02 (1)

Беларусь – Украіна: 20 супольных культурніцкіх праектаў ваеннага часу

Сабралі самыя яскравыя прыклады беларуска-ўкраінскіх культурніцкіх праектаў 2022-2025 гадоў. Гэта першая спроба намацаць ужо існыя кропкі ўзаемадзеяння беларускай і ўкраінскай культур пасля вялікага расколу. Пералік не прэтэндуе на вычарпальнасць. Наадварот, мы з радасцю падрыхтуем дадатковую падборку прыгожых супольных справаў з надзеяй, што ў 2026 годзе іх стане яшчэ больш. 

Калі вы згадаеце важны праект, які мы абмінулі ўвагай, пішыце на media@byculture.org

Кароткая перадгісторыя

Беларуска-ўкраінскія культурныя адносіны традыцыйна развіваліся ў двух ключавых напрамках. Першы – міждзяржаўнае супрацоўніцтва, якое ахоплівала ўдзел у кніжных кірмашах, правядзенне дзён культуры, а таксама афіцыйныя імпрэзы, арганізаваныя амбасадамі і дзяржаўнымі інстытуцыямі. Другі – узаемадзеянне ў межах незалежнай культуры: удзел беларускіх аўтараў у нефармальных украінскіх фестывалях і конкурсах, прысутнасць украінскіх літаратараў і музыкаў на незалежных пляцоўках у Беларусі, а таксама рэалізацыя сумесных праектаў без удзелу дзяржавы.

Да 2020 года гэтыя дзве мадэлі існавалі паралельна. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі характар беларуска-ўкраінскіх культурных кантактаў істотна змяніўся. 

Украінская інтэлектуальная і культурніцкая супольнасць адкрыта выказала салідарнасць з беларускім грамадствам. Знакам падтрымкі – кніга Іі Ківы «Ми прокинемось іншими…», у якой для ўкраінскай аўдыторыі быў асэнсаваны беларускі досвед трансфармацыі і супраціву. Арт-салідарнасць панавала на выставе беларускага супраціву «Кожны дзень» у кіеўскім комплексе «Мистецький Арсенал». Падзея, што адкрылася 25 сакавіка 2021 года, аб’яднала пратэсныя працы больш як 50 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў.  

Украіна стала адной з галоўных краін рэлакацыі для беларускіх культурніцкіх дзеячаў. Гэта спрыяла ўзмацненню гарызантальных сувязяў, з’яўленню новых прафесійных і асабістых кантактаў, а таксама большай інтэграцыі беларускіх аўтараў ва ўкраінскі культурны кантэкст.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе супрацоўніцтва беларускай і ўкраінскай культур на міждзяржаўным узроўні спынілася. Аднак у незалежнай сферы асобныя сувязі не толькі захаваліся, але і набылі новае значэнне.

Згадваем супольныя культурніцкія праекты, якія сталіся магчымыя нават у цяжкія 2022 – 2025 гады

1. Інфармацыйная кампанія адвакацыі негатыўнага стаўлення беларусаў да расійскай ваеннай агрэсіі #BelaruswithUkraine

Ініцыяваная шэрагам беларускіх незалежных арганізацый, каардынавалася Беларускай Радай культуры ў супрацы з медыяменеджарамі з Украіны. З пачатку сакавіка 2022 года, пасля жорсткага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны, каманда праекта планамерна дакументавала гісторыю дапамогі, падтрымкі, супрацоўніцтва беларусаў і ўкраінцаў у драматычных умовах вайны. Інфаграфіка “Беларусы – не рэжым”, відэаролікі, адмысловая анімацыя, а таксама інтэрв’ю з вядомымі беларусамі і ўкраінцамі. Сабраныя разам, гэтыя матэрыялы пацвярджаюць маштаб беларуска-ўкраінскай салідарнасці. Сумарны ахоп падрыхтаваных у межах кампаніі матэрыялаў аб дапамозе беларусаў украінцам ва ўкраінскіх медыя і пабліках склаў больш як за 3,2 млн. карыстальнікаў.

Ілюстрацыя: інфаграфіка “Беларусь – не рэжым”, створаная ў межах кампаніі, распаўсюджвалася на 6 мовах. Крыніца: https://t.me/BelarusWithUkraine

2. Вышыванка/выжыванка аўтарства беларускі Руфіны Базловай на Уладзіміру Зяленскім

У жніўні 2022 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі некалькі разоў з’яўляўся на публіцы ў вышыванцы колеру хакі з ваенным і сімвалічным арнаментам. Арнамент быў не дэкаратыўны, а наратыўны і палітычны: танкі, каласы, людзі, якія трымаюцца за рукі. Гэта сімвалізуе вайну, супраціў і еднасць украінцаў, а таксама перакладае мову сучаснай вайны ў форму традыцыйнай вышыўкі. Адметна, што ўзор быў створаны Руфінай Базловай – беларускай мастачкай, вядомай дзякуючы серыі The History of Belarusian Vyzhyvanka (вышыўкі пра пратэсты 2020 года). 

3. Feat Pink Floyd і Андрыя Хлыўнюка Hey Hey Rise Up (“Ой у лузі червона калина…”),

што стаў магчымы дзякуючы беларусам – сузаснавальнікам Беларускага Свабоднага тэатра Наталлі Калядзе і Мікалаю Халезіну.

“З усімі ўдзельнікамі гэтай нечаканай калабарацыі мы былі знаёмыя з 2015 года, калі Беларускі Свабодны тэатр святкаваў 10-годдзе. Тады да ўдзелу ў музычным фестывалі Staging a Revolution запрасілі шэраг артыстаў, у тым ліку Дэвіда Гілмара з Pink Floyd і «Бумбокс». Па задумцы яны выступалі разам, – прыгадвае Мікалай Халезін. – А ўжо ў 2022, калі пачалася вайна, Андруха заспяваў на вуліцы ў Кіеве “Ой у лузі червона калина…” Праз некаторы час спявак быў паранены, і Наташа даслала Дэвіду відэа і фота з ім са шпіталя. Так нарадзілася ідэя запісаць песню – але не сольна, а, упершыню за 28 гадоў, сабраўшы склад Pink Floyd. Мы да апошняга думалі, што гэта будзе калаб Гілмар – Хлыўнюк, але ён таемна ад усіх сабраў “залаты склад”, толькі без Роджэра Уотэрса”.

4. Паэтычная кніга–фотаальбом Алеся Плоткі Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine

Дыхтоўнае выданне з вершамі, створанае Алесем Плоткам у супрацы з фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў – «крывавыя землі» Беларусі і Украіны, і іх розныя шляхі дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў, кніга змяшчае пераклады вершаў украінскіх літаратараў: Івана Сэмесюка, Тані Радзівонавай, Вячаслава Лявіцкага, Лэсыка Панасюка, Angie Siveria. У 2023-2024 гадах кніга была шырока прэзентаваная беларусам Варшавы, Гаагі, Брусэля, Рыгі, Беластоку, Батумі і Тбілісі.

5. Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы» (2022 і 2023)

Фэст дакументальнага кіно пра Беларусь і Украіну, запушчаны пасля 2022 года ў кантэксце вайны і новай рэальнасці ў рэгіёне (арганізатар – “Звяно/Ланка”). 1084 км – даўжыня мяжы паміж Беларуссю і Украінай, гэтая лічба ў назве – сімвал разрыву і сувязі адначасова. Адбываўся ва Украіне, паказы і падзеі праходзілі ў Кіеве, Бучы, Адэсе, Тэрнопалі, Луцку. Уваход на ўсе мерапрыемствы быў вольны, але сабраныя ахвяраванні былі пералічаныя на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.

Фота: скрыншот старонкі https://fest1084.org/

6. Падборка ўкраінскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову Make Poetry, not War,

апублікаваная ў інтэрнэт-часопісе Taubin да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны. Выразны маніфест культурнай салідарнасці з Украінай. Праект аб’яднаў пераклады сучаснай украінскай паэзіі на беларускую мову, падкрэсліваючы, што слова можа быць не менш моцным за зброю: яно здольнае раніць, але і лячыць, вяртаць сувязі і падтрымліваць у час крызісу. На старонцы сабраныя тэксты розных украінскіх аўтараў (сярод іх Максім Крывцоў, Остап Слівинскі, Артур Дронь), перакладзеныя беларускімі паэтамі, у тым ліку Андрэем Хадановічам. Праект задуманы як адказ на маўчанне і раз’яднанасць.

7. Форум беларускага культурнага супраціву ў Луцку (2023)

Дыскусійная праграма, якая задумвалася як суправаджальная частка фэсту “1084. На мяжы”, але ператварылася ў асобную вялікую падзею. Беларускі і ўкраінскі бакі тады атрымалі пляцоўку для адкрытага дыялогу: тут не толькі глядзелі і абмяркоўвалі фільмы, але і асэнсоўвалі агульны досвед вайны, адказнасць, траўмы і будучыню адносінаў паміж дзвюма краінамі. Форум тады паказаў, што жывая гарызантальная камунікацыя магчымая, што важна пераадольваць недавер і ствараць супольную прастору разумення, у якой культура становіцца інструментам дыялогу, рэфлексіі і аднаўлення сувязяў нават ва ўмовах разрыву на міждзяржаўным узроўні.

8. Опера “Дзікае паляванне караля Стаха” Беларускага Свабоднага тэатра

Гэты праект, які здабыў сусветную славу і быў намінаваны на галоўную брытанскую тэатральную ўзнагароду Olivier Awards, стаў прыкладам жывой беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы ва ўмовах вайны і выгнання. Разам з беларускімі акторамі на сцэну выходзілі ўкраінскія оперныя спевакі (галоўныя партыі выканалі ўкраінцы Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна), дырыжорам быў Віталь Алексяёнак – беларус, які меў досвед супрацы з Харкаўскім оперным тэатрам.

9. Выданне рамана “Салодкая Даруся” Марыі Маціёс у перакладзе з украінскай на беларускую мову (Pflaumbaum, 2023)

Трагічная і па-майстэрску напісаная сямейная сага, падзеі якой адбываюцца ў 1930-70-х гадах на Букавіне (рэгіён на ўкраінска-румынскім памежжы) на фоне змены ўладаў і дзяржаўных межаў у драматычныя часы вайны і савецкіх рэпрэсій. Вельмі чалавечная гісторыя пра жывых бяскрыўдных людзей, якія становяцца ахвярамі бессэнсоўных і бязглуздых дзеянняў прадстаўнікоў уладаў. Аўтарка падкрэслівае, што “рука кіраўніцтва” дацягнецца нават да самых аддаленых куточкаў краю і зробіць непапраўнае. На жаль, перасцярога вельмі актуальная для сённяшняй Беларусі. Ініцыятаркай выдання сталася нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, перакладчык тэксту ананімны.

10. Урачыстасці ў гонар бітвы пад Оршай і князя Астрожскага ў Кіеве

У 2023–2025 гадах у Кіева-Пячэрскай лаўры паслядоўна адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавінам бітвы пад Оршай і ўшанаванню князя Канстанціна Астрожскага. У 2023 годзе, да 509-й гадавіны, быў адкрыты мемарыяльны барэльеф; у 2024-м, на 510-ю гадавіну, прайшлі афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам мітрапаліта Эпіфанія; а ў 2025 годзе, да 511-й гадавіны, акцэнт быў зроблены на сімвалічным і гістарычным вымярэнні памяці – з ліціямі, ушанаваннем і прэзентацыяй адноўленых харугваў войска Астрожскага. Згаданыя ўрачыстасці сведчаць пра паступовае ўмацаванне прысутнасці супольнай беларуска-ўкраінскай гістарычнай падзеі ва ўкраінскай культурнай і мемарыяльнай прасторы.

Падчас урачыстасцяў у гонар бітвы пад Оршай і князя Астрожскага ў Кіеве. Крыніца: https://vechirniy.kyiv.ua/

11. Вуліца Караткевіча ў Кіеве

Вуліца імя Уладзіміра Караткевіча з’явілася ў Кіеве ў рамках шырэйшага працэсу дэкамунізацыі і пераасэнсавання гарадской тапанімікі, які асабліва актывізаваўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022-м. Кіеўскія ўлады масава перайменоўвалі вуліцы, пазбаўляючыся ад савецкіх ды расійскіх назваў і адначасова звяртаючыся да постацяў, звязаных з украінскай і суседнімі культурамі. Ініцыятыва ў справе з’яўлення вуліцы Караткевіча ў Кіеве належала ўкраінскаму літаратуразнаўцу і перакладчыку Вячаславу Лявіцкаму.

Ушанаванне гэтага таленавітага літаратара і прынцыповай асобы важнае як для дыялогу Украіны з дэмакратычна арыентаванай беларускай грамадскасцю, так і для актуалізацыі недаацэненых фактаў культуры Кіева. Караткевіч – выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, ён любіў сталіцу Украіны і пісаў пра яе больш выразна, чуйна і этычна, чым большасць іншых урбаністаў. Да таго ж, гаворка ідзе пра вуліцу ў мясцовасці, дзе разгортваюцца трагічныя падзеі найбольш кіеўскай аповесці Уладзіміра Караткевіча “Лісце каштанаў”. Гаворка ідзе пра частку Пячэрска, які Караткевіч у мініпаэме “Размова з Кіева-Пячэрскім сланом” называў сваім улюбёным раёнам”, – такія аргументы, якія ў выніку і пераканалі экспертаў, прывёў спадар Вячаслаў.

12. Спектакль “Па што ідзеш, воўча?” – тэатральная пастаноўка на аснове аповесці беларускай аўтаркі Евы Вежнавец

Праект аб’яднаў беларускіх актрыс Святлану Зелянкоўскую і Яўгенію Кульбачную, украінскую актрысу Вольгу Грыгораш  і польскую актрысу Моніку Давідзюк, а польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска выбудавала дзею як шматмоўны праект пра памежжа і агульны досвед рэгіёна. Ідэя нарадзілася ў творчай лабараторыі InexKult «Мультылінгвізм на сцэне», пасля чытак у Варшаве і Берліне адбылася прэм’ера ў Беластоку, спектакль паказалі таксама ў Варшаве, а дзякуючы Клубу беларускіх мецэнатаў пастаноўку пабачылі госці тэатральнага фестывалю ў французскім Авіньёне. На сцэне гучаць пяць моў (беларуская, украінская, польская, ангельская і руская), адметна, што мовы не падзеленыя “па ролях” і не з’яўляюцца характарыстыкай пэўнага персанажу, а пераплятаюцца. Гэта адлюстроўвае змяшаную ідэнтычнасць рэгіёна, досвед міграцыі і выгнання, камунікацыю праз розныя культурныя коды.

Сцэна са спектакля «Па што ідзеш, воўча?». Акторкі Святлана Зелянкоўская, Вольга Грыгараш, Моніка Давідзюк, Яўгенія Кульбачная. Крыніца: INEXKULT

13. Міжнародны мастацкі рух Antiwarcoaliton.art

Праект, заснаваны ў 2022 годзе беларускімі і ўкраінскімі куратарамі, мастакамі і арт-менеджарамі, які стаў транснацыянальнай платформай. Сёння ён аб’ядноўвае мастакоў з розных краін у адказ на поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны і ў больш шырокім антыкаланіяльным кантэксце рэгіёна. функцыянуе адначасова як адкрыты архіў антываеннага мастацтва і як сетка салідарнасці. Важнай часткай дзейнасці кааліцыі сталі і офлайн-праекты, у тым ліку выстава “Пачуццё бяспекі” ў Харкаве – горадзе, які стаў адным з сімвалаў украінскага супраціву, – што надало ініцыятыве дадатковае значэнне як формы прамой культурнай падтрымкі ва ўмовах вайны. Праект “Пачуццё бяспекі” атрымаў шырокае міжнароднае прызнанне і быў намінаваны на Нацыянальную прэмію Украіны імя Тараса Шаўчэнкі, адну з самых прэстыжных узнагарод краіны у сферы культуры.

14. Прэмія Карласа Шэрмана, уручаная беларускаму паэту Андрэю Хадановічу за пераклад украінcкай паэзіі

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу, заснаваная ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана, прысуджаецца ў Беларусі з 2016 году. Яе арганізатарамі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН. Для беларускай пісьменніцкай супольнасці і літаратурнай прасторы гэтая ўзнагарода азначае не толькі прызнанне майстэрства перакладчыка, але і важнасць масткоў паміж літаратурамі, культурамі, нацыямі, што ствараюцца з дапамогай перакладу. Таму сімвалічна, што галоўнымі замежнымі паэтычнымі кнігамі 2023 года для беларусаў сталі «Іншае імя любові» і «Месапатамія» Сяргія Жадана. Беларусы могуць чытаць украінцаў і без перакладу, – скажаце вы. Так, але адметныя літаратурныя творы адной нацыі, пераствораныя мовай іншай нацыі (асабліва калі гаворка пра паэзію!) пачынаюць жыць сваё новае жыццё ў вымярэнні новай культуры. Гэтая прэмія – адзнака, што беларускай літаратуры менавіта сёння важна мець у сваім полі пераклады вершаў з украінскай.

15. Вечарыны і акцыі памяці, прымеркаваныя да Ночы паэтаў, у Львове, Харкаве, Кіеве, Адэсе

Пасля падзей 2020 года для беларусаў Ноч паэтаў – акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў – стала адным з сімвалаў яднання нацыі і супольным інклюзіўным дзеяннем. Вельмі важна, што амаль штогод, пачынаючы з 2021 года, падзеі, прысвечаныя Ночы паэтаў, ладзяцца і ва Украіне. Памяць пра знішчаную інтэлігенцыю, пра расстралянае адраджэнне, пра масавыя пахаванні ў беларускіх Курапатах і на ўкраінскіх Быкаўнянскіх могілках нагадвае, што імперскі гвалт не знікае сам па сабе, а памяць становіцца формай супраціву і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Для беларусаў і ўкраінцаў гэты досвед агульны: ён вучыць бачыць каштоўнасць чалавечага жыцця і свабоды, распазнаваць пагрозы аўтарытарызму, не дазваляць сцерці праўду і салідарна абараняць культуру і мову.

16. Культурніцкая панэль на Форуме Астрожскіх у Львове (2025)

Беларуска-ўкраінскі Форум імя Астрожскіх летась прайшоў ужо ў чацвёрты раз, але ўпершыню ў яго праграме з’явілася асобная культурніцкая панэль. І гэта сапраўды важна. Форум – адна з ключавых інтэлектуальных пляцовак, якая зазвычай аб’ядноўвае больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і іншых еўрапейскіх краін, каб абмяркоўваць бяспеку, дэмакратычнае развіццё і будучыню беларуска-ўкраінскіх адносінаў. Але менавіта культура – мова, памяць, ідэнтычнасць – у значнай ступені вызначае і палітыку, і рашэнні ў сферы бяспекі. Дыскусія «Супраца Украіны і Беларусі ў культуры: дэкаланіяльнае вымярэнне», арганізаваная пры ўдзеле Беларускай Рады культуры, паказала, што паміж беларусамі і ўкраінцамі ёсць узаемная цікавасць, чалавечая цеплыня і гатоўнасць да супольных праектаў – на аснове агульнай гісторыі, постацей і культурных сувязяў. Разам з тым адчуваецца і напружанне: многія масткі разбураныя, дыялог трэба аднаўляць амаль з нуля, пакуль без агульнай стратэгіі і выразнай мэты. Але нават гэта – ужо важны крок, бо сама магчымасць адкрыта гаварыць пра праблемы на такім узроўні азначае, што рух наперад пачаўся.

Фота: падчас панэлі «Супраца Украіны і Беларусі ў культуры: дэкаланіяльнае вымярэнне» на Форуме Астрожскіх у Львове (2025)

17. Выданне рамана Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі” ў перакладзе на ўкраінскую мову («Стилос», 2025, пераклад Лэсіка Панасюка і Дарыны Гладун)

Першы поўны пераклад твора Бахарэвіча на ўкраінскую мову, што робіць яго сапраўдным увядзеннем аўтара (галоўнага беларускага празаіка нашага часу) ва ўкраінскую літаратурную прастору. Выданне атрымала шырокі рэзананс і нават увайшло ў спіс найлепшых кніг года ва Украіне паводле Украінскага ПЭНа. У кантэксце сённяшнага часу гэты пераклад успрымаецца не толькі як літаратурная падзея, але і як акт культурнага дыялогу і салідарнасці: ён адкрывае ўкраінскаму чытачу адзін з ключавых тэкстаў сучаснай беларускай літаратуры.

18. “Маці. Песня падчас вайны” (Matki. Pieśń na czas wojny)

Спектакль, створаны рэжысёркай Мартай Гурніцкай разам з хорам з 21 жанчыны з Украіны, Беларусі і Польшчы. У аснове – рэальныя гісторыі маці і дзяцей, закранутых вайной: уцякачак з Марыупаля, Кіева, Ірпеня, Харкава, а таксама жанчын, якія дапамагалі ім. Спектакль пабудаваны як калектыўны хор – жанчыны спяваюць, скандуюць і прамаўляюць тэксты на розных мовах, спалучаючы народныя песні, асабістыя сведчанні і сучасныя выказванні. Гэта таксама палітычная прамова пра вайну з жаночай перспектывы: пра гвалт, страх, адказнасць і спосабы выжывання.

Сцэна са спектакля “Маці. Песня падчас вайны”. Фота: Bartek Warzecha/Teatr Powszechny w Warszawie

19. Беларускія мастачкі на Кіеўскім біенале – 2025

Сярод удзельніц – мастачкі Марына Напрушкіна, Воля Сасноўская і Ала Савашэвіч – аўтаркі, якія сёння працуюць у міжнародным кантэксце і па-за межамі Беларусі. Беларусь у межах праекту не была прадстаўленая як дзяржава ці асобная культурная сцэна, але прысутнічала праз незалежных мастакоў як частка шырэйшага ўсходнееўрапейскага і постсавецкага досведу. У такім фармаце беларускае выказванне ўключаецца ў агульную размову пра вайну, імперыю, памяць і дэкаланізацыю – разам з украінскімі і іншымі еўрапейскімі аўтарамі, а не ў ізаляцыі. Дарэчы, Кіеўскае біенале 2025 праходзіла ў адмысловым фармаце: не адна выстава, а сеткаваны праект у розных гарадах, не толькі арт, а платформа для дыскусіі і палітычнага мыслення, не «нацыянальная» падзея, а транснацыянальны дыялог пра рэгіён і свет.

20. Вялікае інтэрв’ю Алеся Плоткі на YouTube-канале Ukrainer

Гэта адбылося! Ці не першы выпадак, калі беларускі культурніцкі дзеяч – паэт, перакладчык, арт-менеджар – стаў госцем вялікага (аж на 2 гадзіны!) фармату на ўкраінскім YouTube. У праекце “Моўнае пытанне” асобная ўвага надаецца мовам, што ўваходзяць у пералік моў, якім пагражае знікненне ва Украіне, у тым ліку беларускай. У гэтым выпуску размова будуецца вакол беларускага досведу: закранаецца тэма рэпрэсій, русіфікацыі і тых стратаў, якія перажыла культура, гаворка ідзе і пра сучасныя выклікі (эміграцыя, палітычны ціск і змены ў моўнай сітуацыі). Важнае месца займае тэма перакладаў як спосабу дыялогу паміж культурамі, які дазваляе лепш разумець адно аднаго. Інтэрв’ю на ўкраінскай мове.

Замест высноваў

Беларуска-ўкраінская культурная супраца сёння знаходзіцца ў фазе пераасэнсавання фарматаў, задач, стратэгічных прыярытэтаў. Яна больш не можа абапірацца на дзяржаўныя механізмы, але атрымлівае шанец эфектыўна развівацца як гарызантальная, дэкаланіяльная і суб’ектная мадэль узаемадзеяння. Гаворка ідзе не пра стварэнне новых сувязяў з нуля, а хутчэй пра аднаўленне і развіццё культурных кантактаў, якія гістарычна фармаваліся дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі, а сёння могуць стаць асновай для супольнага супраціву імперскім наратывам і культурнай залежнасці. Як паказвае практыка, для такой супрацы беларусам і ўкраінцам у сённяшніх умовах часта неабходны пасярэднік: у гэтай ролі могуць выступаць еўрапейскія культуры праз адпаведныя структуры і інстытуцыі.

Фота на галоўнай: сцэна з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Беларускага Свабоднага тэатра. Photographer credits Linda Lylind

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus падвяла вынікі трэцяга кола конкурснага адбору па Трэку 2. Творчыя праекты. Падтрымку атрымалі 24 праекты ў розных сектарах беларускай …

Літаратура: У чаканні вялікай прозы Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты» Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але …