Працягваем серыю інтэрв’ю з праектамі, якія былі падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.

Калі чытач трымае ў руках новую кнігу, ён рэдка задумваецца, колькі працы засталося па-за кадрам. Рэдактура, дызайн, вёрстка, друк — усё гэта толькі частка працэсу. Яшчэ ёсць фінансаванне, планаванне, размеркаванне роляў, партнёрствы, камунікацыя і дзясяткі штодзённых арганізацыйных рашэнняў, без якіх кніга проста не з’явілася б.
Менавіта гэтай нябачнай працы быў прысвечаны праект Gutenberg Publisher, рэалізаваны ў межах Трэка 1. Арганізацыйнае развіццё праграмы ArtPower Belarus.
Пра тое, як невялікая выдавецкая ініцыятыва ператварылася ў арганізацыю з доўгатэрміновай стратэгіяй развіцця, мы пагаварылі з Валянцінай Барбарай Андрэевай, шэф-рэдактаркай Gutenberg Publisher.
Ад выдавецкай ініцыятывы да арганізацыі
За апошнія гады Gutenberg Publisher стаў адным з самых вядомых незалежных беларускіх выдавецкіх праектаў. Сёння гэта ўжо не толькі выдавецтва, але і каманда, якая працуе над адукацыйнымі і культурніцкімі ініцыятывамі, супрацоўнічае з аўтарамі і іншымі арганізацыямі, а таксама развівае ўласныя доўгатэрміновыя праекты.
Аднак, як прызнаецца Валянціна Барбара Андрэева, гэты рост адбываўся паступова і не заўсёды быў заўважны самой камандзе.
«Мы доўгі час працавалі хутчэй інтуітыўна. Калі з’яўлялася магчымасць выдаць кнігу, мы браліся за яе. Калі ўзнікаў новы праект, таксама ім займаліся. У нейкі момант мы зразумелі, што ўжо не проста выдаём асобныя кнігі. Мы сталі арганізацыяй, але працягвалі працаваць як невялікая ініцыятыва. Менавіта тады стала відавочна, што нам патрэбная не толькі творчая энергія, але і сістэма».
Gutenberg Publisher працуе з 2020 года і за гэты час выдаў больш за сотню кніг. Але, як адзначае Валянціна Барбара, галоўным паказчыкам развіцця яна лічыць не колькасць новых выданняў.

«Раней нам здавалася, што развіццё — гэта калі кніг становіцца ўсё больш. Цяпер мы разумеем, што сапраўднае развіццё — гэта магчымасць рабіць свядомы выбар і не губляць якасць дзеля колькасці».
Нябачная праца, якой заўсёды не хапае часу
Большасць культурніцкіх арганізацый добра ведае гэтую сітуацыю. Калі з’яўляецца магчымасць атрымаць падтрымку, найчасцей яна ідзе на стварэнне новай кнігі, выставы або фестывалю. Значна радзей удаецца знайсці рэсурсы на тое, каб перагледзець уласную структуру працы, размеркаванне адказнасці ці доўгатэрміновую стратэгію.
Менавіта таму падтрымка ў межах Трэка 1 стала для Gutenberg асабліва важнай.
«Арганізацыйнае развіццё заўсёды адкладваецца “на потым”. Бо здаецца, што ёсць больш тэрміновыя рэчы: трэба выдаць кнігу, падрыхтаваць прэзентацыю, зрабіць справаздачу. Аднак без гэтай працы арганізацыя пачынае жыць выключна ад праекта да праекта. Мы хацелі нарэшце спыніцца і паглядзець на сябе збоку: што працуе добра, што трэба змяніць, дзе мы губляем рэсурсы і чаму».
Праект стаў магчымасцю зрабіць тое, на што ў штодзённай працы звычайна не застаецца ні часу, ні сіл. Каманда прааналізавала працоўныя працэсы, пераразмеркавала адказнасць, перагледзела фінансавыя падыходы і абмеркавала доўгатэрміновую стратэгію развіцця выдавецтва.

Пачаць са слухання
Адной з важных частак праекта стала апытанне аўтараў, чытачоў, партнёраў і прадстаўнікоў беларускай культурніцкай супольнасці. У ім узялі ўдзел 564 чалавекі. Для Gutenberg гэта была магчымасць не толькі атрымаць зваротную сувязь, але і лепш зразумець, як выдавецтва бачаць людзі, дзеля якіх яно працуе.
Апытанне было ананімным: дадзеныя збіраліся ў абагульненым выглядзе, без прыватнай інфармацыі. Валянціна Барбара адзначае, што гэта быў першы такі досвед для каманды, таму ўжо пасля аналізу вынікаў стала відавочна, што ў будучыні даследаванне варта паўтараць рэгулярна і дапаўняць жывымі сустрэчамі з чытачамі і партнёрамі.
«Такая апытанка павінна паўтарацца дастаткова рэгулярна, некалькі гадоў запар, каб мы маглі бачыць дынаміку. Тады можна было б сапраўды казаць пра працэсы і пра тое, наколькі дзеянні, якія прымаюцца рынкам, адпавядаюць патрэбам людзей», — кажа Валянціна Барбара.

Вынікі апытання дапамаглі камандзе па-новаму паглядзець на розныя кірункі працы. Напрыклад, стала відаць, што дзіцячыя выданні, хоць вельмі важныя для беларускай супольнасці і самога выдавецтва, патрабуюць шмат рэсурсаў і пакуль не даюць дастатковай фінансавай аддачы. Гэта не азначае адмову ад такіх праектаў, але дапамагае больш дакладна разумець іх кошт, шукаць партнёрскія мадэлі і планаваць падтрымку загадзя.
Калі місія не адмяняе прафесіяналізм
Адна з галоўных высноў, да якой прыйшла каманда, нават самая важная культурніцкая місія не можа трымацца выключна на энтузіязме. У культурніцкім полі вельмі часта хочацца адказваць «так» на кожную добрую ідэю. Але калі арганізацыя не разумее сваіх межаў, рэсурсаў і рэальнага кошту працы, гэта хутка вядзе да выгарання.
«Калі працуеш у культурным праекце, вельмі цяжка акрэсліць, колькі ты працуеш. Заўсёды можна зрабіць больш, заўсёды можна зрабіць лепш. Але твая зона адказнасці павінна дзесьці заканчвацца, інакш ты проста выгарыш. Гэта праблема вялікай колькасці культурных ініцыятыў: да выгарання прыводзіць неабмежаваная колькасць абавязкаў», — кажа Валянціна Барбара.
У межах праекта каманда пачала больш уважліва глядзець на бюджэты, нагрузку і рэальны кошт кожнага выдання. Гэта закранула не толькі фінансавыя разлікі, але і спосаб прыняцця рашэнняў.

«Мы паглядзелі вельмі цвяроза на сваю бухгалтэрыю, на бюджэт, на тое, што можам рэфінансаваць за кошт сваёй дзейнасці, а што фактычна аплачваем з уласнай кішэні. І калі ў Excel у графе фінансавання трэба напісаць “з уласных сродкаў выдавецтва”, адразу становіцца вельмі ясна: а з чаго ты гэта аплачваеш? Дзе ў цябе завод, які прыносіць дывідэнды?»
Такі падыход дапамог камандзе больш свядома вырашаць, за якія праекты брацца, а ад якіх варта адмовіцца або шукаць для іх асобнае фінансаванне і партнёрства.
Рост — гэта не заўсёды больш
У выніку працы над унутранымі працэсамі Gutenberg прыйшоў да важнай высновы: каб працаваць устойліва, трэба рабіць менш, але больш асэнсавана.
Падчас праекта каманда палічыла, колькі культурніцкіх задач фактычна выконвае выдавецтва. За сем месяцаў атрымалася 43 праекты: не толькі выданні кніг, але і прэзентацыі, сустрэчы, партнёрскія ініцыятывы і іншыя формы працы. У гэты час асноўную працу выконвалі пяць чалавек.
«Мы прыйшлі да высновы, што больш за 24 праекты на год рабіць немагчыма фізічна ў той сітуацыі, у якой мы ёсць. І гэта ўжо пры тым, што мы шмат у чым працягваем працаваць як валанцёры, фактычна ў мінус. Таму гэтую колькасць трэба змяншаць».

Гэта не азначае, што Gutenberg плануе звужаць сваю дзейнасць. Хутчэй, каманда шукае больш устойлівыя формы працы: партнёрскія мадэлі, кансультацыі для іншых ініцыятыў, супольнае фінансаванне і больш дакладнае планаванне кожнага праекта.
Не толькі выдаваць свае кнігі
Яшчэ адным важным вынікам стала пераасэнсаванне ролі Gutenberg у беларускім культурніцкім полі. Сёння выдавецтва бачыць сябе не толькі як каманду, якая выпускае ўласныя кнігі, але і як партнёра для іншых ініцыятыў.
Gutenberg можа дапамагаць праектам на розных этапах: ад кансультацый і менеджарскай падтрымкі да юрыдычнага, бухгалтарскага або выдавецкага суправаджэння. Для каманды гэта таксама стала часткай унутранай сталасці: навучыцца называць кошт сваёй працы і прапаноўваць іншым зразумелыя ўмовы супрацоўніцтва.
«Мы сталі нарэшце цаніць свой уласны час і называць цану за кансультацыю або менеджарскую падтрымку. І гэта аказалася зручна ўсім. Мы можам дазволіць сабе працаваць з іншымі праектамі, а гэтыя праекты могуць звяртацца да нас на нармальных умовах, не думаючы, што яны проста адбіраюць наш час».
Адным з прыкладаў такога партнёрства стаў адукацыйны дапаможнік «Сшытак па-беларуску» для беларускіх дзяцей за мяжой.
Праект атрымаў падтрымку ArtPower Belarus у межах MINI-гранта, а Gutenberg Publisher выступіў выдавецкім партнёрам і дапамог давесці ідэю да гатовага выдання.
«Мы з Ганнай размаўлялі пра тое, што такі сшытак вельмі патрэбны, яшчэ прыкладна за год да старту праекта. Абмяркоўвалі, якім ён можа быць, хто можа ўвайсці ў каманду, якія будуць выдаткі. Але на той момант мы былі настолькі загружаныя эканамічна і арганізацыйна, што не мелі магчымасці пачаць яго самастойна. Вельмі ўдала, што Ганна атрымала MINI-грант на гэты дапаможнік», — расказвае Валянціна Барбара.
Паводле яе, падтрымка дазволіла стварыць аснову праекта: падрыхтаваць змест, ілюстрацыі і першы наклад. Выданне цёпла прынялі ў беларускіх школах і адукацыйных ініцыятывах за мяжой.
«Магчымасць атрымаць матэрыялы для вучняў беларускіх школ у эміграцыі для многіх стала не толькі практычнай дапамогай, але і падтрымкай іх валанцёрскай дзейнасці. Дзякуючы гэтаму старту пазней удалося знайсці сродкі на дадатковы друк, і цяпер сшытак даступны для продажу на нармальных, зразумелых умовах: пад’ёмных для выдавецтва і справядлівых для аўтаркі».
Аўтарка сшытка і настаўніца Ганна Плашчынская кажа наступнае:
«Вельмі ўдзячная выдавецтву Gutenberg і ArtPower, паколькі без іх падтрымкі ідэя яшчэ доўга заставалася б ідэяй. Выдатна, што ёсць ініцыятывы і людзі, якія не проста вераць у праект, але і дапамагаюць яго рэалізаваць».
Пра падтрымку, якая працуе на будучыню
У Gutenberg прызнаюцца: да ўдзелу ў праграме гранты часта ўспрымаліся найперш як магчымасць рэалізаваць асобны праект. Але досвед Трэка 1 змяніў гэтае разуменне.
Для Валянціны Барбары асабліва важным стаў сам факт, што падтрымку атрымала не чарговая кніга, а ўнутраная праца арганізацыі.
«Для мяне вельмі важна, што грант падтрымліваў не стварэнне канкрэтнага прадукту, не друк кнігі і не аплату мастака, а арганізацыйную ўстойлівасць. Гэта зрабіла бачнай менеджарскую працу, без якой не можа з’явіцца ніводная кніга. Такую працу вельмі цяжка палічыць у колькасці ілюстрацый, старонак або надрукаваных асобнікаў, але без яе нічога не дойдзе да чытача».

На думку Валянціны Барбары, менавіта такія праграмы дапамагаюць незалежным культурніцкім арганізацыям не проста закрываць асобныя патрэбы, а будаваць аснову для будучыні.
«Фактычна ArtPower Belarus выканаў тую функцыю, якую ў нармальнай сітуацыі павінна выконваць дзяржава: дапамагаць культурным інстытуцыям развівацца. Гэта не проста фінансаванне асобных ідэй. Гэта інвестыцыя ў тое, каб арганізацыя магла працаваць далей, падтрымліваць аўтараў і ствараць новыя праекты».
Амбіцыйныя планы на будучыню
Сёння Gutenberg Publisher працягвае выдаваць беларускія кнігі, працаваць з аўтарамі і развіваць адукацыйныя праекты. Але галоўны вынік арганізацыйнага развіцця немагчыма вымераць толькі колькасцю выдадзеных выданняў.
Ён заключаецца ў здольнасці арганізацыі планаваць будучыню, працаваць без пастаяннага выгарання і заставацца надзейным партнёрам для іншых культурніцкіх ініцыятыў.
«Гранты — гэта не пра тое, каб нехта “даў грошы”. Гэта нармальны інструмент развіцця грамадзянскай супольнасці. Калі ёсць людзі, якія хочуць падтрымліваць беларускую культуру, і ёсць арганізацыі, здольныя рэалізаваць гэтыя ідэі, яны павінны сустракацца. Менавіта так будуецца культурная інфраструктура».
Кнігі сапраўды пачынаюцца не з друкарні. Яны пачынаюцца з людзей, якія вучацца працаваць разам, прымаць складаныя рашэнні і будаваць арганізацыю, здольную падтрымліваць беларускую культуру сёння і праз шмат гадоў.