IMG-20250520-WA00395

Канферэнцыя Impact – пошук іншай стратэгіі для кантактаў з бізнесам

Беларуская Рада культуры ўзяла ўдзел у адной з найбуйнейшых міжнародных падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая аб’ядноўвае лідараў з  кам’юніці бізнесу, тэхналогій, палітыкі, культуры, навукі і грамадзянскай супольнасці.

Канферэнцыя Impact ладзіцца штогод у Познані і дае магчымасць абмеркаванню глабальных выклікаў і інавацыйных рашэнняў у розных галінах. 

Сярод ключавых тэм канферэнцыі: штучны інтэлект, лічбавая трансфармацыя, індустрыя 5.0, абарона і кібербяспека, зялёная эканоміка, здароўе і псіхалагічны дабрабыт, будучыня грамадства, правы жанчын, лідарства, культура і іншыя.

Прадстаўніца Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая адзначыла, што на такім вялікім форуме тэме культуры адвялі даволі сціплае месца:

“Там было 10 сцэн, якія факусаваліся на розных тэмах. Культурніцкі аспект таксама прысутнічаў, але яго было няшмат. Яму было прысвечана паўдня на адной з маленькіх сцэн, да якой мала хто даходзіў. На жаль, такое стаўленне да культуры сталася звычайным”.

На гэта звярнула ўвагу і адна з выступоўцаў, куратарка і мастацтвазнаўца Анда Ротэнберг. Падчас свайго выступу пра месца культуры ў палітыцы яна падкрэсліла, што палітыкі ў сваіх праграмах і поглядах заўсёды не зважаюць на культуру, а потым здзіўляюцца, што культура – адзінае, што застаецца.

Прадстаўніца Беларускай Рады культуры параўнала інтэнсіўнасць выступаў на панэлях з фастфудам, толькі інтэлектуальнага кшталту, бо на аднаго спікера было адведзена каля 4-5 хвілін, за якія складана нават акрэсліць праблему, не тое, што падыскутаваць пра яе рашэнне.

Назваць  пляцоўку Impact прыдатнай для пошуку кантактаў складана, бо пасля прамоваў выступоўцы сыходзілі і пакамунікаваць з імі наўпрост не атрымлівалася. Аднак для таго, каб зразумець працэсы, у якіх узаемадзейнічае бізнес і іншыя сферы — гэтага хапала. 

“Так я даведалася, што кампанія Orlen (сетка заправак і паштовы сэрвіс) спансуе культуру. У іх ёсць праграма Art&Science для культурніцкіх і навуковых праектаў. Гэта мне стала зразумела з выступу. А проста падысці і пагаварыць немагчыма, бо ў выступоўцаў усё распісана пахвілінна. Камунікацыя вядзецца праз апку, дзе можна пабачыць усіх удзельнікаў, скласці спіс патэнцыйна цікавых кантактаў і паспрабаваць прызначыць сустрэчу падчас мерапрыемства. Калі паспееш прызначыць сустрэчу.

“І для такіх момантаў трэба мець крыштальна зразумелы elevator pitch ‘падагнаны’ пад суразмоўцу.”

То бок калі ты не маеш добрасфармуляванага адказу на пытанне “а мне што з гэтага”, то сэнсу ў гэтым няма. Таму нам варта грунтоўна папрацаваць над тым, каб умець запітчыць польскаму бізнесу беларускую культуру”, – падкрэсліла Эліна.

І такі падыход  вельмі адрозніваецца ад таго, як мы прызвычаіліся камунікаваць з беларускімі бізнесамі, якія падтрымліваюць культуру праз пакліканне і  сацыяльную адказнасць.

“У польскага боку няма “ўбудаванай” ахвоты падтрымліваць беларускую культуру. Але ў цябе ёсць некалькі хвілін у чарзе па каву ці падчас аўтограф-сессіі пагаварыць з уплывовымі людзьмі, якія альбо мала, альбо зусім не ў тэме стану беларускай культуры. Бо на гэтых сустрэчах бываюць такія выступоўцы як Мішэль Абама, Эстэр Перэль, Джэсі Айзенберг, Валеры Джарэт і іншыя”, – падвяла вынік прадстаўніца Беларускай Рады культуры.

Таксама паглядзіце

Беларуская Рада культуры ўзяла ўдзел у адной з найбуйнейшых міжнародных падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая аб’ядноўвае лідараў з  кам’юніці бізнесу, …

Сустрэча прадстаўніцы Беларускай Рады культуры Алены К. з удзельнікамі Бюро Культуры ў Варшаве дазволіла зразумець прыярытэты мясцовых уладаў у дачыненні да беларускіх творцаў. …