Сачыць за сітуацыяй і пільнаваць стан творцаў у Беларусі – адзін з галоўных прыярытэтаў Беларускай Рады культуры. Так, мы замаўляем адмысловыя даследаванні, каб разумець прычыны і працэсы, што адбываюцца ў краіне. Дадзены агдяд мы падрыхтавалі, грунтуючыся на размовах з творцамі, якія працуюць у розных галінах культуры ў Беларусі. Ён дае ўяўленне, што і як адбываецца цяпер у краіне. У 2025 годзе, калі свабодная самарэалізацыя немагчымая і нават небяспечная.
Расійская культурная экспансія
Цяпер Беларусь выглядае краінай, якую паступова прадаюць ідэалагічна, інфармацыйна і інфраструктурна. Расійская прысутнасць адчуваецца літаральна ўсюды: ад шоп-тураў і санаторыяў да поўнага дамінавання ў культурнай прасторы.
Беларускі музычны рынак амаль цалкам заняты расійскімі артыстамі, прычым выступаюць пераважна тыя, хто адкрыта падтрымаў вайну ва Украіне. Яны збіраюць аншлагі па два-тры канцэрты запар. Альтэрнатывы практычна няма.
На кніжным кірмашы ў Мінску не было незалежных беларускіх выдавецтваў, кніг з ЕС і ЗША, і нават з Ізраілю. Паліцы запоўненыя расійскімі выданнямі, у тым ліку ваенна-патрыятычнымі.
У сферы кіно беларускае фінансаванне і інфраструктура абслугоўваюць расійскія праекты. Прыватныя студыі Беларусі працуюць як тэхнічны дадатак да расійскай індустрыі.
Цэнзура і кантроль
Кожнае публічнае мерапрыемства ў Беларусі павінна прайсці ўзгадненне з уладамі. Патрэбна падаваць не толькі праграму, але і пашпарты ўсіх удзельнікаў, і спасылкі на іх сацсеткі. Пры наяўнасці ў КДБ “галочкі” — выступ забаронены. “На вас стаіць галочка” — стандартны адказ.
Святы кшталту Дня святога Валянціна і Хэлоўіна забароненыя, нават Купалле ў Дудутках адмянілі. Падзеі, узгодненыя раней, могуць быць адмененыя па даносе. Канцэрты, выставы і фэсты зрываюцца нават у дзень правядзення.
Творчы і тэхнічны склад тэатраў і студый узгадняюцца з сілавікамі. Гэтае ўзгадненне можна не атрымаць праз нелаяльнасць да рэжыму. У незалежным кіно — практычна поўная стагнацыя праз адсутнасць легальных механізмаў працы.
Самацэнзура і страх
Страх прасякнуў усю сферу. Творчыя людзі прывыклі думаць не пра поспех, а пра рызыку: “Ці не адграбу я за гэта?” Нават фатографы і выдаўцы прызнаюцца: “Цісне страх”.
Правілы і шэрыя схемы
Івэнты праводзяцца пераважна праз шэраг установаў, што маюць афіцыйнае права. Такія структуры выконваюць функцыю пасярэдніка
Прыбыткі арганізатараў і артыстаў істотна знізіліся. Грошы зарабляюцца пераважна на расійскай аўдыторыі. Мясцовыя артысты, нават з імем — у фінансавай няпэўнасці.
Новая сцэна, старая ізаляцыя
Нягледзячы на ціск, у Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Але маладыя творцы часта не ведаюць папярэднікаў, не маюць кантэксту і натхняльных прыкладаў. Адсутнічае крытыка, няма магчымасцяў для росту і абмену досведам.
Паступова знікае памяць пра вядомых актараў і актарак: тыя, хто з’ехаў, губляюць пазнавальнасць, а тыя, хто застаўся, — пад забаронай. Тэатральны рэпертуар — стэрыльны, без вострых тэм і эксперыментаў.
Беларуская мова — выклік і шанец
Ствараць культурны прадукт па-беларуску — рызыкоўна. Але ёсць попыт: бізнес цікавіцца беларускай мовай як адметнасцю. Пры гэтым дзяржава спрабуе выкарыстоўваць нацыянальную мову для стварэння кіраванай “паспяховай” карцінкі.
Стратэгіі выжывання
Культурніцкія дзеячы шукаюць ствой варыянт адаптацыі і камбінуюць некалькі розных стратэгій, каб захаваць сваю ідэнтычнасць. Кожны з гэтых варыянтаў абумоўлены экстрэмальнымі ўмовамі і мае розныя праяўленні:
– часткова спыняюць творчасць;
– працуюць падпольна;
– падладжваюцца да ўлады дзеля магчымасці працаваць;
– жывуць у Беларусі, але працуюць на замежжа;
– імітуюць лаяльнасць;
– адкрыта працуюць на рэжым.
Ёсць і гатоўнасць працаваць з “мяккімі” тэмамі: рамёствы, фальклор, дзіцячая літаратура. Часам — праз дзяржаўныя выдавецтвы. Таксама ёсць запал працаваць з маладымі, перадаваць досвед, будаваць супольнасць.
Запыты знутры
Нават у самыя цёмныя часы ў творчых людзей ёсць патрэба фіксаваць і ствараць калі не для шырокай аўдыторыі, то хаця б для самаго факту стварэння. Таму сярод запытаў самыя распаўсюджаныя:
– падтрымка творчасці без публічнасці (рэзідэнцыі, стыпендыі);
– фіксацыя штодзённасці і назапашванне культурнай памяці; адукацыйныя і перакладчыцкія праекты;
– падтрыманне кантакту з беларусамі за мяжой;
– запрашэнне замежных спецыялістаў у Беларусь;
– ментарская падтрымка ўнутраных ініцыятыў;
– выданне важных кніг без дзяржаўных датацый;
– падтрымка праектаў, звязаных з традыцыйнай культурай.
Масты праз мяжу
Беларусы і беларускі абапал мяжы гатовыя супрацоўнічаць, але ім патрэбныя:
- Падтрымка рэальнага дыялогу;
- Арганізацыя сумесных праектаў;
- Прызнанне экспертызы тых, хто працуе ўнутры Беларусі;
- Разуменне кантэксту і розных умоваў жыцця.
Нягледзячы на страх і падзелы, унутры краіны засталося шмат тых, хто працягвае трымаць культуру жывой. Ім патрэбныя не толькі рэсурсы, але і надзея, што пра іх памятаюць і гатовыя слухаць.
Беларуская культура не знікла. Яна — у стане супраціву і адначасова — у пошуку новых форм жыцця.