Беларуская акадэмічная музыка 2025: вялікі агляд

Акадэмічная музыка як жанр мастацтва – з’ява доўгатэрміновая. Як мала што іншае яна патрабуе сталасці, перспектывы, шырокіх даляглядаў, сувязяў і міжкультурніцкае камунікацыі. Гэта прадугледжвае апору на традыцыі, доўгую спецыяльную адукацыю дзеячаў, творцаў і выканаўцаў, фармаванне трывалых творчых і выканальніцкіх школаў, захаванне музычнага матэрыялу і запісаў, а таксама – сталую працу са слухачом, доўгую, паступовую і, канечне, зусім не танную. 

Такая сістэма, кроўна звязаная з адукацыяй, грамадскаю думкаю, сумежнымі жанрамі мастацтва – найперш тэатрам, літаратураю – надзвычай важная, бо абдымае інтанацыйны стан часу, складае яго слоўнік, убірае ў сябе ўсё багацце сэнсаў, формаў, гармоніяў, формаў музычнае гаворкі народу, крышталізуе яе. У той жа час яна фактычна прапануе ўніверсальную, інтэрнацыянальную і пазачасавую мову, якая дазваляе інстынктыўна правільна ўспрымаць – як на інтэлектуальным узроўні, гэтак і на эмацыйным, духоўным – сэнсавыя шэрагі, закладзеныя аўтарам і выканаўцамі, адстройвацца ад стрэсаў і выклікаў штодзённага жыцця, атрымліваць досвед эмпатыі, суперажывання і катарсісу, выходзіць за межы прывычнага. 

Акадэмічная музыка як сістэма абапіраецца на сацыяльныя інстытуты: прафесійную адукацыю, канцэртна-тэатральную практыку, наяўнасць у дзяржаве творчых калектываў паводле асноўных жанравых кірункаў. Усё пералічанае робіць сферу канструкцыяй даволі трывалай, але ўсё не так проста. Галіна існуе на скрыжаванні супярэчнасцяў, стэрэатыпаў і канфліктаў – як вонкавых, так і ўнутраных. 

“Акадэмічная музыка не для ўсіх”

На жаль, у грамадстве папулярнае гэтае меркаванне. Але яно памылковае. Пераадолець яго можа толькі больш-менш сістэмнае прасоўванне значнасці акадэмічнага мастацтва і музыкі ў прыватнасці, паступовае разуменне безумоўнай і навукова даказанай карыснасці яе для псіхалагічнага здароўя асобы і маральнае трываласці грамадства. У Беларусі гэтая праца традыцыйна была не ў ліку прыярытэтных. 

Патэнцыйныя слухачы найчасцей банальна не ўяўляюць сабе карысных “тэрапеўтычных” якасцяў акадэмічнае музыкі і ў складаны час ці не найперш адмаўляюцца ад наведвання канцэртаў, спектакляў, творчых сустрэчаў, дзе гучыць “класіка”. Разам з тым праца са слухачом дае шмат плёну, бо ўнутраны запыт на цэльнае, сапраўднае, глыбокае мастацтва існуе, але выдаткі тут звычайна перавышаюць патэнцыйны прыбытак. 

Станоўчы рух магчымы фактычна толькі пры ўмовах вонкавага фінансавання, таму ў эміграцыі падобныя акцыі носяць праектны, адзінкавы характар. У Беларусі сітуацыя зусім іншая: слухачы проста не маюць ніякага выбару. Незалежныя праекты знішчаныя, прыватныя арганізатары канцэртаў застаюцца “пад каўпаком” . Не дзіўна, што ў Мінску цяпер даволі вялікая колькасць наведнікаў акадэмічных канцэртаў і спектакляў. Іншае пытанне – рэальны творчы ўзровень такога прадукту ва ўмовах масавых звальненняў і рэпрэсіяў, а таксама – якасць і агульная скіраванасць афішы дзяржаўных канцэртных установаў. Але пра гэта трошкі пазней. 

Залежнасць ад кадраў, разарванасць і асіміляцыя

Прыгадаем досвед ковіднага перыяду (на жаль, агульнасусветны): поўныя гандлёвыя цэнтры і пустыя канцэртавыя залы. У беларускім выпадку сюды ж дадаецца досвед эміграцыі – людзі намагаюцца аднавіць парушанае жыццё, кіруючыся найперш меркаваннямі выжывання, пасля чаго ў якасці “духоўнай ежы” ўжываюць лёгкія творы, часцей настальгічнага характару. З музычных плыняў на піку – рок і папулярная музыка, рэпрэзентаваныя ў асноўным жанрам песні. Значная меншая колькасць эмігрантаў ідзе па сусветную класіку ў мясцовыя (польскія, нямецкія, літоўскія і г. д.) філармоніі і тэатры. 

Аўдыторыя ж уласна беларускай акадэмічнай музыкі (пры ўсёй яе значнасці), як і яе выканаўцы, крытычна разарваная, фрагментаваная паміж Беларуссю і эмігранцкімі суполкамі. У Беларусі застаецца ўсё менш магчымасцяў ствараць і выконваць на высокім узроўні творы акадэмічнага кірунку, у замежжы для гэтага няма сталых калектываў і не стае больш-менш лакалізаванае публікі. Усе 30 гадоў “незалежнасці” дзяржава не вяла аніякае працы для папулярызацыі нацыянальнае музыкі за межамі краіны, не стварала арганізацыяў і суполак культурніцкага ўплыву, не падтрымлівала творцаў, якія эмігравалі і дасягнулі значных поспехаў у прафесіі. Такіх імёнаў – сотні. Андрэй Кавалінскі – трубач, саліст Нацыянальнага аркестру Францыі, Арцём Шышкоў – бліскучы скрыпач, Міхаіл Лявончык – цымбаліст і аранжавальнік, Лявон Гурвіч – кампазітар і піяніст, Георгій Сасноўскі – кампазітар, Ганна Шыбаева – піяністка, Мікаэл Самсонаў, Аляксандр і Аляксей Багрынцавы, Іван Карызна – віяланчэлісты, Андрэй Паначэўны – піяніст, прафесар Школы мастацтваў Мідаўза, Юрый Герман – скрыпач, канцэртмайстар аднаго з буйных прафесійных аркестраў у Кітаі, Павел Пятроў – спявак, запатрабаваны ў буйных оперных тэатрах. Усе яны – лаўрэаты вялікіх сусветных конкурсаў, канцэртуюць, выкладаюць, даюць майстар-класы ў Еўропе, Амерыцы, Кітаі. Усе яны – толькі адзінкі з грамады талентаў, каго дзяржаўная сістэма проста спісала ў расход.  

Вынік бачым сёння: найлепшыя беларускія музыкі працягваюць з’язджаць з краіны, але ва ўмовах адсутнасці сталых інстытуцыяў асімілююцца ў калектывах іншых краінаў ці вядуць канцэртную дзейнасць, амаль не звязаную ні з Беларуссю, ні з іншымі беларусамі. Трэба разумець: працэс гэты ў такой сітуацыі непазбежны і, калі не будзе створаная нарэшце структура падтрымання творчасці выбітных беларусаў – акадэмічных музыкаў, іхная асіміляцыя – а гэта найчасцей шлях у адным кірунку – будзе пашырацца. 

Кволасць звыклых падыходаў

Сфера акадэмічнае музыкі не можа быць цалкам камерцыйная. У яе іншыя, больш шырокія заданні, гэта базіс, культурніцкая з’ява, на практыцы яна практычна не акупляецца. Нават у развітых краінах ад паловы да 2/3 бюджэтаў галіны – дзяржаўныя датацыі, яшчэ адна важная крыніца – спонсарства. У ланцужку творца – прадзюсар – дзяржава – выканаўца – слухач роля дзяржавы надзвычай высокая, а пры яе адсутнасці, фактычнай адмове дзяржавы ад будзь-якой суб’ектнасці разлічваць хаця б на нейкую ступень інстытуалізацыі беларускім акадэмічным музыкам у эміграцыі пакуль не выпадае. 

У адрозненне ад эстрады і папулярнае музыкі, не ратуе тут і стрымінг, продаж запісаў ды іншыя традыцыйныя для шоу-бізнесу захады. Акадэмічнае мастацтва існуе ў вялікай ступені як беспасярэдні кантакт паміж выканаўцам і слухачом, прагляды і продаж запісаў тут працуюць толькі ў выпадку ўжо шырока вядомых медыйных імёнаў і твораў, а гэта зноў жа хутчэй шоу-бізнес ці праца буйных букінгавых агенцтваў. Нацыянальны падыход, захаванне спадчыны, традыцыяў, замовы новых твораў – у бізнес-мадэлях практычна не працуюць. 

Адзіны магчымы падыход – праектны, але ён паводле азначэння, хутчэй, аднаразовы, а не сістэмны. Выхадам для беларускіх творцаў можа стацца залучэнне ў глабальныя ланцужкі і ўжо праз гэта – захаванне сябе.

Адсутнасць канструктыўнай і прафесійнай крытыкі

Падзеі 2020-га прывялі таксама да фактычнага знішчэння незалежных медыяў і чыстак у дзяржаўных. Журналісты і музыказнаўцы, якія ўздымалі ў сваіх артыкулах вострыя праблемы, дазвалялі сабе крытыкаваць рэпертуарную палітыку ці якасць прэм’ераў дзяржаўных установаў культуры, былі звольненыя або трапілі ў выгнанне. На іхных месцах аказаліся малапрафесійныя асобы, якія адкрыта бравіруюць перад чытачамі непісьменнасцю. Лаяльнасць паводле мадэлі “зязюля хваліць пеўніка” паступова зрабілася больш як нормаю – адзінаю магчымаю формай існавання. Музычнае ці музычна-тэатральнае крытыкі ў Беларусі, на жаль, проста няма.

Чым жыве сфера беларускай акадэмічнай музыкі сёння?

У Беларусі

Згодна з традыцыйнаю постсавецкаю цэнтралізацыяй, асноўныя падзеі ў сферы акадэмічнае музыкі адбываюцца на сцэнах дзяржаўных музычна-тэатральных установаў, якія адначасова ёсць “базамі” для галоўных прафесійных творчых калектываў, а таксама салістаў. Прыгледзімся да дынамікі падзеяў і зменаў цягам апошніх гадоў.

Беларуская дзяржаўная філармонія

На галоўнай канцэртавай пляцоўцы краіны за апошнія гады назіраем відавочнае і значнае зніжэнне якасці афішы. Мастацкі ўзровень праграмаў, іх ідэі, назвы, творы – усё гэта паступова спрашчаецца, а часам і прымітывізуецца. Бальшыня праграмаў мае ў асноўным характар дайджэсту і разлічаная на непатрабавальнага слухача. Побач з насамрэч цікавымі праграмамі Дзяржаўнага камернага аркестру (новыя імёны, незвычайныя ідэі, шырокі рэпертуар, прывабны дызайн афішаў) гледачу прапануюць “ірландскае рагу” з папулярных песняў пад сімфанічны аркестр, гастроляў Луганскага тэатру з “рок-операю” на прапагандысцкі сюжэт, студэнцкіх канцэртаў, афіцыёзных праграмаў “вайскова-патрыятычнай” скіраванасці. Міжнародная ізаляцыя вымушае працаваць сваймі сіламі, ад колішняе разнастайнасці выканаўцаў і праграмаў няма і следу. Запрошаныя салісты і калектывы – амаль выключна дзяржаўныя расійскія. 

Фота: з цыклу канцэртаў «Чайкоўскі +»: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь. Крыніца: https://philharmonic.by/by/gallery/cikl-koncertov-chaykovskiy-gosudarstvennyy-akademicheskiy-simfonicheskiy-orkestr-respubliki

У харавых, сімфанічных і інструментальных канцэртах – таксама відавочны схіл у бок расійскае музыкі. Прэм’еры твораў беларускіх кампазітараў (у бальшыні харавыя) сталіся адзінкавымі, кропкавымі з’явамі. Больш за тое, з’явы гэтыя амаль не афішуюцца асобна, хутчэй за ўсё – праз агрэсіўную дзейнасць даносчыкаў і перастрахоўкі з боку адміністрацыі. Шмат яркіх імёнаў кампазітараў – пад неафіцыйнаю забаронай, ёсць дакладныя звесткі пра сыход некаторых з іх з прафесіі ды цяжкае матэрыяльнае і маральнае становішча тых, хто не можа (пакуль) здрадзіць свайму прызванню.

Апісанае нагадвае спробу – свядомую ці не – нівеляваць патрэбы публікі і музыкаў у выкананні беларускае музыкі, зрабіць яе колькасць нязначнай, абмежаванай і кантраляванай. 

У цэлым, на вялікі жаль, афіша Белдзяржфілармоніі апошняга часу ўжо нагадвае афішы правінцыйных расійскіх філармоніяў, чым афішу сталічнай канцэртавай арганізацыі незалежнае краіны. 

Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр 

На сцэне тэатру – гастролі расійскіх абласных драматычных і музычных тэатраў, расійскія вадэвілі і музычныя камедыі аўтарства Максіма Дунаеўскага, Глеба Матвейчука, Аляксея Рыбнікава, Кіма Брэйтбурга, Генадзя Гладкова, Яўгена Пцічкіна. Фактычна адзіным беларускім спектаклем рэпертуару тэатру стаў балет “Купалле” Лізаветы Лобан у пастаноўцы харэографа Сяргея Мікеля, прэм’ера якога адбылася ў красавіку 2025-га.

Вялікі тэатр оперы і балету

 За 4 гады ў гэтым тэатры не адбылося аніводнае беларускае прэм’еры. Амаль усе так званыя прэм’еры – насамрэч паўтарэнне існых у рэпертуары твораў у іншых сцэнічных версіях. Анансаваная прэм’ера сезону 2024/25 – зноў расійская опера, “Арлеанская дзева” Пятра Чайкоўскага, ставіць якую таксама будуць расійскія спецыялісты. Варта адзначыць: дырэктарка опернага тэатру Беларусі Кацярына Дулава не саромеецца казаць пра неабходнасць скарочанай рэдакцыі гэтай оперы – маўляў, поўная партытура Чайкоўскага надзвычай складаная для цяперашняе трупы. 

Дарэчы, цікавы факт: тэатр рэгулярна набірае артыстаў аркестру і балету па аб’явах у Instagram’е ды іншых сацыяльных сетках. Яшчэ некалькі гадоў таму нават уявіць гэта было б немагчыма. 

Існыя “міжнародныя” падзеі і фестывалі цяпер амаль выключна беларуска-расійскія, а фестываль “Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў” стаецца фактычна гастролямі рэпертуарных спектакляў у Нясвіжы. 

Дарэчы, у рэпертуары “нацыянальнага” Вялікага тэатру –  толькі дзве беларускія оперы (“Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана і “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага) і аніводнага беларускага балету.  

Фота: Сівая легенда. Крыніца: https://bolshoibelarus.by/rus/repertuar/opera-repertuar/item/25-sedaya-legenda.html

Агульныя ўмовы для ўсіх музычных калектываў

Рэпертуар скарачаецца і прымітывізуецца. У афішах – шмат расійскіх дзеячаў, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне (самыя вядомыя з іх – Сяргей Ралдугін, Дзяніс Мацуеў, Юрый Башмет), вайскова-прапагандысцкіх канцэртаў і акцыяў. Паўсюль жорсткі дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, шмат вакансіяў. Але зачысткі і звальненні з палітычных матываў працягваюцца, і кожнае звальненне азначае немагчымасць для канкрэтнага музыкі, танцора ці спевака, тэрмін прафесійнага рыхтавання якіх – 15–20 гадоў, працягваць прафесійную дзейнасць на радзіме. 

За апошнія гады ў Еўропу, ЗША, Кітай ды іншыя краіны з’ехалі ў пошуках працы без перабольшвання сотні музыкаў, танцораў, спевакоў з усіх творчых калектываў Беларусі. Асабліва гэта датычыць Мінску, тут удар найбольш сур’ёзны – фактычна “выбітыя” дасведчаныя творчыя кадры.  А калі ўлічваць, што бальшыня звольненых музыкаў да таго ж яшчэ і выкладала ў каледжах, школах мастацтваў і ВНУ, брала ўдзел у незалежных праектах,то маштабы доўгатэрміновае шкоды, якую рэжым нанёс акадэмічнай музыцы, нават цяжка ацаніць больш-менш дакладна. Сітуацыя разгортваецца паступова, але з кожным годам усё больш відавочная стаецца паўнавартасная культурная катастрофа – усё менш тых, хто можа передаць веды, навыкі, традыцыі. 

У вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах таксама пануюць рэпрэсіі, шэраг зорных выкладчыкаў звольнены.  Студэнты пазбаўленыя магчымасці атрымліваць якасную адукацыю, больш за тое, да абавязковага конкурсу ў прафесійны творчы калектыў цяпер дадалося “сіта” правяранняў спецслужбаў. Часта самыя таленавітыя і яркія атрымліваюць адмову ў дзяржаўнай працы праз неасцярожна напісаны гады таму каментар ці праз падабайку, пасля чаго вымушаныя змяніць прафесію ці пакінуць Беларусь. 

“Адмоўны адбор” дзеіць гадамі і паступова, але няўхільна разбурае сістэму прафесійных творчых калектываў краіны і акадэмічнай музычнай адукацыі, паслядоўна ды непазбежна зніжае ўзровень і творчую планку існых калектываў, звужае іх магчымасці. Але самае галоўнае – змяншае верагоднасць паўнавартаснага адраджэння выканальніцкіх школаў у будучыні, робіць значнаю залежнасць ад “гастралёраў з метраполіі”. 

Ужо сёння музычныя кіраўнікі трох галоўных аркестраў Беларусі – расіяне. У філармоніі гэта Аляксандр Анісімаў і Яўген Бушкоў, у оперным тэатры – Арцём Макараў. Масавыя звальненні дзейных пасіянарных прафесіяналаў ужо прывялі да адсутнасці творчых кадраў, якія здольныя былі б вызначаць лёс і кірунак руху вядучых калектываў акадэмічнае скіраванасці. Яскравы прыклад: з Вялікага тэатру Беларусі звольненыя пяцёра з шасцярых дасведчаных дырыжораў: Вячаслаў Чарнуха-Воліч (займае пасаду галоўнага дырыжора Вялікага тэатру оперы і балету ў Ташкенце), Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін, Алег Лясун, Дзмітрый Матвіенка (працуюць у Еўропе). 

Усё часцей мастацкімі кіраўнікамі творчых калектываў, нават сталічных, робяцца людзі без профільнай адукацыі: гэта і “прэзідэнцкі” аркестр (Віталь Кульбакоў), і дзяржаўны духавы аркестр “Няміга” (Алег Гембіцкі), і ансамбль салістаў “Класік-авангард” (Людміла Каліноўская), і студэнцкія творчыя калектывы – крыніцы будучых кадраў для канцэртных арганізацыяў. 

Імкненне сістэмы рабіць вясёлую міну пры кепскай гульні лагічна прыводзіць да прызначэнняў на кіроўныя пасады ідэалагічна вытрыманых дылетантаў.

У эміграцыі

Сацыяльная звычка да сталае працы небагатых, але стабільных дзяржаўных калектываў у сітуацыі вымушанай эміграцыі гуляе не толькі супраць музыкаў. Не на карысць яна і патэнцыйнай аўдыторыі. Калі на звыклыя патрэбы слухачоў эстраднага кірунку фармуецца запыт, а далей – артыстычная прапанова, то агучанае патрэбы з боку акадэмічнага слухача відавочна не стае. Прычыны мы таксама разглядалі вышэй: гэта звычкі накшталт “класіка не для ўсіх”, а таксама – наяўнасць у краінах, якія прымаюць большасць беларускіх эмігрантаў, уласных канцэртавых арганізацыяў. 

У найлепшым выпадку беларускія музыкі-эмігранты імкнуцца працаваць там, у іншых – пакідаюць прафесію ці зарабляюць прыватнымі заняткамі і замовамі. Гэта наўпрост звязана з цэлым комплексам праблемаў:

  • адсутнасць менавіта беларускага менеджменту ў гэтай сферы;
  • нястача рэсурсаў на падтрыманне творцаў у эміграцыі хаця б да часу, калі артыст здольны зарабляць прафесіяй самастойна;
  • фактычная адсутнасць цікавасці з боку медыяў да ініцыятываў і дзейнасці акадэмічных артыстаў. 

Фокус увагі змешчаны на клікбэйт, таму навіны музычнае культуры ў асноўным закранаюць эстраду, часта нават не беларускую, а расійскую. Нам таксама вядомыя выпадкі, калі артыстам, якія звяртаюцца да беларускіх незалежных медыяў, прапануюць замест станоўчае  навіны пра новы праект даць інфармацыю пра складаную сітуацыю, у якой яны застаюцца. 

Фактычна, у эміграцыі назіраецца тая ж сітуацыя, што пануе ў Беларусі, дзе камерцыйныя рок-фестывалі мелі і маюць вялікую цікавасць з боку прэсы, а ўласна акадэмічнае мастацтва і культурная спадчына традыцыйна былі недзе на перыферыі ўвагі медыяў. Між тым як без фундаментальнае навукі немагчымае існаванне навуковае супольнасці, гэтак і без усяго магчымага падтрымання сферы акадэмічнае культуры – медыйнай, праектнай, спонсарскай, уплывова-палітычнай, каштоўнаснай, інстытуцыйнай – немагчымае існаванне свядомага беларускага грамадства ў будучыні. Музычная ж частка гэтае сферы – не толькі даволі дарагая і складаная, але і адна з самых уразлівых. Досвед выжывання, які атрымліваюць дзеячы акадэмічнае культуры тут і цяпер, напэўна, будзе карысны, калі вымушаная асіміляцыя не паспее стацца незваротнаю.

Імёны, падзеі, супольнасці, асобныя праекты

Вядома, нават у існых умовах з абодвух бакоў мяжы застаюцца дзеячы, ініцыятывы і калектывы, якія шукаюць новыя формы існавання, генеруюць ідэі, спрабуюць наладзіць дыялог з аўдыторыяй і пашырыць яе. Цікавыя, тонкія, высакаякасныя праекты ладзяцца салістамі опернага тэатру Юрыем Гарадзецкім і Тяццянаю Гаўрылаваю, выдатна працуе квінтэт духавых інструментаў, дзе граюць музыкі таго ж тэатру. Але гэта толькі кропкавыя канцэрты, буйных якасных недзяржаўных падзеяў з гуманістычна-нацыянальнаю скіраванасцю, як фэсты “Класіка каля Ратушы”, больш няма, дзяржаўнае замены ім – таксама. Наратывы захавання спадчыны, раскрыцця яе скарбаў, залучэння Беларусі і яе акадэмічнае музыкі ў еўрапейскі кантэкст, як і любое памкненне да думак пра будучыню, фактычна забароненыя. 30-гадовая дзейнасць Беларускае капэлы на чале з Віктарам Скорабагатавым спыненая. Тое ж датычыць ансамблю старадаўняе музыкі “Кантабіле”, удзельнікі якога – у вымушанай эміграцыі. Там жа – заснавальнік Музычнага дому “Класіка” Аляксандр Чахоўскі. 

У эміграцыі, дзе цяпер магчымыя толькі кропкавыя творчыя праекты, вялікую даследчую і педагагічную працу вядуць хормайстры: Галіна Казіміроўская, Павел Гонца, Павел Сопат. Паціху вяртаюцца да канцэртавай і выкладчыцкай дзейнасці оперныя спевакі Наталля Акініна і Ілля Сільчукоў. Актыўна працуюць у Літве звольненыя з опернага тэатру, філармоніі, каледжу мастацтваў Рэгіна Саркісава, Уладзімір Судноўскі, Яўген Віданаў, Станіслаў Петчанка, Елізавета Гембіцкая, іншыя выбітныя беларускія музыкі. 

У Чарнагорыі адбыўся фестываль “Жоўтыя зоркі” з удзелам беларускіх музыкаў, зарганізаваны Ганнаю Ляньковаю. Паспяхова працуюць у Еўропе малады таленавіты дырыжор Дмітрый Матвіенка і ягоная жонка, спявачка Надзея Кучар. Ажыццявіў унікальную працу ў аднаўленні знішчанае вайною партытуры эпічна-драматычнай оперы “Маргер” Канстанціна Горскага звольнены дырыжор опернага тэатру Іван Касцяхін. Дарэчы, ён жа, у супрацы з болей як 20 беларускімі музыкамі з абодвух бакоў мяжы запісаў праект “Hidden place. Secret Life”, прысвечаны спустошанасці, разарванасці агульнага Дому беларусаў – самой Беларусі, а ў 2025 г. у калабарацыі з беларускімі і польскімі музыкамі, драматычнымі акцёрамі і творчай камандай распачаў камерны праект “Timeless”.

Фота: Вокладка праекта “Hidden Place | Secret Life”. Крыніца: https://arsisnovaorchestra.bandcamp.com/album/hidden-place-secret-life

У Лондане паспяхова прайшла прэм’ера оперы Вольгі Падгайскай “Дзікае паляванне караля Стаха” ў інсцэнізацыі Беларускага Свабоднага тэатру з удзелам беларускіх і ўкраінскіх спевакоў. На ролю музычнага кіраўніка у гэты праект быў запрошаны беларускі дырыжор Віталь Аляксяёнак, які вучыўся і шмат гадоў працуе ў Германіі. У 2022-2024 гг. актыўную і разнастаўную творчую дзейнасць у Еўропе і ЗША вяла оперная спявачка Маргарыта Ляўчук (а цяпер у яе іншая важная справа – яна гадуе дзіця). У Бостане, а таксама на еўрапейскіх тэатральных пляцоўках вядзе выканальніцкую і педагагічную працу знакаміты беларускі барытон Ілля Сільчукоў.

Фота: Прома оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”. Крыніца: https://belarusfreetheatre.com/productions/king-stakhs-wild-hunt

Вышэй пералічаныя толькі самыя адметныя падзеі апошняга часу. Гэта самы пачатак “жыцця нанова” – і ў неймаверна цяжкіх умовах беларусы ўжо робяць годныя справы. У супрацы з тымі беларускімі музыкамі, якія даўно жывуць, працуюць і вядомыя ў Еўропе, з разуменнем сябе часткаю сусветнае мастацкае супольнасці, беларусы маюць рэальны шанец і захаваць сябе, і паспяхова рухацца далей. 

Шмат працы – арганізацыйнай і творчай – чакае нас наперадзе. 

Таксама паглядзіце

Гісторыя Надзі Букі — гэта гісторыя артысткі, якая праз мастацтва не толькі захоўвае сувязь з роднай культурай, але і фарміруе новыя маршруты …

Як і іншыя сферы мастацтва, беларуская фатаграфія шукае апоры пасля 2020 году. Інфраструктура разбураная, супольнасць падзялілася на тых, хто застаўся ў Беларусі …