Screenshot 2025-06-20 at 11.52.30

Стрыманы аптымізм. Падчас онлайн-дыскусіі абмеркавалі памер уплыву “Русского мира” ў Беларусі

Цэльнай культурніцкай палітыкі цяпер у Беларусі не існуе, што дае магчымасць з’яўляцца новым формам супраціву. Гэта адзначыла намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая.

Яна ўзяла ўдзел у дыскусіі “Культурна-гуманітарная экспансія “русского мира”: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасці”, якую зладзіў Institute for Development and Social Market.

Надзея Гарэцкая адзначыла, што творцы звяртаюцца ў Беларускую Раду культуры для таго, каб наладзіць камунікацыю, абмен досведам і мабільнасць за мяжу, каб заставацца часткай еўрапейскай супольнасці.  

Экспертка таксама распавяла пра маніторынг культурніцкага асяроддзя ў Беларусі і адзначыла, што ўплыў “русского мира” вялікі, складзены з некалькіх чыннікаў, сярод якіх — актыўнасць расійскай палітыкі, адсутнасць альтэрнатывы, нізкая пакупніцкая здольнасць спажыўцоў культуры і адсутнасць культурніцкай палітыкі ў дзяржаве:

“Мы маем не культурніцкую палітыку, а сістэму цэнзуры, забаронаў і рэпрэсій. Гэта выклікае карупцыю і падпольны бізнес, але і дае магчымасць для новых формаў супраціву”, – падкрэсліла прадстаўніца нашай арганізацыі. 

Надзея адзначыла, што з часам і пра розных умовах гэтыя формы супраціву змяняюцца ці камбінуюцца, але застаюцца бачнымі. Таксама расце новая хваля беларускаарыентаванай моладзі з еўрапейскімі каштоўнасцямі — гэта бачна праз павелічэнне колькасці беларускага кантэнту ў сацсетках. Разам гэтыя з’явы даюць нагоду для стрыманага аптымізму. Гэтае меркаванне  падзяляе і Аляксей Ластоўскі — сацыёлаг, даследчык культурных практык і гістарычнай памяці.

Ён адзначыў, што расійскі ўплыў ва Украіне ўзмацніўся  ў 2014м годзе, а ў Беларусі – пасля 2020га. Але і тактыкі супраціву кожны раз новыя, хаця цяпер яны і не з’яўляюцца гучнымі, а больш нагадваюць падпольны рух.

Аляксей Ластоўскі закрануў таксама тэму замоўчвання трагедыі Курапатаў і — шырэй — сталінскіх рэпрэсій, цяперашняе пераасэнсаванне беларускай гісторыі на больш зручны для Расеі варыянт:

“Такая пазіцыя займела істотны адбітак праз перагляд падручнікаў па гісторыі”.

Ён прагназуе нарастанне ўплыву “русского мира” і вялікія складанасці супрацьстаяння яму.

Кандыдат філасофскіх навук, эксперт у галіне палітычнай філасофіі і грамадскай трансфармацыі Павал Баркоўскі таксама звярнуў увагу на дынаміку:

“Цяпер 35-40% насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў расійскай інфармацыйнай прасторы”.

Ён таксама адзначыў, што колькасць школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, сёння складае ўсяго 10% супраць 25% па стане на 30 гадоў таму. 

“Таксама нарошчвае сваю прысутнасць Кітай”, — звярнуў увагу эксперт.

Кандыдат гістарычных навук, прафесар Павал Церашковіч назваў тры арганізацыі, якія, на яго думку, маюць найбольшы ўплыў у прасоўванні расійскіх інтарэсаў у беларускае грамадства. Наймацнейшымі арганізацымі прафесар лічыць фонд «Россотрудничество» і так званыя «Русские дома». Туды водзяць школьнікаў на кінапрагляды, раздаюць георгіеўскія стужкі, ладзяць творчыя конкурсы з нагоды 10-годдзя анексіі Крыма і гд.

Наступныя па ўплывовасці паводле Паўла Церашковіча, — фонд «Руский мир» і «Фонд падтрымкі публічнай дыпляматыі імя А. М. Гарчакова». «Фармальна гэта няўрадавая арганізацыя, але насамрэч ёй кіруе МЗС Расеі», — падкрэсліў эксперт.

Дыскусію цалкам  можна паглядзець на канале Institute for Development and Social Market. 

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus абвяшчае старт новага конкурснага кола па Трэку 2. Творчыя праекты. Падача заявак адкрываецца 8 мая 2026 года і будзе …

Літаратура: Справа кніганошы вымагае адвагі Кіно: Ананімы і прапаганда Тэатр: Завяршэнне кадравай рэвалюцыі і скандалы ў сталічных калектывах Музыка: Вяртанне канцэртаў у …