Беларусь

Беларуская культура: агляд (лістапад – студзень 2023)

Мышы пад венікам у чаканні дзікага палявання

Беларускае кіно: у паміжжы

Тэатр: выжыванне ў Беларусі, часовы рэнесанс у замежжы

Поп & рок: летняя гульня ў рынак

Мастацтва: унутры і за межамі

 


Мышы пад венікам у чаканні дзікага палявання

Беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі разрываюцца не толькі на ўзроўні супрацоўніцтва афіцыйных структураў, але і з пункту гледжання асабістай (не)сімпатыі творцаў да беларусаў. Літаратурная крытыка ў глыбокім крызісе. Так было заўсёды, скажаце вы. Але вось факт: нагодай для гутаркі з карэспандэнтам Радыё Свабода становяцца 2 (Карл, 2!) рэцэнзіі аўтаркі ў інтэрнэт-часопісе. Цягам лета з’яўляецца ўсё больш наватарскіх тэатральных праектаў на аснове літаратурных твораў, а незалежны пісьменніцкі саюз рэлакуецца з Беларусі і засноўвае новы інфармацыйны рэсурс.

Асноўныя трэнды сезону:

  • працяг фізічнае і сімвалічнае чысткі літпрацэсу (унутры);
  • працяг рэлакацыі літпрацэсу за межы Беларусі;
  • крызіс прафесійнае літкрытыкі на фоне камерцыялізацыі белліту;
  • разрыў беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў.

Мапа сэнсаў

Мінск

У нашых аглядах, якія вядзём больш за год, выяўляючы новыя трэнды ў беларускім літпрацэсе, мы імкнёмся не паўтарацца. Але маем адну скрушлівую тэндэнцыю, маўчаць пра якую не выпадае. Рэпрэсіі ў дачыненні дзеячаў культуры ў Беларусі не спыняліся і за прамінулыя тры месяцы. Паводле маніторынгу парушэння культурніцкіх правоў, які робіць Беларускі ПЭН, “на 1 ліпеня 2023 года ў рамках крымінальнага пераследу ў калоніях, турмах, СІЗА, установах адкрытага тыпу або на «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 133 дзеячы культуры, 114 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі”.

Адбыліся чарговыя арышты і суды над творчымі асобамі; з літаратараў у ліпені асуджанага на 3 гады “хатняй хіміі” паэта і музыку Мікіту Найдзёнава прызнаны палітычным вязнем.

На ўмоўнай свабодзе ў Беларусі становішча культуры застаецца стабільна душным. Яшчэ звязаныя з дзяржаваю творцы і фасілітатары літпрацэсу існуюць у рэжыме “мышы пад венікам”. У лексіконе літслужбоўцаў атрымалі сталую прапіску паняткі “рэйды” і “чысткі”. Сілавыя структуры, яўна не маючы дастаткова чалавечага рэсурсу для пільнага кантролю, ладзяць на гэтых мышэй дзікія паляванні. Увесь час чакаць (каб урэшце дачакацца) правяранняў, звальненняў, арыштаў, пасадак – вось атмасфера, у якой перабывае кніжная справа ў краіне, максімальна набліжаная да атмасферы СССР або Нямеччыны 1930-х.

Воўчыя білеты і чорныя спісы дзеюць амаль без збояў: звольненых праз палітыку спецыялістаў культуры забаронена прымаць на іншую працу ў Беларусі. Нават ва ўмоўныя качагаркі.

Што называецца, разыходзімся: новае генерацыі “дворников и сторожей” не прадбачыцца. Самацэнзура зашкальвае: ад бяды далей у музеях, кнігарнях, бібліятэках стараюцца не праводзіць і не прэзентаваць чагосьці, што змяшчае словы “свабода”, “мір”, “Украіна” ды іншыя трыгеры для прапагандыстаў.

Буйных чыстак у літаратурных колах, залежных ад дзяржаўнага рэсурсу, пакуль не назіралася. Магчыма, гэта толькі пытанне часу. Сумная інтрыга: сфера літаратуры ці пакінутая на дэсерт, ці яе ўсё-ткі не будуць чапаць наагул як нямасавую, малаўплывовую сёння з’яву? У любым выпадку Алесям Карлюкевічу і Бадаку, а таксама Віктару Шніпу – сатрапам афіцыйнага літпрацэсу – не пазайздросціш. З такім тэмпам маргіналізацыі творча-інтэлектуальнае праслойкі вельмі хутка ім давядзецца ўласнаручна пісаць ці прынамсі падпісваць усё, што выдаецца за кошт дзяржавы.

Мінск

У межах свайго звышсціслага агляду свядома не рэцэнзуем беларускіх кніжных навінак (якія з’яўляюцца і ўнутры, і звонку прыблізна ў прапорцыі 2:1 усё яшчэ на карысць унутры) і нават не лічым абавязковым паведамляць пра іх з’яўленне, але тут у якасці выключэння падкінем ідэю для аналітыкі каляжанкам з калегамі. У траўні 2023 года пабачыла свет кніга “Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка мінскага” – сёмая, заключная частка гістарычнай авантурнае сагі Рублеўскай, якую яна стварала з 2018-га. Было б цікава прааналізаваць, ці сапраўды, як нам здаецца, гэты праект спалучыў лайфгакі Уладзіміра Караткевіча ў перафарматаванні і папулярызацыі нацыянальнае літаратуры з гуманістычна-асветніцкімі ідэаламі Джаўэн Роўлінґ. Наколькі Пранціш Вырвіч пароднены з Гары Потэрам?

Ґўанчжоў

З аглядам новых беларускіх кніг пакуль сумна. Як прыклад можна прывесці гутарку радыё “Свабода” з літаратурнаю рэцэнзенткаю пад псеўданімам (?) Вера Бейка 16 ліпеня. Інфанагодаю сталіся 2 (дзве) рэцэнзіі, напісаныя новай аўтаркаю для онлайн-часопісу “Таўбін”. Інтэлектуальны голад detected.

Гутарка з крытыкесай, якая працуе ва ўніверсітэце ў Кітаі, удалася, бо выклікае жаданне з нечым не пагадзіцца, уставіўшы свае пяць капеек / еўрацэнтаў / грошаў / як там называецца дробязь ад юаняў ці лары. На пытанне, чаму сёння беларускія кнігі не рэцэнзуюцца, шаноўная Вера Бейка адказвае так:

Ухваліць тое, што суб’ектыўна падабаецца, зганіць тое, што суб’ектыўна не даспадобы, – гэта цяжкая спадчына савецкай крытыкі, і цяперашнія маладыя крытыкі і крытыкесы, баюся, нават не ўсведамляюць, што яны нашчадкі менавіта савецкага варыянту і савецкага разумення ролі літаратурнага крытыка. Рана ці позна, але такая крытыка, якая абслугоўвае нечыя густы ці нейкую сяброўскую супольнасць, непазбежна канае, бо чытач – не дурань, і бачыць, канечне, перадузятасць і нелітаратурныя мэты”.

Вера Бейка. Фота, дасланае літаратурнай рэцэнзетнткай у рэдакцыю Радыё Свабода.
Крыніца: www.svaboda.org

Аўтарка заўважна хавае твар, хоць і дае вылічыць сваю асобу паводле дэталяў біяграфіі. Тым не менш, пагадзіўшыся паразмаўляць з “экстрэмісцкім” выданнем, амаль не закранае палітычных фактараў заняпаду беларускае прафесійнае крытыкі. Дазвольце падпусціць крыху прымітыўнага марксізму. З 2020 года Міністэрства інфармацыі паслядоўна і метадычна нішчыць “базіс”. Блакуюцца або цэнзуруюцца ўсе медыйныя і культурніцкія пляцоўкі, на якіх яшчэ ў 2019-м з’яўляліся змястоўныя рэцэнзіі. З’яўляліся яны пераважна дзякуючы спагадлівасці рэдакцыяў, нягледзячы на незапатрабаванасць прафесійных кніжных аглядаў у шырокага чытача і, як вынік, іх катастрафічную неклікабельнасць. Варта згадаць хоць бы літаратурную аналітыку аднаго аўтара для спачылага ў Бозе TUT.by або пяцікніжныя сэты адной аўтаркі для пакуль жывога “Онлайнера”…

Што цяпер? Якія новыя ці рэлакаваныя медыі / парталы культуры (апроч “Таўбіна” і “Літрадыё”) паслядоўна і мэтанакіравана даюць прастору для кваліфікаваных аглядаў? Не анонсаў кніжных навінак, не гутарак з аўтарамі, не гістарычна-краязнаўчых нарысаў пра класікаў, не перадрукаў з замежных медыяў?.. Пытанне завісае ў паветры.

Так што меркаванне пра заняпад крытыкі праз нейкі ідэалагічны чыннік успрымаецца як аднабаковае. Пагатоў закід у савецкасці сам па сабе – не што іншае як постсавецкі (посткаланіяльны) сіндром, калі кожная і кожны баіцца быць абвінавачаным у савецкіх перажытках. Бо, здаецца, “ухваліць тое, што суб’ектыўна падабаецца, зганіць тое, што суб’ектыўна не даспадобы”, – акурат прафесійны абавязак рэцэнзента: набіраючыся аб’ектыўнасці, крытыка дрэйфуе ў літаратуразнаўства. Дый што такое суб’ектыўнасць у крытыцы? Калі кампетэнтнаму крытыку суб’ектыўна не падабаюцца правыя погляды, адлюстраваныя ў творы, то гэта левая ці ліберальная крытыка; калі патрыярхальныя, то феміністычная. Разыходжанне ідэйнага зместу твору з пастулатамі Евангелля зганіць хрысціянская крытыка і так далей.

На жаль, у гісторыі нашае літаратуры здаралася і карная крытыка, калі разгром у прэсе папярэднічаў высылкам, расстрэлам ці змяшчэнню літаратараў у вар’ятні. Вось гэта, а не так, як сфармулявала Вера Бейка, мы лічым савецкасцю ў крытыцы, алярмуючы: яе час вяртаецца. І ўвасоблены ён не нейкімі абстрактнымі “маладымі крытыкамі і крытыкесамі”, а цалкам канкрэтнымі мацёрымі прапагандыстамі і прапагандысткамі.

Веры Бейцы, паводле ўступу да аднае з рэцэнзіяў, суб’ектыўна не падабаецца катэгарычнасць у рамястве рэцэнзента. Відаць, перад намі свайго роду акадэмічная крытыка. Ці будзе яна даспадобы чытачу, пакажуць клікі 🙂

А вось з думкаю літаратурнае рэцэнзенткі пра небяспеку камерцыялізацыі крытыкі ды яе “грашовай суб’ектыўнасці” хочам пагадзіцца, успрыняўшы яе як імпульс падзяліцца назіраннем. На фоне заняпаду прафесійных крытычных лонгрыдаў, у белсегменце Instagram квітнее кніжны блогінг. Сакавітыя міні-рэцэнзіі, часта ў фармаце мемасікаў, відосікаў у сторыз і рылз маюць штуршком выяву – вокладку кнігі, а нагодаю напісаць водгук на яе аўтары ды аўтаркі часта лічаць магчымасць набыць яе ў кнігарнях.

Ці на дабро такі трэнд – адкрытае пытанне, акурат вартае дыскусіяў.

Хоць нельга не адзначыць асветніцкіх намераў інстаблогерак @pakrysie і @kniznyja_razmovy (першы акаўнт можна назваць беларусацэнтрычным, другі – літаратурацэнтрычным).

Онлайн

A propos інтэрнэт-парталаў. У ліпені стартаваў новы (добра забыты стары) – bellit.info: усё пра беларускую літаратуру. Рэсурс абазначыў сябе як праект Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў – НДА, заснаванага ў 2022 годзе ў Літве на ініцыятыву беларуска-шведскага літаратара Дзмітрыя Плакса дзеля “гуртавання і кансалідацыі літаратурных сілаў”. Адлічбоўваючы, напрыклад, архіў асабовых справаў СП БССР, партал дэманструе пераемнасць з незалежным Саюзам беларускіх пісьменнікаў, існаванне якога рэжым спыніў у 2021 годзе, і сведчыць пра рэлакацыю з Беларусі аднае з найбуйнейшых літаратурных арганізацыяў (прынамсі частковую). Пакуль што праваабарончы ды журналісцкі кантэнт на партале вядзе рэй, але, магчыма, літаратурна-крытычнага матэрыялу з часам паболее.

Фрагмент скрыншота стартавай старонкі рэсурсу bellit.info

Між тым карныя органы РБ працягваюць рэпрэсіі ў інфапрасторы: за прамінулыя тры месяцы прызналі экстрэмісцкім культурніцкі партал “Будзьма беларусамі!”, а каб скарыстацца з бясплатнай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”, жыхарам Беларусі цяпер трэба паслугоўвацца VPN. Паводле беларуса Падляшша Яраслава Іванюка, які заснаваў партал у 2001 годзе, на ім “сабрана больш за 50 тыс. беларускіх выданняў абсалютна рознага тыпу”. Неацэнны рэсурс для гісторыкаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, студэнтаў, якія вывучаюць беларускую літаратуру, і педагогаў, якія яе выкладаюць, працягне працу, бо, на шчасце, з самога пачатку існаваў у польскай юрысдыкцыі.

Краматорск

Трывожная тэндэнцыя канца вясны – сярэдзіны лета: пагаршэнне, калі не казаць пра поўны разрыў, публічных беларуска-ўкраінскіх культурніцкіх сувязяў у аднабаковым парадку. Адным з першых дакументаў, які зацвердзіў намер Украіны спыніць супрацу з беларусамі, была дэнансацыя ўвесну 2022 года ўрадам Украіны ўсіх дамоваў з РБ у галіне асветы і навукі.

Наступствы адчуваюцца сёлета: у няёмкае становішча пастаўленыя ўкраінскія навукоўцы, якія да 2022 года распачалі даследаванні, звязаныя з Беларуссю. Апублікаваць іх вынікі сёння амаль немагчыма. Не выдаюцца капірайты на друк па-беларуску ўкраінскіх кніжак – нават з удзелам рэпрэсаваных у Беларусі выдаўцоў ці выкладчыкаў. Беларускія спрэчкі паміж “з’ехалымі” і тымі, хто застаўся, нівелююцца ўкраінскай оптыкаю часу поўнамаштабнае вайны. У рыторыцы ўкраінскіх дзеячаў літаратуры сёння пераважае наратыў калектыўнае віны людзей, нейкім бокам датычных да Беларусі.

Прыхільнікі адваротнае думкі лічаць за лепшае не выказвацца публічна, каб унікнуць шальмавання. У пачатку ліпеня на просьбу ўкраінскіх літаратарак Андрэй Хадановіч выдаліў перакладзены ім верш загінулай у Краматорску пісьменніцы Вікторыі Амэлінай. Раней, у траўні, Алесь Плотка паведаміў у Facebook пра адмову ўкраінскіх спецслужбаў пускаць яго ў краіну. Такім чынам, ганяцца любыя, нават самыя спагадлівыя акты салідарнасці з боку беларусаў – і найперш цярпяць такія наіўна-пасіянарныя асобы, як паэт і перакладнік Хадановіч, шматгадовы амбасадар беларуска-ўкраінскае літаратурнае дружбы, і гомелец Плотка – паэт, перакладнік і прамоўтар украінскае культуры, а таксама грамадскі актывіст, які не першы год дапамагае ўкраінцам.

Якія высновы з гэтага варта зрабіць, вымкнуўшы эмоцыі ды ўвамкнуўшы ratio? Магчыма, варта прыняць гэтую сітуацыю ахаладжэння, каб аднойчы перазапусціць сувязі паміж краінамі ў новай культурна-палітычнай сітуацыі, бо апошнія 30 гадоў яны, з паасобнымі выключэннямі ў выглядзе нешматлікіх ўзаемаперакладаў ці інтэнсіўных тусовак на літаратурных фестывалях, акурат уяўлялі сабою “цяжкую савецкую спадчыну”. Вуліца Уладзіміра Караткевіча як свядомы выбар жыхароў і гарадскіх уладаў, што з’явілася ў сакавіку на мапе Кіева з ініцыятывы пісьменніка Вячаслава Лэвіцкага, – гэта значна больш здарова, чымся “Мінская” станцыя кіеўскага метро або мінскі кінатэатар “Кіеў” як абмен кампліментамі паміж “братнімі сёстрамі”-рэспублікамі.

Тым не менш пашырэнне сярод украінскага істэблішменту разумення розніцы паміж рэжымам Беларусі і беларускаю грамадзянскаю супольнасцю, у ідэале падмацаванае нейкімі нарматыўнымі актамі (як гэта адбываецца ў большасці краінаў ЕЗ), – добрая ідэя для беларускага дэмакратычнага лобі, якая паспрыяе перазапуску культурніцкіх сувязяў.

Лондан (чытай – Сусвет)

Лета ўражвае калабарацыяй мэйнстрымавага белліту з незалежнаю тэатральнаю сцэнаю. Гаворка пра спектаклі паводле актуальных твораў пісьменнікаў, якія не пішуць для тэатру і не належаць да тэатральнага руху. Анансаваныя або прайшлі з аншлагам варшаўскія спектаклі “Купалаўцаў” паводле найноўшых раманаў Бахарэвіча і паказ у Вільні “Ціхароў” Сашы Філіпенкі. Паліна Дабравольская абвесціла пра перазапуск спектаклю “Сарматыя” паводле паэмы Марыі Мартысевіч у камерным фармаце. Але гранд-падзея тут – безумоўна, медыйная рэпетыцыя сучаснай, інтэграванаю з драмай, оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, якую ў верасні пакажуць у лонданскім тэатры Barbican па-беларуску з англійскімі субцітрамі (аўтар лібрэта паводле раману Уладзіміра Караткевіча – Андрэй Хадановіч, аўтарка музыкі – Вольга Падгайская). Самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre рэалізоўваюць Наталля Каляда і Мікалай Халезін (у чэрвені абаіх узнагародзілі ордэнам Брытанскай імперыі за ўнёсак у мастацтва).

Цізер оперы Беларускага Свабоднага тэатра паводле караткевічаўскага
“Дзікага палявання караля Стаха”

Адказваючы на адзначаную намі вышэй сумную тэндэнцыю, Belarus Free Theatre залучыў у трупу “Дзікага палявання” вялікую колькасць менеджараў ды творцаў з Украіны, бо асноўная ідэя будучага спектаклю – “пра геапалітычны вузел Беларусь – Украіна – Расея, які можна ці развязаць цалкам, ці бясконца будзе адраджацца імперская гісторыя”. У дадатак Мікалай Халезін называе оперу “ледаколам, які б тараніў вялікія пляцоўкі і разам з сабой прывозіў бы туды і малыя беларускія праекты, якія б маглі атрымліваць сваю дозу ўвагі”. Так што Вялікая Цішыня Белліту, небяспеку якой мы канстатавалі год таму ў нашых аглядах, пакуль адкладаецца.

Вашынгтон DC

І наастачу. Стваральнік выдавецтва Skaryna Press, бібліятэкар Ігар Іваноў у самым канцы агляданага тут сезону апублічыў працоўны момант з жыцця Бібліятэкі Кангрэсу ЗША. Следам за ўкраінскаю літаратураю кнігі з Беларусі сёлета вылучаць у асобны ад СССР/Расіі раздзел (з DK507 – у DK2001–2995). Што называецца, проста пакінем гэта тут. Бо наведнікам бібліятэк ЗША, асабліва ўніверсітэцкіх, дзе праграмы вывучэння СССР/Расіі былі сур’ёзна скарочаныя цягам апошняга дзесяцігоддзя, даводзілася бачыць беларускія кнігі на паліцах з пазнакай Asia.

Высновы і прагнозы

  • “Дзікае паляванне” – метафара сезону не толькі праз пастаноўку Каляды і Халезіна. “Матч-пойнт”, у якім застыў мячык рэпрэсіяў, усё яшчэ трывае. Саспэнс, у якім перабывалі жыхары Балотных Ялінаў, надта знаёмы асобам культуры ў Беларусі.
  • Звонку таксама трывае чаканне, але менш трывожнае. Як складуцца стасункі літаратурнае Беларусі з сусветам? Прагноз Максіма Жбанкова пра тры шляхі развіцця айчыннага кіно:
    1. “выезд за мяжу і ўпіска ў чужыя глабальныя (…) праекты”;
    2. сыход у віртуальную Беларусь, стварэнне свайго адмысловага (…) поля ў глабальнай сетцы”;
    3. варыянт “самы ахвярны, самаадданы і самы бессэнсоўны: працягваць кляпаць сваё нішавае (…) для вузкага кола (…). Гэта значыць ператварыцца ў тыповы праект культурніцкага гета, які бясконца перажоўвае свае траўмы і праблемы. Хутчэй за ўсё, рэалізоўвацца будуць усе тры варыянты – з аднолькава загадкавым і непрадказальным фіналам”;
  • працуе і для для кніжнае справы.

 


Беларускае кіно: у паміжжы

Апошнія тры месяцы выдаліся надзіва ўраджайныя. Што цікава, здарыліся збольшага падзеі сімвалічнага кшталту – якія штосьці важнае азначаюць, але не змяняюць парадку дня. Можа, гэта і ёсць цяперашні стан беларускага кіно: мы захраслі ў сімвалічным вымярэнні. Гэтак, у паміжжы (cлоўца з удзячнасцю запазычанае ў сёлетняй выставы беларускае фатаграфіі ў Лодзі).

Асноўныя трэнды сезону:

  • выгнанае кіно нарошчвае пракат у дыяспарах і кантакт з гледачамі;
  • нутраное кіно ператвараецца ў рытуал і сімуляцыю;
  • відаць, адбываецца цяжкаваты пераход да рэканструявання рэчаіснасці, якую больш немагчыма адэкватна фіксаваць.

Паміж фантазіяй і пародыяй

Пачнём з абнадзейвальнага: дзесьці па-за межамі Беларусі кіно досыць бадзёра стварала падзеі. У асноўным невялікія, адпаведна свайму эмігранцка-падвешанаму становішчу.

Але ж адбыліся і віленскія сеансы адмененага ў Беларусі кінафэсту “Нефільтраванае кіно”, і варшаўскія паказы беларускіх фільмаў, і дакументальны фільм “Радзіма” на Кракаўскім кінафэсце (з атрыманнем элегантнага прызу глядацкіх сімпатыяў), і прыз фільму Мары Тамковіч “Na żywo” на Freedom Film Festival у Радаме.

Рэжысёрка Мара Тамковіч – уладальніца прызу Freedom Film Festival у Радаме. Фота: facebook.com/mara.tamkovich

Тым часам, дарэчы, завяршыліся здымкі поўнага метру спадарыні Мары “Восем гадоў і тры месяцы”. Фільм, адкінуўшы дакладную згадку пра тэрмін зняволення Кацярыны Андрэевай, стаў называцца абстрактна-рамантызавана – “Краіна пад шэрым небам”. Пакуль устрымаемся ад высноваў.

Дакументаліст Максім Швед паказаў у ЗША сваю новую стужку “Фатограф з плошчы Пераменаў”, а Настасся Сергіеня, знаная ігравою кароткаметражкаю “Сойка”, анансавала прэм’еру новага фільму “You & I” у канцы жніўня.

Адбылася і прэм’ера анімацыйнае стужкі Івана Гапіенкі “Калыханка” ды выстава малюнкаў да яе. Тая кафкіянская калыханка закалыхвае наш посттраўматычны сіндром, спрытна хапаючы яго сутнасць: пад адною рэчаіснасцю хаваць іншую. І каб яны супадалі звонку сваёй будзённасцю – да моманту такога ж будзённага трыгеру. Калі не памыляемся, гэта першая спроба зачапіць цяперашні эмацыйны стан беларусаў (дый не толькі іх) не праз вербатым сведкі ды ахвяры і не праз аповед як такі. Пасля плыні апавядальных фільмаў пра траўму, ненаратыўная, цалкам візуальная стужка пра посттраўму выглядае метафараю змены светаўспрымання пасля 2022-га, а не пасля 2020-га. Час трошку зрушыўся наперад – ужо добра.

Тым часам дзесьці ў далёкай Іспаніі здарылася нячутная прэм’ера альманаху “COOL (News from Belarus)”, ініцыяванага Мікітам Лаўрэцкім. На матывы беларускіх навінаў, якія заўсёды ладна складаюцца ў абсурдны і нават абаяльны ў сваім абсурдзе наратыў, рэжысёры з розных краінаў – і беларусы таксама – знялі кароткаметражныя фільмы. Меркаваць, якую ж Беларусь яны ўтвараюць разам, пакуль не маем магчымасцяў. То спадзяёмся, што стужка выйдзе за межы зборніку анекдотаў і пакажа нам першую фантазію пра постпратэставую Беларусь, што ўнікае адлюстравання і таму можа быць толькі рэканструяваная такім вось чынам.

Бліжэй, у Польшчы, парадыйныя ЧынЧыны адзначыліся кароткаметражкаю “ЧынЧыны праляцелі зязюляю”, дзе зборны беларускі чыноўнік з дзвюма галовамі – Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч – адкрыў сваё паходжанне. Дужа прадказальнае і тым адметнае. Шарм і праўда ў тым, што, перамяшчаючыся ад пародыі да трэшу і назад, гэты падвойны герой файна адлюстроўвае стан і ашчушчэнія сучаснае беларускае бюракратыі, захраслай між пародыяй, сімуляцыяй і прадукаваннем злачынстваў. Што праз шмат парадыйных цытатаў з кіношнае класікі гэты фільм урэшце прыходзіць да інтанацыяў “Кабінету доктара Каліґары” – як ці не найтрапнейшага пакуль, яшчэ інтуітыўнага выказвання пра дух часу. Так-так, ЧынЧыны лёгка, з трэшачком зрыфмавалі расчалавечвальную і рэпрэсіўную пустэчу цяперашняе Беларусі з Нямеччынаю пачатку 1920-х, у якой паўстаў нямецкі кінаэкспрэсіянізм. За тое дзякуй.

Паміж мінкультам і “Купалам”

Дарэчы, пра бюракратыю. У яе ўсё добра. Яна стварае ў Беларусі чарговую экспертавую раду для развіцця кінематаграфіі, што мае, імаверна, развіць тое, чаго не развілі папярэднія экспертавыя рады для развіцця кінематаграфіі. Куды яны зніклі і чаму паўстала неабходнасць у новай, патлумачыць можна хіба толькі самарэплікацыяй беларускай бюракратыі ды яе фрактальнаю структураю.

Іншая прадказальная, але ж нечаканая навіна – замена генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм”. Месца сталічнага функцыянера Уладзіміра Карачэўскага заняў гродзенскі функцыянер, старшыня “Гроднааблкінавідэапракату” Юрый Аляксей. Самае істотнае ў гэтай навіне – шыльда “Гроднааблкінавідэапракат”, створаная, імаверна, каб уражваць веліччу бюракратычных скаротаў.

Астатняе не выходзіць за межы даўніх бюракратычных рытуалаў, якія пераплавіліся ў пустую гісторыю кінастудыі. Каб замацаваць рытуал, перад новым гендырам паставілі пустыя задачы:

  • пашырыць супрацу кінастудыі з нацыянальнымі тэлевізійнымі каналамі і Белтэлерадыёкампаніяй,
  • сфармаваць прафесійную каманду,
  • эфектыўна ўкараніць стратэгію культурніцкага імпартазамяшчэння ў кінематаграфіі,
  • прадукаваць фільмы, запатрабаваныя гледачом і скіраваныя на патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

А памятаеце, як за часам пазамінулага гендыра “Беларусьфільму” Ігара Поршнева нас весялілі задачаю ператварыць кінастудыю ў фабрыку, на якой будуць здымаць дахалеры беларускіх і замежных фільмаў? Ад тых кісла-амбітных планаў рэканструкцыі да “знайдзіце ўжо тых, хто ўмее здымаць, і здыміце хоць штосьці”, – сем гадоў і два міністры.

Нагадаем, што той жа Ігар Поршнеў, на якога ўскладалі рытуальныя спадзевы на адраджэнне неадраджальнага, атрымліваў у 2015-м наступную рытуальную ж задачу: “Мы жывём у Беларусі, і наш прэзідэнт аднойчы сказаў: “Калі вы здымеце фільм, зразумелы народу, і каб было цікава глядзець?” Хацелася б выканаць сваё даручэнне: зняць зразумела”.

Іронія хаваецца ў тым, што ў час Поршнева і далі хаду фільму менавіта такому – зразумеламу народу. Гэта аказаўся праект “Купала”.

Кадр з кіно “Купала”. Фота: imdb.com/title/tt13499372/

Наступны гендыр Уладзімір Карачэўскі пранёс “Купалу”, як сцяг: то троху вымаючы яго, то хаваючы – у залежнасці ад бюракратычных настрояў. І тых рухаў аказалася дастаткова, каб вакол стужкі пачало ўтварацца сімвалічнае поле барацьбы ды асобная легенда з традыцыйным савецкім трохкутнікам аўтар – глядач – машына цэнзуры (бачыце – мадэль дасюль працуе).

Цяпер мы назіраем, як “Купала” самастойна робіцца меркай, якою можна адлічваць этапы нашага цьмянага існавання: “паміж першым і другім выкладаннем “Купалы” ў сеціва”, ці “калі “Купалу” выклалі, але папрасілі не глядзець”, ці “паміж другім і трэцім выкладаннем “Купалы” ў сеціва” і г. д.

Нарэшце ў сеціва выклалі фінальную версію “Купалы”, і напярэдадні гадавіны выбараў сеансы зладзілі дыяспары ў Польшчы, Грузіі, ЗША. Мяркуем, на тым жыццё фільму не скончыцца, бо ён сімвалічна накладаецца на стасункі ўладаў і народу. І дужа недакладная, але ж відавочная ды, галоўнае, візуальная паралель з падзеямі 2020-га ў фабуле працуе. То бок пакуль не развязаная сітуацыя, створаная ў 2020-м.

Падаецца, Уладзімір Янкоўскі праз 20 гадоў усё ж зняў сваю “Анастасію Слуцкую”, ад якой у 2003-м адмовіўся, – у абліччы “Купалы”: фільм, які ствараюць, каб ён быў “зразумелы народу”, праз які ўлады гавораць з народам пра пэўнае адзінства. Проста з уладамі нарэшце ўсё склалася “не так адназначна”, як тады чакалі.

Паміж старымі і новымі

Тым часам “Беларусьфільм” паднатужыўся і выдаў стосік навінаў.

Па-першае, у сціплы сімвалічны пракат ціха выйшла “добрая і харошая” стужка Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання” – пра кардыёлагаў, якія застаюцца вернымі сваёй прафесіі. І вернасць гэтая, вядома, атаясамліваецца з вернасцю радзіме і дзяржаве. Якія да таго ж атаясамліваюцца і між сабою (так, вы правільна схапілі метафарычную нітку цяперашняга бюракратычнага кіно: сэрца – радзіма – дзяржава). Цяжка знайсці ў ёй прынцыповыя адрозненні ад ягонае ж стужкі “Рыфмуецца з любоўю” (2006) – адно што там былі гематолагі, яшчэ не так заклапочаныя любоўю да радзімы, магчыма, праз спецыялізацыю: радзіма ж у сэрцы, не ў крыві.

Па-другое, маладыя рэжысёры-аніматары “Беларусьфільму” ў траўні дэбютавалі з альманахам “Навагодні калейдаскоп”. Навіна, адметная не толькі неймавернаю своечасовасцю, але і тым, што мы даведаліся пра існаванне на студыі анімацыйнага кіно маладых рэжысёраў (пра такое нічога не было чуваць ледзь не з 2017-га). Запішам імёны: Юлія Пінцак, Віталь Андрасюк, Данііл Жугжда і Яна Арыстава-Галіноўская. Зверым спіс праз год.

Кадр з альманаху “Навагодні калейдаскоп”. Фота: belta.by

Па-трэцяе, выпускнік Акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі – бадай, адзіны ўдзельнік дзіўнаватае студыі моладзевага кіно Smolk@ на “Беларусьфільме” – распачаў здымкі дэбютнага поўнага метра “Кіношнікі”.

“Мы рэальна паказваем, як рэжысёр-дэбютант праходзіць розныя этапы стварэння свайго фільму”, – цытуе спадара Халецкага Міністэрства культуры.

Пакуль няма як меркаваць уласна пра стужку, проста паназіраем, як спадар Халецкі вольна ці нявольна абслугоўвае людажэрскую бюракратычную сітуацыю, калі беспасярэдні прафесійны абавязак – падтрымліваць і ўводзіць у цэх новыя пакаленні – выдаецца за прывілей ды вымагае лаяльнасці, а дэманстратыўным падтрыманнем асобных навічкоў аздабляюць даўні сістэмны канфлікт пакаленняў і недапушчэнне новых кадраў у да таго ж зачышчаную галіну.

Мы ж памятаем, што дасюль не выпусцілі на экран папярэдняга, распачатага ў 2019-м, альманаху маладых кінематаграфістаў “Гэта я, Мінск”, у якім, дарэчы, Мінск адбудаваны таксама на метафары кіназдымак, і здымкі тыя фіксуюць не надта нарматыўненькі, а дзе-нідзе і балюча-з’ездлівы вобраз пустога гораду і пустога часу.

Як думаеце: якая ж з гэтых дзвюх стужак выйдзе на экраны першая?

Ад хронікі да сімуляцыі

Нечаканую і неабавязковую, неахайную і запознюю стужку аб пратэстах “Хроніка сучаснасці” цяжка неяк каментаваць. Адно што і тут пануе іронія. Фільм, які, магчыма, стаўся падставаю для рэпрэсіяў, сам дужа падобны да аператыўнае здымкі: ніякіх узаемадзеянняў з героямі, паглыбленняў у натоўп, высвечвання настрояў, калізіяў, характараў.

Кажам “магчыма”, толькі каб пазначыць прынцыповае становішча: у Беларусі ці за яе межамі мы больш не маем доступу да рэчаіснасці. І можам здагадвацца пра яе толькі паводле тых аскепкаў канструяваных вобразаў, што выдаюць нам сілавікі, прапаганда і часам іншыя медыі. А крытэры іх праўдзівасці і адэкватнасці ўжо страчаныя.

Мы можам уяўляць і пужацца, перастрахоўвацца ці грэбаваць перасцярогай, як тое зрабіў рэжысёр “Хронік”, але сказаць, як там насамрэч, ужо не ў стане: кожны прапанаваны аскепак нам адначасова кажа праўду і хлусіць.

Ці не таму пратэсты, знятыя іх удзельнікамі, сталіся апошняю дакументальнаю рэчаіснасцю, нам даступнай. А апошнім дзейсным спосабам кантакту з ёю – стрым. Пасля пайшлі “пакаянныя” відэа, жанр дваістае сімуляцыі, “якая не існуе, але ж існуе”. І цяпер фіксаваць тую знявечаную сімуляцыяй рэчаіснасць і немагчыма, і небяспечна. Магчыма толькі рэканструяваць. “Хронікі сучаснасці” пазначылі гэты важны падзел, якога мы, заўважаючы, не прамаўлялі. Але ж, мяркуем, шмат хто выбраў бы абысціся без такое нясвоечасовае раскошы.

Між іншым, заўважым, што фарматам, атаясамленым з беларускаю салідарнасцю і адзінствам, па-ранейшаму застаецца стрым: марафон “Нам не ўсё адно” яшчэ раз гэта сімвалічна паказаў.

Карацей, выглядае, падводныя камяні беларускага кіно – пагрозу ператварэння то ў бюракратычны рытуал, то ў эксплуатацыю пратэставага адзінства – пакуль кінулі без увагі, каб перавесці дух.

Наперадзе нас чакае восеньская фестывальная руціна: ужо абвясцілі прыём заявак фестывалі “Паўночнае ззянне” і “Bulbamovie”. Павінен неўзабаве ачуцца “Лістапад”. Але ж нутраная пустэча не знікне. І яна вымагае рашэнняў, якія наўрад ці будуць. У гэтым святле спробаю можа падацца нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў у Варшаве 18–20 жніўня. Але ж і ён пакуль не пазбягае пагрозы ператварыцца ці то ў рытуал, ці то ў эксплуатацыю. Чакаем, глядзім.


Тэатр: выжыванне ў Беларусі, часовы рэнесанс у замежжы

Звальненні выбітных майстроў сцэны і пераход да новай сістэмы фінансавання, якую ў мінкульце даўно анансавалі, але толькі цяпер нарэшце вызначыліся з тэрмінамі. Уцёкі ў нацыянальную класіку (зварот да якой па азначэнні не можа быць пройгрышным) і новыя ўмовы існавання ў замежжы. Умовы, якія творцы робяць для сябе спрыяльнымі. Беларускі тэатр “тут” і “там” (акцэнт змяняецца ў залежнасці ад лакацыі актараў), або чым жыла тэатральная тусоўка гэтым летам.

Асноўныя трэнды сезону:

  • у беларускім тэатры працягваюцца звальненні і рэпрэсіі, анансуюцца далейшыя змяненні ў рэпертуары – зачыстка тэатральнае тэрыторыі ад дарэвалюцыйнае спадчыны пакрысе набліжаецца да свайго завяршэння;
  • анансавалі час пераходу да новае сістэмы фінансавання, пры якой дзяржаўныя тэатры будуць атрымліваць яшчэ менш дапамогі з боку дзяржавы;
  • у міжнародным вымярэнні айчынны тэатр усё больш ператвараецца ў пляцоўку для паказу прадукцыі расійскіх калектываў;
  • дзякуючы новай прадзюсарскай ініцыятыве INEXKULT беларускі тэатр у замежжы прадэманстраваў, што мае шанец пераадолець праблемы менеджменту і фінансавання;
  • польскія паказы INEXKULT канчаткова замацавалі прыярытэт гэтае краіны ў беларускай тэатральнай эміграцыі.

Чарговыя звальненні і пераход да новае сістэмы фінансавання

Рэпрэсіі ды звальненні ў беларускай тэатральнай сферы не спыняюцца. Гэтым разам прыйшоў час Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек – да нядаўна ён заставаўся апошнім буйным сталічным калектывам, якога амаль не закранула новая дзяржаўная палітыка.

У мінулых аглядах згадваўся сыход дырэктара Яўгена Клімакова і акторкі Святланы Цімохінай (у першым выпадку як мінімум фармальна добраахвотны). Цяпер не працягнулі кантракту галоўнаму рэжысёру Аляксею Ляляўскаму – без перабольшання вялікаму беларускаму творцу, які працаваў на сваёй пасадзе з 1986-га.

Сцэна са спектакля “Чаму старэюць людзі?..”. Рэжысёр: Аляксей Ляляўскі. Фота: puppet-minsk.com

Фармальна ён не ставіў новых спектакляў апошнія два гады. Але сам факт займання ім пасады быў праяваю традыцыі, павагі да мінулага і творчае пераемнасці – усё гэта з катастрафічнаю хуткасцю знікае з беларускае тэатральнае прасторы. Таму звальненне Ляляўскага выглядае набліжэннем да канчатковага “перагортвання старонкі” ды амаль поўнае зачысткі тэатральнае тэрыторыі ад мінулае дарэвалюцыйнае спадчыны (гаворка пра падзеі да 2020 года). Відавочна, кропку ставіць ніхто не збіраецца.

У канцы ліпеня ў Міністэрстве культуры адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва большасці тэатраў. Адна з кіраўніц Мінкульту Ірына Дрыга заявіла, што з 1 студзеня 2024 года дзяржаўныя калектывы пераходзяць на камбінаваную сістэму фінансавання, пры якой толькі частка расходаў пакрываецца з бюджэту.

Пра новую мадэль казалі даўно. Яшчэ ў лютым 2021-га Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў яе так: “Зарабілі два мільёны долараў – два мільёны долараў дадалі бюджэтных. Пяць зарабілі – пяць дадамо”. У жніўні 2022-га пераход да новае схемы анансаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

У 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў набліжалася да 34 %. У абласных – да 37 %. Але такія лічбы дасягаліся жорсткім выкананнем плану, неабходнасцю паказваць вялікую колькасць забаўляльнае прадукцыі, што не давала развівацца калектывам і акторам.

Словы Дрыгі – першыя, у якіх агучаныя канкрэтныя даты пераходу да такое мадэлі. Хоць ніякіх канкрэтных лічбаў пакуль няма.

У нататцы пра сустрэчу з чыноўніцаю гаварылася пра неабходнасць “істотнага абнаўлення рэпертуару з мэтай пастаноўкі спектакляў, якія забяспечваюць павышаны попыт гледачоў”. Тэатры цяпер нібыта зацікаўленыя ў п’есах пра “сучасных герояў Беларусі, Вялікую Айчынную вайну, праблемы маладога пакалення ў нашы дні, слаўнае мінулае Беларусі”. Аўтарам рэкамендуюць не баяцца “закранаць вострасацыяльныя тэмы сучаснасці, істотная правільная палітычная ўстаноўка аўтара. Вітаецца патрыятычны выхаваўчы пачатак, але не «ў лоб», а на станоўчых прыкладах дзейнасці персанажаў”.

Формулы шчасця

Чыноўніцтва такім чынам забівае адразу двух зайцоў.

Па-першае, стымулюе тэатры зарабляць больш, каб выканаць даручэнне зверху. У выніку гэта прывядзе да пастаноўкі яшчэ больш забаўляльных / класічных / правераных сюжэтам і г. д. спектакляў, што паставіць крыж на ўсялякім эксперыменце.

Па-другое, такім чынам яно плануе пазбавіцца “старых” аўтараў на карысць “новых” і “патрыятычных”. Зрэшты, сама навіна – нават яе назва “Тэрмінова патрабуюцца якасныя айчынныя п’есы і лібрэта!” – сведчыць, што, магчыма, такія творы яшчэ трэба напісаць. Насцярожвае выраз “п’есы, пастаўленыя перыферыйнымі і нават самадзейнымі калектывамі, могуць выклікаць цікавасць у вялікіх дзяржаўных тэатраў”.

Мяркуючы з усяго, калектывы чакае нашэсце непрызнаных дасюль творцаў з матэрыялам адпаведнага ўзроўню. Паратунак у такім выпадку – зварот да класікаў (або нават да не самых вядомых іхных твораў).

Напрыклад, Рэспубліканскі тэатр беларускае драматургіі звярнуўся да апавядання Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, прысвечанага Другой сусветнай вайне. Каб стварыць на яго аснове паўнавартасны спектакль (рэжысёрка – Алена Зміцер), да інсцэнізацыі дадалі ўрыўкі з прозы пісьменніка, ягоных вершаў і эсэ.

Сцэна са спектакля “Карней” паводле твора Уладзіміра Караткевіча. Фота: Uladzislau Rachuba, rtbd.by

Кадравы голад – наступства рэпрэсіяў – па-ранейшаму адчуваецца і ў айчыннай рэжысуры. Са сталічных рэжысёраў напамінам пра мінулае застаецца хіба праца Яўгена Карняга, які выпусціў у тэатры лялек спектакль “Разумная сабачка Соня”. Таму непазбежна пачынаюць працаваць кадравыя ліфты, уласцівыя грамадствам часу рэпрэсіяў: хто прыняў правілы гульні (або каму пашанцавала), імкліва пераскоквае праз некалькі прыступак. Напрыклад, на пастаноўку ў дзяржаўны Купалаўскі тэатр – са спектаклем “Казка пра мёртвую царэўну” – запрасілі рэжысёра Палескага тэатру (што ў Пінску) Паўла Марыніча, які ніколі не меў досведу працы ў буйных тэатрах і дасюль ставіў толькі ў сваім калектыве.

У міжнародным аспекце беларускі тэатр усё больш ператвараецца ў пляцоўку для расійскіх калектываў. Трупы з Расіі ўзялі ўдзел у сталічным форуме “Балетнае лета”, завіталі на “Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску”, прыехалі на гастролі ў мінскі Тэатр юнага гледача. Спыняць такую палітыку не плануюць: на восень анансаваныя паказы Казанскага тэатру на пляцоўцы дзяржаўнага Купалаўскага.

INEXKULT: беларусы ў Еўропе

У мінулых аглядах вялося пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца беларускае тэатральнае замежжа. У тым ліку пра ўзаемазвязаныя праблемы менеджменту і фінансавання, што прыводзіла да мінімальнае колькасці паказаў.

Улетку 2023 года сітуацыя рэзка змянілася дзякуючы новае прадзюсарскае ініцыятыве INEXKULT, якая запусціла тэатральны фестываль INEX FEST. Дзякуючы яму ў Варшаве адбыліся паказы шэрагу айчынных пастановак. Гэта два спектаклі рэжысёркі Паліны Дабравольскай – “Сарматыя” і “Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне служыць замест мяча”. Пастаноўкі “Беспрацоўнае дрэва” (рэжысёрка – Святлана Бень), “Мама Зоя, Беларусь” (беларуска-шведскі праект, рэжысёрка – Аксана Гайко разам з ансамблем спектаклю) і “рЭвалюцыя Зайца” (рэжысёр – Юра Дзівакоў). А таксама адразу некалькіх спектакляў “Купалаўцаў”: “Шэпт” (рэжысёр – Раман Падаляка), “Гусі-людзі-лебедзі” (рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў) і “Камедыя Юдзіфі” (рэжысёр – Павел Пасіні).

Святлана Анікей у спектаклі Рамана Падалякі “Шэпт”. Фота: Ксенія Васілеўкіна / kupalaucy / Instagram

Фэст дапамог прыцягнуць увагу да беларускага тэатру, а таксама падрыхтаваць прэм’еры – “Канец паўкабана” (праца Юры Дзівакова) і “Плошча Перамогі” (праца Аляксандра Гарцуева). Удалося і пашырыць геаграфію паказаў. Напрыклад, “Шэпт” акрамя Варшавы ўбачылі ў Кракаве, Сопаце і Вільні.

Геаграфія паказаў INEX FEST, які, дзеля аб’ектыўнасці, першапачаткова і задумваўся як варшаўскі, канчаткова замацаваў за Польшчаю першае месца ды безумоўны прыярытэт сярод беларускае культурніцкай эміграцыі.

Прычынаў багата: блізкасць польскай і беларускае моваў, што дапамагае адаптацыі; больш высокі ўзровень жыцця ў гэтай краіне ў параўнанні з Літвою; дасюль актуальныя пытанні з легалізацыяй часткі творцаў (менавіта яны робяць немагчымым іхны выезд за мяжу краіны, а таму і гастролі).

Але кантраст відавочны. Дадамо, што, акрамя форуму ў Польшчы, адбываліся і шараговыя прэм’еры. Напрыклад, “Мора Хрысціны” (рэжысёр – Андрэй Новік), якую выпусціў у чэрвені Team Theatre (спектакль прысвечаны падзеям 9–14 жніўня ў беларускіх пастарунках). На фоне шмат якіх польскіх паказаў у Вільні за гэты час адбылася толькі адна прэм’ера. Гаворка пра “Ціхароў” (украінскай рэжысёркі Сашы Дэнісавай). Дакладней, яны анансаваліся як чытка, але выглядалі як паўнавартасны, іранічны і стыльны спектакль, адзін з найлепшых пра падзеі 2020 года. У іншых краінах наагул паказваюцца лічаныя пастаноўкі (кшталту праекту “Батлейка Шагал” Аляксандра Ждановіча ў Тбілісі).

Сцэна з пастаноўкі “Гераіні” Паліны Дабравольскай. Фота: David Konečný, provazek.cz

Варта згадаць і асабістыя поспехі айчынных творцаў. Оперны спявак Ілля Сільчукоў дэбютаваў у славутым міланскім тэатры La Scala ў “Русалцы” Дворжака. Ужо вядома, што з сезону 2024/2025 Віталь Алексяёнак з Беларусі станецца галоўным дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне. Рэжысёрка Наталля Ляванава паставіла ў познанскім Тэатры анімацыі спектакль “Уся надзея ў яйку”. А Паліна Дабравольская ажыццявіла пастаноўку “Гераіні” ў тэатры Husa na provázku, што ў Брно (Чэхія). Гэта дае згаданым творцам магчымасці далей развівацца і будаваць кар’еру ў еўрапейскіх тэатрах.

Высновы

Ціск з боку ўладаў на айчынны тэатр не спыняецца. Працягваюцца звальненні і зачыстка калектываў ад рэшткаў былое вольніцы дзясятых гадоў. У міжнародным аспекце беларускі тэатр становіцца пляцоўкаю для расійскіх тэатральных калектываў. Для асобных творцаў гэтыя акалічнасці робяцца нечаканым кар’ерным шанцам. Агулам жа беларускі тэатр у краіне выжывае ды імкнецца прыстасавацца да новых умоваў, не страціўшы сябе.

У замежжы беларускі тэатр зведаў нечаканы рэнесанс, звязаны з новаю прадзюсарскай ініцыятываю INEXKULT. У перспектыве будзе зразумела, мае гэта адраджэнне сталы ці часовы характар. Хутчэй, апошняе, бо ў любым выпадку праблемы, што існавалі дасюль (адсутнасць падтрымкі ад інстытуцыяў, неабходнасць працаваць дзесьці акрамя тэатраў і г. д.), нікуды не зніклі. Можна толькі спадзявацца, што новая ініцыятыва, калі яна будзе мець працяг, дапаможа развязаць частку з іх.


Поп & рок: летняя гульня ў рынак

Музычнае лета 2023 нельга назваць фестывальным ні па той, ні па гэты бок мяжы. Актыўнай дзейнасці арганізатараў канцэртаў у Беларусі замінаюць ідэолагі, а ў замежжы — адсутнасць гарантаванага фінансавання. Зрэшты, жыццё ва ўмовах татальнага ціску спрыяе творчасці музыкаў у краіне: за лета ў Беларусі запісаныя прынамсі тры новыя якасныя альбомы, у замежжы — толькі адзін. Але ні пра фэсты, ні пра музычныя навінкі вы не прачытаеце ў беларускай незалежнай прэсе. Не знойдзеце там і аналітыкі культурніцкага жыцця беларусаў. Чаму? Разважаюць нашыя эксперты.

Асноўныя трэнды сезону:

  • фестывальнае лета ў Беларусі ды за яе межамі вымярае творчую патэнцыю музыкаў і густы аўдыторыі;
  • спецыфіка актыўнасці беларускіх музыкаў: у замежжы новы матэрыял амаль не пішацца, у краіне з’яўляюцца новыя імёны;
  • незалежныя медыі: ігнараванне музычнае (і культурніцкай агулам) тэмы ды адсутнасць экспертызы.

Фестывалі: ідэалогія і камерцыя

Фестывальнае лета – выдатны індыкатар, паводле якога можна вымяраць шмат якія працэсы ў беларускай музыцы. Нават у тых абставінах, у якіх цяпер апынулася сфера. Гэта каталагізацыя здабыткаў, фіксацыя наратываў, ацэньванне творчае патэнцыі – фестывальная індустрыя (ці хаця б кволы намёк на індустрыю) дэманструе густы аўдыторыі ды здольнасць культурніцкіх менеджараў іх задавольваць.

Можна падзяліць усе існыя беларускія фестывалі на дзве ўмоўныя катэгорыі: камерцыйныя і ідэалагічныя. Гэта дазволіць зразумець і густы масавай аўдыторыі, і наратывы прапаганды з контрпрапагандаю.

Музычныя фестывалі ў межах Беларусі скараціліся да неабходнага і дазволенага мінімуму. Нават максімальна траваедны ў выбары артыстаў фэст Vulitsa Ezha ў Батанічным садзе сёлета адмовіўся ад музычнае праграмы і канчаткова пераўтварыўся ў свята гастранамічнага геданізму.

Цікавы нюанс: дзяржава цалкам узяла на сябе не толькі адміністрацыйны кантроль за музычным імпартам, але і ўсе бізнес-працэсы. Каб прывезці ў Беларусь замежнага артыста, трэба нейкім чынам дамовіцца з дзяржаўнымі ўстановамі, каб яны ўзялі на сябе юрыдычную справаздачнасць і выступілі афіцыйным арганізатарам імпрэзы. Нават буйныя канцэртныя агенцтвы, якія дасюль выжываюць у максімальна купіраванай прасторы, вымушаныя працаваць праз дзяржаўныя ўстановы. Напрыклад, канцэрты ўкраінска-расійскай спявачкі Anna Asti, якія яшчэ нядаўна рабіла агенцтва Atom Entertainment, цяпер ладзіць Палац Рэспублікі.

Тое сама з фестывалямі: калі арганізатар хоча прывезці замежніка ў Беларусь, ён мусіць шукаць кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі. Новая ступень фільтрацыі іншадумцаў і новы спосаб класці грошы ў патрэбнае месца.

У выніку ў Беларусі засталіся толькі два лакальныя фестывалі з тутэйшым лайн-апам: “Свята сонца” і “Наш Грунвальд” (хоць і яны адбыліся не без пэўных праблемаў у фармаванні музычнае часткі). Плюс жменя міжнародных фэстаў, кожны з якіх мае сваю парадыгму развіцця.

Славянскі базар” амаль кожны год заяўляе, што амаль выйшаў на камерцыйныя рэйкі, але нешта ўвесь час перашкаджае. У прынцыпе прычыны ясныя ўсім, акрамя самых арганізатараў: аўдыторыя эстрадных артыстаў з тэлебачання імкліва скарачаецца разам з аўдыторыяй самога тэлебачання. А музычны складнік фестывалю з года ў год застаецца нязменным. Тут можна зноў убачыць канцэрт усіх зорак “Шансон-ТВ” і ўрачыстую эксгумацыю эстраднага смецця з мінулага. Гэта цалкам ідэалагічны прадукт, які працуе на падставе лаяльнасці і адданасці прынцыпам існавання ва ўмовах несвабоды. Пераклічка творчых аўтсайдараў, баль штучнае песні ў выкананні наймітаў таталітарнай ідэалогіі.

Падчас фэсту Viva Braslav у Браславе. Фота: t.me/vivabraslav_official

З іншага боку, у Беларусі сёлета адбыўся чарговы Viva Braslav – найбуйнейшы камерцыйны фестываль, які існуе паводле прынцыпаў рынку ва ўмовах яго адсутнасці. Гэтым летам імпрэзу ў курортнай зоне наведалі каля 30 тысячаў чалавек, і гэта добры маркер густаў масавай аўдыторыі. Лайн-ап фестывалю — свята камерцыйнае поп-музыкі, на якое трапілі папулярныя заходнія дыджэі (і гэта ўжо сенсацыя для цяперашняе Беларусі), а таксама актуальныя і не вельмі поп-спевакі з Расіі (Artik & Asti, Hammali & Navali, “Отпетые мошенники”, “Банд’эрос”) і беларускія артысты (Бакей, Проста Лера, saypink!). Гэта адзіная паспяховая спроба зрабіць папулярны беларускі оўпэн-эйр. Але і тут ёсць нюанс: стылістычна і геаграфічна музычны складнік Viva Braslav амаль не змяніўся з 2019 года. Ён існуе паралельна з ідэалагічнымі наратывамі і з’яўляецца іх падсвядомым адлюстраваннем.

Фестывалі нашага замежжа адбываюцца паводле іншае логікі ды ва ўмовах адсутнасці камерцыйных партнёраў і спонсараў. Першапачаткова гэта кўэст у пошуку грошай. Потым – кўэст у фармаванні лайн-апу з улікам фінансавых магчымасцяў. І пасля – спроба ўварвацца ў інфармацыйную прастору, перанасычаную палітычным кантэнтам і чужымі наратывамі, а беларускую культурніцкую тэму яна абслугоўвае ў вольны ад працы час.

У беларускім замежжы сёлета адбыліся адразу тры розныя паводле складніку, фармату і ўмоваў фестывалі ў Польшчы: Varušniak, амаль цалкам заснаваны на дыджэйскім лайн-апе, Hučna Fest, больш традыцыйны паводле музычнага складніку, і пераемнік культавага “Басовішча” – фестываль Tutaka.

Гурт Super Besse на сцэне беларускага Hučna Fest у Варшаве. Фота: Павел Савіцкі, freebelarus.center

Усе тры фэсты праводзіліся ва ўмовах абмежаванага фінансавання і адсутнасці камерцыйных партнёраў. Таму лайн-ап фармаваўся з улікам магчымасцяў арганізатараў ды агульнага іхнага ўяўлення пра музычныя густы беларусаў замежжа. Да аншлагаў таго ж “Басовішча” кожнаму з гэтых фэстаў далёка. Але кожная з імпрэзаў паасобку і разам можна лічыць добраю спробай абазначыць прысутнасць Беларусі ў экспацкім жыцці Польшы ды фармаванні паўнавартаснае дыяспары.

Творчыя ямы і крэатыўны голад

Перыяд летніх фестываляў – звычайна дэманстрацыя свежага матэрыялу ад творцаў: адпрацоўванне новае праграмы, добрая інфанагода разварушыць інертнага слухача. Гэтак прынамсі працуе прагматычная сістэма каардынатаў сусветнае папулярнае музыкі.

Беларуская музыка паводле гэтых правілаў не жыве: ці цалкам іх ігнаруе, ці не бачыць неабходнасці існаваць у гэтай сістэме каардынатаў.

Так ці інакш, беларускія музыкі, якія сёлета бралі ўдзел у фестывалях у Беларусі і за яе межамі, не падрыхтавалі новых праграмаў. Гастролі працягваюцца са старым матэрыялам, які нязменна выклікае адчуванне дэжа-вю. Папулярныя беларускія гурты і выканаўцы жывуць у стане крэатыўнага голаду.

Эмігранцкая сцэна працягвае існаваць у гастрольным рэжыме і трымае публіку старымі хітамі: пакуль гэта працуе, але, відавочна, ненадоўга. За межамі Беларусі артысты канкуруюць не толькі паміж сабой, але і з шматлікімі сусветнымі зоркамі. А гэтую канкурэнцыю магчыма вытрымліваць толькі дзякуючы цікавай унікальнай прапанове.

Але ёсць і прыемныя выключэнні. Варта адзначыць берлінскі праект KOOB беларускае спявачкі Леры Дэле — сучасны, харызматычны джаз, у якім пульсуе энергія і любоў да музыкі. У Беларусі бракуе такое музыкі – на мяжы эксперыменту і традыцыі, разняволенай і прафесійнай, аўтэнтычнай і мультыкультурніцкай.

Ці эклектычны нуар Sick Mirror: густы блюз, зміксаваны з псіхадэліяй і месцамі нават стоўнэрам. Цікавы і разнастайны альбом, у якім спалучаецца багата цёмных адценняў. Яго прыдумалі і запісалі выдатныя музыкі з добрым густам і цікавым мысленнем: стандартнае пераўтвараецца ў нестандартнае, зразумелае робіцца таямнічым.

Вокладка альбома Sick Mirror. Выява: sickmirror.bandcamp.com

Таксама варта звярнуць увагу на гомельскі мэтал са стадыённым патэнцыялам Torf. Гэта музыка для вялікіх пляцовак і буйных фестываляў, выбуховая і меладычная, працуе паводле зразумелых поп-канонаў — і  ў гэтым яе галоўны плюс. Маем масавы якасны прадукт з модным гукам, яскравымі мелодыямі, запамінальнымі рыфамі і выдатным візуалам.

Яшчэ адзін цікавы праект — lifo. Музыкі эксплуатуюць не самыя відавочныя першакрыніцы. У альбоме Atoire Sakidashi, Vol. 1 ёсць як характэрныя для My Bloody Valentine шумавыя пульсацыі ды гітары, гэтак і больш лагодныя формулы, якія выкарыстоўваюць Slowdive: праца з мелодыяй, вакол якой і будуецца саўнд кампазіцыі.

Нават ва ўмовах ультрацэнзуры музыкі ў краіне дэманструюць куды больш творчай энергіі за эмігранцкую сцэну.

Доказам гэтага – факт, што амаль усе альбомы (акрамя KOOB), адзначаныя вышэй, запісаныя і выдадзеныя на тэрыторыі Беларусі.

Незалежныя беларускія медыі: ігнараванне культурніцкае тэмы і адсутнасць экспертызы

Праблема беларускага фрэшмэна – адсутнасць зацікаўленасці з боку інфармацыйных рэсурсаў. Увага зусім іншым героям і падзеям. Найперш ты палітычны вязень, а толькі потым знаны мастак. У гэтых абставінах спадзявацца на хаця б мінімальную ўвагу з боку незалежных беларускіх медыяў не выпадае. Творца мусіць шукаць іншыя сродкі камунікацыі са сваім слухачом, а слухач – іншыя каналы інфармацыі.

І тут ёсць два асноўныя пойнты.

Першы – незалежныя медыі неасэнсавана абслугоўваюць інтарэсы прапаганды. Яе амбасадоры ды носьбіты – прыярытэт у інфармацыйнай прасторы, кожнае выказванне ўмоўных сэлэбрыці становіцца нагодаю для публікацыі. Трэш-кантэнт замест адукацыі, клікбэйт як рэлігія — намаганні быць таблоідам ва ўмовах адсутнасці рынку выглядаюць як спроба памераць турэцкія джынсы на кардонцы пад дажджом.

Другі пойнт – адсутнасць экспертызы. Беларускія незалежныя выданні існуюць у стане адсутнасці важкіх бюджэтаў. У такім фармаце немагчыма быць трэндсэтэрам: ты толькі рэтранслюеш чужыя сэнсы і наратывы. Утрымліваць культурніцкую экспертызу ў такіх абставінах – неабгрунтаваная раскоша. А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да крывое логікі “гэты кантэнт не цікавы нашаму чытачу”.

Таму ў большасці беларускіх незалежных медыяў адсутнічае інфармацыя і аналітыка пра культурніцкае поле. Затое цудоўна пададзены ўвесь небагаты прапагандысцкі скарб, рэгулярны шок-кантэнт для ўражлівых рэдактараў.

Вынік – ашалелая гонка за трафікам ва ўмовах адсутнасці рынку, дубляж чужых наратываў і поўная адсутнасць уцямнае стратэгіі стварэння беларускага кантэнту. Контрпрапаганда без ідэалагічнага падмурку.

Высновы

Адзіны камерцыйны беларускі фестываль на тэрыторыі краіны і за яе межамі праілюстраваў рэальныя інтарэсы масавае публікі: Беларусь паглыбляецца ў расійскі кантэкст і пакуль не мае іншых варыянтаў.

Беларускія фестывалі замежжа адбываюцца ва ўмовах мінімальных бюджэтаў і прапануюць сціплы лакальны лайн-ап.

Артыст у эміграцыі дасюль не прапанаваў публіцы новае праграмы. Гэта ў найбліжэйшай будучыні прывядзе да спаду зацікаўленасці з боку беларускае публікі. З іншага боку, у межах Беларусі нават ва ўмовах ультрацэнзуры з’яўляюцца новыя імёны.

Беларуская музыка амаль цалкам пазбаўленая інфармацыйнага падтрымання з боку незалежных медыяў. У цэнтры ўвагі – бздуры дзяржаўнае прапаганды, а творца робіцца ньюзмэйкерам толькі ў надзвычайных абставінах.


Мастацтва: унутры і за межамі

Беларускія мастакі, якія воляю лёсу апынуліся за межамі Беларусі, робяць новыя (досыць паспяховыя) крокі на шляху да ўключэння ў творчы ландшафт новых краінаў. У розных гарадах Еўропы і свету ладзяцца выстаўкі, дыскусіі, арганізоўваюцца пленэры ды арт-рэзідэнцыі з удзелам актыўных беларусаў. Арт-актывісты ўнутры краіны таксама працягваюць дзейнічаць, аднак іх голас намнога больш сціплы, суцішаны і падкрэслена апалітычны. Навіна пра смерць легендарнага мастака Алеся Пушкіна ў беларускай турме агаломшвае усю супольнасць.

Галоўныя трэнды сезону:

  • смерць Алеся Пушкіна (1965–2023) – у той час як палітычна матываваныя пераследы і выкараненне супраціву трываюць, праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі ў Беларусі, выклікаюць трывогу; трагічная смерць Алеся Пушкіна ў зняволенні – жудасны прыклад сур’ёзных пагрозаў і вялізнага ціску, з якім сутыкаюцца мастакі беларускае нацыі;
  • геаграфічная дыспрапорцыя захоўваецца – стаўся відавочным выразны падзел паміж мастакамі, якія пастанавілі застацца ў Беларусі, і тымі, хто шукаў магчымасці за мяжою;
  • ініцыятывы, супраца і арт-актывізм за мяжою – беларускія мастакі за межамі краіны засяроджваюцца не толькі на сваім рамястве, яны актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках і выказваюць свой супраціў канфліктам, у прыватнасці вайне ва Украіне;
  • стымуляванне ўзаемадзеяння суполкі – расце тэндэнцыя ў культурніцкім ландшафце, арганізоўваюцца канферэнцыі ды ініцыятывы кшталту Imagining OpenMuzej Belarus, што спрыяюць дыскусіям і супрацы паміж мастакамі, куратарамі, даследнікамі ды актывістамі;
  • ажыўленне айчыннае мастацкае сцэны – нягледзячы на ​​ўсеагульны палітычны і грамадскі ціск, Беларусь застаецца цэнтрам мастацкае дзейнасці; мастацкая сцэна перажывае адраджэнне з прыкметным павелічэннем колькасці як індывідуальных, гэтак і групавых выставаў, большасць з якіх не мае палітычнага зместу.

Смерць Алеся Пушкіна (1965–2023)

11 ліпеня трагічная смерць беларускага мастака, актывіста і палітычнага вязня Алеся Пушкіна выклікала шок у грамадзянскай супольнасці Беларусі. Знойдзены без прытомнасці з цяжкімі хваробамі ў турме ў Гродне, ён памёр пасля аперацыі, пакінуўшы супольнасць у смутку і мужнае супрацьстаянне прыгнёту. Ягоны пяцігадовы тэрмін зняволення ў калоніі строгага рэжыму за антыбальшавіцкую творчасць і гучны супраціў рэжыму ўвасабляе жыццё, адданае свабодзе слова і правам чалавека. Вестка пра смерць Пушкіна і жудасныя падрабязнасці меркаванае медычнае нядбайнасці выклікалі пачуццё глыбокае страты і абурэння. У адказ на гэтую невыносную страту Беларуская Рада культуры зарганізавала акцыю памяці, каб падтрымаць сям’ю і захаваць натхняльную ды неацэнную творчую спадчыну. Гісторыя Алеся Пушкіна – гэта балючы напамін пра ахвяры, прынесеныя ў пошуках свабоды мастацтва і чалавечае годнасці. Рэха голасу Алеся ды яркія вобразы ягонага мастацтва застаюцца як трывалая даніна павагі чалавеку, які наважыўся сказаць праўду ўладам і заплаціў найвышэйшую цану за гэта.

Ініцыятывы, супраца і арт-актывізм за мяжою

Беларускія мастакі за межамі краіны засяроджваюцца не толькі на сваім рамястве. Яны актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках і выказваюць сваю апазіцыю больш шырокім рэгіянальным канфліктам, у прыватнасці вайне ва Украіне. Гэта прывяло да серыі мастацкіх імпрэзаў і выставаў, як шчымлівых, гэтак і захапляльных, якія даследуюць не толькі эмацыйныя ландшафты вайны, але і складанае ўзаемадзеянне ідэнтычнасці, палітыкі і гісторыі.

4–5 траўня Міжнародная кааліцыя дзеячаў культуры салідарнасці з Украінай у Карлсруэ (Нямеччына) прадэманстравала 15 відэаролікаў і 24 лозунгі пра вайну ва Украіне – супольныя намаганні гэтага куратарскага калектыву і ZKM Center for Art and Media Karlsruhe, каб падкрэсліць: наступствы вайны – агульная трагедыя, якая кідае цень на XXI стагоддзе. Сярод беларускіх артыстаў, якія спрычыніліся да імпрэзы, – Bergamot Collective, Ганна Школьнікава, Воля Сасноўская & a.z.h., Лена Давідовіч, Жанна Гладко, Надзя Саяпіна, Андрэй Дурэйка, Леся Пчолка, Антаніна Сцебур, Аляксандр Камароў, Максім Тымінько і Сяргей Шабохін.

18 чэрвеня ў Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вільні адбылося закрыццё выставы “Калі перапыняецца – становіцца адчувальным” (If Disrupted, it Becomes Tangible), якая працягвае тэму палітычных хваляванняў і канфліктаў. Выстава пад куратарствам Аляксея Барысёнка і Антаніны Сцебур паглыблялася ў палітыку, тэхналагічны ўплыў ды змешаныя гістарычныя наратывы, дэманструючы працы беларускага мастацкага калектыву eeefff і Уладзіміра Грамовіча сярод іншых міжнародных мастакоў.

Дзве персанальныя выставы – Вечны агонь Андрэя Анро, арганізаваная і адкрытая 11 траўня галерэяй Duży Pokój у Варшаве, і Past Garden (Сад мінулага) Рамана Камінскага, зарганізаваная галерэяй HOS у Варшаве 18 траўня, – разважаюць пра суровую рэальнасць ваенных канфліктаў, іх сувязь з дыктатурай і прапагандай, а таксама ўплыў на траекторыі асобных мастакоў у вымушанай эміграцыі.

Андрэй Анро. Вечны агонь. Алей. 2023. Крыніца: reform.by

У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве дзве выставы ахапілі розныя грані беларускага жыцця ды ідэнтычнасці. Экспазіцыя “Блізкія межы”, што завяршылася 23 чэрвеня, паглыбілася ў суіснаванне, здавалася б, такіх супярэчлівых ідэнтычнасцяў, як індывідуальнасць ЛГБТК+ і кансерватыўныя палітычныя погляды. Мастакі заахвочвалі да глыбокае самарэфлексіі ды назірання за рознымі ідэнтычнасцямі. Нарэшце, да гадавіны Музею Вольнай Беларусі 22 ліпеня ўрачыста адкрылі новую выставу Ігара Цішына – “Ад краю да краю”. Гэтая інсталяцыя пад куратарствам Вольгі Мжэльскай адлюстравала барацьбу, з якою сутыкаюцца ў пацярпелых рэгіёнах, а таксама гістарычную хроніку, палітычны ландшафт і хвалі беларускай эміграцыі. Дзякуючы гэтым экспазіцыям і супрацы беларускія мастакі не толькі дэманстравалі сваю творчасць, але і падкрэслівалі калектыўную адказнасць мастацтва ў выказванні апазіцыйнага меркавання, адлюстраванні складаных рэаліяў ды пераадоленні разрыву паміж гісторыяй і сучаснасцю.

У культурніцкім ландшафце расце тэндэнцыя арганізоўваць канферэнцыі ды ініцыятывы, што стымулююць дыялог і супрацу. 19–20 чэрвеня ў Інстытуце Пілецкага ў Берліне (Нямеччына) Ambasada Kultury правяла “Imagining OpenMuzej Belarus: супольнасць, сучаснае мастацтва, узаемадзеянне”. Інавацыйную ініцыятыву пачалі культурніцкія лідары ды арт-менеджары Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Ірына Кандраценка, Сяргей Шабохін і Антаніна Сцебур. Падзея мела на мэце даследаваць магчымасці салідарнасці ў беларускім культурніцкім ландшафце.

Праз такія дыскусійныя панэлі як “Музей як структура, якая ахоплівае супольнасць і выпраменьвае салідарнасць і падтрымку” ды “Салідарнасць, гарызантальнасць, супольнасць: культурніцкія праекты ў Беларусі”, канферэнцыя прадэманстравала багатую разнастайнасць галасоў, накшталт незалежнага куратара Аляксея Барысёнка, філосафкі Вольгі Шпарагі, мастачкі Руфіны Базловай і мастацкай суполкі eeefff. Разам яны падкрэслілі важнасць супольнасці, салідарнасці і сувязі ў сучасных культурніцкіх практыках, адзначаючы адметны крок у развіцці паразумення і супрацы паміж дзеячамі мастацтва ў выгнанні.

Ажыўленне айчыннае мастацкае сцэны

У Беларусі актывізацыя айчыннай арт-сцэны адбываецца на фоне палітычных узрушэнняў. У траўні каля Мінску ў якасці філіялу гістарычна-культурніцкага музею “Заслаўе” адкрыўся новы музей, прысвечаны беларускай маляванцы (традыцыйнаму маляванаму дывану). 17 чэрвеня ў мінскай галерэі А&В адбыліся “Мультфільмы для дарослых” Андрэя Пічушкіна. 29 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адкрыліся дзве выставы – “Па-за прасторай” і “Сімфонія вялікага Космасу”. Відавочны рост колькасці як персанальных, гэтак і групавых выставаў, але іх аўтары і арганізатары свядома трымаюцца як мага далей ад палітычнага зместу. І гэта выбар, які патрабуе больш пільнага вывучэння.

Фрагмент экспазіцыі Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі. Фота: CityDog.io

Гэтую напружанасць яшчэ больш ілюструе абнаўленне выставы галерэі “Арт-Беларусь” 8 ліпеня экспазіцыяй з карпаратыўнае калекцыі “Белгазпрамбанку”. Канфіскацыя калекцыі ў 2020 годзе, звязаная з крымінальнаю справай аб адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў, – важная дэталь, якой, здаецца, галерэя не надала належнай увагі. Больш за тое, кошт сканфіскаваных рарытэтаў ацэньваўся на 20 мільёнаў долараў, а стварыў калекцыю Віктар Бабарыка, беларускі банкір і апазіцыйны палітык, якога ў 2021-м асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Такое супрацьпастаўленне культурніцкага свята і палітычнага прыгнёту падкрэслівае супярэчлівую ролю мастацкіх інстытуцыяў у сучаснай Беларусі ды выклікае сур’ёзную занепакоенасць іх этычнаю пазіцыяй.

Рэзюмэ і прагнозы

  • Працяг міжнароднага ўплыву: чакайце пашырэння ўплыву беларускіх мастакоў за мяжою з працяглаю супрацай, арыентаванаю на палітычныя і грамадскія тэмы.
  • Эскалацыя ўнутранага ціску: праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будуць захоўвацца або абвастрацца, што патэнцыйна можа прывесці да больш трагічных інцыдэнтаў.
  • Рост супольнасці і культурніцкае ўзаемадзеянне: тэндэнцыя да заахвочвання супольнасці, хутчэй за ўсё, будзе набіраць абароты, ствараючы больш згуртаваную мастацкую супольнасць за межамі Беларусі.
  • Этычная барацьба ўнутры айчынных мастацкіх інстытутаў: нягледзячы на ўяўнае ажыўленне мастацкае сцэны, складаныя этычныя пытанні, звязаныя з уніканнем палітычнага зместу, будуць працягваць фармаваць культурніцкі ландшафт Беларусі, працягла ўплываючы на тое, як мастацтва сутыкаецца з сацыяльнымі праблемамі.