Працягваем серыю інтэрв’ю з праектамі, якія былі падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.

Гурт Irdorath паўстаў ў Гродна з вулічных выступаў, дуды і барабана. Потым былі студыйныя альбомы, канцэрты ў Еўропе, дзясяткі тысяч кіламетраў у гастрольным бусе і выступы на вялікіх фестывалях, дзе беларуская музыка дагэтуль амаль не гучала.
«Мы развіліся ад вулічнай ігры на капялюш, да выступу на Wacken, дзе сталі першым беларускім гуртом на самым вялікім метал-фэсце свету», — згадваюць распачынальнікі гурту Надзея і Уладзімір Калач.
Спачатку Irdorath працаваў хутчэй у фармаце сярэднявечнага гурта і выконваў старажытную еўрапейскую музыку. Але чым больш музыкі выступалі ў Еўропе, тым больш выразна разумелі: важна не паўтараць тое, што там ужо ёсць, а гаварыць ад сябе.
«Чым больш мы гастралявалі па Еўропе, тым больш самі цікавіліся беларускім у сваёй творчасці. Для Еўропы мы хацелі быць больш беларусамі, а не паўторам таго, што там ужо ёсць. Хацелі зрабіць большы акцэнт на нашай унікальнасці, мове і культуры».
Так паступова ў гурта з’явілася ідэя Bestiarium («Бестыярый») — альбома, які праз беларускую міфалогію мог бы адкрыць еўрапейскай аўдыторыі іншы, амаль невядомы пласт беларускай культуры.
Ідэя, якую спынілі пандэмія, 2020 год і турма
Задума «Bestiarium» канчаткова аформілася яшчэ ў 2019 годзе. Гурт хацеў стварыць праект, які прадстаўляе свет беларускіх міфалагічных істот для еўрапейцаў, бо менавіта там Irdorath выступаў найбольш.
Праца пачалася, але вельмі хутка была перарваная. Спачатку пандэміяй, потым падзеямі 2020 года. Праз удзел у мірных пратэстах і дваровых маршах музыкі страцілі працу і студыю, якая была для іх не проста працоўным месцам, а прасторай для творчасці.
«Мы не планавалі завяршаць кар’еру. Мы чакалі, пакуль усё скончыцца, і шукалі магчымасці працягваць. Але нас звольнілі, па сутнасці, з нашай студыі. Мы страцілі месца, дзе маглі рэпетаваць».
У 2021 годзе частка каманды апынулася за кратамі. Пасля вызвалення ў 2023-м Надзея і Уладзімір вымушана з’ехалі з Беларусі: спачатку ў Польшчу, пасля ў Германію. І ўжо ў першыя месяцы пасля вызвалення запісалі песню Zorami, напісаную ў турме.
«Гэта было па-за кантэкстам “Bestiarium”. Гэта было сацыяльнае выказванне, якое трэба было сказаць. Песня напісаная ў турме пра тое, што палітзняволеных не ратуюць. Мы [палітзняволеныя] там ёсць, усім шкада, але нічога не адбываецца».
Замест паўнавартаснай рэабілітацыі пасля зняволення гурт зноў узяўся за музыку.
Новае жыццё ў Берліне і вяртанне да «Bestiarium»
За тры гады ў эміграцыі Irdorath фактычна наноў сабраў сваю інфраструктуру. У Берліне музыкі з нуля стварылі студыю, сабралі новы склад і ператварылі гурт у міжнародны калектыў: цяпер разам граюць беларусы, канадзец, немец і армянін.
«За тры гады мы на новай тэрыторыі з нуля пабудавалі сваю музычную студыю ў Берліне, сабралі гурт, які цяпер стаў інтэрнацыянальным».
За гэты час каманда аднавіла канцэртную форму, наноў навучылася працаваць разам на сцэне і вярнулася да «Bestiarium». Частка трэкаў была дапісаная менавіта ў зняволенні: Надзея працавала з музыкай і тэкстамі, Уладзімір — з візуальнай часткай, эскізамі і графічнай мовай.
Але ў Еўропе гурт сутыкнуўся з іншай эканомікай існавання. Калі раней канцэрты маглі пакрываць выдаткі каманды, то ў эміграцыі ўсё стала значна даражэй.
«Калі ў Беларусі мы маглі пакрываць як мінімум расходы гурта, а як максімум закрываць свае бытавыя патрэбы, то граючы ў Еўропе — тут усё наадварот. Тут гэта вельмі дорага».
У гэты момант з’явілася магчымасць падацца на ArtPower Belarus.
Чаму ArtPower Belarus стаў патрэбны менавіта цяпер
Для Irdorath грант стаў не проста дадатковай падтрымкай, а ўмовай, без якой праект у такім маштабе не адбыўся б. Музыкі прызнаюцца, што раней сама ідэя падавацца на гранты здавалася няпростай псіхалагічна.
«Раней мы ўяўлялі ўдзел у грантах як “дайце грошай”. Нібыта мы хочам грошай на сваю рэалізацыю. А потым, калі пагрузіліся ў гэта, зразумелі, што многія донары шукаюць рукі, якія зробяць іх ідэю. І мы, здаецца, тыя самыя рукі».
Гэтае разуменне змяніла стаўленне да грантавай падтрымкі: не як да просьбы, а як да супадзення мэтаў. Калі донар хоча падтрымліваць беларускую культуру, а творцы могуць зрабіць праект, які яе развівае, гэта не залежнасць, а партнёрства.
«Калі нехта хоча прафінансаваць развіццё беларускай культуры, то ў нас падобны запыт. Мы хочам рэалізаваць развіццё беларускай культуры ў канкрэтным праекце, але нам для гэтага патрэбнае фінансаванне».
Што атрымалася дзякуючы падтрымцы
Першапачаткова «Bestiarium» задумваўся як музычны альбом з пашыраным буклетам і перакладамі на англійскую. Але ад моманту падачы заяўкі да пачатку рэалізацыі праект значна вырас.
«З моманту падачы на ArtPower і да пачатку рэалізацыі праект вырас з проста музычнага альбома з максі-буклетам у цалкам аўдыявізуальна-літаратурны праект».

У выніку «Bestiarium » уключыў:
- беларускамоўны альбом з 10 трэкамі і бонус-трэкам;
- двухмоўную кнігу па-беларуску і па-англійску;
- аўтарскія ілюстрацыі;
- беларускія міфы і культурны кантэкст;
- асабістыя каментары гурта;
- lyric-video з перакладамі і анімацыяй.
Кніга стала не дадаткам, а асобным арт-аб’ектам. Яе мэта — прыадчыніць дзверы ў беларускую культуру для тых, хто не разумее беларускай мовы. Але ў працэсе працы гурт зразумеў, што такі фармат патрэбны не толькі еўрапейцам.
«Мы зразумелі, наколькі моцна беларусы не ведаюць уласнай міфалогіі, калі беларуская частка нашай каманды пастаянна задавала пытанні: хто такая Лойма, што такое Русальны тыдзень. І стала зразумела, што гэта не толькі для еўрапейцаў. Самім беларусам таксама важна даведацца нешта новае».
Менавіта таму «Bestiarium» працуе адразу на дзве аўдыторыі: для еўрапейцаў ён адкрывае амаль невядомую беларускую міфалогію, для беларусаў — вяртае ўласныя вобразы і сэнсы ў сучаснай музычнай форме.
«Кніга стала артэфактам беларускай культуры»
Гурт асобна падкрэслівае: без гранта праект мог быць зроблены значна прасцей, танней і, хутчэй за ўсё, нашмат пазней.
«Калі б мы рабілі кнігу за свой кошт, яна была б у мяккай вокладцы, бо ў нас не было б грошай зрабіць прыгожа. А калі б мы працавалі самі, яна, хутчэй за ўсё, была б напісаная праз пяць гадоў, бо самае складанае — выкупіць час, які ў эміграцыі трэба траціць на тое, каб выжываць».
Падтрымка дазволіла зрабіць праект не «на мінімалках», а ў тым выглядзе, у якім ён сапраўды можа прадстаўляць беларускую культуру.
«Мы вельмі ўдзячныя ArtPower, бо вынік цяпер падобны на артэфакт беларускай культуры ў золаце. Ён, выпадкова трапіўшы еўрапейцу ў рукі, ужо сам па сабе мае каштоўнасць. Проста нават тым, як ён зроблены».
Вяртанне на міжнародную сцэну
Праект быў не толькі запісаны, але і прадстаўлены ў туры. Irdorath прэзентаваў і альбом, і кнігу, і новую канцэртную праграму. Паводле музыкаў, вынік атрымаўся нават мацнейшы, чым яны чакалі на этапе заяўкі.
«Мы зрабілі гэта паспяхова. Больш паспяхова, чым нават меркавалі ў заяўцы».
Першыя водгукі ідуць у двух напрамках. Па-першае, аўдыторыя адзначае ўзровень шоу. Па-другое, і беларусы, і еўрапейцы бачаць у «Бестыярыі» не проста канцэртны прадукт, а культурны праект з выразнай місіяй.

«Першае, што мы атрымліваем, гэта каментары пра неверагодную якасць шоу. Другое — павага да праекта, які сапраўды аказаўся патрэбны беларусам. Ён стаў яшчэ адным звяном, якое ёсць паміж намі, беларусамі ў эміграцыі, і паміж беларусамі ў Беларусі і ў эміграцыі».
Еўрапейская аўдыторыя, паводле гурта, таксама даўно мела запыт на больш глыбокае разуменне беларускай культуры.
«Нам падаецца, што беларуская культура ў Еўропе амаль ніяк не прадстаўленая. Усе нешта ведаюць пра ірландскую культуру, пра скандынаўскую, пра вікінгаў, а пра беларускую амаль нічога. І праект задаволіў гэты запыт».
Калі два праекты ўзмацняюць адзін аднаго
Асобнай важнай часткай стала калабарацыя з медыяпраектам «Міністэрства сепультуры» Сашы Чарнухі. Разам яны зрабілі анлайн-шоу, якое дазволіла паказаць Irdorath тым, хто не мог трапіць на канцэрты.
«Атрымалася вельмі крутое ўзаемадзеянне двух ініцыятыў, якія ўзмацнілі адна адну. З нашага боку прыйшла еўрапейская аўдыторыя і ўбачыла канал, які робіць анлайн-канцэрты беларускіх артыстаў. А для беларусаў у Еўропе праект Чарнухі адкрыў нас».
Для гурта гэта было асабліва важна, бо, нягледзячы на актыўную еўрапейскую сцэну, у беларускай дыяспарнай прасторы яны часта застаюцца нібыта па-за асноўнымі тусоўкамі.
«Мы выпадкова сталі амбасадарамі беларускай культуры ў Еўропе, але ў самой беларускай дыяспары, у беларускім грамадстве, мы як быццам адсутнічаем. Мы не жывем у Варшаве, не тусуемся ў гэтых колах. І для некаторых беларусаў Еўропы праект Чарнухі нас адкрыў, а для еўрапейцаў мы адкрылі Чарнуху».
Бясплатны ўваход для былых палітвязняў
У туры Irdorath ужо другі год запар пакідае бясплатны ўваход для былых палітвязняў. Гэтая ініцыятыва з’явілася яшчэ падчас першага еўрапейскага тура, калі ў гурта не было дадатковага фінансавання, але было жаданне зрабіць хаця б нешта рэальнае для людзей з падобным досведам.
«Мы падумалі, што павінны зрабіць хоць нешта. І прыдумалі, што для былых палітвязняў, такіх жа, як мы, уваход будзе бясплатны, нават калі мы сыдзем у мінус».
Паводле музыкаў, гэта не толькі пра квіток на канцэрт. Гэта пра спробу зменшыць дыстанцыю паміж тымі, хто прайшоў праз турму, і тымі, хто такога досведу не мае.
«Часам людзі пасля беларускай турмы адчуваюць сябе пакінутымі, асабліва калі іх выкінулі з краіны ні за што. Вельмі важна, чаго не разумее свабоднае і эмігранцкае грамадства, гэта прорва паміж намі і “нармальнымі” людзьмі. Любыя акцыі, якія нас аб’ядноўваюць, змяншаюць гэтую прорву».
Што далей
Зараз гурт плануе часова спыніць канцэртную актыўнасць: у Надзеі і Ўладзіміра хутка народзіцца дзіця. Але жыццё «Бестыярыя» працягнецца ў анлайне.
У планах — зрабіць lyric-video для ўсіх трэкаў альбома, выпусціць асобны відэакліп, апублікаваць live-відэа з берлінскага канцэрта і калабарацыю з еўрапейскім гуртом.
«У нас 10 трэкаў пра міфалагічных істот, і мы хочам знайсці магчымасць зрабіць lyric-video для ўсіх. Каб ужо зусім па прыгажосці».
Вяртанне да канцэртаў Irdorath плануе ў 2027 годзе.
Што параіць тым, хто толькі плануе падавацца
Надзея і Ўладзімір вельмі дакладна фармулююць галоўны бар’ер: грантавая мова часта занадта складаная для творцаў.
«Каб напісаць заяўку, трэба гаварыць не на нашай чалавечай мове, а на праектнай. І гэта сапраўды складана».
Музыкі раяць не пачынаць адразу з напісання заяўкі, а спачатку разабрацца ў логіцы грантавай сістэмы: глядзець інфасесіі, чытаць тлумачэнні, задаваць пытанні, шукаць людзей, якія ўжо маюць адпаведны досвед.
«Мая галоўная парада — пачаць не з напісання праекта, а са спробы зразумець прынцып працы гэтага механізму. І галоўнае, не заставацца сам-насам з гэтай складанасцю. У любым выпадку ніхто не ў адзіноце. Можна прасіць дапамогі, каб зразумець мову грантадаўцы».
Для Irdorath гэта спрацавала. «Bestiarium» стаў не проста альбомам, а вялікім беларускім праектам пра міфалогію, памяць, чалавечнасць і вяртанне да сябе пасля нечалавечых абставінаў.