7 культурніцкіх арганізацый прапанавалі змяніць падыход да арганізацыі палітычных і іншых форумаў і ўвесці тэму культуры ў прыярытэт абмерквання на ўсіх важных падзеях прысвечанах Беларусі.
Культура не проста адлюстроўвае змены ў грамадстве — яна іх стварае.
Пры разглядзе глабальных пытанняў дэмакратыі, бяспекі і эканамічнай устойлівасці культуры часта адводзіцца другасная роля, а часам яе ігнаруюць увогуле. Аднак менавіта культура фармуе светапогляд чалавека і нацыі агулам, уплывае на палітычныя рашэнні, вызначае нормы і становіцца падмуркам для самаарганізацыі.
Беларусь сёння стаіць на раздарожжы. Калі не зважаць на культуру, то мы ў хуткім часе атрымаем у краіне “Руский мир”, а за яе межамі – страцім беларусаў і беларусак, як носьбітаў унікальнай ідэнтычнасці. І тады ўсе тыя неймаверныя высілкі па змаганні за незалежную і стабільную Беларусь будуць марныя.
1. Культура як аснова для дэмакратыі
Для беларусаў і беларусак культура з’яўляецца адным з асноўных інструментаў захавання дэмакратычных памкненняў. Праз незалежныя медыя, тэатр, літаратуру і музыку людзі змагаюцца за свае правы, нават калі іншыя формы грамадзянскага актывізму немагчымыя. Развіццё крытычнага мыслення, здольнасць да дыялогу, аналізу і самастойнага прыняцця рашэнняў — тое, што неабходна для пабудовы свядомага грамадзянскага грамадства.
2. Культура як фактар бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне
Культурная палітыка з’яўляецца бар’ерам супраць інфармацыйных маніпуляцый. Чым мацней культурнае поле краіны, тым цяжэй навязаць яе жыхарам і жыхаркам аўтарытарную мадэль мыслення. Беларускія творцы, якія працуюць у выгнанні і дома, ствараюць масты паміж беларускім грамадствам і міжнароднай супольнасцю.
Без увагі да культурнага фактару нельга зразумець рызыкі дэстабілізацыі Беларусі і знайсці эфектыўныя рашэнні для падтрымкі яе незалежнасці.
3. Культура як эканамічны драйвер
Культура — гэта не толькі сэнсы, але і эканоміка, працоўныя месцы, інавацыі. Развіццё крэатыўных індустрый спрыяе эканамічнаму росту, пашырае магчымасці для прадпрымальніцтва і стварае доўгатэрміновыя перспектывы развіцця. Інвестыцыі ў культуру — гэта інвестыцыі ва ўстойлівасць эканомікі. Паводле даследаванняў UNESCO, крэатыўныя індустрыі складаюць каля 3% сусветнага ВУП і з’яўляюцца адной з самых хуткарослых галін эканомікі.
Развіццё культурнага бізнесу – выдавецкая справа, музычная індустрыя, дызайн, кіно і IT-праекты на культурнай аснове могуць стаць крыніцай даходу для беларусаў і беларусак у выгнанні.
Што можна зрабіць?
Уключыць культурную павестку ў міжнародныя форумы і канферэнцыі?
- Прызнанне культуры як палітычнага фактару. Мы звяртаемся да арганізатараў і арганізатарак форумаў і палітыкаў з прапановай разглядаць культуру не як “асобную сферу”, а як універсальны інструмент палітычных зменаў.
- Уключэнне культурных дзеячаў у панэльныя дыскусіі. Беларускія творцы павінны прадстаўляць сваю пазіцыю на адным узроўні з палітыкамі, эканамістамі і праваабаронцамі. Мы, Беларуская Рада культуры, гатовыя параіць такую асобу для адпаведнай панэлі.
- Асобны культурніцкі блок у сярэдзіне форумаў. Мы просім арганізатараў і арганізатарак канферэнцый не ставіць напрыканцы, бо праз недарэчна лёгкае стаўленне да культурніцкай павесткі шмат хто з палітыкаў лічыць наведванне такіх панэляў – марнаваннем часу. Добрым прыкладам можна ўзяць Стратэгічную кансультацыі ў Лондане 21га сакавіка, калі культурніцкая панель была ў сярэдзіне праграмы.
- Уводзіць у сесіі крос-сектарныя тэмы. Беларускія культурніцкія дзеячы і дзяячкі могуць паказаць іншы погляд на глабальныя рэчы накшталт «Культура як інструмент грамадскай мабілізацыі» і «Крэатыўны падыход да палітыкі: як культурныя механізмы могуць умацоўваць дэмакратыю?» На BIM разглядалі культуру і спорт. Так жа культуру ўдала разглядаць з медыямі, адукацыяй і іншымі напрамкамі.
Іншыя фарматы ўдзелу ў канферэнцыях
- Фармат TED-style выступаў у пачатку канферэнцыі. Кароткія эмацыйныя выступы культурніцкіх дзеячаў (7-10 хвілін), якія адкрываюць канферэнцыю і задаюць тон.
- Культурніцкі кейс як інтэрактыўная частка канферэнцыі. Прагляд кароткага дакументальнага фільма, тэатральны перформанс, выстава, музычная частка (10-15 хвілін).
- Далучыць удзельнікаў і ўдзельніц канферэнцыі да культурніцкага выказвання. Стварыць інтэрактыўны перформанс, дзе ўсе ахвочыя могуць на сабе адчуць абсурдны ўзровень рэпрэсій ў Беларусі.
- Флэшмобы. Стварэнне агульнага культурніцкага выказвання напярэдадні канферэнцыі, што б звярнула ўвагу на глыбіню гуманітарнай катастрофы ў Беларусі і за яе межамі.
- Працаваць з “хроснымі” палітвязняў. У беларускіх палітвязняволеных ёсць шэраг людзей ў палітычнай сферы, якія ўзяліся апекаваць зняволеных. То мы просім арганізатараў і арганізатарак даваць ім магчымасць распавесці пра сваіх “хросных” зняволеных.
Мы гатовыя да супрацы і наладжванні кантактаў паміж арганізатарамі і патэнцыйнымі спікерамі і спікеркамі канферэнцый ад культурніцкай галіны. Калі нашыя памкненні супадаюць, дайце нам ведаць праз пошту [email protected].
Культура — гэта не дадатак да зменаў. Гэта іх рухавік.
Установы культуры, якія падтрымалі прапановы па зменах:
Беларуская Рада Культуры
Грамадская арганізацыя “Годна”
Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”
Выдавецтва Gutenberg Publisher
Музей Вольнай Беларусі
Інстытут беларускай кнігі
Фундацыя “Тутака”