Праграма ArtPower Belarus завяршыла прыём заявак на другое кола Трэка 2. Творчыя праекты.
Усяго на конкурс было пададзена 132 заяўкі: 74 у фармаце MINI-грантаў і 58 у фармаце MIDI-грантаў. Агульная сума запытанага фінансавання склала каля 2,8 мільёна еўра. Гэта выразны сігнал, што ў культурніцкім полі цяпер шмат ініцыятыў, якім патрэбна падтрымка, каб рэалізаваць ідэі, развіваць каманды і даводзіць праекты да больш паспяховых вынікаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
Што адбываецца цяпер
Пасля завяршэння прыёму ўсе заяўкі прайшлі этап праверкі на адпаведнасць крытэрам праграмы. На дадзены момант яны ўжо скіраваныя на незалежную экспертную ацэнку.
Вынікі другога кола Трэка 2 будуць абвешчаныя ў сакавіку 2026 года.
Важна! У межах гэтага кола будуць падтрыманыя праекты ад заяўнікаў, якія яшчэ не рэалізоўваюць іншыя праекты ў межах бягучай эдыцыі ArtPower Belarus, у адпаведнасці з умовамі праграмы.
Каманда праграмы адзначае, што ў параўнанні з папярэднім этапам якасць заявак істотна ўзрасла:
«Мы бачым больш дакладна сфармуляваныя ідэі, лепшую аргументацыю і больш рэалістычныя бюджэты. Спадзяемся, што на гэта ў тым ліку паўплывала адукацыйная праграма ArtPower Belarus, а таксама інфасесіі і воркшопы, прысвечаныя Трэку 2. Удзельнікі лепш разумеюць логіку конкурсу і крытэрыі ацэнкі, і гэта непасрэдна адбіваецца на якасці пададзеных праектаў.
Таксама хочам адзначыць, што павялічылася колькасць партнёрскіх заявак ад ініцыятыў і арганізацый (мы вітаем такія заяўкі) і заявак з далучэннем у каманды творчых асобаў з Беларусі, а таксама з планамі распаўсюду створаных культурніцкіх прадуктаў на аўдыторыі ўнутры краіны».
Што далей
Наступныя колы па Трэку 1 (Арганізацыйнае развіццё) і Трэку 2 (Творчыя праекты) будуць абвешчаныя вясной 2026 года.
Трэк 3. Праекты ў асаблівых абставінах застаецца адкрытым, а заяўкі прымаюцца на пастаяннай аснове. З падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.
Каманда ArtPower Belarus заклікае заяўнікаў працягваць карыстацца адукацыйнымі матэрыяламі праграмы, запытваць і ўлічваць зваротную сувязь ад экспертаў і рыхтавацца да наступных конкурсных колаў.
З пытаннямі можна звяртацца на: info@artpowergrants.org
ArtPower Belarus — гэта маштабная праграма, якая з 2022 года спрыяе развіццю незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і за яе межамі. Ініцыятыва рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.