Адзін з гэтых здабыткаў — “Перэгрынацыя” Мікалая Радзівіла Сіроткі. “Фактычна, гэта першы тревэл-блог у гісторыі Беларусі”, — падкрэсліў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін ў праграме “Раніца з Белсатам”.
“Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю” (лац.: «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»), у якой аўтар апісвае сваё падарожжа ў Святую зямлю, была напісаная Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам на лацінскай мове, выдадзеная ў Браневе ў 1601 годзе і перавыдавалася на лаціне ў 1614 і 1753 гадах.
“Сіротка адправіўся з Нясвіжа правяраць месцы, якія былі апісаныя ў Бібліі і паглядзець тую тэрыторыю, на якой цяпер Ізраіль і іншыя краіны Усходу. У Егіпце ён уразіўся старажытнымі муміямі і вырашыў закупіць іх, як магніцікі, дзве штукі ў Нясвіж <…> Ён вяртаецца ў Нясвіж, але карабель трапляе ў шторм, і капітан падумаў, што справа ў гэтых незразумелых целах муміфікаваных. І загадаў выкінуць за борт. І такім чынам муміі да Нясвіжа не даехалі”, — распавёў адну з гісторый, апісаных у кнізе, Сяргей Будкін.
Кніга Радзівіла карысталася вялікім попытам, вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай і расійскай мовах.
Яшчэ адна рэліквія, якую вяртае беларускай супольнасці Клуб мецэнатаў, — Радзівілаўская мапа ВКЛ 1613 года.
“Гэта, фактычна, першае падрабязнае апісанне нашых земляў, бо раней людзі думалі, што там за гарой невядома што, тры чарапахі стаяць ці хто яшчэ. Людзі хадзілі і палкамі вымяралі адлегласці паміж мястэчкамі і падрабязна ўсё апісалі. І тут упершыню згадваецца назва Украіны”, — адзначыў Будкін.
«Magni Ducatus Lithuaniae caeterumque regionum illi adiaciencium exacta descriptio», – пазначана на мапе па-лацінску. У перакладзе: «Падрабязнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага і суседніх краін». Мапа была створаная на замову і пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Сіроткі, ён жа быў і фундатарам праекту.
Здабыткі Клуба беларускіх мецэнатаў пакажуць публіцы падчас Ночы музеяў у Музеі вольнай Беларусі.