Кажуць, калі не падвесці вынікаў папярэдняга году, то новы і не настане. Вядома, гэта жарт! Але ж як мы ўсе любім завядзёнку падрахоўваць зробленае за год, ужо амаль мінулы, і ледзь не пад бой курантаў складаць спіс справаў на год наступны. Мы сустрэліся з экспертамі ў музыцы, тэатры, традыцыйнай культуры, мастацтве, літаратуры і кіно, каб згадаць самыя важныя культурніцкія падзеі ды трэнды 2024-га ды скласці спіс пажаданняў на 2025-ы.
Публікуем поўны тэкст дыскусіі.
Змест
Беларуская Рада культуры
Кіно
Літаратура
Музыка
Тэатр
Традыцыйная культура
Арт
Кіраўнік Беларускае Рады культуры Сяргей Будкін: “Культура – тое, што робіць нас уласна намі”
– Падзеі 2024 году пацвердзілі, што з беларускай культурай усё ў парадку. Яе не замяцеш пад плінтус, не забароніш, не падначаліш. Яна паўсюль, яна ў нас, яна робіць нас уласна намі. Вельмі важна, што мы – усе, незалежна ад таго, дзе знаходзімся і дзеім на карысць беларускае прасторы. Яна ёсць агульнай і для тых, хто з’ехаў, і для тых, хто застаецца ў краіне.
Таму для нас гэтак важна казаць пра значнасць культуры на ўсіх узроўнях і, адпаведна, шукаць ды знаходзіць рэсурсы на праекты беларускіх творцаў. Гэтак важна спрыяць з’яўленню новых ідэяў і падтрымліваць дзейнасць новых супольнасцяў у розных сферах. Толькі супольныя справы могуць гарантаваць развіццё і ўстойлівасць беларускіх культурніцкіх ініцыятываў. Таму гэтак важна даследаваць патрэбы ды аналізаваць культурнае поле, спрыяць адукацыі і пашырэнню кантактаў беларускіх творцаў ды менеджараў. І, вядома, дапамагаць творцам, якія аказаліся ў складаных жыццёвых абставінах.
Я вельмі ўсцешаны, што Беларуская Рада культуры спрычынілася сёлета да шмат якіх важных ініцыятываў. Вылучу наступныя:
- першы выпуск Школы арт-менеджменту;
- праект “Беларускія магістраты” і старт Клубу беларускіх мецэнатаў – мадэлі фінансавання культурніцкіх ініцыятываў прыватнымі донарамі;
- падтрыманне Sekktor (праз стварэнне ўэб-платформы) і кам’юніці “Культурны код”;
- праца нашага аналітычнага аддзелу і кірунку экстраннае дапамогі;
- праект “Васьміног”, які даў жыццё шматлікім адукацыйным ініцыятывам;
- вядома ж, праграму ArtPower Belarus, якую мы рэалізуем разам з Дацкім інстытутам культуры.
Пра кожную са згаданых лініяў можна апавядаць шмат, але спынюся акурат на ArtPower Belarus і дам адказ на хіба самае папулярнае пытанне: каго ж падтрымалі?
Адмыслова да гэтае сустрэчы мы падрыхтавалі звесткі пра асноўныя сферы падтрымання (пра якія пойдзе гаворка і сёння падчас гэтага круглага стала) з прыкладамі падтрыманых праектаў. Вынікі ArtPower Belarus мы падвядзём у лютым 2025-га, калі праект завершыцца.
Не так даўно ў межах ArtPower Belarus мы таксама прэзентавалі даследаванне стану культурніцкага поля на сёння. 266 арганізацыяў, што працуюць у сферы, – для мяне гэта галоўная лічба. Публічная версія даследавання даступная на нашым абноўленым сайце. Там сама вы знойдзеце публікацыі, агляды і дакументы, якія дапамогуць лепей разабрацца ў тым, што адбываецца ў беларускай культуры.
Кінакрытык, сузаснавальніца прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас” і Беларускае незалежнае кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч: “Пасля 2020 году падзел беларускага кіно стаў катэгарычным”
– Вынікі 2024 году ў кіно, магчыма, не будуць вельмі святочныя.
100: столькі гадоў споўнілася беларускаму кіно сёлета 17 снежня.
1: столькі поўнаметражных ігравых беларускіх фільмаў выйшла ў незалежным кіно на вялікім экране ў 2024 годзе.
3: столькі незалежных кінафэстаў прайшло за год.
4: столькі стужак “Беларусьфільму” ўзнагароджаныя журы на фестывалі “Лістапад”, які “Беларусьфільм” жа і арганізоўвае.
13: столькі беларускіх фільмаў адзначаныя Беларускаю прэміяй кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у лютым на Еўрапейскім кінарынку Berlinale.
7: столькі новых кінапраектаў бралі ўдзел у пітчынгу беларускіх аўтараў на Еўрапейскім кінарынку Berlinale, і 10 (з іх 9 ігравых) адабраныя на наступны пітчынг, што адбудзецца налета.
Беларускаму кіно сёлета споўнілася 100 гадоў (гл. 50 найлепшых беларускіх фільмаў), і гэтае стагоддзе нашае кіно сустрэла такім падзеленым, якім яшчэ ніколі не было. Большасць з гэтых ста гадоў прыпала на савецкі час, калі фактычна існавала манаполія з боку кінастудыі “Беларусьфільм” (працавала пад рознымі назвамі). Ва ўжо незалежнай Беларусі з’явілася і выразнае незалежнае кіно, тады дзяржаўная кінастудыя і незалежнае кіно перасякаліся, існавалі ў адной прасторы ды на адных пляцоўках. А пасля 2020 году гэты падзел стаў катэгарычным.
Тэндэнцыі, якія датычаць кіно на дзяржаўныя грошы (кіно “Беларусьфільму”), наступныя.
- Усё большая інструменталізацыя для мэтаў прапаганды і ўсё больш цесныя сувязі з расійскімі калегамі. Новы міністр культуры цытуе словы Леніна пра кіно як найважнейшае з мастацтваў, “Беларусьфільм” паспеў перайсці да стварэння адкрыта прапагандысцкіх фільмаў (напрыклад, скіраваная супраць Польшчы стужка “На другім беразе”, 2023).
- Кінафестываль “Лістапад” больш не лічыцца святам кіно, мастацтва тут не выглядае крытэрам, затое праграмы адлюстроўваюць вонкавую палітыку рэжыму.
- Рэй вядуць нікому не вядомыя расійскія рэжысёры. “На другім беразе” быў зняты Андрэем Хрулёвым, у фільме граюць расійскія акторы. Стужку “Чорны замак” (2024) паводле Караткевіча здымаў Кірыл Кузін, расійскі рэжысёр, якога не ведае нават Google. Міністр культуры паабяцаў праект, “які сапраўды прагрыміць”. Паглядзім, хто станецца ягоным рэжысёрам.
Што датычыць незалежнага кіно, яно застаецца прастораю спарадычных перамог, і ў гэтым сэнсе тэндэнцыі, агучаныя мною летась, застаюцца актуальныя сёлета.
- Кіношнікі трымаюцца беларускіх кінасупольнасцяў за мяжою, пашыраецца кінаакадэмія, а BFN ладзіць маштабны з’езд кінематаграфістаў каля Берліну. І па-ранейшаму фільммэйкеры шукаюць спосабы існавання ў новых умовах, проста гэты працэс і гэтая дыскусія прасунуліся далей.
- Па-ранейшаму беларускія рэжысёры і кінапраекты не могуць разлічваць на пачатковае фінансаванне ад сваёй краіны альбо таго, што б у пэўны спосаб яе замяняла, а праграма ArtPower Belarus у першую эдыцыю падтрымала збольшага калякіношныя праекты. У гэтым стане разгубленасці і набалеласці мы працуем над дарожнымі мапамі для Еўразвязу ды абмяркоўваем іншыя магчымыя шляхі паўстання фонду, але пакуль усё – хутчэй, фантазіі, чымся патэнцыйная рэальнасць.
Што мы страцілі за гэты год і што здабылі? Самая крыўдная страта, на мой погляд, – страта людзей, прафесіяналаў, якія вымушана сыходзяць альбо ў простыя жанры, альбо ўвогуле з прафесіі, замест таго каб распрацоўваць уласныя дакументальныя ці ігравыя праекты. Пры гэтым часта яны маюць ідэі, напрацоўкі, але не маюць фінансавання. Таму страта – гэта ўсё, што не запусцілася, не працягнулася, не завяршылася праз неспрыяльныя ўмовы, усё, чаго мы з вамі ў выніку не пабачым на вялікім экране.
Пры гэтым у нас ёсць пазітыўны прэцэдэнт – фільм Мары Тамковіч “Пад шэрым небам”, зняты беларускай і пра Беларусь, але на грошы з польскага бюджэту. З аднаго боку, маем рэальны прыклад таго, як кінавытворчасць можа працаваць у найбліжэйшай перспектыве, з другога – Мара ўсё-ткі хутчэй выключэнне, чымся правіла: яна грамадзянка Польшчы, мае багаты досвед працы ў польскай кінаіндустрыі, таму ейны прыклад не абавязкова зможа быць увасоблены шырока.
Радуе, што ў беларускіх кіношнікаў з’яўляюцца традыцыі, свае практыкі ў новай рэальнасці. Гэтак, сёлета адбылася ўжо другая эдыцыя прэміі беларускіх кінакрытыкаў, якая прайшла ўжо на новым для сябе ўзроўні – у межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю.
Пітчынг кінапраектаў на Еўрапейскіх кінарынку Berlinale падзеяй году для гледачоў назаву прэм’еру фільму “Пад шэрым небам” на фестывалі TriBeCa ў Нью-Ёрку. Таксама значным стаўся кінафестываль Bulbamovie, што адбыўся ў лістападзе і быў прафінансаваны Міністэрствам культуры Польшчы.
Як пажаданне на наступны год – стварэнне Фонду кіно для беларускіх аўтараў.
Прэс-сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар bellit.info Ціхан Чарнякевіч: “Вылучаецца прысутнасць знакавых твораў старажытнага эпасу, якія дагэтуль не з’яўляліся па-беларуску”
– Мой прафесійны інтарэс як рэдактара сайту bellit.info збольшага скіраваны на беларускае кнігавыданне ў розных яго праявах, жанрах. Найбольш ён прысвечаны выданню мастацкае літаратуры і кнігам нон-фікшн. У полі майго зроку сёлета былі каля 140 кніг.
Найбольшая іх частка – пераклады, што натуральна для любое краіны. 35 выданняў перакладаў адлюстроўваюць дастаткова шырокую палітру жанраў, але адзначым, што ў 2024 годзе вылучаецца прысутнасць знакавых твораў старажытнага эпасу, якія дагэтуль не з’яўляліся па-беларуску. Перш за ўсё гэта праца Лявона Баршчэўскага, які апублікаваў “Іліяду”, “Эпас пра Гільгамеша” і эпас мая “Попаль Вух”. Таксама працягвалася выданне скандынаўскага эпасу ў перакладах Яўгена Папакуля. З самых папулярных моваў, з якіх перакладаліся кнігі, вылучаюцца англійская, нямецкая, польская і ўкраінская. З дастаткова рэдкіх – бачнаю становіцца літоўская (выйшла ўжо некалькі выданняў яркае сучаснае прозы). Наагул проза ў перакладах – асноўны жанр. Бачная прысутнасць сусветна вядомых аўтараў – Стывэн Кінг, Джон Толкін, Эрых Марыя Рэмарк, Агата Крысці, – скіраваная на масавага чытача.
Што датычыць беларускіх выданняў, то сёлета выйшлі 20 кніг вершаў і 15 прозы. Відавочна, проза – у крызісным стане, бо напісанне аб’ёмных тэкстаў патрабуе адпаведных высілкаў. Галоўнымі празаікамі году назаву Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Дубаўца і Вінцэся Мудрова, якія выдалі па дзве кнігі. У паэзіі галоўным выдавецтвам застаецца берлінская ініцыятыва Дзмітрыя Строцава hochroth minsk, дзе выйшлі 8 кніг. З паэтычных зборнікаў варта адзначыць кнігу вершаў Сяргея Прылуцкага “Нічога нястрашнага”, напісаную па слядах перажытага ў час акупацыі Бучы. Яркімі паэтычнымі выданнямі году назваў бы “Залатое” Наталлі Кучмель, “Дзікае паляванне караля Стаха, вершы для оперы” Андрэя Хадановіча і “Без Айчыны” Уладзіміра Някляева.
Наагул, калі разглядаць уласна беларускія выданні, то ў паэзіі толькі 25 % кніг выйшлі ў Беларусі, у прозе – адна траціна. Суадносіны перакладаў: 50 % на 50 %.
Большасць кніг навукова-папулярнае літаратуры і нон-фікшн за год выдалі ў Беларусі: тут пабачылі свет 12 з 22 кніг. Навуковая літаратура па-ранейшаму падтрымліваецца дзяржаўным кнігавыдавецкім сегментам і ёсць прастораю, дзе яшчэ магчыма здзяйсняць культурніцкія праекты. У гэтай сферы выходзяць кнігі, адстароненыя ад прапаганды, таму яны не судакранаюцца з палітычнымі чыннікамі. Гаворка хутчэй аб практыках кансервацыі, калі культура і гісторыя разглядаюцца як бяспечныя толькі ў рэтраспектыўным наратыве. Найбольш кніг у гэтым сектары прысвечаныя традыцыйнай культуры, этнаграфіі, фалькларыстыцы. З фундаментальных навуковых выданняў году варта адзначыць энцыклапедычны даведнік “Кніга могілак. Беларускія пахаванні за мяжой” Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў Янкі Саламевіча, кнігу ўспамінаў пра Алеся Разанава “Праз сябе да Сусвету” і “«Савецкую Беларусь» пад рэдакцыяй Міхася Чарота” аўтарства Ганны Севярынец.
У галіне шматмоўнае літаратуры вылучаецца дзейнасць выдавецтва “Мяне няма”, дзе сёлета збольшага выходзяць кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі па-расійску. Таксама з’явіліся пераклады расійскамоўнага папулярнага аўтара Сашы Філіпенкі і кнігі на палескай гаворцы, а таксама зборнік вершаў на ідыш.
У дзіцячай літаратуры большая частка кніг – 14 з 21 – выдадзеная беларускімі аўтарамі, траціна кніг – пераклады. Падлеткавае літаратуры, як і летась, вельмі мала. Наагул добрых дзіцячых кніг пакуль што выходзіць менш, чымся хацелася б. Гэта абумоўлена тым, што беларускім выдаўцам у замежжы складана працаваць над такімі кнігамі праз дарагавізну паперы і друку, праз немагчымасць аплаціць якасныя ілюстрацыі. У той жа час замежнае падтрыманне дзіцячае кнігі на беларускай мове сёлета заўважна невялікае, таму перакладных кніг дастаткова мала.
Культурніцкая менеджарка і музычная журналістка Алена Варанец: “Кожны дзеіць паасобку і робіць справу так, як бачыць сам”
– Год быў багаты на выбітныя музычныя рэлізы, і гэта ёсць найбольшым скарбам ды вынікам году. Сярод прыкладаў: рэлізы Intelligency і Zui, міні-альбомы Koob і “Мутнаевока”, дэбютнікi праектаў Parus і VVaxplay. Першы беларускамоўны альбом выпусціла “Пятля прыхільнасці”, што паўплывала не толькі на музыку, але і на беларусізацыю прасторы ў цэлым. Файныя альбомы выйшлі ў гуртоў “Молчат дома” і Nürnberg. Поспехі беларускага пост-панку ўжо зрабіліся чымсьці звыклым, але я ўсё ж прапаную не абмінаць іх увагаю. Сёлета гэтыя музыкі мелі вялікія еўрапейскія туры, зайгралі некалькі канцэртаў у Кітаі, дзе даволі складана сабраць публіку ў прынцыпе. Nürnberg да таго ж даехалі да Лацінскай Амерыкі.
Прыемная тэндэнцыя 2024-га, якая пачынае вымалёўвацца, – павелічэнне выпадкаў супрацы беларускіх артыстаў з замежнікамі. Напрыклад, гурт “Союз” запісаў сінгл са шведскім музыкам Свэнам Вундэрам і спявачкай Ашай Путлі з Індыі. Падляшскі дуэт Sw@da і Niczos запрасілі на фіт спявачку з Анголы. Palina напісала музыку для французска-мараканскага брэнду адзення Casablanca, а польскі Vogue напісаў артыкул пра беларускі дзявочы хор Spievy. Усё гэта чакана цэнтруецца ў эміграцыі, і, хоць мы доўга ішлі ў нязвыклы для беларусаў кантакт, абставіны зрабілі сваю справу. І ўсцешна, што мы не замыкаемся на сабе.
Менш станоўчая тэндэнцыя музычнага кірунку – яго хаатычны рух. Кожны дзеіць паасобку і робіць справу так, як бачыць сам. Не першы год гэта ёсць праблемай. У музыкаў гэтак і не аформілася профільнай арганізацыі, можна згадаць толькі вобмаль ініцыятываў, якія яднаюць. Памкненні займець пэўную прадстаўнічую ролю былі ў суполкі Belarus Outside Sound System. Яны здолелі правесці колькі івэнтаў і запусціць тэлеграм-канал, дзе збіраюць абвесткі з магчымасцямі для музыкаў. Але пакуль гэта ўсё. Наколькі я ведаю, Belarus Outside Sound System мае пэўныя планы і задумы, але пакуль не можа знайсці для іх фінансавання. Было б усцешна, калі б усё атрымалася налета, і гэта адно з маіх галоўных жаданняў і чаканняў.
Трэцяя і самая непрыемная тэндэнцыя – абмежаванні для выступаў у Беларусі. Сітуацыя не новая, заўважныя цяжкасці пачаліся яшчэ ў 2022-м, калі быў уведзены рэестр арганізатараў – спіс тых, хто можа ладзіць канцэрты. За гэты час людзі здолелі пазнаходзіць партнёраў з гэтага спісу ці пасярэднікаў сярод дзяржаўных установаў. Але за апошнія месяцы сітуацыя значна пагоршылася. Стала павялічвацца колькасць адмоваў у выдачы гастрольных пасведчанняў, зацягваюцца тэрміны разгляду. Гэта, безумоўна, моцна перашкаджае, і альтэрнатыўных імпрэзаў адбываецца няшмат.
У супрацьвагу: з поспехам праходзяць канцэрты расійскай эстрады і поп-музыкі. І гэта не толькі прымусовыя дзяржаўныя рэчы кшталту “Славянскага базару ў Віцебску”. Сёлета ў Беларусі з’явілася некалькі новых камерцыйных фэстаў, дзе лайн-ап збольшага расійскі, і кожны з іх сабраў вялікую колькасць слухачоў. Рэкорд – традыцыйна ў фестывалю Viva Braslav: туды прыязджаюць каля 30 тысячаў чалавек. Каб было зразумела, якая музыка там грае: Максім, Крысціна Сі, Клава Кока…
Рок-фестываль “Солнцестояние” ў Пружанах, у лайн-апе якога былі Кіпелаў, Самойлаў і Бабунец, сабраў больш за 20 тысячаў чалавек. А вось што піша адзін незалежны беларускі музыка ў сваіх сацыяльных сетках (дзеля бяспекі не называю ягонага імя): “Запіс быў зроблены на кватэрніку ў Мінску. Прысутнічалі 15 чалавек”.
Не хочацца, каб агульная карціна падавалася выпаленай зямлёй, і так не ёсць. Людзі сапраўды часам робяць немагчымае, нават ідуць на рызыкі. Але тое, што займацца музыкай у Беларусі цяпер вельмі цяжка, – гэта факт.
Вяртаючыся да пазітыву, назаву топ-3 артыстаў гэтага году:
- гурт “Пятля прыхільнасці” – за дэбютны беларускамоўны альбом і суперпазіцыю;
- гурт “Молчат дома” – за сусветны поспех і за рэкордную колькасць спрэчак адносна беларускае музыкі ў інфапрасторы;
- дзявочы фолк-дуэт Ralla, якіх я лічу адкрыццём году, – за тое, што здолелі зачапіць фолкам нават тых, хто не любіць фолку.
І што да пажаданняў на будучыню. Дадам сюды з’яўленне любых вонкавых ініцыятываў ды ідэяў, якія б запускалі музычны рух. Апроч уласна рэлізаў, гэта могуць быць артыкулы, крытыка, рэйтынгі, конкурсы, супраца з іншымі сферамі культуры і некультуры, любыя спецпраекты. Цяпер у сферы музыкі шчыруюць пераважна самі музыкі. Далучэнне кагосьці яшчэ паспрыяе жыццю.
Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч: “Назіраем на сцэне вечны 2020-ы”
– Давайце прыгадаем, што адбывалася ў беларускім тэатры летась. Мы адзначалі пяць тэндэнцыяў:
- абнуленне (адмова ад спадчыны 2010-х гадоў) і – як яе працяг – перапісванне гісторыі (выкрэсліванне адусюль імёнаў “непажаданых творцаў”);
- уплыў Расіі (гастролі айчынных калектываў па гэтай краіне, візіты ў адказ, пастаноўкі ў нас п’есаў расійскіх драматургаў і прасоўванне расійскае тэматыкі);
- увага да ваеннае тэмы ў рэпертуары;
- русіфікацыя (адмова ад беларускамоўных спектакляў на карысць расійскамоўных).
Усе гэтыя тэндэнцыі засталіся актуальныя і ў 2024-м. Больш за тое, яны рызыкуюць застацца актуальнымі і для 2025-га. Аднак сёлета былі і свае адносныя навінкі.
Актыўныя рэпрэсіі. Ёсць уражанне, што рэпрэсіі ў тэатральнай сферы сталі больш актыўнымі і, у параўнанні з мінулым годам, больш уплываюць на тэатральны працэс.
6: столькі спецыялістаў у лістападзе былі звольненыя або пакінулі Рэспубліканскі тэатр беларускае драматургіі. Гэта Максім Брагінец, Дзмітрый Давідовіч, Арцём Курэнь, Павел Шыкуноў, Ганна Семяняка і Дзяніс Аўхарэнка. Гэта прывяло да знікнення з рэпертуару 7 спектакляў. Мы страцілі РТБД у сваім цяперашнім выглядзе. Гэта ўжо іншы тэатр з іншым рэпертуарам.
5: колькасць тэатраў, у якіх з 2020 году не змянілася кіраўніцтва. У Беларуcі на сёння існуюць 28 тэатраў. З іх ранейшае кіраўніцтва засталося толькі ў пяці. Гэта два сталічныя (Горкаўскі і Кінаактора), адзін абласны (Гродзенскі лялечны) і два рэгіянальныя (Палескі, што ў Пінску, і Слонімскі). Натуральна, не ўсе прыклады змены кіраўніцтва звязаныя з палітыкаю, але мы сталіся сведкамі кадравае рэвалюцыі. Ніхто з навічкоў не прывёў сваіх калектываў да росквіту і прарыву. Калі пры іх сітуацыя не пагоршылася – ужо добра.
Кадравы дэфіцыт. Напрыклад, у красавіку дырэктара сталічнага Тэатру лялек Дзмітрыя Сямёнава адправілі на павышэнне ў Мінскі гарвыканкам. Пасада засталася вакантнаю да кастрычніка, калі яе заняла выкладніца Акадэміі мастацтваў Таццяна Тоўсцік. Яшчэ раней, у сакавіку, быў звольнены дырэктар Музычнага Сяргей Пукіта. І на момант публікацыі гэтых вынікаў пасада вакантная. Як мінімум з лета, пасля звальнення Дзмітрыя Гарэліка, вольная пасада дырэктара Гомельскага тэатру лялек. Атрымліваецца, што ніякага кадравага рэзерву няма, ахвотных заняць пасады – таксама. Але звальненні працягваюцца.
Апошнім часам усё больш актораў не могуць працаваць паводле спецыяльнасці. У Беларусі – праз рэпрэсіі або/і фактычную забарону на дзейнасць прыватнага тэатру, у замежжы – праз адсутнасць фінансавых магчымасцяў. Назіраем масавы адплыў актораў у адукацыю і стварэнне велізарнае колькасці тэатральных гурткоў і студыяў. Гэта дазваляе ім (хоць часткова) заставацца ў прафесіі і спадзявацца, што ў будучыні на сцэну прыйдуць новыя кадры.
У Беларусі ўсё большаю папулярнасцю карыстаюцца напалову аматарскія калектывы (Інклюзіўны тэатр “І”, “So.Временник”, Тэатр на Нямізе). У двух апошніх большая частка актораў не мае вышэйшай тэатральнай адукацыі, іхная адукацыя абмяжоўваецца тэатральнаю школаю (раней для сталічных калектываў гэта было нонсэнсам).
Працягваюць актыўна стварацца пастаноўкі, прысвечаныя 2020-му. З аднаго боку, падзеі 2020-га – істотная тэма, якая дасюль баліць. З другога – праз акцэнт на ёй бачым штучнае звужэнне тэматыкі патэнцыйных спектакляў, назіраем на сцэне вечны 2020-ы. Між тым жыццё не стаіць на месцы, з’яўляецца шэраг іншых праблемаў і выклікаў, а тэатр фактычна не прапануе альтэрнатывы.
Пераважная большасць акрэсленых тэндэнцыяў адмоўная. Зазначу таксама асобныя станоўчыя моманты.
У ліпені гэтага году ўлады зліквідавалі беларускі цэнтр UNIMA (Міжнародны звяз дзеячаў тэатраў лялек, афіляваная структура UNESCO). А тэатральны крытык Настасся Панкратава праз перамовы з кіраўніцтвам арганізацыі дамаглася, каб беларускі філіял афіцыйна залічылі ў катэгорыю “ў стадыі сну”, гэта дазволіць у новых варунках хутка аднавіць сяброўства ў звязе.
Па-беларуску выйшлі “Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010–2020” (дасюль выходзілі па-польску). Пры пэўных спрэчных момантах гэтая кніга – істотны крок у вывучэнні айчыннага тэатру і аналізу спектакляў дзясятых гадоў. Ва ўмовах бясконцага абнулення “Нарысы” дапамогуць нашым наступнікам скласці ўяўленне пра тое, што адбывалася ў гэты перыяд.
Яшчэ ў снежні 2023 году ў Варшаве з’явілася новая трупа – By Teatr, створаная айчыннымі акторамі Андрэем і Дар’яй Новікамі, Аляксеем Сапрыкіным, Марыяй Пятровіч ды іншымі. Сёлета By Teatr зарэгістраваўся афіцыйна як фонд, цяпер гэта тэатральнае бюро, якое дазваляе ствараць праекты ў капрадукцыі з польскімі партнёрамі ў іхных прасторах.
Сёлета ў Варшаве прайшоў ужо другі фестываль Inex Fest. Гэты форум ладзіць ініцыятыва Inexkult на чале з Вольгаю Кулікоўскаю (пры падтрыманні Міністэрства замежных справаў Польшчы). У цяперашніх турбулентных умовах любы праект, які не спыняецца пасля дэбюту, а працягваецца і робіцца традыцыяй, выклікае пазітыў.
Год таму, падчас падвядзення вынікаў 2023-га, я агучыў пажаданне тэатру захавацца да лепшага часу. Думаецца, гэтыя зычэнні актуальныя дасюль.
Адмысловец у фальклоры Вячка Красулін: “Беларускае свята сёння вагаецца ад максімальна набліжанага да аўтэнтычных формаў да маскараднае рэіў-вечарыны ў начным клубе”
– Гэты год багаты на падзеі ў сферы фальклору. Былі як станоўчыя – далучэнне выцінанкі да Сусветнага спісу каштоўнасцяў UNESCO, безліч адзначэнняў традыцыйных святаў у Беларусі і за яе межамі, гэтак і жалобныя – адыход у лепшы свет выдатнае выкладніцы фальклору спадарыні Ларысы Рыжковай, забарона некаторых фальклора арыентаваных імпрэзаў у Беларусі, змяншэнне фінансавання культурніцкага сектару ў галіне традыцыйнае культуры.
Агульная тэндэнцыя – беларусы не даюць знікнуць фальклорнай спадчыне, ладзяць абрадавыя святы на радзіме і ў эміграцыі, падтрымліваюць носьбітаў фальклору і не даюць згаснуць душы беларускага народу.
У параўнанні з пачаткам новае хвалі беларускае міграцыі, што распачалася ў 2020 годзе, усё больш спецыялістаў і аматараў у галіне фальклору пераязджаюць у іншыя краіны, пры гэтым працягваючы прафесійную і аматарскую дзейнасць. Гэтак нараджаюцца новыя культурніцкія фальклора арыентаваныя ініцыятывы (этнацэнтры, музычныя капэлі, спеўныя гурты). Таксама прасочваецца тэндэнцыя зацікаўленасці беларускай эмігранцкай супольнасці ў далучэнні да нацыянальна арыентаваных праяваў культуры ў беларускай супольнасці. Людзі, якія дайшлі да беларускае мовы і зацікавіліся ўласнай культурай у 2020-м, ужо ў эміграцыі імкнуцца працягнуць працэс далучэння да беларускае супольнасці і прыходзяць да знаёмства з фальклорам.
На 2024 год можна выразна вылучыць два вялікія цэнтры актыўнасці сферы – Варшаву і Вільню. Менавіта тут адбываецца велізарная колькасць імпрэзаў, звязаных з традыцыйнаю культураю беларусаў. Вельмі натхняе сітуацыя з беларускімі супольнасцямі ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Грузіі, Нарвегіі, Вялікай Брытаніі, ЗША. У гэтых краінах існуе шмат ініцыятываў, якія імкнуцца ладзіць традыцыйныя святы і нават запрашаць выканаўцаў з іншых дыяспараў.
Заўважаем вялікую папулярнасць Купалля і Калядаў. Часта форма адпраўлення гэтых абрадаў можа не захоўваць традыцыйных элементаў, нейкія часткі святаў змяняюцца ці ўвогуле пакідаецца толькі назва, пры гэтым змест можа трансфармавацца як заўгодна – ад максімальна набліжанага да аўтэнтычных формаў і да правядзення маскараднае рэіў-вечарыны ў начным клубе (тым не менш прымеркаванае менавіта да традыцыйнага беларускага свята). І гэта надае надзеі, што праз мэйнстрымавыя формы ўжывання элементаў традыцыйнае культуры грамадства дойдзе і да больш архаічных яе праяваў.
Прыкладам, на калядны перыяд 2024–2025 у Вільні адбываюцца каля 20 імпрэзаў рознае скіраванасці, разлічаных на розныя аўдыторыі і густы. І, на маю думку, гэта выдатна, бо паказвае разнастайнасць падыходаў да ўспрымання ды асэнсавання фальклорнае спадчыны.
Персоны, творчыя калектывы, супольнасці году:
- этнацэнтр “Світанак” (Вільня),
- спеўны гурт “Беларускі цуд” (Вільня),
- Сяржук Доўгушаў і спеўны гурт “Касары”,
- “Беларускае мора” (Клайпеда).
Топ-3 падзеяў:
- нефармальнае Купалле ў Варшаве на беразе Віслы;
- Купалле беларускага клубу “Сябрына” на беразе Вяллі з гуртамі “Беларускі цуд”, “Гоман”, “Світанак”, “Ойра” (імпрэзу наведала Святлана Ціханоўская);
- вяртанне “Спеўнага сходу” на чале з Сержуком Доўгушавым.
Аглядаючыся на 2024 год, можна дакладна сказаць, што за межамі Беларусі яе жыхары працягваюць дзейнасць у рэтрансляцыі сваёй традыцыйнай культуры, гэтыя інтэнцыі пяройдуць і ў 2025-ы. Упэўнены: беларуская ідэнтычнасць не згубіцца і не растворыцца ў эміграцыі. Вельмі хочацца, каб у 2025 годзе беларускія фальклорныя гурты і ініцыятывы часцей бралі ўдзел у міжнародных імпрэзах тэматычнае скіраванасці, таму зычу калектывам наладзіць працу з менеджментам і фінансаваннем – часам бракуе менавіта гэтага. Як у Беларусі, гэтак і за яе межамі выканаўцам самым даводзіцца шукаць шляхі фінансавання ды арганізоўваць лагістычныя разлікі для сваіх выступаў ды агульнае рэпрэзентацыі.
Тым не меней культурніцкі фальклорны сектар жыве перадусім дзякуючы таму, што беларусы хочуць заставацца беларусамі. То будзем жыць!
Мастак і куратар Андрэй Дурэйка: “У час дэгуманізацыі і расчалавечвання мова цела робіцца асабліва запатрабаванаю”
– Палітыка не перастае адбівацца ў мастацтве. І калі за межамі Беларусі мы працягваем бачыць яркія крытычныя палітычныя, антываенныя і сацыяльна скіраваныя праекты, то ў самой краіне гэта стала амаль немагчыма. Сённяшняе беларускае мастацтва карыстаецца прыладамі з мінулага: андэграўнд, партызанінг, субкультура і ананімнасць сталіся нормай, а кватэры, офісы і лес – прастораю для незалежнага мастацтва.
Усё болей відавочным стаўся трэнд закладніка, пра гэта адкрыта і з зaдавальненнем сведчаць як рэжым, гэтак і праўладныя медыі. Але, на жаль, і на індывідуальным узроўні такі расклад робіцца прымальным. Актуальнаю застаецца тэма рэпрэсіяў, а палітычныя вязні – галоўным брэндам беларускасці. Важна таксама, што ў буйных беларускіх праектах працягвае гучаць тэма салідарнасці з Украінаю.
Беларускае жаночае мастацтва застаецца на пярэднім краі, не страціўшы здабыткаў феміністычнага досведу і пратэснага руху апошняга дзесяцігоддзя. Мастачкі сёння – самая актыўная і рэпрэзентатыўная група, якая гучыць у такт агульным падзеям свету і трапляе ў шмат якія інтэрнацыянальныя праекты.
Перфарматыўнасць і акцыянізм як трэнд. Пераадоленне хворага дэпрэсіўнага стану, псіхалагічных траўмаў, болю, новага досведу, прыватных трагедыяў, непрадказальнасці будучыні – усё гэта штодзённыя тэмы беларускіх артыстаў. Магчыма, менавіта ў час дэгуманізацыі і расчалавечвання мова цела робіцца асабліва запатрабаванаю.
Што мы страцілі за гэты год і што здабылі? Страта часу і патэнцыялу, на жаль, не навіна. Энергія наступнага пакалення ідзе на барацьбу, супрацьстаянне гвалту і сімуляцыйнай архаіцы, за якою не стаіць амаль што нічога, акрамя прымітыўнага трымання за ўладу і імкнення выжыць.
На жаль, губляюцца магчымасці для аб’яднання і супольнае дзейнасці. І хаця сёлета не было арганізавана вялікіх агульных выставаў беларускага мастацтва, яно было рэпрэзентаванае на Венецыянскім біенале, імёны беларускіх мастакоў гучалі на іншых значных пляцоўках свету. У нейкім сэнсе выключэннем сталася арганізацыя фестывалю фатаграфіі PhotoArtDoc, які яб’яднаў дзясяткі фатографаў і куратараў з абодвух бакоў мяжы.
Лічба году: 565. Столькі падзеяў адбылося сёлета ўва ўсім свеце з удзелам беларускіх мастакоў. Гэта біенале і фестывалі, музейныя і галерэйныя выставы, перформансы, гэпэнінгі і акцыі, інтэрвенцыі і вулічнае мастацтва, прэзентацыі і даклады, адкрыццё новых арт-прастораў і парталаў. Толькі 73 арт-праекты былі зрэалізаваныя ў Беларусі. З аднаго боку, гэта даволі трагічная прапорцыя, якая яшчэ больш падкрэслівае праблему як для аб’ектыўнага даследавання, гэтак і абмежаваных магчымасцяў для звыклага гледача. З другога – сведчыць пра вялікую здольнасць, патэнцыял і жыццяздольнасць незалежнага беларускага мастацтва, якое ў такіх складаных варунках падзелу і вымушанай эміграцыі праяўляе, напэўна, найбольшую актыўнасць за мяжою за ўсю гісторыю.
Важныя падзеі 2024 году:
- удзел беларускіх артыстаў у біенале і фестывалях, у тым ліку ў Венецыянскім, дзе ў асноўную праграму ўвайшоў куратарскі праект Аляксандра Новікава і Алены Карпілавай з гэпэнінгам “Дзеці паўсюль”; у паралельнай праграме ўзялі ўдзел Леся Пчолка, выстава The Other Session і Даша Біран / Аrt project Revolution у праекце Apolidia;
- праект “Відчуття безпеки / Sense of Safety”, створаны вялікаю камандаю беларускіх куратарак і куратараў з Antiwarcoalition.art / Аляксандр Камароў, Антаніна Сцебур, Максім Тымінько і Ambasada Kultury / Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава у супрацы з украінскімі калегамі з Таццянай Качубінскай і “ЄрміловЦентр” у Харкаве.
Ала Савашэвіч за гэты год – напэўна, самая актыўная постаць у беларускім мастацтве: зрэалізавала шэраг персанальных выставаў, брала ўдзел у групавых праектах. А ў канцы году намінаваная на прэстыжную польскую ўзнагароду Paszport Polityki. Свае праекты мастачка рэалізуе ў скульптуры, інсталяцыі, відэаарце, перформансе.
З уласных новых адкрыццяў вылучу мінскага мастака Ігара Нікалаенку з ягоным канцэптуальным праектам “Я не нуджуся” ў Музеі Азгура ў Мінску.
Думаецца, што 2025 год станецца часам індывідуальнасцяў. Індывідуальныя мастацкія стратэгіі будуць дамінаваць над калектыўнымі. У сённяшняй сітуацыі крызісу нам патрэбная не столькі рэфлексія, колькі візіянерства. І гэтае пытанне, як і ўважлівы позірк, заўсёды скіраванае на працу мастака.
Шкада, што мы не маем сапраўднага музею беларускага сучаснага мастацтва. Трохі наіўна думаць, што магчыма паяднаць гэтым праектам дзве сталіцы беларускага актуальнага арту – Варшаву і Берлін. Але, калі ўявіць аб’яднанне канцэпцыі ОМ / Open Muzej з прасторавым рэсурсам Музею Вольнае Беларусі, падтрыманым праграмаю куратарскае кааперацыі, то можна было б марыць пра сапраўдную рэпрэзентацыю сучаснага беларту.