318297271_1935131131

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Агульны агляд белкульту

Карціна мастачкі Іры Забелы з вокладкі сінгла Светы Бень і Галі Чыкіс «Не печалуйся»

Тры галоўныя пойнты – 2022. Літаратура

Пяць (+ 1) галоўных пойнтаў – 2022. Сучаснае мастацтва

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Музыка

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Тэатр

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Кіно

 


Адміністратыўны шал: любімую не аддаюць

Сітуацыя ўнутры краіны жорстка прывязана да рэпрэсіўнага палітычнага парадку дня: культурная палітыка копіпасціць сілавыя падыходы. Унутранае культурнае поле неадваротна сыходзіць у сістэмную вытворчасць прымусовай лаяльнасці і шумавога патрыятызму. Лепшым агітацыйным рэсурсам на карысць улады апынуўся сёлета паліцэйскі тэрор, самай масавай праявай любві да Радзімы – “пакаяльныя відэа” дзеячоў культуры.

Чорная сотня: вяртанне дзікага палявання

Дэструкцыя грамадзянскай супольнасці і інтэнсіўны пераслед актывістаў напалам з моцным культурным адлівам за мяжу ды адчайнымі спробамі знайсці “народную падтрымку” рэжыму ствараюць спрыяльныя ўмовы для падвышэння значнасці гіперактыўных маргіналаў. На першы план выходзяць гістэрычныя і слаба адукаваныя “патрыёты”, працуючыя ў фармаце праўладнай народнай інспекцыі культурнага ландшафту – а фактычна прамога даносу на “ворагаў нацыі”.

Сакрэтная культура: Беларусь ўнутры

Натуральны адказ на дзяржаўны ціск – адраджэнне культурніцкага падполля. Вяртаюцца да жыцця даўно, здаецца, неактуальныя творчыя практыкі – хатнія канцэрты, сакрэтныя выставы, канспіратыўныя спектаклі, патаемныя майстроўні. Звычайная справа – не пазначаць імён, хавацца ды шыфравацца. Новая ананімная культура, нябачны крэатыў, невядомыя івэнты. Хацелася б пачытаць, што пра гэта напішуць пазнейшыя даследчыкі.

Зацяжная перазменка. Зноў пра сваё

Спадзяванні на крэатыўны выбух і перамогу рэвалюцыйнага вулічнага дызайну скончыліся разам з парадамі белых стужачак. Прагрэсіўны агіт-арт перакаваўся на музычныя фельетоны ды баявыя крычалкі. Каб застацца на сёння не генератарам падзей, а дадатковым саундтрэкам. Альбо музейнай выставай. Агульная інерцыйнасць ды публіцыстычнасць творчага мыслення большасці нашых творцаў выглядала сёлета другаснай ды не надта істотнай. І працавала, па вялікім рахунку, ў сантыментальна-настальгічным рэгістры.

Еўра-тутэйшыя

Беларускія культурніцкія мігранты нанова адкрываюць для сябе Еўропу – гэтым разам у якасці не транзітных візіцёраў, а стацыянарных рэзідэнтаў. Засвойваюць новыя коды, вывучаюць кан’юнктуру, ловяць актуальныя вайбы. Працэс складаны ды неадназначны. І тут найвышэйшае дасягненне – альбом “Приём” Святланы Бень і Галі Чыкіс. Бясспрэчная вяршыня белкульту-2022.

 


Мурал у Вільні, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Фота: spring96.org

Тры галоўныя пойнты – 2022. Літаратура

Год, што мінае, быў небагаты на пазітыў, таму пералік выбітных з’яваў у беларускай літаратуры за 2022-і змушана скарачаем да трох, але найбольш адметных.

Узмацненне антыімперскага наратыву

як водгулле “пушкінападу” ва Украіне. Ці не ўпершыню за 200 гадоў праглядае надзея, што небяспеку, якую нясе беларусам як нацыі існаванне побач з Расіяй, цяпер усведамляе і транслюе далей у масы дастаткова шырокае поле беларускіх інтэлектуалаў. У гэтым плане прэцэдэнтавым аказаўся скандал вакол фестывалю “Прадмова”, які прайшоў у чэрвені 2022 года ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Шэраг беларускіх літаратараў знялі свой удзел і/ці выступілі з рэзкаю крытыкай аргкамітэту, які ў сітуацыі вайны вырашыў запрасіць аўтараў з Расіі, у выніку чаго ўкраінская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў імпрэзе.

Мінск цяпер не (адзіны) цэнтр літаратурнага жыцця Беларусі

2022-і – год рассеяння беларускай грамадскай супольнасці. Як вынік цяпер мы можам казаць пра ўзбуйненне шматлікіх цэнтраў беларускай культурніцкай прысутнасці на некалькіх кантынентах у выглядзе бібліятэк, музеяў, цэркваў, культурніцкіх цэнтраў, выдавецтваў дый проста ў фармаце тусоўкі. Унутры метраполіі дэцэнтралізацыя літаратурнага жыцця прыраўняла Мінск да Брэста, Гродна ці Полацку, і ўсталяванне такога раўнапраўя бачыцца толькі карысным. Адметна, што другі год запар, пасля кнігі “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец, першы прыз Прэміі Гедройця здабыла кніга аўтара, які шмат гадоў жыве ў эміграцыі (Сяргей Абламейка, “Невядомы Мінск: гісторыя знікнення”). Аўтараў, якія сімвалічна застаюцца на радзіме, пішучы і выдаючы кнігі на беларускай мове ці пра Беларусь, робіцца ўсё больш. Гэта як апошняя (Наталка Харытанюк, Зміцер Бартосік), так і папярэднія (Наталля Станкевіч, Уладзіслаў Гарбацкі) хвалі эміграцыі.

Галасы беларускіх пісьменнікаў гучалі ў свеце

Вяршыня гэтага – уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру (у тым ліку) пісьменніку і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Газета New York Times упершыню выкарыстала слова trasianka, пра што паведаміла ў снежні праз свой Twitter. Яго ўжылі ў рэцэнзіі на новую кнігу беларускай літаратаркі Юліі ЦімафеевайMotherfield: Poems and Protest Diary”, якая пабачыла свет сёлета ў ЗША ў перакладзе Вальжыны Морт. Тэма Беларусі працягвае гучаць пасля 2020 года, нягледзячы на ўвагу, прыкутую да вайны ва Украіне, і змрочную ролю рэжыму Лукашэнкі ў гэтым канфлікце. Літаратары, якія атрымліваюць слова, даносяць да свету найважнейшае пра беларускую моўную і нацыянальную ідэнтычнасць: “Драматычная памылка – аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасці ідэнтычнасці і Незалежнасці” (словы Алеся Бяляцкага з Нобэлеўскай прамовы ягонай жонкі Наталлі Пінчук). Прагучаў як аўтар палітычны вязень Максім Знак, якому ўдалося перадаць на волю аповесць з 100 навелаў “Зэкамерон” – адзін з найлепшых на сёння ўзораў нашага не толькі турэмнага, але і наагул пісьменства, а заадно важнае сведчанне. “Зэкамерон” Знака выйшаў у лістападзе 2022 года адначасова ў расійскай і беларускай версіях, анансаваныя нямецкае, англійскае і шведскае выданні.

 


Мастачка і актывістка Яна Шостак у сукенцы з надрукаванымі фота беларускіх палітвязняў

Пяць (+ 1) галоўных пойнтаў – 2022. Сучаснае мастацтва

Сучаснае мастацтва – асаблівая сфера культуры. З аднаго боку, работнікі культуры да 2020–2022 гадоў мелі намадычны стыль існавання і былі збольшага інтэграваныя ў глабальны кантакт або прынамсі звязаныя з ім. З іншага боку, сфера сучаснага мастацтва ў Беларусі перажыла некалькі хваляў міграцыі. Асаблівасцю гэтых хваляў было тое, што, не зважаючы на ад’езд, абмен паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто заставаўся ў краіне, працягваў існаваць. Дзякуючы супольным праектам, падтрыманню, серыі рэзідэнцыяў, абмену кантактаў і г. д. І ў гэтым сэнсе сучаснае мастацтва можа быць прадметам вывучэння практык: як падтрымліваць стасункі і працягваць праекты, застаючыся ў такім размеркаваным і фрустраваным стане, як мы цяпер.

Сёлета хацелася б вылучыць не столькі асобныя праекты, колькі зафіксаваць важныя тэндэнцыі ў сучасным мастацтве. Усе яны, так ці інакш, скіраваныя на выбудоўванне доўгатэрміновых сетак падтрымання, пабудову інфраструктуры, выбудоўванне сувязяў не толькі па мяжы “з’ехалі – засталіся”, але і сярод культурніцкіх работнікаў з Беларусі, якія сёння перабываюць па ўсім свеце.

Фіксуем тэндэнцыі:

Работнікі культуры i салідарнасці з Украінаю

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну і роля Беларусі ў гэтай вайне шмат у чым падпарадкавала мастацкі кантэкст гэтага года. Беларускія культурніцкія работнікі вельмі актыўна рэагавалі на вайну. Важна адзначыць запуск Інтэрнацыянальнай кааліцыі работнікаў культуры ў салідарнасці з Украінаю створанай беларускаю камандай, што аб’яднала больш за 100 мастацкіх выказванняў з розных краінаў свету. Таксама застаецца вялікі ўзровень далучэння мастакоў у валанцёрскія праекты. Тут важна адзначыць актывісцкую дзейнасць Яны Шостак ды іншых мастакоў, якія першыя месяцы вайны даслоўна жылі на польска-ўкраінскай мяжы і дапамагалі ўцекачам.Акрамя таго, шмат якія мастакі сустрэлі вайну ва Украіне: Аляксей Лунёў, Таша Кацуба, Яўген Атцецкi.

Сетка рэзідэнцыяў і падтрыманне мастацтва

Шмат якія рэзідэнцыі (праграма рэзідэнцыяў ад Razam у Берліне, Q21 у Вене, рэзідэнцыі ў Польшчы ды іншых краінах) дапамагаюць і падтрымліваюць не толькі мастакоў у выгнанні, але таксама даюць магчымасць выехаць ад тыдня да некалькіх месяцаў тым, хто застаецца ў Беларусі, каб працягнуць працу ці проста перазагрузіцца.

Гэтыя ініцыятывы дапамагаюць беларускім работнікам культуры не губляць сувязі з глабальным кантэкстам, атрымліваць новыя веды і нэтўоркінг.

Удзел у вялікіх міжнародных праектах

У 2020–2021 гадах было шмат выставаў беларускага мастацтва. Сёлета беларускія мастакі бралі ўдзел у міжнародных праектах і выставах. Напрыклад, “Працуй больш! Адпачывай больш!”, eeefff, antiwarcoalition.art бралі ўдзел у адной з найбуйнейшых імпрэзаў у сферы сучаснага мастацтва – documenta ў Касэлі, “Праблемны калектыў” браў удзел у міжнароднай выставе ў Kunsthalle Wien, Марына Напрушкіна – у Survival Kit. Такія выставы інтэгруюць беларускае мастацтва ў глабальную прастору і робяць яго больш прыкметным.

Даследаванні, адукацыя, архівацыя

Гэтая праца найменш бачная. У сітуацыі, калі сёння мы ўсе настолькі падзеленыя, сувязі разарваныя, кантэксты няясныя, адукацыйныя i даследчыя праекты найбольш важныя як для сувязяў работнікаў культуры паміж сабою, так і для аналізу ды архівацыі таго, што адбываецца. На жаль, большасць праектаў, якія праходзілі ў 2022 годзе, дзеля бяспекі нельга апублічваць. Аднак менавіта яны дапамагаюць падтрымлiваць стасункі паміж беларускімі мастакамi ўва ўсім свеце і ў Беларусі.

Праекты ў складках беларускага поля

Асаблiва хочацца адзначыць тыя праекты ды ініцыятывы, якія былі сёлета ў Беларусі. Дзеля бяспекі мы не будзем называць імёнаў. Аднак культурніцкія работнiкі шукаюць новыя памежныя прасторы ды магчымасці для сваёй прафесійнай дзейнасці, салідарнасці і абмену. Важна памятаць, што ў Беларусі працягваецца важкая праца. Якая, не зважаючы на тое, што нябачная, знаходзіць сябе ў шэрых зонах, выбудоўвае новы кантэкст і новыя супольнасці.

Палітычныя вязні

Важна памятаць, як шмат работнiкаў культуры застаюцца за кратамi i ёсць палiтычнымi вязнямі. Нашае падтрыманне мае вялікае значэнне. Сярод шматлікіх палітзняволеных хочацца згадаць Алеся Пушкіна, які атрымаў 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за сваю творчасць.

 


Пяць галоўных пойнтаў – 2022. МузыкаЧытацьГаля Чыкіс і Света Бень. Фота Anna Eckold

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Музыка

Беларускія музыкі паспяхова засвойваюць новыя тэрыторыі, не маючы магчымасці выступаць у роднай краіне. Нарэшце з’яўляецца якасная рэфлексія, але транслююць яе старыя героі айчыннай сцэны. Новая беларуская музыка намагаецца намацаць стыль і сэнс, пакуль беспаспяхова. Ад артыста чакаюць пазіцыі, нават калі ён ніколі не трансляваў яе публічна. Што складаней пераадолець – цэнзуру ці самацэнзуру? Год пытанняў без адказаў, культурніцкай дэпрэсіі ды спробаў зазірнуць у цемру будучыні.

Новыя тэрыторыі

Выйсце беларускай музыкі – небяспечная і няўдзячная культурніцкая партызанка ці імклівая эміграцыя, даслоўная ці гастрольная. Пад забаронай усё і ўсе, канцэртавыя пляцоўкі перастаюць існаваць, кожны публічны выступ – рызыка. Эміграцыя дае магчымасць сабраць неабходны для гастрольнай дзейнасці сэтап і атрымаць жыццёва неабходную ін’екцыю ў выглядзе ўдзячнай аўдыторыі ды магчымасці не займацца самацэнзурай. У выніку беларускія музыкі збіраюць пляцоўкі ў гарадах, куды б раней проста не рызыкнулі выправіцца ў тур. Рэкардсмены тут – “Петля пристрастия” і NaviBand. Галоўныя музычныя івэнты – беларускія фестывалі “Грай” і “Мара Фэст” у Польшы.

Цэнзура ці самацэнзура?

Але шмат хто застаецца ў Беларусі і вымушаны ці паставіць на паўзу ўсе свае музычныя праекты (“Крама”, “Палац”, “Троіца”), ці працягваць працу як мінімум у максімальна нейтральным ключы. Як пісаць пра тое, што баліць, калі твой гугл-док можа трапіць да таварыша маёра? Дзе межы дазволенага і хто іх акрэсліў? Цяжка кіраваць супраць плыні папяровым плотам у рацэ з кракадзіламі. Толькі зрэдку здараюцца выключэнні – як альбом Akute “Напалову тут” і фестываль Sprava, які адбыўся ў Беларусі ў жніўні.

Новая музыка: стыль і сэнс

У гэтых умовах спробы намацаць стыль і сэнс падаюцца спробаю пабудаваць хату ў багне, калі на руках у цябе дыплом аб гуманітарнай адукацыі. Новая беларуская музыка адчайна спрабуе сфармуляваць сама сябе, але ёй вельмі не стае свежага паветра. З цікавых выключэнняў – джазавая электроніка Gregory Neko, эксперыментальны відэамікс з джазу, соўлу і этнікі ад Валерыі Дэле ды чароўны эмбіент ад sk.ein.

Якасная рэфлексія

Але і старыя героі толькі зрэдку транслююць якасную рэфлексію. Свежы прыклад – цудоўны альбомСвятланы Бень і Галіны Чыкіс “Приём!”. Гэта няўтульнае адчуванне болю і адчаю чалавека, які апынуўся сам-насам з невыразнай і невыноснаю рэчаіснасцю ды намагаецца жыць у цяперашніх абставінах.

Музыка за кратамі

На жаль, галоўнымі ньюзмэйкерамі ў беларускай музыцы застаюцца творцы, якія ёсць ці былі за кратамі. Па-ранейшаму ў няволі музыкі гурта Irdorath Надзея і Уладзімір Калачы, рагачоўскія рокеры Tor Band і шмат іншых творцаў. Гэта беларуская рэчаіснасць, у такіх умовах адбываецца культурніцкае жыццё краіны.

 


Сцэна са спектакля “За што?” Тэатра жніўня

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Тэатр

Віталь Алексіёнак, Вячаслаў Чарнуха-Воліч ды іхная праца

Віталь Алексіёнак стаўся дырыжорам-пастаноўшчыкам оперы “Маленькі прынц”, сусветная прэм’ера якой адбылася ў славутым міланскім тэатры La Scala. Цікавасць калектыву такога ўзроўню да беларускага маэстра назіралася ўпершыню. Ягоны калега Вячаслаў Чарнуха-Воліч атрымаў разам з калектывам Адэскага тэатру оперы і балету прэмію International Opera Awards – адну з самых прэстыжных у гэтай сферы (своеасаблівы оперны “Оскар”). Гэтай узнагародай адзначылі дзейнасць тэатру, які паказвае спектаклі і нават рыхтуе прэм’еры ва ўмовах вайны.

Яўген Карняг і прасоўванне нацыянальнай культуры

Рэжысёр Яўген Карняг паставіў у Рэспубліканскім тэатры драматургіі спектакль “Пачупкі”. Спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці стаўся вынікам пагружэння Карняга разам са сваёй камандай у нацыянальную беларускую культуру. Галоўным выяўленчым сродкам у ім выступае гук. “Пачупкі” сталіся этапнаю пастаноўкай, якая ўвасабляе цяперашнюю эпоху і наш час.

Свабодны тэатр і сусветны розгалас

Свабодны тэатр перанёс на лонданскую сцэну спектакль “Сабакі Еўропы” (рэжысёр – Мікалай Халезін) паводле раману Альгерда Бахарэвіча. Прэм’ера адбылася яшчэ ў 2020-м у Мінску. Добрая брытанская прэса, а таксама відавочная актуальнасць пастаноўкі зрабілі магчымымі гастролі ў Парыжы. Анансавалі паказ на фестывалі ў Аўстраліі. Гэта істотныя падзеі для прасоўвання айчыннай культуры і глабальна – беларускай тэмы.

Спроба стварыць рэпертуарны тэатр за мяжою

У выніку падзеяў 2020 года за мяжой апынуліся дзясяткі прадстаўнікоў супольнасці. Пераважна яны працуюць у сферы праектавага тэатру, але пакрысе робяцца спробы стварыць за мяжою рэпертуарныя калектывы. У сталіцы Літвы ў фармаце Віленскага старога тэатру дзеіць Тэатр жніўня, у Варшаве арганізуюць свае паказы Team theatre і “Купалаўцы”. Пакуль у двух апошніх няма стацыянарных пляцовак, агулам усе трое толькі назапашваюць спектаклі. Але агулам іх спробы могуць прывесці да стварэння сваіх стацыянарных структураў.

Аляксей Стрэльнікаў і фармаванне тэатральнай прасторы

Тэатральны Дон Кіхот, адзін з рыцараў беларускага тэатру, заўчасна памерлы Аляксей Стрэльнікаў не быў класічным тэатразнаўцам, каго ў большай ступені цікавіў канчатковы вынік: спектакль, яго мастацкае значэнне і месца ў сістэме каардынатаў. Стрэльнікаў быў крытыкам, а яшчэ педагогам, матыватарам, менеджарам, якому падабалася прасоўваць спектаклі і праекты, зводзіць у агульнай прасторы людзей. Без яго айчынны тэатр быў бы іншы.

 


Кадр з фільма Руслана Фядотава “Away”

Пяць галоўных пойнтаў – 2022. Кіно

Кінафестываль “Лістапад”

Адзіны беларускі кінафестываль з ажно чатырма беларускімі фільмамі ў праграме – і ўсе анімацыйныя (чаканыя ігравыя навінкі – “Дзесяць жыццяў Мядзведзя” і “Гэта я, Мінск” – так і не з’явіліся ў праграме). Сведчанне цалкам зачышчанай кінапрасторы ўнутры краіны і вяртання кіно да татальнай сервільнасці – вось падмурак на найбліжэйшыя гады.

Фільм “Мы адзіныя” пра жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы

Адзіны ігравы фільм, гучна запушчаны ў вытворчасць у Беларусі цягам года пад пільным наглядам генеральнага пракурора і прэм’ер-міністра. Ён дакладна застанецца ў гісторыі. Які час, такія і дасягненні.

Уладзімір Карачэўскі, генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм”

Самая гучная (і балбатлівая) персона года. Увасабленне перамоглай бюракратыі і дзяржаўнага разумення кіно: добрае кіно – гэта адсутнасць кіно.

Фільм Руслана Фядотава “Away”, які перамог на фестывалі дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме

Увасобленая мроя пра далучэнне беларусаў да еўрапейскай культурніцкай супольнасці. Добрае, адметнае кіно пра цяперашнюю рэчаіснасць. І кіно, якім яно мае быць у натуральных умовах, але дужа рэдка бывае ў Беларусі.

Перамога Мікіты Лаўрэцкага на DocLisboa

Метафара іншай, чаканай і няздзейсненай перамогі стыхійнага нізавога руху над нязрушнаю сістэмаю. Хочацца дажыць да часу, калі перамога перастане быць метафарай і абяцанкаю новай надзеі.

Плюс 1 перайманне еўрапейскага досведу

Найменей відавочны і найбольш значны пойнт года – шматлікія стыпендыі, гранты і стажыяванні беларускіх кінематаграфістаў за мяжою: Школа Вайды, Гдыньская кінашкола, Кінашкола ў Лодзі, кінашкола DocNomads, Nipkow Programm ды іншыя. Прышчэпка еўрапейскай адукацыі і вытворчасці. Адзінае, што ў гэтым годзе гаворыць пра будучыню.