Механізмы фінансавання, прасоўванне беларускага брэнду і як не згубіць беларускую ідэнтычнасць – гэтым і іншым тэмам былі прысвечаны некалькі падзей на IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету.
Адна з іх – “Шляхі пошуку прыватнага фінансавання культурніцкага сектара”. Арганізатары гэтай сустрэчы – Беларуская Рада культуры – ставілі сабе на мэце паказаць іншыя механізмы фінансавання, акрамя класічных збораў данатаў, краўдфандынгу і грантаў.
Заснавальнік праекта “Беларускія магістраты” Цімох Акудовіч распавёў пра сістэму ўмоўнага гораду, калі людзі невялікімі сумамі, але стала ўкладаюцца ў развіццё культурніцкіх ініцыятываў канкрэтных кірункаў, напрыклад, кнігавыданне – Магістраты. Гэта суполка ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду вызначанаю сумаю грошай падтрымліваць перспектыўны праект беларускай справы альбо дапамагаць развязанню пэўнай праблемы.
Наступным узроўнем такога гораду могуць лічыцца мецэнаты. Першую публічную прэзентацыю Клуба беларускіх мецэнатаў (заснаваным) пры падтрымцы Беларускай Рады культуры зладзіла Алена К. Гэты клуб падтрымлівае культурніцкія праекты розных кірункаў і выкупае старажытныя артэфакты, звязаныя з беларускай гісторыяй.
Падчас Круглага стала «Што такое культурніцкая дыпламатыя і хто з нас з’яўляецца дыпламатам?» удзельнікі ў удзельніцы абмеркавалі, якія сферы актыўнасцяў трапляюць у сферу культурніцкай дыпламатыі і ці можа кожны актывіст дыяспары ў пэўнай ступені быць «народным» культурніцкім дыпламатам.
Сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч акрэсліла “культурніцкую дыпламатыю” як любую культурніцкую дзейнасць за мяжой Беларусі:
“Іншая справа, што нізавой актыўнасці не дастаткова. Паўнавартасная культурніцкая дыпламатыя, у маім разуменні, мусіць уключаць розныя ўзроўні, у тым ліку і палітычныя. Яны маюць дапаўняць адзін аднаго і рабіць дыпламатыю найбольш эфектыўнай”.
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў, што, грунтуючыся на супольных культурніцкіх з’явах ці асобах, прасцей наладзіць і палітычныя стасункі:
“Перад візітам у Аргенціну я перарыў усіх вядомых беларусаў, якія былі звязаныя з гэтай краінай, перагледзеў дзеячаў супольных, паглядзеў гісторыю Ігната Дамейкі. І ў нас адразу ўмацоўваецца палітычны трэк. Вельмі істотна, каб палітыкі супрацоўнічалі з мясцовай дыяспарай, каб гэта было такой агульнай хваляй стварэння пазітыўнага вобразу беларускай супольнасці”.
Прадстаўніца Народнай амбасады беларусаў у Шатландыі, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Ірына МакЛейн падкрэсліла, што ў цяперашняй сітуацыі беларусам і беларускам свету выпадае змагацца з тым брэндам, які дыктатура Лукашэнкі будавала больш за 30 гадоў:
“Калі кажаш пра Беларусь у розных краінах, людзі пачынаюць смяяцца ці плакаць і адразу гаварыць пра Лукашэнку. А наша задача – змяніць гэтае меркаванне свету. Гэта – самае галоўнае. І культурніцкая дыпламатыя – самае моцнае, што можа на гэта паўплываць”.
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін звярнуў увагу на тое, што культурніцкай дыпламатыяй мусіла б займацца дзяржава, ладзіць імпрэзы і прасоўваць культуріцкія сувязі, а калі ў нашым выпадку дзяржава гэтага не робіць, то яе функцыю ўзялі на сябе грамадскія аб’яднанні і асобныя дзеячы і дзяячкі:
“Цяпер так ці інакш мы ўсе гэтым займаемся. Мы маем прыклады, калі адзін чалавек выконваў функцыі цэлага міністэрства. Так гэта вельмі складана ўспрыняць, гэта складана рэалізоўваць. Напрыклад, нашая калега брала ўдзел у міжнародным форуме, і ёй прыйшлося даводзіць, што Беларуская Рада культуры не мае дачынення да цяперашняй улады ў Беларусі”.
Ён таксама адзначыў, што такая сітуацыя дае магчымасці для крэатыву, калі супольнасці альбо асобныя творцы знаходзяць незвычайны шлях, каб звярнуць увагу свету на беларускую культуру і на сітуацыю ў Беларусі.
Культурніцкую тэму закраналі і на іншых падзеях Канферэнцыі.
Падчас дыскуссіі “Масты без межаў: крэатыўная праца з моладдзю з Беларусі, дыяспары і краін Еўрапейскага Саюза” абмяркоўвалі, як стварыць у моладзі пазітыўнае стаўленне да беларускай спадчыны.
А на нефармальнай сустрэчы з каардынатарамі і прадстаўнікамі Народных амбасадаў удзельнікі і ўдзельніцы акрамя ўсяго дзяліліся пазітыўнымі кейсамі культурніцкіх праектаў.
Падчас працы ў групах самай папулярнай аказалася суполка, што абмяркоўвала культуру і адукацыю, беларускі брэнд і папулярызацыю беларускага мастацтва.
Уключэнне культурніцкага вымярэння ў форумы, канферэнцыі і грамадзянскія ініцыятывы — гэта не дадатак, а неабходнасць. Гэта інвестыцыя ў нацыянальную бяспеку, у захаванне і распаўсюд беларускай ідэнтычнасці.