Frame 404

Культура як шчыт: чаму яна важная для бяспекі Беларусі і Еўропы

У сённяшніх геапалітычных умовах, калі вайна і крызісы змяняюць мапу рэгіёна, культура становіцца фактарам бяспекі і палітычнага выбару. Для Беларусі гэта асабліва востра: незалежная культура стрымлівае экспансію «русского мира», захоўвае мову, памяць і еднасць грамадства. Нашая культура — фактар захавання бяспекі ў Беларусі і шырэй — у Еўропе.

Чаму культура — гэта больш, чым творчасць? Чаму яна цяпер патрэбная Еўропе і самім беларусам як ніколі раней? І як яе падтрымка можа стаць укладам у мір і стабільнасць у рэгіёне? Пра гэта — у нашым адвакацыйным дакуменце.

Культура як фактар нацыянальнай i рэгiянальнай бяспекі

Чаму гэта важна для Еўропы

Культура набывае асаблівую важнасць у сённяшнім геапалітычным кантэксце. Эскалацыя канфліктаў ды крызісаў у рэгiёне патрабуе інавацыйнага падыходу да структураў бяспекі i вонкавай палітыкі.

Паводле канцэпцыі Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў (2021 год) і высноваў ЕЗ, разнастайная матэрыяльная і нематэрыяльная культурная спадчына Еўропы ёсць стратэгічным актывам і спрыяе ўстойлівасці грамадства. Таму абарона культуры залучаная ў межы захадаў дзеля захавання бяспекі і мірабудаўніцтва.

Гэтыя выклікі моцна закранулі беларускае грамадства ў краіне і ў эміграцыі. Каб уцягнуць беларусаў у геапалітычны канфлікт на сваім баку, Расія выкарыстоўвае тактыку знішчэння беларускай культуры і маніпуляцыі гістарычнымі фактамі. У той жа час менавіта еўрапейская беларуская культура – мастацтва, матэрыяльная і нематэрыяльная культурная спадчына – фармуюць імкненне да незалежнасці, перадухілення канфліктаў, запэўнівання бяспекі і ўстойлівага міру.

Што фіксуем і пра што гаворым

Культура – не дадатак, а ключавы элемент нацыянальнай бяспекі і гарантыя незалежнасці. Моцнае культурнае поле – абарона ад прапаганды, інфармацыйных маніпуляцыяў і поўнага паглынання Расіяй. Без уліку культурнага фактару немагчыма зразумець рызыкі дэстабілізацыі Беларусі і знайсці ўстойлівыя рашэнні для захавання яе суверэнітэту.

Беларусь цяпер стаіць перад выбарам паміж аўтарытарнаю мадэллю “русского мира” і еўрапейскім шляхам развіцця. І менавіта праз культуру і мову гэтае супрацьстаянне адбываецца штодзённа.

У краіне культурніцкія пляцоўкі, кнігарні і фестывалі часта ператвараюцца ў каналы расійскай прапаганды. Адначасова незалежная беларуская культура сутыкаецца з сістэмным ціскам і цэнзураю: каб зладзіць івэнт, патрэбныя дазволы, спісы ўдзельнікаў, узгадненне твораў з ідэолагамі. Нават пры выкананні ўсіх патрабаванняў няма гарантыі, што падзея адбудзецца.

За межамі Беларусі шмат хто з беларускіх творцаў балансуе паміж нятворчаю працай і спробамі захаваць сябе ў прафесіі. Шмат хто вымушаны асімілявацца ў іншых культурах або пакідае прафесію цалкам.

Разам з тым попыт на беларускую культуру стала высокі. Доўгія чэргі па квіткі, поўныя залы на спектаклях, цікавасць да беларускай кнігі, мовы і традыцыяў – усё гэта сведчыць пра тое, што беларускае культурнае поле жыве і мае моцны патэнцыял росту.

Ключавыя высновы

  • Незалежная культура – гэта форма супраціву і інвестыцыя ў дэмакратычную будучыню Беларусі.
  • Рэпрэсіі закранаюць не толькі творцаў, але і спажыўцоў культурнага прадукту.
  • Культура яднае розныя групы грамадства і стварае прастору для салідарнасці і самавызначэння.
  • Ёсць гатовасць і попыт, але не стае сістэмнага падтрымання, рэсурсаў і каардынацыі паміж творцамі, ініцыятывамі і партнёрамі ў Беларусі і за яе межамі.
  • Беларускія творцы за мяжой, якiя на сваім досведзе адчулі ціск аўтарытарнай дзяржавы, – каштоўны рэсурс і для еўрапейскай культурнай прасторы, і для Беларусі, але ім патрэбныя візавае падтрыманне, магчымасці прафесійнай рэалізацыі ды інтэграцыі ў лакальныя праграмы.
  • Ёсць рызыка, што наступныя пакаленні беларусаў не будуць размаўляць па-беларуску і не будуць адчуваць сябе часткаю беларускай нацыі.
  • Крэатыўныя індустрыі і іх развіццё – не толькі чыннік захавання сэнсаў, але і эканамічны драйвер, які стварае працоўныя месцы і новыя магчымасці для эканамічнага росту.

Чаму гэта важна для беларусаў

Нацыянальная і грамадзянская ідэнтычнасць фармуецца праз мову і культуру. Гэта самая надзейная абарона ад імперскай і савецкай спадчыны, якая цяпер актыўна аднаўляецца праз “русский мир”.

Культура – гэта мірны спосаб барацьбы за свае правы і будучыню. Гэта інструмент супраціву, які не патрабуе гвалту, а аб’ядноўвае людзей праз творчасць, памяць і салідарнасць.

Захаванне беларускай культуры і мовы – гэта палітычны выбар. Без культуры Беларусь рызыкуе страціць незалежнасць і ператварыцца ў расійскую правінцыю.

Культура – гэта адказнасць не толькі творцаў, але і кожнага беларуса. Ад нашага стаўлення да культуры залежыць, ці будзе нацыя жыць і развівацца.

Інвестыцыі ў культуру – гэта інвестыцыі ва ўстойлівае грамадства, якое мысліць крытычна, падтрымлівае разнастайнасць і здольнае да самаарганізацыі. Гэта шлях да моцнай эканомікі і будучыні дабрабыту для наступных пакаленняў.

Захаванне, існаванне і развіццё сучаснай беларускай культуры – гэта доказ таму, што нацыя жывая і мае шанец на свабоднае і годнае жыццё ў Еўропе.

Спампаваць дакумент.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Нацыянальная ідэя, прэміі і пончыкі Кіно: Зваршчыца з Брэсту перамагае ў Шэфілдзе. Смерць рэжысёраў Тэатр: З Расіяй і “Перамогаю” Музыка: Вяртанне …

Дарагія сябры, калегі, усе, хто захоўвае і шануе беларускую культуру! Ад імя Беларускай Рады культуры шчыра віншуем вас з Сусветным Днём беларускай …