Frame 401

Што трэба ведаць пра гранты: найперш гэта інвестыцыі ў ідэі

Вакол грантаў дагэтуль застаецца шмат міфаў і перасцярог. Магчымасці для творцаў з’яўляюцца пастаянна, проста зараз ідзе прыём заявак на праграму ArtPower Belarus, таму мы падрыхтавалі матэрыял, каб патлумачыць, што ж такое гранты ў культурнай сферы, чаму гэта не «халява», і як ставіцца да адмоў.

Гранты ў культуры — звычайная сусветная практыка

Гранты — гэта спосаб падтрымкі канкрэтных пачынанняў ва ўсіх краінах і ў самых розных сферах: ад навукі і спорту да захавання спадчыны ці развіцця новых камерцыйных ініцыятыў. Правілы вызначае донар — гэта можа быць як дзяржава ці міжнародны фонд, так і прыватная асоба.

«У Беларусі існавалі да нядаўняга часу незалежныя прэміі з узнагародамі ў розных сферах культуры ад арганізацый, ініцыятыў ці нават асобных персон. Напрыклад, у літаратуры шмат год уручаюцца прэміі, якія заснаваныя аднаасобна. Ёсць і дзяржаўныя гранты, напрыклад, БДУ мае свой грантавы конкурс», — адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Для Еўропы гэта настолькі руцінна, што там жыццё многіх творцаў і арганізацый фактычна будуецца на спалучэнні дзяржаўнай падтрымкі і грантаў. І часам творцы працуюць не ў сваёй галіне, каб забяспечыць сябе, а потым атрымліваюць грант і рэалізуюць культурніцкі праект. Гэта — нармальная практыка.

Чаму ў Беларусі слова «грант» часта выклікае недавер

«Мне здаецца, яшчэ не да канца склаўся механізм працы грамадзянскай супольнасці. Таму ёсць слабое разуменне і слабая інфармаванасць. Сваю ролю адыграла і прапаганда: яшчэ з 90-х слова “грант” падавалася як нешта негатыўнае, — тлумачыць Сяргей Будкін. — І нават тыя, хто не атручаны прапагандай, часта ставяцца да гэтага з падазрэннем».

Часам людзі ўспрымаюць гранты як латарэю або як дармовыя грошы, якія выдаюцца па нейкай незразумелай і дзіўнай працэдуры. Але гэта не так: за кожную капейку трэба дэталёва справаздачыцца. «Арганізацыя, якая адказвае за размеркаванне грантаў, мае некалькі этапаў справаздачнасці перад непасрэдным донарам, а таксама абавязана правесці незалежны аўдыт. Калі хоць раз узнікнуць сумневы ў мэтавасці выдаткаваных грошай ці ўвогуле не будзе ніякіх пацверджанняў, то больш табе ніхто нічога не дасць», — падкрэслівае Будкін. Менавіта таму гранты патрабуюць дысцыпліны і празрыстасці, і гэта справядліва як для індывідуальных аўтараў, так і для вялікіх устаноў.

Сяргей Будкін таксама звярнуў увагу на тэндэнцыю, калі людзі заяўляюць пра сваю паспяховую дзейнасць без выкарыстання грантаў, і часам нават не ўсведамляюць, што датычацца гэтай сістэмы ўскосна, бо карыстаюцца пляцоўкамі, што існуюць за кошт грантаў, апаратурай ці іншымі складнікамі і інструментамі. 

“Тут няма нічога саромнага, гэта нармальна”.

Грант — гэта інвестыцыя ў сваю ідэю

«Грант трэба ўспрымаць не як мяшок з грашыма, а як магчымасць зрабіць нешта важнае або прасунуцца ў сваёй справе. Тады гэта не будзе балюча, нават калі адмовяць, а наадварот — будзе радасна, калі атрымаецца», — кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры.

Нават падача заяўкі — гэта ўжо адукацыйны працэс. Вы вучыцеся фармуляваць свае ідэі, выбудоўваць лагістыку праекта, ацэньваць патрэбы, рызыкі, планаваць бюджэт і рэкламу. Гэта базавы курс фінансавай і праектнай пісьменнасці, які ў многіх краінах даюць універсітэты ці спецыяльныя курсы. А тут можна набыць яго праз практыку.

Так у папярэдняй праграме ArtPower Belarus прыблізна палова ўдзельнікаў і ўдзельніц праграмы мабільнасці здзейсніла падарожжы з мэтаю прафесійнага развіцця ўпершыню — і гэта таксама была трэніроўка працы з грантамі.

Як ставіцца да адмоў і чаму яны не азначаюць, што праект дрэнны

Адмова — гэта не знак таго, што вашая прапанова не мае каштоўнасці. Гэта проста вынік конкурснага адбору, дзе заўсёды ёсць абмежаваныя рэсурсы.

«У нашага фандрайзера неяк была такая гісторыя: яго заяўка на адзін з конкурсаў набрала 93 балы са 100 – вельмі круты вынік. Але прахадны бал быў 98. Ці можна сказаць, што гэта была дрэнная прапанова? Зразумела, не», — адзначае Сяргей Будкін.

Таму нават калі вы не атрымалі грант адразу, важна працягваць спрабаваць і падаваць зноў, разумеючы, што гэта ўсяго толькі адзін з элементаў стратэгіі. «Грант — гэта не сацпакет і не пенсія на ўсё жыццё. У іншых краінах даволі частая практыка, калі на грант збіраецца каманда ці цэлая інстытуцыя, а пасля праекта яна распускаецца — і гэта таксама нармальна», — дадае Будкін.

Яшчэ магчымасці для беларускіх творцаў

Ёсць шмат праграм, якія падтрымліваюць менавіта Беларусь. Але ёсць і маса лакальных магчымасцяў: муніцыпальныя і нацыянальныя бюджэты ў краінах, дзе жывуць беларускія творцы, праграмы для нацыянальных меншасцяў і міжкультурных праектаў.

«І нішто не замінае аб’яднацца з замежнымі творцамі, падацца разам на вялікі супольны грант. Напрыклад, існуе праграма “Крэатыўная Еўропа”, дзе пяць-шэсць арганізацый могуць атрымаць вялікі бюджэт на агульны праект», — падкрэсліў эксперт.

Для тых, хто хоча навучыцца працаваць з грантамі, ёсць майстар-класы, курсы, сайт і тэлеграм-канал Sekktor, дзе рэгулярна з’яўляюцца абвесткі і матэрыялы.

«Гэта інвестыцыя ў сябе, — упэўнены Будкін. — І яна абавязкова апраўдаецца».

Таксама паглядзіце

Дарагія сябры, калегі, усе, хто захоўвае і шануе беларускую культуру! Ад імя Беларускай Рады культуры шчыра віншуем вас з Сусветным Днём беларускай …

Прадстаўнік Беларускай Рады культуры Аркадзь наведаў канферэнцыю Europeana, буйнейшага еўрапейскага агрэгатара культурнай спадчыны ў лічбавым выглядзе. Сярод мэтаў — усталяванне кантактаў для …