Frame 496

Беларусь – Вялікабрытанія: культурніцкі вектар супрацы

Другія кансультацыі паміж урадам Вялікабрытаніі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі прайшлі ў Форын Офісе (FCDO*) у Лондане. У сустрэчы (офлайн і онлайн) бралі ўдзел афіцыйныя асобы FCDO, прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, беларускіх няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх – адказная за культуру ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні Ірэна Кацяловіч і каардынатарка аналітыкі Беларускай Рады культуры Марыя А.

Фота: embassymagazine.com

Кансультацыі за круглым сталом закранулі важныя аспекты жыцця беларусаў. Гаворка ішла пра палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі і сацыяльнай абароны, адметнасці працы медыяў, асаблівасці жыцця беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, а таксама поспехі, выклікі і патрэбы незалежнай беларускай культуры. Сёння беларуская мова і культура з’яўляюцца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, яны – важны фактар устойлівасці беларускай супольнасці, міжнароднай бачнасці Беларусі і дэмакратычных пераменаў у краіне. Таму вельмі важна, што пра беларускую культуру, яе падтрымку вядзецца дыялог на высокім міждзяржаўным узроўні. 

У ліку культурніцкіх поспехаў прадстаўніца Беларускай Рады культуры ў сваім выступленні адзначыла: 

  • Паступовае фармаванне інфраструктуры незалежнай беларускай культуры, куды ўваходзяць інстытуты, прафесійныя супольнасці, аб’яднанні і арганізацыі. Гэта не хаос, а экасістэма, што з кожным годам становіцца ўсё больш збалансаванай;
  • Заўважнасць беларускіх культурніцкіх праектаў на міжнароднай сцэне, а таксама ўключэнне беларускіх творцаў у шырокі еўрапейскі культурны кантэкст;
  • Моцны досвед, вялікую базу даследаванняў, напрацовак, якая здольная стаць мастком паміж экспертнымі супольнасцямі Беларусі і Вялікабрытаніі. 

На жаль, для нас па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пагрозы з боку рэжыму беларускай дзяржавы – рэпрэсіі, цэнзура, забарона кніг, канфіскаванне рукапісаў палітвязняў, прызнанне “экстрэмісцкімі фармаваннямі” культурніцкіх арганізацый, збліжэнне з Расіяй і старанная зачыстка культурнага поля. Таму выклікамі для ўсёй супольнасці – немагчымасць адкрыта працаваць з аўдыторыяй у Беларусі (а для нас прынцыпова важна захоўваць сувязь з беларусамі ў краіне), абмежаванасць фінансавых магчымасцяў падтрымання культурніцкіх праектаў і стомленасць міжнароднай супольнасці беларускай тэмай (адсюль складанасці ўтрымлівання беларускіх пытанняў у цэнтры ўвагі). 

Працяг стратэгічнага дыялогу з Вялікабрытаніяй ў FCDO – важная справа для ўмацавання існых праграм супрацы (акадэмічныя стыпендыі, навучальныя праграмы для адмыслоўцаў у культуры) і распрацоўкі новых магчымасцяў і фарматаў узаемадзеяння. Тым болей што запыт існуе з абодвух бакоў – беларусаў у Беларусі і эміграцыі ў Еўрапейскім Саюзе, а таксама беларусаў у Вялікабрытаніі. 

У ліку прапановаў, агучаных Марыяй А. падчас сустрэчы:

  • Распрацоўка адмысловых праграм мабільнасці для прафесійнага абмену;
  • Стварэнне сацыяльна-культурнага хаба, што мог бы стаць сувязным вузлом паміж творцамі/арганізацыямі і зменшыць разрыў паміж беларускімі дыяспарамі ў Вялікабрытаніі і ЕС;
  • Паглыбленне і інтэнсіфікацыя сувязяў беларускай экспертнай супольнасці з акадэмічным светам Вялікабрытаніі (тут перспектыўным бачыцца кірунак перагляду навучальных праграм Усходнееўрапейскіх даследаванняў брытанскіх універсітэтаў з дадаваннем дэкаланіяльнай оптыкі ўспрымання рэгіёна);
  • Перафарматаванне праграм і магчымасцяў British Councils у краінах Еўрапейскага Саюза з уключэннем у іх беларусаў, легалізаваных у ЕС. 

Адзначым, што першая сустрэча ў такім фармаце прайшла ў Лондане летась, таксама з удзелам прадстаўніцы нашай арганізацыі. 

* Foreign, Commonwealth & Development Office (FCDO, Foreign Office) — міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі і адзін з ключавых урадавых органаў, адказных за міжнародную палітыку краіны. Кіруе дыпламатычнай сеткай Вялікабрытаніі (амбасады, консульствы і місіі па ўсім свеце), прадстаўляе і прасоўвае брытанскія інтарэсы за мяжой, займаецца міжнародным развіццём і гуманітарнай дапамогай, а таксама аказвае консульскую падтрымку брытанскім грамадзянам за мяжой.

Таксама паглядзіце

Праграма грантавай падтрымкі ArtPower Belarus абвяшчае запуск чарговага конкурснага кола па Трэку 1. Арганізацыйнае развіццё. Падача заявак стартуе 17 сакавіка 2026 года …

Другія кансультацыі паміж урадам Вялікабрытаніі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі прайшлі ў Форын Офісе (FCDO*) у Лондане. У сустрэчы (офлайн і онлайн) бралі …