Frame 409

Беларуская культура: агляд (красавік – чэрвень 2025)

Літаратура: Нацыянальная ідэя, прэміі і пончыкі

Кіно: Зваршчыца з Брэсту перамагае ў Шэфілдзе. Смерць рэжысёраў

Тэатр: З Расіяй і “Перамогаю”

Музыка: Вяртанне буйных фестываляў і міжнародныя поспехі

Традыцыйная культура: Трэнды ў Беларусі і замежжы

Арт: Галовы без целаў і капіталійская ваўчыца ў вазку

 


Літаратура: Нацыянальная ідэя, прэміі і пончыкі

Красавік, травень і чэрвень у глабальных клімаце ды палітыцы адзначыліся чаргаваннем анамальных маразоў і спёкі, якія, да таго ж, названыя кліматолагамі і палітолагамі не анамаліяй, а новаю нармальнасцю. Зірнем, як гэта адбілася на аўтарках, аўтарах і іхных кнігах. Якія прыкметы метэазалежнасці і палітычнай узаемазалежнасці праступілі на тонкай скуры айчыннага літпрацэсу?

Тэндэнцыі ў Беларусі: пошукі нацыянальнай ідэі і цэнзура навуковае дзейнасці

Адною з адметных падзеяў у Беларусі стаўся чарговы запыт на нацыянальную ідэю. Цікава, што з моманту “інаўгурацыі” да гэтага запыту мінулі ўсяго чатыры месяцы. Нагадаем, што пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта ў 1994-м некалькі гадоў адбывалася ўмацаванне ўлады, і запыт на дзяржаўную ідэалогію з’явіўся толькі ў пачатку 2000-х. Гэтым разам нацыянальная ідэя павінна быць не абы-што, а “захапіць розумы і сэрцы людзей”, як сфармуляваў гэта 12 чэрвеня прэзідэнцкі пул праз свайго лідара.

Паспрабуем здагадацца, што хаваецца за агучаным запытам, бо так ці іначай, заданне выпрацоўваць кантэнт для дзяржаўнай ідэалогіі апошнія дваццаць гадоў спускаюць на лаяльных літаратараў. 

Па-першае, як ні дзіўна, гэта можа азначаць жаданне рэжыму вярнуцца ад затратнае дыктатуры да цалкам сабе бюджэтнай аўтакратыі. Ці выканальна гэта на практыцы і ці магчыма ўвогуле заплюшчыць вочы на падзеі апошніх 5 гадоў – іншае пытанне, кожная і кожны адкажа на яго па-свойму. Адзначым факт, што беларусаў ізноў паспрабуюць кантраляваць не сілай, а рыторыкай. І перад рытарамі ўлады пастаўленая задача падабраць прывабныя для мас лозунгі і слоганы.

Па-другое, нельга не адзначыць, што ідэолагі рэжыму, свядома або не, разважаючы пра беларускае, капіююць напрацоўкі не проста апанентаў – зацятых ворагаў. Панятак “нацыянальная ідэя” фігураваў у назве кнігі палітычнага вязня Паўла Севярынца яшчэ ў 2005 годзе. Сёння першая асацыяцыя, звязаная з тэрмінам, – маштабны медыяпраект Змітра Лукашука і ягоных калегаў з “Еўрарадыё”, які ўвасобіўся ў трох кнігах з дзясяткамі меркаванняў ад лідараў і экспертаў беларускае публічнасці.

Як гэта разумець? Я прапаную разумець гэта наступным чынам: сам змест нацыянальнай ідэі – рэч другасная. Галоўнае – манаполія на яе фармуляванне, якую хоча мець Лукашэнка.

Падмацую гэты тэзіс спасылкаю на прапагандыста Уладзіміра Пярцова, які, выступаючы 28 чэрвеня на з’ездзе партыі “Белая Русь”, падзяліў усіх актараў, якія прэтэндуюць на фармуляванне нацыянальнай ідэі, на “харошых” і “нехарошых”:

“У Беларусі на патрыятычнай тэме сталі фармавацца псеўдапатрыятычныя ячэйкі, нацэленыя на дэструктыўную дзейнасць і фундаваныя звонку. Дапусціць іх развіцця нельга”.

Цяжка здагадацца, каго флагман прапаганды мае на ўвазе пад псеўдапатрыётамі. Здавалася б, барацьба супраць ненадзейных элементаў, эфектыўна пастаўленая і да 2020 году, сёння вядзецца з яшчэ большым ККД. Таму, выглядае, нікуды не знікла, а толькі пабольшала верагоднасць пошуку новых тэорыяў змовы і рознае нацдэмаўшчыны ў шэрагах дзеячаў культуры. Адзінае, што пакуль можа спыняць махавік рэпрэсіяў, – асацыяцыя з расстрэлам творчай і навуковай эліты на Дзяды 1937 году, якую нязменна выкліча такі паварот падзеяў.

У працяг размовы пра нацыянальную ідэю Беларусі адзначу яшчэ адну яркую падзею сезону – лекцыю Тымаці Снайдэра ў Інстытуце гуманітарных навук у Вене 27 чэрвеня. Яе варта разглядаць як узважаны, кваліфікаваны і крайне ўплывовы погляд на мінулае і будучыню нашае краіны ад славутага даследніка Цэнтральнай Еўропы. Снайдэр шмат у чым пераварочвае стэрэатыпы пра нашую зямлю, якія існуюць сёння ў заходніх гуманітарыяў. Ён прэзентуе Беларусь не як глухі, правінцыйны кут Еўропы, а яе антычны палітычны і эканамічны цэнтр, хаб для камунікацыі Поўначы і Поўдня, Захаду і Усходу. На шляху з варагаў у грэкі, кажа Снайдэр, варагі і грэкі ўзбагачаліся не толькі матэрыяльна, але і духоўна. (Параўнаем з тэзаю Валянціна Акудовіча: маўляў так, Беларусь – гэта абсалютны нуль, але нуль – гэта пачатак каардынатаў).

Адным словам, Тымаці Снайдэр не сказаў у Вене нічога, чаго б да яго не казаў у Магілёве Ігар Марзалюк. Які, паводле чутак, рабіў шмат лабісцкіх дзеянняў для арышту ў канцы сакавіка – пачатку красавіка прарасійскіх актывістаў Вольгі Бондаравай і Сяргея Лашкова. То бок таго кантынгенту, які спрабуе ўплываць на беларусаў, адмаўляючы самасць ды ўнікальнасць нашае гісторыі ў мінулым і не бачыць будучыні Беларусі без расійска-імперскай парадыгмы.

Розніца паміж наратывамі Снайдэра і Марзалюка – у мэтавай аўдыторыі. Калі ў першым выпадку гэта адукаваныя амерыканцы і заходнееўрапейцы, то ў другім – беларускія чыноўнікі і сілавікі. Што аднолькава важна.

Можна было б скончыць з тэмаю нацыянальнай ідэі, калі б апдэйты не з’яўляліся проста цяпер, калі пішуцца гэтыя радкі. 2 ліпеня, з нагоды Дня незалежнасці, А. Лукашэнка агучыў наступнае:

“Мы захапляемся духоўнаю сілай і мужнасцю нашых суайчыннікаў, якія здолелі захаваць сваю мову, культуру і веру на працягу стагоддзяў татальнае паланізацыі. У самым сэрцы народу, які адстаяў права беларусамі звацца, выспявала нацыянальная ідэя – ідэя свабоднага народу. Ідэя законнага імкнення быць на сваёй гістарычнай зямлі гаспадаром”.

Калі брыфіць, то быць беларусам, паводле Лукашэнкі, – гэта “быць гаспадаром на сваёй зямлі”. Ідэальна. А калі дадаць у вялікую цытату пасля “паланізацыі” яшчэ “…і русіфікацыі”, то нават можна падпісацца пад кожным словам.

Аўтар гэтых радкоў увесь чэрвень спрабаваў сфармуляваць нацыянальную ідэю POV дзяржаўных прапагандыстаў, улічваючы ўсе светапоглядныя трэнды пяцігодкі. Паводле мадэлі “Свабода. Роўнасць. Братэрства” і “Хлеба! Солі! Зямлі! Волі!” ў яго выйшла нешта накшталт “Чысціня. Мір. Незалежнасць” (у парадку прыярытэту). На ягоную думку, такі лозунг аб’яднальны, бо тры пералічаныя каштоўнасці лучаць бальшыню грамадзянаў Беларусі: як у краіне, гэтак і ў выгнанні / эміграцыі / рэлакацыі.

Але тое, што ў выніку набрэйнстормілі ў “Пуле першага”, нават круцей. Найперш таму, што нарэшце гэта сапраўды дбайна сфармуляваны і добра прадуманы тэзіс, а не малаўцямны слоган пачатку 2000-х “За моцную і квітучую Беларусь” (у той час выразна супрацьпастаўлены Купалаваму воклічу “Жыве Беларусь!” і моцна яму прайграючы). Ён дастаткова наватарскі, каб здзівіць як дзясяткі тысячаў, якія хадзілі пратэставаць, так і сотні тысячаў, якія не хадзілі. Ён дастатковы “для жыцця”. І дастаткова савецкі паводле рыторыкі (пааўнайце.: “От Москвы до самых до окраин, с южных гор до северных морей человек проходит, как хозяин необъятной Родины своей…”). І ён дастаткова крыўдны для з’ехалых, якія шанец гаспадарыць на гістарычнай зямлі, паводле ўладаў, страцілі. 

Падкрэслім таксама рэзкі разварот да старажытнасці ў рыторыцы выпускніка магілёўскага гістфаку. У апошніх прамовах (напрыклад, на Купаллі ў Александрыі), згадваецца “тысячагадовая гісторыя славянаў”. Гэта супярэчыць рыторыцы апошніх дзесяцігоддзяў, калі дзяржаўнасць Беларусі пачыналася ад перамогі над нацызмам у 1945 годзе, што нязменна заўважалі і крытыкавалі палітолагі… Ёсць вялікае падазрэнне, што крэатыўнікі ўладаў таксама слухалі Тымаці Снайдэра.

Да іншых сігналаў з Беларусі. Праявы цэнзуры сталі адбівацца на змесце літаратуразнаўчых працаў, што выдаюцца ў краіне. Існуе вусная, але даволі рашучая забарона на цытаванне “тых, хто з’ехаў”. Забарона датычыць і даследнікаў, і аўтараў твораў. Гэта азначае, што даследаванне літаратурнае сучаснасці ў Беларусі проста спынілася. Бо ў дадатак працягвае дзеяць табу на згадку ў добрым ці нейтральным ключы сябраў скасаванага ўладамі ў 2021 годзе незалежнага Саюзу пісьменнікаў. Зрэшты, тое табу мае шанец распусціцца, як шыпучая вітамінка ў вадзе: прысутнасць на радзіме станецца дастатковым крытэрам пісьменніцкае лаяльнасці. Пытанне – як скарыстаюцца гэтым літаратары. На сёння прыгону моладзі ў афіцыйны саюз Чаргінца – Карлюкевіча не назіраецца. Нарошчванне сяброўства было патрэбнае раней, пакуль “правільных” і “няправільных” не падзялялі фізічныя дзяржаўныя межы.

Такі парадак рэчаў цікавым чынам адбіваецца на літаратурным. Выдатны канал пра беларускую навуку De facto звярнуў увагу на артыкул Міколы Мікуліча ў “Весцях НАН”. Гаворка пра пераадкрыццё імёнаў заходнебеларускіх літаратараў міжваеннае пары: Пятрусь Граніт, Кастусь Рагойша, Ганна Новік, Юльян Сергіевіч, Пятро Сакол, Анатоль Бярозка. Рэпрэсаваныя ў Польшчы, яны дасюль заставаліся невядомыя шырокаму чытачу ў Беларусі.

Адметна, што Мікола Мікуліч – той самы рэдактар ад НАН, які ў 2020 годзе збіраў вершы для анталогіі сучаснае паэзіі. Анталогіі да сёння не апублікавалі.

Афіцыйныя крыніцы дазваляюць зрабіць выснову аб прыпыненні сімвалічных чыстак хаця б памерлых літаратараў. Цяжка не звязаць гэта з пацыфікацыяй Вольгі Бондаравай, асноўнай хэйтаркі беларускага нацыянальнага канону. 24 чэрвеня з вялікаю помпай у НАН РБ прайшла канферэнцыя да 125-гадовага юбілею Кузьмы Чорнага. А дом Васіля Быкава ў Бычках у чэрвені ўзялі пад ахову дзяржавы (як запознены жэст да 100-гадовага юбілею класіка).

Такім чынам, варта дыягнаставаць вялікія лакуны ў апісанні сучаснага літаратурнага працэсу дзяржаўнымі даследнікамі, абумоўленыя цэнзураю. Тое, што ўжо напісана, можа грашыць замоўчваннем, купюрамі, белымі плямамі. І гэта выклік для Кангрэсу даследнікаў Беларусі, які пройдзе ў верасні ў Берліне.

Крыніца: https://www.icbs.by/post/cfp-2025

Тэндэнцыі звонку: адпрацоўванне траўмаў 2020-га і даўншыфтынґ літаратараў

Найперш аўтар агляду працягвае настойваць на непадзельнасці здаровага літпрацэсу ўсярэдзіне і звонку Беларусі. Няма ніякіх прыкметаў раздзялення, падобнага на супрацьстаянне “добрых расійцаў” і “зэтнікаў-ватнікаў”, які можна назіраць сярод пісьменніцтва Расіі. Хочацца падзяліцца жартам, падслуханым на імпрэзе ў адным з літаратурных музеяў: “Варта надрукавацца ў “Полымі” ці “Маладосці” – і робішся пракажоным. У нармальныя літаратары ўжо не запісваюць. Мы – маргіналы”. 

Гэткае светаадчуванне некаторых (бальшыні?) творцаў, заангажаваных у дзяржаўны друк. Забароны ўсіх і ўсяго прывялі да таго, што дазволенае зрабілася меншынёю. А любая меншыня вядзе да маргіналізацыі. Допуск да дзяржаўных рэсурсаў і раней не азначаў трапляння аўтараў у эліту нацыі, а цяпер сітуацыя нават пагоршылася. Зрэшты, добры баланс цаны і якасці (у сэнсе таленту і дазволенасці) дэманструе аўтарскі тэлепраект Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” на канале “Беларусь 3”.

Апроч таго, таму ж Адаму Глобусу нічога не замінае друкавацца ў “Полымі” і “Маладосці” ды ганарыцца гэтым. Таму, трэба думаць, рэч усё-ткі ў тэкстах.

Да тэкстаў. Прапаную звярнуцца да поўных спісаў трох прэміяў, каб быць у курсе павеваў у паэзіі, публіцыстыцы і гістарыяграфіі. Прэміі Наталлі Арсенневай (паэтычная), Алеся Адамовіча (публіцыстычная), Францішка Багушэвіча (культурна-гістарычная) пачалі свае сезоны ўвесну. 

Паэт-лаўрэат стаўся вядомы 24 траўня: гэта Сяргей Прылуцкі з кнігаю “Нічога нястрашнага” – пасланні сыну з акупаванай Бучы (Hochroth Minsk).

З 15 пазіцыяў поўнага спісу ў доўгі ўвайшлі 10 кніг паэзіі, што кажа пра высокі агульны ўзровень. Яно і нядзіўна, бо маем толькі два паэтычныя дэбюты, астатнія аўтары – з тых, хто выступае неананімна – прызнаныя і вядомыя. З 15 кніг траціна – праўдападобна, аўтаркі ці аўтары, якія застаюцца ў Беларусі (хоць некаторыя з іх выдалі зборнікі ў замежных выдавецтвах). У кароткі спіс, апроч кнігі Прылуцкага, увайшло лібрэта оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Андрэя Хадановіча (Gutenberg Publisher) і зборнік паэткі, чый удзел зашыфраваны (імя аўтаркі і назва кнігі замененыя аднаразовымі крыптанімамі). 

Не ставячы пад сумнеў выбару журы, адзначу, што Прылуцкі фігураваў у прэміяльным працэсе з дзвюма кнігамі. Зборнік “Гіброіды” – постмадэрнісцкія балады (“Мяне няма”) – саступіў кнізе таго ж паэта, супрацьлеглай паводле пафасу і метаду. Прылуцкі, які нядаўна пайшоў служыць ва ўкраінскае войска, аказаўся ідэальнаю сімвалічнаю фігураю. 

Традыцыйныя прэміі Беларускага ПЭНу – Адамовіча і Багушэвіча – пашырылі жанравы дыяпазон намінацыяў. Увагу сябраў арганізацыі, якія маюць права прапаноўваць кандыдатаў, трапілі кнігі на расійскай, беларускай і паляшуцкай мовах, падкасты, віртуальныя выставы і медыяпраекты. Некалькі адметных праектаў аўтар агляду адкрыў для сябе дзякуючы іх бачнасці ў кантэксце прэміяў. І нарэшце, дзякуючы палепшанай камунікацыі на старонках ПЭНу, зразумеў, як адрозніваць дзве падобныя ўзнагароды. Прэмія Адамовіча – найлепшыя публіцыстычныя творы пра сучаснасць. Прэмія Багушэвіча – тое сама, але пра мінулае.

Літаратурныя прэміі і свежыя дайджэсты вывелі на святло дастаткова цікавых беларускіх кніг у розных жанравых канвенцыях. Згадаю гучныя навінкі, якія, на маю думку, працягваюць парадыгму, зададзеную раманам “Па што ідзеш, воўча” Евы Вежнавец. Гэта “Кровазварот” Юлі Цімафеевай (“Янушкевіч”) – расчэсванне болек сямейнае памяці для разумення сваёй еўрапейскасці. Гэта “Слон” Сашы Філіпенкі (Gutenberg Publisher / “Время”), напісаны па-расійску, але выдадзены найперш у аўтарызаваным перакладзе на беларускую як жэст прыналежнасці да айчыннага літаратурнага працэсу. Кнігу анансуюць як першы беларускі раман пра расійска-ўкраінскую вайну. Гэта, нарэшце, “Дом” Андрэя Горвата, дзе аўтар, ужо традыцыйна для самога сябе, знітаваў уласны досвед аднаўлення культурнае спадчыны ды вымушанай эміграцыі і дакументальны тэкст, архіўныя росшукі пра аднафамільца – уладальніка палацу ў Нароўлі, у сінкрэтычным шчымлівым аповедзе. 

Гэтыя прыклады – поруч з намінаванымі на прэмію Адамовіча эмігранцкім дзённікам Тані Заміроўскай “Эвридика, проверь, выключила ли ты газ” (“Мяне няма”) або падлеткавай аповесцю “Соня, стой!” Сашы Гук (Gutenberg Publisher) і дэтэктывам Клёка Штучнага “Забойства на вуліцы Макаёнка” (унесеным у траўні ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі) – зліваюцца ў новы феномен беларускае літаратуры траўмы. Эміграцыя, палітычныя вязні, вайна, якой не заўважаюць, як таго слана, няпростая гісторыя роду – усё гэта як найлепш прэзентуе актуальнае светаадчуванне беларусаў пры ўсёй стракатасці жанраў і творчых метадаў.

Яшчэ адна адметная тэндэнцыя сезону – міжнародныя праекты па-беларуску як праява суседскае салідарнасці. Раман “Шаптухі” славацкай аўтаркі Алены Сабухавай (“Тэхналогія”), прысвечаны звычаям беларуска-польскага памежжа; Yiddish Veršes (Цэнтр беларуска-габрэйскае культурнае спадчыны) – песні на вершы беларускіх паэтаў мовы ідыш; “Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі” Гінтараса Граяўскаса ў перакладзе Сабіны Брыло (Surma) як партнёрскі праект Літоўскага саюзу пісьменнікаў і Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў. Выдавецтва “Пфляўмбаўм” выпусціла ўвесну прынамсі дзве кнігі, важныя для беларусаў: амаль 1000-старонкавы раман “Кнігі Якуба” набэлісткі Вольгі Такарчук, які прапануе іншы, чымся афіцыйны польскі, погляд на гісторыю Рэчы Паспалітай, і “Запаленыя свечкі” Бэлы Шагал – успаміны пра жыццё і святы віцебскіх габрэяў, асвятленне юдэйскае традыцыі Беларусі.

Увесну ў сеціве стартавалі адразу два аўтарскія медыяпраекты літаратараў. На bellit.infoпадкаст Сяргея Дубаўца “Літаратурныя зацемкі”, дзе ён расказвае пра адметныя кнігі па-беларуску або пра Беларусь (напрыклад, развагі, чаму апошні расійскамоўны раман Паўла Анціпава – гэта беларуская літаратура). На reform.news – аналітычны серыял “Глюконат нации” ад Максіма Жбанкова. У абодвух выпадках старажылаў беларускае культурнае прасторы чакае правераны кантэнт у знаёмым стылі. Флагманы беларускага інтэлектуальнага флоту нарэшце знайшлі парты прыпіскі. І калі Дубавец – гэта погляд на актуальны літпрацэс праз прызму беларушчыны, то Максім Жбанкоў – гэта Максім Жбанкоў. Няважна, што ён піша пра вынікі паслярэвалюцыйнае пяцігодкі. Бо што тут напішаш. Важна, як ён гэта робіць. Выразы, вырваныя з кантэксту, просяцца на дызайнерскія футболкі: “Бабков прекрасен, но он на облаке”, “страну закатали в бетон как неудачливого мафиозо”; “мысли улетают в космос, им негде закрепиться”. Адным словам, інжой.

Ілюстрацыя Данііла Васільева да праекта «Глюканат нацыі» Максіма Жбанкова. Крыніца: https://reform.news/gljukonat-nacii-vvedenie-v-novuju-kulturnuju-situaciju-jepizod-1-kljuchevye-nastrojki

Напрыканцы – крыху свецкай хронікі. Але чыста па справе. Паэтка Наста Кудасава абвясціла пра сваю новую прафесію. Яна прадае пончыкі на пляжы ў Ґдыні. Дэвальвацыя беларускіх гуманітарыяў у эміграцыі – тэндэнцыя, якая нарастае ў 2025 годзе. Шмат хто выходзіць на “непрэстыжную” працу. Але толькі літаратары не саромеюцца афішаваць гэтага. Тут можна згадаць папярэднія прыклады: працу Святланы Курс (Евы Вежнавец) сацыяльным работнікам у Варшаве падчас эпідэміі ковіду, пра якую яна шчымліва пісала ў блогу. І няўдалую спробу Альгерда Бахарэвіча ўладкавацца прадаўцом у шапік “Белсаюздруку” ў мінскі перыяд творчасці. Тады пісьменніку адмовілі, бо ён… мужчына. І, вядома ж, апошнюю кнігу Сяргея Календы “Стрыжэ і піша” (Gutenberg Publisher)

Хочацца выказаць спадзяванне, што кава, пончыкі, манікюр, масаж (ці што там яшчэ ўмеюць рабіць творчыя беларусы і беларускі) – гэта проста чарговы досвед для паэтычнага асэнсавання свету. І пошук сілаў, каб пераадолець беларускую траўмацэнтрычнасць, якая пакуль дамінуе ў айчынным літпрацэсе.

 


Кіно: Зваршчыца з Брэсту перамагае ў Шэфілдзе. Смерць рэжысёраў

Як і ўсё беларускае грамадства, нацыянальны кінематограф завіс у стане няпэўнасці. Найбольш актыўныя і перспектыўныя аўтары – у эміграцыі, дзяржаўная кінастудыя намагаецца дэманстраваць актыўнасць, але застаецца ў тупіку, паступова зяўляецца генерацыя новых кінематаграфістаў у краіне, актывізуецца кінаклубны рух.

Красавік

ХІ Фестываль нефільтраванага кіно прайшоў з 23 красавіка да 4 траўня адразу на чатырох еўрапейскіх лакацыях – у Вільні, Варшаве, Хельсінкі і Гамбурзе. Пасля вымушанай эміграцыі з Беларусі арганізатары фэсту апынуліся ў розных краінах. Усяго ў дзесяці праграмах сабралі каля паўсотні стужак, у тым ліку восем – у беларускай. Як і ў папярэдніх эдыцыях, праграмы “Нефільтраванага кіно” складаліся з ігравых, дакументальных, анімацыйных стужак з эксперыментальным ухілам і шырокім геаграфічным ахопам аўтараў. Адабраныя для паказаў кароткаметражныя творы вылучаліся візуальнаю парадаксальнасцю і філасафічным стаўленнем да прыроды кінематографу. Удзельнікі паказаў ставілі ў плюс прыемную сяброўскую атмасферу і вялікую зацікаўленасць аўдыторыі фэсту. Прыкметна, што, пераехаўшы за мяжу, “Нефільтраванае кіно” здолела захаваць ранейшую канцэпцыю ды канцэнтруецца на кіно ў чыстым, некамерцыйным выглядзе, з праграмаю стужак, скіраванаю на кола аднадумцаў.

Што датычыць беларускае праграмы “Нефільтраванага кіно 2025”, то, паводле арганізатараў, “падбор беларускіх фільмаў апошняга году прапануе прызматычнае адлюстраванне грамадства, якое перажывае міграцыю, экзістэнцыйную нявызначанасць і сутыкненне асабістай і калектыўнай памяці”. Сюжэты і рэжысёрскае бачанне ў стужках праграмы яскрава сведчаць пра жаданне эксперыментаваць і выказваць успрыманне навакольных катаклізмаў менавіта візуальнаю моваю кіно.

Нацыянальную траўму вымушанае міграцыі прадэманстраваў дакументаліст Зміцер Пылыпіў у стужцы “Цень радасці” пра цяжкасці адаптацыі за мяжою былога палітычнага вязня. Павел Станкус у “Забыцці” паказвае “ўніверсальную гісторыю чалавека, які жыве сваім найлепшым жыццём напярэдадні вайны”. Арсеній Алейнік і Аляксандр Мікхін прапанавалі постмадэрнісцкую “неануарную камедыю” з авантурным вайбам, пабудаваную на асэнсаванні штампаў жанравага кінематографу. Эксперыментальнае бачанне рэчаіснасці, памножанае на абсурд існавання, прэзентавалі Лена Ле ў “Офісе” і Антось Сівых у “Рэдкім відзе”. Андрэй Корзан даследуе сямейныя стасункі ў эміграцыі ў стужцы “Kawalerka”. Сюррэалістычнае падарожжа ў залюстэркавы свет бюракратыі і паралельнага мыслення дэманструюць Вова Вяселік і Алег Пекар у “ОШМ”.

Асобна ў праграме “Нефільтраванага кіно” вылучаўся арыгінальны фільм Максіма і Мелісы Шведаў “Апошняя змена”, прэмера якога адбылася яшчэ летась. Дасціпнае дакументальнае макюментары апавядае пра схаваны для дзённае публікі мігранцкі сусвет начных падпрацовак, складаных кліентаў і фантастычных неспадзяванак.

Кадр з фільма Максіма і Мелісы Шведаў “Апошняя змена”. Крыніца: https://unfilter.by/schedule/11-2/belarus/

Удзел беларусаў у штогадовым фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы GoEast у нямецкім Вісбадэне, што адбываўся 23–29 красавіка, гэтым разам абмежаваўся праектам Арцёма Лобача “Lithuania minor”. Канцэпт будучае стужкі пра жыхароў беларуска-літоўскага памежжа адабралі на ўдзел у творчай лабараторыі The East-West Talent Lab для маладых кінематаграфістаў.

Крыніца: https://www.filmfestival-goeast.de

Пасля вялікага перапынку выйшлі новыя выпускі падкасту “Поставили. Сняли”, у якім вядоўцы – кіназнаўца, былая праграмная дырэктарка Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Ірына Дзямянава і кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка – разам з экспертамі яшчэ раз пераглядаюць знакавыя старонкі гісторыі нацыянальнага кінамастацтва.

Травень

Беларускія дакументалісты працягваюць працаваць у тым ліку ва Украіне, асвятляючы актуальную ваенную тэму. 4 траўня на канале “Настоящее время” выйшаў дакументальны рэпартаж беларускіх аўтарак Ксеніі Галубовіч і Арыны Коршунавай “Салдацкія жонкі” пра расіянак, якія шукаюць ва Украіне зніклых на вайне мужоў.

Дакументальна-ігравы фільм “Лес” рэжысёркі Марыі Булавінскай 10 траўня атрымаў прэмію на міжнародным фестывалі International Golden Saffron Documentary Film Festival у Турцыі. “Лес” – стужка пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Сцэнар грунтуецца на рэальных падзеях – гісторыях асобаў, расстраляных у час вялікага тэрору. У фільме ў тым ліку выкарыстаныя архіўныя відэа- і аўдыязапісы, у якіх відавочцы апавядаюць пра падзеі 1930-х. У фільме сыгралі Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Мікіта Хвалюк, Максім Шышко. 29 студзеня ўлады сучаснае Беларусі прызналі стужку “экстрэмісцкаю”, бо супярэчыць версіі прапаганды, якая прыпісвае масавыя забойствы каля Гомля нацысцкім акупантам.

У Мінску 15 траўня прайшоў фестываль студэнцкага кароткаметражнага кіно Synopsis. Фестываль арганізуюць студэнты факультэту філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У 2021 годзе імпрэза выйшла за межы ўніверсітэту і ўпершыню адбылася на гарадскім узроўні. Дасюль фэст меў унутрыфакультэцкі фармат і называўся “Кальварыйскія бабры”. Арганізатары тады апавядалі, што змена назвы і рэбрэндынг сімвалізуюць як развіццё ідэяў фестывалю, гэтак і іх рост як арганізатараў. Сёлета Synopsis ладзіўся на вольным паветры ў прасторы “Эхо двор”. Апрача праграмы кароткаметражных стужак, удзельнікаў і гледачоў (па папярэдняй рэгістрацыі) чакалі майстар-класы акторскага майстэрства, кампазіцыі і пабудовы кадру, а таксама аўтарская лекцыя ад кінарэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Асядлаць тыгра. Як здымаецца сучаснае беларускае кіно”. Прагляд стужак-удзельніц працягнулі каментары і дыскусія з запрошанымі экспертамі, сярод якіх былі ўжо згаданы Андрэй Кудзіненка і класік савецкага беларусьфільмаўскага кіно, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. Усяго ў праграме фэсту Synopsis паказалі сем дэбютных кароткіх метраў.

Этнічны беларус, грамадзянін Украіны і рэзідэнт Берліну Сяргей Лазніца з новым фільмам “Два пракуроры” ўзяў удзел у конкурснай праграме самага прэстыжнага ў свеце аўтарскага кіно фестывалю ў Канах. Кінафорум адбываўся сёлета з 13 да 24 траўня. Гэта пяты Канскі кінафэст для Сяргея Лазніцы. Карціну “Два пракуроры” знялі ў Рызе пры ўдзеле прадзюсараў з Латвіі, Францыі, Нямеччыны, Нідэрландаў, Румыніі і Літвы з інтэрнацыянальнаю здымачнаю групаю ды акторскім складам. Фільм паводле прозы савецкага пісьменніка-дысідэнта з Харкава Георгія Дзямідава ў характэрным для Лазніцы стылі постдак апавядае пра савецкую карную таталітарную сістэму 1930-х. Гукааператарам стужкі, як і амаль усіх ігравых і дакументальных працаў Лазніцы, выступіў беларус Уладзімір Галаўніцкі, які ўжо колькі гадоў жыве і працуе ў Вільні.

“Два пракуроры” атрымаў прыз імя Франсуа Шале – узнагароду журналісцкае супольнасці, якую штогод прысуджаюць у Канах.

Нагадаем: менавіта аднайменная экранізацыя аповесці Васіля Быкава “У тумане”, таксама знятая Сяргеем Лазніцам у Латвіі супольна з кінастудыяй “Беларусьфільм”, сталася ў 2012 годзе адзіным прыкладам удзелу нацыянальнага кіно ў асноўным конкурсе кінафестывалю ў Канах у час незалежнае Беларусі.

У траўні ў Мінску працавала творчая лабараторыя “Хранатоп.Reels” на базе кінашколы “Кінакалайдар”, да ўсяго вядомай сваім кінаклубам з паказамі сусветнага аўтарскага кіно. Куратар праекту – сузаснавальнік “Кінакалайдару” рэжысёр Андрэй Кудзіненка. “Хранатоп.Reels” стаўся ідэйным працягам мультымедыйнага праекту “Хранатоп” Кудзіненкі, які з поспехам праходзіў з 2015 году ў Беларусі і за яе межамі. Сэнс праекту – стварэнне групамі кінематаграфістаў, пачаткоўцаў і прафесіяналаў, кароткіх візуальных твораў, што потым абядноўваюцца для паказу ў адзін альманах.

Пасля капітальнага рамонту ў Мінску адкрыўся адзін з самых вялікіх дзяржаўных кінатэатраў краіны – “Масква”, дзе да вялікае залы дадаліся яшчэ тры меншыя. Адначасова сталічны кінапракат праз кепскія эканамічныя паказнікі назаўсёды закрыў знакавы для гораду кінатэатр “Дом кіно”, былы “Партызан”, што існаваў з сярэдзіны 1970-х. Пасля рэканструкцыі будынак былога кінатэатру перадалі ў распараджэнне Мінскага палацу дзяцей і моладзі, а таксама праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ.

Чэрвень

Вялікай і вельмі значнаю падзеяй для беларускага кіно сталася перамога стужкі мінскай дакументалісткі Анастасіі Мірашнічэнкі “Звараныя разам” на прэстыжным фестывалі ў брытанскім Шэфілдзе. Для стужкі пра зваршчыцу з Брэсту Кацю, якая вымушаная апекавацца маленькаю сястрычкай і паралельна шукаць уласнага шчасця, прэмера ў Англіі сталася сусветнаю. Галоўнае журы прысудзіла беларускай рэжысёрцы прыз з фармулёўкаю: “Гэта партрэт стойкасці і сілы – як галоўнай гераіні, гэтак і супольнасці, якая праяўляе салідарнасць. Фільм падкрэслівае кантраст паміж шчодрасцю людзей і суровымі рэаліямі алкагалізму ў беларускім грамадстве. Сумленны і далікатны малюнак маладое жанчыны, якая адчайна спрабуе захаваць сям’ю згуртаванаю”. “Звараныя разам” – супольная вытворчасць прадзюсарскіх кампаніяў з Францыі, Нідэрландаў і Бельгіі. Колькі гадоў таму праект прызналі адным з самых перспектыўных на галоўным для сусветнае дакументалістыкі фестывалі IDFA ў Амстэрдаме.

Анастасія Мірашнічэнка стала шырока вядомая ў 2014 годзе пасля прэмеры дэбютнае поўнаметражнае стужкі “Скрыжаванне” пра беспрытульнага мастака Валерыя Ляшкевіча. У 2017-м ейная стужка “Дэбют” пра гомельскую папраўчую калонію для жанчын браў удзел у конкурсе IDFA і атрымаў спецыяльны прыз на Кракаўскім кінафестывалі, а таксама быў намінаваны на прэмію “Оскар” ад Беларусі.

Фільм Мары Тамковіч “Пад шэрым небам”, прататыпамі галоўных герояў якога сталіся беларускія палітзняволеныя Кацярына Андрэеева і Ігар Ільяш, атрымаў галоўны прыз “Залаты бурштын” на 44-м фестывалі кінадэбютаў “Młodzi i film” у польскім Кашаліне. Журы дадало наступнае абгрунтаванне: “За асабістую, творчую і сацыяльную мужнасць. За голас у гісторыі і за гісторыю. Самая блізкая і маўклівая. За пяшчоту да сваіх герояў і магію назірання. Гэты фільм крычыць сваім маўчаннем і б’е бездапаможнасцю”. Нагадаем, што зняты ў Польшчы фільм стаўся поўнаметражным дэбютам для беларускі, якая атрымала адукацыю ў Варшаўскай кінашколе. “Пад шэрым небам” упершыню паказалі год таму на прэстыжным кінафестывалі аўтарскіх фільмаў Tribeca ў Нью-Ёрку, а потым адзначаны як найлепшы дэбют на агульнапольскім фестывалі ігравога кіно ў Ґдыні, а таксама выйшаў у Польшчы ў пракат.

Плакат 44-га Міжнароднага фестывалю “Młodzi i film”. Крыніца: https://www.mlodziifilm.pl/

Актыўна працуе варшаўскі кінаклуб “Кінакола”, зарганізаваны беларускім прадзюсарам Мікалаем Лаўранюком. 13 чэрвеня ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве ў межах клубу паказалі дакументальную стужку Рамана Шэля “Апошнія словы”. Фільм прысвечаны Алесю Пушкіну і змяшчае ўнікальныя кадры, знятыя цягам апошніх двух гадоў жыцця мастака. Фільм уваходзіў у праграму паказаў фестывалю беларускага кіно “Бульбамуві 2024”. А 25 чэрвеня ў кінаклубе адбылася міні-рэтраспектыва беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы, які з 2021-га жыве ў Польшчы. Гледачы маглі пабачыць ягоныя кароткаметражныя стужкі, створаныя ў 2008–2020 гадах (“Фокусная адлегласць”, “Сваё месца”, “Мімаходдзе”, “Мне трэба поціскаў”), і пагутарыць з аўтарам.

У пачатку чэрвеня стала вядома пра вылучэнне нідэрландскаю ініцыятываю NFF+HBF 75 тысяч еўраў на вытворчасць праекту Дарі Жук Exactly What It Seems паводле апавядання “Менавіта тое, чым здаецца” беларускае пісьменніцы з Нью-Ёрку Таццяны Заміроўскай. Пісьменніца сталася суаўтаркаю сцэнара будучае стужкі. Супрадзюсарка праекту, заснавальніца кінафестывалю “Паўночнае ззянне” і онлайн-кінатэатру Vodblisk Воля Чайкоўская рэпрэзентуе ў гэтым выпадку Эстонію. Чакаецца далучэнне да будучае вытворчасці фільму і партнёраў з польскага боку.

NFF+HBF – супольная ініцыятыва Netherlands Film Fund і Hubert Bals Fund, асабліва цікавая тым, што фінансаваныя ёю праекты аўтаматычна атрымліваюць права на прэмеру на Ратэрдамскім міжнародным кінафестывалі, адным з галоўных сусветных форумаў аўтарскага кіно. Гэтак, у 2004 годзе паказалі ў Ратэрдаме стужку Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, фінансаваны ў тым ліку і Hubert Bals Fund.

10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” у Мінску, дзе выказаў незадавальненне якасцю беларускае кінапрадукцыі, яе касавым і прапагандысцкім патэнцыялам. У віну дзяржаўным кінематаграфістам ставіліся і нізкі мастацкі ды відовішчны ўзровень фільмаў, адсутнасць яркіх прэмераў. Пасля публічнага прыніжэння ды абяцанняў у хуткім часе выправіць становішча кінастудыя і Міністэрства культуры пачалі шалёную PR-кампанію навінак – карцінаў “Адно на дваіх” (пра трагічна загінулых у 2021-м беларускіх вайсковых лётчыкаў) і “Класная” (фільм-прысвячэнне выпускнікам педагагічных ВНУ, якія трапляюць на размеркаванне ў сельскія школы). Працоўны матэрыял апошняе стужкі нават паказалі пільна падабранай фокус-групе на закрытым паказе ў сталічным кінатэатры “Масква”. Рэжысёр “Класнай” – Кірыл Халецкі – раней адзначыўся ў тым ліку прапагандысцкаю кароткаметражнаю стужкаю “Культурны код” (2024), якую прымусова дэманструюць на зарганізаваных сеансах ў дзяржаўных кінатэатрах.

11 чэрвеня пайшоў з жыцця 36-гадовы Андрэй Грынько. Апрача здымкаў кліпаў і рэкламы, ён разам з Максімам Сірым зняў фільм жахаў “Вупыры”, а ў 2021-м на “Беларусьфільме” ў суаўтарстве з Дзмітрыем Дзядком стварыў аўтарскую драму “Гэта я, Мінск”. Апошняй з цэнзурных прычынаў пакуль так і не пабачылі на экране.

Смерць класіка рэжысуры Валерыя Рыбарава 25 чэрвеня, за дзень да ягонага 86-га дня нараджэння, сталася сімвалічнаю рысаю пад мастацкаю спадчынаю былога “Беларусьфільму”. Аўтар дакументальных стужак “Тонежскія бабы”, “Нямая скрыпка”, ігравых стужак “Жывы зрэз”, “Чужая вотчына”, “Сведка”, “Мяне клічуць Арлекіна”, асістэнт Валянціна Вінаградава на шэдэўральным “Усходнім калідоры”, Валерый Рыбараў быў адным з рэдкіх прыхільнікаў нацыянальнага бачання кінематографу ў беларускім савецкім кіно. Гранічная аўтарская бескампраміснасць, непрыманне нізкага вытворчага ўзроўню “Беларусьфільму” шмат гадоў не дазвалялі Валерыю Рыбараву вярнуцца ў прафесію.

Для практычна пазбаўленага значных творчых асобаў кінематографу ў Беларусі сыход абодвух рэжысёраў, ветэрана і маладога, стаўся вялікаю стратаю.

Адсутнасць асобаў, мінімальнай творчай і чалавечай свабоды перашкаджаюць развіццю кіно ў Беларусі. Адсутнасць фінансавання, геаграфічная і людская раз’яднанасць замінаюць беларускім фільммэйкерам у эміграцыі.

 


Тэатр: З Расіяй і “Перамогаю”

Чым болей часу мінае з “таго самага” 2020 году, тым больш змяняецца айчынны тэатр. Расія ўсё больш уцягвае яго ў сваю прастору: ад “нявінных” гастроляў па расійскай глыбінцы, запрашэння творцаў з гэтай краіны і пастановак расійскіх твораў да анансаванай вандроўкі ў акупаваны Крым. Супрацьстаянне гэтаму, апора на ўласную культуру і традыцыі – адзіны шанец ацалець і дачакацца лепшага часу. Што з гэтага (не) удалося, чытайце ў нашым аглядзе.

Рэакцыя на новую сістэму фінансавання і анансаваныя гастролі ў Крыме

У пачатку 2025 году айчынны тэатр перайшоў на новую сістэму фінансавання: цяпер 50 % вылучае дзяржава, 50 % калектывы зарабляюць самі. Неўзабаве ў найлепшых савецкіх традыцыях дзяржаўныя выданні ўчынілі ідэалагічную мікракампанію на падтрыманне новаўвядзення. Пра вартасці новай мадэлі апавялі ў Слонімскім і Брэсцкім драматычных тэатрах, а таксама ў Оперным.

Чаму да такіх выказванняў варта ставіцца з недаверам? Новая мадэль прымушае тэатры ўсімі сродкамі падладжвацца пад новыя ўмовы. Напрыклад, дырэктарка Гродзенскага драмтэатру Вольга Багдановіч прызнавалася, што калектыў прымае антрэпрызныя камедыі з Расіі: маўляў, уласна такі рэпертуар “палюбіўся жыхарам Гродна, расійскім турыстам, якія адзначаюць, што ў нас цікавей і танней”. Як відаць, імкненне зарабіць (ды яшчэ часткова за кошт турыстаў з суседняе краіны) пераважае над развязаннем любых мастацкіх заданняў.

А ў віцебскай “Ляльцы” канстатуюць амаль поўнае знікненне спектакляў для дарослых (на тое паўплывала змяншэнне аб’ёму дапамогі ад дзяржавы і адыход маладых актораў). Абнаўляць гэтую частку рэпертуару ды ажыццяўляць новыя пастаноўкі няма сродкаў.

Лялечны квартал. Крыніца: https://lialka.by/lyalechny-kvartal/

Адзін з калектываў, якія нядрэнна існуюць у новых умовах, – Оперны: нездарма менавіта ён (а не, напрыклад, Купалаўскі) апошнія дзесяцігоддзі ўспрымаўся ўладамі галоўнаю тэатральнаю пляцоўкаю краіны. Доказам гэтай тэзы стаўся і вадаспад званняў, часцяком не даступных іншым трупам. І высокі бюджэт: на пастаноўку “Арлеанскай дзевы”, апошняй прэм’еры сезону, запрасілі запатрабаванага маскоўскага рэжысёра Георгія Ісаакяна, што могуць сабе дазволіць не ўсе калектывы. Дарэчы, гэты рэжысёр правёў паралелі з сучаснасцю і зрабіў сюжэт актуальным (галоўная гераіня жыве ў наш час і спрабуе зразумець, што значыць быць святою Жанай і як перажыць ейны шлях). У сучасным оперным тэатры такое творчае рашэнне даўно не выклікае здзіўлення, але ў Мінску здарылася ці не ўпершыню (дасюль сюжэт часам механічна пераносілі ў іншыя эпохі, але без пераасэнсавання).

Але за ўсё прымушаюць плаціць. Пасля турыстычнай (закрэслена) творчай вандроўкі ў Нікарагуа калектыў выпраўляюць з гастролямі ў акупаваны Крым – выступаць на фестывалі “Херсанэс” у Севастопалі. Трупа збольшага супраць паездкі, але тэатр цісне, у тым ліку намякаючы на магчымыя праблемы ў кар’еры. Тым не менш шмат хто напісаў адмовы, у прыватнасці – удзельнікі аркестру. Ёсць звесткі, што артыстаў прымушаюць падпісаць дакумент: маўляў, тэатр не нясе адказнасці за бяспеку на гастролях. Як нам стала вядома, візіт у Крым нават не афармляецца як камандзіроўка – проста халтура. Прымушае былы супрацоўнік міліцыі Вадзім Мартысевіч, які цяпер займае пасаду намесніка дырэктара тэатру.

Гэтая навіна – проста квінтэсенцыя цяперашняй дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Улады не клапоцяцца пытаннямі бяспекі (калі нешта здарыцца, высветліцца, што чалавек паехаў у Крым самастойна). Жаданні чалавека нікога не цікавяць – пануе прымус. Нормы права (Крым – акупаваная Расіяй тэрыторыя) таксама. Сімвалічна, што балетную трупу – на паўвостраве запланаваныя чатыры паказы “Жызэлі” – павязе “легіянер”, расіянін Арцём Макараў, які з траўня гэтага году не толькі галоўны дырыжор тэатру, але і яго мастацкі кіраўнік, а паралельна працуе галоўным дырыжорам Маскоўскага дзіцячага музычнага тэатру імя Наталлі Сац і, паводле нашай інфармацыі, нячаста з’яўляецца ў Мінску (але вандроўка ў Нікарагуа без яго не абышлася).

Меркаваныя гастролі ў Крым абураюць візітам на акупаваную тэрыторыю, а таксама відавочнай адсутнасцю захадаў бяспекі. З вандроўкамі на карэнную тэрыторыю Расіі такіх праблемаў няма. Таму гастролі айчынных калектываў туды робяцца звыклаю з’яваю. Напрыклад, Горкаўскі тэатр ездзіў у Тамбоў, Омск і Курган. ТЮГ быў у Новакузнецку і Новасібірску. Музычны сёлета пабываў у Туле, Варонежы, Бранску, Стаўрапалі, Пензе, Туле і Калузе. Зрэшты, у цяперашніх умовах Расія – ці не адзіны магчымы кірунак для гастрольных вандровак.

“Перамога” Купалаўскага і аншлагі Тэатру лялек

Астатнія калектывы працягваюць існаваць у звыклых умовах. Напрыклад, у Купалаўскі ўжо які год квіткі можна з лёгкасцю набыць ледзь не перад прэм’ераю. Мастацкая кіраўніца калектыву Вольга Няфёдава канстатуе: тэатр дасюль не здолеў аднавіцца пасля масавага сыходу ў 2020-м. Там ніяк не могуць знайсці працаўнікоў. Не стае і актораў, таму адміністрацыі даводзіцца запрашаць на асобныя ролі актораў з іншых тэатраў. 

Змены напаткалі хіба чарговы, Трэці фестываль “Перамога”, які ладзіцца на базе Купалаўскага. Сёлета праграма істотна пашырылася: калі ў 2023-м y афішы былі 8 спектакляў, то цяпер – ажно 15. У праграме з’явіліся “Сымон-музыка”, інсцэнізацыі паводле Кіра Булычова, Івана Мележа, Кандрата Крапівы. Гэтыя творы не маюць ніякага дачынення да тэмы Другое сусветнае. Такім чынам улады, прасоўваючы магістральную тэму, адначасова завабліваюць на форум гледачоў, якім тая не надта цікавая. У дадатак пашырылася геаграфія “Перамогі”: у Мінск завітаў монаспектакль “Блакадны дзённік Александрынкі” з аднайменнага расійскага калектыву. Упершыню ў межах фэсту пасля кожнага паказу ладзіліся абмеркаванні з удзелам крытыкаў, што засталіся ў краіне і працуюць у дзяржаўных установах. Зноў-такі ўпершыню на гэтым форуме адбыліся майстар-класы – праграма стала больш арыентаваная на практыку. Таму жарты, што раней у Мінску быў фестываль “ТэАрт”, а цяпер “Перамога”, атрымалі другое дыханне.

Шмат вайны і крыху міру. Беларусь і Расія. Купалаўскі як асноўная пляцоўка. Для новага пакалення, якое прыйшло ў тэатр за апошнія пяць гадоў, гэта норма. Для іх форум сапраўды заняў месца папярэдніка, бо альтэрнатывы няма. Цікава, што пасля заканчэння фестывалю яго пастанавілі арганізоўваць “не штогод, а да юбілеяў Перамогі”. Але што гэта значыць? Весці адлік гадавінаў з падзеяў 1944-га (вызваленне Беларусі) і 1945-га (заканчэнне вайны)? Аднак тады форумы будуць ладзіцца дзве вясны запар, а потым з паўзаю на некалькі гадоў. Што выйдзе, пабачым.

На гэтым фоне насычаным жыццём працягвае жыць сталічны Тэатр лялек. Яго рэпертуару таксама не мінае ваенная тэма. Але кантраст з іншымі відавочны. Напрыклад, Тэатр-студыя кінаактора ладзіць “чос”: цягам пяці травеньскіх дзён яго “Радавых” паказвалі Моладзеваму парламенту, Нацыянальнаму банку, прадстаўніцтву “Рассупрацоўніцтва” ў Беларусі, выкладнікам і навучэнцам сталічных фінансава-эканамічнага каледжу і гімназіі-каледжу мастацтваў. Але гаворка пра спектакль паводле п’есы Аляксея Дударава, напісанай яшчэ ў 1980-х. А вось галоўны рэжысёр сталічнага Тэатру лялек Яўген Карняг абірае іншы, дасюль не запатрабаваны ў аналагічных тэатрах твор – “Знак бяды” Васіля Быкава – і стварае на яго аснове пастаноўку “Хутар”. Гэтае дае магчымасць прытрымлівацца правілаў гульні і захаваць магчымасць уласнага выказвання. Дарэчы, пакрысе гэты калектыў робіцца аўтарскім тэатрам Карняга, чаго ў сучаснай Беларусі не можа сабе дазволіць ніхто.

Афіша пастаноўкі “Хутар”. Крыніца: https://puppet-minsk.by/spektakli/spektakli-dlya-vzroslykh/item/285-khutar

Не дзіўна, што тэатралы, як і папярэднімі месяцамі, штурмуюць касы. Гледачы скардзяцца на немагчымасць набыць квіткі. Дырэкцыя абураецца атакамі ботаў і нахабствам перакупаў. Ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі і ажыятажу сярод публікі тэатр можа заставацца і ўспрымацца культавым яшчэ доўгі час. Бо для такога статусу недастаткова толькі прыгожага выгляду: інстаґрамныя спектаклі рэжысёркі Таццяны Самбук у ТЮГу не дадуць схлусіць. Патрэбныя яшчэ шлейф, легенда і гісторыя (чаго, напрыклад, пакуль бракуе дастаткова запатрабаваным харэаграфічным спектаклям сталічнага Моладзевага). У Тэатры лялек Карняг не ноўнэйм і прыйшоў не на пустое месца – яны ёсць.

Рамонт Музычнага і гастролі Купалаўцаў

Астатнія падзеі і тэндэнцыі акрэслім пункцірам. 

Надзвычай моцная застаецца сувязь з Расіяй, што праяўляецца ў розных формах (акрамя згаданых вышэй). Праз расійскую мову – менавіта на ёй у Гомельскім моладзевым граюць “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, хоць класік беларускае літаратуры пісаў на роднай мове. Праз выбар твораў – да пастаноўкі ў Музычным рыхтуюць мюзікл “Рымскія вакацыі” (паводле аднайменнага фільму), твор напісаў расійскі кампазітар Андрэй Кротаў. Дарэчы, гэты тэатр у пачатку 2026 году плануюць закрыць на рэканструкцыю: плануюць мадэрнізаваць будынак, абнавіць абсталяванне, сцэну, залы ды іншыя памяшканні. Музычны – ці не апошні тэатр у сталіцы, якога рамонт пакуль не закрануў. 

Працягваюцца рэпрэсіі. З таго, што на паверхні, – у спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў залучылі сайт тэатральнага бюро ў Варшаве “BY teatr” і яго сацыяльныя сеткі. Але гэта толькі вяршыня айсберга – шмат аналагічных фактаў цяпер расказваюць выключна з абяцаннем не публікаваць іх.

У асвятленні тэатральных навінаў медыі пачынаюць рабіць стаўку на TikTok. Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці рэцэнзіяў гэта цалкам лагічна. Але ўзнікае праблема: меркаванням гледачоў-аматараў давяраюць апрыёры. Напрыклад, гледачы абурыліся мастацкім узроўнем вечара аднаактавых балетаў “Скокі” (“Балеро”, “Скокі смерці”, “Кармэн”), якія паставіў Ігар Колб. Паводле прыватных кулуарных водгукаў разумеем, што тую пастаноўку сапраўды ацэньвалі нізка. Але можа здарыцца, што публіка не зразумее наватарскай пастаноўкі – і тады менавіта гэтае меркаванне будзе транслявацца ў медыях. Да таго ж гледачы прапануюць вяртаць у рэпертуар працы Валянціна Елізар’ева з 1970-х. Цяжка ўявіць сучаснага эксперта, які будзе прасоўваць такую ідэю.

У замежжы актывізаваліся Купалаўцы. Адыграўшы ў канцы сакавіка ў Варшаве чатыры спектаклі ў фармаце Тыдня тэатру (з онлайн-трансляцыяй на YouTube), яны на гэтым не спыніліся. “Камедыю Юдзіфі” паказвалі ў красавіку ў Любліне, “Зэкамерон” прывозілі ў Вільню і Цюрых, Даўгаўпілс. У канцы чэрвеня адбылася прэм’ера спектаклю “Валізка” ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева.

Камедыя Юдзіфі. Крыніца: https://ck.lublin.pl

Эстафету падхапілі і іншыя ініцыятывы. У чэрвені Тутэйшы тэатр зладзіў першы паказ дакументальнага спектаклю Status, прысвечаны тэме ВІЧ. У тым жа месяцы калектыў “Дзея другая” рыхтаваў пастаноўку “Быкаў і ягоныя д’яблы” – прэм’еру з пэўных прычынаў давялося перанесці. Яшчэ раней, у траўні, у варшаўскім тэатры Studio прайшла прэм’ера спектаклю “2049: Witaj, Abdo” паводле п’есы айчыннага драматурга Мікіты Ільінчыка – твор прысвечаны праблеме міграцыі. Акторка Паліна Дабравольская вярнулася з перамогаю з фестывалю ў Румыніі, дзе паказвала сваю саўндмонадраму “SarmaTY/JA”.

Гэта сведчыць, што тэатральны працэс у замежжы працягваецца. Як працягваюцца спробы – што там, што тут, у краіне – захаваць ідэнтычнасць і адметнасць.

 


Музыка: Вяртанне буйных фестываляў і міжнародныя поспехі

Беларускае музычнае жыццё з красавіка да чэрвеня паспяхова намацвала кропкі росту. Поспехі былі на міжнародным і лакальным узроўнях. У краіну вярнуліся папулярныя фэсты, музыкі прэзентавалі каля 500 рэлізаў, а два гурты паказалі неймаверны міжнародны скачок у сваіх кар’ерах. Нягледзячы на гэта, артысткі ў эміграцыі і ў краіне працягваюць сутыкацца са складанасцямі. Яднае адно: немагчымасць паўнавартасна займацца выключна музыкаю. 

Беларускія гурты працягваюць выходзіць на міжнародны ўзровень

Беларускія артысты паказалі сваю вартасць на міжнародным узроўні. Самы папулярны беларускі гурт у свеце цяпер – Molchat doma выступіў на KEXP. Выступ запісалі яшчэ ў сакавіку, але ў публічным доступе ён з’явіўся ў траўні. Беларусы зайгралі чатыры песні, две з іх – з апошняга альбому “Belaya Polosa”.

KEXP – радыёстанцыя, створаная ў Сіетле працаўнікамі і студэнтамі Вашынгтонскага ўніверсітэту ў 1972 годзе. У 2006-м медыя запусціла YouTube-канал з эксклюзіўнымі студыйнымі канцэртамі. У свой час там выступалі Florence and the Machine, Arctic Monkeys, “The XX, Alt-J, GusGus ды іншыя знакамітасці.

У канцы красавіка мэталісты Extermination Dismemberment абвясцілі, што выступяць на Wacken – адным з галоўных мэтал-фэстаў свету. Дарэчы, на імпрэзу прадалі ўсе 85 тысячаў квіткоў. Сёлета ў лайнапе – Guns N’ Roses, Gojira, Papa Roach, Machine Head”і іншыя. Extermination Dismemberment – другі беларускі гурт пасля Irdorath, які зайграе на гэтым буйным фэсце. 

Электроннікі Rap&Vogue у кастрычніку выступяць на фестывалі “Waves Vienna”, а пасля выправяцца ў невялічкі тур па Еўропе.

Гурт “Барысаўскі тракт” адзначыўся адразу дзвюма падзеямі. Менчукі выступілі на шоўкейсе “Bandlink” у Маскве, дзе іх адзначыў галоўны рэдактар VK-музыкі і былы музычны рэдактар “Вечернего Урганта” Сяргей Мудрык. Таксама гурт закалабіўся з рэстаранам mak.by. У супольным роліку чуем іх апошні сінгл “Лето”. 

Адразу тры беларускія гурты выступілі на шоўкейсе Music Week Poland: “Касіяпея”, Volski і Son of Deni.

Вяртанне буйных фэстаў і з’яўленне новых

У Беларусі пераважную колькасць канцэртаў давалі расійскія артысты. Гурт “Руки вверх” тры разы запар сабраў “Мінск-арэну”, тройчы быў солдаўт. Для аматараў індзі ў сярэдзіне траўня ў Prime Hall выступіў гурт “Sirotkin”.

“Дразды” – калектыў з самым шчыльным гастрольным графікам – аб’явіў пра завяршэнне сцэнічнае кар’еры. Лідар гурта Віталь Карпанаў патлумачыў пастанову стомленасцю і немагчымасцю ладзіць канцэрты ў абласных гарадах. Ён адзначыў, што гэта адбываецца праз некаторых гіперактыўных блогераў. Каго менавіта ён меў на ўвазе, невядома, але паводле ўскосных прыкметаў можна здагадацца, што гаворка аб праўладнай блогерцы Вользе Бондаравай, якая неаднаразова крытыкавала “Дразды” ў сваіх допісах.

У канцэртнае жыццё краіны ўварваліся пасля перапынку адразу некалькі маштабных фестываляў. Пасля сямігадовага перапынку вярнуўся Stereo Weekend, лайнап якога складалі расійскія і беларускія выканаўцы. Хэдлайнерамі сталіся Антоха МС, “Моя Мишель”, Mnogoznaal.

“Lidbeer” жа вяртаецца пасля двух гадоў перапынку. Хэдлайнеры фэсту – таксама расійскія зоркі: Юлія Савічава, Аляксандр Пушны і Антон Токараў. Са знакамітых беларусаў выступіць “Барысаўскі тракт”.

У сярэдзіне чэрвеня на стадыёне “Дынама” прайшоў “Belbet Fest”. Тут таксама адзначыліся расійскія артысты: “Дискотека авария”, “Моя Мишель”, Люся Чабоціна ды іншыя. Беларусаў прэзентавалі трыа Nkeeei, Uniqe і Artem Shilovets.

Калі згаданыя фэсты маюць нейтральны ідэалагічны складнік, то пра “Сонцастаянне” ў Пружанах такога сказаць нельга. Бальшыня хэдлайнераў тут – расійскія зоркі, якія падтрымалі агрэсію супраць Украіны. Адзін з невідавочных арганізатараў фэсту – Аляксандр Зайцаў, бізнесовец, які раней валодаў футбольным клубам “Дынама” (Брэст). У 2024 годзе ён зарэгістраваў юрыдычную асобу “Сонцастаянне”. Публічным жа тварам як адзін з арганізатараў фэсту выступае Дзмітрый Ракусаў, былы крэатыўны дырэктар “Дынама” (Брэст) і былы працаўнік фірмы Зайцава Sohra Group. З 2004-га да 2013 году Ракусаў працаваў у міліцыі, цяпер займае пасаду кіраўніка Першай прадзюсарскай кампаніі. 

Паралельна з фестывалямі і канцэртамі расійскіх выканаўцаў выступалі і беларускія артысты. У траўні каля Брэсту адбыўся фестываль MotoPovodBrest на якім адзначыліся Iva Sativa, Passive Voice і “Сны синей собаки”. Апошнія таксама ў пачатку траўня зайгралі супольны канцэрт з расійскім пост-панк гуртом “Дурной вкус”. Iva Sativa ў канцы чэрвеня зладзіла сольнік у Гродне. У Мінску на свае народзіны сыграў Ян Клапоцкі.

Улады паказалі спробы прыцягнуць на свае імпрэзы моладзь. У Гродне на “Выпускным над Нёмнам” выступілі аўтары хіта “Гламур” Nkeeei, Uniqe і Artem Shilovets. На “Мінск-арэне” хэдлайнерам апошняга званка стаўся Алег Маямі, а ў Магілёве выступіла Вольга Бузава. 

Праблемы з “гастролькамі” і адсутнасцю пляцовак для выступаў

Кантэкст, у якім існуюць артысты ў краіне, застаецца няпростым. 

Музыкі ў Беларусі працягваюць сутыкацца з нястачаю пляцовак для выступаў. Паводле іх, месцаў, дзе можна зладзіць канцэрт, няшмат і больш не робіцца. У сярэдзіне красавіка зачыніўся клуб “Бруге” – праз брак грошай і рэканструкцыю будынку, у якім ён месціўся.

У Мінску беларускія гурты выступаюць на некалькіх пляцоўках, якія можна пералічыць на пальцах адной рукі. І калі сталіца мае хоць якую альтэрнатыву, то ў рэгіёнах сітуацыя значна горшая. У абласных цэнтрах існуюць адна-дзве кавярні, дзе ладзяцца канцэрты беларускіх камандаў. Адна з найгоршых сітуацыяў з пляцоўкамі склалася ў Брэсце. Нешматлікія існыя месцы аддаюць перавагу кавер-бэндам, якія дакладна прыводзяць слухачоў. 

Не паляпшаецца сітуацыя і з арганізацыяй канцэртаў. Акрамя таго, што амаль на кожны выступ трэба рабіць пасведчанне, арганізатараў імпрэзаў больш не робіцца. Збольшага імі цяпер выступаюць дзяржаўныя ўстановы, як абласныя філармоніі. Такая сітуацыя вымушае беларускіх артыстаў рабіць закрытыя кватэрнікі, каб абысці камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі.

Для музыкаў у эміграцыі сітуацыя з канцэртамі выглядае значна лепш. У траўні NaviBand даў вялікі канцэрт у варшаўскім клубе Progressia. Невялічкі еўратур зладзіла “Касіяпея”, а Dzieciuki абвясцілі пра супольны выступ на польскіх канцэртах з легендамі фолк-панку The Real McKenzies

Часам артыстам з Беларусі ўдаецца даваць канцэрты за межамі краіны.

Не спыняюцца рэпрэсіі супраць музыкаў. У канцы чэрвеня затрымалі лідара гурта “Палац” Алега Хаменку. Пазней стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Сацыяльныя сеткі гурта Dzieciuki былі прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыяламі. Імі ж сталіся і сацыяльныя сеткі гурта Brutto

Куды больш упэўнена адчуваюць сябе ў Беларусі расійскія артысты. 22 чэрвеня, у Дзень памяці і смутку, у Брэсце выступілі “Любэ” і “Чычэрына” – гурты, якія актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне. У Гродне на 9 траўня выступіла Паліна Гагарына. У цэлым, афіша канцэртаў у Беларусі працягвае складацца з пераважнае бальшыні расійскіх артыстаў. 

Рэлізы ад легендаў беларускае музыкі і новыя зоркі лакальнае сцэны 

З красавіка да ліпеня беларускія артысты прэзентавалі каля 500 рэлізаў (песень, альбомаў, сінглаў). З адметных навінак варта адзначыць дэбютны міні-альбом гурта Passive Voice “В конце все будет хорошо”, што канцэптуальна падышоў да рэлізу. Была офлайн-прэзентацыя, прадуманыя вобразы на альбоме і сніпэты на кожны трэк. 

Канцэптуальна папрацаваў і пост-панк гурт “Сны синей собаки”. Яны знялі правакацыйны сніпэт на песню Art Deco. Атрымалася злабадзённа ды іранічна. З канцэпцыяй падыходзяць да свайго поўнафарматніку і поп-панкі Zvonku. На кожны трэк яны знялі кліп, адзін з іх – у палацы Горватаў у Нароўлі.

Пасля 10-гадовага перапынку з рэлізам вярнулася “Крамбамбуля”. Песня “Толькі перамога” выйшла бадзёрым ска-панкам з уласцівымі для Лявона Вольскага вобразамі і метафарамі. З новаю песняю вярнуўся і Сяргей Міхалок. “Ляпіс Трубяцкі” выпусціў трэк “Бритва Оккама”. Прыхільнікі гурта кажуць, што ён не новы, а быў запісаны для трэцяга альбому Drezden, які так і не пабачыў свет.

Парадаваў слухачоў і Іван Кірчук. Спыніўшы “Тройцу”, ён запусціў разам з музыкамі з Канады праект “3MЫ”. Гурт выпусціў альбом Nekrut, у аснове якога ляжыць гісторыя вечнага салдата. Сюжэт адсылае слухача да часу, калі вайсковая служба магла цягнуцца ажно 25 гадоў. 

З новым альбомам вярнуўся і фрык-поп гурт “Касіяпея”. “Биполярная звезда” – зборнік цёмных самаіранічных казак, пад якія немагчыма не танчыць.

На стрымінгах беларусы працягнулі збіраць свае мільёны слухачоў. У Spotify паводле праслуховаўнняў па-ранейшаму ў лідарах Molchat doma з амаль трыма мільёнамі праслухоўванняў за месяц. У “Яндекс.Музыка” лідары – Iowa і Б’янка: у іх амаль 6 мільёнаў праслухоўванняў. Цікава, што беларускіх мільённікаў на “Яндексе” ў разы больш, чымся на Spotify: 38 артыстаў супраць 9.

Музычнае жыццё ў Беларусі працягваецца паводле сваіх даволі няўцямных законаў. Артысты робяць маленькія крокі ў прасоўванні творчасці. Культурніцкае жыццё ў краіне звузілася да зусім лакальнага кантэксту. Тым не менш штомесяц тут выдаюцца сотні рэлізаў, і шмат якія з іх вартыя ўвагі.

Беларуская музыка ў краіне сышла з вялікіх пляцовак у больш камерны фармат. З аднаго боку, гэта дазваляе музыкам умацоўваць кам’юніці і трымацца сваіх людзей. З другога – гэта лагічны крок для захоўвання сябе і сваёй ідэнтычнасці. Ніхто не ведае, што можа спрычыніцца да чарговае забароны канцэрту ці трапляння ва ўмоўны чорны спіс.

У эміграцыі ж вектар развіцця значна больш зразумелы. Адны гурты спрабуюць прабівацца на еўрапейскі і польскі рынкі: арганізоўваюць туры, бяруць удзел у шоўкейсах, фестывалях і конкурсах. Другія працягваюць граць канцэрты для беларусаў у эміграцыі, гэтак ствараючы кам’юніці вакол сябе.

 


Традыцыйная культура: Трэнды ў Беларусі і замежжы

У чарговым аглядзе падзеяў у сферы традыцыйнае культуры аналізуем трэнды ў галіне, адмовіўшыся ад тэматычнага падзелу на святы, танцы, спевы і рамёствы, але маючы яго на ўвазе. Застаўся падраздзел пра найбольш істотныя публікацыі, на якія раім звярнуць увагу. Сярод заўважных трэндаў у Беларусі – вялікая ўвага да рамёстваў і інструментальнае выкарыстанне традыцыйнае культуры для падкрэслівання збліжэння з Расіяй. У замежжы адзначылі далучэнне беларускіх гуртоў да мясцовых культурніцкіх ініцыятываў і вялікую долю забаўляльнага кантэнту ў відэапрадукцыі, якая папулярызуе традыцыйную культуру.

Найбольш заўважныя віды традыцыйнае культуры: рамёствы – у Беларусі, святы і танцы – у замежжы

З усіх відаў традыцыйнае культуры рамёствы найчасцей фігуруюць у медыяпрасторы, калі кажам пра сітуацыю ў Беларусі. Да таго ж вельмі разнастайныя шляхі іх папулярызацыі. У гарадах праходзяць шматлікія выставы майстроў народнае творчасці. Лекцыі пра рэгіянальныя строі адбываюцца на розных пляцоўках у Мінску. Часта можна пабачыць абвесткі пра майстар-класы. У велікодны час асабліва шмат запрашэнняў навучыцца рабіць пісанкі, але, у адрозненне ад замежжа, нам не сустрэлася публічная інфармацыя пра пляценне велікодных павукоў, нягледзячы на нескладанасць тэхналогіі, якую мы адзначылі ў мінулым аглядзе як адзін з фактараў папулярнасці такіх заняткаў сярод беларусаў замежжа на Каляды. Магчыма, яшчэ адзін фактар, які на гэта ўплывае, – даступнасць саломы на еўрапейскіх маркетплэйсах. 

Працягвае набіраць папулярнасць стылістыка маляванак: яе выкарыстоўваюць на майстар-класах роспісу торбачак, малявання на шкле, дэкаравання глінянага посуду. Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў вядзе адукацыйную дзейнасць у віртуальнай прасторы, у тым ліку прысвячаючы шмат увагі традыцыйнаму тэкстылю. Рэкамендуем відэа на YouTube-канале ўстановы. Арыгінальную форму папулярызацыі рамёстваў выкарыстоўваюць у Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я ў Полацку: там усё лета працуе дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка “Раз, два, тры – набіванку збяры!”.

Нядзіўна, што рамёствам надаецца больш увагі ў Беларусі, як за яе межамі, бо ў краіне застаецца бальшыня, так бы мовіць, матэрыяльнае базы. І калі на школы ткацтва ўвесну запрашалі ў Гудзевічы і Ліду, то ў замежжы іх зарганізаваць было б праблематычна.

У замежжы ж найбольш увагі ў медыях і сацыяльных сетках прыцягваюць святкаванні і танцавальныя падзеі. Гэта тлумачыцца масавасцю такіх падзеяў адносна агульнае колькасці беларусаў у пэўнай краіне і ўцягнутасцю дыяспары ў гэтыя імпрэзы. У Беларусі нікога не здзівіш святкаваннем, зарганізаваным дзяржаўнай установаю культуры, і яно, хутчэй, не станецца вялікай інфармацыйнаю нагодаю.

Інструментальнае выкарыстанне традыцыйнае культуры ў дзяржаўных інстытуцыях для падкрэслівання збліжэння з Расіяй

Ініцыятывы такога кшталту мы заўважылі пераважна ў Магілёўскай вобласці. Напрыклад, Магілёўскі музей этнаграфіі зрабіў выставу “Беларусь – Расія. Перапляценне культураў”, а Музей гісторыі Магілёва – беларуска-расійскі (гэта падкрэсліваецца на афішы і ў прэс-рэлізах) выставачны праект “Народны касцюм – жывая традыцыя лёсу”. Ансамбль цымбалістаў “Спадчына” з Бабруйску выступіў у расійскім Тальяці ў межах імпрэзаў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Арт-група “Магілёўцы” ўзяла ўдзел у конкурсе “Танцуй и пой, Россия молодая” ў Маскве. Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнае творчасці супольна з установамі культуры Бранску зарганізаваў выставу, прысвечаную традыцыйнай культуры двух рэгіёнаў “Славянская повада – душе отрада!”. Частка пералічаных імпрэзаў прайшла ў межах пагаднення аб супрацы паміж Магілёўскай і Бранскаю вобласцямі. Аднак такую ўвагу да супрацы з Расіяй немагчыма патлумачыць толькі гэтым пагадненнем. 

Дзеля справядлівасці варта адзначыць: праекты, якія падкрэсліваюць сувязі Беларусі і Расіі, рэалізуюцца не толькі ў сферы традыцыйнае культуры і не толькі ў Магілёўскай вобласці. Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей у Мінску супольна з Расійскім музеем у Санкт-Пецярбурзе ў канцы 2024 – красавіку 2025 гадоў паказаў у двух гарадах праект “Расія – Беларусь. Перакрыжаванне лёсаў”. Аднак па-за Магілёўшчынаю звестак пра такія імпрэзы сустракаецца значна менш.

Відэапраекты: ад забаўляльных да адукацыйных

У некаторых відэапраектах тэлеканалу “Белсат”, якія закранаюць тэму традыцыйнае культуры, варта адзначыць перавагу забаўляльнага складніку над адукацыйным. Напрыклад, у фільме “Кола жыцця” рэжысёра Арцёма Лобача, прысвечанага традыцыйным святам, заяўлены ў тытрах эксперт ні разу не з’яўляецца на відэа. Глядач назірае змену прыгожых кадраў са святкаванняў у пленэры і размоваў герояў, гэтым разам знятых у студыі. З праграмаў серыі “Падляшскія вакацыі” (ужо выйшлі першая, другая і трэцяя) неабазнаны глядач можа не зразумець, што некаторыя раёны польскага Падляшша – частка беларускай этнічнай тэрыторыі, адкуль там увогуле беларусы і як класіфікуюцца падляскія гаворкі, бо ў відэа няма каментароў экспертаў на гэты конт ці адпаведных мапаў (хаця абяцаюць, што ў канцы цыклу героі створаць уласную мапу беларускага Падляшша). Але “Падляшскія вакацыі” – гэта цікавае відэа ў стылі роўд-муві, дзе мясцовая моладзь паказвае аднагодкам з Беларусі сваю малую айчыну. 

У праекце “Белсату” пра гістарычны строй “Нітка зорка” з удзелам Кацярыны Ваданосавай робіцца спроба сумясціць забаўляльны і адукацыйны складнікі. На думку нашага эксперта, гэта няблага атрымліваецца, відэа выходзяць даволі інфарматыўныя. За апошні час пабачылі свет некалькі выданняў на тэму традыцыйнае культуры: пра саян, мужчынскія кашулі, панямонскі строй, экспедыцыю Вацлава Ластоўскага 1928 году.

Як прыклад перавагі інфармацыйнага складніку над забаўляльным можна прывесці фільм “Зерне памяці(“Ziarno pamięci”) пра гісторыю Музея малой айчыны ў Студзіводах рэжысёркі Бэаты Гыжы-Чалпіньскай, выпушчаны рэгіянальным аддзяленнем тэлеканалу TVP у Беластоку. Ён выйшаў у серыі “Сведкі часу” (“Świadkowie czasu”), з якой можна даведацца і пра іншыя аспекты традыцыйнае культуры Падляшша.

Запатрабаванасць забаўляльнага кантэнту можна патлумачыць агульнымі тэндэнцыямі медыяспажывання: усё складаней трымаць увагу гледачоў, якім сумна глядзець на эксперцкія гаваркі галовы. У той жа час беларускія грамадска-палітычныя медыі заўсёды дэкларавалі місію захавання беларускае культуры, і варта было б падумаць, ці спрыяе добраму яе выкананню пераважна забаўляльны кантэнт.

Далучэнне беларускіх гуртоў за мяжою да мясцовых культурніцкіх ініцыятываў

На момант выхаду нашага папярэдняга агляду ўжо было вядома, што беларускія гурты “Касары” і Kapela Tryhradzka сталіся лаўрэатамі прэстыжнага конкурсу Stara Tradycja. Яны выступілі на канцэрце падчас фестывалю Wszystkie Mazurki Świata ў Варшаве 23 красавіка. Акрамя таго, на фестывалі прайшоў майстар-клас беларускіх танцаў ад кракаўскай капэлы Po Drodze, што грае і беларускую, і польскую музыку. Адбылася лекцыя Сержука Доўгушава пра беларускія народныя музычныя інструменты. Своеасаблівым пасляслоўем фестывалю сталася танцавальная вечарына ў Ґданьску 14 чэрвеня, дзе супольна зайгралі лаўрэаты конкурсу Stara Tradycja: польская капэла Barankiewicze і беларуская Kapela Tryhradzka

У красавіку на этнамузыкалагічным семінары ў Варшаве прагучалі некалькі дакладаў, прысвечаных беларускай традыцыйнай музыцы.

У траўні беларускія музыкі ў эміграцыі бралі ўдзел у фальклорных імпрэзах, зарганізаваных беларусамі Падляшша (Музеем малой айчыны ў Студзіводах каля Бельску-Падляскага): сустрэчах у традыцыі “Там по маёвуй росі” і ў Міжнародным фестывалі дудароў, лірнікаў і спевакоў у Мельніку і Радзівілаўцы. Беларусы выступалі таксама на фестывалі Skamba Skamba Kankliai у Вільні. Акрамя апошняга, гурт “Беларускі цуд” браў удзел у Днях вулічнае музыкі ў Вільні.

Працягвае браць удзел у амерыканскіх фестывалях беларускі гурт Volya з Сіетлу: напрыклад, у траўні прэзентаваў на Northwest Folklife Festival альбом “На новае лета”.

Хутчэй за ўсё, удзел беларускіх гуртоў замежжа ў мясцовых культурніцкіх ініцыятывах будзе павялічвацца, бо чым даўжэй чалавек застаецца ў эміграцыі, тым больш абрастае сувязямі і кантактамі, а беларуская дыяспара не мае замкнёнага ладу жыцця.

Найбольш істотныя публікацыі

12-ае выданне часопісу “Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні” Цэнтру даследаванняў беларускае культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта адзіны часопіс у галіне фалькларыстыкі з тых, што выходзіць у Беларусі, які індэксуецца ў міжнароднай базе Scopus.

Ілюстраваны альбом “Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм” выдавецтва “Беларусь”, падрыхтаваны на аснове аднайменнага выставачнага праекту Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь.

Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм. Крыніца: https://www.izdatelstvo.by/catalog/nauchno_populyarnaya_i_spravochnaya_literatura/1066/

Зборнік “Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна: даследаванні і матэрыялы”, выдавецтва “Беларуская навука”. З анатацыі: “Кніга прысвечаная 645-годдзю Шарашова, радзімы выдатных даследчыкаў-этнографаў Паўла Баброўскага і Юзэфа Ігната Крашэўскага. У Шарашове добра захавалася традыцыйная забудова, помнікі архітэктуры, якія з’яўляюцца ў нашы дні аб’ектамі вывучэння даследчыкаў розных напрамкаў. Усё гэта абумоўлівае ўвагу да гэтага месца гісторыкаў, этнолагаў, фалькларыстаў і мастацтвазнаўцаў”.

Кніга “Беларускія калыханкі”, выдадзеная праектам “Этна традыцыя”. З анатацыі: “У кнізе сабраныя калыханкі з усіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Падляшша і Палесся. Апрача нотаў і тэксту, кожная песня мае гукавую версію, якую можна праслухаць, сканаваўшы QR-код”.

Кніга “І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі”. З анатацыі: “Кніга з’явілася на свет як памяць пра вясковых спевакоў-старавераў заходняга Падзвіння, якія пранеслі скрозь стагоддзі сваю багатую культурную спадчыну. Як памяць пра тыя даўнейшыя песні, што бясследна знікаюць разам з адыходам у лепшы свет людзей старэйшага веку”.

Праграма курсу “Беларусазнаўства”, распрацаванага Інстытутам беларускае мовы. Вялікую частку праграмы займаюць тэмы, прысвечаныя традыцыйнай культуры. З анатацыі: “Праграма мае мэтай пашырэнне ведаў пра Беларусь і беларусаў. Адрасавана шырокай аўдыторыі: беларусам, якія жывуць у Беларусі і па-за яе межамі, а таксама ўсім зацікаўленым у пашырэнні сваіх ведаў пра культурную і гістарычную спадчыну Беларусі, яе геапалітычнае становішча і аспекты сучаснага развіцця. Праграма не прывязана да канкрэтнай навучальнай установы, распрацавана як “гнуткі базіс”, які, з улікам канкрэтнай мэтавай групы можна дапаўняць і прыстасоўваць да патрэб канкрэтнай спецыяльнасці і ўзросту навучэнцаў”.

 


Арт: Галовы без целаў і капіталійская ваўчыца ў вазку 

Нашыя развагі пра сучасныя працэсы ў выяўленчым мастацтве – збольшага толькі суб’ектыўная праца назіральніка з адлегласці маніторнай оптыкі, якая не дазваляе беспасярэдне адчуць уплыву прасторы і матэрыялу, дадаючы шклянога глянцу і рэфлексаў. Нашыя веды абмежаваныя выказваннямі ў публічнай прасторы і медыйнаю рэпрэзентацыяй за мяжою з улікам цэнзуры памерам з цэлую краіну і страхам цэлага пакалення. 

Ланцуг думак, адлюстраваны ў фота 

Фота застаецца не толькі медыятарам, але і найбольш запатрабаваным сродкам нават сярод мастакоў. Аб’ектывізацыя оптыкі надае здымку моц факту схопленага часу, нават калі гэта сюррэалістычная выява альбо фрагмент калажу. Вялікая частка сёлетняга беларускага выяўленчага мастацтва рэпрэзентаваная на шмат якіх фестывалях і буйных выставах менавіта фатаграфіяй.

Саша Вялічка атрымала гран-пры фестывалю Les Boutographies 2025 у французскім Монпэлье за праект State of Denial. Гэта шматузроўневая канцэптуальная структура, у якой фатаграфія і тэксты, даведзеныя да абсурду, агаляюць механізмы прапаганды і сведчаць пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Мастачка пераасэнсоўвае траўму і цынізм гвалту праз пастановачныя здымкі, створаныя як крытычны і іранічны адказ на інфармацыйны шум прапагандысцкіх медыяў.

Кацярына Кузьмічова – удзельніца адначасова некалькіх выставаў і фестываляў у Вроцлаве, Познані, Бялградзе і Сараеве з праектам Betonium, які фармуецца на працягу гадоў і ахоплівае 11 краінаў. Тут яна даследуе сувязь паміж сучаснаю калектыўнай ідэнтычнасцю ды архітэктурнаю спадчынаю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе элементы позняга мадэрнізму пераплятаюцца з яго бруталісцкім прагматызмам, што беспасярэдне ўплывае на чалавечыя паводзіны. 

Зусім іншы падыход да фатаграфіі бачым у Арыны Есіповіч, якая брала ўдзел у выставах у французскіх Бардо (34-ы Itinéraires des photographes voyageurs) і Плёнэур-Лянвэрне (Exposition Ouverture Avant Les Travaux). Досвед эміграцыі ды перамяшчэння артыстка ператварае ў дынамічны перформанс і інтэрактыўную скульптурную інсталяцыю, што ёсць часткай архітэктурнае прасторы. Пераход ад фатаграфічнае плашчыні да аб’ёмнай геаметрычнай кубатурнай пластыкі кантрастуе з матывамі ландшафту і цела. І, я думаю, аўтарка адмыслова карыстаецца двухсэнсоўнасцю як тэрыторыяй паміж адзінствам і множнасцю, дзе твор як працэс выбудоўваецца ў цэлае і распадаецца на фрагменты, каб падкрэсліць не толькі свой сапраўдны псіхалагічны стан, але і кожнага з нас.

Алекс Кузнец нібыта працягвае дыялог залежнасці паміж геаметрыяй і псіхалогіяй ды выбірае для сваёй выставы ў нямецкім Эбэрсвальдэ будынак, узведзены легендарным Марцінам Ґропіюсам, які сёння выкарыстоўваецца як псіхіятрычная клініка. Набліжаючыся да архітэктуры гэтак блізка, што абавязкова трапляеш у поле абстракцыі, дзе першасныя формы патрабуюць такога ж дэкадавання, як і эмоцыі або згоды з невымоўным.

На яшчэ адным французскім фотафестывалі – Les MesnographiesАляксандр Кот-Зайцаў прэзентуе інтэрпрэтацыю памежнае лініі праз акцэнты пачуццяў, эмацыйных і псіхалагічных станаў, добра зразумелых кожнаму беларусу пасля 2020 году. Свядома выбраны кантраст чорна-белых здымкаў, павялічаных да чалавечага росту і размешчаных на кубах у зелені летняга парку, стварае трагічнае адчуванне непераадольнае замкнёнасці.

У праекце “Даклікатны зрух” Аляксандра Веледзімовіча, прэзентаваным у Ґданьску, – тая ж аналагавая чорна-белая фатаграфія, той жа рэалістычны падыход, псіхалагічны партрэт. Аднак зусім іншы погляд – выбудаваны, шматузроўневае глыбіні, блізкі да герметычнае карціны абагульнення. У кожным кадры – чалавечы позірк нібаты з люстэрка рэчаіснасці паралельнага свету ідэалу і ідыліі, а аўтар – толькі “далікатны зрух” і адбітак дэталяў апарата цуду моманту. 

Праект “Даклікатны зрух” Аляксандра Веледзімовіча. Крыніца: https://roomsgallery.eu/project/aliaksandr_veledzimovich/

Перамяшчаючыся па беларускай мапе Польшчы, зазіраем у іншыя дзіры чорнае скрыні. У інсталяцыі Сяргея Шабохіна “Страх кастрацыі: Цёмны пакой”, прэзентаванай на познанскай выставе “ЛГБТ‑зоны + | Кўір‑мастацтва ў час добрых зменаў”, фатаграфія робіцца правадніком у іншую сацыяльную прастору – даркрумы, цёмныя пакоі гей-клубаў і бараў Варшавы. Лозунг “белая культура баіцца зазірнуць у чорную дзіру” нагадвае пра страхі афіцыйных сістэмаў перад сутыкненнем з маргінальнымі субкультурамі.

Іншыя цёмныя старонкі гісторыі адсылаюць нас да праекту Вольгі Бубіч “Ландшафты памяці” ў Стакгольме, які нагадвае пра тых, хто перажыў Другую сусветную вайну, асабліва ахвяраў канцлагераў. У гэтым праекце спалучаецца досвед аўтаркі як даследніцы, пісьменніцы і візуальнае мастачкі, які імкнецца выявіць тое нямое, непрамоўленае і схаванае – як у падзеях мінулага, гэтак і ў сабе. 

Другая сусветная вайна зноў адгукаецца ў творчасці беларускіх мастакоў як сведчанне таго, што яна яшчэ не скончылася. Праект Марыі Гвардзейцавай “Горкія зёлкі”, прэзентаваны ў Вільні, даследуе, як памяць пра Галакост захоўваецца ў ландшафтах Беларусі і краінах Балтыі, дзе генацыд габрэйскага насельніцтва пакінуў глыбокі след. Для інсталяцыі мастачка выкарыстоўвае расліны з месцаў масавых пахаванняў, а фотаздымкі робяцца фонам для калажоў-гербарыяў. Сутыкненне дакументальных і натуральных артэфактаў быццам сціскае час, увасабляючы памяць цела праз прыроду.

Тэма памяці і руінаў не адпускае актуальнага мастацтва – як працяг рэпрэсаванай у часе культуры, якая з пакалення ў пакаленне вымушаная аднаўляць зруйнаванае. Частку новага праекту архіву Veha “Руіны Беларусі” прэзентавалі ў Познані на выставе “На памежжах”. Гэта вялізны збор прыватных здымкаў, што сведчыць пра багатую спадчыну і адначасова велізарныя страты, нібыта папярэджваючы пра небяспеку сучаснасці. Такі праект, магчыма, не зусім укладаецца ў межы сучаснага арту і жанрава бліжэйшы гістарычнай ці этнаграфічнай працы, аднак добра адлюстроўвае характэрныя рысы сённяшняга беларускага мастацкага працэсу, у якім фальклор і нацыянальная сімволіка адыгрываюць важную ролю.

У пацвярджэнне гэтае думкі хочацца згадаць вельмі прыгожы праект Лесі Пчолкі “Прыдарожныя аб’екты”, паказаны на 15-м Фестывалі маладой еўрапейскай фатаграфіі ў Парыжы. Ён быў натхнёны кнігаю “Беларускія народныя крыжы” этнографа Міхася Раманюка. Аўтарка ішла маршрутам ягонае мапы, аднак ніводнага з крыжоў пры дарогах і скрыжаваннях, згаданых у выданні, яна не знайшла. На іх месцы паўсталі новыя формы. І гэты ананімны традыцыяналізм вольнага паўтору мае нешта агульнае з сучаснаю канцэптуальнаю практыкаю тапаграфіі і цытавання. Фота крыжоў, паўпразрыстыя і амаль натуральнага памеру, у галерэйнай прасторы счытваюцца ў абодва бакі, быццам ствараючы метафару руху скрозь прастору і час.

Праект Лесі Пчолкі “Прыдарожныя аб’екты”. Крыніца: https://www.festival-circulations.com/artiste/pcolka-lesia-2/

Адсутнасць свабоды і магчымасці крытычна выказвацца можа прывесці нават такіх фотамастакоў, як Андрэй Лянкевіч, да парадаксальнага адмаўлення ад мастацкіх практык. Але зачараванасць традыцыяй і імкненне захаваць народную спадчыну – нават праз фальклор – ужо неаднойчы ў гісторыі сілкавалі прагрэсіўны рух: не толькі эстэтычны, але і нацыянальна-вызваленчы. Магчыма, я разважаю як дзеяч XIX стагоддзя, але, быць можа, такі маштабны скан нізавое культуры (прэзентаваны ў праекце “Беларускі традыцыйны інтэр’ер” Андрэя) у яшчэ большай ступені адлюстроўвае недамадэрную сучаснасць, якая ўсё яшчэ працуе над пытаннямі напалеонаўскай эпохі. 

Я паспрабаваў на прыкладзе аднаго выдання звязаць у ланцуг творчыя выказванні беларускіх мастакоў, не зважаючы на асабістую і геаграфічную разрозненасць, існаванне жорсткае мяжы ды зламанасць беспасярэдняе сувязі. Вось чаму канцэптуальнае выказванне пра камунікацыю з Беларусі ў праекце “Парушаючы цішыню” Мінскага НЦСМ такое важнае. Яно сведчыць, што мастацтва як інструмент і мова стасункаў – неймаверна трывалы пасярэднік і медыум. Той выпадак, калі “карціны” кажуць болей за словы. 

Прызвычаенасць да назірання надала шэрагу беларускіх фатографаў якасці куратараў. Дзіна Даніловіч, Сяргей Міхаленка, Людміла Пагодзіна, Даніла Парнюк працягваюць ствараць важныя і яскравыя выставачныя праекты.

“…недзе ў лесе, Беларусь”

Калі казаць аб працэсах у Беларусі, то мяне вельмі зацікавіў праект “Галерэі без месца” Юлія Ільюшчанкі, Іллі Падалкі і Аляксандра Фідлоўскага, зрэалізаваны ў форме кнігі Contemporary Art Magazine / Minsk 2025. З аднаго боку, маем даволі традыцыйны для андэграўнду фармат, з другога – менавіта свежы для сённяшняй стомленай і дэпрэсіўнай атмасферы. Гэта даволі ўдалая спроба знайсці адпаведную форму для даследавання і крытычнага погляду на сітуацыю, да таго ж кніга выявіла зусім іншыя імёны, далёкія ад мэйнстрыму.

Праект “Галерэя без месца”. Крыніца: https://syg.ma/@karen-karnak-1/galereya-bez-opredelennogo-mesta-zhitelstva

Не менш цікаваю формаю супрацьстаяння цэнзуры і пошуку новых тэрыторыяў можа служыць прыклад выставы, арт-пікніку “Лес + закінуты дот” з красамоўнаю дакладнасцю каардынатаў: недзе ў лесе, Беларусь. Тут традыцыя партызанства пераклікаецца з імкненнем да прыроды, а пазітыўны настрой дэманструецца нягледзячы ні на што.

Тэма прыроды па-ранейшаму застаецца важнаю для беларускага мастацтва, гэта не толькі палітычныя і псіхалагічныя “ўцёкі ў лес”, але куды больш важнае разуменне біяфактару як цэласнасці глабальнага свету і самазахавання ў працах BZT. Зварот Георга Ягунова да дагістарычных матэрыялаў і аб’яднанне іх з лабараторнымі расліннымі элементамі нібыта вяртае нас на ўзровень імхоў ды грыбніцаў, але адначасова сціскае час і надае асэнсавання доўгай гісторыі планеты. Юра Шуст даследуе перасячэнне рытуалу, міфалогіі з сучаснаю біяпалітыкаю праз экалагічныя і этнарэлігійныя праекты, дзе новыя тэхналогіі парадаксальным чынам уводзяць нас у свет неапаганства. А фізіка і тэхна дапоўненае рэальнасці ў праектах Алега Юшка ператвараецца ў магічную ды адначасова іранічную гульню, дзе сапраўдныя зместы застаюцца таямніцаю. Халодная тэхналагічнасць і мінімалізм формы дасягаюць амаль палітычнага знаку ў манументальнай відаэінсталяцыі Анны Сакаловай, хвалі і гук мора адкідаюць нас да стыхіі. Мастацтва ўвесь час імкнецца крочыць паралельна прыродзе, на гэтай мяжы і адбываецца даўняя барацьба чалавечага інтэлекту.

І сапраўды, застаецца пытанне пра памежжа: як адбываецца падзел? Дзе разгортваецца сапраўдная інтэлектуальная барацьба? Што такое “новае палітычнае мысленне”? Якія формы адпавядаюць нашаму часу? І ці магчыма будаваць сапраўды новае без падмуркаў гісторыі?

Можна пералічыць толькі назвы шэрагу выставаў, каб зразумець, як тэма мяжы не адпускае беларускіх творцаў. 

Кропка сыходу” Вольгі Архіпавай і Эвеліны Марашкевіч – куратарскі праект, што прэзентуе творчасць беларускіх мастакоў, якія працягваюць творчасць у выгнанні. 

На памежжах”: куратарка Ліза Сцяцко працуе з паняткам “паміж” і канцэпцыяй памежных тэрыторыяў, напоўненых напружанасцю і ціскам. Тут фармуецца беларуская ідэнтычнасць. 

Выстава “Няма ракі без вытоку” Алены Рабкінай пра беларускую ідэнтычнасць. Праект падсумоўвае пяцімесячную даследніцкую працу 11 беларускіх мастакоў з 8 краінаў і адсылае да ідэі калектыўнае памяці ды культурнае спадчыны, падкрэсліваючы значэнне вытокаў і агульных сувязяў. 

Выстава “Няма ракі без вытоку”. Крыніца: https://www.pakd-gallery.com/there-is-no-river-without-sources

Нават выстава, якую распрацавалі беларуская куратарка Лена Прэнц і ўкраінская Таццяна Качубінская, прысвечаная 60-годдзю адной з найбуйнейшых калекцыяў польскага і ўсходнееўрапейскага мастацтва ў галерэі “Арсенал” у Беластоку, у пэўным сэнсе – пра памежжа трох краінаў і тое, як мастацтва выходзіць за палітычныя і архітэктурныя межы, яднаючы чалавечую і гарадскую прастору. 

Зусім іншы настрой – у інсталяцыі Разаліны Бусел у берлінскім Keramikkünstlerhaus, “Межы і абмежаванні. Яшчэ адна цэгла” – паэтычнае разважанне пра страту, пераход і міграцыю, дзе керамічныя формы на мяжы паміж труной і цэглай ператвараюцца ў метафару разбурэння старога жыцця ды складанага нараджэння новага па-за межамі. 

Вяртаемся да вытокаў

З гэтага боку ад мяжы памяць хапаецца за традыцыйнае. Фалькларызм глыбока ўкараніўся і стаўся частым элементам у творах беларускіх мастакоў. Напэўна, адна з найпрасцейшых стратэгіяў разважаць пра нацыянальнае – праз арнамент і сімвал, але яна даволі рызыкоўная для сучаснага арту, бо балансуе на мяжы дэкору і рамеснага вырабу. Праект Вольгі Савіч на 14-м Біенале графічнага мастацтва ў Познані будуецца на спалучэнні традыцыйных узораў і фотаздымкаў асобаў, якіх яна пераўтварае і абезаблічвае, быццам шукае адпаведны знак сённяшняга беларуса.

На берлінскай выставе “Гульні з агнём” Руфіна Базлова, якая ўжо даўно распрацавала ўласны стыль на мяжы вышыўкі і палітычнага коміксу, – выжыванкі – прэзентавала сваю “Герніку”, вялізную працу, у якой замяняе традыцыйнае шыццё на друк штэмпелем з крыжыкам, элемент, які яшчэ больш узмацняе тэму трагедыі – разбуранага расійскімі войскамі тэатру ў Марыупалі разам з дзецьмі, што хаваліся там ад бомбаў.

Нібыта працягваючы гэты дыялог пра адначасовую абарону і небяспеку, Ала Савашэвіч стварае аб’екты ў форме рыцарскіх шчытоў традыцыйным метадам інкрустацыі саломкай, упрыгожваючы іх камуфляжнымі ўзорамі і кветкамі. 

Раман Трацюк для сваіх скульптураў у берлінскай экспазіцыі “Што мы бяром з сабою? Нябачная праца” выкарыстоўвае старыя сякеры, малаткі і кіркі, рытмічна памнажаючы інструментары масавага ўжывання. А Кацярына Кузняцова з Аляксандрам Эдзішэравым увогуле вяртаюцца ў прастору царквы, дзе ствараюць светлавую інсталяцыю ў форме крыжа са скрыняў для гародніны. 

У праекце “Успаміны на дне сэрца” Анастасія Бурко-Дземідзюк выкарыстоўвае дываны, фіранкі, ручнікі – тое, што магло б падмануць наведніка фестывалю сучаснага мастацтва, калі б не інсталяцыйная форма прэзентацыі і выхад за межы звычайнае галерэйнае прасторы.

Нават канцэптуальная мастачка Марына Напрушкіна на Art Encounters Biennial 2025 “Перабежныя гісторыі. Шэпт апавяданняў” ў румынскай Тымішаары звяртаецца да формы дывана з выкарыстаннем арнаментаў і цытавання беларускіх народных песень. І такі падыход сведчыць не толькі пра памяць матчынае мовы і вобразу радзімы, але ў яшчэ большай ступені – пра сучасны феміністычны рух, які дакладна падкрэслівае ды выкарыстоўвае традыцыйныя жаночыя формы і тэхналогіі мастацкага выказвання.

Дзеці асфальту губляюць кантакт з глебаю, не заўважаючы, як крок за крокам народнае падмяняецца папулярным і масавым. Даследаваць сучасны гарадскі фальклор значна складаней, чымся звярнуцца ў бок кітчу. У шматгадовым праекце Аліны і Джэфа Блюмісаў “Карціна для сямейнае вячэры”, шырока прэзентаваным у дортмундскім U, эстэтыка масаў пераўтвараецца ў банальную псеўдадэмакратычнасць. Яшчэ больш яна балансуе на мяжы вульгарнага ў праекце Аліны Gut Feelings

Працэсуальнасць можа падавацца важнейшаю за вынік. Якасць вызначаецца задорам і энергіяй, як у выпадку “Сашы і Сірожы” Аляксея Хацкевіча. Аднак за формаю цынічнага сцёбу амаль заўсёды хаваецца сацыяльная і палітычная крытыка.

У сённяшніх сацыяльна-палітычных абставінах мы звяртаемся да “ратавальных” тэхналогіяў і медыяў, але скан і 3D-друк толькі паўтараюць старажытную капіталійскую ваўчыцу, якой Аляксандр Адамаў дадае інвалідны вазочак. У час алагізму і ірацыянальнасці мы нібыта калекі, што вяртаюцца да сваіх вытокаў. Скульптуры немаўлятаў без рук у прамыслова вырабленых дзіцячых пераносных люльках ствараюць трывожнае спалучэнне знаёмага і чужога, выкарыстанне антычных стандартаў і памнажэнне вірусаў рэдзі-мэйду.

Страчаныя для публічнае культуры логіка і права падобныя да адарванае галавы – скульптуры Алы Савашэвіч на выставе “Гасціннасць” у музеі Nomus у Ґданьску. Мэта праекту – развагі пра найважнейшыя катэгорыі, што фармуюць сучасную Еўропу.

Той жа матыў галавы без цела бачым у прэм’еры Арцемія Копача ў варшаўскім Уяздоўскім замку. Здаецца, гаворка пра іншае – самаідэнтыфікацыю, аўтапартрэт і супраціў матэрыялу, але ў мастацтве з падабенстваў і ствараюцца трэнды. 

Выстава Арцемія Копача. Крыніца: https://u-jazdowski.pl/program/wystawy/artemij-kopach

Вобраз чалавека, які знікае ў нявызначана пакроенай прасторы экспрэсіўнага жэсту, стаўся характэрным для Наталлі Залознай, Яўгена Шадка і Таццяны Кандраценкі, Паўля Вэсэнбэрґа і цэлае плыні беларускіх маладых жывапісцаў, багата прэзентаваных у галерэях і на арт-кірмашах. Цела, што ператварылася ў абстрактныя “Сінякі” Аліны Блюміс, нагадваюць пра боль і гвалт усё яшчэ непераадоленага 2020 году.

“Нічога асабліва новага” – пароль беларускіх палітычных вязняў, гэтымі ж словамі можна апісаць стан незалежнае культуры, што стагоддзямі існуе ва ўмовах рэпрэсіяў. Выстава ў Музеі Вольнае Беларусі надае простым рэчам, фактам прыватных драматычных лёсаў сімвалічны сэнс, агаляе эстэтыку рэалізму дакументу.

Мы разумеем базавую філасофію выяўленчага мастацтва, дзе ёсць форма, якая сведчыць сама пра сябе. І ў такі час, як наш, адмаўленне ад словаў і тэкстаў робіцца для мастакоў канцэптуальнаю пазіцыяй, як гэта адбываецца з Вольгаю Маслоўскай у праекце “Паштоўкі з Радзімы. Флора і фаўна”, дзе звярынае маўчанне – форма супраціву і выжывання.

Крыніца: https://basement-project.art/2025/06/xy2025/

Важна, што голас беларусаў не перастае быць салідарным з Украінай. І гэта адна з функцыяў, якую на сябе ўскладае сапраўдная культура. Менавіта так адбываецца на вялікай выставе EU UA ў Дусэльдорфе, удзел у якой бяруць больш за 200 асобаў, да арганізацыі якой далучыліся і беларускія куратары з мастакамі.

Часам сімвалічны жэст дае нават большую надзею, чымся практычная дапамога. Каханне на руінах Лесі Пчолкі і Уладзіміра Грамовіча – гэта не толькі напамін пра драматычную карціну гэтага часу, ён акрэслівае контур герояў нашага часу.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Нацыянальная ідэя, прэміі і пончыкі Кіно: Зваршчыца з Брэсту перамагае ў Шэфілдзе. Смерць рэжысёраў Тэатр: З Расіяй і “Перамогаю” Музыка: Вяртанне …

Дарагія сябры, калегі, усе, хто захоўвае і шануе беларускую культуру! Ад імя Беларускай Рады культуры шчыра віншуем вас з Сусветным Днём беларускай …