Усе кірункі дзейнасці Беларускай Рады культуры – ад гуманітарнай дапамогі да дыпламатыі на міжнародным узроўні – звязаныя са сферай культуры. Аднак у пэўны момант мы сутыкнуліся з патрэбай дакладна сфармуляванага вызначэння асноўнага актара гэтага поля – дзеяча культуры, якое б адпавядала практычным патрабаванням, а не было празмерна абстрактным.
Імаверна, гэтая акалічнасць вынікае з шматмернасці самога паняцця культуры, частага перакрыжавання альбо ўзаемаўплыву з іншымі сферамі, а таксама з досведам інтуітыўнага разумення. Тым не менш, для больш дакладнага акрэслення рамак і сутнасці сваёй працы, праектавання новых праграмаў развіцця сферы, упарадкавання формаў і прынцыпаў узаемадзеяння з іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі мы павінны сфармуляваць дакладнае вызначэнне.
Да фармулёўкі паняцця “дзеяч культуры” мы падыходзім з разумення культуры, акрэсленага Стратэгіяй – на сёння галоўным праграмным дакументам Беларускай Рады культуры. А менавіта разумення культуры як спосабу сацыяльнага дзеяння, праз які нацыя вызначае сябе, захоўвае суб’ектнасць і фармуе ідэнтычнасць, каштоўнасці і прэзентуе сябе свету. У беларускім кантэксце культура разглядаецца як дынамічная сістэма, якая фармуе нацыянальную і грамадзянскую свядомасць, захоўвае мову, памяць і каштоўнасці, спрыяе распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў і працуе на кансалідацыю супольнасці і адаптацыю яе да сучасных выклікаў.
Культурнае поле грамадства ў гэтай рамцы – прастора сацыяльных дзеянняў і ўзаемадзеянняў, дзе ствараюцца, захоўваюцца, транслююцца і абараняюцца культурныя сэнсы, практыкі і формы самавыяўлення. Менавіта ў межах гэтага культурнага поля асобы, якія ствараюць, падтрымліваюць, даследуюць і тым самым развіваюць культуру, фармуюць яе сэнсы і забяспечваюць яе функцыянаванне, разглядаюцца як дзеячы культуры.
Такім чынам,
дзеячы культуры – асобы, якія сваімі дзеяннямі ўдзельнічаюць у фармаванні, падтрыманні, развіцці і абароне беларускага культурнага поля, напаўняючы яго сэнсамі, практыкамі, ведамі, сімваламі і формамі сацыяльнага ўзаемадзеяння.
Да дзеячаў культуры адносяцца як тыя, хто непасрэдна стварае культурныя прадукты і практыкі (у мастацтве, гуманітарнай думцы, крытыцы, перакладзе, даследаванні, архіваванні, культурнай памяці), так і тыя, хто забяспечвае ўмовы для існавання і развіцця культуры – арганізуе, курыруе, менеджарыць, падтрымлівае, фінансуе, распаўсюджвае і абараняе культурніцкую дзейнасць.
Статус дзеяча культуры не абмяжоўваецца прафесійнай занятасцю, вядомасцю або афіцыйным прызнаннем. Дзеячам культуры можа быць як прафесіянал, так і аматар: як чалавек, для якога культура – асноўная сфера дзейнасці, так і той, хто дзейнічае перыядычна, у межах супольнасных, ініцыятыўных або валанцёрскіх практык.
У сучасных умовах дзеячы культуры Беларусі з’яўляюцца аднымі з ключавых суб’ектаў захавання і развіцця нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці. Яны свядома бяруць на сябе функцыю распаўсюднікаў сэнсаў, гістарычнай памяці і каштоўнасцяў, з’яўляюцца ўдзельнікамі культурнага супраціву асіміляцыі, прапаганды і дэградацыі грамадскіх сэнсаў.
Каго мы адносім да дзеячаў культуры
(па тыпах дзейнасці, у разуменні Беларускай Рады культуры)
1. Стваральнікі культурных формаў
Асобы, якія непасрэдна ствараюць культурныя прадукты і практыкі:
- мастакі, дызайнеры, ілюстратары, рэстаўратары;
- пісьменнікі, празаікі, паэты, драматургі, сцэнарысты, перакладчыкі;
- спевакі, дырыжоры, кампазітары і выканаўцы музыкі;
- тэатральныя, кіна- і перфарматыўныя дзеячы;
- танцоры, харэографы, балетмайстры;
- фатографы, відэа- і медыяартысты;
- архітэктары і ўрбаністы;
2. Стваральнікі культурных сэнсаў
Асобы, якія асэнсоўваюць культуру і ўплываюць на яе праз думку, аналіз і мову:
- філосафы, культуролагі, гуманітарныя даследчыкі;
- крытыкі і аглядальнікі;
- эсэісты, публіцысты, аўтары тэкстаў культурніцкай тэматыкі;
- рэдактары;
3. Захавальнікі культурнай памяці і пераемнасці
Асобы, якія працуюць з памяццю, спадчынай і перадачай ведаў:
- архівісты і даследчыкі архіваў;
- музейныя работнікі і куратары калекцый;
- бібліятэкары;
- калекцыянеры і захавальнікі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны;
- ініцыятары і ўдзельнікі праектаў па дакументаванні культуры, гісторыі, сведчанняў;
4. Куратары, арганізатары і менеджары культуры
Асобы, якія забяспечваюць існаванне і развіццё культурных працэсаў:
- арт-менеджары, прамоўтары, адміністратары;
- куратары выстаў, праграмаў і фестываляў;
- прадзюсары (у розных галінах культуры);
- арганізатары культурніцкіх падзей і платформаў;
- праграмныя дырэктары фестываляў;
5. Распаўсюднікі культуры
Асобы, якія робяць культуру бачнай і даступнай:
- выдаўцы – кніжных і перыядычных выданняў;
- журналісты, публіцысты і аўтары, якія працуюць з тэмай культуры;
медыяменеджары і рэдактары культурніцкіх платформаў; - блогеры і незалежныя аўтары, калі іх дзейнасць мае дачыненне да культуры;
камунікацыйныя спецыялісты ў культурніцкіх праектах – прэс-сакратары, аташэ па культуры (у тым ліку пры дзяржаўных і недзяржаўных інстытуцыях, амбасадах); - экскурсаводы і гіды;
- гукарэжысёры/саўндпрадусары, сцэнографы, адмыслоўцы ў візуальных эфектах;
6. Тыя, хто падтрымлівае інфраструктуру сферы
Асобы, якія ствараюць матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для культуры:
- мецэнаты, інвестары, крэдыторы, якія робяць унёсак у сферу культуры;
- фандрайзеры і грант-менеджары ў сферы культуры;
- ініцыятары, заснавальнікі і кіраўнікі культурніцкіх інстытуцый;
- асобы, што аказваюць сістэмную экспертную або інфраструктурную падтрымку культурніцкім ініцыятывам;
7. Культурніцкія актывісты і дзеячы супольнасці
Асобы, якія дзейнічаюць у культуры як у прасторы грамадзянскага ўдзелу:
- культурніцкія актывісты і нізавыя ініцыятары;
- каардынатары суполак, у тым ліку ў дыяспары;
- ініцыятары адукацыйных і асветніцкіх праектаў;
- удзельнікі культурнага супраціву і абароны беларускай мовы, памяці, сімволікі;
8. Адукатары і даследчыкі
Асобы, якія перадаюць культурныя веды і практыкі:
- даследчыкі;
- выкладчыкі і навукоўцы, чый інтарэс закранае сферу культуры;
- ментары, коўчы, фасілітатары ў сферы культуры;
- аўтары адукацыйных культурных праграм.
!!! Важныя заўвагі:
Беларуская Рада культуры зыходзіць з таго, што:
- паняцце “дзеяч культуры” з’яўляецца шырокім і інклюзіўным. Пры гэтым дзеяч культуры вызначаецца праз удзел у культурным полі, а не праз фармальную пасаду, эпізадычнае з’яўленне ў полі ці фармальна атрыманую адукацыю, звязаную са сферай;
- адзін чалавек можа належаць да некалькіх тыпаў дзейнасці адначасова;
- пералік тыпаў дзейнасці з’яўляецца адкрытым і можа пашырацца па меры развіцця культуры і з’яўлення новых форм;
- у межах сваёй дзейнасці Беларуская Рада культуры можа вызначаць аперацыйныя прыярытэты падтрымкі, не звужаючы пры гэтым агульнага разумення культуры.
Мусім адзначыць, што нашае вызначэнне “дзеяча культуры” носіць канвенцыйны характар і можа ўдакладняцца ў дыялогу з іншымі культурніцкімі і прафесійнымі супольнасцямі, у тым ліку ў міжнародным кантэксце.
Калі ў вас ёсць думкі на гэты конт і вы маеце прапановы па тым, як дапоўніць дакумент, – пішыце нам на info@byculture.org
Тлумачальная запіска створаная Аналітычнай групай у супрацы з кірункам дапамогі Беларускай Рады культуры