

ArtPower Belarus
Захаванне грамадзянскай прасторы Беларусі праз культуру і мастацтва. Прыём заявак адкрыты.
Інфасесіі ArtPower Belarus:
- 25 чэрвеня — Трэк 2. Творчыя праекты. 16:30 Варшава, 17:30 Мінск / Вільнюс. Рэгістрацыя;
- 26 чэрвеня — Трэк 1. Арганізацыйнае развіццё. 16:30 Варшава, 17:30 Мінск / Вільнюс. Рэгістрацыя.
Трэкі
1 трэк
2 трэк
3 трэк
Старт прыёму заявак
10 чэрвеня 2025
10 чэрвеня 2025
жнівень 2025
Дэдлайн падачы
29 ліпеня 2025
15 ліпеня 2025
на пастаяннай аснове
Мэты і прыярытэты праграмы
Мэта праграмы ArtPower Belarus — падтрымаць незалежныя беларускія культурніцкія і мастацкія ініцыятывы як рухавікі дэмакратычных пераменаў.
Асаблівая ўвага будзе надавацца праектам, якія:
- павышаюць якасць і бачнасць беларускай культуры;
- злучаюць творцаў і аўдыторыю па абодва бакі мяжы;
- развіваюць прафесійныя сеткі;
- паляпшаюць умовы працы культурніцкіх актараў і спрыяюць іх інтэграцыі ў еўрапейскую прастору;
- ствараюць новыя формы прасоўвання беларускай культуры;
- грунтуюцца на асвеце, адукацыі і пашырэнні прафесійных навыкаў.
Трэкі фінансавання
Трэк 1. Арганізацыйнае развіццё
Праекты, накіраваныя на ўмацаванне арганізацыйнай устойлівасці, развіццё інфраструктуры, пабудову партнёрстваў, запуск новых праграм, паляпшэнне камунікацыі або мадэрнізацыю працы арганізацый. Уключае інвестыцыі ў стратэгіі, каманды, сістэмы і інструменты.
Сума гранта:
10 000–60 000 €
Трэк 2. Крэатыўныя праекты
Фінансаванне творчых ініцыятыў: міні-, мідзі- і партнёрскія праекты. Мэта — стварэнне новых культурных прадуктаў, правядзенне публічных імпрэзаў, міжкультурны абмен, мастацкія даследаванні і г.д.
Сума гранта:
MINI: 3 000–10 000 €
MIDI: 10 000–60 000 €
Трэк 3. Праекты ў асаблівых абставінах
Падтрымка тэрміновых ці надзвычайных ініцыятыў: напрыклад, у выпадку рэпрэсій, страты фінансавання падчас рэалізацыі праекта або немагчымасці перанесці важную паездку ці падзею. Таксама ахоплівае сітуацыі са стратаю працаздольнасці.
Сума гранта:
1 000–10 000 €
Як падаць заяўку?
Крок 1
Азнаёмцеся з правіламі
Крок 2
Зарэгіструйцеся
Зарэгіструйцеся на старонцы грантавай сістэмы, каб падаць заяўку. Выкарыстоўвайце надзейную пошту і пароль.
Крок 3
Падайце заяўку
Запоўніце заяўку на старонцы грантавай сістэмы і далучыце неабходныя дакументы.
Крок 4
Атрымайце пацвярджэнне
Атрымайце паведамленне аб тым, што заяўка прынятая на разгляд ці патрабуе дапрацоўкі. Актуальны статус заяўкі будзе бачны ў вашым асабістым профілі на старонцы грантавай сістэмы.
Глядзіце мінулыя праекты
2023-2024
83
творчыя праекты
57
мабільнасцяў
Да галерэі праектаў
Частыя пытанні / Q&A
Праграма “ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадзянскай прасторы праз культуру і мастацтва” рэалізуецца Беларускаю Радаю культуры супольна з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўразвязам. Праграма скіраваная на падтрыманне незалежных культурніцкіх ініцыятываў як у Беларусі, гэтак і ў эміграцыі, умацаванне грамадзянскае супольнасці праз мастацтва і культуру, павышэнне прафесійных кампетэнцыяў беларускіх дзеячаў культуры і развіццё міжнародных сувязяў і прафесійных сетак.
Заяўкі прымаюцца толькі праз электронную грантавую сістэму да пазначанага тэрміну. Заяўкі, дасланыя пасля дэдлайну або дасланыя іншым спосабам, разглядацца не будуць. Абавязкова трэба далучыць усе патрэбныя для падачы на адпаведны трэк дакументы.
Для падачы заяўкі на трэк 1 неабходна прайсці ацэнку арганізацыйнага патэнцыялу самастойна ці з дапамогай эксперта.
Разгляд заявак на трэк 3 будзе ісці на сталай аснове, а камісія будзе збірацца 1-2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці запытаў.
Калі кола завершанае і пачаўся працэс разгляду заявак, змяняць бюджэт нельга. Але ў выпадку, калі разуменне памылкі адбылося яшчэ да завяршэння кола, то можна паведаміць пра гэта грант-менеджару праз электронную сістэму і замяніць дасланы раней файл на адкарэктаваны.
На жаль, у нас няма магчымасці індывідуальных кансультацыяў, аднак будзе магчымасць наведаць онлайн інфармацыйную сесію пра запаўненне заяўкі і формы бюджэту, а пасля знайсці запіс вэбінару на сайце. Таксама ў межах трэку 1 даступнае ментарскае падтрыманне пры запаўненні чэк-ліста арганізацыйнага развіцця. Запытаць такое падтрыманне будзе магчыма, напісаўшы запыт на info@artpowergrants.org не пазней за 14 дзён да дэдлайну падачы заявак.
Мы намагаліся зрабіць формы заявак як мага больш зразумелымі, дадалі невялічкія каментары пра пазіцыі ў бюджэтныя формы, а таксама зрабілі падрабязныя тлумачэнні. Раім адказна паставіцца да справы і ўважліва прачытаць усе дакументы. Калі ў выніку застануцца пытанні, якіх мы не здолелі прадбачыць, то вы можаце звярнуцца з пытаннямі праз электронную пошту info@artpowergrants.org. Кансультант адкажа на вашае пытанне, але не запоўніць за вас заяўкі і не дасць экспертнай ацэнкі праекту.
Калі памылка была заўважаная да заканчэння тэрміну падачы заявак, вы можаце напісаць грант-менеджару праз электронную сістэму і замяніць файл на правільны.
Пасля завяршэння дэдлайну тэхнічныя змены ў заяўцы не дапускаюцца – праект і дакументы будуць разглядацца ў тым выглядзе, у якім былі пададзеныя праз электронную грантавую сістэму.
Так. Арганізатары пасля аб’яўлення конкурсу праводзяць інфармацыйныя сесіі пра запаўненне заяўкі і бюджэтнай формы, за датамі можна сачыць у каналах Беларускае Рады культуры.
Запісы гэтых сесіяў будуць даступныя на сайце byculture.org. Мы раім браць удзел у жывых сесіях, каб задаць пытанні і атрымаць аператыўную дапамогу перад падачаю заяўкі.
Падача заяўкі на грант прадугледжвае найперш запаўненне формы, прапанаванай на партале. Але ў выпадку, калі вашая прэзентацыя ўлучае важныя дадатковыя матэрыялы, не прадугледжаныя нашаю заяўкаю (напрыклад, ілюстрацыі канцэпту), то раім далучыць іх у секцыі “Дадаткі”. Мы заахвочваем даць як мага больш інфармацыі пра творчы бок праекту, гэта дазволіць экспертам лепш яго ацаніць.
Так, падаваць заяўкі на некалькі праектаў магчыма, але з абмежаваннямі: можна падаць не больш за два праекты на кожны трэк аднаго кола (напрыклад, максімум два на трэк 1 і два на трэк 2). Пры гэтым, нават калі пададзена некалькі заявак, з вялікай верагоднасцю будзе падтрыманы толькі адзін праект ад аднаго заяўніка ў межах аднаго трэка. Таму рэкамендуем засяродзіцца на адной ці дзвюх найбольш прадуманых і моцных ідэях. Агульная сума падтрымкі для аднаго заяўніка за ўсю працягласць праграмы не можа перавышаць €60 000.
Калі вашая арганізацыя не зарэгістраваная або не мае еўрапейскага банкаўскага рахунку, вам неабходна знайсці фіскальнага партнёра, то бок зарэгістраваную юрыдычную асобу (у ЕЗ ці краіне “Усходняга партнёрства”, якая мае адпаведны банкаўскі рахунак), якая зможа прыняць грантавыя сродкі, весці бухгалтэрыю і падаваць фінансавую справаздачнасць. У бюджэт праекту ў такім выпадку мы раім дадаць выдаткі на вядзенне бухгалтарскага ўліку.
Фіскальнага партнёра трэба мець да падачы заяўкі. Разам з заяўкаю неабходна прыкласці пагадненне пра супрацу паміж вамі і фіскальным партнёрам, дзе будуць апісаныя ролі і адказнасці кожнага.
ArtPower Belarus – праграма, якая фінансуецца Еўразвязам, таму мы можам падтрымаць ініцыятывы беларусаў, якія цяпер жывуць у Беларусі і краінах Еўразвязу, а таксама ў краінах “Усходняга партнёрства” (Украіна, Грузія, Арменія, Азербайджан, Малдова). Чакаем, што найбольш заявак будзе паступаць з краінаў з найвышэйшаю канцэнтрацыяй беларускіх творчых ініцыятываў: Беларусь, Польшча, Грузія, краіны Балтыі.
Кожная з пададзеных заявак на трэкі 1 і 2 будзе разглядацца за тры этапы. На першым заяўка праходзіць праверку на адпаведнасць умовам канкрэтнага трэку, якую праводзяць грант-менеджары. Гэта тэхнічны этап, калі правяраецца правільнасць запаўнення, адпаведнасць мэтам трэку, адпаведнасць актыўнасцяў, ці ўсе файлы далучаныя.
Другі этап – ацэнка праекту экспертамі. Кожную заяўку ацэняць прынамсі 2 эксперты паводле крытэраў, адпаведных трэку. На стол адборачнай камісіі трапяць праекты, якія набралі больш за 65% з магчымых балаў.
Адборачная камісія прымае канчатковае рашэнне, абапіраючыся на ацэнку экспертаў. Чакаецца, што роля камісіі будзе ў праверцы правільнасці ацэнкі, рэпутацыі творцаў і забеспячэнні разнастайнасці падтрыманых праектаў. Камісія не ацэньвае, а толькі прымае рашэнне наконт праектаў, якія атрымалі найбольшы бал. У склад уваходзяць па адным прадстаўніку ад Дацкага інстытуту культуры і Беларускае Рады культуры, ад 3 да 5 незалежных адмыслоўцаў, а таксама прадстаўнік Еўракамісіі з назіральнаю роляю. Адборачная камісія можа адмовіць у фінансаванні нават высока ацэненым заяўкам у выпадку рызыкі для рэпутацыі або фінансаў, непраўдзівасці прадстаўленай інфармацыі ці падвойнага фінансавання.
Такая структура мае на мэце пазбегнуць канфлікту інтарэсаў (натуральна, сябрам камісіі нельга быць заяўнікамі праектаў) і збалансавана ўлічыць жанравыя асаблівасці корпусу праектаў, пададзеных на ArtPower Belarus. Імёны экспертаў у публічнай прасторы фігураваць не будуць, каб пазбегчы ціску на іх.
У выпадку трэку 3 адсутнічае 2-і этап – ацэнка экспертамі. Але на моманце правярання адпаведнасці грант-менеджары будуць правяраць на сапраўднасць і адпаведнасць правілам суправаджальныя дакументы. Рашэнне прымае адборачная камісія, у склад якой уваходзяць па адным прадстаўніку ад Дацкага інстытуту культуры і Беларускае Рады культуры, а таксама незалежны адмысловец, згодна з тэрміновасцю запыту. Пры неабходнасці камісія будзе збірацца раз ці два на месяц.
Пасля таго як заяўка праходзіць адбор і атрымлівае станоўчае рашэнне, з заяўнікам падпісваецца грантавы кантракт (ад імя Беларускае Рады культуры або Дацкага інстытуту культуры). Магчымыя два віды кантракту і фінансавання: звычайны і заснаваны на выніках праекту. Другі магчымы, калі актыўнасці ў большай ступені адбываюцца ў Беларусі і справаздачнасць паводле звычайных правілаў можа несці небяспечныя наступствы. Прапанаваць від кантракту можа адборачная камісія, а канчатковае рашэнне будзе за грантаатрымальнікам. Пералік адбываецца некалькімі часткамі – не менш за 2 траншы для міні-праектаў у трэку 2 і трэку 3, а таксама не менш за 3 траншы для мідзі-праектаў у трэку 2 і праектаў трэку 1. Памер гэтых частак залежыць ад тыпу трэку.
Так, можна. Калі праект, пададзены ў межах аднаго кола, не прайшоў конкурсу, па запыце заяўніка арганізатары могуць падзяліцца кансалідаванай ацэнкай экспертаў і каментарамі наконт павышэння арганізацыйнага патэнцыялу для заявак трэку 1. Гэты дакумент пакажа, дзе ў праекту выявіліся хібы, і дасць зразумець, як дапрацаваць задуму для падачы на наступнае кола.
За час усёй праграмы адзін аплікант можа атрымаць да € 60 000 з усіх трэкаў (гэта не датычыць фіскальных партнёраў). Можа быць падтрыманая не больш як 1 заяўка ад аднаго апліканта ў кожным трэку ў адным коле, а наступная заяўка можа быць падтрыманая толькі пасля паспяховай справаздачы за першую.
Калі конкурс яшчэ ідзе, то не. Мы не маем права даваць ацэнкі праектам, якія бяруць удзел у працэсе адбору, каб забяспечыць усім заяўнікам роўныя ўмовы. Але на праект, які ў конкурсе ўжо не бярэ ўдзелу, які праз розныя прычыны не быў падтрыманы, водгук атрымаць можна. У прыватнасці мы можам падзяліцца кансалідаванай ацэнкай экспертаў паводле крытэраў адбору. Гэта дапаможа ўбачыць слабыя бакі праекту і ўдасканаліць яго ў будучыні.
Каб гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў і канфідэнцыяльнасць звестак, арганізатары прыкладаюць усе намаганні і просяць удзельнікаў выконваць простыя, але важныя правілы: выкарыстоўваць толькі афіцыйны партал для камунікацыі, не распаўсюджваць асабістых звестак і фінансавай інфармацыі праз паштовыя ці тэлефонныя каналы, стварыць асобную паштовую скрыню (не з даменамі .ru або .by) для ўдзелу, карыстацца толькі камп’ютарам (не тэлефонам) і адкрываць партал у рэжыме інкогніта. Калі каманда або частка праекту – у Беларусі, VPN абавязковы. У выпадку сумневаў або падазронай актыўнасці лепш не рызыкаваць і адразу звярнуцца праз афіцыйныя каналы падтрымання.
Калі каманда праекту – у Беларусі, мы раім атрымальнікам гранту мець прынамсі аднаго чалавека ў камандзе за мяжой і з рахункам у еўрапейскім банку. Калі гэта індывідуальная заяўка ад аўтара з Беларусі, то ў бюджэт можна адразу залучаць выдаткі на паездку за мяжу з мэтай адкрыць рахунак.
З боку Беларускае Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры мы гарантуем найвышэйшы ўзровень бяспечнасці захавання і выкарыстання асабістых звестак заяўнікаў.
Узгадненне ўсіх патрабаванняў публічнасці і бачнасці будзе праходзіць на этапе падпісання кантракту. Гэтак, калі ёсць абгрунтаванне небяспекі, якую нясе згадка праграмы ArtPower Belarus і яе арганізатараў (напрыклад, праект падаецца з Беларусі), то такога абавязку ў выканаўцаў не будзе. Калі прамых і яўных рызык няма, згадка праграмы і партнёраў будзе абавязковая.
Не. З мэтаў бяспекі мы не можам апублікаваць поўнага спісу праектаў, падтрыманых у межах ArtPower Belarus. Камунікацыя з кожным з заяўнікаў будзе адбывацца наўпрост і індывідуальна, і ў залежнасці ад таго, наколькі камандзе праекту будзе бяспечна быць публічнымі, будзе прымацца рашэнне пра публічнасць. У каналах Беларускае Рады культуры і праекту ArtPower Belarus мы будзем расказваць пра падтрыманыя публічныя праекты са згоды і дазволу яго ўдзельнікаў. Таксама на нашым сайце можна азнаёміцца з праектамі, падтрыманымі раней.
Не. Праект афіцыйна пачынаецца з даты, прапісанай у кантракце. Усе выдаткі па-за межамі датаў, акрэсленых кантрактам, не прымаюцца.
Такія выпадкі будуць разглядацца назіральнаю камісіяй індывідуальна.
Калі выканаўцы, атрымаўшы грошы, не выканалі абавязкі па кантракце, пералічаныя сродкі мусяць быць вернутыя ў поўным аб’ёме. Важна адзначыць, што фінансаванне на суму, большую за € 10 000, будзе праходзіць за тры і больш траншаў у залежнасці ад віду кантракту. Таму ў выпадках, калі праект не пачаў рэалізоўвацца цягам азначанага перыяду пасля першага ж пераліку, астатняя сума грошай пералічаная не будзе.
Рызыкі, што могуць узнікнуць падчас рэалізацыі праекту, варта пралічыць яшчэ на этапе складання заяўкі (такі блок ёсць у заявачнай форме) і максімальна дэталёва прадумаць магчымыя шляхі выхаду з крызісных сітуацыяў.
Такія выпадкі будуць разглядацца назіральнаю камісіяй індывідуальна.
Патрабавання карыстацца выключна беларускаю моваю няма. У гэтым выпадку ёсць толькі пажаданне, каб праекты ствараліся па-беларуску, каб якаснага беларускамоўнага кантэнту было больш. Але галоўным чынам ацэньвацца будзе якасць праектаў, а не мова, на якой ён створаны. Пры гэтым звяртаем вашую ўвагу, што заяўкі на падтрыманне праектаў прымаюцца па-беларуску або па-англійску.
Рызыкі, што могуць узнікнуць падчас рэалізацыі праекту, варта пралічыць яшчэ на этапе складання заяўкі (такі блок ёсць у заявачнай форме) і максімальна дэталёва прадумаць магчымыя шляхі выхаду з крызісных сітуацыяў.
Фінальныя (і, калі прадугледжаная, прамежкавыя) справаздачы – абавязковая частка кантракту. Фармат і змест справаздачы будуць узгодненыя з грант-менеджарам падчас падпісання кантракту. У справаздачу ўваходзіць: апісанне выкананых актыўнасцяў і дасягнутых вынікаў; фінансавая справаздача з раздзяленнем артыкулаў выдаткаў, дадатковыя матэрыялы (фота, спасылкі, публікацыі, водгукі і інш.). Таксама грант-менеджары будуць на сталай сувязі з грантаатрымальнікамі для маніторынгу паспяховасці праекту.
Прымаць і разглядаць мы будзем усе заяўкі. Падаваць праект можа кожны беларус ці арганізацыя, чыя задума і юрыдычны статус адпавядае заяўленым крытэрам.
Заяўкі на трэкі 1 і 2 будуць ацэньвацца экспертамі ў тым ліку паводле таго, ці прадугледжваюць яны дасяжнасць для асобаў з інваліднасцю, паводле геаграфічнага размеркавання і дзеля захавання роўнасці. У полі зроку экспертаў – арганізацыя каманды праекту паводле структуры, колькасці ўдзельнікаў, наяўнасці ўдзельнікаў з Беларусі, гендарнага складу.
Так. Калі праект прадугледжвае суфінансаванне, і ў ArtPower Belarus можна запытаць толькі частку сродкаў, неабходных для рэалізацыі праекту. Праграма дазваляе мець дадатковыя крыніцы фінансавання, як прыватныя сродкі выканаўцы праекту, дапамога мецэнатаў ці грантавая дапамога ў межах іншых праектаў, якія не фінансуюцца Еўразвязам.
Мы атрымліваем сотні заявак штогод і заўважаем тыя, што напісаныя з дапамогаю штучнага інтэлекту, бо часта гучаць вельмі падобна. Каб вашая заяўка вылучалася, раім пісаць яе самастойна і як мага больш шчыра. Нават калі ў тэксце будуць дробныя памылкі, жывы чалавечы тон заўсёды ўспрымаецца лепш.
Гэта падтрыманне для тых, хто хоча зрабіць сваю арганізацыю мацнейшаю, каб яна магла лепш працаваць, развівацца і будаваць трывалы падмурак для падтрымання незалежнай культуры. Іншымі словамі, гэта дапамога тым, хто хоча зрабіць сваю структуру больш устойлівай у доўгатэрміновай перспектыве.
Праект павінен працягвацца мінімум 3 і максімум 12 месяцаў. У асобных выпадках, калі ёсць абгрунтаванне, тэрмін можа быць падоўжаны.
Так, вы можаце падавацца, калі маеце фіскальнага партнёра, зарэгістраванага ў Еўропе, які можа выступіць афіцыйным атрымальнікам фінансавання. Адным з далучаных дакументаў такой заяўкі мусіць быць пагадненне, што фіскальны партнёр гатовы да такой адказнасці.
Так, можа. Аднак мы рэкамендуем узяць кансультацыю ментара, які дасць прафесійную і незалежную ацэнку і выявіць тое, чаго знутры не відаць. Заяўку на ментарства трэба падаць не пазней як за 14 дзён да дэдлайну падачы заяўкі, напісаўшы запыт на пошту info@artpowergrants.org.
Гэта паляпшэнне ўнутранага кіравання, фінансавага планавання, бяспекі і працэдураў; павышэнне кваліфікацыі каманды: трэнінгі, стажыяванні, ментарства; закуп абсталявання і праграмаў, неабходных для ўстойлівай працы; паляпшэнне камунікацыі, у тым ліку стварэнне сайту, развіццё сацыяльных сетак; пошук новых крыніцаў фінансавання, распрацоўванне фандрайзінгавай стратэгіі; супраца з іншымі арганізацыямі, удзел у сетках і альянсах.
Не будуць падтрымлівацца адзіночныя творчыя праекты без кампаненту развіцця арганізацыі, падзеі без доўгатэрміновага ўплыву на ўстойлівасць каманды ці структуры, прамая фінансавая дапамога фізічным асобам, падвойнае фінансаванне (той жа праект ужо падтрыманы іншым фондам), а таксама дзейнасць, не звязаная з незалежнаю беларускаю культураю.
Мінімальная сума фінансавання – € 10 000, максімальная – да € 40 000 для адной арганізацыі. У асобных выпадках (напрыклад, партнёрскія заяўкі ад дзвюх ці больш арганізацыяў ці ў выпадках, калі праект рэалізоўваецца ў некалькіх краінах) магчымае павелічэнне да € 60 000.
Так. Калі праекту не падтрымалі ў першым конкурсе, яго можна дапрацаваць і падаць ізноў. Калі вы маеце бягучы праект, падацца яшчэ раз можна толькі пасля завяршэння ўсіх дзеянняў і падпісання фінальнай справаздачы.
Важна! Агульная сума грантаў для аднаго заяўніка за перыяд дзейнасці ўсёй праграмы не можа перавышаць € 60 000.
Так. Калектыўныя заяўкі і партнёрствы вітаюцца, асабліва калі гэта ўзмацняе патэнцыял арганізацыяў і спрыяе абмену ведамі ды рэсурсамі. Пры гэтым варта дакладна размеркаваць ролі і адказнасці, а таксама прыкласці партнёрскія пагадненні.
Так. Калі частка бюджэту пакрываецца з іншых крыніцаў (уласныя сродкі, краўдфандынг, іншыя гранты, не звязаныя з ЕЗ), гэта можа быць плюсам і паказнікам устойлівасці. Падвойнае фінансаванне адных і тых жа актыўнасцяў забараняецца.
Ацэначная камісія ацэньвае праекты паводле наступных кірункаў: актуальнасць і адпаведнасць мэтам конкурсу і праблемам, пазначаным у плане арганізацыйнага развіцця; рэалістычнасць, вымяральнасць і дасягальнасць мэтаў і чаканых вынікаў; якасць плану дзейнасці, бюджэту, ацэнка рызык, камунікацыя і ахоп аўдыторыі, у тым ліку ў Беларусі; партнёрствы і супраца з беларускімі або міжнароднымі арганізацыямі; досвед і кампетэнтнасць каманды, а таксама наяўнасць прадстаўнікоў у Беларусі (калі актуальна).
Пасля таго як праект праходзіць у конкурсе, з заяўнікам падпісваюць кантракт ад імя Беларускае Рады культуры або Дацкага інстытуту культуры. Фінансаванне ажыццяўляецца за тры ці больш этапаў у залежнасці ад віду кантракту: можа быць звычайны кантракт ці заснаваны на выніках, калі дзейнасць адбываецца ў Беларусі.
Ён скіраваны на стварэнне культурніцкіх прадуктаў на падтрыманне свабоды выказвання меркаванняў ды на шляху да жывой і разнастайнай культуры, даступнай для ўсіх (праз адукацыю, даследаванні, палітычныя даследаванні і міжнароднаю супрацу), спрыянне агульнасці нацыянальнага і культурнага жыцця Беларусі ва ўмовах фрагментацыі інфармацыйнай прасторы краіны і на фоне дамінавання агрэсіўнай расійскай прапаганды, захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культурнай спадчыны як часткі еўрапейскай культурнай спадчыны.
Беларусы, якія займаюцца культураю, як прыватныя асобы (ад 18 гадоў), гэтак і ініцыятывы або арганізацыі (зарэгістраваныя ў Беларусі ці за яе межамі). Падавацца могуць нават асобы ці ініцыятывы без досведу ўдзелу ў грантавых праграмах.
Так, але ў выпадку мідзі-грантаў (больш за € 10 000) патрэбны партнёр з юрыдычнай асобай для фінансавага адміністравання праекту (фіскальны партнёр). З рахунку такога тыпу мусіць весціся фінансавае адміністраванне праекту. Сам заяўнік (група) не абавязкова мусіць быць уладальнікам юрыдычнай асобы, але яшчэ на этапе падавання заяўкі варта прадугледзець такое партнёрства. Таксама пры ацэньванні заяўкі эксперты будуць браць пад увагу такі крытэр, як патэнцыял заяўніка выканаць праект, арганізацыйна-фінансавыя магчымасці даць справаздачу па выніках выканання працы.
Міні-праекты могуць працягвацца да 6 месяцаў, сума гранту – ад € 3000 да € 10 000. Мідзі-праекты могуць доўжыцца да 12 месяцаў, сума гранту – ад € 10 000 да € 40 000, у выпадку партнёрстваў або працы ў некалькіх краінах і наяўнасці суфінансавання (калі асноўны бюджэт праекту перавышае заяўленую суму) магчымы бюджэт да € 60 000.
Заяўкі прымаюцца толькі праз электронную грантавую сістэму да пазначанага тэрміну. Заяўкі, дасланыя пасля дэдлайну або іншым спосабам, разглядацца не будуць. Абавязкова трэба далучыць усе патрэбныя для падачы дакументы, таксама вітаюцца дадатковыя дакументы: канцэпцыя праекту, прэзентацыі – усё, што дапаможа экспертам лепей азнаёміцца з вашай ідэяй.
Экспертная камісія ацэньвае праекты паводле наступных крытэраў: адпаведнасць мэтам праграмы, якасць і рэалістычнасць задумы, ахоп аўдыторыі і распаўсюд вынікаў, менеджарскі і фінансавы патэнцыял каманды, ацэнка рызык і здольнасць імі кіраваць.
Праекты павінны падтрымліваць мастацкае самавыяўленне беларускіх аўтараў. Пры гэтым тэмы і матэрыял могуць быць разнастайныя: ад экалагічных пытанняў да антычнай паэзіі і праблемаў сацыяльнай інклюзіі. Падкрэслім: гаворка выключна пра культурніцкія праекты для беларускай аўдыторыі.
У праектаў з палітычным кантэкстам прыярытэту няма. Пры гэтым і тэматычных абмежаванняў у праектаў няма, таму будуць разглядацца і пратэсныя, і правакацыйныя праекты. Экспертны разгляд – гэта ўмоўны фільтр якасці, а не тэматычная цэнзура, таму прыярытэтаў ніякай асаблівай тэме надавацца не будзе.
Так. ArtPower Belarus акурат і можа даць першы досвед у гэтай працы. Раім пачаць з заявак на невялікія сумы. Мы заклікаем не баяцца табліцаў, паспрабаваць мысліць праектна і ўкласці сваю ідэю ў парадыгму формы заявак, якую мы прапануем. У любым выпадку гэта будзе карысна для творцаў і менеджараў праектаў. Кожны калісьці пачынаў ці мае пачаць працаваць з такога кшталту заяўкамі.
Вынікі рэалізацыі праектаў мусяць быць даступныя для аўдыторыі ў Беларусі. Гэта адно з галоўных патрабаванняў да заявак. Пры гэтым сам выканаўца праекту можа быць у іншай краіне і прыцягваць замежнікаў да выканання пэўнае працы – міжнародныя калабарацыі і сеткаванне вітаюцца. Патрабаваннем таксама ёсць удзел беларускіх творцаў, у якой бы краіне яны цяпер ні былі. Менавіта на іх падтрыманне і вылучаныя сродкі ў межах гэтай праграмы.
Не. Замежнікі не могуць падаваць заявак на падтрыманне ўласных праектаў. Але яны могуць быць у складзе творчых камандаў, дзе ў якасці галоўных заяўнікаў выступаюць беларусы. Пры гэтым заяўкі артыстаў, якія ствараюць беларускую культуру, працуюць з беларускай аўдыторыяй і раней жылі ў Беларусі, але маюць грамадзянства іншай краіны, могуць абмяркоўвацца індывідуальна.
Прымальныя выдаткі, неабходныя для рэалізацыі праекту. Гэта сродкі, беспасярэдне звязаныя з дзейнасцю праекту: ганарары і падаткі, падарожжы і пражыванне, абсталяванне і матэрыялы, камунікацыя і прасоўванне, амартызацыя, некампенсавальны VAT, арэнда памяшканняў.
Не кампенсуюцца капітальныя выдаткі: напрыклад, купля нерухомасці. Не ўлічваюцца любыя выдаткі па-за часавымі межамі кантракту. Пазыкі арганізацыі, страты на курсах абмену валютаў, празмерныя або неабдуманыя выдаткі таксама не кампенсуюцца. Праекты за межамі Беларусі і краін Еўрасаюза/“Усходняга партнёрства” і камерцыйная дзейнасць без сувязі з культурніцкаю мэтаю таксама не могуць кампенсавацца.
Пасля падпісання кантракта на міні-грант (да € 10 000), заяўнік атрымлівае грант за два ці больш траншаў. Калі гэта мідзі-грант (да € 60 000), пералік адбываецца за тры ці больш траншаў. З кожным грантаатрымальнікам у залежнасці ад тыпу кантракту і сумы ўсе дэталі будуць абмяркоўвацца індывідуальна.
Так, але ў гэтай справе ёсць абмежаванні. Па-першае, цана прадукту не можа быць камерцыйная: дазваляецца прадаваць кнігі, карціны паводле сабекошту. Па-другое, калі прыбытак ад продажу прадукту атрымліваецца яшчэ ў час рэалізацыі праекту, то выручку можна скіроўваць адно на развіццё праекту, укладаць у яго далейшую працу і прамоцыю. Рэінвестыцыі, якія пацвярджаюць устойлівасць праекту, – толькі плюс вашай задуме. Калі праект ужо завершаны, то асаблівых патрабаванняў да таго, куды можна скіроўваць заробленыя грошы, няма.
Квотаў на падтрыманне пэўнае колькасці праектаў у канкрэтных відах мастацтва не існуе. Механізм грантавага падтрымання, сфармуляваны ў межах праграмы ArtPower Belarus, улічвае выключна крытэры якасці заявак і праектаў, а не сферы, у якіх яны будуць рэалізоўвацца. Тым не менш, мы імкнёмся да разнастайнасці праектаў паводле відаў і сфераў мастацтва ды фарматаў.
Так, аўтарам з Беларусі можна і варта падаваць заяўкі на гранты, бо Беларусь і аўдыторыя ў краіне – у прыярытэтах праграмы. Тэрытарыяльная прыналежнасць ёсць нават асобным крытэрам ацэнкі праекту. Таму мы вельмі чакаем заявак з Беларусі і са свайго боку клапоцімся пра бяспеку ўдзельнікаў.
Што да мовы рэалізацыі праектаў, то ў нас няма абмежаванняў. Важна, каб іх рабілі беларусы ў беларускім кантэксце і для беларускай аўдыторыі. Заявачныя формы мы прапануем на дзвюх мовах: беларускай і англійскай. Гэтак мы будзем стымуляваць выкарыстанне беларускай мовы, а для тых, хто ўжо мае досвед падачы заявак на праекты, англійская мова можа быць больш звыклай і зручнай. Заяўкі прымаюцца на беларускай ці англійскай мовах.
Кожны праект пройдзе экспертызу як мінімум двух знаных спецыялістаў галіны, потым яго будуць разглядаць чальцы адборачнай камісіі. Пры гэтым гаворка не пра жанравую і тэматычную цэнзуру, а прафесіяналізм выканання і ўзровень прапрацаванасці задумы, наколькі яна гатовая быць зрэалізаванаю. Калі эксперты і камісія праект ухваляць, то ў нас няма ніякіх падставаў яго не падтрымаць.
Гэта інструмент тэрміновага падтрымання для дзеячаў культуры, якія апынуліся ў складаных, непрадказальных абставінах. Ён прызначаны для рэпрэсаваных творцаў, якім неабходна аднавіць працаздольнасць у новых умовах, і культурніцкіх праектаў пад пагрозаю зрыву праз форс-мажорныя ці непераадольныя сітуацыі. Фінансаванне надаецца аператыўна і можа быць выкарыстанае на аднаўленне працы, мабільнасці, удзел у рэзідэнцыях або завяршэнне праектаў, што могуць быць страчаныя без тэрміновага падтрымання. Трэк дзейнічае на сталай аснове – заяўкі разглядаюцца штомесяц: 1–2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці атрыманых заявак.
Прыём заявак на трэк 3 пачнецца ў жніўні 2025 года.
Падавацца могуць беларускія творцы (індывідуальныя асобы) ці арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі або для аўдыторыі ў Беларусі і адпавядаюць аднаму з крытэраў:
- рэпрэсаваныя творцы (вызваленыя не пазней за мінулы год – з пацверджаннямі);
- аўтары, якія страцілі фізічную здольнасць працаваць (за апошнія 12 месяцаў);
- аўтары, якія вымушана эмігравалі цягам апошняга года;
- творцы або арганізацыі, якія страцілі фінансаванне падчас праекту (не пазней за 3 месяцы таму);
- праекты, якія нельга перанесці без значных страт або перапынкаў;
- іншыя асаблівыя абставіны, якія могуць быць дакументальна абгрунтаваныя.
Да тыпаў праектаў, якія могуць падацца, адносяцца невялікія праекты рэпрэсаваных творцаў, тэрміновыя культурніцкія дзеянні і інтэрвенцыі, неадкладныя культурніцкія мабільнасці (для працы, навучання, рэзідэнцыяў, даследавання).
Памер магчымых грантаў можа быць ад € 1000 да € 10 000, а тэрмін рэалізацыі – ад 1 да 12 месяцаў. Падача адбываецца на сталай аснове, Адборачная камісія збіраецца 1 ці 2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці пададзеных прапановаў.
Заяўкі падаюцца толькі праз электронную грантавую сістэму. Мова заяўкі мусіць быць беларуская або англійская. Спачатку падаецца канцэпцыя (з кароткім апісаннем тэрміновае патрэбы), а калі заяўку адабралі, вас папросяць запоўніць поўны бюджэт.
Можна падаваць да дзвюх розных заявак адначасова на кожны трэк, пры гэтым заяўнік можа быць у складзе каманды іншага праекту неабмежаваную колькасць разоў.
Пры наяўнасці бягучага праекту падавацца зноў можна пасля завяршэння праекту і прыняцця справаздачы. Таксама адзін грантаатрымальнік можа атрымаць да € 60 000 за ўвесь перыяд праграмы. Кожная заяўка павінна быць абгрунтаваная асобна і адпавядаць крытэрам тэрміновасці.
Да заяўкі патрабуецца шэраг дакументаў, у тым ліку дакументы, што пацвярджаюць рэпрэсіі (спасылкі на матэрыялы ў медыях, справаздачы, заключэнні праваабаронцаў); пацвярджэнне вымушанай эміграцыі або страты фінансавання (пры наяўнасці); лісты падтрымання (пры тэрміновых сітуацыях); план рэалізацыі з тэрмінамі і апісанне чаканых вынікаў; абгрунтаванне, чаму іншыя крыніцы фінансавання недаступныя, ды іншае.
На жаль, індывідуальныя кансультацыі не прадугледжаныя, але вы можаце наведаць інфармацыйныя сесіі або напісаць на info@artpowergrants.org, калі ўзнікнуць тэхнічныя або зместавыя пытанні. Мы рэкамендуем звяртацца загадзя, асабліва, калі праект сапраўды тэрміновы.
Заяўкі ацэньваюцца паводле наступных кірункаў: тэрміновасць і абгрунтаванне – наколькі вострая патрэба і ці ёсць пацверджанне; магчымасць рэалізацыі і ўплыў – як дапамога паспрыяе аднаўленню працы і перадухіленню спынення праекту; устойлівасць і патэнцыял – ці дапаможа гэта аўтару працягнуць прафесійную дзейнасць у будучыні; фінансавае абгрунтаванне – ці разумна складзены бюджэт і чаму трэба менавіта гэтае падтрыманне. Кожная заяўка праходзіць дэталёвую ацэнку адпаведнасці конкурсу. Калі вызначана, што заяўка не адпавядае мэтам гэтага трэку, то можа быць рэкамендавана падаць ідэю на іншы трэк.
Заяўкі разглядаюцца паводле спрошчанай працэдуры: ацэньваюцца праз чэк-ліст і каментар грант-менеджара, які правярае сапраўднасць звестак і суправаджальных дакументаў; пасля перадаюцца адборачнай камісіі для канчатковага рашэння. Паспяховым заяўнікам прапануюць падпісаць пагадненне.
Пасля зацвярджэння заяўкі з грантаатрымальнікам падпісваецца кантракт. Пералік ажыццяўляецца двума і больш траншамі ў залежнасці ад віду кантракту.
Нават у выпадку тэрміновага падтрымання заяўнікі абавязаныя падаць справаздачу аб выкарыстанні сродкаў і выніках праекту. Падрабязнасці (від кантракту і форма справаздачы ў залежнасці ад сітуацыі бяспекі, тэрміны) узгадняюцца пры падпісанні кантракту.
Не. Для захавання бяспекі спісы праектаў трэку 3 не будуць апублікаваныя. Уся камунікацыя вядзецца індывідуальна, з улікам рызык і патрэбы ў канфідэнцыйнасці. Калі праект у межах трэку 3 публічны і рызык, звязаных з бяспекаю, няма, інфармацыя аб праекце будзе апублікавана пры згодзе грантаатрымальніка.
Запісы інфасессій
Кантакты
Па ўсіх пытаннях пішыце на пошту