры і паралельна пачаў шукаць магчымасці вярнуцца ў музыку. Але паступова творчасць зноў стала займаць усё большае месца ў ягоным жыцці.

«Я ўсё больш сур’ёзна думаю пра тое, каб цалкам перайсці ў музыку. Гэта складанае рашэнне, бо пасля эміграцыі не заўсёды разумееш, наколькі патрэбныя тут твае ранейшыя навыкі. Але цяпер я ўжо бачу, што ў музычным асяроддзі пачынаецца сапраўднае жыццё».

Вяртанне да вулічных выступаў

Ідэя праекта нарадзілася з досведу, які Аляксей атрымаў яшчэ ў Мінску. Некалькі гадоў ён удзельнічаў у «Пешаходцы» — серыі вулічных падзей у Верхнім горадзе, дзе па суботах адначасова выступалі музыкі, танцоры і іншыя артысты.

«Частка горада літаральна ператваралася ў фестываль. На невялікай тэрыторыі маглі адначасова граць каля дзесяці гуртоў: у кагосьці была большая сцэна, у кагосьці маленькая, недзе выступалі сольныя артысты, недзе танцоры. І гэта адбывалася не раз на год, а кожны тыдзень».

Менавіта там Аляксей палюбіў вулічныя выступы за непасрэднасць і жывы кантакт з людзьмі.

«Гэта было адно з самых яркіх уражанняў у маім музычным жыцці. На вуліцы ты не граеш для людзей, якія загадзя купілі квіткі і ўжо вырашылі цябе слухаць. Ты проста пачынаеш граць, а людзі застаюцца, бо ім сапраўды цікава. Яны мяняюць свае планы, спыняюцца, слухаюць, пачынаюць танцаваць. У гэтым ёсць вялікая шчырасць».

Пасля пераезду ён захацеў аднавіць гэты фармат у Вільнюсе, а пасля выступіць і ў іншых еўрапейскіх гарадах.

«У мяне сфарміравалася простая думка: добры і свабодны горад — гэта горад, дзе людзі могуць танцаваць на вуліцы. Я бачыў у гэтым сваю невялікую місію: зрабіць свабоду крыху больш бачнай і яркай».

Барабаны як першы крок да вяртання

Пра магчымасць падацца на ArtPower Belarus Аляксей даведаўся ўжо пасля выезду з Беларусі. Людзям, якія апынуліся ў Літве пасля вызвалення, дапамагалі ментары: з легалізацыяй, адаптацыяй і пошукам праграм падтрымкі.

«Пра ArtPower Belarus я нешта чуў яшчэ ў Беларусі. Калі ўжо апынуўся ў Літве, нам распавядалі пра розныя праграмы. Але па сутнасці гэта была адзіная, у якую я сапраўды вырашыў падацца. У мяне ўжо быў вельмі выразны план таго, што я хачу зрабіць».

Падтрымка ў межах Трэка 3 дазволіла набыць барабанную ўстаноўку і неабходнае абсталяванне. Гэта дало магчымасць вярнуцца да рэгулярных рэпетыцый і пачаць рыхтаваць праграму.

«Без гэтай дапамогі я не ўяўляю, як усё гэта было б магчыма. Пасля двух гадоў перапынку мне патрэбна было месца і інструмент, каб проста вярнуць сябе ў форму. Цяпер у мяне ёсць магчымасць займацца, выступаць і зноў быць часткай музычнага асяроддзя».

Аляксей таксама разам з літоўскім музыкам пачаў арандаваць невялікую студыю. Там ён рэпетуе, працуе над тэхнікай выканання і знаёміцца з мясцовымі музыкамі.

Калі першапачатковы план даводзіцца змяняць

Паводле праектнай задумы, Аляксей планаваў не толькі выступаць у Вільнюсе, але і ездзіць з вулічнай праграмай у іншыя еўрапейскія гарады. Аднак пасля выезду беларускія ўлады анулявалі ягоны пашпарт, і магчымасці для паездак сталі моцна абмежаваныя.

Таму праект давялося адаптаваць да новых умоў і засяродзіцца на Вільнюсе.

Аляксей прызнаецца, што Вільнюс моцна адрозніваецца ад Мінска. Тут публіка больш стрыманая, а фармат вулічнага выступу патрабуе іншага падыходу.

«У Мінску людзі маглі пачуць музыку, адкласці справы і адразу ўключыцца: танцаваць, весяліцца, жыць гэтым момантам. У Вільнюсе людзі больш спакойныя і стрыманыя. Але я паступова намацваю падыход, лепш разумею іх рэакцыі, і з кожным выступам атрымліваецца ўсё лепш».

«Прамая ін’екцыя культуры»

Для Аляксея вулічны перформанс — гэта не проста спосаб выступаць без канцэртнай залы. Гэта форма непасрэднага ўзаемадзеяння з горадам.

«Я называю гэта прамой ін’екцыяй культуры. Вось ёсць паток людзей, якія проста ідуць па сваіх справах, і ты ўрываешся ў яго жывым дзеяннем. Не праз сацыяльныя сеткі, не праз рэкламу, а проста тут і цяпер. І водгук абавязкова з’яўляецца».

Менавіта дзякуючы выступам музыка знайшоў у Вільнюсе большую частку сваіх новых кантактаў.

«Каля дзевяноста працэнтаў маіх мясцовых знаёмстваў з’явіліся менавіта так. Людзі падыходзілі пасля выступу, пыталіся, хто я, падпісваліся на Instagram, пісалі пазней. Так я пазнаёміўся і з літоўскімі, і з украінскімі музыкамі. Праз вулічныя выступы мяне таксама запрасілі ў новы гурт».

Такім чынам праект стаў не толькі вяртаннем да інструмента, але і спосабам сацыяльнай і прафесійнай інтэграцыі ў новай краіне.

Музыка як спосаб не выпасці з прафесіі

Трэк 3 ArtPower Belarus працуе з дзеячамі культуры, якія апынуліся ў асаблівых абставінах: пасля рэпрэсій, зняволення, вымушанага пераезду або іншых крызісных сітуацый.

«Пасля вызвалення адна з самых складаных рэчаў — зразумець, што рабіць далей. Ты не ведаеш, ці патрэбныя ў новай краіне навыкі, якія мелі каштоўнасць дома. Калі ў музычным кірунку з’яўляецца падтрымка, я ўспрымаю гэта як знак: магчыма, гэта сапраўды мой шлях і ім трэба займацца далей».

Паводле Аляксея, грантавая падтрымка асабліва важная для творчых людзей, якія маюць ідэі і прафесійныя навыкі, але не маюць рэсурсаў, каб пачаць.

«У нас часта ёсць уяўленне, што нічога не трэба ні ў кога браць, што ўсё трэба рабіць толькі сваімі сіламі, павольна збіраючы грошы. У Мінску мы менавіта так і стварылі студыю: трое людзей уклалі ў яе ўласныя сродкі. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Калі ў чалавека ёсць жаданне нешта зрабіць, але няма рэсурсаў, даць яму магчымасць — гэта тое, як павінна працаваць падтрымка культуры».

Ад вулічных выступаў да ўласнай школы

Вулічныя перформансы — толькі першы этап у планах Аляксея. Ён хоча вярнуцца да выкладання і стварыць у Вільнюсе школу ігры на барабанах.

Такі досвед у яго ўжо ёсць: у Мінску ён выкладаў дзецям і дарослым, у тым ліку ў музычнай школе.

«Школу я бачу як найбольш натуральны наступны крок. Мне асабліва падабалася працаваць з дзецьмі. Я хацеў бы стварыць месца, куды маглі б прыходзіць беларускія і ўкраінскія дзеці, якія таксама апынуліся ў эміграцыі».

Аляксей разважае і пра магчымасць бясплатных заняткаў для дзяцей у першыя месяцы, калі на гэта ўдасца знайсці падтрымку.

«Гэта была б дапамога не толькі дзецям, але і бацькам. Людзі выехалі са сваіх краін, дзецям трэба інтэгравацца, знайсці занятак, супольнасць. Было б вельмі прыгожа сказаць: вось беларуская ініцыятыва дапамагае беларускім дзецям — прыходзьце, вучыцеся, грайце».

У далейшай перспектыве ён таксама разглядае працу ў прафесійных гуртах і развіццё пракату музычнай апаратуры. Але менавіта школа застаецца для яго галоўным і найбольш «сумленным» шляхам у новую прафесійную будучыню.

Ідэя, якой трэба даць шанец

Аляксей кажа, што заяўку на грант напісаў за некалькі гадзін, без доўгіх разваг і складаных падрыхтовак.

«У мяне проста была ідэя, і я апісаў яе на адным дыханні. Калі грант створаны для музычных, тэатральных або іншых творчых праектаў, а ты якраз хочаш зрабіць такі праект, трэба падумаць: магчыма, гэтая магчымасць і створаная для цябе».

Ён раіць іншым творцам не ўспрымаць конкурс як гарантыю поспеху, але і не адмаўляцца ад магчымасці толькі праз страх адмовы.

«Грант — гэта не пра тое, пройдзеш ты ці не. Калі падтрымка выдзеленая на тое, чым ты сапраўды займаешся, трэба проста дакладна паказаць сваю ідэю. Магчыма, ты і ёсць той чалавек, для якога гэтая магчымасць была створаная».

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus падвяла вынікі трэцяга кола конкурснага адбору па Трэку 2. Творчыя праекты. Падтрымку атрымалі 24 праекты ў розных сектарах беларускай …

Літаратура: У чаканні вялікай прозы Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты» Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але …