Агульная сітуацыя: у пошуках новай вертыкалі
Літаратура: “Птушкі” і “гнёзды”
Кіно: свае сярод сваіх
Беларускі тэатр: назад у мінулае
Поп & рок. Фрык-мэмы супраць крыку траўмаванага чалавека
Беларускае мастацтва: пераасэнсаванне творчасці
Агульная сітуацыя: у пошуках новай вертыкалі
Часам падаецца, што поле беларускай культуры апынулася пляцоўкай адмысловых сацыяльных эксперыментаў. Два гады палітычнага крызісу, ідэйнай стагнацыі, разбурэння былога грамадскага парадку, заняпаду гуманітарнай адукацыі ды перманентнай аварыйнай эвакуацыі найбольш актыўных з крэатыўнага класу ствараюць спецыфічную зону прысутнай адсутнасці – хаатычны культурніцкі рух без уцямнага сцэнара і відавочных прыярытэтаў.
Надзвычай актуальным зрабілася рытарычнае пытанне: на колькі кавалкаў трэба пасячы белкульт, каб той выглядаў амаль як жывы і захаваў здольнасць да ўмоўнай актыўнасці? У час калявыбарчай эйфарыі і спадзяванняў на хуткую перамогу (а крыху пазней – на блізкае вяртанне) яно падавалася занадта дэпрэсіўным і не надта істотным. Але адсутнасць якасных зрухаў на палітычным фронце, страта публічнай міжнароднай зацікаўленасці беларускім сюжэтам, агульная расцярушанасць культурніцкага жыцця і разуменне, што ўладкоўвацца ў наяўным раскладзе трэба ўсур’ёз і надоўга, спарадзілі імкненне будаваць новую культурніцкую інфраструктуру – новую сістэму беларушчыны.
Апошнім часам можна назіраць акурат працэсы пэўнай акумуляцыі творчых і спажывецкіх колаў вакол разнастайных інстытуцыйных платформаў – ад праектаў “Беларускіх магістратаў” да Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Працэс (сама)структурызацыі культурніцкай сферы мае шмат вымярэнняў і неадназначныя перспектывы. Бо, з аднаго боку, ён стымулюе актыўнае далучэнне беларусаў да культурніцкіх праектаў у фармаце палепшанай версіі талакі (магістрат “Кнігаўка”). З другога, нанова будуе кіраўнічую вертыкаль ахвочых “узначаліць працэс”, каб павесці пакуль не ахопленую адміністрацыйным кантролем культуру ў пажаданым кірунку. Фактычна адбываецца аднаўленне добра вядомага беларускага падзелу культурніцкіх актывістаў ды ініцыятываў на самаробных і сістэмных.
Варта адзначыць, што новыя самаробныя ствараюць сеціва гарызантальных кантактаў, яны самадастатковыя і не імкнуцца кантраляваць культурніцкую сферу. Што да новых сістэмных, тут пытанні ўплыву і кантролю прынцыповыя. Гэтыя новыя не надта новыя, бо карыстаюцца раней назапашаным рэсурсам: кантактамі з міжнароднаю культурніцкай індустрыяй, карпаратыўнымі сувязямі і беларускім досведам (аўтарытарнага) менеджменту.
Адбываецца змена генерацыяў беларускай культурнай бюракратыі. Айчынныя новыя еўрапейцы ў эміграцыі слушна бачаць для сябе вакно магчымасцяў у сітуацыі самаізаляцыі ды творчай дэградацыі афіцыйнай беларускай культуры. І запаўняюць яго ў межах свайго бюджэту разумення.
Што да самаробных актывістаў, іх яднаюць з сістэмнымі агульнае разуменне новых магчымасцяў і ўзаемная абыякавасць.
Гэта гульня з’ехалых. Тым, хто застаўся ў краіне, давядзецца далучыцца да кагосьці з гэтага раскладу. Альбо і далей існаваць у грамадстве спарахнелых матрыцаў.
Праблемны падзел адбываецца таксама і ў функцыянальным плане. Бо ні сваіх фінансаў, ні ўстойлівых унутраных сувязяў тут няма. Патрэба ў сваіх структурах на выездзе выглядае з улікам наяўнасці беспасярэдніх міжнародных кантактаў і кантрактаў у большасці важкіх творцаў невідавочнаю. Пакуль відаць адно дэкларацыі ды спецэфекты.
Інстытуцыі не вырабляюць тэкстаў. Творцы не маюць досведу кіравання структурамі. Новае структураванне выглядае хуткаспелаю штучнаю надбудоваю над творчым працэсам, здольнай адно выкарыстаць свежы крэатыў дзеля прамоцыі новаабранага адміністрацыйнага рэсурсу.
Але гучныя прамацыйныя акцыі новых інстытуцыяў пакідаюць амаль незаўважным галоўны трэнд сезону: якасны прарыў у аўтарскай працы посттраўматычнага фармату. Нашая агульная хвароба нарэшце склалася ў пакет важкіх прапановаў, публічна атрымала голас і стыль. Дэпрэсіўна-тармазнутая стужка “Спатканне ў Мінску” Мікіты Лаўрэцкага, пяшчотнае чорнае кабарэ праекту “Приём!” Святланы Бень і Галі Чыкіс, трагічная лірыка Сяргея Прылуцкага, жорсткі падпольны рок менскага гурта Syndrom Samazvanca, нават абстрактныя акустычныя замалёўкі вандроўных электроншчыкаў пазначаюць новыя вымярэнні болевай беларускасці – адбіткі зацягнутага дрэйфу ўздоўж краю бездані.
Белкульт вяртаецца на папялішча. Туды, дзе, здаецца, ніхто яго не чакае. Проста таму, што інакш немагчыма. Мы – краіна. Краіна там, дзе мы.
Літаратура: “Птушкі” і “гнёзды”
Асноўныя трэнды сезону:
- Сіндром гнездавання беллітпрацэсу – стварэнне новых і рэінкарнацыя старых кніжных ініцыятываў у бяспецы (звонку).
- Запавольванне, але не спыненне махавіка кніжных рэпрэсіяў (унутры).
- Зніжэнне творчага лібіда ў параўнанні з 2020-м годам (унутры і звонку).
Мапа сэнсаў
Сіндром гнездавання – іранічны тэрмін з форумаў маладых бацькоў, які апісвае імпэт цяжарнай жанчыны наводзіць парадкі ці ладзіць рамонты перад нараджэннем дзіцяці. Не варта блытаць з перыядам гнездавання ў птушак. Не тое каб мы намякалі на “Кнігаўку”, але імклівы пераезд найбуйнейшага беларускага незалежнага выдавецтва “Янушкевіч” з Беларусі ў Польшчу – характэрны прыклад таго, як імкліва і рашуча ствараюцца або пераствараюцца за мяжою важныя інстытуты.
Пераезд, здаецца, можна лічыць завершаным у студзені: Андрэй Янушкевіч атрымаў пастанову суда, якою спынілі ягоную беларускую выдавецкую ліцэнзію. Гэты выпадак падказвае механізм, паводле якога адбываецца рэпрэсія. Можна дапусціць, што выдавецтвы, чые кнігі прызналі экстрэмісцкімі, будуць зліквідаваныя ўладамі цягам некалькіх наступных месяцаў. І таму заканамерна, што выдаўцы пачынаюць гнездавацца ў Еўропе, кампенсуючы брак свабоды кнігавыдання на радзіме.
Варта пералічыць кніжныя ініцыятывы, створаныя наноў або перанесеныя з Беларусі, не згаданыя намі ў папярэдніх сезонах: “Skarynapress” (Лондан), “Полацкія лабірынты” (Варшава), Еўрапейскае беларускае выдавецтва “Imago/Гутэнберг” (Кракаў/Мінск), “hochroth Minsk”. Апошняе – нямецкае, якое распачаў Дзмітры Строцаў, выпусціла тры паэтычныя кнігі жанчын з падборамі вершаў 2020 года: Наста Кудасава, Крысціна Бандурына, Ганна Севярынец. З пераездам заўважна змяніўся нэймінг: выдаўцам у эміграцыі важна задэклараваць прывязку да Беларусі.
Множацца і кніжныя пляцоўкі па-за Беларуссю. Адкрылася дзіцячая кнігарня “Гартайка” ў Вільні, у тэставым рэжыме працуе кнігарня ў Цэнтры беларускай салідарнасці (Варшава). Выданні на беларускай мове таксама можна купіць на партале allegro.pl, але ў цэлым пытанне дастаўкі за мяжу папяровых кніг, выдадзеных у Беларусі і наадварот, – дасюль цяжка вырашальнае. Кніганоша было літаратурным словам 2022 года і, несумненна, застанецца ў нашым актыўным слоўнікавым запасе ў 2023-м.
Адметна, што апроч вышэй апісаных звыклых фарматаў ствараюцца інстытуты досыць новыя для нашага літаратурнага поля. У студзені ў Варшаве адбыўся арганізацыйны сход Інстытуту беларускай кнігі. Структура, пра якую казалі даўно і якую беспаспяхова спрабавалі запусціць некалькі гадоў таму ў Беларусі, ствараецца пры ўдзеле шырокага кола людзей, неабыякавых да лёсу нашай кнігі.
Адрозны паводле сваёй сутнасці ад выдавецтва або аб’яднання літаратараў, новы інстытут бачыць сваімі задачамі прасоўванне беларускай кнігі і падтрыманне беларускага кніжнага асяроддзя ў Беларусі ды за яе межамі. Адкрытая ўсяму свету праз Zoom-фармат сустрэча падала шмат цікавінак. Cамай абнадзейвальнаю з якіх ёсць імпэт і жаданне менеджараў культуры ўва ўсім свеце прасоўваць кнігі ў аўдыяфармаце і ў электронных версіях (хоць распаўсюд беларускіх электронак, які ні дзіўна, не такі лёгкі працэс для беларусаў).
Яшчэ з новых (або забытых старых) фарматаў варта згадаць праект “Беларускія магістраты”, афіліяваны з Беларускаю Радаю культуры. Да болю нагадваючы колішнюю краўдфандынг-платформу “Талака”, праект працуе паводле падкрэслена супольнаснага прынцыпу, калі вакол пэўнай ініцыятывы на пэўны час ствараецца кола мецэнатаў. На сёння адзін дзейны магістрат на платформе падтрымлівае акурат выдавецтва “Кнігаўка”. Праект цікавы таксама распачатым маніторынгам культурніцкіх ініцыятываў беларускага замежжа, дзе зручна праглядаць інфармацыю ў тым ліку пра кніжныя падзеі.
Кнігавыданне – выдатна, але што на працоўным стале ў літаратараў? Выглядае, што вайна ва Украіне, якая ганебным чынам закранула і Беларусь, паслужыла дэматывацыйным фактарам для паэтычнай творчасці. Мы бачым зусім няшмат публікацыяў у сацыяльных сетках, вобмаль новых падбораў.
Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў параўнанні з 2020 годам, які выклікаў магутную паэтычную рэфлексію ў супольнасці тых, хто піша. Своеасаблівым паказнікам можа служыць традыцыйны 15-ы Фэст аднаго вершу, дзе абіраюць найлепшы калядны або навагодні паэтычны твор. Сёлета ён меў характэрную назву “У катакомбах”. У параўнанні з 2022 і 2021 гадамі, калі на разгляд журы даслалі больш за 80 вершаў, у дзень дэдлайну – 31 студзеня – у суполцы конкурсу іх апублікавалі амаль удвая менш. Вынікі падвядуць у лютым.
Трэба спадзявацца, што хоць бы празаікі паціху рыхтуюць для нас нешта грунтоўнае, але анонсаў нейкіх асаблівых пакуль не відаць. Бо праз відавочныя асаблівасці медыйнага поля (зачыстка ўнутры і недафармаванасць звонку) пра новыя кнігі беларусаў даводзіцца дазнавацца толькі пасля іх выхаду.
Найважнейшыя падзеі сезону
17 лістапада 11-ы раз уручылі Прэмію Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску. Другі раз запар цырымонія прайшла ў Варшаве. У поўным спісе, праз неспрыяльны для літаратуры час, фігуравалі ўсяго два дзясяткі пазіцыяў. Першым прызам уганаравалі гістарычна-ўрбаністычную кнігу Сяргея Абламейкі “Невядомы Менск. Гісторыя знікнення”. (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021). Як выявілася, для пэўнага кола інтэлектуалаў аднаўленне Менскага старога гораду – гэта ўжо не мара, а мэта.
Трымаючы планку, зададзеную ў папярэднія гады, “Гедройць”, здаецца, амаль пазбыўся звычайных для яго калісьці скандалаў і сварак, ператварыўшыся ў добрую звычку і ўлюбёную традыцыю. Гэтак, сябра журы Сяргей Дубавец назваў прэмію “творам, які ўдалося захаваць на чужыне”. На жаль, пра некаторыя іншыя незалежныя літаратурныя прэміі такога сказаць нельга: сёлета гэтак і не былі абвешчаныя прэмія Цёткі за дзіцячую літаратуру, прэмія “Дэбют”, прэмія Карласа Шэрмана за мастацкія пераклады. Імаверна, гэта звязана з разгромам у кастрычніку важнага партнёра айчыннага прэміяльнага працэсу – фонду “Вяртанне”.
24–27 лістапада стэнд незалежных выдаўцоў Беларусі працаваў на Кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве. Хочацца пажартаваць (гл. таксама вынікі “Гедройця”), што харошая беларуская кніга – гэта гістарычная кніга. Але ж кідаецца ў вочы некаторы нефармат удзелу разнастайных беларускіх аўтарак і аўтараў на спецыялізаванай выставе. Праект аднак варты пахвалы за гатовасць выкарыстоўваць любыя магчымасці супрацы, каб выходзіць да чытача ў новых умовах.
Іншую структуру, пасля пэўнага каляднага зацішша, меў Фестываль беларускай культуры ў Кракаве, дзе 21–23 студзеня працаваў трохдзённы кніжны кірмаш, цалкам прысвечаны беларускай кнізе, але ўжо з дадаткам някніжных актыўнасцяў.
Высновы і прагнозы
У параўнанні з 2022 годам у гэтым сезоне істотных зменаў літаратурнага ландшафту не назіралася. Бадай што ўсё сказанае летась можна было паўтарыць у студзені. Для беларускай культуры ў цэлым, як і для літаратуры, трывае “матч-пойнт”: мы не ведаем, якія вонкавыя абставіны прымусяць літаратурнае поле трансфармавацца чарговы раз.
Але ў цэлым можна зазначыць, што спалучанае агульнымі каштоўнасцямі асяроддзе, якое рухаюць адданыя справе прафесіяналы, здольнае развівацца і прасоўваць свой парадак дня. Незалежна ад гістарычных страсенняў, якія адбываюцца тутака і цяперака.
Кіно: свае сярод сваіх
Асноўныя трэнды сезону:
- Беларускае кіно працягвае расшчапляцца і палярызавацца.
- Кінапрацэс хістаецца паміж афіцыйным і пазадзяржаўным кіно.
- Узмацнілася застарэлая праблема супольнасці / “міжсабойчыкавасці”.
- Ідзе неасэнсаваная барацьба за вобраз Мінску.
Пачнем з канца. 1 лютага абвесцілі стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі – інстытуцыі, якая мусіць прасоўваць інтарэсы творцаў незалежнага беларускага кіно, у тым ліку на міжнародных пляцоўках. Увесь наступны тэкст можна лічыць адказам на пытанне, чаму заснаванне кінаакадэміі – крок заканамерны, амбівалентны і, здаецца, немінучы.
Праблемы незалежнасці
Такога нуднага і адказнага працэсу як інстытуцыялізацыя беларускае кіно пазбягала заўсёды. Немалую ролю ў тым адыграла цэнтралізацыя і бюракратызацыя кіно: сістэма заточаная пад манапольнасць і марнасць ініцыятываў. Але цяпер, каб застацца на месцы, трэба бегчы ўдвая хутчэй – для элементарнага самазахавання.
Слоўца “незалежная” ў назве кінаакадэміі падказвае, што ў аб’яднанні заклалі адразу і раз’яднанне, нагадвае пра залежных. Найменні ў беларускім кіно і раней не асабліва апісвалі сітуацыі. Цяпер да таго ж усе яны азначаюць трошку іншае, чымся раней.
Змянілася найперш аснова, ад якой не залежаць незалежныя: пасля пратэстаў і пачатку вайны гэта злачынны рэжым. Тым часам, праўда, незалежнае кіно пачало пакрысе ператварацца ў эмігранцкае і прыкладае шмат высілкаў, каб супрацьстаяць гэтаму ці хаця б каб звацца інакш. Іншыя незалежныя прыпынілі дзейнасць і засталіся без магчымасцяў увогуле здымаць кіно (і гэты статус таксама патрабуе новага слоўца).
Залежныя значна разрэдзіліся, але сталі залежаць татальна. І больш ніякага ўзаемадзеяння, якое раней было звычайнаю справай і для найнезалежнейшых з незалежных. Беларускае кіно перажывае распад знаёмага ўладкавання і намагаецца зафіксавацца, перазбіраючы найменні. Цяжка.
Павіншаваўшы незалежных кінематаграфістаў з Днём кіно, свайго ўнёску да міфалагізацыі гэтай часткі супольнасці дадала Святлана Ціханоўская (і, вядома, падзел падмацавала). Сярод іншага спадарыня Святлана сказала: “Беларускага кіно павінна быць болей. Як у Беларусі, дзе сёння цэнзура не дазваляе з’яўляцца новаму, так і ўва ўсім свеце!”
Калі вы не ў курсе, вызначэнне, што ёсць беларускім кіно і ці можа звацца беларускім кіно, фінансаванае іншаю краінай і знятае ў іншай краіне грамадзянамі іншай краіны, заўсёды было трыгерам для супольнасці і дасюль абмяркоўваецца. Запомнім прапанаваны адказ: беларускім лічыць усё. Паглядзім, як будзе цягам года – двух.
Гэтая ўтульная лаяльнасць
Мы жывем у дзіўны час, калі рэчаіснасць – сама сабе метафара. Да Дня беларускага кіно на студыю завітаў Следчы камітэт, абазначыўшы тым, што галоўная задача кіно – не кіно, а лаяльнасць. Тут не здзівілі.
Лаяльную павестку сёлета аддана адпрацаваў кінафестываль “Лістапад” і стаўся прыкладам таго, у які бок лаяльнасць, некампетэнтнасць ды імкненне не атрымаць па шапцы рухаюць культуру: пакуль атрымліваецца, што ў бок прапаганды, рэсентыменту і зачысткі беларускай культуры.
Чароўным чынам у не надта разумнай фестывальнай праграме аказаліся ўсяго 4 беларускія фільмы – і тыя анімацыйныя. Быў пазначаны і Дзень беларускага кіно (так, мы дажылі да дня, калі ў праграме беларускага кінафэсту на беларускае кіно вылучаюць асобны дзень – дарэчы, Дзень таджыкскага кіно таксама быў, ага). Віншуем з гэтым неймаверным вынікам.
Кампенсавалі пустэчу пафасам і сеансамі савецкіх стужак. У тэлеграм-канале кінафэсту як помнік засталося дзіўнаватае пастановачнае відэа пра чаргу на дзённы сеанс савецкага дзіцячага фільму “Зімародак” у Слуцку. Яно мусіць сведчыць пра нарэшце задаволеную тугу па савецкіх культурных каштоўнасцях – і, вядома, пра лаяльнасць гледачоў да ўсіх вышэй стаячых органаў, якія могуць да іх прыйсці. Пачакаем: наперадзе – “Мы адзіныя”.
Свае, чужыя, іншыя
На гэтым фоне фестывалі “Паўночнае ззянне” і “Bulbamovie” выглядаюць працягам вымушанай працы для расшчаплення: спробамі выцягнуць кіно з мемарыяльна-бюракратычнай рамкі.
Варшаўскі “Bulbamovie”, які летась быў фестывалем не згодных з гвалтам кінематаграфістаў, сёлета ператварыўся ў офлайн-пляцоўку для дыяспары. “Паўночнае ззянне” абвесціла сваёй задачай яднанне рассяроджанай аўдыторыі і зладзіла онлайн-паказы, карысныя найперш тым, што сёе-тое здолелі паглядзець гледачы ў Беларусі, увогуле пазбаўленыя беларускага кіно.
Праграмы абодвух фэстаў зміксавалі фільмы рознага часу. Па іх можна заўважыць, што час між іншым змяніўся: фільмы, прысвечаныя пратэстам, яшчэ ідуць, але ўжо перакрываюцца іншаю плынню фільмаў, створаных ці завершаных у эміграцыі, калі пратэставая тэма пакінула парадак дня. Мы ў тым пункце, дзе яны судакранаюцца, але хутка ўжо яго мінем.
Пакуль жа сюррэалістычны постдок “Мара”, своеасаблівы цьмяны ўспамін аб пратэстах з цяперашняга часу, стаіць у праграме побач з неабгрунтаванаю падлеткаваю драмаю “Лета 1989” (пра канікулярную гісторыю 1989-га, так). Док “Калі кветкі не маўчаць”, засяроджаны на сведчанні пратэстаў, – з замкнёным на сабе канструктам “Спатканне ў Мінску” пра постпратэставы Мінск. Той самы “Кураж” Аляксея Палуяна – з новым фільмам Андрэя Куцілы “Вадохрышча”, знятым ужо па ад’ездзе з Беларусі.
У такім міксе пратэставых і пазапратэставых фільмаў варта не згубіць аднаго, які не абслугоўвае ні той, ні другой плыні: док “І зноў Беларусь” у праграме “Bulbamovie” падпісаны імем Іван Фёдараў і адзіны прысвечаны кейсу з мігрантамі, які мінуў для кіно незаўважаным, бо трапіў у прамежак паміж постпратэставым тэрорам і вайною ва Украіне.
Акрамя ўласна фізічнай небяспекі здымаць мігрантаў, была яшчэ адна, менш заўважная, але, можа, і важнейшая прычына, чаму кіно прафукала тыя падзеі: яно, здаецца, даўно адвыкла ад працы з Іншым, якога ў тутэйшым кінасусвеце і не існуе ўжо. Падзел на сваіх і чужых такі ўжо непранікальны і прынцыповы, што позірк на Іншага сам па сабе думказлачынства, пагатоў калі той Іншы – з чужога лагеру.
Пакуль супольнасць раз’яднаная як ніколі і спрабуе сяк-так салідарызавацца праз вышукванне калабарантаў і вылучэнне залежных, “І зноў Беларусь” добра падсвечвае маштаб той прасторы, якая застаецца па-за ўвагаю кіно праз тое расшчапленне.
Але ж ёсць у кіно і іншая цяжкая, малавырашальная задача, звязаная са сваімі і чужымі: захаваць культурніцкую прысутнасць, хаця б сімвалічную, ва Украіне. Дзякуючы фэсту “1084. На мяжы”, які ў канцы года ладзіла беларуская праваабарончая арганізацыя “Звяно” ў Кіеве і Львове, а пасля онлайн, тая задача памалу развязваецца. Рабіць працу, якая вымагае вялікіх супольных высілкаў, ізноў даводзіцца добраахвотнікам-адзіночкам. Гэтак беларускае кіно рабіла заўсёды. Але ж ці не для таго стваралі кінаакадэмію, каб нарэшце пачаць па-іншаму?
Бітва за Мінск
Спачатку на “Лістападзе” не з’явіўся ігравы фільм “Гэта я, Мінск”, які здымалі на “Беларусьфільме” Андрэй Грынько і Дзмітрый Дзядок, хаця намеры паказаць яго ціхенька агучваліся. Пасля гэтага фільму не паказалі на фэсце “Bulbamovie”, зняўшы з праграмынапярэдадні адкрыцця.
На тым жа “Bulbamovie” і яшчэ крышку раней онлайн беларусы моцна апякліся аб фільм “Minsk” Барыса Гуца, дурнаватую эксплуатацыйную рэканструкцыю пратэстаў “у Мінску”.
Не пакідае цьмянае “ашчушчэніе”, што гэта часткі аднаго схаванага і неўсвядомленага працэсу – кіношнай бітвы за Мінск. Вобраз Мінску, падаецца, будзе найбліжэйшым часам маркерам, які вызначае якасць фільму, глядацкае стаўленне да яго і ўвогуле кірунак, у якім рушыць кіно.
Да гэтае бітвы спрычыніліся стужка Мікіты Лаўрэцкага “Спатканне ў Мінску” (так-так, з наўмыснай эксплуатацыяй адразу ў назве), дзе папратэставы Мінск існуе як кароткі шпацыр у цемры да метро ў канцы доўгай герметычнай гульні ў більярд; і фільм “Апошняе лета” Ігара Чышчэні, дзе Мінск паўстае дужа канкрэтнай, абжытаю падлеткамі прастораю на Каменнай Горцы.
Падаецца нядзіўным, што на “Паўночным ззянні” ўганаравалі фільм “Мара”, які фіксуе пратэсты ў Мінску. Дый офлайн-паказы “Куража” на “Bulbamovie” і “Калі кветкі не маўчаць” на “Паўночным ззянні” – таксама часткі вялікай бітвы за Мінск, якая далей, імаверна, пяройдзе ў “рэканструкцыю Мінску”.
Першым гэты новы трэнд адчуў і хуценька скарыстаў Мікіта Лаўрэцкі, зняўшы ў Берліне TikTok-серыял “Забойства на Алібегава”, адметны найперш гэтым мінскім тэгам адразу ў назве. Наперадзе – поўнаметражны дэбют Мары Тамковіч “Прамы эфір” як рэканструкцыя гісторыі Кацярыны Андрэевай і мінскіх падзеяў. Маем чакаць яшчэ колькі ўдалых ці не вельмі адбудоваў Мінску з замежных лакацыяў.
Адзінае, у чым можна быць упэўненымі, – што залежнае (лепш казаць бюракратычнае) кіно зробіць усё, каб пазбегнуць вобразу Мінску – ды ўвогуле вобразу “ў краіне”. Яно ўжо парадавала нас ніякім навагоднім фільмам “Аліўе”, дзеянне якога адбываецца ў кватэры на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве (беларусы нават у супрацы з расейцамі яшчэ бадай ніколі не дазвалялі сабе настолькі блізкія да Крамля канатацыі і такую адсутнасць беларускіх кодаў).
Можна больш не радаваць, гэтага досыць, дзякуй.
І зноў пра сваіх і сваіх
У пачатку года “Летапіс”, студыя дакументальнага кіно “Беларусьфільму”, ўчыніла прэм’еру – і нават з аншлагам: паказала ў Мінску (!) новы док Галіны Адамовіч “Аніма” пра беларускую анімацыю. Адметным фільм стаўся больш не офлайн-прэм’ерай і не нудным аповедам пра аніматараў, а тою “міжсабойчыкавасцю”, якой цяпер, падзяліўшыся нанова на сваіх і чужых, кіно адолець ужо не дасць рады. Маем што маем: беларуская анімацыя ў фільме зведзеная да цяперашніх, “жывых”, як сказала рэжысёрка, працаўнікоў анімацыйнай студыі “Беларусьфільму”.
Тое, што на прэм’еру прыйшло шмат нестудыйных аніматараў, якія праз “неўваходжанне ў сістэму” сядзяць без рэсурсаў і без магчымасці ствараць “несамадзейнае” кіно, дадало сеансу вастрыні. Міфалагізацыя адных пры замоўчванні іншых, абслугоўванне сваіх без згадвання чужых, стварэнне афіцыйнай гісторыі і выцясненне ўсяго, што не ўпісваецца… Стужка добра патрапіла ў працэс расшчаплення кіно. Лаяльным гледачам усё роўна, а пазасістэмных, чужых беларускіх аніматараў у зале ніхто і не пытаў.
Замест высноваў
Беларускае кіно ўткнулася ў вялікую працу: пераасэнсаваць старыя паняцці, пераналадзіць разбураныя сувязі. Ясна, нікому не хочацца тым займацца. Стварэнне інстытуцыяў не толькі спосаб пачаць гэта рабіць, але і спосаб гэтым занадта не абцяжарвацца. Таму варта чакаць, што кіно інерцыйна дасягне новай раўнавагі, скіне з сябе непрыемныя задачы кшталту пошуку пунктаў судакранання ўсіх сваіх з усімі чужымі і застанецца выразна падзеленым.
Задача паказаць беларускае кіно ў Беларусі знікне як неактуальная і невырашальная. Выжывуць ізноў адзіночкі, прапанаваўшы мэсіджы і вобразы, якія па сілах выразіць самому.
І абсалютна дакладна нас чакаюць “Мы адзіныя”.
Беларускі тэатр: назад у мінулае
Асноўныя трэнды сезону:
- У беларускай тэатральнай прасторы трываюць рэпрэсіі: звальненні або адхіленне ад працы творцаў, закрыццё незалежных пляцовак, змена дырэктарскага корпусу. Публічная матывацыя ў такіх рашэннях адсутнічае, нават публічная лаяльнасць не гарантуе захавання працоўнага месца.
- У дзяржаўнай палітыцы назіраецца няўхільнае вяртанне ў мінулае – як у простым сэнсе (узнагароджванне на бабруйскім фестывалі спектакляў, пастаўленых некалькі дзесяцігоддзяў таму), гэтак і ў пераносным. Сярод апошняга – ігнараванне аўтарскага права, калісьці таксама ўласцівае СССР, і паказы падпольных спектакляў.
- Культура ўвогуле і тэатр у прыватнасці працягваюць займаць другараднае значэнне ў сістэме каштоўнасцяў беларускай дзяржавы: на 2023 год на культуру выдаткавалі ўсяго 0,5% бюджэту.
- Адно з найбольш дыскусійных і спрэчных пытанняў у беларускай тэатральнай прасторы – праца айчынных творцаў у расійскай культурніцкай індустрыі падчас вайны.
- Айчынныя калектывы за мяжою ладзяць новыя прэм’еры. Team theatre сфармаваў рэпертуар з чатырох спектакляў. “Купалаўцы” сваёй пастаноўкаю “Рамантычнасць” у пэўнай ступені вярнуліся да традыцыяў старога, дарэвалюцыйнага Купалаўскага, што ўспрымаецца як частка рэтраперазагрузкі калектыву.
Звальненні і змена дырэктарскага корпусу
“У тэатральнай сферы працягваюцца звальненні”. Тыповая фраза, якая, аднак, рызыкуе стаць звыклаю цягам найбліжэйшых аглядаў. Гэтым разам пасаду страціў загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатру Сяргей Чыгрын, які адпрацаваў у калектыве 32 гады.
Адхілілі ад працы дырыжора Алега Лесуна. Ён ужо чацвёрты маэстра, які не можа весці спектакляў у Оперным. Дасюль звольнілі Вячаслава Чарнуху-Воліча, потым Андрэя Галанава ды Івана Касцяхіна. Дарэчы, першы з іх разам з калектывам Адэскага тэатру оперы і балету (Чарнуха-Воліч – галоўны дырыжор гэтага калектыву) атрымаў оперны “Оскар” – прэмію International Opera Awards. Падстава – паказ спектакляў і нават рыхтаванне прэм’еры ва ўмовах вайны. Гэта ўзнагарода найлепш паказвае, якога ўзроўню прафесіянала страціў беларускі тэатр.
Кадравыя змены закранулі і кіраўнікоў: у шэрагу калектываў змяніліся дырэктары. У мінулым аглядзе мы згадвалі сыход Яўгена Клімакова, харызматычнага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. У снежні стала вядома, што да яго далучыцца дырэктарка Гомельскага моладзевага тэатру Алена Маставенка, якая ўзначальвала калектыў з 2017 года – ёй не працягнулі кантракту.
За гэты час Алена зрабіла тэатр заўважным у Беларусі, пры ёй у калектыве ставілі рэжысёры Юра Дзівакоў і Віталь Краўчанка (апошні пэўны час працаваў тут мастацкім кіраўніком пасля вымушанага сыходу з Купалаўскага). Рэпертуар быў небанальны і адрозніваўся ад шэрагу іншых рэгіянальных тэатраў: у Гомлі былі прэзентаваныя спектаклі паводле п’есаў вядомага ірландскага драматурга Марціна МакДона і ягонага калегі з Нямеччыны Мар’юса фон Маенбурга.
Змяніўся дырэктар і ў мінскім Новым драматычным тэатры. Праўда, сумаваць не выпадае. З 1998 года на гэтай пасадзе быў Васіль Марцецкі. Менавіта ён у свой час забараняў спектакль Юры Дзівакова “Клоп”. Звальняў актораў і працаўнікоў тэатру (усяго 15 чалавек), якія спрабавалі баставаць у 2020-м. Але пасля звальнення ягонае прозвішча імгненна знікла з сайту калектыву: не засталося ніводнай згадкі.
Новым дырэктарам стаўся Руслан Сафонаў, які ўзначальваў Магілёўскі музычны каледж імя Рымскага-Корсакава.
Яшчэ адна змена дырэктара сталася вымушанай. Прычына – смерць дырэктара мінскага Моладзевага тэатру Віктара Старавойтава. На пасадзе быў з 1999 года. За гэты час тэатр ператварыўся ў пляцоўку для амаль бесперапыннага паказу камедыяў, калі цяжка было знайсці розніцу паміж дзяржаўным калектывам і антрэпрызаю.
Адначасова ў Мінску стала яшчэ менш пляцовак. У канцы года закрыўся Hide, дзе да 2020-га ўключана паказвалі незалежныя спектаклі (напрыклад, “Застацца нельга з’ехаць” рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага). Працягваецца эпапея з культаваю пляцоўкаю Ok16. Яе выставілі на продаж – папярэдняя інфармацыя пра адкрыццё супермаркету не спраўдзілася. Але гандляванні не адбыліся, таму будучыня Ok16, як, зрэшты, і незалежнага тэатру ў самой Беларусі, застаецца невядомаю.
Вяртанне ў мінулае – у 1990-я і СССР
Месца беларускага тэатру ў часе выразна акрэсліваюць вынікі чарговага фестывалю беларускай драматургіі, які падвялі ў Бабруйску. Пераможцам у намінацыі “Найлепшая сцэнаграфія” стаў Барыс Герлаван за пастаноўку “Чорная панна Нясвіжу”. Твор славутага мастака, вядома, варты ўвагі, вось толькі паставілі спектакль у 2000 годзе. На тым жа фестывалі актор Аляксандр Кашпераў атрымаў спецдыплом за ролю купца Япішкіна. Аднак прэм’ера “Тэатру купца Япішкіна” ў Тэатры-студыі кінаактора адбылася яшчэ раней, у 1993-м.
Такія афіцыйныя вынікі яскрава сведчаць пра агульную скіраванасць у мінулае.
Іншыя прызы аказаліся прадвызначанымі. У адным з мінулых аглядаў мы пісалі: “Можна з упэўненасцю прагназаваць, што пастаноўкі паводле Быкава стануць аднымі з фаварытаў чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэта стане адною з праяваў абясцэньвання ўзнагародаў, якая імкліва адбываецца цяпер”. У якасці прыкладу прыводзіўся спектакль “Альпы. Сорак першы” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава. Яго паставіла ў Тэатры юнага гледача Таццяна Самбук. Чакаць Нацпрэміі, якая яшчэ не пачалася, не спатрэбілася: Самбук атрымала ў Бабруйску прыз за найлепшую рэжысуру.
Вяртанне ў мінулае – нават не ў 1990-я, а ў СССР – праявілася і ў падыходзе да аўтарскага права. 6 студзеня з’явіўся Закон аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Ён дазволіў выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёпраграмы, праграмнае забеспячэнне з “недружалюбных” краінаў без дазволу праваўладальніка (фактычна пірацкім спосабам). Але ігнараванне аўтарскага права ў сферы тэатру працавала і раней. Перад новым годам Камерны драматычны тэатр пад кіраўніцтвам Наталлі Башавай паказаў спектакль “Гары Потэр і ледзяны крыжраж”. У Еўропе на яго падалі б у суд за выкарыстанне без дазволу назвы і вобразаў у афішы, прымусілі б плаціць штраф. Чакаць гэтага ў Беларусі не выпадае.
Трагедыяй для беларускай культуры сталася заўчасная смерць крытыка Аляксея Стрэльнікава. Тэатральны Дон Кіхот, адзін з рыцараў беларускага тэатру, ён не быў класічным тэатразнаўцам, каго ў большай ступені цікавіў канчатковы вынік: спектакль, яго мастацкае значэнне і месца ў сістэме каардынатаў. Стрэльнікаў быў крытыкам, а яшчэ педагогам, матыватарам, менеджарам, якому падабалася прасоўваць спектаклі і праекты, зводзіць у агульнай прасторы людзей. Без яго айчынны тэатр быў бы іншы.
Застаючыся да сваіх апошніх дзён у Мінску, Стрэльнікаў іграў спектаклі-кватэрнікі. Публічна яны не анансаваліся, бо выступленні без атрымання гастрольных пасведчанняў у Беларусі забароненыя. Застаецца толькі здагадвацца, колькі ладзіцца такіх паказаў. А таксама спадзявацца, што хтосьці з іх удзельнікаў ці стваральнікаў нейкім чынам зафіксуе свае ўражанні. Іначай яны рызыкуюць назаўжды застацца невядомымі.
Агулам жа стаўленне дзяржавы да культуры найбольш праяўляецца ў наступнай лічбе: усяго 0,5 % бюджэту на наступны год складуць выдаткі на культуру. Відавочна, што беларускія тэатры – магчыма, за выключэннем Опернага, – як і мінулымі гадамі, будуць фінансавацца паводле рэшткавага прынцыпу.
Рэтраперазагрузка “Купалаўцаў”
У лістападзе і снежні працягнулі сваю працу беларускія трупы за мяжою. “Купалаўцы” парадавалі чытаннямі трох п’есаў, а таксама дзвюма прэм’ерамі.
Адною з іх сталася бандыцкая камедыя “Сфагнум” паводле аднайменнага раману Віктара Марціновіча. На падставе гісторыі пра трох бандзюганаў-маладзёнаў, якія вымушаныя залегчы на дно ў адной з беларускіх вёсак, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў ставіць спектакль у рэчышчы псіхалагічнага тэатру (з лёгкімі містычнымі адценнямі). У гэтай пастаноўцы да “Купалаўцаў” пасля пэўнага перапынку вярнуўся актор Аляксандр Казела, які стаўся зоркаю “Сфагнуму”. Створаны ім вобраз Серага – праца найвышэйшага пілатажу. Адно задавальненне назіраць, як актор адыгрывае рэплікі партнёраў, гнуткаю пластыкаю перадае зменлівы характар свайго героя.
Але першаю прэм’ераю была “Рамантычнасць”, якую ўпершыню паказалі офлайн у Варшаве ў кастрычніку 2022-га (онлайн – у наступным месяцы). У ёй адбылося своеасаблівае вяртанне да старога Купалаўскага: гэтая пастаноўка цудоўна ўпісалася б у яго звыклы рэпертуар. Аснова – нацыянальная класіка, якая актуалізуецца і вяртаецца да масавага гледача (гаворка пра творчасць Адама Міцкевіча). Стыльная і – у адрозненне ад папярэдніх – нябедная сцэнаграфія рыфмуецца з пастаноўкамі канца 2010-х. Рэжысёр Мікалай Пінігін стварае стылістычны вытрыманы, лёгкі асветніцкі спектакль.
У 2019-м “Рамантычнасць”, бадай, успрымалася б як трохі прадказальны праект, бо побач буялі эксперыментальныя пастаноўкі. Цяпер уся гэта сфера разбураная. Таму спектакль глядзіцца як кранальнае прывітанне з 2010-х і своеасаблівы сеанс псіхатэрапіі. Менавіта гэтага чакае масавая аўдыторыя, а таксама сталыя купалаўскія гледачы. Праблема можа ўзнікнуць у далёкай перспектыве, бо “Купалаўцы” вяртаюцца ў звыклую сістэму каардынатаў, якой не захочацца змяняць. А таму шанец на перазагрузку, які ўзнік у 2020-м, будзе, магчыма, страчаны.
Такая пастаноўка выглядала як першая цаглінка для рэтраперазагрузкі тэатру і магчымага стварэння сталай пляцоўкі ў Варшаве. Апошняга, аднак, пакуль не адбылося. Як пазней, у пачатку лютага 2023-га, прызнаўся ў інтэрв’ю актор Алег Гарбуз, іхная каманда ўсяго адзін раз адыграла “Сфагнум” (столькі ж – “Дзяды”, адзін з мінулагодніх спектакляў), а пасля прэм’еры апошняга паўтара месяца не мела ні паказаў, ні новых рэпетыцыяў. Адна з прычынаў, бадай, у тым, што “Купалаўцы” гэтак юрыдычна і не зарэгістраваліся ў Польшчы. Як вынік атрымліваем парадокс: маючы сфармаваны рэпертуар і цікавасць гледачоў, “Купалаўцы” не маюць афішы і датаў паказаў.
Ад “How are you?” да “Замовы”
Сваю нішу ў айчыннай тэатральнай прасторы заняў Team theatre, які з Гомля перабазаваўся ў Варшаву ды імкнецца працягнуць працу з імерсійным тэатрам. Яго аснову склалі тры сужэнствы: да гомельцаў Андрэя ды Алесі Бардухаевых-Арловых, заснавальнікаў калектыву, далучыліся мінскія акторы, вымушаныя пакінуць дзяржаўныя тэатры: Дар’я і Андрэй Новікі, Марыя Пятровіч і Максім Шышко (апошнія трое – колішнія акторы Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі, Дар’я спявала ў хоры Опернага). Не маючы такога інфармацыйнага падтрымання, як “Купалаўцы”, яны тым не менш стварылі як уласны рэпертуар, гэтак і афішу.
Цягам 2022 года ў іх адбыліся 4 прэм’еры: “How are you?” (у траўні), “Верасовы мёд” (у чэрвені), “Замова” (у лістападзе) і дзіцячы спектакль “Музей Чароўнай Беларусі, ці Шукаем Зюзю разам” (у снежні). Паказы адбываюцца на пляцоўцы мясцовага калектыву “TR Warszawa” і ў згаданым Музеі вольнай Беларусі. Трупа мае сайт, якога, на жаль, чамусьці пакуль не распрацавалі “Купалаўцы”.
Найбольшую цікавасць уяўляюць тры першыя, “дарослыя” спектаклі.
“How are you?” – чытанне п’есы-вэрбатыму Віталя Карабаня, прысвечанай вайне ва Украіне (рэжысёр – Андрэй Новік). У творы – чацвёра герояў: беларус, які ўцёк сюды ад рэпрэсіяў; мясцовы жыхар, які з’язджае з дзяўчынай на захад Украіны; жанчына, якая пакідае ў Вінніцы бабулю і перабіраецца да сястры ў Нямеччыну; расеец, прыхільнік Пуціна і “русского мира”. Першыя два героі перыядычна стасуюцца паміж сабой, але наагул сувязяў паміж астатнімі “спікерамі” амаль няма, перад намі – маналогі, якія ідуць праз разбіўкі.
Тэхналагічна пераключэнні адбываюцца праз лямпы, што па чарзе ўлучаюць героі на сваіх століках – за апошнімі яны стаяць увесь спектакль. Праўда, спачатку акторы ўзаемадзейнічаюць з аўдыторыяй: запускаюць гледачоў у пакой нібыта ўцекачоў, прапаноўваючы ім ваду. Сваю галоўную задачу чытанне выконвае: дапамагае зафіксаваць падзеі, а таксама настроі ды светапогляд тыповых удзельнікаў і ахвяраў канфлікту.
Арыгінал “Верасовага мёду” – балада, напісаная ў канцы ХIХ стагоддзя Робэртам Луісам Стывэнсанам (рэжысёр – Андрэй Бардухаеў-Арол). Невялікі аб’ёмам твор, з 11 васьмірадкоўяў, пераўвасоблены на беларускую мову Усеваладам Сцебуракам, становіцца асноваю для імерсійнага спектаклю. Яго гледачы атрымліваюць спецыяльныя маскі, што закрываюць вочы. Гэта стымулюе ўспрыманне гукаў, пахаў, а таксама цялесных кантактаў: тут і вада, і дым, і адчуванне ўласнаю скураю вяровак, што звязваюць герояў – жыхароў Брытаніі ІХ стагоддзя, якія захоўваюць таямніцу верасовага мёду коштам уласнага жыцця.
З дыстанцыі часу згаданыя два спектаклі ўспрымаюцца як першыя цаглінкі для пабудовы ўласнага рэпертуару. У параўнанні з імі больш тэхнічна складанаю падаецца пастаноўка “Замовы” (аўтар і рэжысёр – Максім Шышко, музыка Мікіты Залатара). Папярэднія спектаклі мелі лінейныя сюжэты, яны больш простыя ва ўспрыманні.
Здавалася б, сюжэт “Замоваў” дастаткова традыцыйны, у нечым гэта тыповы фальклорны спектакль, аснова якога – абрад. Але адначасова гэта візуальна прыгожая, са стыльна падабраным відэашэрагам пастаноўка, якой да таго ж уласцівыя яркія спевы Дар’і Новік – моцны вакал акторкі напоўніцу выкарыстоўваецца ўва ўсіх трох убачаных спектаклях. Асобныя эпізоды (як элементы абраду са шлюбнымі посцілкамі, а таксама з кальцавымі лямпамі) выглядаюць стыльна і нетрывіяльна. Адчуваецца відавочная спроба Максімам Шышком па-рэжысёрску пераасэнсаваць абрад.
Спрэчны кейс “Залатой маскі”
У лістападзе 2022 года стаў вядомы спіс намінантаў на “Залатую маску”, самую прэстыжную тэатральную прэмію Расіі. Нягледзячы на адмены спектакляў, што вылучаліся на прэмію, і агулам чорныя спісы, што з’явіліся ў гэтай краіне на прыкладзе Беларусі, альтэрнатывы ёй няма.
Сярод намінантаў сёлета аказаліся беларускія рэжысёры Ігар Казакоў і Аляксандр Янушкевіч, мастакі Таццяна Нерсісян і Зіновій Марголін. “Залатая маска” і раней прыцягвала беларусаў, сярод іх лаўрэатаў былі пералічаныя выбітныя асобы, зоркі айчыннага тэатру ды іхныя праекты, а таксама іншыя творцы (напрыклад, славуты рэжысёр Аляксей Ляляўскі). Але тое было да вайны. Цяпер жа намінацыя на расійскую прэмію раскалола тэатральную супольнасць. Натуральна, адзначаныя спектаклі ствараліся і выпускаліся яшчэ да ўварвання ва Украіну, дый калектывы не запытвалі згоды ў стваральнікаў пастановак. Аднак на пытанне, ці варта працаваць у расійскіх калектывах, адназначнага адказу няма.
Натуральна, галоўны ўдар справядліва прынялі на сябе прадстаўнікі поп-культуры: гаворка пра “Беларускіх песняроў”, якія напярэдадні Новага года засвяціліся ў імпрэзе “Голубой огонёк” з удзелам мясцовых прапагандыстаў. Беларускія тэатральныя творцы – гаворка як пра пералічаных, гэтак і пра актораў, якія працуюць у мясцовых тэатрах (напрыклад, пра колішніх купалаўцаў Івана Труса і Паўла Харланчука) – не дазволілі сабе ніводнага публічнага выказвання на падтрыманне вайны. Менавіта таму іх варта ўспрымаць не як вінаватых, а як закладнікаў сітуацыі.
У Беларусі яны працаваць не могуць (праз чорныя спісы) або прынцыпова не хочуць. Украінскі вектар стаўся немагчымы пасля пачатку вайны. З заходнееўрапейскімі калектывамі яны – акрамя Марголіна – пакуль не мелі досведу доўгіх стасункаў. А эмігранцкія тэатры толькі ўстаюць на ногі і не маюць патрэбнай колькасці вакансіяў, каб задаволіць усіх ахвочых. Застаецца Расія як вымушаная пляцоўка для збірання сілаў перад будучым вяртаннем у Беларусь.
Высновы
Беларускаму тэатру не прызвычайвацца быць закладнікам нутраных і вонкавых фактараў. Цягам мінулых дзесяцігоддзяў імі з’яўляліся мінімальная фінансавая дапамога з боку дзяржавы, адсутнасць умоваў для спрыяння з боку прыватнага бізнесу, праявы цэнзуры і самацэнзуры. У 2022 годзе да пераліку гэтых фактараў дадалася вайна.
Гісторыя з беларускімі “легіянерамі” ў Расіі сімвалічная, бо ў мініяцюры адлюстроўвае своеасаблівы тэатральны цугцванг – сітуацыю, калі любы ход вядзе да пагаршэння сітуацыі. Айчынны тэатр не са сваёй волі апынуўся ў закладніках палітычных рэаліяў і геапалітыкі. Цяпер на парадку дня стаіць яго выжыванне.
Поп & рок. Фрык-мэмы супраць крыку траўмаванага чалавека
Асноўныя трэнды сезону:
- Рэпрэсіі ўзмацняюцца. Цяпер музычны гурт можа стаць экстрэмісцкім фармаваннем, а за выкананне песні можна атрымаць крымінальную справу.
- Афіцыйная эстрада працуе на максімуме сваіх здольнасцяў. А гэта тур “Драздоў” і фрык-мэм пра беларускую жонку.
- Незалежная музыка: творцы пачалі рабіць якасць, і гэта выклікае стрыманы аптымізм.
- Масава зачыняюцца канцэртавыя пляцоўкі: няма варыянтаў нават у праўладных, а іншым проста не ўзгадняюць праграмы.
Тэрарысты з гітарамі: дазвол як рухавік прагрэсу
Упершыню ў сусветнай гісторыі музычны гурт прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта адбылося ў 2023 годзе ў Беларусі, і гэта амаль усё, што трэба ведаць пра стаўленне дзяржавы да вольнай творчасці. Музыкаў рагачоўскага гурта Tor Band арыштавалі, яны некалькі разоў запар атрымалі содні. Пасля з’явілася ўжо крымінальная справа, а сам гурт улады Беларусі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле якіх крытэраў гэта вызначалася, мы пакуль не ведаем, але пра сэнс крыміналізацыі і маргіналізацыі рок-музыкі можам паразважаць.
Экстрэмізм – гэта тое, як улада ўспрымае незалежную музыку ў стасунку да сябе. Яна ўспрымае толькі паслухмянае і цалкам падкантрольнае мастацтва, а ўсё астатняе лічыць непатрэбным, шкодным і нават небяспечным. І публічна транслюе гэта праз прызнанне правінцыйнага гурта радыкальным. Пануе звышупэўненасць у сваім жа страху перад іншадумствам, палітыка татальнага кэнсэлінгу і рэжым максімальнай зачысткі публічнай прасторы. Чыноўнікі намагаюцца перафарбаваць рэчаіснасць у патрэбныя колеры ды стварыць свой слоўнік і метады камунікацыі з творцамі. Музыкі – злодзеі з гітарамі ў руках. У гэтым кантэксце музычныя інструменты кваліфікуюцца як зброя, з дапамогай якой вырабляецца шкодная прадукцыя.
Пры гэтым кожны канцэрт – гэта тэрыторыя непрадказальнасці ў дзяржаве, дзе ўсё мусіць развівацца, згодна з зацверджанымі метадычкамі. У такіх абставінах прызнанне гурта экстрэмісцкім фармаваннем дадаткова легітымізуе барацьбу дзяржавы з іншадумствам і дае ёй магчымасць раздаваць прысуды за няправільна праспяваныя песні.
Яшчэ адзін варты нашай увагі прэцэдэнт: атрымала 3 гады “хатняй хіміі” беларуская спявачка Мерыем Герасіменка, якую затрымалі на мінскай вуліцы Зыбіцкай за выкананне песні ўкраінскага гурта “Океан Ельзи”. Гэта відавочны сігнал музыкам, якія застаюцца ў Беларусі і працягваюць там працаваць: песні мусяць гучаць толькі пасля ўзгаднення ў адпаведных інстанцыях. Татальная зачыстка працягваецца: адзін за адным у краіне затрымліваюць музыкаў ды іншых культурніцкіх дзеячаў, якім у выніку пагражае крымінальная справа. Дзяржава транслюе мэсідж “творца – злачынца”. Але для каго?
Падмена сэнсаў: ніадкуль, ні пра што, нідзе
З іншага боку, што можа прапанаваць беларуская афіцыйная ідэалогія наўзамен? Шчыльны двухмесячны тур па гарадах і вёсках краіны адбываецца ў гурта “Дразды”, які гастралюе з хітом “Хата бацькоў” і дэпутатам Тэнгізам Думбадзэ ў прыдатак. Поп-гурт балалаечніка Віталя Карпанава перажывае свой залаты час і збірае сотні тысяч праглядаў – і гэта хіба не адзіны легітымны беларускі калектыў, які можа сабе дазволіць выйсці за межы дзяржаўнага тэлебачання і рэальна сабраць аўдыторыю на канцэртах. Карпанаў нарэшце намацаў свой шлях пасля шэрагу эксперыментаў з публічным іміджам у выглядзе нюдсаў з гусямі і кволай імітацыі гурта “Ленінград”. У цяперашніх абставінах гурт “Дразды” хіба не найлепшы прыклад афіцыйнай культуры, бо ў астатнім дзяржаўная ідэалогія здольная нараджаць не сэнсы, а мэмы.
Свежы прыклад – трэк “Белорусская жена”, спеты ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання: мікс таннай самадзейнасці, гендарнага шавінізму і спарахнелых уяўленняў пра сямейныя каштоўнасці нібыта з эпохі палеаліту.
Калі не можаш сам, запрасі таго, хто можа. Даходзіць да абсурду: перамогу на беларускім тэлевізійным конкурсе кшталту “Алло, мы ищем таланты” атрымлівае… Іван Дзятлаў з Іванаўскай вобласці. Гэтак выглядае падтрымка мясцовых талентаў па-беларуску.
Дэфіцыт афіцыйных беларускіх выканаўцаў кампенсуюць расійскімі і расійска-ўкраінскімі. Гэтак, у снежні тры дні запар аншлаг у Палацы спорту збірала імітацыя непажаданай пасля выказванняў пра расійскую агрэсію Святланы Лабады пад творчым псеўданімам Anna Asti. Як бачым, канцэртавае жыццё працягваецца, але адбываецца зноў жа толькі на правераных і цалкам адпаведных дзяржаўнай ідэалогіі пляцоўках.
Але нават сувязі з дзяржаваю не гарантуюць уласніку спакойнага жыцця. Напрыклад, канцэртавая пляцоўка Prime Hall, што належыць праўладнаму тытунёваму магнату Тапузідысу, закрылася пасля скаргаў добразычліўцаў на шкодныя для ўладаў Беларусі імпрэзы. Ураборас у дзеянні – пул недатыкальных змяншаецца з кожным днём, а дэфармаванае ўяўленне пра тое, як функцыянуе культура, малюе перад намі оруэлаўскія сюжэты і практыкі. Цікавы час для даследнікаў-антраполагаў, але бязлітасны для творцаў.
Візавы белкульт: перасоўныя героі
Канцэртавая афіша, якую прапануюць беларусам у замежжы, куды больш разнастайная. У Літве адбыўся міні-тур гурта Gods Tower, але галоўнаю музычнаю краінаю для беларусаў застаецца Польшча: тут можна без праблемаў з лагістыкаю сабраць неблагі фестываль.
Калі раней свята беларускай музыкі адбывалася ў Польшчы раз на год недалёка ад мяжы, то цяпер праграма выглядае стабільна насычанаю. Вядомыя гурты – “Петля пристрастия”, “РСП”, Naviband, Volski, “Дай дарогу!”, “J:Mopс” – рэгулярна анансуюць канцэрты. Шмат хто з музыкаў выкарыстоўвае акустычны фармат, які, відавочна, больш мабільны ды эфектыўны з эканамічнага пункту гледжання. У маленькім бары з гітарай у руках можна заўважыць Уладзіміра Пугача ці Юрыя Стыльскага, Алеся Лютыча ці Змітра Вайцюшкевіча. Ёсць попыт. Але і для часткі мэтавай аўдыторыі ў Беларусі ёсць відавочная праблема: хочаш ін’екцыю свайго – спачатку атрымай візу.
Вынікі і падсумаванні: спяваць на вогнішчах
Падводзіць музычныя вынікі года было складана, бо частка якасных рэлізаў не трапіла ў інфармацыйную прастору: пошук, сістэматызацыя, ацэнка – усе гэтыя складнікі цяпер у зоне адказнасці юзэра, які хоча паглыбіцца ў беларускі музычны кантэкст.
Дыгерства зноў у трэндзе, але цяпер гэта і адзіны арыенцір для неафіта. Вось некалькі альбомаў канца мінулага года, якія варта вылучыць у фармаце “Best of the 2022”.
ske.in “Rove” – альбом як сімвал бясконцага падарожжа. Пярэсты і манахромны адначасова, прыгожы і сумны, блізкі і далёкі – выдатны эмбіент з нацыянальным каларытам.
“Приём!” – Бенька разам з Галяю Чыкіс запісалі магутны альбом-рэфлексію. Ніколі лірыка Святланы Бень не была настолькі моцнай і вобразнай, а музычны складнік стаў лепш суіснаваць з тэкставым з часу багемнай “Серебряной свадьбы”.
Па выніках года варта адзначыць і гурт “Союз” з рэлізам “Сила ветра”: мінскае трыа запісала вельмі цёплы і ўтульны альбом-рэспект лацінаамерыканскай музыцы 1970-х. Гэта гучыць вельмі незвычайна для ўсходнееўрапейскай традыцыі, але і вельмі прыгожа.
Да гэтага спісу можна дадаць імёны, якія ўвогуле не трапілі ў топы і рэйтынгі, але вартыя згадкі.
Найперш Name Killer Birchenson “Variablrs” – разняволены і багаты на яскравыя мелодыі і нестандартныя музычныя хады мікс мідўэст-эма, мат-року і панку па-беларуску. А да таго Sož “Apošnija tancory” – міні-альбом змрочнага і манатоннага пост-панку з экзістэнцыйнаю лірыкаю.
Цікава, што ўжо ў гэтым годзе цягам студзеня выйшла багата якаснага матэрыялу, з якога можна складаць асобны рэйтынг.
У першую чаргу гэта альбом гурта Syndrom samazvanca, створаны з аскепкаў досведу сусветнай музыкі. Але музыкі не гуляюцца з імі, а ствараюць уласны пазл з арт-року, псіхадэлікі і краўту, аздоблены харызматычнымі і трапнымі тэкстамі Уладзя Лянкевіча: часам з намі праз лірыку альбому “Vostraŭ skarhaŭ” размаўляе Бахарэвіч, а часам – таварыш маёр.
Ці яшчэ адзін цікавы альбом – “Пап” ад гурта “Чёрточка”. Гэта атмасферныя тэксты і калючы, няўтульны саўнд, каб падкрэсліць настрой. Тут паўстаюць цені змрочнага гораду, балючыя інтравертныя маналогі, метафізічная лірыка – усё разам працуе выдатна.
Адзначым: абодва альбомы запісалі музыкі, якія жывуць і працуюць у Беларусі, і гэта цудоўная ілюстрацыя жыццяздольнасці беларускай музыкі ды ўмення адаптавацца да ўмоваў татальнай забароны.
Дзве паралельныя рэчаіснасці: музыка па-за межамі Беларусі жыве ў live-рэжыме, музыка ў Беларусі – у студыйным фармаце. Каб сабраць паўнавартасную карціну музычнага жыцця, трэба добра разбірацца ў пазлах на тысячу аскепкаў і болей.
Высновы
Ціск на беларускіх музыкаў увесь час павялічваецца. Улады Беларусі б’юць рэкорды ў рэпрэсіях і намагаюцца іх легітымізаваць. Цяпер нязгодны творца – пад крымінальным пераследам. Ёсць два варыянты не трапіць пад раздачу: перастаць пісаць песні ці пагадзіцца з пастулатамі метадычкі.
Здольнасці афіцыйнай эстрады – у межах вытворчасці аднастайнага трэшу. Гэта не фрык-шоу, а галюцынацыя траўмаванай свядомасці. Мэтавая аўдыторыя гэтай творчасці міфічная і існуе хібы што на паперы.
Незалежная беларуская музыка працуе цяпер выключна са змрочнымі інтанацыямі і наратывамі. Гэта балючая рэфлексія незалежна ад жанравых складнікаў – ці то арт-панку, ці то шансону. Намацаць пазітыў у гэтых абставінах – невыканальная задача.
Пры гэтым беларуская музыка паволі выходзіць з рэжыму чакання і стварае новы слоўнік наратываў і сэнсаў: гэта крык траўмаванага чалавека, спроба звярнуць на сябе ўвагу праз тэрапеўтычныя маналогі і жменьку цнатлівай самаіроніі.
Беларускае мастацтва: пераасэнсаванне творчасці
Асноўныя трэнды сезону:
- Трывае пераслед беларускіх мастакоў, Алесь Пушкін дасюль за кратамі.
- З’яўленне прафесійных транснацыянальных платформаў арт-актывістаў, якія натхняюцца тактыкаю беларускіх пратэстаў 2020 года.
- Пашырэнне арт-рэзідэнцыяў у Нямеччыне і Польшчы як знак міжнароднага падтрымання і салідарнасці з эміграцыйнаю мастацкаю супольнасцю з Беларусі.
- Павелічэнне колькасці калектыўных і індывідуальных выставаў беларускіх мастакоў.
- Актывізацыя незалежных арт-праектаў у Беларусі.
- Абмежаванае і непаслядоўнае асвятленне беларускага сучаснага мастацтва ды мастацкай крытыкі ў медыях.
Мапа сэнсаў: сучаснае мастацтва ў краіне і за мяжою
За мяжою
Беларускае сучаснае мастацтва зімы 2022–2023 гадоў перажыло значны перыяд трансфармацыі і самааналізу. Пры захаванні тэндэнцыяў мінулага года назіраўся спад выставаў аматарскай пратэставай творчасці, адначасова з Беларуссю назіралася масавая творчая міграцыя праз рэпрэсіі ўнутры краіны і расійска-ўкраінскую вайну. Першая гадавіна поўнамаштабнай вайны – 24 лютага 2023 года – сталася часам для разважанняў пра дасягненні беларускага мастацтва ў гэтых няпростых абставінах.
У святле гэтых падзеяў шмат якія беларускія мастакі апынуліся ў цяжкім становішчы як дысідэнты і выгнаннікі, але таксама як людзі, якія застаюцца звязанымі з краінаю праз сваё грамадзянства. Сутыкнуўшыся з дыскрымінацыяй і пільнай увагай у ЕЗ, дзе па-ранейшаму пераважаюць наратывы пра такое несправядлівае абыходжанне з беларусамі, яны павінны пераадолець складаны крызіс ідэнтычнасці: быць мігрантамі з краіны-агрэсара ў цэнтры ваеннага канфлікту, да таго ж з неабходнасцю пастаянна тлумачыць сваю пазіцыю.
У адказ на неапраўданую ваенную агрэсію Расіі ва Украіне ў 2022 годзе была створаная Міжнародная кааліцыя работнікаў культуры супраць вайны ва Украіне, якая выступае ў якасці цэнтру абмену лічбавым мастацтвам з усяго свету. Пад кіраўніцтвам сямі куратараў з пяццю беларусамі і двума ўкраінцамі на чале гэтая ініцыятыва зрабіла значны ўплыў, беручы ўдзел у буйных выставах – як Documenta & Manifesta, Венецыянскае біенале ды іншыя. Практыкі салідарнасці, сфармаваныя падчас беларускіх пратэстаў, сталіся трывалым падмуркам для падтрымання мэтаў іх місіі, дэманструючы, што шмат якія краіны жадаюць яднацца праз мастацтва для развязання важных праблемаў.
Узімку 2022–2023 гадоў таксама з’явіліся стратэгічныя намаганні для падтрымання мастакоў-уцекачоў. Новыя арт-рэзідэнцыі і праграмы, як PerspAKTIV, прынеслі плён, прапаноўваючы часовыя рэзідэнцыі мастакам у выгнанні. Адкрытая ў Берліне ўлетку 2022-га пры падтрыманні Ambasada Kultury і Razam-Kunst, гэтая рэзідэнцыя зрабіла значны ўплыў у зімовы сезон, дэманструючы індывідуальныя выставы мастакоў з Беларусі – напрыклад, Аляксандра Бельскага і Ташы Кацубы.
Гэтыя сеткі рэзідэнцыяў складаныя, і мастакам патрабуецца шмат намаганняў, каб мець магчымасць эфектыўна імі карыстацца. Шмат каму з гэтых мастакоў давялося пераязджаць з адной краіны ў іншую, пакуючы свае валізкі некалькі разоў на працягу некалькіх тыдняў. У выніку за апошнія гады творчая міграцыя з Беларусі актывізавалася, з’явіліся некалькі вядомых рэзідэнцыйных праграмаў. Сярод іх – ABA (Air Berlin Alexander Platz), заснаваная мастаком з Беларусі Аляксандрам Камаровым, амерыканская некамерцыйная арганізацыя CEC ArtsLink і берлінская праграма рэзідэнцыі Slavs and Tatars. Польшча і Нямеччына працягваюць заставацца ключавымі напрамкамі для мастакоў, якія шукаюць творчыя магчымасці. У заключэнне можна сказаць, што зіма 2022–2023 гадоў сталася для беларускага сучаснага мастацтва сезонам пераменаў, разважанняў і надзеяў, нягледзячы на выклікі, з якімі сутыкнулася.
У Беларусі
Сцэна сучаснага мастацтва Беларусі ўяўляе сабой унікальнае акно ў палітычныя і сацыяльныя расколы, якія існуюць у краіне. Гэты падзел выяўляецца ў дзвюх найбольш вядомых падзеях у свеце мастацтва: вельмі неадназначным Трыенале маладых мастакоў і наватарскай новай групавой выставе на мінскай арт-пляцоўцы “Вершы”. Гэтыя падзеі служаць ілюстрацыяй ролі мастацтва ў фармаванні дыскурсу і настрояў беларускага грамадства.
Нягледзячы на дасягненні беларускіх мастакоў у Еўропе, тутэйшая арт-сцэна ўсё яшчэ з цяжкасцю даганяе міжнародныя тэндэнцыі ў сучасным мастацтве. Трыенале маладых мастакоў, якое праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, мае на мэце прадэманстраваць работы 50 маладых і таленавітых мясцовых мастакоў, якія ўдасканальвалі сваё майстэрства ў традыцыйных мастацкіх навучальных установах – напрыклад, Беларускай акадэміі мастацтваў. Аднак гэтая праўладная спроба інстытуцыяналізаваць сучаснае мастацтва яшчэ не паспела пераадолець разрыву паміж мясцовымі і міжнароднымі мастацкімі сеткамі.
Незалежная арт-сцэна ў Беларусі не зусім здушаная, пра што сведчыць групавы паказ на арт-пляцоўцы “Вершы” пад назваю “Пад знакам пустэчы”. На гэтай выставе прэзентаваныя маладыя мастакі, якія ствараюць наватарскія працы, нягледзячы на праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, у тым ліку палітычны і сацыяльны ціск у краіне. Гэтая выстава сталася вехай у той час, калі шмат якія беларускія артысты пастанавілі пакінуць краіну, і служыць дэманстрацыяй стойкасці ды рашучасці тых, хто застаецца і працягвае ствараць новыя ідэі і перспектывы.
Нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкаецца незалежная мастацкая сцэна, яна застаецца важнаю крыніцаю надзеі для тых, хто шануе сілу мастацтва і яго здольнасць фармаваць грамадства ды прыносіць змены. Мастакі, якія працягваюць працаваць у Беларусі, нягледзячы на цяжкасці, – сведчанне рашучасці, знаходлівасці і запалу, якія існуюць у культурніцкім ландшафце краіны.
Выклікі
Беларуская арт-супольнасць апошнімі месяцамі сутыкнулася з шэрагам выклікаў і цяжкасцяў. Суполка перажывае шэраг значных стратаў, бо адышлі тры яе асноўныя дзеячы старэйшага пакалення – Віталь Чарнабрысаў, Алесь Родзін і Леніна Міронава, пакінуўшы багатую спадчыну для будучых пакаленняў.
Усе яны спрычыніліся да фармавання беларускай мастацкай сцэны сваім унікальным спосабам. Віталь Чарнабрысаў быў вядомы сваймі скульптурамі, Алесь Родзін – рознабаковы мастак, які зарганізаваў фестываль “Дах”, а Леніна Міронава – архітэктарка і мастацтвазнаўца, чыя творчасць пакінула глыбокі след на культурніцкім ландшафце краіны. Іхны ўплыў бясспрэчны, і гэта відаць з рэакцыі мастацкай супольнасці ў розных сацыяльных сетках.
У звязку з гэтымі стратамі чальцы мастацкай супольнасці павінны сачыць за тым, каб гэты даробак не быў страчаны і забыты. Вельмі важна, каб памяць пра іх захавалася, каб жыла іхная спадчына, нягледзячы на цяперашнія цяжкасці. Мастацкая супольнасць нясе адказнасць за захаванне памяці пра іх, дэманструючы працы і дзелячыся гісторыямі з будучымі пакаленнямі.
Яшчэ адна важная праблема, з якою сутыкаецца беларуская арт-супольнасць, – адсутнасць пастаянных намаганняў у напісанні крытычных аглядаў і ўсебаковага асвятлення падзеяў. Праз гэты дэфіцыт інфармацыі ды аналізу мастакі з цяжкасцю могуць атрымаць прызнанне ў Беларусі і дыяспарах. А гледачам, у сваю чаргу, складана цалкам зразумець кантэкст і значэнне творчасці. Нягледзячы на гэтыя праблемы, ёсць некаторыя прыкметныя выключэнні. Напрыклад, Reform.by, які вылучаецца як важная крыніца інфармацыі. Аднак нават іх праца не можа ў поўнай меры скампенсаваць адсутнасці дыскусіяў і крытычных ацэнак новых выставаў ці працаў.
Мастацтва ў фокусе
Адрозненне паміж выставамі сучаснага мастацтва ў Беларусі і за мяжой, а таксама паміж групавымі і персанальнымі выставамі – важны фактар, які варта ўлічваць. У Беларусі існуюць два тыпы выставаў: дзяржаўныя і незалежныя. Незалежныя звычайна адбываюцца з вельмі невялікім бюджэтам, калі такі маецца. Калі разглядаць выставы за мяжою, то групавыя звычайна ёсць вынікам стараннага куратарскага планавання некалькіх арганізацыяў, у той час як персанальныя выставы часта дэманструюць вынікі праграмы рэзідэнцыі мастака, за невялікімі выключэннямі.Нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сучасныя мастакі ў Беларусі як унутры краіны, так і за мяжой, ёсць некалькі вартых увагі праектаў.
Міжнародны тур Антываеннай кааліцыі дэманструе салідарнасць беларускіх і ўкраінскіх суполак праз выставы ды грамадскі ўдзел.Калекцыя платформы, якая цяпер дэманструецца ў Галерэі Dymchuk у Кіеве з 20 студзеня да 3 сакавіка 2023 года, не толькі стварае візуальна дынамічны дослед, але і дае магчымасць ахвяраваць на генератарнае абсталяванне для ладавання тэлефонаў падчас адлучэнняў святла. Імпрэза працягнецца выставамі ў Дусэльдорфе ў лютым і ў Нью-Ёрку да сакавіка 2023 года, даючы магчымасць больш высока ацаніць мастацтва, натхнёнае мірнымі намаганнямі сярод бязладдзя вайны.
“Бетонны батут”, куратарам якога быў Васіль Маталянец, праходзіў з 9 верасня да 30 снежня 2022 года і выклікаў вялікую палеміку ў беларускай арт-супольнасці праз тое, што ладзіўся ў галерэі Марыны Гісіч у Санкт-Пецярбурзе. Падчас вайны ва Украіне некаторыя мастакі выказвалі рашучае непрыняцце любых сувязяў з Расіяй або імпрэзаў, што ладзяцца там, праз удзел у канфлікце. У той час як іншыя заклікалі да разумення і падтрымання, бо ім не ставала магчымасцяў для міжнароднага выказвання. Гэтая праблема, якая выклікае рознагалоссі, выклікала пытанні маральнасці, калі супярэчлівыя ідэалогіі празаходніх і прарасійскіх поглядаў абмяркоўвалі лепшы спосаб прасоўваць мастацкае самавыяўленне ўнутры Беларусі.
З 10 снежня 2022 года да 29 студзеня 2023-га ў Музеі эміграцыі ў Гдыні (Польшча) пад куратарствам Максімільяна Бахэнэка праходзіла калабарацыя мастакоў Лесі Пчолкі і Уладзіміра Грамовіча BY LAW. Гэта частка серыі мастацкіх інтэрвенцыяў SUPPLEMENT, якія закранаюць тэму асіміляцыі падчас міграцыі. Леся і Уладзімір, грамадскія актывісты з Беларусі, з дапамогаю прадметаў і відэапраекцыяў разглядаюць цяжкасці, з якімі сутыкнуліся пры атрыманні дазволу на шлюб у Польшчы як мігранты. Асвятляючы сваю ўласную бюракратычную барацьбу, яны падымаюць больш шырокае пытанне пра значэнне шлюбу ў час масавай міграцыі ды праблемы, з якімі сутыкаюцца мігранты, у тым ліку і складаную бюракратыю ў розных краінах.
З 13 снежня 2022 года да 8 студзеня 2023-га адбылася персанальная выстава Аляксандра Бельскага Nemesish. Яна сталася яркім візуальным каментаром да апошніх падзеяў у Беларусі і пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе. Бельскі даследаваў тэму мастацтва і візуальнай культуры ва Усходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропе ды яе супрацьстаянне сучаснай жахлівасці. Выстаўленыя работы, у тым ліку карціны і мультымедыйныя творы, былі створаныя падчас пражывання ў замку Віпэрсдорф у межах праграмы PerspAKTIV, дэманструючы выключныя мастацкія здольнасці і ўменне ствараць творы, якія прымушаюць думаць. Выстава адбылася пры фінансавай дапамозе Федэральнага міністэрства замежных справаў Нямеччыны, што падкрэслівае значнасць разгляданых тэмаў і культурніцкага абмену паміж народамі.
Персанальная выстава “Вага ўспамінаў” Ташы Кацубы (куратарка – Вольга Мжэльская) праходзіла ў Galeria Promocyjna ў Варшаве з 18 да 28 студзеня 2023 года. Экспазіцыя даследавала ўплыў асабістых і калектыўных успамінаў на ідэнтычнасць, з асаблівым акцэнтам на гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, адлюстраваныя ў карцінах ды інсталяцыях Кацубы. Мастачка, якая цяпер жыве ў Польшчы, выкарыстала мастацтва, каб апісаць уласны досвед вайны і міграцыі ды праліць святло на здушаныя ўспаміны і эмоцыі, звязаныя з гэтымі падзеямі. Праз апавяданне ў стылі дзённіка Кацуба імкнулася перадаць агульны боль, з якім сутыкаюцца людзі, якія страцілі свае дамы і блізкіх падчас вайны ды міграцыі.
Выстава “Пад знакам пустэчы” (куратар – Юлій Ільюшчанка) 21 студзеня – 21 сакавіка 2023 года, творчая прастора “Вершы” ў Мінску. Прэзентаваныя работы трох беларускіх мастакоў – Сямёна Маталянца, Алены Талобавай і Марыі Панамаровай, якія жывуць у Беларусі. Ільюшчанка імкнуўся аб’яднаць мастакоў, калекцыянераў і гледачоў праз гэтую выставу, як было паказана ў яе прасоўванні ў сацыяльных сетках. Яна адзначыла ўрачыстае адкрыццё творчай прасторы “Вершы” і сталася пачаткам перспектыўнай справы. Таксама Ільюшчанка паклапаціўся пра публікацыю дыскусіяў мастакоў на расійскамоўнай пляцоўцы пра сучасную культуру Sygma.
У фестывалі ECLAT 2023 у Штутгарце (Нямеччына) ўзялі ўдзел беларускія артысты Надзя Саяпіна і Яўген Булдык, Леся Пчолка, Сяргей Шабохін, Варвара Суднік і Жанна Гладко. Пяцідзённы фестываль культуры, які куруе Крыстына Фішэр, быў распрацаваны, каб забяспечыць мастакам платформу для свабоднага выказвання ідэяў без якіх-кольвек вызначаных тэмаў або ідэалогіяў з дапамогаю музыкі, паэзіі і мастацтва. Працы былі прэзентаваныя ў межах PlatformB, лічбавай прасторы для вытворчасці і дыскурсу для мастакоў у выгнанні. На платформе прэзентаваныя разнастайныя групы мастакоў з Украіны, Беларусі і Расіі. Эксперыментуючы з лічбавымі фарматамі дызайну гуку, малюнкаў, тэксту і відэа, PlatformB забяспечвае гібрыдную арт-прастору для мастакоў. Фішэр, калега вядомай беларускай дзяячкі і музыкі Марыі Калеснікавай, была паслядоўнаю прыхільніцаю беларускіх мастакоў у эміграцыі.
Рэзюмэ і прагнозы
- Пераслед беларускіх мастакоў у Беларусі працягнецца, што ўскладняе бяспечнае вяртанне мастакоў, якія жывуць у Еўропе.
- Нягледзячы на пераслед, незалежныя мастацкія праекты будуць з’яўляцца ў Беларусі, што прывядзе да новай фазы айчыннага беларускага мастацтва – з новымі імёнамі, канцэпцыямі і візуальнай эстэтыкай.
- Кааліцыя міжнародных дзеячаў мастацтва супраць вайны ва Украіне атрымае далейшае прызнанне, што ўзмоцніць праекты і павысіць прафесійны ўзровень беларускага сучаснага мастацтва.
- У будучыні больш беларускіх мастакоў змогуць браць удзел у міжнародных супольных праектах, што дазволіць дыверсіфікаваць свае мастацкія практыкі ды інтэгравацца ў сусветную арт-сцэну.
- Пашырэнне сеткі арт-рэзідэнцыяў прывядзе да большай колькасці выставаў, павялічыць бачнасць беларускага мастацтва за мяжой і запатрабуе дакументавання ды захавання гэтай новай сцэны.
- Беларускім мастакам у выгнанні давядзецца шукаць варыянты доўгатэрміновай міграцыі, што патэнцыйна можа паўплываць на здольнасць працягваць мастацкую творчасць і пераключыць увагу на забеспячэнне стабільнага даходу.
- Сталая патрэба ў даходах прывядзе да больш спланаванай стратэгіі продажаў мастацтва з патэнцыялам перагледзець беларускае сучаснае мастацтва і яго тэндэнцыі на арт-рынку.
- З пашырэннем выставаў і новага мастацтва, створанага беларускімі мастакамі ў эміграцыі, супольнасці дзеячаў мастацтва з Беларусі трэба будзе выпрацаваць план маркетынгу, архівавання і асвятлення гэтай новай сцэны, а таксама падрыхтаваць тэксты з крытыкаю, каб дапамагчы засвоіць новы досвед дыскурсіўна.