Спявак Аляксей Хлястоў затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Пасля трапляння ў чорныя спісы ён не мог даваць канцэрты і вымушаны быў працаваць кіроўцам таксі. Але ўладам гэтага было недастаткова. Дзяржава рукамі сілавікоў працягвае ціск на творцаў, а рукамі чыноўнікаў ладзіць «пятніцы па-беларуску». Што цяпер адбываецца ў культурным полі краіны? У калонцы для «Люстэрка» намесніца дырэктара Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая распавядае, як змянілася жыццё артыстаў пасля 2020 года, і тлумачыць, чаму затрыманне Хлястова магло быць помстай за ягоную новую папулярнасць.
Апошнія навіны пра затрыманне спевака Аляксея Хлястова — яшчэ адно сведчанне складанай і непрадказальнай сітуацыі, у якой апынуліся беларускія дзеячы культуры. Каб зразумець, як да гэтага дайшло, трэба ўзгадаць кантэкст.
Мы ў Беларускай радзе культуры вельмі пільна сочым за сітуацыяй з рэпрэсіямі з 2020 года. І тут важна сказаць, што Аляксей не быў у спісе тых творцаў, хто падпісваў ліст супраць гвалту. Пры гэтым ён быў тым, хто ў 2016 годзе выконваў гімн Усебеларускага народнага сходу. То-бок ягоная пазіцыя была заўсёды вельмі акуратная. Ён ніколі не выказваў нічога ў абарону пратэстаў, і сказаць, на якім ён баку, было вельмі цяжка.
Тады пытанне: як ён увогуле трапіў у чорныя спісы? Гэта не да канца зразумела, таму што яны складаліся даволі хаатычна і з нашага пункту гледжання не заўсёды былі лагічныя. Тым не менш Хлястоў сапраўды трапіў у гэты бан, у яго не было канцэртаў.
І вось гэтая нечаканая папулярнасць, якая здарылася з ім падчас працы ў таксі, стала для яго пераломным момантам. З 2020-га прайшло пяць год, шмат хто выдыхнуў. Людзі яго пазнавалі, дзякавалі, казалі, што хочуць і далей чуць ягоныя песні. Відавочна, гэта дало яму новыя сілы, радасць і нейкае натхненне, каб працягваць, выходзіць у публічнасць. Ён зразумеў: хоць яго і забанілі «зверху», народная любоў засталася.
Феномен Threads і помста за пераадолены бан

Важную ролю адыграла сацсетка Threads. Яна стала адным з феноменаў у жыцці беларусаў, бо вельмі хутка набірае сваіх карыстальнікаў у Беларусі — ужо на нейкім этапе фіксавалася больш за мільён. Калі нават няўзброеным вокам паглядзець на Threads, мы бачым, што там з’яўляецца вельмі шмат беларусацэнтрычнасці: пастоў пра беларускую культуру, на беларускай мове, ад людзей, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Гэта сведчыць пра тое, што людзі прагнуць вызначэння сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, прагнуць стасункаў, размоваў пра культуру.
І сама сетка выглядае вельмі прывабнай, спакойнай, без хейту, без сур’ёзных палітычных размоваў, ад якіх усе ўжо стаміліся ў Facebook. Таму з’яўленне там Аляксея Хлястова было абсалютна натуральным: гэта свабоднае месца для дыскусіі.
Але, канечне, і карныя структуры не спяць. Яны не заўсёды паспяваюць за трэндамі, але літаральна нядаўна ў СМІ з’явіліся паведамленні пра цікаўнасць сілавікоў на Threads. Да гэтай сеткі дабраліся, паступова пачалі прызнаваць некаторыя акаўнты «экстрэмісцкімі» і, відавочна, сачыць за актыўнымі ўдзельнікамі.
Таму прычынай увагі да Аляксея можа быць акурат тое, што ён дазволіў сабе пераадолець гэты бан і выйсці з небыцця. Маўляў, нягледзячы на тое што дзяржаўныя структуры стараліся яго забараніць, народная любоў да яго не знікае. Хлястоў запісаўновую песню, нядаўна анансаваў дуэт з Сашам Нэма, які таксама быў у чорных спісах і вельмі доўгі час спрабаваў з гэтага бану выйсці праз «пакаянне».
Чатыры розныя лёсы
Каб лепей разумець кантэкст, трэба раздзяліць артыстаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, на некалькі груп.
Першая — тыя, хто выехаў за мяжу і працягвае сваю працу там. Як, напрыклад, Макс Корж або Naviband. Яны актыўна захопліваюць новыя аўдыторыі, спакойна працуюць і імкнуцца працягваць узаемадзеянне з аўдыторыяй унутры краіны праз сацсеткі, YouTube і іншымі спосабамі.

Другая група — тыя, хто прайшоў праз умоўнае «пакаянне». Яны спрабавалі дамовіцца, і збольшага нейкія абмежаванні з іх знялі. Тут варта адзначыць гурт «Дразды», які аб’ехаў усю краіну, аднак канцэрт у Мінску, па іх жа словах, ім так і не дазволілі правесці. Нейкі час «Дразды» казалі пра закрыццё праекта. Яны паехалі ў тур па Еўропе, але, зноў жа, галоўны канцэрт у сталіцы ім правесці не далі. Гэта паказвае, што нават пасля кампрамісаў абмежаванні застаюцца. Ёсць прыклад гурта «Без билета», якому не даюць выступаць у Беларусі, таму граюць яны ў Маскве.
Трэцяя група — тыя, хто сышоў з прафесіі. Акурат Аляксей Хлястоў быў сярод іх, калі пайшоў у таксі. Таксама сюды можна далучыць гурт «Тяни-Толкай»: адзін з удзельнікаў таксама шукаў працу ў таксі. Зараз іх няма ў публічным полі.
Ёсць і чацвёртая група — артысты «пратэстнага» кшталту, якія проста перапынілі сваю дзейнасць. Яны нідзе не выступаюць і займаюцца іншымі сферамі, знайшлі сябе ў фермерстве ці яшчэ ў чымсьці. Я б зараз не казала пра імёны, бо гэтыя людзі працягваюць знаходзіцца ў Беларусі, і акурат тое, што яны сышлі з публічнай прасторы, — гэта іх спосаб абароны, каб не быць затрыманымі за свае мінулыя заслугі. Лепш іх не агучваць, бо такім чынам мы перашкаджаем іхняму спосабу самазахавання.

Ну і, канечне, ёсць частка тых, хто цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Напрыклад, лідар гурта «Палац» Алег Хаменка пэўны час быў якраз у гэтай чацвёртай групе: ён не вёў актыўнай публічнай дзейнасці ў краіне, фактычна скончыў сваё канцэртнае жыццё. Але зараз ён у няволі — яму прызначылі тры гады калоніі.
Падобны лёс напаткаў і ўдзельнікаў гурта Tor Band. Музыкаў затрымалі ў 2022 годзе, а пазней асудзілі на вялікія тэрміны пазбаўлення волі.
Каля 120 дзеячаў культуры за кратамі
Калі мы кажам пра рэпрэсіі, важна акрэсліць, каго мы лічым дзеячамі культуры. Нядаўна мы для сябе сфармулявалі дакладнае вызначэнне. Гэта асобы, якія сваімі дзеяннямі ўдзельнічаюць у фармаванні, падтрымцы, развіцці альбо абароне беларускага культурнага поля, напаўняючы яго сэнсамі, ведамі, практыкамі і іншымі формамі сацыяльнага ўзаемадзеяння.
То-бок туды мы ўключаем не толькі тых, хто непасрэдна стварае культуру, але і тых, хто забяспечвае ўмовы для яе існавання: менеджараў, прадусараў. І гэта не абмяжоўваецца прафесійнай занятасцю. Калі ў чалавека няма дыплома, але ён займаецца культурай, мы яго прызнаем. Ключавы фактар тут — пастаянства ў гэтых культурных практыках, а не эпізадычная дзейнасць.
Зыходзячы з гэтага, на дадзены момант мы фіксуем каля 120 дзеячоў культуры ў няволі. Пры гэтым мы лічым не толькі турмы або калоніі, але таксама тых, хто знаходзіцца на «хатняй хіміі».
Стан культуры сёння
Што можна зафіксаваць зараз у культурным жыцці краіны? Гэта пэўная разгубленасць у дзяржаўных структур у дачыненні да таго, як працаваць з тэмай нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускай мовай і нацыянальным адраджэннем.
З аднаго боку, машына рэпрэсій, запушчаная даўно, працягвае рухацца дастаткова дакладна. Працягваюцца затрыманні, ціск на дзеячоў культуры. Літаральна нядаўна Беларуская рада культуры была чарговы раз прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Людзей працягваюць затрымліваць, выклікаць на допыты па падазрэнні ва ўдзеле ў нейкіх мерапрыемствах, пытаюцца пра візы, падарожжы. Гэта ўсё працягваецца.
Але пры гэтым мы бачым, што дзяржава другой жа рукой стварае «пятніцу па-беларуску», калі заахвочваюць людзей набываць беларускія тавары, глядзець беларускае тэлебачанне, слухаць радыё і размаўляць па-беларуску.

Больш за тое, мы чуем ад Лукашэнкі заяву да сілавых структур пра тое, што трэба быць больш акуратнымі з тымі, каго вы затрымліваеце. Ён назваў тры катэгорыі, на якіх трэба «паляваць»: хабарнікі, жулікі і тыя, хто хоча разваліць краіну. Я так разумею, дзеячы культуры — гэта трэція. Але гэты пасыл сілавікам, хутчэй за ўсё, тлумачыцца перамовамі, якія зараз адбываюцца паміж Лукашэнкам і прадстаўнікамі ЗША, і іх патрабаваннямі не толькі вызваляць палітвязняў, але і змяншаць рэпрэсіі. Спецпасланнік ЗША Джон Коўл казаў, што пакуль ён прыязджае наступны раз, улады ўжо набіраюць новых палітвязняў.
Таму агульная сітуацыя зараз — гэта разгубленасць і рассінхрон паміж структурамі. Пры гэтым ёсць відавочны попыт на беларускую культуру. Людзі чакаюць класных імпрэзаў, і яны ёсць. Нават на сайтах з квіткамі, побач з веерам расійскіх «зорак», ёсць дастаткова прапановаў на беларускай мове: спектаклі, вечарыны, канцэрты. Гэтае жыццё існуе, але яно кантралюемае зверху. Мы бачым, што адкрываюцца новыя пляцоўкі, дазваляюцьфестывалі.
Гэта сведчыць пра імкненне ўлады кантраляваць культурнае жыццё, але пры гэтым яго развіваць. Тыя, хто меў хоць нейкі флёр ад 2020 года, усё яшчэ пад рэпрэсіўным колам. А новенькім, якія яшчэ нічым не заплямленыя, даюць зялёнае святло.