Форум культурніцкіх арганізацый

Форум культурніцкіх арганізацый: пошук механізмаў узаемадзеяння

Як зрабіць так, каб індывідуальныя мары і планы культурніцкіх арганізацый сталі супольнымі — адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі і ўдзельніцы ІІ Форума культурніцкіх арганізацый. 

У ІІ Форуме, арганізаваным Фондам Tutaka і Беларускай Радай культуры, паўдзельнічалі 24 культурніцкія ўстановы: Музей Вольнай Беларусі, Беларускі ПЭН, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, грамадская ініцыятыва “Годна”, арганізацыя “Будзьма беларусамі”, Беларускі Свабодны Тэатр, музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларуская экспертная платформа ў Любліне, праект “Беларускія Магістраты”, Беларускі Моладзевы хаб, Клуб беларускіх мецэнатаў і іншыя.

Цягам двух дзён удзельнікі і ўдзельніцы абмяркоўвалі актуальныя выклікі і праблемы, дзяліліся сваімі планамі і марамі, працавалі ў групах, а таксама прэзентавалі свае ініцыятывы і шукалі шляхі, каб іх узмацніць. Такім чынам асабістыя задачы маюць стаць супольнымі для беларускай культурніцкай супольнасці.

Адна з цэнтральных тэм — фінансавая ўстойлівасць: удзельнікі шукалі альтэрнатывы грантавай падтрымкі, абмяркоўвалі камерцыялізацыю, магчымасці мецэнацтва і развіццё культурнага прадпрымальніцтва. У фокусе была таксама ідэя беларускага брэнду: як выглядае “беларускасць” у свеце, хто яе прадстаўляе, і як рабіць гэта ўзгоднена і эфектыўна.

У адрозненні ад канферэнцый, падчас Форуму акцэнт ставіўся на шчыльнай камунікацыі і супрацы. Так арганізацыі атрымалі зваротную сувязь ад калег наконт уласнай дзейнасці і дасягненняў. 

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін адзначыў, што два дні прайшлі ў плённай і канструктыўнай працы:

“У параўнанні з першым Форумам бачна, як развіваецца працэс і становіцца больш зразумелым для ўдзельнікаў і ўдзельніц. І як мары кожнага з нас могуць цалкам сабе стаць працоўнымі планамі. Вельмі ўдалай была прапанова ад мадэратараў лідарам арганізацый падзяліцца сваімі марамі пра тое, як яны бачаць сваю справу праз тры гады.

“Было дужа цікава пабываць разам у гэтай будучыні, вярнуцца назад і паразважаць, што можна зрабіць, каб тыя мары сталі рэальнасцю” 

Форум у Беластоку стаў магчымым дзякуючы ініцыятыве дэлегавання: на першым, непублічным Форуме, Беларуская Рада культуры прапанавала перадаваць арганізатарскія функцыі адной з удзельніц. Гэтым разам ініцыятыву падхапіў Фонд Tutaka.

“Нам было вельмі цікава, каб Форум адбыўся ў Беластоку, бо для нас гэта была яшчэ і нагода каб удзельнікі і ўдзельніцы пашырылі спектр сваіх ведаў пра беларускую культуру тут, на Падляшшы. Бо не ўсе людзі ведаюць, што тут ідзе вялікая праца па захаванні і развіцці беларускай культуры. Мы маем надзвычай цікавых аўтахтонаў. Так у якасці госця на Форуме прысутнічала мясцовая структура – Цэнтр беларускай культуры. І я спадзяюся, што і надалей мы зможам злучаць гэтыя два светы беларускай культуры”, – падкрэсліў кіраўнік Фонду Tutaka Павел Станкевіч.

Адказнасць за арганізацыю трэцяга Форума на сябе ўзяў Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве. Сустрэча адбудзецца праз паўгода, а кола ўдзельнікаў і ўдзельніц паступова будзе пашырацца: працоўная група прадстаўнікоў і прадстаўніц арганізацый-удзельніц супольна абмяркуюць, каго далучыць. Такім чынам плануецца кожны наступны Форум далучаць 3-5 новых установаў. 

“На Форуме была агучаная ідэя правядзення рэгулярных майстармайнд груп для удзельнікаў культурніцкага працэса. Таксама былі ўтвораныя працоўныя групы для абмеркавання ідэі стварэння Інстытута прамоўцыі Беларусі”, — паведаміў суарганізатар Форума Цімафей Акудовіч.

Форум культурніцкіх арганізацый працягвае фармаваць гарызантальныя сувязі, падтрымліваць узаемадапамогу і ствараць супольную прастору дзеяння для тых, хто захоўвае, развівае і прасоўвае беларускую культуру.

Таксама паглядзіце

Прадстаўнік Беларускай Рады культуры Аркадзь наведаў канферэнцыю Europeana, буйнейшага еўрапейскага агрэгатара культурнай спадчыны ў лічбавым выглядзе. Сярод мэтаў — усталяванне кантактаў для …

21 чэрвеня стала вядома пра вызваленне 14 палітзняволеных з беларускіх турмаў. “Мы рады вітаць са свайго боку вызваленне некаторых палітвязняў, і спадзяёмся, …