cover

Беларуская культура: агляд (студзень – сакавік 2025)

Літаратура. Паралельныя сусветы белліту

Кіно: “Лебядзіная песня” супраць “Чорнага замку”

Тэатр: новыя фінансавыя правілы і міністр-актор

Музыка: прэс мінуўшчыны і “асалода супрацьстаяння”

Традыцыйная культура: беларускія гурты перамагаюць на польскім фестывалі, а саламяныя павукі робяцца папулярным сімвалам

Арт: Пацеркі прыроднае прыгажосці, рассыпаныя па цёмным балоце

 


Літаратура. Паралельныя сусветы белліту

Палітычны фон культурніцкага жыцця беларусаў у пачатку 2025 году вызначылі дзве падзеі. Гэта “пераабранне” 26 студзеня на чарговы тэрмін Аляксандра Лукашэнкі і пачатак у ЗША прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Доналда Трампа 20 студзеня.

Дзень Волі, азмрочаны інаўгурацыяй

На першую падзею спадзяваліся як на тое, што прыпыніць рэпрэсіі. Не апраўдалася. Ціск на грамадскую супольнасць не зменшыўся, узмацніліся фізічныя і псіхалагічныя атакі на грамадзянскіх актывістаў у выгнанні. Паводле Беларускага ПЭНу, працягваюцца сімвалічныя і фізічныя чысткі культурнага поля. Дыскурс свабоднае Беларусі аднак быў ускосна прызнаны яго апанентамі як нешта вагомае. Пра гэта сведчыць дэманстратыўная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі 25 сакавіка, на 107-ую гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР. Чыноўнікі ад культуры зрэагавалі на гэткую “рэстаўрацыю стабільнасці” вяртаннем да руціны, што ўвасобілася ў агучванні намераў пашыраць і ўкараняць “у розумах і сэрцах” нацыі пастулаты дзяржаўнай ідэалогіі.

Што датычыць глабальнага парадку дня, то хаос і шок, выкліканы шквалам ініцыятываў Доналда Трампа, узмацніла рэзкае скасаванне з боку ЗША міжнароднага падтрымання свабоднай прэсы і недзяржаўных арганізацыяў, у тым ліку беларускіх. У выніку шэраг незалежных медыяў, якія якасна асвятляюць культуру (напрыклад, Reform.news і “Будзьма!”), аказаўся на мяжы выжывання, а беларускае бюро радыё “Свабода” ў канцы сакавіка спыніла працу на нявызначаны тэрмін. Гаворка не толькі пра публічную пляцоўку, якой пазбавіліся літаратары, але і пра змест РС як факт літаратуры (NB: пісанай класічным правапісам, што цяпер рэдкасць), бо сотні выданняў праграмаў гэтага амерыканскага медыя за апошнія дзесяцігоддзі ператварыліся ў дзясяткі кніг, якія сталіся важнаю часткаю літпрацэсу. (Напрыклад, кніга колішняга лаўрэата прэміі Гедройця Змітра Бартосіка “Забіць упалмінзага” з серыі “Бібліятэка Свабоды” і ў апошнім сезоне-2024 фігуравала ў кароткім спісе). 

Цяпер пастараемся паказаць на канкрэтных прыкладах, як на гэтым фоне развівалася літаратурнае жыццё ў Беларусі і за яе межамі.

Наперад, у 1917-ы 

12–16 сакавіка адбыўся галоўны беларускі атракцыён перагортвання старонкі: 32-ая з ліку Мінская кніжная выстава-кірмаш.

Заўсёдніку гэтага дзяржвыдавецкага луна-парку было досыць няпроста знайсці 10 адрозненняў паміж леташняю падзеяй, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі, і сёлетняю, прысвечанаю 80-годдзю перамогі: тыя ж акцэнты, тыя ж кніжныя “навінкі”, тыя ж строі і дэкарацыі. Галоўнаю краінаю – госцем кірмашу выступіў Казахстан, што сталася нагодай яшчэ раз прэзентаваць беларускія выданні класіка Абая Кунанбаева (перакладнікі – Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша) і сказаць шмат пафасных словаў пра казахска-беларускае сяброўства. Уласна складалася адчуванне, што старонкі на ўсякі выпадак былі перагорнутыя назад прынамсі на паўстагоддзя: са сцэнаў гучалі лозунгі нават не перабудовы (канец 1980-х), а позняга застою (пачатак той дэкады). Гэта выглядала досыць эксцэнтрычна і нават патрыятычна, бо галоўны замоўца такога дызайну – расійскі літаратурны істэблішмент (рэпрэзентаваны на кірмашы ў Мінску старшынём Саюзу пісьменнікаў Расіі Уладзімірам Мядзінскім, адным з ключавых ідэолагаў РФ) – пасунуўся ў адмотванні гісторыі значна далей і актыўна ўзнаўляе наўпрост наратывы Расійскай імперыі да 1917 году. Любы наратыў, заснаваны на познесавецкім інтэрнацыяналізме, у гэтым выпадку – меншае зло.

Кніжныя навінкі выставы мелі шырокую стылістычную амплітуду. На адным полюсе прысутнічалі эфектнага выгляду і пафаснага зместу баёпікі на замову Міністэрства інфармацыі: “Мітрапаліт Філарэт” (укладанне Наталлі Якавенкі, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, да 90-годдзя клірыка) і “Наш Прэзідэнт” (выдавецтва “Беларусь”). Апошняя, маючы вагу сілікатнага блоку, налічвае ўсяго 207 старонак – каляровых, крэйдавых, крэпка-гаспадарчых. У выданне ўставілі некалькі клапанаў з факсіміле почырку А. Лукашэнкі. Кніга аўтарства Аляксандра Радзькова, Наталлі Эйсмант, Уладзіміра Пярцова і Алеся Карлюкевіча – магчыма, гіпертрафаваная прадмова да абяцанага летась збору твораў знанага публіцыста. Не выключана аднак, што ўвекавечанне палітыка як літаратара абмяжуецца гэтым вагомым фаліянтам. На другім полюсе дазволенае літаратуры ў афіцыйнай праграме фестывалю знайшліся аўтограф-сесіі з аўтарамі, на якіх раней не падала святло сафітаў Мінінфармацыі. Гэта даволі шматлюдная кагорта грамадзянаў Беларусі, якія ствараюць жанравую літаратуру для расійскага кніжнага рынку. Аматарам згаданага сегменту, што завіталі ў дні кірмашу ў БелЭкспа, явіліся, напрыклад, Ганна Аскельд (Абрамкіна) з Касцюковічаў – аўтарка ў стылі “цёмнага фэнтэзі”, выпускніца журфаку Магілёўскага ўніверсітэту (2015), нядаўняя карэспандэнтка газеты “Асіповіцкі край”; Яніна Корбут (1985 году нараджэння), выпускніца МДЛУ, аўтарка крос-жанравых твораў, фіналістка прэміі “Расійскі дэтэктыў” за 2020 год; Юлія Іюльская з Гродна, сцэнарыстка геймінгавай індустрыі, якая стварае “высокае фэнтэзі” і надае паслугі гост-райтынгу; Алег Савошчык з Мінску, выпускнік БІП (2015), фантаст; Улада Альхоўская, аўтарка 25 кніг у жанрах фантастыкі і дэтэктыву; Барыс Хантаеў з Гомля (1988 году нараджэння), аўтар жахаў. Усе асабістыя звесткі ўзятыя з адкрытых крыніцаў і арганізатарамі аўтограф-сесіяў не падкрэсліваліся. Поруч з тутэйшымі жанравікамі выступалі і папулярныя літаратары беспасярэдне з Расіі. Адбылася таксама масавая аўтограф-сесія беларускіх фэнтэзістаў: былі анансаваныя блізу 20 аўтараў. Выдадзеныя рознымі расійскімі выдавецтвамі за апошнія 5–10 гадоў, згаданыя творцы былі запрошаныя на кірмаш стэндам кнігарні OZ.by

Цяжка зразумець, пра што кажа гэтая раптоўная бачнасць. Магчыма, пра тое, наколькі ўзрасла роля маркетынгу на кніжным рынку Беларусі. Паспрабуем аднак уключыць футуролага і спрагназаваць з’яўленне новых зорак на небасхіле дазволенага беларускага пісьменства.

Маладыя твары, агу!

Крызіс новых імёнаў – адна з праблемаў, што відавочна турбуе функцыянераў афіцыйнае беларускае літаратуры. Бо, як той ананімна казаў у інтэрв’ю “Будзьма!”: навошта чыноўнікі ад літаратуры, калі самой літаратуры не існуе? Дазволім сабе недалёкі экскурс: з 2021-га да 2024 году Міністэрства інфармацыі правяло 4 сезоны літаратурнага конкурсу з прагрэсіўнаю назваю LitUp, пакліканага знайсці новых аўтараў для дзяржаўных выдавецтваў. Каб не займацца копіпастам, спашлемся на рэліз Міністэрства пра вынікі трох гадоў працы конкурсу, дзе прыводзяцца прыклады выдадзеных кніг. Усё гэта пераважна дзіцячая літаратура. Сёлета, як можна меркаваць са скупых крыніцаў, конкурсу LitUp не ладзілі. 

У цэлым медыйная прысутнасць праекту вельмі эпізадычная. Удалося знайсці спіс фіналістаў толькі аднаго конкурснага году, але паводле яго заўважна, што з самога пачатку нешта пайшло не так. Сярод “новых імёнаў” – 2023 фігуруюць, напрыклад, даўно вядомая (і шмат кім любімая) берасцейская літаратарка Зінаіда Дудзюк, старшыня Мінскай філіі Саюзу пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў і… публіцыст Андрэй Мукавозчык. У той жа час сёлетняя кагорта жанравых пісьменнікаў, адфільтраваная расійскім кніжным рынкам і з вялікім, часам 20-томным досведам за плячыма, – гэта міленіялы і зумеры, народжаныя ў 1980-х і 1990-х, не адарваныя ад народу. Шмат хто з іх у вачах уладаў не звязаны з падзеямі 2020-га (у адрозненне ад расійскамоўных аўтарак Яўгеніі Пастэрнак і Дзіяны Балыкі, якія апынуліся ў выгнанні). Гэта выдатны чалавечы капітал для дзяржаўнай ідэалогіі, якая сама па сабе – фэнтэзійная сфера. 

Тым жа, хто ўсумніцца, што “лёгкую” літаратуру можна канвертаваць у “цяжкую”, мы нагадаем гісторыю дзяржаўнае літпрэміі “Залаты Купідон”. Не Апалон ці хоць бы Арфей. Купідон. Заснаваная ў 2006 годзе, у 2015-м амурная ўзнагарода эвалюцыянавала ў Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі.

Няпроста вызначыць, ці чакае жанравых пісьменнікаў вялікая будучыня на радзіме, але ўжо сёння яны хоцькі-няхоцькі спрычыняюцца да анімацыі айчыннае кніжнае сцэны. Маладыя твары патрэбныя дзяржаве не толькі ў космасе.

Паміж абазначанымі вышэй полюсамі ўнутрыбеларускага пісьменства – кніжныя навінкі рознае ступені свежасці ад ідэолагаў: кнігі пра Данбас Людмілы Гладкай, Рыгора Азаронка ды інш., шматлікія версіі “Генацыду беларускага народу”. Зборнік эсэ “Суперпозиция. Параллельные миры” (выдавецтва БелТА, 2024) аналізуе дыскурсы дзяржавы А. Лукашэнкі і апазіцыі як паралельныя сусветы. На гэтым фоне вылучаецца навукова-папулярная сага Ігара Марзалюка “Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі і генезіс беларускага народа” (выдавецтва “Беларусь”). Зазначым, што словы “…і Літвы…” з назвы кнігі ў афіцыйнай праграме кірмашу зніклі. Нельга не заўважыць і выхаду ў свет 86-гадовага нарпісьменніка Мікалая Чаргінца з 4-м томам мемуараў “Трудные дороги жизни” (выдавецкі дом “Звязда”), дзе лінія гісторыі БССР і Беларусі шчыльна сплеценая з жыццяпісам сілавіка-літаратара.

На памежжы

Мінскі кірмаш асвятліў і магчымасць купіць цікава аформленыя новыя выданні пра гуманітарыстыку (этнаграфія, мовазнаўства, міфалогія) і перавыданні класікі (Купала, Колас, Караткевіч і інш.) у прыстойных паліграфічных варыянтах. Не скажам, дзе і як, але на кірмашы прадавалі і лаўрэата апошняй прэміі Гедройця – “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” Валянціна Акудовіча (выдавецтва “Логвінаў”).

У пераходную зону змесцім яшчэ дзве падзеі. 

  1. Прэзентацыя на расійскім кніжным стэндзе беларускай кнігі “(Не)чистый Минск” (“Дом книги”, 2024) – нешта вельмі лампавае і сувенірнае, як шкарпэткі з выяваю дранікаў або выведзеная на 3D-прынтар копія фарнага касцёлу Горадні, але вось, калі ласка: яшчэ і літаратура. Кніга, аўтарызаваная Таварыствам беларускіх фантастаў “Шуфлядка пісьменнікаў”, была выдадзеная ў канцы 2024 году на Дзяды і ўяўляе сабою зборнік містычных апавяданняў “з мінскай лакацыяй”. Хтанічная проза не проста пра русалак, а пра “русалак у Свіслачы”.
  2. Удзел у кірмашы Хелены Пабяржынай (Браслаў), аўтаркі дзвюх кніг прозы, першая з якіх – “Валсарб” (выдавецтва “Альпина”, 2023) – увайшла ў кароткі спіс расійскай прэміі “Большая книга”, зрабіўшы аўтарку знакамітай, а ў выніку нават скандальнай. Не заяўленая (выпадкова?) у афіцыйнай праграме кірмашу, але актыўна прысутная на пляцоўках пісьменніца расказала ў сацыяльных сетках (Instagram: @h_pobyarzhina), што 14 сакавіка на літаратурных падзеях яе атакаваў браславец, які (як расказвалі сведкі – у мегафон) абвяшчаў прысутным, што ў “Браславе не было Галакосту”, а кніга ягонае зямлячкі ачарняе родны горад (“Раман напісаны ў духу магічнага рэалізму: дзяўчынку, якая жыве ў 1980-х, пераследуюць цені забытых у вайну габрэйскіх дзяцей”). Пабяржына наракае, што сутыкаецца з нянавісцю ў камунікатарах, а таксама зазначае: не зважаючы на поспех у Расіі, у родным Браславе сустрэчы з ёю не ладзіліся. 
Фота: прэзентацыя беларускай кнігі «(Не)чистый Минск». Крыніца: https://bobr.by/news/newscompany/192007

Прыведзеныя вышэй прыклады высвечваюць новыя цікавыя аспекты развіцця айчыннага літпрацэсу. Зніклі з публічнае прасторы бывалыя айчынныя жанравікі, як беларускамоўныя Людміла Рублеўская ці Валер Гапееў – колішнія топавыя аўтары як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных выдавецтваў і ў той жа час фіналісты ненавіснай уладам прэміі Гедройця, Гапееў – дык зусім свежы фіналіст). Паралельна ўтвараецца новае літаратурнае памежжа са сваймі падводнымі камянямі і цікавінкамі. 

Такім чынам, Мінскі кірмаш сёння – гэта сімбіёз ідэалогіі і анімацыі. Прастора нармальнасці штогод сціскаецца, як шагрэневая скура, пашыраецца доля прапаганды. 

Чаргінец і Шчур. Што іх яднае?

У той жа час па-за межамі Беларусі – свая кніжная атмасфера. Цяжка не пагадзіцца з прапагандыстамі БелТА: сёння літаратурнае поле “ўнутры” і “звонку” аформілася ў два паралельныя сусветы.

Адметна, што гэтыя сусветы зазнаюць агульныя выклікі, але адказы на іх афармляюцца ў альтэрнатыўныя парадкі дня. І тут, і там актуальны пошук новых імёнаў, асэнсаванне новага стану рэчаіснасці (пасля жніўня 2020-га, лютага 2022-га, урэшце – студзеня 2025-га). Паўсюль адчувальны голад на новыя цікавыя дзіцячыя кнігі. Літаратары за межамі краіны маюць магчымасць публічных, а не падпольных выступаў, свабодны доступ да творчых рэзідэнцыяў ці не ў кожнай краіне ЕЗ. Гэта вынік таго, што на пачатак 2025 году ўсе незалежныя беларускія арганізацыі, рэлакаваныя з Беларусі, аднавілі руцінную працу для супольнасці (конкурсы, майстар-класы, адукаванне маладых літаратараў), у дадатак развіваюць дзейнасць новыя кніжныя ініцыятывы. 

За межамі Беларусі на сёння складаецца значна больш магчымасцяў для свабоднае творчасці, хоць яны азмрочаныя палітычнымі момантамі і эміграцыйным статусам аўтараў. Адметна, што магчымасцямі, якія склаліся ў свабодным свеце, могуць скарыстацца і аўтары, якія застаюцца ў Беларусі: у некаторых выпадках ім нават надаецца прыярытэт. Асабліва гэта датычыць дыстанцыйнага навучання ці супольных праектаў онлайн, дзеля якіх не трэба мінаць межаў. 

Напісаныя кнігі можна даслаць ужо ў дзясятак беларускіх выдавецтваў Еўропы і Амерыкі. Найсвяжэйшае з іх мае назву SayBeat і створанае, выглядае, пад кнігу – “мэм-угараў” Макса Шчура “Спроба эксперыментальнага канструявання сябе”. Пра гэты праект варта згадаць, бо ён містычным чынам паралеліць мемуарны праект Чаргінца. Шчур выдаў каля тысячы старонак фантасмагарычнай аўтабіяграфіі, што пачынаецца задоўга да ягонага нараджэння і пераламляе для нас ХХ стагоддзе ўласна праз прызму неардынарнай асобы аўтара.

Фота: кніга Макса Шчура «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе». Крыніца: https://nashaniva.com/ru/364441

Новыя імёны, новыя псеўданімы

“Звонку” Беларусі ў дадатак да новых імёнаў з’яўляюцца новыя псеўданімы. “Жыве канспірацыя!” – лозунг белліту ужо і ХХІ стагоддзя. Пераможца штогадовага конкурсу “Шуфлядка” Клёк Штучны, аўтар(ка) дэтэктыву “Забойства на вуліцы Макаёнка” (выдавецтва “Янушкевіч); літаратурная аглядальніца “Нашае нівы” Зося Лугавая, якая амаль штотыдня складае “народныя” рэцэнзіі на кніжныя навінкі (добрыя ўсім, апроч спойлераў); Ганна Фак’ю – правакатыўная крэатура эпатажнай кніжнай ініцыятывы “Лысы чэрап” з мацернаю паэмаю “Мужыкі”. Ананімаў яшчэ больш, чаго хадзіць далёка 😉 Заўважна, што дзякуючы створаным магчымасцям пазіцыя беларускага літаратара робіцца прывабная, і гэта прыцягвае ў супольнасць творчых асобаў з розным бэкграўндам. Гэтак, Аляксандр Карнаўх – фізік з адукацыі, рэлакаваўся ў Італію – дэбютаваў у выдавецтве Gutenberg Publisher з містычным дэтэктывам “Халодныя землі”.

Выдавецтва “Янушкевіч”, якое публікуе рэйтынгі продажаў сваіх выданняў, заявіла ў пачатку красавіка пра свайго лідара – маладога аўтара Макара Валынкіна з раманам “Апошняе пакаленне” (на вокладцы пазначана проста – МАКАР). Выпускнік Школы маладых літаратараў, як вынікае з водгукаў, не стварыў нічога выбітнага, але несумненна трапіў у чаканні чытача: вось яна, нашая таленавітая моладзь, і яна асэнсоўвае сябе пасля 2020 году. Як вынік шматгадовае працы супольнасці з маладымі аўтарамі выйшлі друкам першыя паэтычныя кнігі Іллі Кульбіцкага “Хроніка адмаўлення пустаты” (выдавецтва “Скарына”) і “Замова ўрбаністычная” Вікторыі Трыфанавай (выдавецтва “Янушкевіч”).

Паралелізм – нашае ўсё 

Нагадаем, што рэцэнзаванне кніг і нават пералік усіх кніжных навінак не ёсць мэтаю гэтага агляду праз яго сціплы аб’ём. І выкажам спадзяванні, што новы прэміяльны сезон расставіць акцэнты. Амаль усе прывычныя літаратурныя прэміі абвесцілі збор заявак, у тым ліку прэміі Беларускага ПЭНу імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча – за найлепшую публіцыстыку і гістарычны твор адпаведна. Адметна, што сёлета намінаваць было магчыма не толькі тэксты, але і аўтарскія выказванні ў мультымедыйным фармаце. У 2025 годзе адбываецца літаратурны конкурс “Экслібрыс”, заснаваны яшчэ ў 2012-м незалежным Саюзам пісьменнікаў. Яго прысвяцілі 90-годдзю Анатоля Клышкі, зняўшы ранейшае ўзроставае абмежаванне для ўдзельнікаў, але ўзамен папрасіўшы даслаць гатовыя рукапісы дзіцячых кніжак, а не, як раней, першыя літаратурныя спробы. Атрымліваецца, і тут створаная магчымасць, паралельная ўнутрыбеларускаму конкурсу LitUp.

Цікавую паралельную магчымасць для расійскамоўных пісьменнікаў, не згодных з лукашэнкаўскім рэжымам, стварае выдавецтва “Мяне няма”, кіраўнік якога Павел Анціпаў выдаў “лірычны постфікшан” пра 2010-ыя ў Беларусі “Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать”. Яшчэ адна кніга гэтага выдавецтва ў такім жанры – Таццяны Заміроўскай “Эвридика, проверь, выключила ли ты газ” пра светаадчуванне аўтаркі ў эміграцыі – увогуле не пабачыла б свету, калі б не прапанова ад “Мяне няма”. Кнігі ініцыятывы выходзяць поруч з беларускамоўнымі навінкамі або перавыданнямі адметных кніг 2000-х (напрыклад, анансаваны зборнік кароткае прозы Уладзіміра Сцяпана “Воўча”, аўтар застаецца ў Беларусі). 

І, нарэшце, вяршыня беларускага паралелізму. Па-за Беларуссю таксама адбыўся айчынны кніжны кірмаш. Гэта быў Ляйпцыґскі кніжны кірмаш, лаўрэатамі прэміі якога (Leipziger Buchpreis) зрабіліся: Альгерд Бахарэвіч за нямецкую версію эпапеі “Сабакі Еўропы” з фармулёўкаю “за ўнёсак у еўрапейскае паразуменне” (выдавецтва Voland & Quist, пераклад Томаса Вайлера) і сам Т. Вайлер як перакладнік кнігі за нямецкую версію кнігі “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка.

Ляйпцыґская прэмія ўводзіць ушанаванага пісьменніка ў ранг найважнейшых аўтараў Еўропы і пракладае шлях да літаратурнага нобэля. Для прыкладу, Святлана Алексіевіч атрымала яе ў 1998 годзе. Што да трыумфу кнігі “Feuerdörfer” (выдавецтва Aufbau), якую пазіцыянуюць як сведчанні ацалелых ахвяраў злачынстваў вермахту падчас акупацыі Беларусі, то ў кантэксце нямецкага пакаяння за злачынствы Гітлера яна складае дзіўную паралель з тэзісам унутрыбеларускай прапаганды пра “генацыд беларускага народу”. Уласна пазіцыянаванне беларускае нацыі як ахвяраў, якое пасля 2020-га замяніла падыход “мы гераічна перамаглі нацызм у складзе савецкага народу”, – гэта вельмі дзіўны выбар ідэолагаў. Не зусім ясна, як такое ўвогуле дапусцілі. Асацыявацца з ахвярамі звычайнаму чалавеку любое нацыі непрыемна, усім хочацца мець моцных продкаў, таму новы тэзіс падрывае аўтарытэт рэжыму.

Фота: нямецкі пераклад кнігі “Я з вогненнай вёскі”, выдавецтва Aufbau. Крыніца: https://bellit.info/roznaje/kniha-ja-z-vohnjennaj-vjoski-vyjshala-pa-njamjecku.html

Кнігі як хадавы тавар 

Падзеі пачатку 2025 году дазваляюць абазначыць галоўны трэнд 2025-га як у Беларусі, гэтак і за яе межамі. Гэта гандаль папераю. 

Кніжныя апетыты беларусаў растуць, нацыянальна арыентаваны тэкст – хадавы тавар, бо, здаецца, людзі гатовыя змятаць любы выраб з цэлюлозы, які прайшоў праз біндэр і змяшчае словы з “ў”. Гэта займела прыемны пабочны эфект. Пакуль пісьменнікі маюць вобмаль інтэлектуальных і маральных рэсурсаў асэнсоўваць рэчаіснасць або ствараць паралельныя ёй сусветы, рэй вядуць перакладнікі. Выдавецтвы “Янушкевіч”, Gutenberg Publisher, “Логвінаў”, “Пфляўмбаўм”, “Папуры” – усе моцныя гульцы – забяспечваюць з’яўленне па-беларуску як актуальных сусветных бестселераў, гэтак і запатрабаванае класікі. Адзначым тут перакладніцкі подзвіг Лявона Баршчэўскага, які працягвае публікаваць важныя антычныя эпасы. З апошняга – “Энеіда” Вергілія (выдавецтва “Цымбераў”). Другі вагомы прыклад – “Кнігі Якуба” нобэлеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук у перакладзе Марыны Шоды (выдавецтва “Пфляўмбаўм”). Іншая праява трэнду – прыстойныя перавыданні для знакавых кніг 1990-х, якія мала вядомыя шырокаму чытачу. Характэрны прыклад – “Адам Клакоцкі і яго цені” (выдавалася ў 2000-м) Ігара Бабкова з новай аўтарскаю рэдактураю, стараннаю вычыткай і ў цвёрдай вокладцы (выдавецтва “Логвінаў). Паводле адкрытых анонсаў і закрытых звестак, старыя кнігі на новы лад – асноўны кнігавыдавецкі вектар 2025-га.

Карысныя крыніцы

У канцы зноў пералічым асноўныя рэсурсы, што дапамагаюць аўтару гэтых радкоў сачыць за беларускім літпрацэсам у яго цэласнасці.

Bellit.info – дайджэст незалежнага Саюзу пісьменнікаў.

Сайт Беларускага ПЭНу, дзе з’яўляецца шмат навінаў пра рэпрэсіі ў сферы культуры і публікуюцца абвесткі пра творчыя магчымасці для літаратараў.

Навінавая стужка “Будзьма беламусамі!”, з якой зручна выходзіць на падкасты “Вусы Скарыны” Цімоха Акудовіча, “Смаленне вепрука” Насты Суханосік ды інш. 

Рубрыка “Культурны фронт” сайту Reform.news, дзе не памёр такі забыты жанр, як рэпартаж з кніжнае прэзентацыі. У дадатак штомесяц тут змяшчаюцца агляды кніжных навінак. Гэты партал асабліва адзначыў Альгерд Бахарэвіч, даверыўшы яму публікацыю тэксту сваёй прамовы для Ляйпцыґскай прэміі.

Варта падпісацца на PDF-версію “Літаратурнае Беларусі”, канцэпцыя якой не змянілася з часу, калі яна яшчэ была штомесячным дадаткам “Новага часу”. У нашы хаатычны час такі кансерватызм выглядае хутчэй плюсам. 

Вартасць пералічаных рэсурсаў у тым, што яны не дзеляць дзеячаў культуры на тых, хто з’ехаў або застаўся, аб’ектыўна падаючы падзеі паралельных літпрацэсаў. Іншыя літаратурныя ініцыятывы ды асобных аўтараў заклікаем наўпрост дасылаць згаданым медыйным гульцам анонсы сваіх праектаў, каб падтрымаць іх зместам у няпросты для медыяў час і зрабіць доступ шырокага чытача да навінаў літаратуры яшчэ больш зручным.

 


Кіно: “Лебядзіная песня” супраць “Чорнага замку”

Галоўнаю падзеяй пачатку 2025 году для беларускага кіно стаўся ўдзел стужкі Юрыя Сямашкі “Лебядзіная песня Фёдара Возерава” на Берлінскім міжнародным кінафестывалі. Беларусы і раней былі ў праграме Berlinale з поўнаметражным кіно, але па-за конкурсам. Сямашкаву стужку адабралі і з вялікім поспехам у фестывальнай аўдыторыі паказалі ў межах Forum’у  – адной з асноўных конкурсных праграмаў. Ці азначае паказ на адным з галоўных кінафэстаў класу А, што доўгачаканы прарыў нашага кіно адбыўся і беларусы нарэшце трапілі ў эліту сусветнага кінамастацтва?

Ад DIY да Berlinale 

Сціплая, на першы погляд, стужка Юрыя Сямашкі – паўнавартасная еўрапейская капрадукцыя, што стваралася паміж Вільняю, дзе жыве творца, Варшаваю, дзе адбываліся здымкі, і Нямеччынаю, дзе праходзіў постпрадакшн гуку.

Кадр са стужкі “The Swan Song of Fedor Ozerov”. Крыніца: https://www.berlinale.de/en/2025/programme/202514466.html

Фільмы вымушанага эміграваць з Беларусі аўтара дазваляюць адносіць яго да кірунку DIY (Do It Yourself) – самаробнага кінамастацтва. З сярэдзіны 2010-х абсалютна самастойна і аўтаномна ад кінаіндустрыі Юрый Сямашка стварыў больш за дзясятак кароткаметражных стужак. Дасціпная ды вынаходлівая анімацыя ў розных тэхніках у іх спалучалася з жывымі здымкамі на лічбавую камеру. Безбюджэтныя фільмы Юрыя Сямашкі вылучаліся непаўторным аўтарскім стылем. Але пераадолець псіхалагічны прафесійны бар’ер творцу ўдалося толькі з “Лебядзінаю песняю Фёдара Возерава”.

Гэты фільм стаўся першым вялікім поспехам усяго беларускага кінамастацтва ў эміграцыі. І ажыццявіць яго ўдалося менавіта дзякуючы інтэграцыі з міжнароднымі еўрапейскімі інстытуцыямі ды кінакампаніямі. На гэты момант такі шлях – фактычна адзіны да стварэння кіно на прафесійным узроўні для беларусаў-мігрантаў.

Ідэя поўнаметражнага праекту Юрыя Сямашкі была сярод двух пераможцаў першага інкубатару мікрабюджэтнага кіно, а таксама сцэнарнае лабараторыі Belarusian Filmmakers Network у кастрычніку 2023-га ― студзені 2024 году. Гэтыя ініцыятывы ладзяцца (на гэта момант адбыліся дзве эдыцыі) з дапамогаю некалькіх еўрапейскіх інстытуцыяў і прапануюць пераможцам грант на далейшае распрацоўванне фільмаў. Далей праекту ўдалося знайсці асноўнага партнёра – літоўскую кампанію Artbox Production House і прадзюсара Кястуціса Драздаўскаса. На фінальным этапе далучылася нямецкая кампанія Tonbuero, якая займалася чыставым гукам карціны. Адсюль і Літва ды Нямеччына як краіны-вытворцы ў цітрах. Беларусы, удзельнікі праекту, арганізатар інкубатару мікрабюджэтнага кіно Belarusian Filmmakers Network Леанід Каліценя і рэжысёр Уладзімір Казлоў нават пры тым, што апекаваліся фільмам Юрыя Сямашкі з пачатку, лічацца толькі супрадзюсарамі.

Але нацыянальная прыналежнасць “Лебядзінае песні Фёдара Возерава” тым не менш не павінна выклікаць пытанняў. Пазнавальныя персанажы стужкі размаўляюць пабеларуску і па-расійску амаль у роўнай прапорцыі, а дзеянне разгортваецца ў вельмі падобным да беларускага постсавецкім горадзе. 

Аднак фільм добра зразумелы не толькі беларусам, і ў гэтым яго перавага і прычына, праз якую быў залучаны ў праграму падкрэслена інтэрнацыянальнага Berlinale. Юрый Сямашка, як і іншы беларускі DIY-кінааўтар Мікіта Лаўрэцкі, – стваральнік гранічна прыватных гісторыяў. Галоўны герой стужкі Фёдар Возераў у выкананні непрафесійнага актора, музыкі Вячаслава Кміта – фігура напалову камічная, з вялікаю доляй інфантылізму ў аснове, напалову трагічная, разгубленая постаць, тыповая не толькі для беларускіх 2010-х. “Лебядзіная песня Фёдара Возерава” адначасова і абсурдысцкая – на мяжы сюру – гісторыя, і міжвольны імгненны зрэз хісткіх і няўпэўненых часоў. Зрэшты, менавіта гранічная аўтарскасць і шчырасць вылучаюць стужку.

Паміж першаю заяўкай Юрыя Сямашкі і прэм’ераю на Berlinale мінула крыху больш за год. Невялічкі бюджэт і невядомыя шырокай публіцы акторы не перашкодзілі фільму быць адабраным у конкурс кінафэсту класу А. Апошнія некалькі гадоў Berlinale рухаецца ў бок большае мастацкасці, арыгінальнасці аўтарскіх твораў, і сціплая, на першы погляд, “Лебядзіная песня Фёдара Возерава” прыйшлася акурат да месца.

Мікрабюджэтнасць праекту таксама мела свае плюсы: большую частку працы над сваім гіпераўтарскім фільмам Юрый Сямашка выконваў – а значыць, кантраляваў – асабіста, не арыентаваўся на запыты і ўмовы буйных кампаніяў. Стужка не трапляе пад каноны ні індустрыйнага камерцыйнага кіно, ні так званага арт-мэйнстрыму. У ёй няма дакладна акрэсленага палітычнага або сацыяльнага мэсіджу, прывязкі да канкрэтных падзеяў. Абсурдны і паралельны стандартным кінематаграфічным практыкам аўтарскі падыход Юрыя Сямашкі выглядае тут яўнаю перавагаю на фоне гучных кінематаграфічных маніфестаў ды востраактуальных экранных выказванняў.

“Лебядзіная песня Фёдара Возерава” – нібы ў паралельнай рэчаіснасці, але парадаксальным чынам трапляе пад запыты фестывальнай аўдыторыі. У апошнім можна было пераканацца на Berlinale, дзе ўсе паказы прайшлі пры аншлагах. Асноўных узнагародаў ад журы праграмы Forum “Лебядзіная песня Фёдара Возерава” не атрымала, але вельмі важнай і пачэснай адзнакай стаўся прыз, што адметна, глядацкага журы газеты Tagesspiegel.

Пры гэтым пракатны лёс “Лебядзінае песні Фёдара Возерава” застаецца нявызначаны. Удзел ужо гатовага фільму ў European Film Market 13–19 лютага 2025 году ў межах Berlinale якраз і павінен быў знайсці партнёраў для будучых паказаў. Пакуль стужка Юрыя Сямашкі шукае выхад да шырокай сусветнай аўдыторыі, яе прадзюсары займаюцца фестывальнымі паказамі. Гэтак, фільм запрошаны ў конкурсную праграму Jeonju International Film Festival у Паўднёвай Карэі. Фестываль спецыялізуецца на аўтарскім і эксперыментальным кіно, адбудзецца з 30 красавіка да 5 траўня 2025 году.

Пітчынг, прэм’еры і праекты 

Разам з ужо гатовым фільмам Юрыя Сямашкі ў European Film Market бралі ўдзел і перспектыўныя беларускія праекты ў рознай стадыі распрацоўвання. 16 лютага пад эгідаю Беларускае незалежнае кінаакадэміі адбыўся пітчынг 10 поўнаметражных кінапраектаў, адзін з якіх – дакументальны, астатнія – ігравыя. Прыкмета часу – каманды з трох праектаў захоўваюць ананімнасць.

Гучная прэм’ера мінулага году, палітычная драма “Пад шэрым небам” беларускі Мары Тамковіч 28 сакавіка выйшла ў польскі пракат. Да гэтага абмежаваныя паказы адбываліся на кінафэстах і кінапраглядах для дыяспары ў некалькіх еўрапейскіх краінах.

Выйшаў першы тызэр новага праекту аўтара серыялу “Працэсы” Андрэя Кашперскага “Суд мёртвых”. Стужка пра беларускую суддзю, якую пачынаюць пераследаваць асуджаныя ёю памерлыя. Здымалі кароткі метр мінулаю восенню ў Варшаве. Але, на задуму аўтараў Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя, кароткі метр будзе папярэднічаць поўнаметражнай стужцы з такою ж назваю ды сюжэтам і дапаможа знайсці сродкі на рэалізацыю апошняй. У галоўнай ролі ў фільме знялася акторка Зоя Белахвосцік.

Онлайн-кінатэатр беларускага кіно Vodblisk, звязаны з камандаю фестывалю “Паўночнае ззянне”, запусціў новы праект – DOC:DOC. Тут можна паглядзець дакументальныя стужкі рэпарцёрскага фармату, прысвечаныя актуальным праблемам рознага кшталту.

Беларускую тэму на міжнародным узроўні падтрымала італьянская служба мультыеўрапейскага тэлеканалу ARTE. 13-хвілінны фільм “Галасы з Беларусі. Анімаваныя водгукі. Частка 1” (Voci dalla Bielorussia | Testimonianze animate #1) створаны ў актуальным апошнія гады кірунку анімадок (аповеды герояў візуалізуюцца з дапамогай анімацыі). Чатыры гераіні, жыхаркі Беларусі, апавядаюць пра свой досвед сутыкнення з палітычным рэжымам і дзяржаваю. Аповеды ананімных гераінь, агучаныя прафесійнымі акторкамі па-беларуску, – вельмі эмацыйны, а ў пэўныя моманты жахлівы глядацкі досвед, які не можа пакінуць абыякавым.

Кадр са стужкі “Галасы з Беларусі”. Крыніца: https://www.youtube.com/watch?v=DWA9Kt8EdTk

Што ў Беларусі? 

Тут на пачатак красавіка працягваецца пракат стужкі “Чорны замак” і анімацыі “Белавежская пушча”. Гэта распрацаваныя прыватнымі прадзюсарамі праекты, што з пачатку выклікалі пэўную цікаўнасць беларускае публікі, хоць шырокі пракат забяспечваецца ў тым ліку арганізаванымі паказамі перад школьнікамі, студэнтамі і г. д.

“Чорны замак” – супольная вытворчасць некалькіх прыватных расійскіх і беларускай кінакампаніяў пры фармальным удзеле Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Расійскамоўную экранную адаптацыю гістарычнага бестселера Уладзіміра Караткевіча выканаў прадзюсар праекту Глеб Шпрыгаў, а рэжысураю займаўся расійскі пастаноўшчык Кіріл Кузін, вядомы шэрагам другарадных праектаў.

Фільм фінансаваўся Мінкультамі абедзвюх краінаў, але галоўнымі дзейнымі асобамі ў ім сталіся расіяне: і як выканаўцы галоўных роляў, і як чальцы здымачнае групы. Моцна змененая і спрошчаная версія сюжэту постмадэрнісцкага Караткевічавага твору відавочна адаптаваная пад неабазнанага ў літаратурнай першакрыніцы і беларускай гісторыі гледача. Замест патэнцыйнага нацыянальнага гіта “Чорны замак” глядач атрымаў авантурна-прыгодніцкі кінакўэст з максімальна лёгкім сюжэтам. Відовішчны ўзровень стужкі таксама прымушае чакаць лепшага. Стваральнікі відавочна разлічваюць на серыяльную версію карціны, бо паказаны кінаварыянт асаблівага ўражання ды розгаласу сярод беларускай і расійскай публікі пакуль не зрабіў.

Анімацыйны фільм “Белавежская пушча”, наадварот, пасля прэм’еры 30 студзеня колькі дзён быў у топе навінаў за кошт наватарства падыходу да вытворчасці. Стваральнікі сцвярджаюць, гэта першая ў свеце поўнаметражная анімацыя, зробленая ўсяго за некалькі месяцаў выключна з дапамогаю штучнага інтэлекту. Раней невядомая ў прафесійным асяродку мастацкай анімацыі Arteki Studio з Мінску зрабіла “Белавежскую пушчу” на ўзор галівудскіх 3D-мультфільмаў. Тое датычыць і сюжэту, і візуальнага шэрагу. Ва ўмовах невялікага беларускага кінапракату цяжка казаць пра фінансавы поспех стужкі. Трэба адзначыць яе мастацкую другаснасць і тэхнічную недасканаласць адносна замежных узораў.

Кадр ШІ-фільма “Белавежская пушча”. Крыніца: YouTube

І “Чорны замак”, і “Белавежская пушча” створаныя па-расійску прыватнымі прадзюсарамі, гэта рэдкія ў айчынным кінапракаце камерцыйныя праекты, відавочна не скіраваныя на нацыянальна арыентаваную аўдыторыю.

Між тым пасля падзеяў 2020 году камерцыйны складнік кінавытворчасці ў вачах палітычнага рэжыму па-ранейшаму застаецца на другім месцы. Дзяржаўнае ігравое, дакументальнае і анімацыйнае кіно тут скіраванае найперш на прапаганду. Пра тое сведчаць і апошнія прэм’еры, і стужкі ў запуску на “Беларусьфільме”.

У студзені – сакавіку адбыліся прэм’еры дакументальных працаў рэжысуры Уладзіміра Луцкага “Манастыр святой Еўфрасініі” і “Птушка Фенікс Аляксея Талая”, а таксама анімацыйнага праекту “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў” Канстанціна Андрушачкіна, Ірыны Тарасавай, Таццяны Нагорскай, Алены Туравай і Наталлі Касцючэнкі. Пачаўся здымачны перыяд фільмаў Івана Паўлава “Адно на дваіх” і Кірыла Халецкага “Класная”. 

Стваральнікі стужак вельмі шчыльна трымаюцца тэмы і кірунку дзяржаўнае замовы, у межах якой ім давераныя здымкі. Мастацкі і камерцыйны патэнцыял праектаў, відавочна, хвалюе замоўцаў і аўтараў найменей. 

На фоне вымушанага ад’езду мноства дзейных і перспектыўных кінематаграфістаў сканцэнтраваная на “Беларусьфільме” дзяржаўная кінавытворчасць застаецца ў відавочным крызісе, ёй бракуе таленавітых кадраў. Пры гэтым 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў перад новым кіраўніком беларускага Міністэрства культуры, акторам тэатру і кіно Русланам Чарнецкім, што “не збіраецца прабачаць” спецыялістам творчых прафесіяў. На гэтым фоне 27 сакавіка прызначылі новага дырэктара Нацыянальнае кінастудыі “Беларусьфільм” Дзмітрыя Сямёнава, які працаваў раней на адміністрацыйных ды чыноўніцкіх пасадах.

Што датычыць незалежнага аўтарскага кіно, то на пачатак 2025 году ў Беларусі яно рэпрэзентаванае аматарскімі кароткаметражнымі стужкамі. А нешматлікія паказы праходзяць у закрытым ці напаўзакрытым фармаце “для сяброў” і не афішуюцца.

Такім чынам

  1. Галоўная падзея пачатку 2025 году – першая прэм’ера ігравое поўнаметражнае стужкі беларускага аўтара Юрыя Сямашкі ў конкурснай праграме Berlinale.
  2. Формула поспеху беларускага кіно за мяжою – выразны аўтарскі пачатак, нонканфармізм плюс шчыльная міжнародная кааперацыя ды фінансавае падтрыманне.
  3. Аўтарскае кіно ў Беларусі на гэты момант амаль цалкам сышло ў партызанку.
  4. Палітычны рэжым у Беларусі па-ранейшаму бачыць у фінансаваным дзяржаваю кіно найперш сродак прапаганды.
  5. Галоўная прэм’ера пачатку 2025 году – “Чорны замак” паводле раману Уладзіміра Караткевіча – набор клішэ і псеўдагалівудскіх штампаў, характэрных для новага забаўляльнага кіно ў Расіі.

 


Тэатр: новыя фінансавыя правілы і міністр-актор

Абнуленне і перапісванне гісторыі, уплыў Расіі і ўвага да ваеннай тэмы ў рэпертуары, русіфікацыя і кадравы дэфіцыт. Гэтыя характарыстыкі ўжо даўно сталіся для беларускага тэатральнага жыцця будзённымі і тыповымі. Але ў гэтым сегменце культуры адбылося багата іншых падзеяў. Пра іх – у нашым новым аглядзе.

Тэатры зарабляюць самі. Якім чынам?

2025 год пачаўся са зменаў у правілах гульні (зрэшты, анансаваных). З 1 студзеня айчынны тэатр перайшоў на новую сістэму фінансавання: 50 % бюджэту цяпер вылучае дзяржава, 50 % калектывы зарабляюць самі.

Між тым калектывы толькі нядаўна, з пачатку 2024-га, пачалі прывыкаць да прапорцыі 60 % на 40 % (большая частка была дзяржаўная). Самастойна здабываная частка фінансавання ўжо тады выглядала завысокаю. У дарэвалюцыйныя 2017–2019 гады ўдзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў дасягала 34 %. У абласных – да 37 %. Але такія паказнікі часцей дасягаліся дадатковымі захадамі: платнымі імпрэзамі, вялікаю колькасцю забаўляльнай прадукцыі. Усе гэтыя вымушаныя крокі ў бок здабывання грошай перашкаджалі развівацца калектывам і акторам.

Мінула ўжо тры месяцы, тэатры працягваюць працу. Але якім коштам? Напрыклад, дырэктар Моладзевага тэатру эстрады Сяргей Мядзведзеў падзяліўся сакрэтам: “Адкрылі творчыя студыі, у якіх надаём паслугі ў навучанні вакалу, харэаграфіі і тэатральнаму майстэрству. Важны кірунак работы – арганізацыя імпрэзаў. Нашыя кампетэнцыі дазваляюць зладзіць канцэрт любога ўзроўню – ад невялікай карпаратыўнай вечарыны да маштабных рэспубліканскіх імпрэзаў”. Яшчэ далей пайшоў Оперны. “Мы сталі актыўна прапаноўваць выступы нашых заслужаных артыстаў па лініі прафсаюзаў, напрыклад у санаторыях, прафілакторыях, дамах культуры. У тэатры фармуем творчыя калектывы, якія, выязджаючы, таксама будуць зарабляць”, – заявіла дырэктарка Кацярына Дулава. Тэатры займаюцца ўсім, чым заўгодна, апрача сваёй асноўнай дзейнасці. А гэта відавочна замінае творчасці і адмоўна ўплывае на якасць спектакляў.

Зменаў не чакаем

У снежні мінулага года міністрам культуры стаўся актор Горкаўскага Руслан Чарнецкі. Відавочна, ён разумее, што ў айчынных тэатрах далёка не ўсё ідэальна. Іначай бы сам Чарнецкі не зарабляў грошай сваёй праўладнаю грамадскаю дзейнасцю і здымкамі ў кіно. Але за чатыры месяцы працы ніякіх зменаў у дзейнасці тэатраў не ініцыяваў. Наадварот, новаму міністру дакладна акрэслілі, што можна, а што не. Пры зацвярджэнні новага складу ўраду Аляксандр Лукашэнка забараніў Чарнецкаму прымаць на працу публічных прадстаўнікоў сферы культуры, якія ў 2020-м выступілі супраць улады. Гэта сведчыць, што, магчыма, такія спробы рабіліся. На бліжэйшы час на іх дакладна пастаўлены крыж.

Межы дазволенага і недазволенага ў сваім інтэрв’ю дакладна акрэсліў мастацкі кіраўнік Горкаўскага Сяргей Кавальчык. Ён раскрытыкаваў 1990-ыя, калі нібыта “часта браліся сумнеўныя тэмы і п’есы, не заўжды радаваў рэпертуар” (у рэальнасці гэта быў час альтэрнатывы, звароту да раней забароненых тэкстаў і аўтараў). Кавальчык пахваліў дзяржаву за “захаванне традыцыйнага рэпертуарнага тэатру, які адстойвае маральныя каштоўнасці. <…> Менавіта традыцыйны тэатр у нашым славянскім разуменні, які ідзе ад Станіслаўскага”. 

У рэальнасці рэпертуарны тэатр захоўваецца далёка не толькі ў Беларусі. Але яго кансервацыя ў нашым выпадку сапраўды адбылася. Мадэль Кавальчыка, што цалкам адпавядае дзяржаўнай палітыцы, дазваляе выключна зварот да псіхалагічнага тэатру, якому даюць магчымасць развівацца ў пракруставым ложку дзяржаўных калектываў. Існаванне прыватнікаў або развіццё альтэрнатыўных кірункаў не прадугледжваецца.

Заўважым, што і кіраўнік Горкаўскага, і ягоны бацька, галоўны рэжысёр Музычнага Міхаіл Кавальчык, і жонка апошняга Эмілія Кавальчык – настаўнікі дзясяткаў актораў і рэжысёраў, якія прайшлі праз сталічную Акадэмію мастацтваў. Кансерватызм выкладчыкаў не можа не паўплываць на вучняў. У якой ступені, зробіцца зразумела ў будучыні.

Праблемы ў адукацыі і прыстасаванне да новых рэаліяў

Зрэшты, усе прадстаўнікі сям’і Кавальчыкаў атрымлівалі адукацыю за савецкім часам, калі яна збольшага адпавядала сучаснасці і захоўвала пэўны ўзровень. У наш час планка патрабаванняў усё больш зніжаецца. Кафедру майстэрства актора і рэжысёра ў мінскай Акадэміі (само аб’яднанне спецыяльнасцяў абсурднае) цяпер узначальвае тэатральны крытык Вольга Сталярова, якая не іграла на сцэне як актрыса, не ставіла спектакляў на прафесійнай сцэне. А таксама пакуль яшчэ і не абараніла дысертацыі: у савецкі час кіраваць кафедрамі звычайна прызначалі дактароў навук, у гады незалежнасці – як мінімум кандыдатаў. Канстатуем сістэмны крызіс, у якім перабывае айчынная тэатральная адукацыя.

Між тым новае пакаленне вымушанае прыстасоўвацца пад новыя рэаліі. Напрыклад, Лізавета Машковіч, якая яшчэ студэнткаю рабіла чыткі паводле сучасных п’есаў, цяпер апрацоўвае савецкую дзялянку. Спачатку паставіла ў сталічным Новым драматычным спектакль-настальгію “Белыя Росы” паводле далёка не сучаснай і, на жаль, не надта актуальнай аднайменнай п’есы Аляксея Дударава. Пасля падрыхтавала для фестывалю Backstage сцэнічнае чытанне “Кінасцэна: Службовы раман” паводле аднайменнага культавага савецкага фільму. Арцём Пінчук, які ў мінулым іграў у ліцэнзійным бродўэйскім мюзікле, цяпер кіруе Тэатрам беларускай арміі. Апошняе, зрэшты, не адмяняе надзеі, што ён здолее нешта там змяніць. Але прыклад Машковіч – штатнай рэжысёркі Новага драматычнага – дазваляе ставіцца да гэтага скептычна.  

У астатнім сітуацыя ў айчынным тэатры глабальна не змянілася. З акторамі праводзяць выхаваўчыя гутаркі (напрыклад, з трупаю РТБД). Назіраецца кадравы дэфіцыт: кіраўнікоў калектываў не могуць знайсці па 10 месяцаў (менавіта столькі шукалі дырэктара Музычнага). У краіне гастралюе Луганскі тэатр, які працуе на акупаваных Расіяй тэрыторыях. Магілёўскі фестываль “М@art.кантакт” ізноў ператварыўся ў пляцоўку для паказу расійскіх спектакляў: сёлета іх у афішы 14 (плюс 9 беларускіх і 1 азербайджанскі). Дарэчы, калі ў 2010-ыя моладзевае журы складалі мясцовыя, то цяпер яго сфармавалі з расійскіх студэнтаў-тэатразнаўцаў. 

Аднак прэм’ера “Мроіва” (рэжысёр – Яўген Карняг) у Тэатры лялек (снежань 2024-га) збірае аншлагі, як і ўся прадукцыя гэтага калектыву, які ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі выйшаў на пік папулярнасці і нават сутыкнуўся з перапродажам квіткоў. Адбываюцца чытанні п’есаў у абяскроўленым рэпрэсіямі РТБД (у разгляданы перыяд – гаворка пра “Сталіцу Эраўнд” і “Гісторыі дзіўнага свету”). У тым жа калектыве прайшла прэм’ера спектаклю “Мой хомлэнд” паводле п’есы айчыннага драматурга Максіма Даська. А ў першай палове красавіка ў Музычным адбылася сусветная прэм’ера балета айчыннага кампазітара Лізаветы Лобан “Купалле” у пастаноўцы Сяргея Мікеля. 

Змаганне ў замежжы і выхад на Карэю

Айчынны тэатр у замежжы працягвае сутыкацца з вечнымі цяжкасцямі эміграцыйных трупаў: абмежаванай аўдыторыяй, адсутнасцю сталага фінансавання і г. д. Напрыклад, “Вольныя Купалаўцы” пасля выступаў у снежні 2024-га ўзялі паўзу да канца сакавіка. Менавіта тады ў Варшаве прайшоў Тыдзень тэатру, падчас якога яны зладзілі пастаноўкі “Moj Hleb”, “Гусі-людзі-лебедзі” (двойчы), “Экстрэмісты” і “Зэкамерон”. Істотна, што гэтым разам удалося зарганізаваць онлайн-трансляцыі на YouTube, што рэдкасць апошнім часам. 

Найбольш значным дасягненнем з іх выглядаюць “Гусі-людзі-лебедзі” – арыгінальная інтэрпрэтацыя раману Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”. Астатнія маюць хутчэй асветніцкі характар.

Магчыма, “Купалаўцам” у дзейнасці дапаможа атрыманая прэмія Міністэрства культуры Польшчы. Зрэшты, калектыў ужо паведаміў, што дзякуючы падтрыманню беларусаў і польскіх культурніцкіх інстытуцыяў будзе граць 15 спектакляў цягам гэтага года.

Пакуль жа, як прызнаваўся ў інтэрв’ю Алег Гарбуз, паўза ў выступах тлумачыцца бояззю “захутка стаміць нашага гледача, калі будзем іграць часта, мы не можам іграць на паўпустыя залы, бо жывём цалкам з квіткоў, у нас фінансавання – нуль, проста ніякага”. Паводле актора, стаўка складае 500 злотых ($ 125) за спектакль, часам яна вышэйшая. Натуральна, пры нешматлікіх паказах жыць выключна за кошт іх не выпадае.

Аднак нават у такіх складаных і неспрыяльных для развіцця ўмовах тэатр спрабуе не толькі выжываць, але і развівацца.

Ладзяцца прэм’еры. Напрыклад, у лютым 2025-га ў Літве паставілі цёплы душэўны спектакль “Цесля” (рэжысёр – Андрус Дарала), у якім саліраваў колішні актор Новага драматычнага Сяргей Тоўсцікаў. Пастаноўка прысвечаная беларускім сем’ям, падзеленымі мяжой і цяперашнімі палітычнымі рэаліямі. А яшчэ гэта аднаўленне працы Тэатру жніўня, які апошнімі гадамі ўзяў паўзу.

Фота: спектакль “Цесля”. Крыніца: https://racyja.com/by/kultura/premera-spektaklja-ceslja-pa-belarusku-projdze-u-vilni/

Адбываюцца паказы ўжо пастаўленых спектакляў – і гэта істотна, бо іх жыццё, як гэта часта здараецца, не канчаецца на стадыі прэм’еры. Напрыклад, у студзені ў Варшаве можна было ўбачыць “Радзіва Прудок” (ці не адзіная сёлетняя актыўнасць “Купалаўцаў” перад Тыднем тэатру). У сакавіку ў Варшаве – спектакль “Па што ідзеш, воўча?” і г. д.

Істотна, што праходзяць гастролі, якія разрываюць ізаляцыю, уласцівую эміграцыі. У лютым у Варшаве і Беластоку паказалі спектакль “Мая мама ў турме”, прэм’ера якога адбылася летась у Літве (у ім разам з прафесійнымі акторамі на сцэну выходзяць дзеці). У тым жа месяцы ў Лондане адбываліся паказы “KS6: Small Forward”, у якім баскетбалістка Кацярына Сныціна апавядае пра свой досвед (першыя паказы прайшлі летась у ЗША). У сакавіку пастаноўку, якая больш нагадвае яркае шоу (часткова ў фармаце TEDx talk) з прыцягненнем увагі да Беларусі, можна было ўбачыць праз онлайн-трансляцыю на YouTube.

Фота: KS6: Small Forward | Belarus Free Theatre. Крыніца: https://belarusfreetheatre.com/productions/ks6-small-forward

Дасягненні эмігранцкага тэатру фіксуюцца. Сярод іншага, гэта адбываецца на старонках альманаху Draft, што выходзіць у ЕГУ. Выданне акурат прысвечанае тэатру ў выгнанні і эміграцыі. Відавочна, у наступным нумары будзе адзначаная і праца Мікіты Ільінчыка, які паставіў на сцэне Польскага тэатру ў Познані спектакль “Пігмаліён”, дзеянне якога перанесенае ў будучыню і расказвае пра дэпартацыю мігрантаў з краінаў ЕЗ.

Фота: cпектакль “Пігмаліён”. Крыніца: https://teatr-polski.pl/spektakle/pigmalion/

Акрамя таго, тэатральныя інстытуцыі працуюць у сферы адукацыі. Напрыклад, ініцыятыва by.teatr набрала дзве навучальныя групы. Гэта істотна, бо пытанне рыхтавання кадраў у будучыні зробіцца для эмігранцкага тэатру адным з галоўных. Новыя кадры амаль не з’яўляюцца. Адзінае выключэнне – вымушаная эміграцыя людзей тэатру менавіта ў заходнееўрапейскім кірунку (бо часта яны, бачачы праблемы і цяжкасці з працаю паводле спецыяльнасці, імкнуцца застацца на радзіме або выбіраюць Расію). Таму гэтую праблему непазбежна давядзецца развязваць. 

Аднак не ўсё песімістычна. Напрыклад, тэатральны крытык Настасся Панкратава зарганізавала працоўную сустрэчу прадстаўнікоў беларускіх лялечнікаў з кіраўніцтвам UNIMA на ўзроўні прэзідэнта гэтай арганізацыі (гаворка пра Міжнародны звяз дзеячаў лялечных тэатраў, афіляваная структура UNESCO). У выніку, не зважаючы на ліквідацыю беларускай секцыі, нашыя суайчыннікі змогуць наўпрост уступаць у UNIMA і мець падтрыманне ў сваіх праектах. А монаспектакль Паліны Дабравольскай “Сарматыя” паказалі на фестывалі ў паўднёвакарэйскім Сеуле. Гэта сведчыць, што айчынны тэатр можа і павінен быць запатрабаваны ў свеце.


Музыка: прэс мінуўшчыны і “асалода супрацьстаяння”

Самае плённае поле дзейнасці – супраца з замежнікамі. Афіцыйная Беларусь імкнецца ў мінулае, а новая спрабуе знайсці сябе ў вялікім свеце. Музычная прастора краіны традыцыйна запоўненая расійскімі артыстамі і эстрадай, а выспа Беларусі – андэграўндам. Беларуская музыка ў замежжы працягвае збіраць суайчыннікаў на канцэртах і фестывалях, а эмігранцкія пляцоўкі прайграюць мясцовым. 

Інтэграцыя vs асіміляцыя

Найбольш актыўна ў гэты час музыкі супрацоўнічалі з замежнікамі. Ініцыятываў беларусаў для беларусаў цяпер зусім няшмат, а геаграфія жыцця матывуе даследаваць блізкія тэрыторыі.

Паліна напісала музыку для паказу Couture Spring 2025 на тыдні высокай моды ў Парыжы. Гэта не першы ейны заход у свет моды: летась ейную музыку выкарыстоўваў для сваёй калекцыі французка-мараканскі брэнд адзення Casablanca

Фота: Паліна. Крыніца: https://www.instagram.com/repolinare

Naviband у новым альбоме “Адліга” запісалі фіты з Палінаю, “Бі-2” і грузінскім гуртом Mgzavrebi. Света Бень з’явілася на альбоме ў татарскага праекту Tatar Kyz:lar. Сімфонік-метал гурт Belle Morte прэзентаваў альбом “Pearl Hunting”, дзе гучаць 23 этнічныя інструменты, а ў запісе бралі ўдзел 18 музыкаў з 12 краінаў.

Чэшская артыстка Іва Марэсава і гурт Razam, дзе грае беларускі музыка Аляксандр Ясінскі, прэзентавалі альбом “Na dně mojí duše”. Яго запісалі з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэцу-Кралавэ. Кружэлка адметная яшчэ і тым, што ў ёй сярод іншага гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў – Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі.

На полі праектаў-фітоў шмат гадоў шчыруе Віктар Сямашка. Сёлета ў межах праекту Fantastic Swimmers ён прэзентаваў рэліз “Svintus Grandiosus” – інтэрнацыянальны альбом-пастаноўку ў духу палітычнае сатыры для авангарднага кабарэ. Да таго ж аўтар падзяліўся прэв’ю альбому, над якім працуе з Вольгаю Гапеевай. У ім будуць гучаць нямецкамоўныя вершы паэткі. Ужо цяпер да праекту далучыліся 20 асобаў, у тым ліку музыкі з Беларусі, Польшчы і ЗША, а рэліз плануецца бліжэй да 2027 году.

З’яўляюцца таксама спробы займець замежных слухачоў: часам беларускія музыкі выкарыстоўваюць у песнях мовы краінаў, у якіх жывуць. Гурт Vapna прэзентаваў беларуска-літоўскі сінгл “1000 Krain / Nusivylimas”, песню па-польску запісаў гурт “Бяз назвы”, Воля Шніп наагул стварыла асобны польскамоўны праект “Nocne Ptaki”

Pan Savyan выпусціў дэбютны польскамоўны альбом. Выканаўца пачынаў з іранічных песень па-расійску, але сапраўдную папулярнасць здабыў пасля ўдзелу ў адборы на польскае “Еўрабачанне” з песняю “W kolorku amaretto”. Цяпер хлопец спявае выключна па-польску, мае канцэртныя туры і шматтысячныя праслухоўванні (а на асобных песнях нават шматмільённыя).  

Дзесьці тут праходзіць тонкая мяжа паміж інтэграцыяй і асіміляцыяй. У польскага боку Pan Savyan здабыў тое, чаго беларуская індустрыя яму даць не магла (бо яе проста не існуе). Гэта адзін прыклад таленту, які магла б мець беларуская культура, але будзе мець польская. Такія прыклады могуць з’яўляцца і надалей. Бо амаль заўжды ўзбагачэнне беларускае культуры – гэта дабрачыннасць. 

“Еўрабачанне” vs “Интервидение”

Падляскі дуэт трапіў у фінал польскага “Еўрабачання”. Яны занялі ў адборы другое месца сярод 11-ці артыстаў, набраўшы 23,69 % галасоў. Музыкі спалучаюць традыцыйны спеў і рэп па-падляску, і гэта выклікала спрэчкі ў сацыяльных сетках, бо не ўсе палякі былі задаволеныя такою перспектываю. Некаторыя слухачы захапляліся разнастайнасцю польскае нацыі, іншыя – вінавацілі музыкаў у выкарыстанні выдуманае мовы і патаканні ўкраінскай меншасці. Беларусы ж падтрымлівалі дуэт як сваіх, бо падляская мова нагадвае беларускую. Зрэшты, “афіцыйная” Беларусь таксама пэўным чынам залічыла дуэт у спіс суайчыннікаў – Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла Instagram-старонку Sw@da ў спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў.

Фота: гурт Sw@da x Niczos. Крыніца: https://www.instagram.com/swadamusic/

У Беларусі адбору на Еўрабачання зноў не было, краіну знялі з удзелу яшчэ ў 2021 годзе. Тады БТ спрабавала даслаць на конкурс гурт “Галасы ЗМеста”, але арганізатары выявілі ў песні палітычны падтэкст і гурт дыскваліфікавалі. У выніку “Белтэлерадыёкампанію” выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу.

Наўзамен Беларусь плануе браць удзел у “Интервидении” – конкурсе, аднаўленне якога ініцыявала Расія. Ён быў створаны ў 1960-ыя і спыніў існаванне разам з распадам СССР. Яго рэінкарнацыю цяпер прасоўваюць як мясцовую альтэрнатыву “Еўрабачанню”, толькі браць удзел у ім плануюць у асноўным краіны BRICS і іх партнёры. “Интервидение” мусіць прайсці ў верасні ў Маскве. “Белтэлерадыякампанія” зарганізавала нацыянальны адбор і 31 сакавіка ўжо мусіла завяршыць прыём заявак, але інфармацыі, як будуць абіраць прадстаўніка Беларусі, дасюль няма. 

Даўно і стабільна прасочваецца памкненне дзяржавы вяртацца назад. Рэтра-дыскатэкі і вечары рамансаў, “маршы перамогі” мінулае вайны падчас вайны цяперашняй і святкаванне Дня кастрычніцкае рэвалюцыі. Выглядае лагічна, што лукашэнкаўская дзяржава ў сучасным выглядзе – гэта тое, што мусіць застацца ў мінулым.

Дзяржаўная афіша vs андэграўнд

Сітуацыя з музычнай сцэнай у Беларусі цалкам ідэнтычныя папярэднім аглядам. Бальшыню афішы займаюць расійскія артысты: выступы Стаса Міхайлава (два запар) перамяжоўваюцца з гуртом “Руки Вверх!”. Зліццё з расійскім кантэкстам часта прасочваецца і ў яшчэ больш характэрных імпрэзах. Да прыкладу, Міністэрства культуры паведаміла, што “святочны канцэрт, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшоў у Маскве”. Да таго ж хутка пройдзе “Песня году Беларусі” – імпрэза, якую дзяржаўныя медыі называюць “галоўнаю музычнаю падзеяй году”. На “Марафоне адзінства” музыка была афармленнем перадвыбарчых дзён. Тут усё было расквечанае выступамі калектываў самадзейнасці, а пікам стаўся новы “Марш галоўнакамандуючага” ад гурта Aura.

Паралельна і насуперак гэтаму адбываецца шмат андэграўнд-канцэртаў на некалькі дзясяткаў ці сотняў чалавек. Гастрольныя пасведчанні на іх выдаюць усё гэтак жа хаатычна і ў апошні момант, але нават у такіх умовах збіраюцца прыстойныя лайн-апы беларускіх артыстаў. 

Фестывальны сезон гэтым разам можа стаць цікавейшы. На ліпень анансавалі Stereo weekend — фестываль, які прайшоў у Мінску ўпершыню ў 2018-м, а ў 2020-м быў перанесены праз ковідныя абмежаванні і заціх. Хочацца спадзявацца таксама на аднаўленне “Справы” і на музычны складнік “Вуліцы Ежа”. З астатнім пакуль прадказальна: Viva Braslav, belbet fest, Festiwow, пружанскае “Солнцестояние” пакрысе абвяшчаюць свой традыцыйны расійскі лайн-ап.

За мяжою таксама анансавалі шэраг беларускіх фестываляў. Падляскі фэст “Тутака” і нідэрландскае “Купалле на Паўночным моры” адбудуцца 5-ы раз, а кракаўскі “Летуцень” – 6-ты. Канцэрты беларускіх музыкаў таксама не заціхаюць, хоць усё яшчэ адбываюцца пераважна ў Польшчы. Асабліва вылучыліся ў гэтым квартале вечарыны BOSS, зарганізаваныя суполкаю Belarus Outside Sound System. Канцэрты прайшлі адначасова ў чатырох гарадах – у Варшаве, Познані, Кракаве, Гданьску, і сумарна сабралі каля 3 тысячаў чалавек.

Закрыцці vs адкрыцці 

У Варшаве закрыўся беларускі музычны клуб Scena Chmielna. Ён праіснаваў 1,5 году.  У пачатку шмат беларускіх канцэртаў адбывалася там. Але з цягам часу арганізатары знайшлі шэраг польскіх клубаў з лепшымі ўмовамі, і канцэртаў на пляцоўцы паменела. Не даўшы рады са зборам сродкаў (меркавалі сабраць данатамі 80 тысячаў злотых), клуб абвясціў пра закрыццё праз пазыкі ў арэндзе. 

У той жа час шэраг беларускіх музыкаў прыцягвае да сябе новы беластоцкі клуб Białystok Music Club. Але падобна, што варшаўская гісторыя можа паўтарыцца. Пляцоўка ладзіць выключна беларускія імпрэзы і збірае на іх пару дзясяткаў чалавек. Ужо цяпер у асобных выпадках беларускія музыкі, прыязджаючы ў Беласток, абіраюць граць у суседнім польскім байк-пабе, бо тыя маюць уласную аўдыторыю і могуць гарантаваць прысутнасць вонкавага слухача. У 2025-м мы зноў маем спробу пабудаваць клуб “Графіці”, але час рэдагуе сябе сам.

Новае з’явілася цяпер у медыяполі. Канал “Клік” запусціў сайт з навінкамі беларускае музыкі. Платформа аўтаматызаваная і абнаўляецца ў парадку з’яўлення новых рэлізаў. Таксама там можна пабачыць актуальную статыстыку наконт праслухоўвання беларускіх артыстаў на стрымінгах. Пакуль гэта тэставая версія, але ўжо цяпер функцыйная. 

Магчымасці для беларусаў vs магчымасці для ўсіх

Чарговы квартал, калі спецыяльных магчымасцяў менавіта для беларускіх музыкаў не з’яўлялася. Свет прапаноўвае магчымасці ўсіі, і некаторым беларусам удаецца імі скарыстацца. “Молчат дома” зноў збіраюць поўныя залы ў амерыканскім туры. Гурт Rap&Vogue сёлета выступіў на Eurosonic – галоўным шоўкейс-фестывалі Еўропы. А вось на Tallinn Music Week, які некалькі гадоў прымаў беларускую дэлегацыю, ізноў не было ніводнага нашага артыста. Увесну музыкаў заклікалі падавацца на новы шоўкейс Music Week Poland, і праз некалькі тыдняў будзе вядома, ці акажацца ў лайн-апе хтосьці з беларусаў. Спробы змагацца за бачнасць на агульным сусветным полі пакуль не вельмі часта даюць плён. Рэальнасць прымушае да росту, якога не хочацца, і мы змушаныя пачынаць забег не са старту, а з мінусавае пазіцыі. 

Фота: гурт Rap&Vogue. Крыніца: https://www.instagram.com/rapandvogue/

Самы прыемны вынік пачатку году – удалыя выпадкі супрацы беларусаў з замежнымі артыстамі. Спробы здабыць увагу мясцовай аўдыторыі часам прыводзяць да страты беларускай ідэнтычнасці. Афіцыйная Беларусь ізноў не трапіла на “Еўрабачанне”, але плануе трапіць на “Интервидение”. У краіне даюць рады адбыцца альтэрнатыўныя канцэрты, але пераважае прэс расійшчыны і дзяржаўнай эстрады. У замежжы анансуюцца летнія фестывалі, а на месцы адных закрытых клубаў аказваюцца іншыя такія ж. Беларускія артысты змушаныя гуляць паводле агульных з усім светам правілаў. Тут адзінкі маюць поспех, і сотні — аскепкі ўвагі.

 


Традыцыйная культура: беларускія гурты перамагаюць на польскім фестывалі, а саламяныя павукі робяцца папулярным сімвалам

У чарговым аглядзе падзеяў у традыцыйнай культуры прааналізуем святы, танцы, спевы, рамёствы, найбольш істотныя публікацыі. Магчымасці для публічных святкаванняў у Беларусі звужаюцца, а беларусы замежжа, наадварот, адзначаюць усё больш традыцыйных святаў. Па-ранейшаму, у параўнанні з іншымі аспектамі традыцыйнае культуры, найбольш шырокі геаграфічны ахоп маюць танцавальныя вечарыны. Беларускія гурты “Касары” і Kapela Tryhradzka сталіся лаўрэатамі прэстыжнага конкурсу Stara Tradycja. Усё больш папулярным робіцца выраб саламяных павукоў.

Традыцыйная культура застаецца істотным чыннікам уплыву на жыццё беларусаў у краіне і за яе межамі. Ён важны і для праўрадавай, і для пратэстава настаўленых частак беларускага грамадства ды мае патэнцыял яднаць, што адзначае, напрыклад, антраполаг Сцяпан Захаркевіч у артыкуле “Традыцыйная культура беларусаў: удалы праект культурнай спадчыны Беларусі, інструменталізаваны этнаграфіяй”.

Святы

З пачатку году беларусы адсвяткавалі Каляды, Грамніцы (2 лютага паводле юліянскага календара і 15-га паводле грыгарыянскага), Масленіцу / Запусты (другі назоў – для перыяду перад Вялікім постам, што часцей сустракаецца ў заходняй частцы беларускай этнічнай тэрыторыі). Адбылася і публічная імпрэза, прысвечаная Камаедзіцы. У канцы сакавіка прайшлі некалькі гарадскіх імпрэзаў Гукання вясны. Што да значэння святаў у вясковай культуры ды іх трансфармацыі ў гарадскім побыце, адсылаем да нашага леташняга агляду за студзень – сакавік. У сёлетнім засяродзімся на адкрытых імпрэзах, прымеркаваных да гэтых святаў, па-за сямейнымі і сяброўскімі коламі.

Каляды 

Вялікая частка калядных вечарынаў, прымеркаваных да каталіцкага свята, прайшла ў канцы 2024 году. У пачатку 2025-га калядныя імпрэзы зладзіліся беларусамі Варшавы і Вільні. Прайшла серыя калядных канцэртаў з музыкам Сержуком Доўгушавым для беларусаў ЗША ў розных штатах. Нам вядома пра паказы каляднае батлейкі ў Вільні і Любліне. Традыцыйныя абрады і песні выкарыстала варшаўская тэатральная студыя “Купалінка” ў спектаклі “Віка, Хросная і калядныя цуды” на матывы кнігі Алены Маслы “Каляды з хроснай”.

На Грамніцы нам вядома пра публічныя імпрэзы ў Батумі і Вільні. Гэта добрая тэндэнцыя ў параўнанні з мінулым годам, калі свята не было рэпрэзентаванае ў публічнай прасторы.

Фота: Масленіца ў Варшаве. Крыніца: t.me/ethno_art_by

Масленіцу таксама адсвяткавалі ў Батумі, а яшчэ ў Варшаве. Што да Беларусі, у дзяржаўных установах культуры Масленіца застаецца адным з самых масавых святаў. У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту яе адзначылі двойчы – 1 і 2 сакавіка. Другое свята мела назоў “Даравальная нядзеля”.

Бадай, найбольш вядомае святкаванне Гукання вясны – у Вязынцы каля Мінску – сёлета прайшло без удзелу няўрадавых арганізацыяў. Музею Янкі Купалы, які ўжо шмат гадоў арганізуе імпрэзу, улады дазволілі запрасіць толькі гурты, што дзеюць пры афіцыйных установах культуры. Таму няўрадавыя арганізацыі, якія звычайна прыязджалі ў Вязынку, зладзілі святкаванне ў іншым месцы каля Мінску. Гукалі вясну таксама ў Ветцы пры падтрыманні музею, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту каля Мінску. Сярод беларусаў замежжа нам вядома толькі пра адкрытую імпрэзу на Гуканне вясны ў Батумі. 

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту 29 сакавіка адзначылі Камаедзіцу. Гэта адзіная вядомая нам публічная імпрэза, прымеркаваная да гэтага свята. Яно не шырока вядомае і распаўсюджанае. Вядома толькі адно яго этнаграфічнае апісанне – у Бягомльскім прыходзе, апублікаванае ў 1874 годзе. Камаедзіца прысвечаная мядзведзю, які, паводле народных павер’яў, напярэдадні Дабравешчання абуджаецца ад зімовае спячкі.

Танцы

Па-ранейшаму стала ці час ад часу ладзяцца заняткі і вечарыны традыцыйных танцаў прынамсі ў трох буйных гарадах Беларусі (Мінск, Магілёў і Полацк). Танчаць і ў пяці гарадах Польшчы (Варшава, Гданьск, Познань, Вроцлаў і Кракаў), а вось сустрэчы ў Беластоку пакуль прыпыненыя. У Варшаве ў параўнанні з пачаткам навучальнага году спынілі рэгулярныя заняткі дзве выкладніцы беларускіх традыцыйных танцаў з трох. Беларускія танцавальныя сустрэчы праходзяць у Вільні і Батумі, праўда, на занятках вучаць і гістарычным танцам, а таксама танцам іншых народаў. Танцавальная суполка Батумі ў лютым адзначыла год з пачатку рэгулярных сустрэчаў. У красавіку адзначае год танцавальная суполка ў Познані. Гэтак, можна адзначыць тэндэнцыю да невялікага пашырэння беларускага танцавальнага руху ў замежжы, хоць некаторыя ініцыятывы і спыняюць сваю дзейнасць (магчыма, часова).

Фота: Каланада, на якой праходзяць беларускія танцы ў Батумі. Крыніца: budzma.org.

Другую тэндэнцыю можна адзначыць у Польшчы: інтэграцыя беларускага танцавальнага руху з польскім. Палякі ўсё часцей прыходзяць на беларускія вечарыны і майстар-класы ў розных гарадах. У серыі варштатаў польскіх традыцыйных танцаў у Амбасадзе традыцыйнае музыкі ў Варшаве, скіраваных найперш на палякаў, па-ранейшаму раз на некалькі месяцаў адбываюцца беларускія майстар-класы. Kapela Tryhradzka з Гданьску, якая грае танцавальную музыку, сталася лаўрэатам аднаго з найбольш прэстыжных польскіх фальклорных конкурсаў Stara Tradycja. Беларусы выступяць на канцэрце падчас фестывалю Wszystkie Mazurki Świata ў Варшаве 23 красавіка. Пасля канцэрту адбудзецца галасаванне за прыз глядацкіх сімпатыяў. Таксама на фестывалі плануецца майстар-клас беларускіх танцаў ад кракаўскай капэлы Po Drodze, якая грае і беларускую, і польскую музыку. Наколькі нам вядома, сярод літоўцаў і грузінаў не назіраецца такое цікаўнасці да танцаў беларускае дыяспары, як сярод палякаў.

У Варшаве працягвае працу школа дудароў, якая вучыць пераважна танцавальнай музыцы. У студзені школа запусціла YouTube-канал Dudy By з навучальнымі відэа. Там публікуюцца выступы дасведчаных дудароў, якія прайшлі падчас заняткаў, на тэмы тэхнікі і практыкі грання на дудзе, правілаў эксплуатацыі інструмента, тэорыі музыкі.

Спевы

Нам вядома пра спеўныя заняткі і гурты прынамсі ў трох буйных гарадах Беларусі (Мінск, Магілёў і Полацк), у чатырох – у Польшчы (Варшава, Белаток, Гданьск і Вроцлаў), а таксама ў Вільні і Тбілісі. Часам развучваюцца традыцыйныя песні прадстаўнікі ініцыятывы “Спеўны сход” у Батумі.

Мужчынскі гурт традыцыйных спеваў Kasary з Варшавы, як і Kapela Tryhradzka з Гданьску, сёлета стаўся лаўрэатам конкурсу Stara Tradycja. За іх таксама можна будзе прагаласаваць на канцэрце падчас фестывалю Wszystkie Mazurki Świata ў Варшаве 23 красавіка (прысуджаецца прыз глядацкіх сімпатыяў). У студзені Kasary выдалі калядную песню “Да на Дунаечку” з вёскі Морач Клецкага раёну. 

У лютым была спроба аднавіць папулярную ў 2010-х у Беларусі ініцыятыву “Спеўны сход”, правёўшы яго ў Варшаве. Сустрэчу  прысвяцілі песням, запісаным ад Рыгора Барадуліна. Аднак пра сталае аднаўленне сходаў, бадай, казаць пакуль не выпадае.

Рамёствы

Па-ранейшаму Беларусі і за яе межамі карыстаюцца папулярнасцю заняткі вырабу традыцыйнага строю, гарлячкі, вышыўкі. Нам вядома пра рэгулярныя заняткі вырабу строю толькі ў Мінску. Традыцыйныя тэхнікі вышыўкі часта выкарыстоўваюцца ў мастацкіх праектах.

У пачатку году працягвалася выстава “Строй” з рэканструкцыямі Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнае Беларусі ў Варшаве. Апошняя экспанавалася ў Польшчы ўжо трэці раз. Да гэтага яе паказалі ў Музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы і ў Цэнтры беларускае культуры ў Беластоку. Тэме традыцыйнага строю прысвечаныя некаторыя выданні праграмы “Нітка Зорка” Кацярыны Ваданосавай на “Белсаце”. Напрыклад, выйшла відэа пра світку

Фота: Кацярына Ваданосава на адкрыцці сваёй выставы “Строй” у Музеі Вольнае Беларусі ў Варшаве. Крыніца: budzma.org.

Мастацкі музей Брэсту робіць выставы серыі “Брэстчына этнаграфічная”. У пачатку году працягвалася выстава “Кобрынскі і Жабінкаўскі край”, а не так даўно адкрылася экспазіцыя “Лунінецкі і Столінскі край”. Абедзве выставы прамаваліся выявамі жанчын у традыцыйных строях на афішах.

Фота: Афіша выставы ў мастацкім музеі Брэсту. Крыніца: t.me/kultinfa

У мінскіх музеях рэгулярна адбываюцца лекцыі пра строі розных рэгіёнаў. У Музеі старажытнабеларускае культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў пачатку году працавала выстава ткацтва, вышыўкі і строю заходняй Браншчыны “Злучаючы берагі”.

Музей беларускае маляванкі ў Заслаўі працягвае папулярызаваць мастацтва маляванкі: у лютым адбыўся майстар-клас роспісу торбачак.

У калядны час прайшлі шматлікія майстар-класы для вырабу саламянага павука. Складана сказаць, ці паўплывала на папулярнасць гэтага рамяства апошнімі гадамі унясенне беларускага саломапляцення ў 2022 годзе ў спіс нематэрыяльнае культурнае спадчыны чалавецтва, які вядзе UNESCO. Магчыма, адыграла ролю тое, што зрабіць павука можна адносна проста і хутка, што дазваляе далучыцца да беларускае культуры асобам, якія раней не займаліся традыцыйнымі рамёствамі і не маюць выпрацаваных навыкаў ручное працы. Магчыма таксама, што гэта адносна лёгкі спосаб адчуць сябе беларусам для тых, хто ў эміграцыі. Матывы саламяных павукоў часта выкарыстоўваюць майстры пры вырабе ювелірных аздобаў.

Найбольш істотныя публікацыі

“Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца. Беларускія замовы з пераказам на рускую і перакладам на англійскую мову” серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі” (выдавецтва “Беларуская навука”). У гэтай жа серыі ўжо выйшлі кнігі “Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і былічкі”, “Добрая прыказка як да мяшка прывязка: беларускія народныя прыказкі з рускімі і англійскімі адпаведнікамі”. Усе выданні аздобленыя выявамі выцінанак. Кнігі падрыхтаваныя на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў работнікаў Цэнтру даследаванняў беларускае культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Беларускі народны спеўнік (55 каляндарна-абрадавых песень з нотамі) – выдавецтва “Беларуская навука”. У кнігу ўвайшлі песні, сабраныя па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў ХХ стагоддзя.

Такім чынам, складана сказаць, што аналізаваны перыяд быў багаты на яркія, запамінальныя падзеі. Аднак, традыцыйная культура і яе сучасныя праявы застаюцца істотнаю часткаю беларушчыны.

 


Арт: Пацеркі прыроднае прыгажосці, рассыпаныя па цёмным балоце

Абсурд і цынізм бурных палітычных зменаў набралі такі тэмп, што нават самае расслабленае мастацтва не паспявае за турбулентнымі медыянавінамі і хуткасцю руйнавання старых сістэмаў. Еўропа нечакана аказалася пасярод агнёў – як вайсковых, гэтак і эканамічных, што не можа не ўплываць і на беларускую арт-актыўнасць. Здаецца, мы канчаткова адышлі да пазіцыяў і прынцыпаў 1989 году. Кансерватары, у прадчуванні апакаліпсу, імкнуцца адрадзіць мараль. Левы фронт звяртае ўвагу на экалагічную катастрофу, самазнішчэнне чалавечага і прыроднага.

Тэатральнасць перадусім

Гэты сезон у беларускім мастацтве выглядаў трохі запаволеным, быццам пад уплывам неразвязальнасці галоўных сацыяльна-палітычных праблемаў, як працяг вайны ва Украіне і палестынска-ізраільскі ваенны канфлікт, пачатак гандлёвае вайны ЗША, скарачэнне фінансавання культурніцкіх праектаў, псеўдавыбары, якія скасавалі права голасу для людзей замежжа, і г. д. Падзеяў было, можа, і менш, але хапала і яскравых, і статусных.

Тэатральнасць у выяўленчым мастацтве і праца ў тэатры на фоне спектакляў рэальнасці робіцца відавочным трэндам. І гэта, падаецца, ужо не столькі перформанс сам па сабе, колькі частка вялікае гульні па-за арт-сцэнаю, што змяняе стыль жыцця і вобраз мастака.

На біенале ў Пекіне сучаснасць праз мастацтва, звязанае з навукай і тэхналогіямі, імкнецца дакрануцца да невядомага. Яно недзе паміж матэрыяй і па-за часам, нібыта стварае новую алхімічную лабараторыю, у цэнтры якой аказваецца сам чалавек.

Інсцэнізацыя, кабарэ, маскарад як штодзённы камуфляж у творчасці Настассі Рыдлеўскай усё далей прасоўваюць яе як артыстку ў шырокім сэнсе на сцэну, дзе яна ўсё больш замацоўваецца як спявачка і дзе сціраюцца межы, якія яна імкнецца перайсці. Тут візуальны бісер абсыпаецца з сонечнай яскравай маскі, а сапраўдная цёмная, але адкрытая рэчаіснасць татальнае свабоды з’яўляецца праз словы і гук.

Зусім іншаю інсцэнізацыяй да Біенале ў Гаване мог бы служыць прыклад фатаграфічнага праекту Валерыя Кацубы Realismo Romántico. Cuba, дзе архітэктура класіцызму, як і людзі ў ёй, больш падобныя да ідэалістычных скульптураў эпохі каланіялізму. Падабенства з гісторыямі часу рабства, калі зняволеных выкарыстоўвалі ў ролі скульптураў, не пакідае трывожнага пачуцця дысанансу паміж прыгажосцю старадаўніх формаў і поўнай адсутнасцю сапраўднага нерамантызаванага рэалізму Кубы.

Таша Кацуба і Аляксандр Адамаў выкарыстоўваюць пляцоўку моды, на якой іхнае мастацтва мімікруе ў атракцыён дызайну. Вітрына – не столькі на продаж, колькі на паказ, дзе чалавек сам як аб’ект у шкляной скрыні. І калі Кацубіна адзенне ды аздобы пераадольваюць досвед драмы і крызісу, уяўляючы жорсткі свет улюбёнага дамінантавага чорнага, то ў Адамава, хоць тая ж тэма выжывання і гучыць, аднак браняваная камізэлька для “старога дзіцяці” нагадвае сюррэалістычную гульню сэнсаў і новага тэхналагічнага працэсу, які пераадольвае юнацкі інфантылізм.

Тыя ж пытанні пра сувязь моды і арту, масавую культуру, фэшн-індустрыю і панятак нормы ўзнікалі на выставе ў Мінску “Мода. Паміж прыгажосцю і прымусам”. Мы разумеем, што цэлы шэраг правакацыйных тэмаў немагчыма закранаць у сённяшняй беларускай прасторы, аднак гэты дэфіцыт добра лакалізуецца формамі рэпрэзентацыі, што і дазваляе куратарам працягваць размаўляць на сучаснай мове мастацтва.

Яшчэ цікавейшаю бачыцца праца мастакоў у тэатральнай пастаноўцы “Пігмаліён” рэжысёра Мікіты Ільінчыка. Сцэнаграфію выканаў Раман Трацюк, дзе былі выкарыстаныя ягоныя і Андрэя Анро творы. На аснове класічнага тэксту беларуская артыстычная група стварыла арыгінальную камедыю, якая разглядае сучаснае сацыяльнае напружанне паміж палякамі і мігрантамі, даследуючы магчымыя сцэнары ды новыя працэсы палітычных зменаў.

Тэму жаху і гвалту працягваюць у сваіх перформансах Ігар Шугалееў, Сяргей Шабохін, Глеб Кавальскі, Кірыл Машэка. У новых працах і перформансе з праекту Fragile Дар’я Цемра працягвае працаваць над тэмаю траўмы і пошукам новых формаў арт-тэрапіі. Аб’ект замест карціны, замест аб’екту – цела, замест цела – рух, замест руху – гук, і калі ён знікае, то застаецца святло абсалютна белага пакою Цемры.

Фота: праект Fragile Дар’і Цемры. Крыніца: https://www.uitstalling.com/cemra-fragile

Ігра на нервах і струнах. У Празе граў на жалейцы Юра Шуст. Адвечнае спаборніцтва выяўленчага мастацтва з абстракцыяй і эмацыйнасцю музыкі ў гэтым мультыдысцыплінарным праекце ператвараецца ў “Шкіпінарны пар”, дзе апошняя дымная візуалізацыя выйграе лёгкасцю ды празрыстасцю ў фальклорным гуку і знікае, пакідаючы пачуццё атмасферы.

Рэалізм vs абстракцыя

Нязменная прага недакладнага і невыразнага, якое не шукае натхнення ў адлюстраванні наваколля, застаецца трэндам для шэрагу мастакоў, чые працы можна азначыць як абстрактныя. Аднак у нейкім сэнсе яны быццам сведчаць пра часавы падзел генерацыяў і школаў у беларускім мастацтве. У серыі “Дом” Андрэй Логінаў даследуе скульптуру як супрацу мастака і прыроды, дзе пчаліныя калоніі будуюць арганічныя формы па-за кантролем чалавека, але выбар матыву і стварэнне галаграфічнае фатаграфіі застаюцца за аўтарам. 

Як працяг тэмы велічы недасканаласці – новая парыжская персанальная выстава Алекса Кузняцова, дзе натура біялагічнага руху накладвалася на выпадковасць фізікі і хіміі жывапісных матэрыялаў. Відэаінсталяцыі Ганны Сакаловай ужо ў назве “Ніжні край верхні край” сведчаць пра канцэптуальны архітэктурна-прасторавы падыход. Радыкальны выбар аднаго элементу – лініі, з якой ствараецца арнаментальны рух, – сведчыць пра бясконцае памнажэнне абстракцыі як адчуванне часу ў прасторы. Толькі некалі ўсе элементы выбудоўваюцца ў чыстую гарызанталь, знаходзячы рэальную раўнавагу паміж прыродным і мастацкім.

Рэалізм фатаграфіі мае зусім іншыя матывацыі для адлюстравання рэчаіснасці. З больш шырокага кола фатаграфічных выстаў вылучым тры. “Эфект назіральніка” красамоўна сведчыць не толькі пра 65-гадовы досвед Віктара Бутры, але і пра прынцып даследавання псіхалогіі ды эмацыйнага вобразу. Фіксацыя моманту як цуду, здольнага застацца ў часе, вельмі добра паказаная ў рэтраспектыўнай выставе.

Зусім іншы падыход да працы з фатаграфіяй дэманструецца ў лічбавай выставе, а па сутнасці архіве з 1500 здымкаў бібліятэкі Прынстанскага ўніверсітэту “Ігар Саўчанка і сучасная беларуская фатаграфія: пераасэнсаванне візуальнага”. Менавіта пераасэнсаванне працы з фотаматэрыяламі зрабіла з фатографа канцэптуальнага мастака, які радыкальна змяняе фотапрацэс праз цытаванне, маляванне, тэкст і гук у фактаграфіі.

Як маладая мастачка Саша Вялічка ўсё яшчэ “Чорная скрыня”, але з якой усё дакладней высвятляецца метад працы з матэрыялам і прастораю праз сутыкненне абсурдных элементаў, фотафактаў і пастановак, што вельмі добра пасуе для адлюстравання карціны сённяшняга дня, поўнага гвалту і рэпрэсіяў.

Выстава “Чорная скрыня”. Крыніца: https://www.instagram.com/p/DHTr2oAIwgL/?__d=1&img_index=1

Палітычнае, сацыяльнае, асабістае 

Новы беларускі жывапіс рухаецца паміж фігуратыўнасцю і абстракцыяй, паміж фатаграфіяй і экспрэсіяй малявання. Гэта ўжо даволі даўні стан сутыкнення супрацьлегласцяў, дзе няма канчатковае вызначанасці, а ёсць няўпэўненасць інфантылізму. Жывапіс чалавека, які знікае, сведчыць не толькі пра асабісты крызіс, самоту, ізаляванасць і гульню ў хованкі, але і ёсць праекцыяй супярэчнасцяў жорсткага рэжыму і навакольнага хаосу падзеяў, дзе няма ані гарантыяў, ані абсалютнага кантролю. Пытанне да “шукальнікаў скарбаў”: яны сапраўды шукаюць ці гэта даволі ясна абраная стратэгія, якая выкарыстоўвае модныя камерцыйныя трэнды? І ці гэта не лакаматыў, нашмат больш каларыстычна таленавіты і свабодны за чаргу намінантаў на салоне “Арт-Мінску” і даўно адліты ў бронзе постакадэмічны маньерызм?

Палітычны і сацыяльны кантэксты не перастаюць адгукацца ў беларускім мастацтве, і збольшага яны зразумелыя за мяжою. Сінхронна адкрыліся дзве вялікія выставы ў сталіцах Польшчы і Нямеччыны, якія маюць шмат кантэкстуальных падабенстваў. Абедзве закранаюць тэму ўцекачоў і эмігрантаў, маюць інтэрнацыянальны склад мастакоў, што вельмі важна падкрэслівае здольнасць беларускай арт-сцэны да інтэграцыі. Цікава, што нават у назвах гучыць прыродны акцэнт, быццам адразу папярэджваючы гледача пра звярыны стан чалавека падчас рэпрэсіяў і вайны, дзе сінонімам Krig заўсёды застаецца крык і рык. У варшаўскай выставе “Дзе людзі і звяры блукаюць у цені сцяны” куратарка Вольга Кавальская спрабуе паглядзець на сітуацыю найперш з гледзішча правоў чалавека і крытычнага стаўлення да праблемы міграцыйнага крызісу, якая ахоплівае ўсю экасістэму чалавека, жывёлы і прыроды.

Выстава “Калісьці мы былі дрэвамі, цяпер мы птушкі” ў берлінскай галерэі ifa і фестываль у Інстытуце імя Гётэ ў выгнанні, зарганізаваны куратарскай камандай Anna Karpenko, Emrah Gökdemir, Muhammad Salah і ўключаюць амаль 50 мастакоў-удзельнікаў, якія знайшлі прытулак у Нямеччыне. На фоне ўзмацнення ў свеце аўтарытарных сілаў, якія ўсё часцей характарызуюцца крызісамі, яны даследуюць пытанні самаідэнтыфікацыі, прыналежнасці, пошуку новых формаў існавання і супраціву.

З апошніх трох выставаў з удзелам Вікі Мітрычэнкі зазначым ейны новы праект з керамічнымі кактэйлямі Молатава ў межах выставы Bearing Witness. Гэтыя выбуховыя бутэлькі мастачка лепіць рукамі і пакрывае малюнкамі з красамоўнымі надпісамі. Усё пакідае ўдвая мацнейшыя пачуцці разгубленасці ад асэнсавання вайны, што зацягнулася, і яе наступстваў, якія адчуваюцца і ў Нідэрландах: “Не знайшла матывацыі, інструментаў або сілы для прагрэсу… Увесь дзень змагаюся з нерашучасцю… Прыліпла да студыйнае канапы, як клей… Праглядаючы сайты пра стыль жыцця… Уключыла стрым нейрабіёлага… Не хацелася ісці дадому і гартаць…”

У сваім новым праекце Temporality Надзя Саяпіна ў межах True/False Film Fest паглыбляецца ў змененае ўспрыманне часу ўцекачамі, выкарыстоўваючы паштоўкі і рэкламныя банеры, распавядае пра змрочны кантраст вымушанае міграцыі і турызму, трансфармуючы сімвалы адпачынку ў разважанні пра перасяленне, нявызначанасць лёсу і небяспеку вяртання.

Прыніжэнне чалавечнасці, годнасці, шлях да дэгуманізацыі – кароткі крок да прыняцця знішчэння свабоды слова, дзеі і чалавека. Вынік – “30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах”, смутны юбілей Артура Вакарава, адзначаны напярэдадні “выбараў” дзвюма выставамі ў Варшаве і Брэшыі, але праўдзівы.

Гісторыя не вучыць, але, здаецца, менавіта нас, у нашай краіне, дзе не зробленыя высновы з крызісаў і трагедыяў мінулага, дзе і сёння выбітныя дзеячы культуры застаюцца зняволенымі, выгнаннікамі і вандроўнікамі. Тым важнейшае прадстаўніцтва беларускага мадэрнізму ў сусветных музеях, дзе прайшлі буйныя выставы Марка Шагала і Надзі Лежэ, якія нагадваюць пра лёс беларускіх мастакоў стаогадовае даўніны і пра трагічныя паралелі з сённяшняю сітуацыяй. Але яны таксама сведчаць пра годнасць, прызнанне і гонар беларускае культуры.

Чым адказваюць у краіне на гэта? Прапагандысцкімі выставамі: напрыклад, праектам “Россия–Беларусь. Пересечение судеб”.

 

Фрагмент кнігі Рамана Аксёнава “Эпоха сыходзіць. Крыніца: https://www.instagram.com/axionovroman/

Мастакі пішуць кнігі

Прыкметным у гэтым квартале сталася з’яўленне шэрагу кніг мастакоў. Гэтак, у студзені ў Мінску выйшла кніга Рамана Аксёнава з выразнаю назвай “Эпоха сыходзіць”, што яднае цыкл канцэптуальных малюнкаў.

Нас яшчэ чакае “Доўгая дарога дамоў”, што ў гэтым выпадку напоўненая рэальнымі артэфактамі мастацкіх і этнаграфічных даследаванняў глыбіняў еўрапейскасці Палесся ды суправаджаецца паэтычнымі і гістарычнымі разважаннямі мастакоў, мастацтвазнаўцаў і філосафаў. Аўтары праекту – Маша Мароз, Валер Мароз, Ігар Бабкоў, Ганна Карпенка.

Спуск у балота” (Descent into the Marsh) працягвае складаны рух не толькі праз багну беларускае гісторыі пратэстаў 2020–2021 гадоў, але і праводзіць цікавыя паралелі з супрацівам у Гон-Конґу ў 2019–2020-х.

Музей Вольнае Беларусі выпусціў першы каталог, які складаецца з чатырох раздзелаў: “Надзея”, прысвечаны падзеям 2020 году; “Ахвярнасць” – пра лёс беларускіх палітычных вязняў; “Салідарнасць з Украінай” і “Супрацьстаянне” – пра барацьбу, што трывае.

Платформа Antiwarcoalition.art запусціла онлайн-часопіс, які даследуе складаныя перапляценні падчас вайны энергетычных сетак і лічбавых платформаў, узбраення ландшафтаў і ролю мастацтва ў вытворчасці ведаў, якія супрацьстаяць сукупнасці мілітарызаваных інфраструктураў.

AWC Journal – Issue 1 Presentation: Entanglement of Infrastructures. Крыніца: https://www.instagram.com/antiwarcoalition.art/p/DFf0BfZtSdg/

Дзёрзкія і нахабныя канцэптуалісцкія тэксты Ігара Саўчанкі ў форме гіпотэзаў і навуковага прадбачання, якія служаць аўтарскім доказам таго, што свет уладкаваны менавіта так. Кніга так і называецца “Доказ”

Палескі ўплыў вяртае нас да балоцістага стану без моцнага грунту, дзе “няма розніцы паміж боскім і дзявочым”. Менавіта гэтую ідэю планамерна прасоўвае Ірынa Джыгіла ў альбоме Oh my girl!

Таксама паглядзіце

Сачыць за сітуацыяй і пільнаваць стан творцаў у Беларусі – адзін з галоўных прыярытэтаў Беларускай Рады культуры. Так, мы замаўляем адмысловыя даследаванні, …

Літаратура. Паралельныя сусветы белліту Кіно: “Лебядзіная песня” супраць “Чорнага замку” Тэатр: новыя фінансавыя правілы і міністр-актор Музыка: прэс мінуўшчыны і “асалода супрацьстаяння” …