Беларуская культура: агляд (травень – жнівень 2022)

Агульная сітуацыя

На парозе Вялікай Цішыні: беларуская кніга ва ўмовах татальнай рэлакацыі

Кіно. Пачатак гісторыі

Беларускі тэатр: бляклае лета

Поп & рок. Рызыка, эскапізм, партызанка

 


Агульная сітуацыя

Наяўны стан беларускай культуры вызначаецца яе геаграфічнаю, палітычнаю, ментальнай і стылістычнаю разарванасцю.

Нават раней, у час адноснай стабільнасці, казаць пра нейкую адзіную культуру можна было толькі ўмоўна. Цяпер – у сітуацыі зацяжнога палітычнага крызісу, расійскай інтэрвенцыі, культурніцкага тэрору ды аварыйнай міграцыі – гэтая ўмоўнасць толькі абвастраецца. Раз’яднанасць культурніцкага рушыць суразмерна разарванасці палітычнага і сацыяльнага.
Дзяржаўныя мадэлі сервільнага культурніцкага крэатыву давялі сваю татальную творчую бездапаможнасць яшчэ ў пачатку нашага крызісу – як на ўзроўні агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, так і падчас разгортвання палявання на “неймаверных”. Стан агульнай стагнацыі і дэманстратыўнай другаснасці, арганічны для культуры аўтарытарнага грамадства, дазваляе ў нашым аглядзе засяродзіцца пераважна на падзеях і асобах не залежнага ад дзяржавы сектару белкульту.

Маем неакрэслены стан з невідавочнымі вынікамі. Ранейшыя патэрны культурніцкай камунікацыі ды крэатыўных альянсаў аказаліся расцярушанымі і нягеглымі. Новых пакуль не відаць. Фактычна адбываецца пашыраная вытворчасць разрываў і прабелаў. Замест агульных матрыцаў нацыянальнай культурнасці маем паскораную атамізацыю культурніцкага поля. Падзяленне яго на асобныя праекты і прыватныя зоны ўплыву.
Адпаведна падвышаецца градус барацьбы за рэсурсы і мэтанакіраваная праектная канкурэнцыя.

Адзіная на ўсіх сітуацыя разбурэння канвенцыяў ды камунікацыяў (як у краіне, так і ў міжнародных кантактах) стварыла для творцаў і культменеджараў праблемнае культурніцкае асяроддзе, пазбаўленае ранейшага камфортнага статусу альтэрнатывы на датацыях айчынных мецэнатаў і замежных донараў.

Як новая тэрыторыя глабальнай культуры сустрэла беларускі незалежны крэатыў? З аднаго боку, творчыя супольнасці і праекты з асяроддзя былой беларускай “нутраной Еўропы”, апынуўшыся за мяжой і аднавіўшы еўрапейскія кантакты, атрымалі відавочны штуршок для росту. Ператварыліся ў незалежныя амбасады культуры. З другога боку, шмат што, прыдатнае ва ўмовах лакальнага спажывання, аказалася нежыццяздольным у больш шырокім кантэксце. Адбываецца натуральная селекцыя, няпростыя практыкаванні ў культурніцкай адаптацыі – выхад у іншыя вымярэнні альбо пераход у стан “нішавага” артыста. Збольшага спрацоўвае інерцыйная творчасць “для сваіх” – новы стары эмігранцкі стайл. Куплеты, фельетоны, стэндап. Хатнія напрацоўкі без якаснага росту.

Зацягнуты творчы крызіс культуры ў выгнанні – а шмат хто са з’ехалых разлічваў на кароткатэрміновую вандроўку і хуткае вяртанне – апошнім часам востра ставіць пытанне пра канцэптуальную ды стылістычную перазагрузку і пошук працоўных схемаў актуальнага існавання.

Тое, што можна назіраць у межах новай беларускай культурніцкай мабільнасці, пазбаўленае агульных арыенціраў і ўцямных мадэляў росту. І выглядае хаатычнымі пошукамі культурніцкай прапіскі ў свеце, які нас не надта хоча. Пакуль пераважаюць спробы прадаць публіцы пазаўчарашнюю беларускую міфалогію – 2020, сторыз пратэстаў і пакутаў. Якія сваім базавым паходжаннем у якасці медыйных эфектаў не падлягаюць доўгатэрміноваму карыстанню. У гэтым раскладзе няма будучыні. Ёсць, у найлепшым выпадку, гераічнае мінулае.

Прынцыповая недабудаванасць беларускага культурніцкага праекту непазбежна стварае “недапечаных” аўтараў, недадуманыя падзеі і недасканалыя тэксты. Іншага ад нашага валізкавага крэатыву і канспіратыўнага андэграўнду чакаць пакуль не выпадае. Канкурэнтаздольнасць у глабальным гіпермаркеце – мэта на заўтра.

А пакуль мы ўсе – незавершаная нацыя. Нашая рэвалюцыйнасць made in 2020 – прыгожы эпізод, які дасюль не пайшоў далей, у сюжэтна паслядоўны ланцуг падзеяў. З іншага боку, шчыруе таталітарная дэструкцыя грамадства. Таксама незавершаная.

Альтэрнатыўны сюжэт яшчэ не склаўся. Таму на сёння гучым пераважна ў фармаце аўтацытавання. Альбо навобмацак працуем на перспектыву: праектуем культуру для лепшай краіны, якой пакуль няма.

Белкульт пераходнага перыяду – досвед самавызначэння ды апгрэйду. Час мазаічнасці. Эпоха асобных клубаў і гурткоў, дасюль не з’яднаных у агульны пазл. Які яшчэ трэба скласці.
Вось чаму нашая тэма на сёння (ды і заўтра) – трансфармацыі культурніцкага поля, зрухі сэнсаў, актуальныя трэнды, стваральнікі новых вобразаў і тэндэнцыяў. Тыя, хто ломіць спарахнелыя шаблоны. І пашырае вагу ды ўплыў актуальнага белкульту.

А таксама варта зразумець, што не спрацоўвае. І як з гэтым жыць.

 


На парозе Вялікай Цішыні: беларуская кніга ва ўмовах татальнай рэлакацыі

Асноўныя трэнды сезону:

  • выразнае расслаенне літаратурнага поля на ўнутры і звонку;
  • імклівае рассеянне па свеце чытацкай аўдыторыі;
  • амаль поўная немагчымасць кнігавыдання ў Беларусі ва ўмовах эканамічнага калапсу і культурніцкага тэрору;
  • неабходнасць выбару паміж публічнасцю і маўчаннем, тоесная выбару паміж паехаць альбо застацца.

Мапа сэнсаў

У канцы лютага 2022 года паскорыўся выцек мазгоў з Беларусі. Калі ў 2020–21 гадах выезд сярэдняга класу ды інтэлектуалаў насіў, хутчэй, індывідуальна-змушаны характар, то з выбухам новай агрэсіі Расіі ва Украіне пераезд зрабіўся маштабна сістэмны, крокам на апярэджанне. У 2021-м праз пагрозу турмы пакрысе выехалі НДА і незалежныя выданні, у 2022-м перад тварам поўнай эканамічнай блакады, звязанай са статусам Беларусі як краіны-суагрэсара, імкліва высяляюцца IT-структуры.

Што на гэтым фоне адбываецца з літаратарамі і выдаўцамі?

Адметна, што мы не можам заяўляць пра масавы ад’езд з Беларусі пісьменнікаў як цэху. Рэлакацыя аўтараў, таемная ці яўная, адбываецца, хутчэй, праз жыццёвыя абставіны, чымся праз немагчымасць ствараць. Гэта вынікае з характару найноўшых (2020–22) рэпрэсіяў.

Нягледзячы на актыўны пераслед асобаў культуры (699 выпадкаў за студзень – чэрвень 2022 года; 98 дзеячаў культуры ў чэрвені 2022-га былі ў ліку 1236 палітзняволеных), наўпрост за творчасць не цярпяць. Прычына атак – грамадзянская пазіцыя, выхад на пратэсты ў 2020-м. Але ёсць адметнае выключэнне – цкаванне літаратурных сэлэбрыці. Тыя адзінкі, хто можа прэтэндаваць на ўплыў, супастаўны з тэлезоркамі ці спартоўцамі, падлягаюць сімвалічным і фізічным чысткам у Беларусі.

“Экстрэмісцкімі” прызналі кніжны праект “Беларуская нацыянальная ідэя”, (зборнік гутарак з публічнымі асобамі, якія зрабілі для “Еўрарадыё” Максім Гаруноў і Зміцер Лукашук) і раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”. Выдавец Андрэй Янушкевіч, які за апошнія гады задаваў тон кніжнага жыцця Беларусі, трапіў на месяц у турму пасля таго, як паспрабаваў адкрыць у цэнтры Мінску кнігарню. У канцы жніўня 2022 года пасля званка журналістаў у Мінкульт стала вядома аб “правяранні на экстрэмізм” кніг Святланы Алексіевіч.

Апроч вышэй згаданых – Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева, Вольга Шпарага: вядомыя аўтаркі ды аўтары, якія апрылюднілі факт свайго выгнання. Публічны статус уцекачоў ад рэжыму дае ім магчымасць выказвацца пра беларускія падзеі ў блогах, на YouTube-каналах, у медыях, на міжнародных кангрэсах і фестывалях, выдаваць кнігі на еўрапейскіх мовах, адвакатуючы Беларусь і нагадваючы пра айчынную літаратуру ў час, калі падзеі ў нашай краіне амаль зніклі з сусветнага парадку. Гэтак, відавочна, што ўлетку 2022-га важнаю місіяй літаратараў, якія захавалі голас, было тлумачыць у свеце розніцу паміж беларускім народам і рэжымам Лукашэнкі.

Новая мабільная: літаратура на валізах

Да немінучага рассеяння літаратурнага працэсу яшчэ год таму спрабаваў маральна падрыхтаваць аўтарскую супольнасць Беларускі ПЭН, выпусціўшы Маніфест няпэўнага часу. Там між іншага было абвешчана, што прывязка да тэрыторыі Беларусі больш не разглядаецца арганізацыяй як крытэр беларускасці літаратара. Наперад выходзіць каштоўнасны фактар. Тут варта згадаць Таццяну Заміроўскую і Сашу Філіпенку – аўтараў, якія пішуць найперш па-расійску і працяглы час жывуць па-за Беларуссю, але выступаюць як амбасадары Беларусі ў гэтым няўтульным свеце. Такіх спікераў з часам можа і мусіць з’явіцца больш.

Разам з тым шмат якія аўтары ў Беларусі або тыя, якія, перабываючы па-за яе межамі, плануюць вяртацца на радзіму, змушаныя сёння адмовіцца ад выказванняў у адкрытых крыніцах.

Эміграцыя пісьменнікаў нівелюецца яшчэ і тым, што яшчэ з часу Гамэра літаратар – гэта маргінальна-вандроўная постаць. Аўтар у дарозе – пра такую сваю ідэнтычнасць шматкроць заяўлялі беларускія літаратары, выступаючы ў Еўропе. Паказальна, што для шмат каго з літаратараў прывязка да малой радзімы, штодзённасці, заходу сонца над Свіцяззю, Нешчардай або Дняпром – аснова светаўспрымання.

Эміграцыя разглядаецца як катастрофа, якой важна ўнікнуць нават цаною страты свабоды выказвання.

Выдаўцы / рэлаканты: што рабіць і як зарабляць

Інакш выглядае сітуацыя з кніжным бізнесам. У адрозненне ад аўтараў, якія вывозяць з краіны хіба сімвалічны капітал (калі яго маюць), ноўтбук ці нататнік з накідамі твору, выдаўцы – гэта прадпрымальнікі, якія маюць матэрыяльную базу. Мінімум – склады з нераспрададзенымі кнігамі, максімум – закупленая папера і друкавальныя машыны. Нават усведамляючы пагрозу, якая навісла над незалежнаю кнігай у Беларусі, зазнаючы ўціск (прыпыненне ліцэнзіяў, правяранне выданняў на “экстрэмізм”), выдаўцы не могуць выехаць за адзін дзень, як іншыя актары культуры. Адна з рэакцыяў – самаліквідацыя (“Лімарыус”, “Галіяфы”).

Асноўная дылема і змушаных выдаўцоў-рэлакантаў (Зміцер Вішнёў, Андрэй Янушкевіч) і тых, хто застаўся (прыкладаў не будзе), – як працаваць з рассеянай аўдыторыяй. Першы адказ дае культурніцкая перыёдыка: у электронным выглядзе выходзіць орган зліквідаванага ў 2021 годзе СБП – “Літаратурная Беларусь”, у пачатку верасня абвесціў пра аднаўленне выхаду ў электроннай версіі часопіс “Наша гісторыя”. Аднак сёння рынак электронных выданняў у свеце – антонім слову “продажы”, таму дазволім сабе скептычна зірнуць на гэтую тэндэнцыю. Няхай яна і пакліканая кансалідаваць спажыўцоў беларускага слова ў актуальных умовах.

Можна таксама меркаваць, што фактычная забарона на публічныя імпрэзы ў Беларусі і ціск на традыцыйныя кнігарні паспрыяе запуску новых інтэрнэт-кнігарняў, у дадатак да шэрагу наяўных. У тым ліку з дастаўкаю папяровых кніг па свеце. Ужо працуе кніжны рытэйлер Alfavit.eu https://alfavit.eu/, беларускую кнігу можна замовіць у Польшчы праз Allegro.pl https://allegro.pl/.

Іншыя адказы, якія дае літаратурны працэс у чэрвені – жніўні 2022 года, – выданне кнігі ў дзвюх версіях – нутраной і вонкавай. Улетку выйшаў парны кніжны праект Ганны Янкуты “Геалогія: вершы, напісаныя ў музеі” (Мінск: Зміцер Колас, 2022) і “Канстытуцыя” (Беласток, фонд “Камунікат”, 2022).

Яшчэ адзін адказ – зварот да папулярнага ў аўдыторыі фармату аўдыякнігі. Агучванне беларускіх кніг актывізавалася цягам лета 2022 года. Можна назваць прынамсі два праекты: “Кніжны воз” https://knizhnyvoz.by/app/ (з акцэнтам на дзіцячую літаратуру) і “Беларускія аўдыякнігі” https://audiobooks.by/. Аб прадукаванні кніг у аўдыяфармаце абвесціў фонд “Камунікат”.

Спекталі і хованкі

Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў чэрвені 2022 года ў чатырох буйных цэнтрах беларускай эміграцыі (Тбілісі, Кракаў, Варшава, Вільня), выявіў попыт сярод эміграцыі на кніжную прадукцыю па-беларуску. Як ілюстрацыя гэтага ў важным на сёння цэнтры беларускіх культурніцкіх ініцыятываў – Варшаве – на базе адной з публічных бібліятэк у цэнтры (вул. Маршалкоўска 55/73) у чэрвені запрацавала “Жыветэка” – бібліятэчка беларускіх кніг, у жніўні адкрылася першая офлайн-кнігарня (Беларускі моладзевы хаб, пляц Канстытуцыі 6). Калі ж чытач не ідзе да кнігі – кніга едзе да чытача. Прыклад прамацыйнага туру ўлетку 2022-га прадэманстраваў Аляксандр Чарнуха, які прэзентаваў свой дэбютны раман “Свінні” ў гарадах Польшчы, Літвы, Чэхіі ды Нямеччыны.

Галоўным прынцыпам “унутры” стаецца “абы ціха”. Добра правераная стратэгія выжывання, абкатаная беларусамі цягам 200 гадоў.

У ХХІ стагоддзі яна аднак уступае ў канфлікт з “грамадствам спектаклю”, калі існым лічыцца тое, што ўбачана і пачута. Ствараецца ўражанне, што, калі пра нешта не гавораць уголас, гэтага не існуе, што павялічвае фрустрацыю ў беларускацэнтрычным асяроддзі. Таму важны трэнд “звонку” – стварэнне беларускай карцінкі дыяспарамі: ад маніфестацыяў у святочныя дні (іх канон імкліва ўтвараецца: 29 кастрычніка, 25 сакавіка, 7 ліпеня, 9 (16) жніўня) да правядзення літаратурных акцыяў у дні народзінаў літаратурных класікаў, арганізацыя літаратурных падзеяў у замежных цэнтрах канцэнтрацыі беларусаў. Як вынік – у галіне літаратуры актывізаваліся, мадэрнізаваўшы місію, праекты беларусаў замежжа: Бібліятэка Скарыны (Лондан), ужо згаданы тут фонд “Камунікат” (Беласток), выдавецтва “Вясна” (Прага) і інш.

Высновы і прагнозы

  • Апошнія 20 гадоў былі выключна неспрыяльным часам для кнігі на беларускай мове. Насуперак тэндэнцыі развіцця нацыянальных сістэмаў кнігадруку ў постсавецкіх краінах беларуская кніга зазнавала стагнацыю праз няспынны кантроль і прэсінг аўтарытарнай сістэмы. Апошнія тры месяцы аднак прадэманстравалі імклівае пагоршанне і без таго суворых палітычных ды эканамічных умоваў. Парадаксальным чынам сённяшняе выцісканне выдаўцоў з Беларусі ў суседнія дзяржавы са спрыяльнейшымі для кнігі ўмовамі можа падштурхнуць развіццё беларускай кніжнай справы.
  • Пошукі шляхоў кансалідацыі беларускага літаратурнага працэсу, збіранне рассеянай чытацкай аўдыторыі на онлайн- ці офлайн-пляцоўках працягне быць асноўным клопатам выдавецтваў і літаратурных суполак бліжэйшымі месяцамі дзеля захавання беларускай літаратуры і кнігі ў хаосе татальнай рэлакацыі.
  • Зрэшты, ва ўмовах цэнзуры і самацэнзуры ў Беларусі, у сітуацыі аслаблення цікавасці да беларускай тэмы з боку міжнароднай супольнасці без змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіёне найбліжэйшыя месяцы ды гады можна прагназаваць Вялікую Цішыню Белліту як звонку, так і ўнутры краіны. Будзе гэта сыход з прафесіі ці партызанская праца ў стол – асабісты выбар таго, хто піша.

 


Кіно. Пачатак гісторыі

Асноўныя трэнды сезону:

  • кіно сталася сродкам салідарызацыі;
  • ствараецца ўніверсальны бяспечны пратэставы наратыў;
  • нетыповы пратэставы досвед выціскаецца ў шэрую зону;
  • афіцыйнае кіно вярнулася да савецкай мадэлі існавання.

Мапа сэнсаў

Ёсць з чым павіншаваць беларускае кіно, хаця час для віншаванак такі сабе. Спатрэбіліся два гады рэпрэсіяў, эміграцыя, расцярушанне супольнасці кіношнай і глядацкай, выцясненне ў вонкавую прастору, сыход у падполле, каб кіно пачало паціху аднаўляць даўно страчаныя функцыі – выказвацца пра рэчаіснасць і служыць камунікацыі.

Больш за тое, кіно стала выконваць зусім нязвыклую для сябе функцыю салідарызацыі. Яго глядзяць беларусы, каб разам адчуць перадусім пачуццё прыналежнасці. Меркавана, усе найбліжэйшыя змены, якія чакаюць беларускае кіно, будуць звязаныя з гэтаю дзіўнаватаю функцыяй. Падрыхтуйцеся: мы ўваходзім у зону яднальнага пафасу, уніфікацыі ды міфатворчасці. Пазнаяце ўсе тыя штукі, якія дзесяцігоддзямі намагаецца стварыць афіцыйнае кіно кволымі сіламі “Беларусьфільму”, толькі на іншым матэрыяле?

Такім чынам, вось што мы мелі за лета ў салідарызавальным замежным пракаце.

У чэрвені ў Тбілісі адбыўся ці не першы пазафестывальны паказ доку “Мара” Сашы Кулак, прысвечанага пратэстам. Прынамсі першы даступны нефестывальным гледачам – і ў горадзе, дзе жыве дыяспара. У ліпені адбылася онлайн-прэм’ера доку “Праз рэйкі” Антона Сівых пра студэнтаў-эмігрантаў Лодзі, які актыўна прасоўвала сама дыяспара. Фільм “Кураж” Аляксея Палуяна ўжо атрымаў статус маніфесту пратэстаў і рэгулярна паказваўся ці не на ўсёй дыяспаральнай прасторы ад Нямеччыны да Грузіі ды праз паўсвету ў ЗША. У Вільні, Варшаве, Гданьску і Тбілісі паказалі вялікі док “Белае сонца чырвонага лета” Паліны Ідрысавай, Яны Новы і Глеба Асмалоўскага. У Мюнхене ды іншых еўрапейскіх гарадах прайшлі паказы Андрэя Куцілы “Калі кветкі не маўчаць”. Беларусы Н’ю-Ёрку зладзілі паказ доку Сяргея Харытонава “Доўгая дарога дадому”.

У Тбілісі паказалі док “Дом там, дзе я?” Арцёма Лобача. Пасярэдзіне лета адбылася онлайн-прэм’ера доку “Лісты з турмы” Таццяны Гаўрыльчык пра Паўліну Скурко (ці не адзіны выпадак гаворкі пра рэальнасць у краіне, што важна). І праз усё лета ў Варшаве адбываюцца музейныя паказы пратэставых кароткаметражак арт-праекту “Revolution” Дашы Брыян і Марыі Крук.

Бадай ніколі безнадзейны наш наратыў адсутнасці ды эскапізму не прарываўся так заўзята звязнымі аповедамі пра аб’ектыўную сацыяльную рэальнасць. Збольшага ўсё таму, што пратэсты аказаліся самі па сабе звязным наратывам, гісторыяй з пачаткам і канцом. Пратэсты добра расказваць. Можа, гэта і ёсць наш пачатак гісторыі.

Мова гэтага аповеду з фільму ў фільм адна. У ёй не надта шмат прыёмаў, бо і наратыў не мае патрэбы ў складанай мове: гэта наратыў ахвяры і сведкі. Яму дастаткова сінхронаў відавочцаў і пацярпелых, якія каментуюць, дадаюць асабісты, але не надта ўнікальны (гэта важна) досвед да хранікальных кадраў пратэстаў і рэпрэсіяў.

Як наратыў салідарызацыі пратэставы аповед прэтэндуе стацца ўніверсальным міфам. А значыць, яму неабходна адкідаць сюжэты і пачуцці настолькі індывідуальныя ды небяспечныя, што іх немагчыма падзяліць на ўсіх.

Падпарадкоўваючыся яму, напрыклад, Серж Харытонаў у “Доўгай дарозе дадому” пачынае з сямейнай гісторыі ажно ад Другой сусветнай вайны, але тут жа збіваецца на зацверджаны наратыў пра супольны досвед барацьбы з несправядлівасцю. Зберагаючы тыя ж структуры міфу, “Белае сонца чырвонага лета” пераказвае тое, што мы ўжо ведаем, і часам глядзець фільм цяжка – і праз траўматычныя ўспаміны, вядома, але яшчэ праз тую структуру міфу, якая патрабуе паўтараць адзін і той жа сюжэт, вядомы наперад.

Варта насцярожыцца менавіта тут: цяпер нам болей патрэбная салідарнасць. І мы гатовыя ахвяраваць дзеля яе і разнастайнасцю формы ды зместу, і нюансаванасцю эмоцыяў, выцясняючы такія небяспечныя, як сумнеў, расчараванне, недавер дый проста надта адрозны досвед. Нязручную гісторыю Рамана Пратасевіча, напрыклад, не залучае ў пратэставы міф ніводны фільм.

Але ж аднойчы нам давядзецца прамаўляць усё гэта. І менавіта ў той шэрай зоне будзе новы пункт росту.

Каб тое асэнсаваць, давядзецца разбурыць складзеную форму пратэставага наратыву. Саша Кулак у фільме “Мара” ўжо цяпер зрабіла адметную спробу прабіць гэты мур, каб прамовіць слова “расчараванне”, не гаворачы яго ўслых. Для гэтага давялося зрабіць адмысловым прыёмам безаблічнасць / універсальнасць, якая сталася неабходным элементам пратэставага наратыву: даць маскі не толькі амапаўцам, але і пратэстоўцам.

Арт-праект “Revolution”, не адважваючыся асэнсаваць, варушыць тое ж нязручнае пытаннечка, звязанае з праблемай адказнасці. У кароткіх пастановачных (што, дарэчы, варта ўвагі) сюжэтах, паказваючы розных актараў пратэсту, арт-праект пакідае безаблічнымі і збіральнымі вобразы сілавікоў ды чыноўнікаў у фільмах “0908”, “000109” і “2022”, але дае канкрэтнае аблічча рабочым, запісаўшы маналог Сяргея Дылеўскага ў фільме “1991” – прытым маналог пакаянны, датычны правалу забастоўкі на заводах.

Гэта будзе нашым наступным чэленджам: пастанавіць ужо штосьці з безаблічнасцю, усяму безаблічнаму / універсалізаванаму даць твар. Іншымі словамі, каб нам прасунуцца на наступны лэвэл, патрэбны фільм, дакументальны ці ігравы, у якім сілавік, безаблічная міфалагізаваная істота па той бок (а значыць, з таго свету), стане жывым чалавекам. Але ж гэта будзе вельмі небяспечны аповед для абодвух бакоў пратэсту і па абодва бакі мяжы. Тым не менш: ёсць, ёсць у паслухмяным беларускім кіно людзі, на такое нахабства здольныя. Адзін чалавек. Зрабі гэта нарэшце, Дзіма. [Тут аўтар звяртаецца да Змітра Дзядка, які ўсё адно зробіць па-свойму, і менавіта таму ўсё будзе як мае быць]

Што да ўнутранага беларускага кіно, то сёлета яно дало нам на дзіва прыкметныя падзеі, самая рэзанансная з якіх – “Беларусьфільм” парадаваў нас анонсам фільму пра міжваенную Заходнюю Беларусь.

Навіна нарабіла шмат шуму, але ж папраўдзе ў гэтым бюракратычным кінаварушняку пакуль заслугоўвае ўвагі толькі такі нюанс: калі ў лістападзе 2021-га Мінкульт аб’яўляў конкурс, паводле якога належала стварыць фільм пра адзінства, адзіны даўні спарынг-партнёр “Беларусьфільму”, прадзюсар Віктар Лабковіч бавіў час у СІЗА.

Конкурс не адбыўся праз нястачу ігракоў. Але гэта не замінула Мінкульту праз бюракратычныя рытуалы даць грошы “Беларусьфільму” і тым зазначыць, што афіцыйнае кіно цалкам павярнула да савецкай мадэлі існавання і больш не мае патрэбы ў імітацыях дэмакратычных працэдураў, канкурэнцыі ды г .д. А што здымуць пра Польшчу, дык не варта пераймацца: не для таго “Беларусьфільм” столькі дзесяцігоддзяў унікаў выказванняў, каб раптам наўмысна ды адказна выказацца.

Пад канец лета “Беларусьфільм” увогуле па-савецку пажаліўся, што да студыі прыставілі чэкіста, а значыцца, падвезлі новае зручнае тлумачэнне, чаму “не вядзецца”. Такое няўмольнае, што супраць і не папрэш. Усе спадзевы зноў на тое “іншае” кіно, якое без чэкіста. Тут ужо без пераменаў.

Што далей?

Старанна ствараючы ўзорны наратыў аб пратэстах, мы нарэшце пачалі гаварыць і вывучылі простую ўніверсальную мову, заснаваную ў той ці іншай ступені на безаблічнасці. Цяпер трэба не забыцца прамовіць нязручныя слоўцы, якіх у наратыве не стае, але ж будзе балюча.

Магу прадказаць, што мы будзем і надалей міфалагізаваць эмігранцкую тэму, ствараць пазітыўны міф пра беларусаў, якія з’ехалі, а вобраз нутраной Беларусі сціскаць да звязанага з рэпрэсіямі: формулы кшталту “краіна-турма” яшчэ народзяць шмат аповедаў.

Добра, калі хто блізкім часам хоць мезенцам датыкнецца да небяспечных, “шэрых” тэмаў пратэставага наратыву і не атрымае за тое ляшчоў. Але, найхутчэй, мы ўвойдзем у бязмоўе чакання і будзем перабівацца хваляй аматарскіх рэфлексіўных выказванняў. Нам не прывыкаць.

 


Беларускі тэатр: бляклае лета

Асноўныя трэнды сезону:

  • дзяржаўная палітыка, якая паслядоўна рэалізуецца пасля 2020 года, прывяла да амаль поўнай забароны ў краіне прыватнага тэатру. Зверху навязаная новая іерархічная сістэма, пры якой прыярытэт аддаецца правераным назвам і тэмам;
  • правядзенне гэтай палітыкі, а таксама падтрыманне Беларуссю расійскай агрэсіі ў дачыненні Украіны прывялі да міжнароднай ізаляцыі айчыннага тэатру і з’яўлення жалезнай заслоны, якая мае двухбаковы характар;
  • альтэрнатыўнаю магчымасцю развіцця сталася эміграцыя ды развіццё калектываў за межамі Беларусі. Апошнія сутыкаюцца з праблемамі менеджменту і з адсутнасцю рэжысёра-лідара з выразнаю мастацкаю праграмаю;
  • прапанаваная ўладамі новая, “раўнадолевая” схема фінансавання беларускіх тэатраў сведчыць пра крызіс у эканоміцы ды адначасова пра неразуменне культуры і культурніцкай палітыкі.

Фестывалі як люстэрка культурніцкага крызісу

Да 2020 года ў Беларусі склалася свая сціплая геаграфія фестывальнага руху.
У Мінску праходзіў “Тэарт”, які дазваляў беларусам ужывую глядзець спектаклі сусветных топ-рэжысёраў. У Магілёве ладзіўся “М@rt.кантакт”, які рабіў стаўку на моладзевы эксперымент. У Брэсце – “Белая вежа”, якая больш вызнавала акадэмізм ды імкнулася пашыраць тэатральную геаграфію. У Бабруйску праз год ладзіўся Фестываль нацыянальнай драматургіі, які ўяўляў сабой агляд айчынных спектакляў. У Гомлі праходзілі Славянскія тэатральныя сустрэчы, вакол якіх гуртаваліся мясцовы драмтэатр, калектывы з расійскага Бранску і ўкраінскага Чарнігава (форумы, які ладзіць Оперны, вынесем за дужкі: на іх пераважна запрашалі замежных салістаў, але не спектаклі).

Напад Расіі на Украіну паставіў кропку на славянскім братэрстве, а таксама на гомельскім фестывалі (прынамсі ў ранейшым фармаце). Пасля прысуду Віктару Бабарыку “Белгазпрамбанк” перастаў спансараваць “Тэарт”. Да фестываляў, што засталіся на тэатральнай мапе, нечакана далучыўся гродзенскі форум “Лялькі над Нёмнам”, які рэінкарнаваўся пасля васьмігадовай паўзы. Агулам іх засталося чатыры – мізер на 10-мільённую краіну.

Праграму трох з іх, што пройдуць увосень (магілёўскі адбываецца ў сакавіку) агучылі якраз у гэтым годзе ўлетку.

Афішы ўсіх чатырох форумаў яскрава сведчаць пра міжнародную ізаляцыю беларускага тэатру (гаворка пра калектывы, што засталіся ў Беларусі). Сёлета ў праграме гродзенскага і магілёўскага фестываляў – толькі спектаклі з Беларусі і Расіі, бабруйскага (згодна з канцэпцыяй) – выключна айчынныя пастаноўкі. У выніку толькі ў Брэсце ў афішу трапіліпастаноўкі з асобных краінаў СНД. Толькі тры спектаклі, прэзентаваныя ў праграме, выпушчаныя па-за яе межамі (яшчэ два – прадукцыя дацка-расійскага тэатру).
Гэта набліжае колькасць такой прадукцыі амаль да нуля.

Новыя бар’еры: канец прывату, бывай – гастролям

Канстатуем з’яўленне тэатральнай жалезнай заслоны, якая мае двухбаковы характар. З аднаго боку, рэзка знізіўся агульны ўзровень беларускіх фестываляў. Адзінкі са спектакляў ёсць сапраўднымі падзеямі. У гродзенскай праграме – расійская пастаноўка “Пярэсты сабака, які бяжыць краем мора” (у 2021-м яна атрымала “Залатую маску”, самую прэстыжную расійскую тэатральную прэмію, за найлепшую працу мастака і намінавалася як “Найлепшы спектакль”). З беларускіх – “Пачупкі” Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (РТБД), паказанага ў Брэсце, і г. д. Між тым да 2020 года на форумы – асабліва на “Тэарт” і ў Магілёў – рэгулярна прывозілі зорныя пастаноўкі з суседніх краінаў.

Агулам сярод гасцей сустракаліся калектывы, якія гадамі не праяўлялі сябе ў фестывальным руху (кшталту тэатру лялек з Чувашыі, які запрасілі ў Брэст), а таксама спектаклі-пенсіянеры: у праграме бабруйскага форуму “Чорная панна Нясвіжу” Купалаўскага тэатру (прэм’ера 2000 года) і нават “Тэатр купца Япішкіна” Тэатру-студыі кінаактора (1993), хоць такія форумы мусяць дэманстраваць апошнія навінкі.

З другога боку, нешматлікія гастролі беларускіх калектываў зведзеныя да мінімуму, і ў гэтым яшчэ адна праява тэатральнай жалезнай заслоны. Адкрытая хіба толькі ўсходняя мяжа. Але і там айчынныя пастаноўкі пераважна прывозяць у фармаце Дзён беларускай культуры (кшталту паказу двух спектакляў Купалаўскага – “Паўлінкі” і “Вяселля” – у Маскве ў чэрвені гэтага года).

Гастролі – рэдкасць. Калі і адбываюцца, дык пераважна ў расійскай правінцыі (напрыклад, улетку гэтага года Музычны тэатр ездзіў у расійскія Курск, Белгарад, Тулу, Калугу ды Іванава).

Не дзіва, што ў калектывах, якія раней рэгулярна выязджалі за мяжу, адбываюцца імклівыя кадравыя змены. Напрыклад, за гэтае лета балетная трупа Опернага абнавілася на чвэрць. Хоць сваю ролю, безумоўна, маглі адыграць кадравыя чысткі, а таксама нязгода са стылем кіравання новага дырэктара – Кацярыны Дулавай.

Змена іерархіі: вымушаныя зрухі

Праграма беларускага блоку фестываляў засведчыла і пра змяненне іерархічнай сістэмы беларускіх тэатраў, навязанае зверху. Да 2020 года ва ўмоўным першым эшалоне была прадукцыя прыватных тэатраў і пляцовак. А таксама пастаноўкі найлепшых беларускіх рэжысёраў, якія ставіліся ў розных дзяржаўных тэатрах.

На прыватным тэатры ў Беларусі паставілі крыж: “АРТ Карпарэйшн” закрылі, “Ок16” забралі. Агулам гастрольныя пасведчанні, абавязковыя для паказаў, з прыватнікаў атрымліваюць толькі “ТрыТэФармат” (праект Веры Паляковай, жонкі міністра замежных справаў Уладзіміра Макея) і Камерны драматычны тэатр (праект Наталлі Башавай).

З рэжысёраў – лідараў свайго пакалення ў Беларусі застаўся Яўген Карняг. Юра Дзівакоў цяпер працуе на Захадзе. Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў – на Усходзе.

У выніку на першы план выйшла прадукцыя іншых калектываў. Сёлета ў праграму фестываляў трапілі Моладзевы тэатр эстрады, Тэатр-студыя кінаактора, Музычны тэатр, якія ніколі не бралі ўдзелу ў фестывальным руху і здаўна арыентаваліся на масавую аўдыторыю. Прыярытэт стаў аддавацца правераным назвам і тэмам.

На фестывалі ў Брэст і Бабруйск запрасілі пастаноўку “Альпы. Сорак першы” Тэатру юнага гледача, якога цягам дзесяцігоддзя не запрашалі на айчынныя форумы. Але тэма Вялікай Айчыннай вайны цяпер у трэндзе, таму ў той жа Бабруйск едзе і “Альпійская балада” РТБД. Агульны павярхоўны ўзровень нікога не бянтэжыць: з праграмы нават выкінулі “Шлюб з ветрам” – адну з найлепшых пастановак апошніх гадоў усё таго ж РТБД (спектакль заявілі ў праграму 2021-га, але потым форум перанеслі на гэты год).

Новыя “народныя”, ціхія “заслужаныя”

Можна з упэўненасцю прагназаваць, што пастаноўкі паводле Быкава стануць аднымі з фаварытаў чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэта стане адною з праяваў абясцэньвання ўзнагародаў, якая імкліва адбываецца цяпер. Гаворка як пра фестывалі, так і тэатральныя званні, атрыманне якіх становіцца праяваю дадатковай лаяльнасці.

Гэтым летам і ў пачатку восені імі ўзнагароджвалі актораў, якіх можна аднесці да дзвюх катэгорыяў.

Тыя, хто ніяк не дэманстраваў сваёй пазіцыі апошнія гады – танцор Опернага Антон Краўчанка і спявачка Музычнага Маргарыта Александровіч, якія сталіся народнымі.

А таксама тыя, хто, наадварот, выказваў яе актыўна. Руслан Чарнецкі з Горкаўскага быў вядоўцам форуму “За Беларусь” – і стаў заслужаным артыстам, Тамара Міронава – народнай. Апошняя адназначна заслугоўвае гэтага звання, але – (не) выпадкова яна атрымала яго, калі засталася ў Купалаўскім. Між тым да некаторых айчынных калектываў званні не даходзяць дзесяцігоддзе (напрыклад, Тэатр лялек або той жа Музычны: да ўзнагароды Александровіч мела месца надзвычай працяглая паўза).

Праблемы замежжа: выбар менеджменту, адсутнасць лідараў

Альтэрнатывай айчыннаму дзяржаўнаму тэатру стала праца за мяжою. Пакінем за дужкамі працу таленавітых адзіночак (напрыклад, акторкі і рэжысёркі Паліны Дабравольскай) і звернемся да калектываў, якія з’ехалі з Беларусі. Гаворка пра трупы Свабоднага тэатру, “Купалаўцаў”, Тэатру жніўня і Team Theatre

Аналагічныя калектывы традыцыйна сутыкаюцца з адарванасцю ад сталай аўдыторыі, неабходнасцю працаваць у іншым моўным асяроддзі, рабіць выбар паміж онлайн і офлайн-праектамі. Першыя даюць сувязь з беларускай аўдыторыяй, але іх мінус – адсутнасць жывой рэакцыі на спектакль, да якога прызвычайваюцца акторы. Плюс другіх – прысутнасць такой рэакцыі ды адчуванне сцэны, але адначасова праблема з напаўняльнасцю залы (за мяжой асабліва адчуваецца, што тэатр як мастацтва элітарнае ніколі не быў масавым).

Згаданыя калектывы развязалі гэтыя праблемы па-свойму.

Найбольш удала – Свабодны, які выпусціў у сакавіку 2022-га “Сабакаў Еўропы” паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча. Стваральнікі перанеслі пастаноўку, упершыню ўвасобленую ў Мінску яшчэ ў 2020-м, на лонданскую сцэну. З Беларусі яна ўспрымалася як тыповы беларускі эксперыментальны спектакль са сваймі плюсамі і мінусамі. Які застаўся ў сваім часе і не дацягвае да ўзроўню першакрыніцы. Але ў Вялікай Брытаніі “Сабакі” сабралідобрую мясцовую прэсу.

На снежань запланавалі паказ у фармаце парыжскага фестывалю Festival d’Automne à Paris. У плане менеджменту і прасоўвання сваёй прадукцыі Свабодны не мае ў Беларусі сабе роўных.
“Купалаўцы” сутыкнуліся з дзвюма праблемамі. З абмежаванасцю рэсурсаў у сферы сістэмнага менеджменту: трупа, на жаль, не здолела напоўніцу выкарыстаць свайго іміджу ды аўры ад выбару, зробленага ў 2020-м. А таксама з адсутнасцю рэжысёра-лідара з выразнаю мастацкаю праграмаю. Пасля сыходу Рамана Падалякі, які ажыццявіў некалькі пастановак у мінулым сезоне, месца выглядае вакантным.

Чарговы досвед супрацы з Мікалаем Пінігіным (“Запіскі афіцэра Чырвонай арміі”) і палякам Паўлам Пасіні (“Дзяды”) прывялі да выпуску дастаткова просталінейных спектакляў з занадта лабавымі мэсіджамі, якія апелююць да асветніцкага досведу Купалаўскага тэатру 2010-х. Пры вернасці эстэтыцы мінулага “Купалаўцам” будзе цяжка ўбудавацца ў еўрапейскую тэатральную сістэму: месца палітычнага тэатру ўжо занятае Свабодным.

Іншы шлях выбрала частка гродзенскіх актораў, якія аб’ядналіся вакол лідара – рэжысёра Андруса Даралы – пад назваю “Тэатр жніўня”. Тры іх пастаноўкі – асветніцкі праект “За што?”, прысвечаны памяці расстраляных паэтаў, спектаклі “Трэцяя змена” і “Спектакль, які не адбыўся” – атрымалі прапіску ў Віленскім старым тэатры Літвы. Акторы маюць магчымасць выступаць на яго пляцоўцы, трапляць у яго афішу, гастраляваць і наагул развівацца ў структуры дзяржаўнага рэпертуарнага тэатру, што часткова перакладае пытанні менеджменту на Віленскі стары. І дае Тэатру жніўня шанец для развіцця.

Сваю нішу заняў Team Theatre, які з Гомля перабазаваўся ў Варшаву ды імкнецца працягнуць працу з імерсіўным тэатрам.

Фінансаванне: новая схема

Гэтым летам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка анансаваў новую схему фінансавання беларускіх тэатраў, якую назваў раўнадолевай. Пры гэтым ён спаслаўся на ранейшае выказванне Аляксандра Лукашэнкі. У лютым 2021-га апошні сфармуляваў яе так: “Зарабілі два мільёны долараў – два мільёны долараў дадалі бюджэтных. Пяць зарабілі – пяць дадамо”.

Ува ўсім свеце з пэўнымі карэкцыямі існуе адна мадэль фінансавання тэатраў. Прыбыткі складаюцца з трох складнікаў: прыкладна траціну дае дзяржава, траціну – спонсары, і траціну тэатр зарабляе сам. Перад 2020 годам беларускія тэатры здолелі забяспечыць траціну прыбыткаў. Паводле экс-працаўніцы Міністэрства культуры Наталлі Задзяркоўскай, у 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў дасягала 34 %. У абласных – да 37 %. Але, дадамо ад сябе, такія лічбы дасягаліся жорсткім выкананнем плану, неабходнасцю паказваць вялікую колькасць забаўляльнай прадукцыі, якая не давала развівацца калектывам і акторам.

Прапанова Галоўчанкі выглядае лагічна з гледзішча эканомікі, якая перажывае не найлепшы час. Але чыноўнікі думаюць, што культура – такая ж справа, як прамысловасць або сельская гаспадарка. Пры вылучэнні грошай можна чакаць адпаведнае павелічэнне прыбыткаў. Але гэтая сфера не працуе паводле гэткіх законаў. Што сведчыць пра неразуменне культуры і культурніцкай палітыкі.

Куды рушыць тэатр

У сучасных беларускіх умовах тэатры не могуць самастойна, без адміністрацыйнага рэсурсу прыцягнуць спонсараў, каб тыя забяспечылі траціну прыбыткаў. А таксама фізічна не могуць павялічыць колькасці пазабюджэту, бо дасягнулі столі.

Пакуль словы Галоўчанкі – толькі дэкларацыя пра намеры, яна не рэалізаваная на практыцы. Але ў выпадку яе рэалізацыі айчынны тэатр чакае яшчэ большае, у параўнанні з цяперашнім часам, паглыбленне ў крызіс.

 


Поп & рок. Рызыка, эскапізм, партызанка

Асноўныя трэнды сезону:

  • цяперашняя Беларусь зрабілася зонаю паслухмянага мастацтва: амаль немагчыма атрымаць дазволу на правядзенне імпрэзы з удзелам беларускага артыста, а база лаяльных арганізатараў – гэта шлях да вынішчэння незалежнай музыкі;
  • улады Беларусі лаяльныя толькі да расійскіх артыстаў: канцэртная афіша амаль цалкам складаецца з імёнаў з суседняй краіны. Пры гэтым рэпрэсіі супраць айчынных творцаў працягваюцца;
  • зніклі ўмовы для існавання незалежнай музыкі ў межах Беларусі: не засталося амаль ніводнай пляцоўкі для прэзентацыі ўласнай творчасці, кожны публічны выступ маніторыцца і можа прывесці да жорсткіх наступстваў. Гурты, якія зарабляюць выключна музыкаю, мусяць шукаць гастрольныя трасы за межамі краіны. Аднак традыцыйныя маршруты – Расія і Украіна – для большасці з іх не працуюць;
  • афіцыйная эстрада канчаткова засяродзілася на “дажынкавым” фармаце і жанры трэшдэнс. Улады спрабуюць ладзіць фестывалі лаяльных артыстаў, але ў іх проста няма рэлевантнага досведу.

Мапа сэнсаў

Сёння ўлады Беларусі дзеюць адносна беларускай культуры паводле прынцыпу вынішчанай прасторы. Спроба зрабіць лаяльнасць галоўным інструментам існавання сістэмы прыводзіць да катастрафічных вынікаў – упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. Калі раней дзяржава спрабавала выхоўваць паслухмянасць метадам ціхай забароны і публічна ігнаравала існаванне чорных спісаў, то цяпер яна гэтыя спісы не толькі легітымізавала, але і зрабіла агульнымі для ўсёй незалежнай беларускай музыкі.

Пра немагчымасць атрымаць “гастрольку” на правядзенне імпрэзы з удзелам беларускіх артыстаў кажуць амаль усе арганізатары. Прычым цяпер ужо нават не мае значэння, ці ёсць увогуле ў артыста нейкая пазіцыя і намер яе апублічыць: чыноўнік працуе паводле прэвентыўнага прынцыпу і проста мінімізуе ўсе магчымыя рызыкі, каб самому не трапіць у спіс ненадзейных. Відавочна, што гэта часовая практыка: такім чынам сістэма проста вытрымлівае паўзу на стварэнне базы лаяльных арганізатараў. Камісія з правераных людзей пастанаўляе, хто будзе мець права ладзіць масавыя імпрэзы. Гэта для дзяржавы – гарантыя адсутнасці непрыемных сюрпрызаў.

Калі раней дзяржава проста не заўважала існавання незалежнай беларускай музыкі і сутыкалася з фактам яе наяўнасці толькі падчас буйных фестываляў ці нацыянальных адбораў на “Еўрабачанне”, то цяпер адпаведныя структуры ўважліва сочаць за сацыяльнымі сеткамі ды іншымі праявамі публічнай актыўнасці. Каманду “ігнараваць” замянілі на каманду “знішчаць”. Таму цяпер нават цалкам “траваедная” спявачка кавэраў можа трапіць пад раздачу за выкананне не менш “траваеднай”, але ўкраінскай песні. Гэтая татальная зачыстка скіраваная на стварэнне пулу паслухмяных артыстаў і дэманстрацыю лаяльнасці Расіі. Калі першы пункт даволі відавочны, то другі патрабуе дадатковых тлумачэнняў.

Гурт t.A.T.u ў арыгінальным складзе, White Punk, творчы вечар Мікалая Драздова, “Хиты рока. Русский рок”, “Новые русские бабки”, Hammali & Navai – гэта спіс імпрэзаў на верасень 2022 года ў Мінску. Расійскія артысты атрымалі поўную свабоду ў межах гастрольнай трасы па Беларусі і карыстаюцца гэтаю магчымасцю пад пляск далоняў задаволенай мясцовай аўдыторыі. Беларускую музыку афіцыйна і безапеляцыйна замянілі на лаяльную расійскую. Бо нелаяльных расійцаў таксама блакуюць: напрыклад, па даносе пільных грамадзянаў скасавалі канцэрт нязручнага Басты. І цяпер культурніцкі ландшафт выглядае так, нібыта дзея адбываецца на Смаленшчыне, а не ў межах самастойнай дзяржавы. Цалкам закэнсэлілі варожую заходнюю культуру, на 100 % прыбралі з інфапрасторы ўкраінскую музыку, трываюць рэпрэсіі супраць беларускіх музыкаў.

Зноў за краты трапіў Ігар Банцэр з хардкор-гурта Mister X. Адбываюць тэрмін музыкі гурта Irdorath. Яшчэ раз 15 содняў атрымала Мерыем Герасіменка. У гэтых умовах дзяржава намагаецца стварыць паслухмянае свята легітымнасці і перыядычна дэманструе свой творчы патэнцыял: цудоўны прыклад якасці такіх імпрэзаў – канцэрт “Любимую не отдают” у Аляксандраўскім скверы.

Беларуская эстрада канчаткова прасякнулася аграэстэтыкай: у якасці хітоў афіцыйнага Мінску цяпер існуюць “Хата бацькоў” гурта “Дразды” і “За агронома” неўміручага Саладухі. Апошні пункт асабліва ўражвае, бо цудоўна дэманструе падыход “лаяльнасць даражэйшая за якасць”. Прызнанне дзяржаўных пастулатаў гарантуе эфіры, дзяржаўныя карпаратывы і магчымасць стабільнага заробку. Ні пра якую творчасць не ідзецца.

З іншага боку – ідэалагічныя апаненты дзяржаўнай эстэтыкі. Фестывалі салідарнасці адбываюцца ў Польшчы і Літве, новыя трэкі ды альбомы выдаюць знаёмыя аўдыторыі гурты і выканаўцы: ад Naviband да Ганны Шаркуновай.

У абставінах дэфіцыту новых сэнсаў і абвастрэння нацыянальнага пытання музыкі выкарыстоўваюць знаёмыя і зразумелыя вобразы, якія былі актуальныя і ў познесавецкі час, і ў першае дзесяцігоддзе незалежнай Беларусі. Характэрны прыклад – гурт Relikt, які выдаў альбом кавераў на выбітныя беларускія рок-гурты залатога перыяду.

Адрозненне ад афіцыйнай эстрады відавочнае: мастацкая якасць.

Як у гэтых абставінах адчуваюць сябе музыкі і гурты, якія да 2020 года зараблялі музыкаю?
Частка яшчэ да беларускіх пратэстаў і вайны пачала будаваць гастрольныя трасы на Захад, як, напрыклад, гурт Molchat Doma. Іншыя – Макс Корж і “ЛСП” – вымушаныя былі паставіць канцэртную дзейнасць на паўзу: працягваць гастролі ў Расіі немагчыма, а забяспечыць сябе на Захадзе яны не здольныя. На гэтым фоне ўражвае камерцыйны спрыт Сяргея Міхалка, які гастралюе ў межах эксгумаванага “Ляпіса Трубяцкога” з рандомнымі музыкамі.

Беларускія артысты з меншымі апетытамі атрымалі магчымасць прадаваць квіткі там, дзе раней гэта падавалася немагчымым: беларускія дыяспары забяспечваюць сталы попыт на айчынную музыку за мяжой. Аўдыторыя не вырасла, але падскочыла яе актыўнасць, і гэта дае магчымасць гуртам кшталту Nizkiz, “Петля пристрастия”, Naviband ладзіць паспяховыя туры два разы на год.

Але і тут ёсць нюансы: музыкам, якія працягваюць жыць у Беларусі, складана атрымаць візы, а кожнае вяртанне пасля туру – сур’ёзная рызыка. У прынцыпе незалежная беларуская музыка і жыве ў фармаце татальнай рызыкі ды вымушанага эскапізму.

Якія гэта можа мець наступствы?

Па-першае, глабальны дэфіцыт ідэяў і сэнсаў. Артысты, якія з’ехалі з Беларусі, вымушаныя адбудоўваць сваё жыццё і шукаць крыніцы для існавання: нельга назваць гэтыя ўмовы спрыяльнымі для творчасці. Музыкі, якія застаюцца ў Беларусі, існуюць у рэжыме ультрацэнзуры: кожны публічны выступ, кожнае слова і кожны допіс у Instagram разглядаецца пад высокадакладнай оптыкай.

Пры гэтым татальная зачыстка і фарматаванне працягваецца на розных узроўнях. Дзяржава станоўча рэагуе на праявы звышлаяльнасці і ў якасці ўзнагароды прапануе бяспеку ды архаічныя каналы камунікацыі з патэнцыйным слухачом. У гэта ж час дзяржава сама дэманструе звышлаяльнасць адносна суседняй краіны і стварае адпаведную інфармацыйную прастору. Такое фарматаванне ўжо ў кораткатэрміновай перспектыве прывядзе да татальнага эскапізму слухача, які ніколі не быў мэтавай аўдыторыяй дзяржаўнага трэшдэнсу і нізкаякаснай расійскай папсы. Будуць стварацца ціхія і вонкава нейтральныя ініцыятывы для выбраных: аналагі савецкіх кватэрнікаў, пра якія будуць ведаць толькі свае.

У той жа час пачнецца і адваротны працэс. Частка музыкаў з не меншым імпэтам будзе арыентавацца на расійскую аўдыторыю і слухача, які трапіў у інфармацыйную ізаляцыю. Гэта больш просты і вельмі бяспечны шлях атрымаць вялікую аўдыторыю ды камерцыялізаваць свой поспех: ва ўмовах татальнага кэнсэлінгу расійскай культуры будзе адбудоўвацца новая схема вытворчасці музыкі для адпаведнай аўдыторыі ды спосабаў яе манетызаваць. Улічваючы максімальна спрошчаную лагістыку, зразумелы рынак і актыўнасць аўдыторыі, частка артыстаў цалкам пераарыентуецца, пры гэтым страціўшы пэўны адсотак слухачоў.

У больш аддаленай перспектыве і на больш якасных узроўнях стварэння сэнсаў мастацтва так ці інакш пачне рэагаваць на падзеі. Цяпер артыст заняты пераасэнсаваннем і прагматычна адбудоўвае свой побыт.

Як толькі гэты працэс будзе завершаны, пачнецца новая хваля гучнай беларускацэнтрычнай музыкі ў эміграцыі ды ціхай ініцыятывы ў краіне.