square

Культура і медыя: нэтворкінг для новых партнёрстваў

Беларуская Рада культуры разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў у межах ArtPower Belarus запускаюць праграму для тых, хто стварае культуру і расказвае пра яе: культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў, медыя, журналістаў, блогераў, незалежных аўтараў, стваральнікаў кантэнту і іншых прадстаўнікоў культурнай і медыясферы.

Мы хочам стварыць прастору, дзе культура і медыя сустракаюцца не толькі па прынцыпе «ў нас ёсць праект — раскажыце пра яго», але могуць шукаць агульныя тэмы, абменьвацца экспертызай і разам прыдумляць новыя фарматы.

У культурніцкіх праектаў ёсць тэмы, героі, даследаванні, архівы і доступ да супольнасцяў. У медыя і незалежных аўтараў — свае аўдыторыі, досвед сторытэлінгу і розныя каналы камунікацыі. Такое супрацоўніцтва можа перарастаць у публікацыі, спецпраекты, падкасты, відэа, кампаніі, даследаванні, падзеі і іншыя сумесныя фарматы.

Праграма складаецца з двух анлайн-воркшопаў і фінальнай афлайн-сустрэчы ў Варшаве. Анлайн будзем разбірацца, як будаваць партнёрствы і прэзентаваць свае ідэі, а ў Варшаве — знаёміцца, пітчыць і шукаць магчымасці зрабіць нешта разам.

Ад ідэі да партнёрства

1 кастрычніка, 17:00–20:00 па Варшаве — анлайн-воркшоп «Культура і медыя: як знаходзіць гісторыі і ствараць іх разам»

Сустрэча будзе прысвечаная таму, як сёння культура, медыя, блогеры і незалежныя аўтары могуць працаваць разам — і чаму такое супрацоўніцтва можа быць каштоўным для ўсіх бакоў.

Пагаворым пра тое, хто сёння расказвае пра культуру, як культурныя тэмы знаходзяць сваю аўдыторыю і якія мадэлі супрацоўніцтва існуюць — ад публікацый і аўтарскіх матэрыялаў да кантэнт-партнёрстваў і паўнавартасных спецпраектаў.

І галоўнае — паспрабуем перайсці ад пытання «Як зрабіць так, каб пра мой праект расказалі?» да «Што цікавага мы можам стварыць разам?»

5 кастрычніка, 17:00–19:00 па Варшаве — анлайн-воркшоп «Пітчынг праекта: як данесці ідэю так, каб яна спрацавала»

Другі воркшоп будзе прысвечаны ўжо канкрэтным ідэям удзельнікаў. Гэта можа быць культурны або медыйны праект, спецпраект, кампанія, падкаст, даследаванне, падзея, новы фармат кантэнту або ідэя калабарацыі.

Будзем вучыцца сцісла фармуляваць сутнасць ідэі, тлумачыць яе каштоўнасць і адаптаваць пітч у залежнасці ад таго, з кім мы размаўляем і што хочам прапанаваць.

Большая частка сустрэчы будзе практычнай: удзельнікі змогуць папрацаваць са сваімі ідэямі, паспрабаваць іх прэзентаваць, атрымаць зваротную сувязь і дапрацаваць свой пітч.

Вынік — кароткі пітч на 2–3 хвіліны, з якім можна ісці на сустрэчу з патэнцыйным партнёрам і працягваць размову ўжо пра канкрэтнае супрацоўніцтва.

Сустрэча культуры і медыя ў Варшаве

Фіналам праграмы стане нэтворкінг 14 кастрычніка ў Варшаве з 11:00 да 16:30.

Мы збяром у адной прасторы прадстаўнікоў культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў, журналістаў, рэдактараў, блогераў, незалежных аўтараў і іншых людзей, якія працуюць з культурным кантэнтам.

На прыкладах ужо рэалізаваных праектаў разбяром, як нараджаюцца партнёрствы паміж культурай і медыя, што дапамагае ім спрацаваць і якія фарматы могуць быць цікавымі абодвум бакам.

Асобнай часткай сустрэчы стане пітчынг шасці ідэй. Гэта могуць быць культурныя і медыйныя праекты або ідэі будучых калабарацый. Удзельнікі прадставяць іх аўдыторыі і атрымаюць зваротную сувязь ад журы..

А пасля — нэтворкінг: магчымасць пазнаёміцца, абмяняцца кантактамі, знайсці людзей з патрэбнай экспертызай або аўдыторыяй і абмеркаваць канкрэтныя ідэі для сумеснай працы.

Хто можа ўдзельнічаць

Мы запрашаем:

  • прадстаўнікоў беларускіх культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў;
  • журналістаў і прадстаўнікоў медыя;
  • рэдактараў;
  • блогераў і стваральнікаў кантэнту;
  • незалежных аўтараў і экспертаў;
  • культурных менеджараў і куратараў;
  • іншых людзей, якія ствараюць культурны кантэнт або маюць ідэю культурнага, медыйнага ці сумеснага праекта.

Не абавязкова прадстаўляць арганізацыю або мець цалкам распрацаваны праект. Важней мець тэму, ідэю, экспертызу або жаданне знайсці партнёраў і стварыць нешта разам.

Удзел бясплатны. Для ўдзельнікаў з іншых гарадоў Польшчы, а таксама з Літвы і Германіі магчыма пакрыццё выдаткаў на дарогу да Варшавы наземным транспартам.

Як далучыцца

Можна далучыцца да ўсёй праграмы — двух анлайн-воркшопаў і фінальнай сустрэчы ў Варшаве — або зарэгістравацца толькі на афлайн-нэтворкінг 14 кастрычніка.

Рэгістрацыя на ўсю праграму ці толькі на афлайн-нэтворкінг.

Рэгістрацыя на ўсю праграму адкрыта да 20 верасня, 23:59 па Варшаве. Пра вынікі адбору паведамім да 22 верасня.

Рэгістрацыя на афлайн-нэтворкінг адкрыта да 6 кастрычніка, 23:59 па Варшаве. Пра вынікі адбору паведамім да 8 кастрычніка.

Таксама паглядзіце

Беларуская Рада культуры разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў у межах ArtPower Belarus запускаюць праграму для тых, хто стварае культуру і расказвае пра …

Праграма ArtPower Belarus працягвае прыём заявак на грантавы конкурс па Трэку 3. Праекты ў асаблівых абставінах. Ён прызначаны для беларускіх дзеячаў культуры …