Frame 402

Віншуем з Сусветным Днём беларускай культуры!

Дарагія сябры, калегі, усе, хто захоўвае і шануе беларускую культуру!

Ад імя Беларускай Рады культуры шчыра віншуем вас з Сусветным Днём беларускай культуры, які адзначаецца ў розных кутках свету і ўжо перарос у шэраг святочных імпрэзаў сучаснай і традыцыйнай культуры. Мы ўсцешаныя, што Дні беларускай культуры, запачаткаваныя і спланаваныя як акцыя, трансфармаваліся ў сапраўднае жывое беларускае свята. Як у нашай традыцыі, на гэтых імпрэзах няма сцэны і выступоўцаў, няма падзелу на “артыстаў” і “публіку”, ёсць толькі дзея і агульная радасць ад далучанасці да вялікай прыгожай справы. Гэтыя дні — наш супольны час радасці, сустрэч і натхнення, калі беларуская мова, літаратура, музыка і мастацтва гучаць і зіхацяць асабліва яскрава.

Дзякуючы вам, нашай супольнасці стваральнікаў і стваральніц, руплівых захавальнікаў і захавальніц, аматараў і аматарак, голас беларускай культуры чуць далёка за межамі Беларусі. Дзякуючы вам яна жыве, развіваецца, яднае беларусаў і беларусак ва ўсім свеце і спрыяе новым сяброўствам.

“7 ліпеня – унікальны і светлы дзень у беларускім календары, бо ў ім сутыкаюццаі народзіны адразу трох знакавых для Беларусі постацяў — Янкі Купалы, Яна Чачота і Марка Шагала — і свята Купалле. Чым не нагода гэтым скарыстацца і “расказаць Беларусь” – сабе і сваім дзеткам, свайму атачэнню, усяму свету. З гэтых расповедаў кожнага з нас пра тое, кім ёсць беларусы і беларускі, чым яны ганарацца і якой бачаць сваю будучыню, і ствараецца вобраз нашай краіны, якую мы абавязкова сабе вернем”, — мяркуе кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Фота: Сяргей Будкін

“Я часта бачу, як людзі з розных краін і супольнасцяў робяць свае ўнёскі ў тое, каб беларуская культура гучала гучна, шырока і разнастайна. У гэты дзень хочацца падзякаваць кожнаму і кожнай, хто распавядае свету пра Беларусь праз мастацтва, тэкст, музыку, кіно, адукацыю ці простыя ініцыятывы. Бо культура — гэта і спосаб супраціву, і магчымасць захоўваць сябе, і поле для супольнасці. І як бы далёка мы ні былі ад дома, мы працягваем будаваць культурную Беларусь там, дзе мы ёсць”, — далучылася да віншаванняў спецыялістка па камунікацыі Маргарыта Прохарчык.

Фота: Маргарыта Прохарчык

Няхай гэтыя дні стануць для нас усіх натхненнем, магчымасцю паказаць свету, які прыгожы і шматгранны беларускі культурны ландшафт, падтрымаць адна аднаго і адчуць моц нашай супольнасці.

Са святам вас! І хай культура заўсёды будзе прасторай свабоды, годнасці і любові.

#ByCultureGlobal #Speak_Belarus

Таксама паглядзіце

Дарагія сябры, калегі, усе, хто захоўвае і шануе беларускую культуру! Ад імя Беларускай Рады культуры шчыра віншуем вас з Сусветным Днём беларускай …

Прадстаўнік Беларускай Рады культуры Аркадзь наведаў канферэнцыю Europeana, буйнейшага еўрапейскага агрэгатара культурнай спадчыны ў лічбавым выглядзе. Сярод мэтаў — усталяванне кантактаў для …