Frame 477

Падведзены вынікі першага кола па трэках 1 і 2 праграмы ArtPower Belarus

Праграма ArtPower Belarus завяршыла першы этап конкурснага адбору па Трэку 1 (Арганізацыйнае развіццё) і Трэку 2 (Творчыя праекты). З агульнай колькасці 250 пададзеных заявак былі адабраныя 35 праектаў.

Што падтрымлівалася

У першым коле ArtPower Belarus падтрымка аказвалася ў межах двух асноўных кірункаў: Трэку 1 (Арганізацыйнае развіццё) і Трэку 2 (Творчыя праекты).

Трэк 1: Арганізацыйнае развіццё быў скіраваны на тых, хто хоча не проста рэалізаваць асобны культурніцкі праект, а ўмацаваць сваю арганізацыю як інстытуцыю. Падацца маглі як фармальна зарэгістраваныя арганізацыі, так і нефармальныя ініцыятывы, гатовыя працаваць над сваёй устойлівасцю. Гранты прадугледжвалі фінансаванне распрацоўкі стратэгіі, развіцця каманды, наладжвання ўнутраных працэсаў, паляпшэння камунікацыі і партнёрскіх сувязяў, а таксама запуску новых праграм, накіраваных на доўгатэрміновы рост.

Па выніках конкурснага адбору падтрыманыя 9 праектаў з 37 пададзеных заявак, якія найлепш адпавядалі мэтам трэка і паказалі выразную гатоўнасць да структурнага развіцця.

Трэк 2: Творчыя праекты быў прызначаны для падтрымкі культурніцкіх ініцыятыў, якія ствараюць новыя мастацкія прадукты і праекты з грамадскім, адукацыйным або даследчым складнікам. Гэта маглі быць спектаклі, выстаўкі, даследаванні, фільмы, публічныя падзеі, медыйныя ці адукацыйныя фарматы. Адзначалася разнастайнасць як тэм, так і формаў прадстаўлення праектаў, у тым ліку міждысцыплінарныя і калабаратыўныя падыходы.

У фармаце MINI-грантаў (ад 3 000 да 10 000 еўра) было пададзена 120 заявак і падтрымана 12. У больш маштабным фармаце MIDI-грантаў (ад 10 000 да 60 000 еўра) з 93 заявак фінансаванне атрымаюць 14. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень запатрабанавасці падтрымкі і адначасова абмежаванасць рэсурсаў у параўнанні з агульнай колькасцю вартых ініцыятываў.

Агульная колькасць на сёння складае 35 праектаў, і гэта лічба паказвае, што ArtPower Belarus нацэлена не толькі на разавую дапамогу, але на сістэмную падтрымку беларускай культуры як унутры краіны, так і ў выгнанні.

Сярод падтрыманных заявак — праекты з усіх 10 сектараў, вызначаных у праграме. Гэта  візуальныя мастацтвы і дызайн, літаратура і выдавецкая справа, перфарматыўныя мастацтвы, музыка і аўдыёмастацтва, спадчына і традыцыйная культура, кіна- і тэлевізійнае мастацтва, новыя медыя і прасоўванне культуры, адукацыя, асвета і даследаванні  ў культуры, менеджмент культурніцкіх падзей, а таксама супольнасці і прафесійныя аб’яднанні. 

Запуск Трэка 3. Праекты ў асаблівых абставінах

19 жніўня таксама стартаваў прыём заявак на Трэк 3 (праекты ў асаблівых абставінах). Набор на яго застаецца адкрытым пастаянна. Калі вы сутыкнуліся з форс-мажорнымі сітуацыямі: рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя, страта фінансавання, праблемы са здароўем, — вы можаце падацца ў любы момант. 

На пачатку верасня адбылося першае паседжэнне адборачнай камісіі па Трэку 3, па выніках якой падтрыманыя тры заяўкі, дзве з якіх —  праекты ад рэпрэсаваных творцаў.

Экспертная ацэнка і прынцыпы адбору

Праграма ArtPower Belarus асаблівую ўвагу надае празрыстасці адбору і прафесійнасці ацэнкі заявак. Усе пададзеныя заяўкі на першае кола па Трэках 1 і 2 праходзілі шматступеньчаты разгляд з удзелам 25 незалежных экспертаў і экспертак, якія прадстаўляюць адпаведныя заяўкам культурніцкія сферы і дысцыпліны.

Экспертны склад быў сфармаваны паводле вынікаў адкрытага конкурсу такім чынам, каб забяспечыць разнастайнасць поглядаў і прафесійную ацэнку з улікам актуальнага кантэксту, культурнай спецыфікі і патэнцыялу праектаў. Кожная заяўка праходзіла індывідуальную ацэнку некалькіх экспертаў.

Асобна варта адзначыць ментарскую падтрымку па Трэку 1 (Арганізацыйнае развіццё), якая была дасяжная для ўсіх заяўнікоў. З удзельнікамі працавалі 8 ментараў і ментарак, дасведчаных спецыялістаў у сферы развіцця арганізацый, стратэгічнага планавання, інстытуцыйнай устойлівасці і пабудовы каманды. Яны дапамагалі ўдзельнікам узмацняць іх заяўкі, дакладней вызначаць патрэбы і мэты, фармуляваць бюджэт і развіваць структуру праекта.

Пасля азнаямлення з вынікамі экспертнай ацэнкі адборачная камісія ставіла за мэту забяспечыць разнастайнасць і збалансаванасць адабраных праектаў, як па фарматах і тэматыках, так і па сектарах культурнай дзейнасці. Такі падыход дае магчымасць умацоўваць не толькі ключавыя культурныя інстытуцыі, але і падтрымліваць новыя ці менш бачныя, але важныя ініцыятывы, якія фарміруюць культурнае жыццё ўнутры і па-за межамі Беларусі. 

Інфармацыя пра падтрыманыя публічныя праекты будзе паступова з’яўляцца на старонках ArtPower Belarus падчас іх рэалізацыі.

Што далей?

Праграма ArtPower Belarus працягваецца. Каманда запрашае рыхтавацца да наступных колаў, удасканльваючы свае заяўкі і карыстаючыся адукацыйнымі магчымасцямі:

  • Наступнае кола па Трэку 2 (творчыя праекты) будзе абвешчана ў лістападзе 2025 года. У ім зноў будуць даступныя фарматы MINI і MIDI-грантаў.
  • Наступнае кола па Трэку 1 (арганізацыйнае развіццё) запланавана на вясну 2026 года. 
  • Заяўкі па Трэку 3 прымаюцца на пастаяннай аснове.

Мы таксама заклікаем карыстацца адукацыйнымі рэсурсамі праграмы: відэазапісамі варкшопаў і інфасесій, якія публікуюцца на сайце ArtPower Belarus. Акрамя таго, з верасня стартуе адкрытая адукацыйная праграма «5 крокаў да ўстойлівасці культурніцкага праекта», якая дапаможа палепшыць свае заяўкі, развіць супольнасць вакол праекта і знайсці дадатковыя магчымасці фінансавання.

Мы верым, што нават калі ваша ініцыятыва не атрымала фінансаванне цяпер — гэта не канец, а пачатак шляху. Удзел у праграме — гэта магчымасць развівацца, наладжваць сувязі, вучыцца і вяртацца з мацнейшымі праектамі.З пытаннямі пішыце на: info@artpowergrants.org

ArtPower Belarus — гэта маштабная праграма, якая з 2022 года спрыяе развіццю незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і за яе межамі. Ініцыятыва рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Таксама паглядзіце

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін на фестывалі Мальдзіс падзяліўся сваім бачаннем таго, “як прадаць Беларусь беларусам і беларускам з досведу Беларускай …