Пра новыя выклікі ў справе падтрымкі творцаў, новыя праекты і новую эдыцыю праграмы ArtPower Belarus у вялікім інтэрв’ю Budzma.org распавядае арт-менеджар, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Пра беларускія магістраты і мецэнатаў:
— Менавіта амерыканскія донары заўжды падтрымлівалі актыўнасць якраз у Беларусі — гэта было ледзьве не правілам у нейкай супрацы з імі, іх найперш цікавіла жыццё і праца ў Беларусі. Вельмі шкада, што пэўныя праекты давялося прыпыніць, скараціць, закрыць.
«Амерыканская сітуацыя» актывізавала працу па пошуку альтэрнатыўных крыніц фінансавання, культурнай сферы ў тым ліку. Паскорыла нашу працу над праектам «Клуб беларускіх мецэнатаў». І, спадзяюся, што «Беларускія магістраты», якія робяцца з нашай падтрымкай Цімохам Акудовічам, таксама набудуць нейкія новыя формы. Трэба выходзіць і на падтрымку прыватнымі донарамі, хаця і не дужа спрыяльныя для гэтага ўмовы, бо няма падатковых ільготаў для тых, хто працуе з Беларуссю, але тым не менш па правілах іншых краін прынамсі можна спрабаваць падтрымліваць арганізацыі, якія працуюць у Амерыцы і ЕС.
Ёсць спроба аднавіць інстытут беларускага мецэнацтва, які паўстаў за часамі Еўфрасінні Полацкай, цягам стагоддзяў маем прыклады для натхнення: Радзівілы, Вайніловіч, Бераговіч з Бабарыкам. Рыхтуем такі, хутчэй, непублічны івэнт — сход беларускіх мецэнатаў. Ёсць разуменне, што трэба гэта зрабіць афлайн, хутчэй за ўсё, ён пройдзе ў Гданьску ўлетку. Думаем сабраць цікаўных да гэтай тэмы людзей і абмеркаваць розныя ўзроўні фінансавання беларускай культурнай прасторы.
Пра музейную лабараторыю
Зараз гэтая супольнасць можа вырашыць: ці гэта будзе нейкі закрыты клуб экспертаў, ці, наадварот, структура, якая вітае ўсіх, хто зацікаўлены працаваць з папулярызацыяй Беларусі праз музейную справу. Ці гэта наогул можа быць часткай вялікай міжнароднай кампаніі па стварэнні нейкага мабільнага музея ці міжнароднай кампаніі па вяртанні нашых скрадзеных, страчаных твораў. Таму вельмі сімпатычна, што сабралася ажно 28 чалавек — гэта і прадстаўнікі існуючых музеяў, як, прыкладам, музей Скарыны ў Лондане, так і новых ініцыятыў — як Maldzis, які якраз спецыялізуецца на пошуку і вяртанні беларускіх артэфактаў. Справа далей — як пойдзе гэты праект, як ён будзе наладжаны па-менеджарску. Хацелася б, каб з гэтай размовы вырасла рэальная і практычна важная для Беларусі справа.
Пра «ArtPower Belarus»
Праз гэту праграму наша культура стала багацейшая на 83 творчыя праекты, а 231 асоба атрымала магчымасць павандраваць па Еўропе, каб прэзентаваць сваю творчасць, папрацаваць у архівах ці падвысіць свае кампетэнцыі. Пры гэтым не пра ўсе падтрыманыя праекты, зразумела, мы можам казаць публічна. Самай яскраваю, але і працаёмкаю часткай ArtPower Belarus стаўся конкурс праектных заявак на атрыманне грантаў для рэалізацыі творчых праектаў і мабільнасцяў.
Першая эдыцыя дазволіла давесці важнасць гэтай праграмы для Беларусі ў цэлым і працягнуць яе надалей для беларускай культуры. На жаль, самі творцы не заўжды разумеюць, што праграма павінна быць бачнай, што пра яе вынікі трэба расказваць. Таму сітуацыя склалася такая, што тыя, каго падтрымалі, у асноўным маўчаць, а тыя, чые заяўкі не падтрымалі, у асноўным крычаць. У выніку фармуецца такі, даволі непрыемны фон.
Безумоўна, мы працягваем ArtPower Belarus, робім таксама сваю работу над памылкамі. Думаем, як не згубіць стваральную энергію, якая ёсць у творцаў, якая збіваецца аб гэтыя бюракратычныя працэдуры, без якіх, на жаль, грошы атрымаць немагчыма.
Рыхтуем вялікую інфасесію з нагоды абвяшчэння новага конкурсу ArtPower Belarus, дзе будзе падрабязна расказана пра правілы і хаду эдыцыі. Прашу сачыць за абвесткамі на нашым сайце і ў сацсетках. Тут варта расказаць усё паслядоўна і з акцэнтам на дэталях.
Поўную версію гутаркі можна чытаць тут.