pexels-gsn-travel-37634822

Люблін: беларускі складнік у кантэксце Еўрапейскай сталіцы культуры 2029

Польскі Люблін рыхтуецца стаць адной з Еўрапейскіх сталіц культуры 2029 года – і ўжо цяпер горад працуе над праграмай, у якой важнае месца можа заняць беларускі культурніцкі складнік. У гэтым кантэксце прадстаўнікі Беларускай Рады культуры зладзілі  азнаямленчы візіт у Люблін, каб сустрэцца з мясцовымі культурніцкімі інстытуцыямі, беларускімі ініцыятывамі і камандай ЕСК 2029. Гаворка ішла пра магчымасці ўдзелу беларускай супольнасці ў распрацоўцы праграмы, развіццё партнёрстваў і ўмацаванне бачнасці беларускай культуры ў еўрапейскім культурным полі. 

Кракаў – Уроцлаў – Люблін

Еўрапейская сталіца культуры (European Capital of Culture, ECoC) – адна з ключавых ініцыятыў Еўрапейскага Саюза, якая існуе з 1985 года. У яе межах асаблівая роля штогод надаецца аднаму або некалькім гарадам Еўропы. Асноўныя мэты праграмы – паказаць культурную разнастайнасць Еўропы, умацаваць агульнае пачуццё еўрапейскай ідэнтычнасці і падкрэсліць ролю культуры як інструмента развіцця гарадоў і рэгіёнаў. Горад, які атрымлівае статус сталіцы, становіцца пляцоўкай для шырокай і разнастайнай культурніцкай праграмы, якая ўключае фестывалі, выставы, тэатральныя і музычныя пастаноўкі, адукацыйныя і мастацкія праекты, а таксама ініцыятывы з удзелам мясцовых супольнасцяў. Прычым, першыя актыўнасці пачынаюцца за два гады да афіцыйнага старту і трываюць яшчэ з два гады пасля. У выпадку з Люблінам гэта будуць 2027-2031 гады.

Асаблівае значэнне мае прынцып інклюзіўнасці – удзел розных сацыяльных і культурных груп, у тым ліку нацыянальных і этнічных меншасцяў. Такі падыход дазваляе не толькі паказаць рэальную разнастайнасць сучасных еўрапейскіх гарадоў, але і стварыць прастору для дыялогу паміж супольнасцямі. Акрамя культурнага вымярэння, статус Еўрапейскай сталіцы культуры мае і доўгатэрміновы эканамічны ўплыў на жыццё горада: павышэнне міжнароднай бачнасці, развіццё турызму, інвестыцыі ў культурную інфраструктуру, а таксама доступ да еўрапейскага фінансавання.

У 2029 годзе адной з Еўрапейскіх сталіц культуры стане Люблін – ужо трэці польскі горад з гэтым ганаровым званнем. Раней тытул мелі: Кракаў – у 2000 годзе і Уроцлаў – у 2016 годзе. 

Люблін выбудоўвае сваю праграму вакол ідэі супрацоўніцтва, адкрытасці і культурнага дыялогу. Асаблівую ролю ў гэтай канцэпцыі адыгрывае беларускі складнік: гаворка ідзе як пра прысутнасць беларускай дыяспары ў Польшчы, так і пра шырэйшыя міграцыйныя і сацыяльныя працэсы ў рэгіёне. Уключэнне беларускіх ініцыятыў у культурнае праграмаванне разглядаецца як важны элемент развіцця горада і яго еўрапейскай ідэнтычнасці.

Менавіта ў гэтым кантэксце адбыўся азнаямленчы візіт у Люблін прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры: кіраўніка Сяргея Будкіна і дырэктаркі па развіцці Эліны Калнібалоцкай. Да іх далучылася таксама Ілона Карпюк, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (Інстытуцыя культуры Падляшскага ваяводства), якая стала голасам беларускіх культурніцкіх ініцыятыў і адвакатавала магчымасці іх актыўнай прысутнасці ў гарадскіх і рэгіянальных працэсах.

Сустрэчы і высновы 

Першая размова – з польскім рэжысёрам Паўлам Пасіні, актыўным прадстаўніком люблінскай культурніцкай супольнасці і ўдзельнікам Форуму культурніцкіх арганізацый. Ён выказаў зацікаўленасць у развіцці незалежнай беларускай культуры і гатоўнасць далучацца да супольных ініцыятыў. Важна, што спадар Павел быў таксама адным з удзельнікаў працэсу распрацоўкі заяўкі Любліна на статус Еўрапейскай сталіцы культуры, у якім ускосна ўдзельнічалі і прадстаўнікі іншых культурніцкіх арганізацый, у тым ліку Беларускай Рады культуры.

Наступным важным пунктам – сустрэча з фундацыяй Досьвед, якую ўзначальвае тэатразнаўца Ірына Лаппо і якая з’яўляецца адной з самых актыўных беларускіх арганізацый у Любліне. Падчас размовы адбылося знаёмства з дзейнасцю фундацыі, яе праектамі, сувязямі з мясцовымі ініцыятывамі. Асаблівая ўвага была нададзеная Форуму культурніцкіх арганізацый, да якога фундацыя далучылася ў якасці ўдзельніка.

Прайшла асобная сустрэча з дырэктарам Еўрапейскай сталіцы культуры 2029 у Любліне Паўлам Патарочыным. У ходзе размовы прадстаўнікі беларускага боку падкрэслілі важнасць захавання і развіцця беларускага культурніцкага складніка ў праграме ЕСК. Была таксама агучаная гатоўнасць Форуму культурніцкіх арганізацый выступаць у якасці экспертнай платформы і ўдзельнічаць у культурным праграмаванні.

На фота Злева направа: тэатразнаўца Ірына Лаппо, дырэктар Еўрапейскай сталіцы культуры 2029 у Любліне Павел Патарочын, дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Асобнай часткай візіту стала знаёмства з цэнтрам сацыяльнай і суседскай інтэграцыі Baobab, якім кіруе фундацыя Homo Faber. Гэта арганізацыя, якая працуе ў галіне міжкультурнай інтэграцыі, падтрымкі мігрантаў і развіцця мясцовых супольнасцяў. Яе дзейнасць у апошнія гады значна звязаная з беларускай супольнасцю ў Польшчы, якая істотна вырасла пасля 2020 года. Baobab выступае ў тым ліку як прастора для ўдзелу беларусаў у культурніцкіх, адукацыйных і грамадзянскіх ініцыятывах, а таксама як пляцоўка для міжкультурнага дыялогу.

Завяршальнай сустрэчай стаў візіт у Люблінскі Цэнтр культуры (CK), дзе адбылася размова з Рафалам «Koza» Козіньскім – паўнамоцным прадстаўніком мэра Любліна па пытаннях Еўрапейскай сталіцы культуры 2029 і дырэктарам Цэнтра культуры ў Любліне. Ён з’яўляецца адным з ключавых архітэктараў поспеху Любліна ў конкурсе на гэты статус: каардынатарам падрыхтоўчага працэсу, суаўтарам заяўкі (bid book) і старшынёй Куратарскай рады, якая адказвае за распрацоўку мастацкай праграмы.

На фота Злева направа: кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, тэатразнаўца Ірына Лаппо, паўнамоцны прадстаўнік мэра Любліна пытаннях Еўрапейскай сталіцы культуры 2029 Рафал «Koza» Козіньскі, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк і дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая.

Падчас сустрэчы было падкрэслена, што Люблін адкрыты да ўдзелу беларускіх ініцыятыў у культурным праграмаванні і што іх прысутнасць разглядаецца як важны элемент міжкультурнай і еўрапейскай перспектывы горада. Абмяркоўвалася таксама магчымасць правядзення аднаго з наступных Форумаў культурніцкіх арганізацый у прасторы Люблінскага цэнтра культуры, што магло б стаць дадатковым крокам у развіцці супрацоўніцтва.

Такім чынам, візіт паказаў, што беларускі культурніцкі складнік ужо натуральна ўключаны ў культурную экасістэму Любліна і мае патэнцыял стаць важнай часткай праграмы Еўрапейскай сталіцы культуры 2029, якая будуецца на прынцыпах адкрытасці, дыялогу і разнастайнасці.

Таксама паглядзіце

Тры месяцы таму, у пачатку лютага 2026 года, Беларуская Рада культуры аб’явіла збор на падтрымку беларускага даследчыка і грамадскага дзеяча Юрася Юркевіча. …

Праграма ArtPower Belarus абвяшчае старт новага конкурснага кола па Трэку 2. Творчыя праекты. Падача заявак адкрываецца 8 мая 2026 года і будзе …