Гісторыя Надзі Букі — гэта гісторыя артысткі, якая праз мастацтва не толькі захоўвае сувязь з роднай культурай, але і фарміруе новыя маршруты для беларускага голасу ў свеце. Яе шлях — прыклад таго, як праз спалучэнне мастацкай мужнасці, прафесійнай настойлівасці і падтрымкі грантам мабільнасці ArtPower Belarus можна здзейсніць маштабны праект і выйсці на новы ўзровень. У 2023 годзе Надзя правяла серыю выставаў у Італіі. Гэта не толькі экспазіцыі і сустрэчы, але і новыя кантакты, запрашэнні, публічнае прызнанне ў Еўропе. І галоўнае — адчуванне, што яе творчасць бачная далёка па-за межамі сваёй краіны.

Надзя Бука — беларуская мастачка, якая ўжо больш за тры гады жыве і працуе ў Варшаве. У сваёй мастацкай мове яна злучае тэхніку аўтарскай выцінанкі, жывапіс і графіку. Яе карціны выкананыя з каляровай паперы, выразаюцца ўручную і нагадваюць традыцыйную беларускую выцінанку, але не паўтараюць яе, а пераносяць у сучасны кантэкст. У цэнтры — сімвалы, вобразы, перажыванні, якія кожны можа прачытаць па-свойму.
Акрамя работы над палотнамі, Надзя ілюструе кнігі, выкладае мастацтва для дзяцей і дарослых, распрацоўвае ўласныя адукацыйныя праграмы. Яе штодзённасць — гэта спалучэнне творчай працы, вучэбнага працэсу і культурнай адаптацыі ў новай краіне. Але, як яна прызнаецца, менавіта праз мастацтва адбываецца яе глыбокая сувязь з Беларуссю.
У 2023 годзе яна атрымала грант мабільнасці ArtPower Belarus — і выкарыстала гэтую магчымасць для арганізацыі трох выставаў у Італіі: у Пізе, Фларэнцыі і Рыме. Падтрымка праграмы пакрыла транспартныя і жыллёвыя выдаткі, што дазволіла Надзі засяродзіцца на сутнасным — камунікацыі з гледачом, падрыхтоўцы прасторы і самаарганізацыі.
«Калі б не ArtPower Belarus, мяне ў Італіі ніхто б не ведаў як мастачку. Гэта быў мой першы грант — і адразу поспех. Гэты досвед стаў вельмі важным крокам наперад», — дзеліцца Надзя.
Тры выставы — і пяць наступных
Праект «Speranza senza paura» (Надзея без страху) стаў не проста мастацкай падзеяй, а выразнай дэкларацыяй прысутнасці. Кожная з выставаў мела сваю атмасферу, кантэкст, гледача. Першая адбылася ў Пізе, у невялікай, але ўтульнай прасторы. Другая — у Фларэнцыі. І трэцяя, самая маштабная, у Рыме, у знакавым раёне Траставера, дзе прастора сустрэлася з патокам турыстаў, гараджан і беларускай дыяспарай.

У Рыме Надзя ўпершыню прадставіла не толькі карціны, але і свае скетчы, эскізы, нататкі. Людзі зачаравана разглядалі гэтыя фрагменты працэсу, бачылі «кухню» мастака. Там жа адбыўся і першы продаж (у межах экспазіцыі): карціну з серыі выцінанак набыла мясцовая жыхарка.
«Кожны раз, калі нехта спыняўся перад карцінай, я адчувала, што яна працуе. Было шмат размоваў, пытанняў пра Беларусь, пра сэнс сімвалаў. Адна дзяўчына проста заплакала перад карцінай з выявай Мінска — яна таксама была ў эміграцыі».
Падчас першых выставаў атрымалася наладзіць новыя сувязі з куратарамі, арганізатарамі, галерэямі. Гэта дазволіла зладзіць яшчэ пяць выставаў у іншых гарадах Італіі — у Вероне, Куінцана і іншых месцах. Частка прац працягвала выстаўляцца паміж падзеямі і атрымліваць новыя водгукі.
«Маім карцінам не даводзілася «стаяць» у майстэрні. Яны былі з людзьмі — і гэта галоўнае».
Што бачылі гледачы?
Сярод найбольш моцных і асабістых працаў, прадстаўленых на выставе, — карціна «Немагчыма маўчаць». Гэта выразны аўтапартрэт, дзе вусны мастачкі заклеены чырвонай стужкай, але вочы — надзвычай жывыя і эмацыйныя. Яны нібы кажуць замест маўчання. Гэта праца стала першай, створанай у эміграцыі, і сімвалізуе тое, што калі мастаку забараняюць прамаўляць гаварыць наўпрост, яго погляд і мастацтва працягваюць трансляваць праўду, боль, супраціў. Карціна выклікала моцную рэакцыю ў гледачоў — асабліва тых, хто сам прайшоў праз маўчанне, страх, эміграцыю.
У трох выставах былі прадстаўлены 34 працы, у тым ліку выцінанкі з каляровай паперы; жывапіс, створаны ў Варшаве, і адзін вітраж.
Усе выставы былі бясплатныя. Для наведвальнікаў распрацоўваліся буклеты, інфармацыйныя матэрыялы, раздрукоўваліся візіткі. Былі зроблены адмысловыя карткі са спасылка на Instagram-профіль і кароткім тэкстам пра мастачку — на італьянскай мове.

Уражанні, выклікі, досвед
Найбольш цяжкасцяў у Надзі выклікала справаздачнасць:
«Я чалавек творчы. Для мяне фінансавыя табліцы — як чужая мова. Але дзякуючы дапамозе і зразумелым тлумачэнням каманды ArtPower Belarus я справілася».
Яна прызнае, што гэты досвед даў ёй не толькі магчымасць паказаць працы, але і заявіць пра сябе як пра беларускую мастачку на міжнароднай сцэне; разуменне, што мастацтва можа падарожнічаць разам з ёй; новыя кантакты, перспектывы, веру.
«Грант — гэта не проста грошы. Гэта магчымасць. І калі ты яе выкарыстоўваеш — свет адказвае».

Што далей?
Надзя рыхтуе новыя працы. Яе сённяшняе натхненне — прырода, філасофія, тэма духоўнай сувязі з домам. У новым праекце будуць прысутнічаць і абстрактныя вобразы, і канкрэтныя адсылкі да беларускіх матываў. Яна хоча зноў выставіцца ў Польшчы — і паказаць, як мяняецца яе голас у новай прасторы.
«Не бойцеся. Калі не пагрукаешся у дзверы — яны не адчыняцца. А калі пагрукаешся — адны знойдуцца, што адчыняцца».
Праект стаўся магчымы дзякуючы падтрымцы праграмы ArtPower Belarus, што рэалізуецца Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры пры фінансавым спрыянні Еўрапейскага Саюза.
Сачыце за навінамі — хутка будзе абвешчаны працяг праграмы ArtPower Belarus.