Надзея Гарэцкая: «Культура – гэта не дэкарацыя, а аснова»

Надзея Гарэцкая: «Культура – гэта не дэкарацыя, а аснова»

У Вільні прайшла канферэнцыя «Беларусь – Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці», арганізаваная Фондам Конрада Адэнаўэра, Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрыда Мартэнса і Офісам Святланы Ціханоўскай. У якасці ўдзельніцы дыскусіі была запрошаная ў тым ліку намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая, якая адзначыла важнасць дыялога, але звярнула ўвагу на тое, што культура не можа быць дадаткам да размоў пра палітыку і эканоміку.

Надзея Гарэцкая

Прыводзім цытаты з допісу Надзеі па выніках канферэнцыі:

«Як можна абмяркоўваць пытанні еўрапейскай інтэграцыі ці выклікі, звязаныя з «ліцвінізмам», без размовы пра культуру? Без яе нельга пабудаваць трывалую дэмакратыю, наладзіць добрасуседскія адносіны ці забяспечыць сапраўдную бяспеку…»

«Ідэя мерапрыемства сапраўды важная: паглыбіць дыялог паміж літоўскай дзяржавай і беларускай грамадзянскай супольнасцю, пашырыць разуменне агульных мэтаў і знайсці новыя кропкі ўзаемадзеяння.— за намаганні і старт гэтага працэсу…”

«Аднак мяне глыбока засмуціла сітуацыя, якую давялося назіраць. Панэль «Культурныя сувязі як мост паміж Беларуссю і Літвой», прысвечаная ролі культуры ў дэмакратызацыі і наладжванні дыялогу, аказалася ў канцы праграмы. Да гэтага часу ў зале засталася толькі чвэрць удзельнікаў, і, што яшчэ больш сумна, прадстаўнікоў літоўскага боку ўжо не было…»

«Хацелася б зразумець, якія планы на гэтую панэль мелі арганізатары. На жаль, гэта не выглядае проста недарэчнасцю. Такое стаўленне нібы падкрэслівае, што культура — гэта нешта другаснае, прыгожая дэкарацыя да палітычных працэсаў. Але гэта памылкова. Культура — гэта не дадатак, а аснова. Менавіта яна закладвае змены ў грамадстве, стварае ўстойлівыя сувязі і фарміруе каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратыя. Таксама выклікаюць пытанні фармат і адсутнасць паўнавартаснага двухбаковага ўдзелу, што супярэчыць ідэі дыялогу. Размовы пра тое, што мы робім у галіне культурніцкага абмену, можна весці і за кубачкам гарбаты. Але калі канферэнцыя мае на мэце паўнавартасны двухбаковы дыялог, такія абмеркаванні павінны праводзіцца з раўназначным удзелам прадстаўнікоў дзвюх краін…»

Пачытаць пра тое, як мы разумеем культуру, можна ў нашым Маніфесце.